epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Зычым вам кніг

Дарагія таварышы, дарагія сябры! З вялікай любоўю, з самых глыбінь сэрцаў шлюць вам вітанне вашы найбліжэйшыя пабрацімы — беларускія пісьменнікі.

Мне выпаў гонар пацвердзіць тут вам нашу нязменную любоў, якая нарадзілася ў незапомныя часы і якая не толькі не гасне, а год ад года гарыць усё больш яскравым, моцным полымем!

Мы, як і раней, любім вашы стэпы і вашы моры, вашы сучасныя гарады і белыя вашы хаты, вашы песні і вашы кнігі. Мы з хваляваннем братоў сочым за ўсім, што вы робіце, за кожным вашым крокам, і я не перабольшу, калі скажу, што і ў гэтыя дні беларускія пісьменнікі думкамі з вамі, у гэтай зале, услухоўваюцца ў вашы прамовы, жывуць вашымі турботамі і надзеямі.

Хтосьці сказаў — у літаратуры няма вялікіх і малых народаў. Гэта прыгожы парадокс, і ў ім ёсць свая ісціна. Маленькія краіны далі свету вялікіх Андэрсена і Ібсена, а яшчэ меншая Ісландыя — сучаснага Лакснеса.

І ўсё ж ісціна ў гэтым парадоксе не ўся. Не можа не адчуваць літаратура прастору, шырачыні, сілы той зямлі, на якой яна ўзрастае. Не выпадкова такая магутнасць і такая шырачынь у песнях і думах Тараса Шаўчэнкі, у лірыцы і драмах Лесі Украінкі, у гневе і рэвалюцыйных перакананнях Івана Франка.

У вас слаўная сучаснасць, што добра паказвае ваш з’езд, у вас вялікая будучыня. Невычэрпныя крыніцы, што жывяць украінскую літаратуру, і не трэба быць прарокам, каб прадказаць, што блізкія і няблізкія будучыя гады дададуць ёй моцы і красы новымі талентамі і новымі цудоўнымі творамі, цешачы і радуючы ўсіх, каму дарагая ўкраінская літаратура, наша савецкая культура.

Сябры, думаю, што гэта і шчасце — належаць да вялікай літаратуры, і разам — вялікая адказнасць. Вялікая гэта адказнасць — гаварыць ад імя сарака пяці мільёнаў, быць у літаратуры пасланцам сарака пяці мільёнаў. Няхай гэтае адчуванне жыве заўсёды ў вас, акрыляе вас, дае вам дужасці, няхай яно вядзе вас да новых і новых поспехаў!

Дарагія сябры, ведайце заўсёды, што мы з любоўю сочым за вамі, зычым вам кніг, якія хвалявалі б і захаплялі сэрцы людзей любай нашай Украіны, усёй нашай савецкай Бацькаўшчыны, усяго свету!

Шчасця, вялікай будучыні роднай сястры нашай — украінскай савецкай літаратуры!

 

1967


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 280-281
Крыніца: скан