epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Ад «прыватнасці» да гармоніі цэлага

Не, не дзеля пахвальбы ці імкнення да «лакіроўкі» мне хочацца распачаць свае нататкі з заявы аб тым, што сёння ў нас, беларусаў, добрая проза. Яшчэ гадоў дзесяць назад і чытачы, і крытыкі, дый самі пісьменнікі пагаджаліся з тым, што наша проза адстае ад паэзіі. А цяпер... Вось, скажам, часопіс «Полымя» — за адзін толькі мінулы год у ім надрукавана шэсць раманаў. А былі яшчэ аповесці і апавяданні ў перыёдыцы і новыя кнігі, якія выйшлі ў выдавецтвах. Гэта не толькі колькасны рост. Чытаючы новыя творы беларускіх празаікаў, параўноўваючы іх, аналізуючы, кожны раз пераконваешся ў тым, што бяскрылы натуралізм, ілюстрацыйнасць усё больш пераадольваюцца, пісьменнікі глыбей і паўней уваходзяць у народнае жыццё, у яго разнастайныя пласты і сферы.

Пісьменнікі не баяцца складаных, супярэчлівых пытанняў, у творах усё больш знікаюць вобразы-штампы, вобразы-схемы.

Адмаўляючы ў сваёй творчасці несастаяльную тэорыю «ідэальнага героя», памылковую канцэпцыю «маленькага чалавека», беларускія празаікі хочуць паказаць свайго сучасніка такім, які ён ёсць у сапраўднасці, раскрыць у вобразе героя, кажучы словамі рэдакцыйнага артыкула часопіса «Камуніст» (№ 10) «Искусство героической эпохи» «лепшыя якасці народа, прыгажосць яго думак, пачуццяў і спраў».

Такімі паўстаюць, напрыклад, доктар Яраш, журналіст Шыковіч і другія персанажы новага рамана Івана Шамякіна «Сэрца на далоні». Іван Шамякін заўсёды ўмеў востра і зорка бачыць сучаснасць, схопліваць і ўвасабляць у вобразах сваіх герояў яе адчувальныя рысы. Чатыры раманы напісаў гэты цікавы пісьменнік. Яго апошні раман «Сэрца на далоні» яшчэ адно пацверджанне праніклівай увагі нашай прозы да зрухаў, якія замацаваліся ў свядомасці людзей пасля ХХ з’езда партыі.

Лепшым творам беларускай прозы апошніх гадоў стаў раман Івана Мележа «Людзі на балоце». Ва ўвесь свой духоўны рост паўсталі ў ім простыя, звычайныя, на першы пагляд, як бы нават непрыкметныя героі. Якія багатыя россыпы думак, пачуццяў адкрывае ў іх душах пісьменнік! Героі рамана, гэтыя дзеці глухой палескай вёскі далёкіх дваццатых гадоў паказаны буйным, аб’ёмным планам, раскрываюць перад чытачом незвычайнае багацце свайго духоўнага свету.

У апошні час у беларускай крытыцы многа гаворыцца пра глыбіню псіхалагічнага аналізу, аналітычны метад раскрыцця і ўвасаблення жыццёвых з’яў. Псіхалагічны аналіз, дакладнасць рэалістычнага малюнка, здольнасць пісьменніка паглыбіцца ў характары сваіх герояў — рэальная заваёва нашай літаратуры, рысы, якія сфармаваліся пад вялікім уплывам рускай класічнай літаратуры. Але ці толькі псіхалагізмам вымяраецца мастацкая вартасць твораў? Бо калі гаварыць, напрыклад, пра тыя ж раманы Шамякіна і Мележа, то ў іх вельмі многа рамантыкі, лірыкі, акрыленасці. У Шамякіна рамантычны пафас адкрыты, празрысты, у Мележа — больш стрыманы, але і ў яго рамане прысутнічае арганічнае перапляценне разнастайных стылёвых сродкаў — паэзіі, лірыкі, добрай усмешкі, мяккага, пранікнёнага гумару.

Мне асабіста раманы Шамякіна і Мележа ўяўляюцца ўдалымі вопытамі злучэння «высокага», рамантычнага і «звычайнага». Між іншым, не толькі гэтым двум, зусім непадобным адзін на другога, пісьменнікам уласцівы такія якасці. А Янка Брыль, у якога псіхалагізм заўсёды суседнічае з лірыкай, мара — са строгай рэальнасцю? Шырокая палітра ў Васіля Быкава. У цесным адзінстве гераічнага і звычайнага малюе ён у сваіх творах карціны ваеннага часу.

Але вось — пытанне. Пры бясспрэчна ўзросшым майстэрстве беларускіх празаікаў, пры агульным высокім узроўні культуры беларускай прозы характараў сапраўды аб’ёмных, запамінальных, якія б па праву станавіліся прыкладам для пераймання, у нас сёння не так многа. У чым жа справа?

Не прэтэндуючы на ўсеабдымны адказ, хачу падзяліцца адным назіраннем. Часам яшчэ бытуе ў творчай практыцы нарматыўнае ўяўленне пра «дозы» ў мастацкім характары жыццёвага, рэальнага і прыўнесенага аўтарам — г. зн. рамантычнага. Рамантычнае ў такім выпадку разумеецца не толькі як выключнае, рэдкае, а і наогул неверагоднае. Але хіба гэта рамантыка? І ў мінулым было нямала твораў, у якіх падобны герой станавіўся на хадулі і ў самыя адказныя жыццёвыя моманты раптам зрываўся на «рамантычны» піск.

Рамантыка ў жыцці — гэта і мара, і парыванне, і самаахвярнасць, і палымяны роздум аб жыцці. Адымі ўсё гэта — і вобраз ператворыцца ў мёртвую схему, цень жывога, рэальнага чалавека.

Ці можа высокае, рамантычнае існаваць побач з будзённым і звычайным, побач з увагай мастака да паўсядзённага жыцця чалавека? Ці могуць высокія, сапраўды рамантычныя, гераічныя пачуцці суседнічаць з такімі, як спачуванне, смутак, сум, горыч?

Мне здаецца, не толькі могуць, але і павінны. Мастацкі твор павінен вызначацца эмацыянальнай паліфанічнасцю. І няма патрэбы задавольвацца адной якой-небудзь фарбай, калі само жыццё дае ўзор шматфарбнасці, багацця, разнастайнасці колераў. У гэтай сувязі яшчэ і яшчэ раз прыходзіць на памяць «Ціхі Дон» Міхаіла Шолахава.

У беларускай літаратуры таксама нямала прыкладаў, калі пісьменнікі, ствараючы вобразы, характары, не баяліся выдзеліць якую-небудзь смешную ці нават адмоўную рысу станоўчага героя. Вядомы ўсім школьнікам дзед Талаш, герой-партызан грамадзянскай вайны з аповесці Якуба Коласа «Дрыгва», іншы раз паўстае перад чытачом у смешным, камічным становішчы. Але хіба гэта зніжае абаяльнасць і жыццёвасць героя? Міхась Лынькоў напісаў некалі рамантычнае, якое стала хрэстаматыйным, апавяданне «Андрэй Лятун», вясёлае і журботнае адначасова, апавяданне пра чалавека, які аддаў усё жыццё любімай справе і цяпер у выніку старасці павінен ад гэтай справы адысці. Але хіба складаная эмацыянальная гама фарбаў зніжае глыбіню, змястоўнасць характара?

Мне здаецца, гэтыя прыклады цэльнага, арганічнага злучэння рамантыкі і адчувальных, рэальных рыс характара яшчэ раз пераканаўча сведчаць, што значныя вобразы, гераічныя характары ўзнікаюць на скрыжаванні розных стылёвых плыняў. Бо гутарка ідзе аб духоўным багацці нашага сучасніка, аб жыццёвай пераканаўчасці яго вобраза, стварэнне якога патрабуе ад пісьменніка мастацкага валодання ўсёй палітрай фарбаў.

1964


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 69-72
Крыніца: скан