epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Жыць змястоўна, паўнацэнна

Аддзел крытыкі часопіса «Дружба народов» мяркуе да 50-годдзя СССР правесці «анкету», якая складаецца толькі з аднаго пытання: «Што дае Вам, Вашай творчай практыцы знаёмства з літаратурамі народаў СССР?»

Будзем вельмі ўдзячны Вам, калі Вы прымеце ўдзел у нашым творчым «апытанні».

 

Перш за ўсё некалькі ўступных слоў. Я пастаянна сачу за жыццём братніх літаратур, чытаю іх кнігі. Але, як мне здаецца, не з прычыны таго, што я свядома пераканаў сябе: гэта мне павінна быць карысна, павінна даць нешта каштоўнае. Думаю, усё выглядае некалькі інакш.

Пачуццё, з якім я бяру ў рукі кнігі, мабыць, хутчэй падобна да таго, з якім, ідучы дарогаю, глядзіш на яе, на ўсё, што па яе баках, на тых, хто ідзе насустрач. На пачуццё, з якім сустракаешся з сябрамі, з таварышамі па рабоце, з людзьмі наогул, знаёмымі і незнаёмымі.

Мне здаецца, мы сустракаемся з людзьмі не таму, што разумеем — гэта карысна, а, перш за ўсё, таму, што ў гэтым ёсць жыццёвая патрэба, неабходнасць сустрэч. Ёсць неабходнасць у тым, каб бачыць дарогу перад сабой і абочыны яе, бачыць траву і неба. Сустракацца з людзьмі, адчуваць іх побач. Інакш жыць нецікава і, можа, нават немагчыма. Аснова ўсяго, на мой погляд, — цікавасць да жыцця бліжняга і дальняга, патрэба ў сустрэчах, у братэрстве, у ведах.

Гэтае пачуццё прыцягвае мяне да ўсяго, што адбываецца ў свеце, у літаратурах усяго свету і, натуральна, у першую чаргу — у роднасных, савецкіх, сацыялістычных.

Цяпер — непасрэдна пра Ваша пытанне. Мне здаецца, што ў адказе на яго ёсць дзве розныя якасці.

 

Як чытач, дзякуючы братнім літаратурам, я адкрыў для сябе цэлыя мацерыкі жыцця многіх народаў. Данскія стэпы, далёкаўсходняя тайга, сібірскія прасторы, прыбалтыйскія берагі сталі мне блізкімі дзякуючы кнігам М. Шолахава, А. Фадзеева, В. Шышкова, А. Упіта. Яшчэ да таго, як мне давялося прайсці ў салдацкім шынялі з канца ў канец Украіну, мяне навучылі разумець і любіць яе вершы П. Тычыны і М. Рыльскага, проза А. Галаўко і Ю. Яноўскага. Старажытную і мужную гісторыю грузінаў я зразумеў з дапамогай гістарычных раманаў грузінскіх пісьменнікаў.

З году ў год працягваецца адкрыццё ўсё новых краёў, паглыбляецца пазнанне народаў. Зусім нядаўна А. Ганчар правёў мяне пад спякотным паўднёвым сонцам па ўкраінскіх стэпах, І. Друцэ адкрыў мне журботныя і велічныя прасцягі сарокскіх стэпаў і працавітага мудрага дзеда Карабуша. Не чужыя мне цяпер таежныя працаўнікі Заходняй Сібіры, у якую ўлюбёны Г. Маркаў, а таксама думы і надзеі яшчэ нядаўна амаль не знаёмых мне кіргізаў і казахаў, у своеасаблівы свет якіх увялі нас Ч. Айтматаў і М. Ауэзаў.

Братнія савецкія літаратуры скарацілі адлегласці, прыблізілі часы, зрабілі нас саўдзельнікамі жыцця многіх народаў.

 

Як пісьменнік я, вядома, не абыякавы да ўсяго, што ствараецца маімі таварышамі ў рэспубліках. Мяне глыбока хвалююць мудрая лірыка К. Куліева, палымяная паэзія Д. Кугульцінава, эпічная сіла прозы К. Сіманава, Ю. Бондарава. Не без задавальнення адчуваю я, што, ўсё больш важкім становіцца слова і маіх таварышаў — празаікаў і паэтаў Беларусі. Не магу сказаць, хто менавіта і што канкрэтна дае мне, як пісьменніку, хто і як з карысцю ўплывае на мяне. Калі саджуся за пісьмовы стол, я хачу расказаць тое, што хвалюе мяне, што не дае спакою. Кнігі нараджае жыццё. Тое, што перажыта, што ўсхвалявала. У літаратуры, можа, самае важнае — ведаючы як мага больш, застацца самім сабой.

Але бясспрэчна, што іншыя пісьменнікі, іншыя літаратуры дапамагаюць глыбей пазнаваць жыццё і сябе, сваё месца ў агульным страі. Вельмі важна — адчуваць побач другіх, рух літаратуры, рух жыцця. Гэтае адчуванне не дае супакойвацца, дапамагае жыць усхвалявана, змястоўна, паўнацэнна.

 

1972


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 539-541
Крыніца: скан