epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

«Ад прадзедаў, спакон вякоў...»

Сярод вучоных, якія займаюцца пытаннямі гісторыі мовы, параўнальнага мовазнаўства, значны час бытавала думка, што Палессе, як і ўвогуле прылеглая да яго тэрыторыя беларускага краю,— прарадзіма ўсяго старажытнага славянства. Усталяванню такой думкі ў немалой ступені спрыяла тая акалічнасць, што палешукі, як і беларусы наогул, захавалі ў сваім побыце, поглядах на жыццё, вераваннях, мове вельмі многа старажытных славянскіх рыс, дзякуючы якім можна даволі яскрава ўявіць як матэрыяльнае, так і духоўнае жыццё славянскіх плямён у далёкім мінулым.

Янка Купала, Якуб Колас засталі ў сваім народзе яшчэ амаль не крануты кніжнай апрацоўкай духоўны свет, які сваімі вытокамі меў старажытнае, у пэўнай меры міфалагічнае светаадчуванне з яго культам неба, сонца, наогул прыродных сіл, верай у таямнічае і звыштаямнічае, што мае несумненную ўладу над чалавекам.

Жывая была Каляда — як увасабленне нараджэння Божыча, перамогі святла над цемраю, першае радаснае свята Сонца, адметны знак сонцазвароту. Як водгласы веры ў далёкіх добрых багоў і злых дэманаў захаваліся ўяўленні пра Перуна («Пярун каб па табе ляснуў»), падземнага бога агню Жыжаля (пра агонь дзецям і сёння гавораць «жыжа пячэ»); мароз, холад і сёння называюць Зюзя — многія стагоддзі назад гэтак зваўся падземны цар холаду.

У час калядак па вуліцы вадзілі «казу» — вяскоўца, апранутага ў вывернуты поўсцю наверх кажух.

 

Дзе каза ступою,

Там жыта купою.

Дзе каза рогам,

Там жыта стогам.

Дзе каза ходзіць,

Там жыта родзіць...

 

Звычай апрануцца ў кажух поўсцю наверх нёс магічны сэнс заклікання вясны. Мядзведзь у дзень сонцазвароту нібыта пераварочваўся з аднаго боку на другі, і аб гэтым трэба было вясне нагадаць вывернутым кажухом, каб яна раптам не спазнілася.

На каляды ў гонар сонца закалвалі вепра, свінню — звычай распаўсюджаны ва ўсіх індаеўрапейскіх народаў. Былі злёгку ахінутыя хрысціянскай традыцыяй пракаветныя язычаскія святы: масленіца, грамаўніца, або цёця,— гулянне ў гонар жонкі Перуна, маланкі.

Вясковае абнаўленне прыроды ўвасаблялася ў вялікадні. Яйкі, якія ў гэты час фарбаваліся ў чырвоны колер, нібыта нагадвалі сваёй формай сонца, наогул увесь Сусвет, перад якім у нямым страху і здзіўленні схіляў галаву наш далёкі продак. Яйка адначасна было звязана з закліканнем памёршых. Продкаў запрашалі на трызну — на дзяды і на радаўніцу — на радаўніцу пакідалі на іх магілах яйкі.

У дзень летняга сонцастаяння, у пару самых доўгіх дзён і найкарацейшых начэй, святкавалася купала. Купала спачатку было жаночага роду.

 

Купала на Ивана,

Где Купала ночевала,

Ночевала у Ивана.

Што у Ивана уживала?

Уживала варенице и

Рыбу с перцем, чеснок с алейцем...1

 

На купалу перуновым цветам цвіце папараць. Хто хоць аднойчы сарваў той цвет, пачынаў разумець размовы, якія вядуць між сабой дрэвы, кветкі, травы. Дрэвы ў ноч на купалу сыходзяць са сваіх месц, рухаюцца, як жывёлы і людзі. Свет поўны чараў і загадак. Авалодаць чарамі, каб разгадаць сэнс жыцця, дадзена далёка не кожнаму...

Янка Купала рана захапіўся духам старажытнасці, які выразна адчуваўся ў абрадавай паэзіі беларусаў. У яго час старажытнага Ярылу, бога ўрадлівасці на жытнёвай ніве і ў пачуццёвым каханні, замяніў сціплы святы Юрый; замест Перуна па небе на вогненнай калясніцы раз’язджаў хрысціянскі святы Ілья; Стрыбог, цар вадзяных прастораў, таксама ўступіў месца Міколу Мокраму, ці Марскому. Але сам дух павер’я быў яшчэ жывы і шмат гаварыў сэрцу паэта.

Калядкі, вяснянкі, куставыя, купальскія песні, гэтак жа як загаворы, замовы, як бы захоўвалі ў сабе адмеціны бачання, адчування свету нашымі далёкімі продкамі. Старажытныя эпічныя паданні, з якімі найбольш глыбока пазнаёміўся Янка Купала ў перыяд знаходжання ў Пецярбургу, уражвалі яго відавочнай адсутнасцю асобы паэта, стваральніка гэтых паданняў.

Гэтую традыцыю паэт будзе шанаваць, працягваць у сваёй уласнай творчасці. Відаць, ёсць дастатковыя падставы сцвярджаць, што менавіта дух старажытных паданняў нарадзіў у творчай фантазіі вобраз гусляра — ахоўніка народнай традыцыі, песняра, які выракся ўсяго асабістага і жыве на свеце толькі дзеля народнага інтарэсу.

Першыя назіранні чалавека, першыя яго разумовыя практыкаванні датычаць сферы фізічнага, акаляючай прыроды. З сузірання, узаемадзеяння з прыродай нараджаюцца пачатковыя веды і рэлігійныя вераванні нашага далёкага продка, тое і другое складала адно непарыўнае цэлае і нарэшце вылівалася ў паэзію. Карацей кажучы, першабытная рэлігія нашых продкаў была адначасна і паэзіяй і заключала ў сабе ўсю мудрасць, усё кола ведаў першабытнага чалавека аб навакольнай прыродзе.

Янка Купала будзе вельмі даражыць як бы запазычанай ім у далёкіх стваральнікаў міфаў і паданняў менавіта вось гэтай рысай — суаднесенасцю свайго паэтычнага слова з наіўна-дзіцячым, не абцяжараным залішняй ускладнёнасцю поглядам на свет:

 

Песня мая не ўзышла сярод кветак,

Кветак цвітучага вечна паўдня...

Поўначы сумнай забыты падлетак

Даў ёй жыццё пасярод палыння.

Пушча і ночка яе гадавалі,

Няньчылі казкамі долі нямой:

Дождж і расіца вясною купалі,

Снежныя буры тузілі зімой2.

 

Паэзія Янкі Купалы — і гэта асабліва адчуваецца на творах, якія ўвайшлі ў зборнік «Шляхам жыцця»,— як бы прасякнута старадаўнім, язычаскім схіленнем перад сіламі прыроды, заклінаннем і закліканнем гэтых сіл прыйсці на дапамогу чалавеку, здзейсніць яго спадзяванні, асвятліць яго жыццё цяплом і шчасцем. Нібы бард далёкай старажытнасці, Янка Купала можа непасрэдна звяртацца да сонца, месяца, неба, зораў. Традыцыя гэта ў пачатку дваццатага стагоддзя, відаць, магла існаваць толькі ў беларусаў, паэтычная культура якіх, недастаткова апрацаваная кніжным словам, у некаторых сваіх праявах яшчэ як бы непасрэдна змыкалася з міфам, паданнем, замовай, загаворам. Вось верш «Песні сонцу»:

 

Клічам, сонца, цябе як адзін!

Распусці залацістыя косы,

Схаладнелы загон ацяплі,

Аквяці лугавыя пакосы,

Ўсходы новыя сей на зямлі3.

 

Такіх вершаў-зваротаў да розных сіл прыроды ў Янкі Купалы многа. Здаецца, яны і нараджаюцца, каб выказаць вялікую, святую для паэта радасць яднання чалавека з неабдымным светам прыроды, выконваюць нават сацыяльна-грамадскую ролю, бо ад вобразаў, навеяных прыродай, паэт нязменна спускаецца ў бурлівае «мора людскога жыцця».

 

Ты, зялёная дубрава,

Сон скідай, расцвітай,

І шумеці добрай славай

Не кідай на ўвесь край.

...Маладыя загаворы

Ў ход пусці, сатвары;

Яснаглядам долы, горы,

Асвянці, прыбяры.

...Абніміся з нівай роднай

І душой, і грудзьмі;

Край прыбіты, непагодны

Ўскалыхні, падымі...4

                                               («Ты, зялёная дубрава...»)

 

Ад мастакоў старажытнага Вавілона бярэ пачатак выраз пра «музыку сфер», музыку, якую нібыта нараджаюць сваім рухам планеты і зоркі. Творчая спадчына Янкі Купалы таксама дае прыклад, калі не толькі праявам унутранага жыцця чалавека, зрухам душы, пералівам інтымнага пачуцця, а і для выказвання настрою навакольнай прыроды паэт шукае і знаходзіць дзіўныя рытмы і гукавыя малюнкі.

Верш «Ты, зялёная дубрава...» па сваім рытмічна-інтанацыйным гучанні далёкі ад звычайнага гукапераймання, ад імітацыі шуму лесу, багацця яго ўдарных унутраных рыфм, з якіх сплецены надзіва звонкія чатырохрадкоўі, нагадвае штосьці іншае, нібы нейкую надзвычай вясёлую пераклічку молата і кавадла дзе-небудзь у вясковай кузні. З другога боку, дадзены паэтам рытмічна-інтанацыйны малюнак таксама мае права на існаванне: нібы размаўляе дуброва гаманкім, перарывістым пошумам з імклівымі вятрамі, якія рыўкамі, па-разбойніцку раз-пораз на яе накідваюцца.

Увогуле інтанацыя заклікання, загавору, замовы — рэшткаў далёкіх язычаскіх рытуалаў, калі чалавек сілай свайго магічнага слова спрабаваў улагодзіць незразумелыя яму сілы прыроды, перацягнуць на свой бок, нават прыручыць-прыстасаваць іх да сваіх інтарэсаў,— даволі часта выкарыстоўваецца Купалам, і найбольш у вершах, як гавораць, пейзажных, у якіх лірычны герой застаецца сам-насам з прыродай. Цікавая гэтая плынь купалаўскай лірыкі, да якой належаць вершы «Як я полем іду...», «Вячэрняя малітва», «Ваўкалак», «У вечным боры», «Чорны бог», «У начным царстве», «Мая малітва», «Явар і каліна», «Дзве таполі», «Хохлік», «Заклятая кветка», «На купалле», «Жніво», «Адцвітанне» і інш., перш за ўсё нібы жывой прысутнасцю той старадаўняй веры, з якой наш далёкі продак ставіўся да сіл прыроды як да істот адухоўленых.

Відаць, толькі на глебе, дзе ў значнай меры захаваліся рэшткі сівой, старажытнай славяншчыны, маглі ўзнікнуць падобныя вершы. У названай плыні купалаўскай лірыкі, гэтак жа, як і ў паэме Якуба Коласа «Сымон-музыка», думка аб «чалавечым» жыцці дрэў, кветак, траў, рэчкі, возера, лесу — не толькі паэтычны вобраз, метафара, арнамент твора, а яго мастацкая ідэя. Без усеахопнага антрапамарфізму, які з’яўляецца нібы самім паветрам прыроднапісальных купалаўскіх вершаў, немагчыма ўявіць іх з’яўленне на свет.

Паэт, падобна нашым далёкім продкам, нібы схіляе галаву перад неабдымнасцю Сусвету, яго таямнічасцю, неразгаданасцю. Жыццё ўспрымаецца ў гэтай паласе купалаўскай лірыкі як тайна, загадка, як прывабная містэрыя, якую чалавек спасцігае сілай свайго пачуцця, на мове душы і сэрца.

Вось верш «Явар і каліна», адзін з купалаўскіх паэтычных дыяментаў гэтай пары. Змест яго немагчыма перадаць словамі. Гэта выказанае надзвычай экспрэсіўнымі паэтычнымі радкамі замілаванне, хвала Жыццю, Каханню, увасобленым у вобразах дрэў — явары і традыцыйнай песеннай каліне, што шэпчуцца аб чымсьці неразгаданым, таямнічым пад вечным небам.

Згодна з уяўленнямі нашых далёкіх продкаў неба ўвасаблялася ў мужчынскім родзе. Яго ўплыў на вечны кругазварот жыцця на зямлі быў відавочны. На небе размяшчалася сонца, дзякуючы жыватворнаму святлу і цяплу якога нараджаецца жывое на зямлі. З неба льюцца дажджы, каб гэтае жывое магло расці і развівацца. Міжволі ва ўяўленні нашых продкаў узнікала думка аб шлюбных сувязях Бацькі-неба з маці-Зямлёй.

Водгалас далёкага, міфалагічнага павер’я, няхай сабе толькі паасобнымі рысамі, праглядвае ў купалаўскім вершы. Услухаемся ў яго радкі:

 

Песняй вясны лебядзінаю,

Скінуўшы зімнія чары,

Шэпчуцца явар з калінаю

У сумнай даліне над ярам.

Лісцікі зеленяй хваляцца

Небу панятлівай мовай:

Росамі мыюцца раніцай,

Песцяцца сонцам паўднёвым.

Захадам модлы пакорныя

З маткай-зямлёй адпраўляюць;

Тайна у ночаньку чорную

Месяца, зор выглядаюць...

 

У сапраўднай паэзіі заўсёды як бы прысутнічае таямніца, парыванне ў невядомыя, загадкавыя далі. Знаёмыя, даўно зведаныя рэчы, з’явы як бы набываюць новае асвятленне, дадатковы таямнічы сэнс. Явар з калінаю «шэпчуцца» між сабой «небу панятлівай мовай», разам з «маткай-зямлёй» моляцца на схіле дня сонцу, якое, відаць, хаваецца за небакрай, а ноччу «месяца, зор выглядаюць». Гаворка, як бачым, ідзе аб з’явах маштабных, усясветных. Аб сэнсе жыцця, кахання. Напружаныя дактылічныя радкі верша выліваюцца ў вельмі мілагучную, песенную мелодыю, здольную глыбока закрануць струны душы чытача.

У купалаўскіх вершах гэтай плыні прадметна-жыццёвы аксесуар будзе вельмі просты, звычайны: тое якраз, што акружае чалавека ў яго штодзённым жыцці: зямля, вада, трава, дрэвы, сонца, вецер, святло дня, цемень ночы і г. д. Тым не меней названыя прадметы, з’явы як бы набываюць дадатковае асвятленне, бо словы, якія іх выражаюць, ставяцца ў кантэкст са словамі, вобразамі, што выклікаюць ва ўяўленні чытача шырокія, часам нечаканыя філасофска-паэтычныя асацыяцыі. У такіх вершах асабліва адчувальная стыхія музыкі. Змест верша «Дзве таполі», гэтак жа, як папярэдняга — «Явар і каліна», пераказаць немагчыма. Растуць за вёскай дзве таполі, гамоняць з вятрамі, шумяць лісцем, нарэшце засыхаюць. Верш пабудаваны на багацці рыфм, якія звіняць не толькі ў канцы радкоў, але і ўсярэдзіне, і менавіта гэты прыцемнены сэнс, багаты поўнагалоссямі, музыкай лад як бы надаюць вершу нейкую таямнічасць. Прывядзём яго цалкам:

 

Там, за вёскай, у полі дзве стаялі таполі,

Як адна дзве таполі стаялі,

І стагналі у полі сухавейна таполі,

Як адна, дзве таполі стагналі.

 

Аб Усходзе у полі ўсё шумелі таполі,

Як адна, дзве таполі шумелі,

І аб Захадзе ў полі лісцьмі пелі таполі,

Як адна, дзве таполі ўсё пелі.

 

Што пануюць у полі над дубамі таполі,

Як адна, дзве таполі пануюць.

Што начуюць у полі самаўладна таполі,

Як адна, дзве таполі начуюць...

 

Неба помсту у полі тут пачулі таполі,

Як адна, дзве таполі пачулі,

І навекі ў полі дзве заснулі таполі,

Як адна, дзве таполі заснулі.

 

У вершы з першых радкоў прабіваецца прытоены матыў трывогі за жыццё. Таполі не проста шумелі з вятрамі, а «сухавейна стагналі», у полі яны «пануюць» над дубамі, «самаўладна» начуюць. Прадчуванне трывогі ў заключных радках тлумачыцца нарэшце цьмяным напамінкам пра «неба помсту».

Зместам, або, як сёння гавораць, інфармацыяй, верш «Дзве таполі» не багаты. Але паўтораныя па два разы радкі, іх інтанацыйна-меладычнае гучанне, музыка шмат гавораць чалавечаму сэрцу. Пра тое найбольш, што шчасце на зямлі абмежаванае, недаўгавечнае, нават ілюзорнае.

Філасофскі па зместу і надзвычай дакладны злітымі ў адно гукавымі і жывапіснымі элементамі верш «Жніво», перакладзены на рускую мову М. Багдановічам. У ім Янка Купала, надзелены дарам музычнага выяўлення багацця, разнастайнасці жыцця, паказаў сябе і майстрам жывапіснай, рэчава-прадметнай пластыкі. Як многа, напрыклад, гавораць кожнаму, хто жыў у вёсцы ці хоць бачыў яе, першыя радкі верша «Наспелая постаць шчаслівых пасеваў за вёскай, на сонным лясоў рубяжы...» Малюнак вельмі дакладны зрокавымі рэаліямі: міжволі паўстае ў памяці разліў збожжавай нівы, асмужаная далеч, якая там, за гарызонтам, нібы агорнута сіняватай палоскай лесу.

Міфы нашых продкаў былі багатыя паэтычным зместам, хоць славянская міфалогія, магчыма, не стварыла такой разгалінаванай, багатай міфалагічнай спадчыны, як, напрыклад, стварылі яе старажытныя грэкі. Але далёкія нашы прародзічы, гэтак жа, як і іншыя народы, усю разнастайнасць прыродных з’яў падзялялі на дзве процілеглыя часткі. Свет дзяліўся на царства святла і цемры, дабра і зла, і ў гэтых вотчынах адпаведна ўладарылі добрыя і злыя багі, або, як іх называлі, Белабог і Чарнабог. «Дзіўная паняверка славян, калі яны на сваіх святах і гульбішчах носяць чашу па кругу, прамаўляючы над ёй словы — не скажу блаславення ці пракляцця,— у імя багоў добрага і злога, бо чакаюць ад добрага бога шчаслівай долі, а ад злога — нешчаслівай; таму злога бога нават называюць д’яблам або чорным богам»5.

Хрысціянскія царкоўнікі на працягу многіх стагоддзяў вытраўлівалі са свядомасці народа ўяўленні пра міфалагічных, язычаскіх багоў. Але да канца так і не вытравілі. Гэтыя ўяўленні бытавалі ў сялянскім асяроддзі яшчэ ў дваццатым стагоддзі.

Янка Купала, які надзвычай чуйна ставіўся да духоўных набыткаў народа, не мог у сваёй творчасці абмінуць міфалагічных павер’яў, што так моцна ўтрымліваліся ў памяці многіх пакаленняў. У зборніку «Шляхам жыцця» змешчаны верш «Чорны бог», дзе якраз і ідзе гаворка пра ўладара «дзікіх багнаў», які «вызваў пошасці, начніцы, цемрай заззяў». Няма сумнення, што Чорны, герой драматычнай паэмы «Сон на кургане», таксама вядзе паходжанне ад міфалагічных павер’яў, якія захаваліся ў народзе. З той жа крыніцы прыйшлі ў Купалаву паэзію русалкі, відмы, ваўкалакі, папараць-кветка і шматлікія іншыя вобразы народнай фантазіі.

Воўк у беларусаў займае асаблівае месца сярод астатніх дэманічных сіл. Не пазбаўлены яго вобраз і міфічнага значэння. Варта ўспомніць шматлікія казкі, дзе злую сілу найчасцей увасабляе воўк. Іначай, відаць, і не магло быць у народа, які жыў сярод лясоў, балот, хмызнякоў у суседстве з гэтым хітрым і асцярожным драпежнікам. Снежань у нашых продкаў называўся «воўчым месяцам». Успомнім Купалаў радок з «Кургана»: «У піліпаўку воўк нема вые...» Воўк прысутнічае ў шматлікіх мясцінах купалавай паэзіі, там якраз, дзе ідзе гаворка пра злыя, варожыя чалавеку сілы («Воўк», «Ваўкалак», «Зімою», «У піліпаўку» і г. д.).

Наяўнасць у жыцці розных чар, чарадзейных сіл, якія схаваны ад чалавечага вока заслонай таямнічасці, загадкавасці, нават неспазнанасці,— даніна светаадчуванню, светасузіранню, якое зноў жа бярэ пачатак ад сівых, старажытных часоў. Купала актыўна выкарыстоўвае гэтыя павер’і. Для паэта яны не толькі мастацкія вобразы, метафары, а і сродак пазнання жыцця, бо жыццё па сваёй сутнасці вялікая тайна і містэрыя. Грунтуючыся на міфалагічнай традыцыі, павер’ях, Купала піша вершы «У вечным боры», «Хохлік», «Заклятая кветка» і інш., якія арганічна ўпісваюцца ў паласу яго паэзіі з сучаснымі паэту сацыяльна-грамадскімі матывамі.

На двух вялікіх скрыжаваннях нарадзілася паэзія Янкі Купалы. Яе выклікала да жыцця сучасная паэту ява, абуджаная першай рускай рэвалюцыяй беларуская вёска з яе набалелымі сацыяльнымі, грамадскімі пытаннямі, патрабаваннем «зямлі і волі», «людзьмі звацца». З другога боку, паэзія гэта найбольш поўна зачэрпнула са скарбніцы народнага духоўнага жыцця, адчування і бачання ім навакольнага свету, увасобленага не толькі ў песні, казцы, легендзе, а і ў міфе, павер’і, рытуале таго ці іншага народнага свята.

Паэт чуйна прыслухоўваецца, напрыклад, да чарадзейнага, «заклікальнага» рытму замовы, загавору, ствараючы ў духу яго традыцыі зусім сучасныя вершы.

Услухаемся ў радкі з верша «Адцвітанне»:

 

Не шасцяць каласы,

Звон не валіцца з касы,

Не кладуцца ў стог пласты,

Толькі сыплюцца лісты

На яловыя кусты,

На сухія верасы.

 

Гукавая інструментоўка радкоў на «с» і «ц» стварае выразную ілюзію шэпту, выразы «на яловыя кусты», «на сухія верасы» як бы непасрэдна запазычаны з замовы.

Сказаным не адмаўляецца, што верш «Адцвітанне» — выдатны, яркі ўзор купалаўскай пейзажнай лірыкі з яе багатай малюнкавасцю і гукавой пластыкай.

На ўсім абсягу Беларусі рассеяны тысячы магільных курганоў. Курганы гэтыя, як вядома, насыпаліся ў гонар выдатных асоб — адважных воінаў, военачальнікаў, князёў, увогуле знатных людзей, якія чым-небудзь праславілі сваё імя... У паэме «Курган» Янка Купала намаляваў рамантычную, велічную фігуру гусляра, народнага заступніка, які, не забаяўшыся княжацкага гневу, не толькі не стаў пець яму хвалу і славу, а кінуў у твар суровыя словы абвінавачвання, як дэспату і прыгнятальніку народа.

У паэме «На куццю», якая, як і паэма «Курган», увайшла ў зборнік «Шляхам жыцця», сацыяльныя матывы нянавісці, адмаўлення свету паноў, іх фальшывай велічы і пыхі саступаюць месца матывам патрыятычным, і мы маем зусім іншую трактоўку вобраза князя, княжны, княжацкай дружыны. У гэтай паэме ўжо сам князь, а не гусляр, паўстае заступнікам народа, абаронцам славы роднага краю, яго велічнай мінуўшчыны.

Князь, князёўна, усе астатнія героі невялічкай паэмы «На куццю» — постаці міфічныя, цені людзей, «духі», яны паўстаюць перад намі нібы ў сне, у трызненні — гэта хісткія, пазбаўленыя жывой, рэальнай плоці здані:

 

Духі мінуўшчыны куццю

На старасвецкі лад спраўляюць.

Даўно бываламу жыццю

Дары належныя складаюць.

 

Паэма «На куццю» не стала мастацкай удачай Янкі Купалы, яна, так сказаць, знаходзіцца на перыферыі яго творчасці. У той жа час яна сведчыць пра гарачую любоў паэта да роднай зямлі, да яе далёкай сівой мінуўшчыны, якую ў духу міфа, легенды паэт іншы раз нават яўна ідэалізуе.

1979

1 «Вестник Европы», 1818, № 21, стар. 56.

2 Купала Янка. Шляхам жыцця. Пецярбург, 1913, стар. 2.

3 Тамсама, стар. 10.

4 Купала Янка. Шляхам жыцця. Пецярбург, 1913, стар. 14.

5 Афанасьев А. А. Поэтические воззрения славян на природу.— М., 1898, с. 92.


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 302-312
Крыніца: скан