epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

З думкаю пра народ

Ёсць ісціны — знаёмыя, старыя, якія, здаецца, заўсёды трэба памятаць, адчуваць.

Даўно вядома, напрыклад, што пісьменніку трэба вывучаць жыццё. Ісціна як быццам вельмі банальная, вядомая школьнікам. Але гэтая старая ісціна разам з тым і вечна новая і заўсёды актуальная. Ні адзін твор, добры, сапраўдны твор, можна сказаць, не з’явіўся без вялікага, глыбокага ведання, вывучэння жыцця.

Прычым веданне, якое неабходна пісьменніку, павінна быць шырокім. Як мага больш шырокім, грунтоўным. Чым больш значныя, аб’ёмныя гэтыя веды, тым мацнейшы пісьменнік.

На любую кнігу ўплывае ўвесь вопыт пісьменніка. Ён уплывае на выбар тэмы, матэрыялу для кнігі, на выбар герояў для кнігі, на адносіны да герояў, на паказ герояў. На ўсім, пра што піша пісьменнік, адбіваецца не толькі той вопыт, які пісьменнік рыхтуе непасрэдна для гэтай кнігі, але і ўвесь яго маральны, жыццёвы вопыт, усё тое, што ён перажыў, пачынаючы літаральна з першых крокаў па зямлі, з першых дзён яго свядомага жыцця.

Я гэта мог бы сказаць, абапіраючыся на свой асабісты вопыт, у прыватнасці на вопыт работы над раманам «Людзі на балоце».

У гэты раман увайшлі назіранні тых гадоў, калі я і не думаў, што стану калі-небудзь пісьменнікам. Выходзіць, памяць як бы рабіла запас матэрыялу ў тыя часы, калі я не мог і думаць пра тое, што буду калі-небудзь пісаць раман пра Палессе.

Я гэта кажу да таго, што пісьменніку вельмі важна — жыць заўсёды са сваім народам, кожны дзень, кожную гадзіну. Толькі гэтая арганічная, цесная сувязь з народам, штодзённая, штогадзінная, і дае пісьменніку крылы, дзякуючы якім ён зможа падняцца высока, ствараць сапраўдныя кнігі, хваляваць сэрцы чытачоў, мільёнаў чытачоў.

Роздум зноў і зноў вяртае да думкі пра тое, што пісьменніку трэба заўсёды памятаць: справа яго — не толькі яго асабістая, прыватная справа, — гэта справа народная. Па сутнасці сваёй пісьменнік — чалавек, які гаворыць з народам, працуе разам з ім дзеля агульнага дабра і славы.

Мне заўсёды дарагія пісьмы чытачоў. Яны як бы даюць адчуць біццё сэрцаў многіх і многіх людзей, жыхароў Сібіры, Каўказа, Урала, блізкіх і далёкіх куткоў нашай неабсяжнай краіны.

Пісьмы чытачоў — гэта ацэнка пісьменніцкай работы. Гэтая ацэнка заўсёды вельмі важная для нас. Яна важная таму, што ў рэшце рэшт народ — галоўны суддзя нашай работы.

Мы дзеці свайго народа, і ўсё, што мы робім, па майму перакананню, павінна быць прасякнута думкай пра дабрабыт і шчасце народа, пра пераможнае завяршэнне той справы, дзеля якой народ пераадолеў самыя цяжкія выпрабаванні.

Той, хто не думае пра народ, пра нашу вялікую справу, пра яе перамогу, па майму перакананню, проста не мае права брацца за пяро, гаварыць з народам.

Народнасць і партыйнасць — гэта душа, сэрца кожнай добрай кнігі. Без іх кніга не можа фактычна жыць, гэтак жа, як не можа жыць чалавек без сэрца.

У новым рамане, над якім я працую, я хачу, як і ў «Людзях на балоце», расказаць пра тое, які доўгі, цяжкі, складаны і разам з тым вялікі шлях прайшоў наш народ за гады Савецкай улады [...]

Галоўная думка, якая вызначае сэнс маіх кніг — і той, якая выйшла, і той, над якой я працую, — гэта, калі карыстацца словамі Л. М. Талстога, думка народная.

Я хачу, каб героямі маіх кніг былі людзі з народа, каб, чытаючы мае кнігі, людзі адчувалі, што народ наш заслужыў права на вялікую любоў і на вялікую павагу. Хачу, каб пра гэта ведалі, памяталі заўсёды мае чытачы.

Думка пра народ, пра народнае шчасце жыве ў сэрцы кожнага з нас, беларускіх пісьменнікаў. Гэта думка вядзе нас у рабоце, натхняе на тое, каб працаваць з поўнай аддачай. Яна павінна прывесці нас да новых добрых кніг.

 

1963


чэрвень 1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 201-202
Крыніца: скан