epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Знайсці вобраз часу

Гадоў дзесяць таму назад, атрымаўшы першы том збору твораў Канстанціна Аляксандравіча Федзіна, прачытаў я аўтабіяграфію пісьменніка. Многае мяне тады ўсхвалявала ў даверлівым расказе пісьменніка аб пражытым і перажытым, і, помніцца, асабліва прывабілі ўвагу некалькі радкоў. Там, дзе пісьменнік гаворыць пра раман «Касцёр».

Вось гэтыя радкі: «Пастаяннае маё імкненне знайсці вобраз часу і ўключыць час у апавяданне на роўных правах з героямі і нават аддаючы яму перавагу — гэтае імкненне выступае ў маёй цяперашняй задуме больш настойліва, чым раней...»

«...Знайсці вобраз часу і ўключыць час у апавяданне. На роўных правах з героямі і нават аддаючы яму перавагу» — як дакладна і ёміста выказана было тут тое, што тады доўга мучыла мяне, чаму не знаходзілася абнадзейваючай пэўнасці, што выклікала цяжкія сумненні. Я адчуў, што ў гэтых словах вельмі дакладна перададзена формула для разумення найістотнейшых якасцей, асноў значнай часткі нашай літаратуры.

Чытаючы К. А. Федзіна, заўсёды сутыкаешся з радкамі, якія выклікаюць як бы ўспышкі думкі ў адказ, прасвятляюць, азараюць, узбагачаюць. Радкі ў яго заўсёды ёмістыя, у адточанай, я сказаў бы — класічнай прастаце і выразнасці.

«Пастаяннае маё імкненне знайсці вобраз часу... Уключыць час у апавяданне на роўных правах з героямі і нават аддаючы яму перавагу...» Пастаяннае імкненне! На роўных і нават аддаючы перавагу... правах!.. Ці не ў гэтым прызнанні надзвычай важная аўтахарактарыстыка галоўных імкненняў усёй творчасці К. А. Федзіна? Ці не тут той вядучы матыў, цэнтральны нерв, які яднае ўсё разнамоўнае мноства яго герояў, разнастайную шматфарбнасць карцін, усё, што рухае і напаўняе яго раманы, аповесці, апавяданні, нарысы.

З якой выразнасцю паказаны ў творах выдатнага савецкага пісьменніка час — незвычайны, у жорсткіх супярэчнасцях і найвялікшай ломцы, у паміранні і абнаўленні! І якім буйным планам ён адкрыты і паказаны! Калі ў думках аглядаеш створанае пісьменнікам за многія гады самаадданай працы, з павагай думаеш пра размах мастака, якому пад сілу аказалася стварыць такую маштабную эпапею часу.

Імперыялістычная бойня, рэвалюцыя ў Расіі, далёкая, мала зразумелая Германія тых год, савецкая Поўнач, Абхазія, Заходняя Еўропа паміж дзвюма войнамі; сяляне, салдаты, правінцыяльныя мяшчане, лесарубы, фабрыканты, акцёры, прафесіянальныя рэвалюцыянеры. Усё гэта — гісторыя, геаграфія і насельніцтва федзінскай эпапеі.

Як своеасаблівая і неабходная частка мастацкай эпапеі К. А. Федзіна ўспрымаецца выдатная, таксама шматвобразная, сур'ёзная літаратурная публіцыстыка, роздум пра сучаснае і ўжо аддаленае часам мастацтва — працы, якія з поўным правам ставяць пісьменніка ў першы рад тэарэтыкаў савецкай літаратуры. Кніга «Пісьменнік. Мастацтва. Час» таксама ўвасабляе ў сабе вобраз часу, раскрывае шырыню пісьменніцкага бачання мастацтва і жыцця.

Усё — і проза, і артыкулы аб мастацтве — напісана з дасканалым веданнем, з удумлівым пранікненнем, дакладна і выразна. Хочацца асабліва адзначыць гэтую федзінскую выразнасць, яснасць мастацкага пісьма. Яснасць мудрага погляду на свет,

Калі чытаеш яго кнігі, з’яўляецца незвычайнае адчуванне: быццам ён гаворыць з табою, быццам чуеш роўны, ледзь прыглушаны голас, што дакладна вымаўляе кожнае слова. Быццам бачыш пісьменніка побач: высокага, хударлявага, інтэлігентнага, з прывабным позіркам уважлівых светлых вачэй. Гэты ясны позірк нібы адчуваеш на ўсім, што ён стварыў.

 

1972


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 494-495
Крыніца: скан