epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Выступл[енне] на адкрыцці дзён украінскай літаратуры ў Беларусі

Дарагія таварышы, шаноўныя госці нашы! Дазвольце ад усяго ўзрушанага да самых глыбінь сэрца вітаць вас у гэтай зале, у сталіцы нашай рэспублікі, у горадзе-героі Мінску!

Ад сэрца віншую з пачаткам вялікага свята дзвюх братніх культур таксама вас, мае дарагія сябры па культуры, беларускія пісьменнікі і работнікі мастацтва рэспублікі, дарагія мінчане!

Таварышы, кожная сустрэча братніх культур — падзея асаблівага, надзвычайнага значэння. Сённяшняя падзея ў гэтым радзе — як зорка першай велічыні, бо сустракаемся мы тут з культурай, якую можна без перабольшання назваць вялікай, якая прадстаўляе тут адзін з найбліжэйшых на доўгіх гістарычных шляхах народаў — народ Украіны!

Глыбокія, значныя пачуцці хвалююць нашы па-святочнаму настроеныя сэрцы.

Украіна, родная, братняя Украіна! Колькі звязана ў нас адчуванняў з гэтым дарагім імем! Успамінаў хвалюючых.

Ёсць на захадзе Украіны маленькі, ціхі гарадок. Ён схаваўся сярод зялёных гор, сярод Карпат. Там, у горадзе Турка, перад вайной мы служылі ў арміі, у горным артылерыйскім палку. Было нас каля дзвюх тысяч чалавек, маладых, дужых хлопцаў, рускіх, украінцаў, беларусаў, узбекаў. Там, на вышыні за Туркаю, дзе і цяпер відны сляды акопаў, мы былі 22 чэрвеня 1941 года. Там пачалася для нас вайна.

Для мяне і маіх таварышаў па палку многія ўкраінскія гарады, вёскі, рэкі памяццю навечна звязаны з ваеннымі паходамі, баямі, жорсткім ваенным часам. Многія з маіх таварышаў — маладыя, дужыя — засталіся навек на Украіне, у зямлі яе, аддалі сваё жыццё за волю яе, за светлы сённяшні дзень. Вайна, баі назаўсёды з’ядналі нашы сэрцы з Украінай, якая стала для нас, былых салдат, як бы другой радзімай.

«Землю, с которою вместе мерз, вовек забыть нельзя»,— сказаў паэт. Зямлю, якую затульваў сабою і якая туліла, берагла цябе, ні забыць, ні разлюбіць нельга да апошніх тваіх дзён.

Думаю, па гэтай прычыне так аддана наведваюць Беларусь нашы ўкраінскія сябры, у тым ліку жаданыя госці нашы на гэтым свяце — Юрый Збанацкі, Аляксандр Бандура і іншыя былыя партызаны і салдаты, для якіх беларуская зямля і беларускі народ з той горкай і слаўнай пары сталі на ўсё жыццё роднымі.

Ёсць вялікая гісторыя, вядомая ўсім. І ёсць гісторыя, якая вядома толькі нямногім, часамі — аднаму, двум. Тысячы і тысячы салдат — беларусаў, рускіх, украінцаў, казахаў, што прайшлі праз Украіну і Беларусь у вайну, запомнілі нашы палі, нашы гарады і нашых людзей кожны па-свойму, сваім сэрцам, і па-свойму, асабіста, сардэчна палюбілі іх вернай, салдацкай любоўю, што не старэе і не ціхне з гадамі.

Тысячы і мільёны сэрцаў і цяпер са спачуваннем і любоўю цягнуцца да Украіны і да Беларусі, як і да вялікай Расіі і да іншых нашых земляў, якія абпаліла бязлітаснае полымя мінулага ліхалецця. Тысячы, мільёны сэрцаў людзей поўніць шчырае, гарачае, нясціхнае пачуццё, імя якому дружба, дружба людзей, дружба народаў.

Дружба гэта вялікая, бо не можа не быць вялікім пачуццё, якое поўніць мільёны сэрцаў і яднае мільёны людзей і лёсаў.

Даўно адгрымела вайна, асыпаліся акопы, многа гадоў ужо зелянеюць і радуюць у пару мірнымі ўраджаямі былыя ваенныя палі. Адбудаваны, узняты ў нязнанай раней красе Кіеў і Мінск, Харкаў і Гомель. Выраслі пакаленні людзей, якія толькі з успамінаў старэйшых і з падручнікаў гісторыі ведаюць, што была вайна. Адвечнае братэрства нашых народаў, цану якога на сваім вопыце так востра зазналі мы ў вайну, набыло даўно іншы, мірны змест. Метал Крыварожжа ідзе цяпер на будаўніцтва мірных беларускіх МАЗаў і БелАЗаў, сціплы і надзейны наш трактар «Беларусь» аддана шчыруе на неабсяжных палях Украіны. Моцнымі, дзейнымі жывымі токамі з'яднаны нашы народы, народы-браты, што з дня ў дзень у гераічных буднях новай, 10-й пяцігодкі, кіруючыся вялікімі планамі, якія распрацаваны XXV з’ездам Камуністычнай партыі, сеюць, вараць сталь, будуюць гарады і вёскі, будуюць сённяшняе і заўтрашняе жыццё. Будуюць камунізм.

Тое, што дружба наша ўвесь час абнаўляецца, што яна неабходная нам штогодна і штодзённа, што яна даўно стала абавязковаю ўмоваю паўнацэннага, напоўненага жыцця нашых народаў і кожнага з нас, гаворыць за тое, што вялікай дружбе гэтай суджана жыць заўсёды, вечна!

Дарагія таварышы, беларуская літаратура з самага пачатку свайго развіцця з жывой зацікаўленасцю сачыла, чым жыве братняя ўкраінская культура, карысталася найбольш каштоўным яе вопытам, дзялілася сваім багаццем. Калі гаварыць пра новую нашу літаратуру, пра XIX стагоддзе, то сляды плённага супрацоўніцтва нашых літаратур можна, напрыклад, убачыць у паэме «Энеіда навыварат», дзе яўна адчуваецца ўплыў твора І. Катлярэўскага. Можна з удзячнасцю гаварыць пра дабратворны ўплыў вялікага ўкраінскага кабзара на нашага слаўнага Я. Купалу, на Я. Коласа. Гэтыя традыцыі ўзбагаціў М. Багдановіч, які, нягледзячы на раннюю смерць, нямала здолеў зрабіць, каб умацаваць братэрства нашых літаратур.

З радасцю можам прыгадаць, што госцяй нашага Мінска была слаўная Леся Украінка, што ў Львове знайшла ў цяжкі час прытулак наша паэтэса-рэвалюцыянерка Цётка (Пашкевіч).

Сувязі нашых літаратур сталі па-сапраўднаму жывымі ў савецкі час, ужо ў 20-я гады такімі частымі становяцца ўзаемныя сяброўскія паездкі, пераклады і выданні кніг у братніх рэспубліках украінскіх і беларускіх аўтараў. Як радасную і важную з’яву можам адзначыць выданне на Украіне твораў Я. Купалы, Я. Коласа, К. Крапівы, К. Чорнага, а на Беларусі — твораў М. Рыльскага, А. Галаўко, П. Тычыны, В. Сасюры. Выдатнай падзеяй нашага жыцця ў даваенны час стала святкаванне шаўчэнкаўскага юбілею, які ў Беларусі быў адзначаны выданнем на беларускай мове поўнага тэксту «Кабзара», у перакладзе якога ўдзельнічалі амаль усе лепшыя беларускія паэты.

Новым уздымам у братніх сувязях нашых вылучаюцца пасляваенныя гады. Іменна на гэтыя гады прыпадае найбольшая колькасць узаемных сустрэч і перакладаў. У гэтыя гады ў Беларусі выходзіць новае выданне «Кабзара», тамы твораў Івана Франка, Лесі Украінкі, Міхайла Кацюбінскага, творы М. Рыльскага, А. Малышкі, А. Ганчара, Ю. Збанацкага, М. Стэльмаха, М. Нагнібяды і многіх іншых. Значнай падзеяй у культурным жыцці нашых народаў стаў выхад такіх грунтоўных сумесных работ, як выданне «Анталогіі беларускай паэзіі» на Украіне і «Анталогіі ўкраінскай паэзіі» ў Беларусі.

Шырока ставіліся на беларускай сцэне творы ўкраінскай драматургіі — п’есы А. Карнейчука, Ю. Яноўскага, М. Заруднага, В. Мінка і іншых.

Няма сумнення, што цяперашняя сустрэча наша выкліча новы ўздым у нашых творчых дачыненнях на карысць нашых абедзвюх літаратур і нашых народаў.

 

(...)

 

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 9. Першая кніга. Дзённікі, запісныя кніжкі. Накіды, слоўнік, пагаворкі, асобныя выразы. Аўтабіяграфічныя запіскі "У пачатку вайны". Крытыка, публіцыстыка 1946-1976. Каментарыі.-Мн.: Маст. літ., 1984.-542 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан