epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Апавяданне мусіць шукаць

Відаць, не прыходзіцца спрачацца аб тым, што наша апавяданне, якое 7—10 год назад перажывала паласу «ўзлёту», за апошні час прыкметна здрабнела. Менш стала відавочных творчых удач, замоўклі многія аўтары, якія пачыналі свой літаратурны дэбют у якасці апавядальнікаў.

У артыкулах В. Бурана, Я. Герцовіча і некаторых іншых аўтараў я знайшоў даволі шырокі рэестр розных тэарэтычных выкладак, цытат, спасылак на прызнаныя аўтарытэты і нават пажаданняў у духу нарматыўнай крытыкі — як трэба і як не трэба пісаць. Але пры ўсёй гэтай, як мне здаецца, чыста знешняй бутафорыі, гэтыя артыкулы дзіўна бесклапотныя ў галоўным — у адказе на пытанне, чаму замарудзіла свой крок наша навелістыка.

Я. Герцовіч самы радыкальны сродак, каб прадухіліць інфляцыю апавядання, бачыць у тым, каб не друкаваць слабых твораў. В. Буран больш паблажлівы: трымацца межаў апавядальнага жанру і крытыкаваць пісьменнікаў-апавядальнікаў, нягледзячы на іх былыя заслугі.

Каб усё было так проста, было б яшчэ паўбяды...

Я ўважліва прачытаў артыкулы В. Бурана і Я. Герцовіча, як прачытаў і тыя апавяданні, якія яны рэкамендуюць у якасці лепшых узораў, і прыйшоў да сумнага вываду, што гэтым крытыкам не заўсёды спадарожнічае поспех ва ўменні адрозніваць літаратуру ад нелітаратуры. Карацей кажучы, бракуе добрага эстэтычнага густу. Ну, хіба ж гэта сур’ёзна — ставіць у адзін рад творы пакуль яшчэ малавядомага аўтара Н. Кедалавай і, можна сказаць, ветэрана апавядальнага жанру А. Кулакоўскага? А В. Буран ставіць і ўвогуле нанізвае прозвішчы, назвы твораў, як кажуць, па дзесятку на радок, не даючы сабе лішняга клопату разабрацца, чым добрыя і чым благія гэтыя творы. Я. Герцовіч па-свойму, з уласнай выдумкай і фантазіяй, пераказвае, напрыклад, змест лірычных апавяданняў, эцюдаў, а затым, на аснове гэтых фантазій, крытыкуе творы.

І зноў жа — самае галоўнае — не знайшоў у артыкулах В. Бурана (ён пачынаў дыскусію) і Я. Герцовіча роздуму аб працэсах, якія адбываюцца ў нашым сённяшнім жыцці, аб вядучых тэндэнцыях сучаснасці і адлюстраванні іх у літаратуры.

Мне хочацца прадоўжыць свае нататкі пра становішча сучаснага апавядання невялікім экскурсам у гісторыю літаратуры. Наша літаратура амаль не мае «чыстых» навелістаў, якія б не працавалі ў сумежных жанрах. Па гэтай прычыне ўзнікае пытанне аб тым, якое месца займае ў іх творчасці апавяданне, наколькі звязана яно з другімі празаічнымі жанрамі, скажам, раманам, аповесцю, што выходзілі з-пад пяра гэтых жа пісьменнікаў.

Апавяданне мела дваістую ролю ў творчасці такіх майстроў нашай прозы, як Якуб Колас, Кузьма Чорны, Міхась Лынькоў, Іван Мележ, Іван Шамякін, Аляксей Кулакоўскі, Янка Брыль, Піліп Пестрак, Аркадзь Чарнышэвіч, Янка Скрыган, Мікола Лупсякоў, Іван Пташнікаў, Алена Васілевіч і г. д. З аднаго боку, яно было як бы разведчыкам тэмы, якая знаходзіла далейшае ўвасабленне ў буйных празаічных жанрах. З другога — было цалкам самастойным, аўтаномным звяном у іх творчасці, па-мастацку адкрываючы, даючы «прапіску» ў літаратуры значным з’явам сацыяльнага, духоўнага жыцця, малюючы яркія, самабытныя характары, вызначаючы істотныя грамадскія настроі. Гэтая другая, самастойная роля апавядання была, як мне здаецца, важнейшай, чым першая, «разведвальная».

Якуб Колас сваімі дарэвалюцыйнымі апавяданнямі адкрыў цэлы свет беларускага вясковага жыцця, выявіў яго этычныя, маральныя асновы, слабыя і моцныя бакі ў сацыяльных паводзінах «мужыка», нарэшце, паказаў беларусаў-палешукоў як своеасаблівых «дзяцей прыроды» з іх наіўнымі, падчас смешнымі ўяўленнямі аб жыцці, цэльны, непасрэдны іх характар і г. д.

Такім жа значным уяўляецца творчы вопыт Кузьмы Чорнага, шматлікія апавяданні якога паказваюць абуджаную Кастрычнікам вёску ва ўсім кіпенні яе сацыяльных і чалавечых страсцей, яе духоўных, маральна-этычных пошукаў.

У сваіх апавяданнях Кузьма Чорны вельмі многа эксперыментаваў, пранікаючы ў глыбіні свядомасці і падсвядомасці, выяўляючы сувязь думкі і пачуцця, нават самага мімалётнага, даследуючы сам ход нараджэння пачуцця, настрою, думкі. Апавяданні гэтага буйнага празаіка, яшчэ недастаткова вывучаныя і ацэненыя, з’яўляюцца найвыдатнейшай старонкай у яго творчай спадчыне.

Міхась Лынькоў напісаў незабыўныя, што даўно ўжо зрабіліся хрэстаматыйнымі, апавяданні аб выпрамленні «маленькага» чалавека ва ўмовах сацыялістычнай рэчаіснасці. Яркія, поўныя драматычнага пафасу, гумару, лірыкі, з музыкальным, напеўным ладам фразы, гэтыя апавяданні па-чалавечы душэўна, тонка перадаюць атмасферу рэвалюцыйнай маладосці нашай краіны, малююць духоўны воблік пакалення, якое сёння ўжо з’яўляецца старэйшым...

Такім чынам, апавяданню ўласціва шырыня сацыяльных, духоўных, этычных пошукаў. Яго вытокамі з’яўляюцца значныя з’явы сацыяльнага, грамадскага жыцця і роздум мастакоў аб ім.

Але жыццё не стаіць на месцы. Кожнае новае пакаленне прыносіць у яго штосьці новае, невядомае раней. У моманты змены грамадскай псіхалогіі, зрухаў, якія адбываюцца ў грамадскай свядомасці, заўсёды нараджаюцца духоўныя каштоўнасці, якія здольны ў першую чаргу даць жыццё апавяданню.

У пэўнай ступені нядаўні «ўзлёт» беларускага апавядання быў звязаны з прыходам у літаратуру плеяды здольных празаікаў, самаму маладому з якіх сёння пераваліла ўжо за трыццаць. Яны па-рознаму, але ўвогуле таленавіта расказалі аб дзяцінстве, абпаленым ваеннымі і пасляваеннымі нягодамі. У гэтых апавяданнях была добрая канкрэтнасць побыту, шчырасць пачуцця, перажывання.

Гэтыя апавяданні былі ў добрым сэнсе біяграфічнымі, яны абапіраліся на бачанае, перажытае, нават на канкрэтны факт, выпадак. І нічога кепскага не здарылася. Набрыняўшы жывымі сокамі побыту, рэаліямі жыцця, апавяданне стала па-мастацку больш праўдзівым, пераканаўчым. Відаць, не трэба забываць, што паласа апавяданняў, якія нарадзіліся ў 50—60 гг., былі пэўнай рэакцыяй на схематызм, ілюстрацыйнасць некаторых твораў папярэдняга перыяду.

З чым сутыкнулася сённяшняе апавяданне, чаму яно пачало прыкметна драбнець? Чаму з сённяшняга беларускага апавядання знікае востры сацыяльны канфлікт, уласцівы яму ў 20—30-я гады, замяняючыся канфліктам, калі можна так сказаць, маральна-этычным?

Прычын, відаць, многа як аб’ектыўных, так і суб’ектыўных. Наша рэспубліка імкліва развіваецца ў індустрыяльным напрамку. Карэнным чынам змяніўся класавы, дэмаграфічны склад насельніцтва. Выраслі дзесяткі буйных заводаў, электрастанцый, фабрык, розных іншых прамысловых прадпрыемстваў. Прафесія настаўніка, урача, інжынера, механізатара стала самай звычайнай прафесіяй. Кожны выпуск дзесяцігодкі, вышэйшай навучальнай установы прыбаўляе колькасць людзей, светаўспрыманне, светаадчуванне якіх істотна адрозніваецца ад адчуванняў і запатрабаванняў, скажам, селяніна-аднаасобніка. Карацей кажучы, у нашым грамадстве ідзе няўхільны працэс росту асобы, пашыраецца яе духоўны дыяпазон.

Формы гарадскога жыцця пашыраюцца, распаўсюджваюцца на вёску, і гэтая імклівая урбанізацыя, трэба сказаць, застала літаратуру ў пэўнай меры знянацку.

Таму, як мне здаецца, глыбока памыляюцца В. Буран і Я. Герцовіч, калі не раяць пісьменнікам пісаць пра «наведванне родных мясцін і сяброў маленства». Як бы ў процівагу пажаданням крытыкаў даўно вядомы сюжэт «я посетил родимые места, ту сельщину, где жил мальчишкой» вельмі распаўсюджаны не толькі ў сучаснай беларускай паэзіі, але і ў прозе. І вяртаюцца пісьменнікі на сцежкі маладосці не толькі таму, што ніякіх другіх яны пакуль не ведаюць. Ведаюць. Але добрае апавяданне напісаць не проста. Трэба мець улюблёнасць, закаханасць у той жыццёвы матэрыял, за які бярэшся. Зварот пісьменнікаў да тэмы дзяцінства, падарожжы ў маладосць, на першы погляд, мімалётныя наезды ў вёску, якіх нямала ў сучасных апавяданнях, як ні дзіўна, нясуць з сабой асэнсаванне працэсаў і тэндэнцый сучаснасці, новых павеваў і зрухаў у грамадскім жыцці. Успомнім апавяданні Б. Сачанкі, І. Чыгрынава, М. Стральцова, А. Кудраўца, М. Капыловіча, М. Вышынскага. Так ці іначай у творах гэтых пісьменнікаў ёсць пэўнае параўнанне таго, што было ў вёсцы дваццаць, дзесяць гадоў назад з тым, што ёсць сёння, ёсць некаторае асэнсаванне жыццёвых тэндэнцый.

Сфера маральна-этычнага жыцця таксама нясе ў сабе прыкметы сацыяльнасці. Супярэчнасці, канфлікты інтымнага жыцця займаюць у сённяшнім апавяданні прыкметнае месца. Думаецца — гэта натуральна. Вырас свет асобы, кола яе этычных і эстэтычных запатрабаванняў. Дарэвалюцыйнае беларускае апавяданне амаль не выдзеліла самастойнай любоўнай тэмы. Такая тэма ўпершыню паяўляецца ў апавяданнях дваццатых гадоў. Герой сучаснасці стаў яшчэ больш «далікатным», інтэлігентны ў сваіх пачуццях, адчуваннях, і гэта не магло не адбіцца на сучасным апавяданні. У лепшых нашых апавяданнях аб каханні (успомнім хоць бы «Галю» Я. Брыля) прысутнічае атмасфера маральна-этычных пошукаў грамадства, яго духоўныя ідэалы. А гэта не так і мала.

Адным словам, не магу пагадзіцца з крытыкам Я. Герцовічам, які духам свайго артыкула сцвярджае, што ў сферы інтымнага жыцця, у сузіранні, паэтызацыі прыроды апавяданню не суджаны сур’ёзныя ўдачы. Багаты духоўна чалавек бачыць вакол сябе багаты, рознакаляровы свет, з якім ён цесна і непарыўна звязаны. Можна цудоўна напісаць і пра збор грыбоў, і пра лоўлю рыбы, і пра звычайную паездку ў лес, і ніякага так званага пасіўнага сузірання не будзе. Калі чалавек умее бачыць, адчуваць прыгожае, разлітае ў наваколлі, то гэта можна назваць іншым словам, чым пасіўнае сузіранне.

Большасць апавяданняў Тургенева, як і яго раманаў, аповесцей, не абыходзяць кахання. Але мары тургенеўскіх гераінь заўсёды ідуць побач з уяўленнем пра чалавека, характар якога нясе штосьці новае, нязнанае раней, увасабляе новыя зрухі ў грамадскай свядомасці.

Я не ўяўляю, як можна пісаць пра моладзь, юнацтва, не пішучы пра каханне. Другая справа, што многія сучасныя апавяданні, якія раскрываюць свет інтымных, асабістых адносін, ардынарныя, прымітыўныя, не маюць глыбокай маральна-этычнай асновы. Яны не нясуць значнай думкі, таму сацыяльная вага іх мізэрная.

Адстайваючы права апавядання на паказ інтымнага жыцця, паэтызацыі прыроды, прыгажосці навакольнага свету, я зусім не хачу сказаць, што гэта — магістральны шлях развіцця нашай навелістыкі. Проста не трэба абламваць жывое дрэва, на якім могуць быць і большыя і меншыя галіны.

Гэта праўда, што мы засумавалі па значным характары, па герою, якога б адкрыла апавяданне і які б стаў прыкладам для пераймання. Пакуль яшчэ амаль не вядзе нас апавяданне ў лабараторыю вучонага, у фабрычны ці заводскі цэх, ды і традыцыйнай для беларускай літаратуры вясковай тэме ўдзяляе ўвагу яўна недастатковую. Пра гэта трэба гаварыць і пісаць, але, як вучыць мудрая пагаворка, не трэба выкідваць разам з бруднай вадой і дзіцянё.

У апавядання свой мастацкі «мікрасвет», свае адметныя стылёвыя сродкі. Яны непаўторныя, разнастайныя і залежаць ад жыццёвага матэрыялу, які кладзецца ў аснову апавядання, ад эстэтычнай, эмацыянальнай ацэнкі гэтага матэрыялу пісьменнікам. У апавяданні, скажам, значна большую ролю, чым у рамане, аповесці, іграе «настрой», інтымны лад фразы, дэталь, падтэкст, эмацыянальна-ацэначнае слова. Для сучаснага апавядання не прайшла дарма «школа» Чэхава — яно імкнецца да сцісласці, лаканічнасці, да павышэння ўдзельнай вагі кожнай фразы.

У той жа час пошукі апавядання — не пошукі жанравай формы, як вынікае з некаторых сцвярджэнняў В. Бурана. Апавяданне мусіць шукаць — раскрываць новыя жыццёвыя з’явы, адкрываць новых герояў, даваць ім мастацкую прапіску ў літаратуры. А жанравыя, стылёвыя і іншыя адзнакі мастацкай формы будуць залежаць ад таго, што знайшоў пісьменнік, як ён здолеў паглыбіцца ў працэсы нашай хуткаплыннай явы.

1969


1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 120-126
Крыніца: скан