epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Адно апавяданне

Імя Максіма Гарэцкага толькі ў апошнія гады становіцца вядомым шырокаму чытачу. Пасля надрукавання раманаў «Віленскія камунары» і аўтабіяграфічнай аповесці «Камароўская хроніка» мы як бы нанава адкрылі для сябе гэтага надзвычай цікавага і арыгінальнага мастака слова. А між тым, Максім Гарэцкі быў у ліку пісьменнікаў, якія закладвалі першыя цагліны ў падмурак беларускай прозы. Пра адно з апавяданняў Гарэцкага — «Літоўскі хутарок», якое было напісана ў 1915 годзе, у той час, калі пісьменнік знаходзіўся на руска-германскім фронце, мне і хочацца сказаць некалькі слоў.

Дарэвалюцыйнае беларускае апавяданне, прадстаўленае імёнамі Ядвігіна Ш. (А. Лявіцкага), Якуба Коласа, Змітрака Бядулі, было не надта разнастайным у жанравых адносінах. Псіхалагізм, глыбокае, шматбаковае бачанне жыцця толькі-толькі прабівалі ў ім сабе дарогу. Таму — скажу шчыра — я быў здзіўлены, калі некалькі гадоў назад прачытаў «Літоўскі хутарок» Максіма Гарэцкага. Па ўзроўню творчай культуры гэтае апавяданне можна было параўнаць хіба толькі з лепшым, што стварыў да рэвалюцыі ў прозе Якуб Колас — з яго апавяданнямі «Нёманаў дар» і «Малады дубок».

Гаворка ў творы Гарэцкага ідзе пра звычайную сядзібу Яна Шымкунаса, размешчаную недзе паблізу прускай граніцы, пра яе жыхароў — самога гаспадара Яна, ягоную жонку Даміцэлю, дачок Ядвісю і Монцю, а таксама салдат рускай арміі Ярмашчука і Дудзіка, феерверкера Сініцу, што сталі сваімі людзьмі на гэтым адзінокім хутары.

Спачатку хутарок знаходзіўся па гэты бок фронту, у межах баявых дзеянняў рускай арміі, потым прыйшлі салдаты кайзера Вільгельма, затым зноў вярнуліся рускія. Вайна парушыла мірны жыццёвы клопат жыхароў хутарка, прынесла ім незлічоныя пакуты. Пра ўсё гэта пісьменнік расказаў з такой чалавечай увагай да іх жыцця, побыту, з такім вялікім болем, спагадай да пакут простых людзей. І разам з тым у апавяданні няма ніякіх знешніх эфектаў, эмацыянальных «выбухаў». Усё ў ім проста, будзённа, звычайна. Але ж расказаць так — значыць валодаць найвышэйшым майстэрствам, быць рэалістам, псіхолагам у самым высокім значэнні гэтых слоў. Вось, скажам, сціслыя і па-мастацку ёмістыя партрэты дачок Яна Шымкунаса: «Чорненькая Ядвіся не была так прыгожа, як большая Монця, але яе бойкія, вясёлыя чорненькія вочкі, чырвона-смугленькія з ямачкамі шчочкі, дзяціна-капрызны са смяшком склад вуснаў, маладыя круглыя ручкі, гібкасць і крутасць паланялі салдатаў, не ведаўшых, чым і як ёй дагадзіць.

Беленькая Монця мела больш строгую красу і была сур’ёзней і неяк задумней. Гэта быў тып літвінкі. Прадаўгаваты тварык з шэрымі, сумнымі, удаўжонага разрэзу вачамі; круглы, але правільны нос; рот з рысамі, лёгка даючымі пакорліва-сумную ўсмешку; роўныя, зубы, доўгая, багатая, белакурая з завіточкамі каса.

Не кожны салдат рашаўся жартаваць з Монцяю».

Вось гэтую багатую «прадметнасць», «рэчавасць» бачання жыцця, высокую рэалістычную, псіхалагічную культуру і нёс у беларускую прозу Максім Гарэцкі, пісьменнік надзвычай таленавіты і глыбокі.

1968


1968

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 100-101
Крыніца: скан