epub
 
Падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Выступленне на вечары чэхаславацка-савецкай дружбы 9.5.1958 г.

Я быў у Чэхаславацкай Народнай Рэспубліцы ўвосень 1955 г. Гэта была адна з першых паездак савецкіх турыстаў па дарогах і гарадах братняй краіны. За два тыдні мы пазнаёміліся з жыццём і жыхарамі старажытнай Златай Прагі, цудоўнай сталіцы Чэхаславакіі, пасля якой аўтобус перанёс нас у жывапісныя Марыянскія Лазні і ў Карлавы Вары.

Гасцінныя чэхі і славакі пастараліся, каб за гэтыя паўмесяца мы як мага больш пазнаёміліся з іх слаўнай краінай, з іх сардэчным і ветлівым народам. Дні нашы былі поўны разнастайных уражанняў, яны, можна сказаць, праляталі ў экскурсіях і паездках. Мы былі на трактарным заводзе ў Брно, на абутковых фабрыках у Готвальдаве, наведалі школу, дзіцячы сад.

Каб расказаць пра ўсё гэта, спатрэбілася б вельмі многа часу. Але, калі б мяне запыталіся, якія ж галоўныя з гэтых уражанняў, якімі агульнымі вывадамі можна было б іх аб’яднаць, то я адказаў бы: гэтых асноўных уражанняў два. Першае — гэта аб краіне. Чэхаславакія — вельмі маляўнічая краіна, краіна прыгожых пейзажаў: прыгожыя яе славацкія даліны, узгоркі Маравіі, чароўныя яе Высокія Татры. Яе прырода асабліва захапляе таму, што даліны і ўзгоркі яе аздоблены старымі і новымі гарадамі і вёскамі, выдатнымі заводамі і фабрыкамі, гледзячы на якія, многа разоў адчуваеш, які працавіты і таленавіты ў працы братні народ Чэхаславакіі.

У Чэхаславакіі многа старыны, але гэтая краіна выглядае цяпер як бы памаладзелай, так багата радуюць вочы яе новабудоўлі, якія сустракаеш на кожным кроку. Многа вякоў налічвае Прага, але і ў ёй ёсць раёны зусім новых будынкаў, дзе адчуваеш сябе так, быццам ты дома, у нашым маладым Мінску.

Другое ўражанне, якое вельмі хвалюе кожнага, хто бывае ў Чэхаславакіі,— гэта надзвычайная гасціннасць, дружалюбнасць яе людзей, іх шчырая сімпатыя да нас, да людзей з Савецкага Саюза. Гэта любоў іх адчуваецца, можна сказаць, ва ўсім. Калі мы паяўляліся на вуліцах, нас часта акружалі цэлыя натоўпы, і не было канца іх роспытам, іх расказам. Не праходзіла і некалькі мінут, як мы адчувалі сябе даўнімі знаёмымі.

Вось звычайныя факты. У адзін з першых дзён жыцця ў Празе мы рашылі паглядзець новы чэшскі фільм. Нас чакала расчараванне: каля кінатэатра стаяла многа людзей, якія сустрэлі нас пытаннем, ці няма лішняга білета? Мы хацелі ўжо вярнуцца назад, але аднаму з нашых недаверлівых таварышаў зажадалася ўсё ж паспрабаваць шчасця. Ён падышоў да касы і як здзівіў нас, калі цераз мінуту вярнуўся з білетамі. Аказваецца, па запытанню, па яго мове касірша зразумела, што ён з Савецкага Саюза, і — дастала білеты.

А вось факт іншы, больш значны. Прыйшоўшы з кінатэатра, мы засталі сваіх таварышаў у кампаніі з незнаёмым чэхам. Асабліва па-прыяцельску трымаўся чэх з адным нашым таварышам. Аказалася, гэта невыпадкова. Мінчанін Нікалай Куцан быў танкістам у войсках маршала Конева і ў майскія дні — трынаццаць год назад! — са сваім танкам вызваляў заходнюю Чэхію і Прагу. Пад Прагай загінулі два яго таварышы. Чэх быў салдатам Чэхаславацкага корпуса, удзельнічаў у баях пад Кіевам, прайшоў вызваліцелем частку Украіны і сваю родную краіну. Хіба ж дзіўна, што яны адчувалі сябе такімі таварышамі, братамі!

Мне здаецца гэтая сустрэча сімвалічнай: такімі сябрамі, братамі з’яўляемся і мы, савецкі і чэхаславацкі народы,— братамі назаўсёды, на вякі!

 

(...)




Беларуская Палічка: http://knihi.com