epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Жыццё, якое я зведаў

Сочачы за вашай творчасцю, адзначаеш, што спачатку — у рамане «Мінскі напрамак», у кнізе «У завіруху» — вас цікавіла тэма вайны, а пазней, у «Людзях на балоце» і «Подыху навальніцы», вы вяртаецеся да ранейшых падзей — беларуская вёска ў дваццатыя гады і перыяд калектывізацыі. Мусіць, вам патрэбен быў час на выспяванне, на крышталізацыю ўражанняў?

 

Я не мог — рана ці позна — не напісаць гэтыя раманы — «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы», — бо насіў іх у сабе як радасць і пакуту доўгія гады. Яны частка мяне самога — і вельмі дарагая. Родная вёска, людзі, маё юнацтва — усё гэта жыло ў маім сэрцы і не давала спакою. Гэта пачуццё, падобнае на любоў,— усеабдымнае, глыбокае, здольнае на рызыку, здольнае прыцягваць цябе да некага ці нечага з неадольнай сілай.

Людзей, жыццё я паказваў такімі, якімі іх зведаў, нават мастацкая выдумка ў маіх творах — частка майго жыццёвага вопыту. «Спазненне», з якім я звярнуўся да гэтай тэмы, мела свае перавагі і дало свой плён. З пазіцыі сённяшняга дня мінулае бачыцца, на маю думку, глыбей, а значыцца, і — праўдзівей. Сам я — адзін са сведкаў жыцця старой беларускай вёскі. Сведкаў гэтых і ў нашы дні ўжо не вельмі багата і з кожным годам становіцца ўсё менш, так што ў тым, што я вярнуўся ў сваю старую вёску, была не толькі ахвота сустрэцца з мінулым, было і разуменне абавязку расказаць пра яго. Я разумеў сябе як бы летапісцам мінулага, якое я павінен перадаць маладым. Я лічу: літаратура павінна захаваць гісторыю нашчадкам — каб ведалі вытокі, пачатак, каб памяталі, адкуль ідзём, каб разумелі рух жыцця.

Раман «Подых навальніцы», акрамя новых сюжэтных ліній і герояў, акрамя шырэйшага ахопу падзей, адрозніваецца ад «Людзей на балоце» большай шырынёй ідэйна-мастацкага гучання.

 

«Людзі на балоце» я назваў бы лірычным раманам. «Подых навальніцы» я пачынаў таксама ў ранейшай танальнасці, але хутка пераканаўся, што гэтыя рамкі будуць цесныя для ўвасаблення духу часу. Калектывізацыя, якая закранула жыццё і свядомасць мільёнаў сялян, была па сваёй сутнасці рэвалюцыяй, яна — вялікі, складаны, цяжкі паварот, які вымагаў ад людзей мужнасці, смеласці, давер’я...

Хацелася стварыць сапраўдны, па-чалавечаму прывабны вобраз камуніста таго перыяду. Герой майго рамана Апейка, які ў другой кнізе вырастае да цэнтральнага вобраза, мае ў сабе іншую частку майго жыццёвага вопыту — гады камсамольскай і партыйнай работы, тыя палымянасць і любоў, з якімі маё пакаленне, пакаленне першых, змагалася за ўвасабленне сваіх ідэалаў. Я імкнуўся паказаць вобраз партыйнага кіраўніка таго часу без схематызму і ідэалізацыі — як асобу са шчырай душой і неспакойным, дапытлівым розумам; чалавек з народа, ён спалучыў народную разважнасць з якасцямі камуніста, атрыманымі ў школе рэвалюцыі. Яго рысы: сумленнасць, прынцыповасць, пачуццё гістарычнай адказнасці, здольнасць адольваць перашкоды, адстойваючы сваю праўду.

 

Малюючы жыццё беларускай вёскі, вы выказваеце тэму любові да роднага краю, прывязанасці чалавека да таго кутка зямлі, які яго выгадаваў. Тэма гэтая вельмі даўняя, але яе матыў сцвярджаецца з вялікай мастацкай катэгарычнасцю як адкрыццё, натхнёнае, пэўна, магутным імпульсам.

 

Любоў да роднага краю, да прыроды і людзей — гэта вечны агонь, з якога нараджаецца творчасць. Хваляванне, якое ўвайшло ў сэрца ад даўніх сустрэч з прыродай, было той першай іскрай, што падштурхнула да пісьменніцкай працы. Палессе — не толькі край балот, але і векавых лясоў. Я люблю зялёную радасць вясновай травы і дрэў. Люблю жаўранкаў, іх незвычайную музыку: быццам неба спявае...

Прырода была першай іскрай, але не адзінай. Не менш значылі ў маім творчым выбары людзі, якіх я бачыў і ведаў. Я хацеў расказаць пра гэтых людзей. Суровыя прыродныя ўмовы выкавалі людзей з адметнымі характарамі: працавітых, цярплівых, з асаблівым разуменнем свету і чалавечай годнасцю. Гэтыя адрэзаныя ад гарадоў балотамі людзі мелі сваю культуру, між іх былі таленавітыя майстры сваёй сялянскай справы, своеасаблівыя філосафы.

Сёння звычайна паказваюць старую вёску цёмнай, няўтульнай, далёкай і чужой. Сапраўды, многія людзі таго часу былі неадукаваныя, многіх аблытвалі забабоны. Але было не толькі гэта. Былі — і гэта вельмі важна — і здольнасць на шчырыя, глыбокія пачуцці, багатая душэўнасць, прыроднае і захаванае праз вякі адчуванне — як неадменнага маральнага закону — справядлівасці. Былі ўменне працаваць, мужна сустракаць нягоды і перамагаць іх. Гэта ўсё было, і гэта усё важна. І пра гэта ўсё трэба помніць.

 

Як вы адносіцеся да эксперыментаў у галіне формы ў сучасных белетрыстычных творах?

 

У мяне таксама часам з’яўляецца юначае імкненне — зіхнуць арыгінальнымі прыёмамі ў форматворчасці. Адметная кампазіцыя, незвычайныя звароты, нават розныя друкарскія шрыфты... Аднак, лічу, што сапраўднае наватарства — толькі тады, калі яго выклікае змест, ідэя твора. Наватарства — найперш у поглядзе на жыццё, на людзей, на час. Форма павінна ісці за ідэяй, за зместам, за чалавечым жыццём. Твор павінен, па-мойму, найперш паказваць, як аўтар разумее жыццё чалавека. У творы аўтар найперш выказвае свае меркаванні, погляды, спрачаецца з іншымі — папярэднікамі.

 

Вашы адносіны да мовы як сродку мастацкай прозы?

 

Пішу на роднай мове з любоўю, з душэўным уздымам. Беларуская мова ласкавая, мілагучная, як песня. Я чую тое, што пішу, як музыку, з мелодыяй, з рытмам. Бывае, чытаю ўслых напісанае. Востра сачу, каб у мелодыі мовы твора не было фальшу. Ледзь пачую фальш, спыняюся, шукаю дакладныя таны і словы. Імкнуся знайсці самыя дакладныя. Гэта не заўсёды хутка ўдаецца, але нарэшце ўсё ж знаходзіш. Часам сам не растлумачыш, чаму бярэш такі тон і слова, тут усё рашае дзіўнае адчуванне, нейкая інтуіцыя. Я даволі шырока ўжываю дыялектызмы. Тады, калі даю слова маім героям. Гэтае права пісьменніка аспрэчваецца, але я перакананы, што гэта патрэбна. Людзі ў творы павінны гаварыць так, як у жыцці. Па-зямному, па-сапраўднаму.

 

1972


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 503-506
Крыніца: скан