epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Заўвагі ў спрэчках

Мне здаецца, што спрэчкі на нашым пленуме разгортваюцца цікава, што ў іх выказана ўжо нямала важных разваг.

Я хацеў бы выказаць таксама некалькі думак, якія, на мой погляд, варты ўвагі.

Перш за ўсё я хацеў бы далучыцца да тых таварышаў, якія кранулі пытанне аб справядлівасці ацэнак тых ці іншых з’яў літаратуры.

Тут гаварылі пра тое, што ацэнкі, якія выказваюцца ў розных крытычных артыкулах, нярэдка не адпавядаюць рэальным вартасцям. Я хацеў бы падтрымаць гэтых таварышаў, але ўвагу вашу я маю намер скіраваць не на асобныя артыкулы, а на такую важную і стабільную з’яву нашага жыцця, як асвятленне літаратурнага працэсу ў нашых грунтоўных навуковых працах. Гэта значыць, на «Гісторыю беларускай савецкай літаратуры» і на «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры».

Само з’яўленне гэтых твораў — значная падзея ў нашым жыцці. Яна сведчыць пра тое, што нашы крытыкі-літаратуразнаўцы імкнуцца выходзіць да шырокіх абагульненняў, імкнуцца звязаць асобныя з’явы літаратуры ў шырокую панараму літаратурнага жыцця.

На жаль, гэтыя кнігі паказалі не толькі некаторыя поспехі, але і значныя няўдачы.

У чым гэтыя няўдачы? Галоўная з іх, на маю думку, ідзе ад заганнага па сваёй аснове неаб’ектыўнага погляду на літаратурнае жыццё.

Неаб’ектыўнасць гэта выяўляецца ў тым, што з’явы літаратуры нашымі аўтарамі вызначаюцца як бы не адным крытэрыем. Такое ўражанне, быццам на з’явы літаратуры аўтары гэтых нашых работ глядзяць то адным бокам бінокля, то другім. Эфект гэтых спосабаў разгляду вядомы: пры такім разглядзе ў адным выпадку з’явы набліжаюцца, павялічваюцца так, што можна разгледзець кожную травінку, пры другім — аддаляюцца і змяншаюцца так, што дрэва становіцца падобным на травінку, а травы і наогул не відаць. У другім выпадку бывае наогул разабраць што-небудзь немагчыма.

Па такому спосабу падаецца ў нас літаратура. Творчасць дзесяці — дванаццаці чалавек — пісьменнікаў у большасці сапраўды значных — разглядваецца ў нашых «Гісторыі» і «Нарысах» тым кірункам бінокля, калі можна разгледзець усё (нават часам павялічана), а дзейнасць іншых — адваротным кірункам, калі ўсё зліваецца ў шэры фон.

Агульны фон у «Гісторыі» і «Нарысах» напісаны да таго шэра, што робіцца няёмка за нашу Акадэмію навук, за тое, што на вокладцы грыф гэтай паважанай установы.

Пры гэтым трэба адзначыць, што рад гэтых вылучаных для асаблівага разгляду надзіва трывалы, як бы ўзаконены, хоць і невядома кім. Калі прыглядваешся да гэтага рада, узнікае і такое пытанне: чаму ў гэтым радзе не знайшлося месца, напрыклад, Янку Маўру, пісьменніку сапраўды выдатнаму, пісьменніку, які ўвёў у нашу літаратуру новыя матывы і новыя прасторы, які, без перабольшання, стварыў беларускую дзіцячую літаратуру.

Але галоўнае, што выклікае ў мяне сумненні, гэта тое, што такі метад неаб'ектыўнага разгляду сам па сабе неправамерны. Ён як бы дзеліць літаратуру на дзве часткі: на нейкую літаратурную арыстакратыю і чорнарабочых ад літаратуры. Ён, поўнячыся павагай да адных, знарок ці незнарок выказвае непавагу да іншых, змяншае плён іх працы. Ён нараджае нячуласць да многіх, неімянітых, пісьменнікаў і разам з гэтым нячуласць да таго новага, карыснага, што яны вядуць у літаратуру. Яму не хапае добрага дэмакратызму, ён дапускае ў ацэнку літаратурных з’яў барскае верхаглядства.

Я лічу, што ў гэтых работах выявілася такая загана нашых даследаванняў, якую можна назваць крытычным кансерватызмам. Вучоныя нашы як бы не лічацца з тымі зменамі, якія робіць хуткае наша жыццё, як бы не давяраюцца яго фактам.

У выніку ўсяго карціна развіцця і жыцця нашай літаратуры ў гэтых працах аказалася далёкай ад праўды. Можна сказаць, працы гэтыя даюць скажоны малюнак таго, што было і ёсць. Яны часам не так памагаюць разабрацца ў праўдзе, колькі заблытваюць яе, і па гэтых кнігах вучаць гісторыю літаратуры студэнты нашых ВНУ, студэнты Маскоўскага універсітэта, краін народнай дэмакратыі.

Я зусім не думаю заклікаць да ўраўнілаўкі ў ацэнцы заслуг пісьменнікаў; наадварот, я заклікаю да таго, каб здабытак кожнага быў вартым чынам ацэнены. Гэта ж магчыма толькі тады, калі здабыткі кожнага будуць узважвацца на адзіных, справядлівых вагах.

Я цалкам падтрымліваю пафас А. Адамовіча, які бачыць нашу літаратуру як «багацце творчых індывідуальнасцей». Сапраўды, наша літаратура багатая талентамі, і трэба яе так бачыць і такой паказваць. Дык нашто ж мы сябе збядняем?

Лічу, што нашы вучоныя павінны ў цэлым пашыраць поле грунтоўных даследаванняў творчасці пісьменнікаў. Час больш выяўляць творчае развіццё пісьменнікаў, што робяць сучасную літаратуру. Відаць, пакуль вучоныя будуць разважаць пра тое, як будаваць «гісторыю» літаратуры, жывому літаратурнаму працэсу маглі б памагчы часопісы, друкуючы такую форму даследаванняў літаратурных з’яў, як «літаратурныя партрэты».

Хачу выказаць некалькі думак пра сувязі літаратуры са школай.

У выхаванні школьнікаў, усім вядома, мастацкай літаратуры належыць выключная роля. Важнае значэнне тут мае класічная літаратура, савецкая літаратура мінулых гадоў. Хачу, аднак, падкрэсліць, што выхаванне літаратурай, плённасць гэтага выхавання ў немалой меры будзе залежаць ад таго, наколькі да вялікай справы выхавання будзе прылучацца літаратура сучасная. Сучасная літаратура вядзе ў школу сучасныя праблемы, ставіць і з тым ці іншым поспехам вырашае надзённыя пытанні, якія хвалююць нашу моладзь. Вядома, тут павінны ўлічвацца мастацкі ўзровень гэтых твораў, пераканаўчасць іх вобразаў і рашэнняў. Не можа быць, канечне, зніжэння патрабаванняў да такіх твораў.

Ці маем мы такія творы? Па-мойму, маем. Ці карыстаюцца імі нашы школьныя падручнікі? Не. Школьныя падручнікі і школьныя праграмы застаюцца многія гады нязменнымі. У іх амаль не адбіваецца жывое жыццё літаратуры. Яны недаравальна адстаюць ад жыцця і разам — ад яго патрэб.

Складваецца ўражанне, што органы народнай асветы, у тым ліку Міністрэства асветы, у цэлым няўважліва ставяцца да выкладання ў школах беларускай літаратуры, якасць выкладання яе нярэдка невысокая. Аб гэтым неаднойчы пісала «Літаратура і мастацтва», гаварылі пісьменнікі на розных сходах. Фактаў такіх даволі. З імі нельга не лічыцца.

Не можам пахваліцца належнай увагай да беларускай літаратуры і з боку выдавецтва вучэбна-педагагічнай літаратуры Міністэрства. Выдавецтва, як кажуць, не надта туліць да сябе нашу літаратуру. У сваёй дзейнасці яно, падобна, кіруецца прынцыпам выдаваць толькі тое, што не выдаваць нельга. Гэта значыць, выдае толькі тое, што належыць па цесных школьных праграмах кнігі дзесятка аўтараў. Любоў, аднак, кажуць выяўляецца там, дзе нешта робіцца без прымусу, па ахвоце. Дык вось, не па абавязку, а па ахвоце, па-за праграмамі выдавецтва вучэбна-педагагічнай літаратуры выдала ні мала ні многа дзве кнігі. За дзесяць гадоў! І пры гэтым з надзвычайнай шырынёю душы, каласальнымі тыражамі выдавецтва штампуе, завальвае школьныя бібліятэкі выданнямі тыпу «Капитана Сорвиголова». І робіць гэта штогод, з вартым страху пастаянствам! Яны тлумачаць, што рабіць гэта павінны дзеля грошай. Вялікая сіла — грошы! Але няўжо ў імя грошай мы павінны паступацца турботамі аб выхаванні? Пакуль выходзіць так, што клопат пра грошы перамагае.

Так, даводзіцца далучыцца да тых, якія лічаць, што адносіны між Саюзам пісьменнікаў і Міністэрствам асветы яўна ненармальныя. Не выпадкова тое, што на пленуме ніводнага прадстаўніка Міністэрства.

Хачу выказаць некалькі думак пра пытанне, якое ўзнялі тут некаторыя прамоўцы і якое, бясспрэчна, хвалюе ўсіх нас. Аб стаўленні ў цэлым да беларускай літаратуры і мовы.

У гэтым пытанні, як кажуць факты, ёсць нямала такога, што не можа не турбаваць нас. Я ўжо гаварыў пра адносіны да нашай літаратуры ў вучэбна-педагагічным выдавецтве. Многа фактаў няўвагі і непавагі да твораў беларускай літаратуры, як вядома, у тых, хто распаўсюджвае нашы кнігі ў магазінах. Гэта ж проста злачынства, што кнігі гадамі і горамі ляжаць на складах, гніюць і плеснеюць. А нікчэмныя тыражы «ЛіМа»! Тут папракалі, што некаторыя пісьменнікі не выпісваюць. Гэта — кепска, але хіба гэта — галоўная бяда. Газету нашу не выпісваюць тысячы бібліятэк, гарадскіх і сельскіх! Гэта значыць, што газета наша не даходзіць да многіх тысяч чытачоў.

Цяжка быць абыякавым да таго, што роднае слова не гучыць з тэатральнай сцэны ў Гомелі, Гродна, Магілёве, Брэсце.

Грунтуючыся на фактах, мусім гаварыць аб праявах непаважлівых адносін да беларускай літаратуры і мовы. Аб праявах нігілізма да іх. Гэтыя ж факты гавораць пра тое, што нігілізм гэты — выразна мясцовы, што яго найбольш дзейсныя выразнікі пухавіцкія ці багушэвіцкія «нашынскія» актывісты, якія, каб далі ім волю, з лёгкім сэрцам, з радасцю растапталі б усё, што стварыў вялікім трудом народ наш за многія вякі. Дзіўная і дзікая гэта з’ява, гэтыя сучасныя дзікуны, якія, аднак жа, непахісна лічаць, што яны ўзышлі на самыя вышыні сучаснай культуры і з гэтых вышынь могуць з натуральнай іх стану грэблівасцю глядзець на культуру народа.

Ёсць адзін надзейны спосаб супраць падобных з’яў — ленінскія прынцыпы нацыянальнай палітыкі кашай партыі. Гэтыя прынцыпы мы і ўхваляем, падтрымліваем іх ад сэрца. Будзем працаваць, каб ажыццяўляць іх.

 

1961


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 168-172
Крыніца: скан