epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Апошняя восень

І
ІІ
ІІІ
IV
V
VI
VII
VIII
Х


І

Васіль пакінуў рамонтную брыгаду за тыдзень да пачатку заняткаў. Ён, відаць, сам не здолеў бы растлумачыць, чаму так зрабіў: грошы трэба, у сям’і шэсць чалавек, і бацька, які служыць на станцыі стрэлачнікам, сваёй зарплатай усіх не абагрэе. А тут яшчэ чуткі: у школе будуць браць плату за навучанне. Нібыта ад восьмага да дзесятага класа.

Васіль якраз і перайшоў у восьмы. Яму шаснаццаты год, з выгляду ён рослы, шыракаплечы і пачынае ўбірацца ў сілу. Чацвёртае лета пад час канікул ён ходзіць на чыгунку: спачатку ссякаў між шпалаў траву, зносіў са станцыйных пуцей жужаль, а з мінулага года яго ўзялі ў брыгаду. Тут ён рабіў як усе: мяняў шпалы ці падбіваў пад іх баласт, напінаючыся з усіх сіл, цягнуў за канат лябёдкі, калі разгонкай — пастаўленай на кольцы доўгай рэйкай — звужалі стыкі рэек.

Летась Васіль канчаў работу на гадзіну раней — дзейнічаў закон аб рабоце непаўналетніх. Пуцейцы сама паглядвалі на сонца, чакаючы канца змены, а ён кідаў рыдлёўку або кірку і з незалежным выглядам шыбаваў дадому. Сёлета закон адмянілі: Васіль разам з усімі працаваў па восем гадзін. Парадкі сталі больш жорсткія: за спазненне на пятнаццаць хвілін судзяць, вылічваюць з зарплаты, і наогул шмат чаго на свеце перамянілася за апошні год.

Раніца яшчэ дыхае начной прахалодай, на полі — асабліва па лагчынах — шызыя астраўкі туману. Сонца толькі-толькі падымаецца. Дзень абяцае быць ясным, сонечным, і Васіль загадзя радуецца, што ў такі прыгожы дзень будзе блукаць па верасах. Яны цяпер пачынаюць цвісці.

Да лесу Васіль ідзе па чыгунцы. Лес далекавата — вярсты тры. Мястэчка — немалое паселішча: галоўная Савецкая вуліца па даўжыні, мабыць, не саступіць вуліцы Горкага ў Маскве, якую Васіль бачыў, калі летась ездзілі з бацькам купляць крам. А ёсць жа ў мястэчку яшчэ некалькі другіх вуліц і завулкаў. Вядома, раўняць іх з маскоўскімі можна толькі па даўжыні, бо нішто астатняе параўнацца не можа.

Некалі лес, відаць, падступаў да самага мястэчка, але яго высеклі, каб было болей поля, бо іначай нельга было пракарміцца.

На чыгунцы і ўзбоч яе кожны шматок вядомы, чымсьці нават прылучаны да Васілёвага жыцця. Па кустах, што густа растуць на паласе адчужэння, ён лазіў, вышукваючы птушыныя гнёзды, у лагчыне пасвіў карову, у дубовым гайку, які віднеецца сярод поля, вырэзваў кійкі; на ўсім прасцягу ад Раманавай да Барсуковай будкі — яна стаіць ужо сярод лесу — няма на чыгунцы мясціны, дзе б ён з пуцейцамі ні раскідаў баласт, ні мяняў шпалы, ні бавіў перакураў, лежачы на шорсткай траве, на адхоне насыпу, слухаючы размовы пуцейцаў.

Лес ужо ў перадасеннім задуменні. Можа, сум па лесе і ёсць прычына, што Васіль трохі паспешліва кінуў брыгаду. Васіль адчувае: па меры сталення прыбаўляецца абавязкаў і звужаюцца абсягі свабоды. А лес — прастор для духу, вандруючы між соснаў па ружовых верасах, можна як бы зусім адлучыцца ад звычайнай плыні жыцця, аддаўшыся пад уладу лятункаў і мар.

Васіль — летуценнік. Куды толькі не заносілі яго развагі і трызненні, у якія нязвычныя становішчы не трапляў ён дзякуючы сваёй нястрымнай фантазіі! Найлепш думаецца на адзіноце, у лесе, калі ніхто не перашкодзіць, не саб’е хісткую, ценькую ніць, што сама сабой снуецца ў душы. Не ў прыклад мінулым гадам за ўсё лета Васіль толькі два разы быў у лесе. Брыгада замінала. Дый грыбоў малавата. Нешта сёлета слаба растуць.

Удалечыні віднеецца складзеная з гладкай чырвонай цэглы Барсукова будка. На тым месцы, дзе поле канчаецца і пачынаецца лес, Васіль збочвае з насыпу. Учора брыгада збівала тут стыкі, яна і сёння прыедзе на гэтае месца, і Васіль ловіць сябе на адчуванні, што не хоча спатыкацца з пуцейцамі. Калі ён выйдзе з лесу, яны яшчэ будуць гахаць рэйкай па жалезнаму кліну, загнанаму ў зазор стыка, і каб не бачыць іх, ён вернецца дадому пясчаным шляхам.

На гэта таксама ёсць прычына. Васілю не хочацца трапляць на вочы брыгадзіру пуцейцаў Скарынкіну. Брыгадзір з выгляду хмуры, суровы, з-пад яго навіслага лба жорстка пазіраюць чорныя вочы, але Васіль ведае — чалавек ён мяккі і абыходлівы. І ўсё адно няёмка з ім сустракацца. Вінават крываногі Сашка, сын Скарынкіна, якога Васіль узяўся падцягваць па рускай мове.

Васілёва рэпетытарства пачалося шчэ мінулым летам. Тады ён вучыў другога хлопца. Яму нават прыемна ўспамінаць, як, вярнуўшыся з работы, паабедаўшы, ён запрашаў Мішку Бычка, свайго недалёкага суседа, у хлеў, на сенавал, і там дыктаваў яму бясконцыя дыктоўкі. Праз шчыліны між бярвеннямі прабіваліся праменні ўжо нізкаватага сонца, было відаць, як у светлых пасачках плаваюць розныя парушынкі. Яны абодва ляжалі на сене, розніца была ў тым, што, трымаючы ў руках рускую граматыку, Васіль дыктаваў, а Мішка пісаў у спецыяльна заведзеным тоўстым сшытку, а пасля Васіль чырвоным алоўкам выпраўляў памылкі.

Памылак напачатку было многа, бадай, у кожным слове, дзе трэба пісаць «о» Бычок крамзоліў «а», і Васіль доўга вучыў яго ставіць слова пад націск, каб даведацца, як яго пісаць правільна.

На гэтае і іншыя правілы Васіль даў Бычку, можа, сотню дыктовак, цешачыся ад думкі, што яшчэ год назад яны разам насілі здаваць у краму бутэлькі, куплялі за іх цукеркі-падушачкі, елі, па чарзе выцягваючы з папяровага мяшэчка, а цяпер Бычок вучань, а ён, Васіль, настаўнік.

Бычок вытрымаў пераэкзаменоўку, а Васіль атрымаў першую настаўніцкую плату — трыццаць рублёў. Пра яго па іх канцы вуліцы пайшла слава як пра адменнага рэпетытара, і калі сёлета падрыхтоўку на восень далі Сашу Скарынкіну, брыгадзір пуцейцаў папрасіў Васіля пазаймацца з сынам, не пашкадаваўшы заплаціць наперад пяцьдзесят рублёў.

Васіль стараўся яшчэ болей, чым летась, але крываногі Саша — не Міша Бычок. Ён не прачытаў ніводнай кнігі, і тое, што яму ў адно вуха ўваходзіла, з другога зараз жа вылятала. Нягледзячы на Васілёва старанне, экзамен па рускай мове ён, як і вясной, праваліў, астаўшыся ў сваім пятым класе. А Васілю сорамна. Таму ён не хоча сустракацца ні з брыгадзірам, ні з пуцейцамі.

Лес пачынаецца пяццю вялізнымі дубамі. Пазалетась Васіль проста так звярнуў пад гэтыя дубы і вачам не паверыў: на чыстым, пакрытым травяністым дзёрнам доле расло некалькі крамяных, як капыты, моцных баравікоў. Яны вытыркнуліся на самым відавоку, раслі, можа, цэлы тыдзень, іх мог зрэзаць кожны, хто б зазірнуў пад дубы, але шчасце як бы чакала аднаго Васіля.

З таго часу Васіль заўсёды завітвае пад дубы. Баравікі тут болей не паказваюцца, але надзея падштурхоўвае: Васіль увогуле не абмінае ніводнай мясціны, дзе калі-небудзь яго напаткала ўдача. Гэта адбірае шмат часу, другія грыбнікі з ходу рвуцца падалей, паглыбей у лес, а ён ніяк не можа здрадзіць прывычцы.

Лес, у які Васіль увайшоў, называецца Палякоў Рог. З левага боку, ад чыгункі, ён пачынаецца мокрым алешнікам, з правага — ад шляху, цягнецца палоска грабняку, за якім вачам адкрываецца прасцяг бору. Бор не зусім чысты: побач з купчастымі соснамі дзе-нідзе трапляецца бяроза; у адным месцы стаіць нават высокі спарахнелы ліпавы пень. Многа дзівос у лесе. Па другі бок пясчанага шляху, які вядзе ў пабудаваную ўкраінцамі-перасяленцамі вёску Макаў, зусім іншае царства: дубовы гай, зарослае рудой асакой балотца, імшысты, з багуном, кусцікамі буячніку сасоннік.

У Палякоў Рог, заціснуты паміж макаўскім шляхам і чыгункай, Васіль ходзіць з дзяцінства. Тут усё знаёма да дробязей. У бары дол заслан густым чарнічнікам, вечназялёным барвенкам, местачковая басота вандравала сюды па ягады. Падвязаныя да паясоў гладышыкі, перагукі праз кожную хвіліну, хлопцы ўперамешку з дзяўчаткамі — тое было даўно і адышлося.

Цяпер Васіль не любіць талакі. Лес існуе для таго, каб быць з ім адзін на адзін. З кожным годам Васіль пашыраў абсягі сваіх вандровак. І цяпер, не баючыся заблудзіцца, адыходзіць ад мястэчка вёрст на дзесяць — пятнаццаць, пад макаўскія ваколіцы і нават далей.

Прабегшы бор, пакруціўшыся па мясцінах, дзе пашэнціла падняць пару баравічкоў, ён нарэшце пераскоквае пясчаны макаўскі шлях, паглыбляючыся ва ўладанні, якія адкрыў сам: у бясконцыя маладыя сасоннікі, беразнякі з разлівам ружовых верасоў на доле. Тут можна гадзінамі блукаць, не сустрэўшы ніводнай жывой душы.

Сонца тым часам вісіць над лесам, неба сіняе, чыстае, па ім плывуць рэдкія белыя аблачынкі. Такія ясныя, не надта спякотныя дні толькі і бываюць на схіле лета, калі прырода як бы выстаўляе напаказ сваю бязмежнасць і шырыню, безліч сваіх фарбаў, красак, прыкметней, чым калі-небудзь у другую пару, змякчаючы іх, змешваючы ў адну непадзельную гаму. Васіль любіць верасы і сасоннікі, за пачуццё прастору, якое яны нараджаюць у душы, за ціхую музыку, што нібы ўзнікае сама сабой і нячутна звініць у глыбіні істоты.

Тут, на верасах, адразу пачынае гучаць даўно зведаная музыка. У вяршалінах стройных бярэзінак праглядвае пазалота, пад кожнай з іх кружок апалага лісця, верасы цвітуць далікатным сіне-барвовым полымем, трапляюць дзе-нідзе ўкрытыя шызым мохам-лішайнікам пляшыны жаўтаплёсаў, маўкліва, як бы прыслухоўваючыся да саміх сябе, стаяць па верасе рэдкія хвоі.

Над галавой бязмежная сінеча неба, і наступае поўная суладнасць душы з усім гэтым бачным прасторам, з яго колерамі і адценнямі, пахам і цішынёй. Можа, адсюль і нячутная музыка, якую нараджае зямля і неба.

У Васіля іншы раз узнікае пачуццё, што даўно-даўно, як бы ў нейкім другім жыцці, за межамі знаёмага верасовага абсягу, ён ужо штосьці падобнае адчуваў, перажываў і яно зноў нахлынула смутным напаўзабытым успамінам. Што гэта? Няясныя зовы крыві продкаў, якая струменіць у яго жылах і нагадвае, што далёкія сваякі таксама вандравалі па верасовых абсягах і адчувалі тое самае, што цяпер адчувае ён. Ці, можа, проста падман пачуццяў?

А краявід прыгожы. То ў адным, то ў другім месцы вынікае бярозавы гаёк, высокая, з купчастым верхам, пакінутая на насеннік сасна, затым зноў цягнецца сасновае рэдкалессе, зарослыя нізкаватым вераском выгары, лясныя паломы. Прастор бязмежны. Тым часам зямля, хоць прыгожая, але пустая — суцэльны пясок, і, акрамя верасу, хвайняку ды рэдкіх бярэзнічкаў, нішто другое тут не расце.

Грыбы ўсё ж зрэдку трапляюцца. Баравікі старыя, вялікія, з чорнымі ці белавата-жаўтлявымі шапкамі, яны надзейна прыкрыты пасмамі ружовага верасу. Толькі пяць ці шэсць такіх падняў Васіль, і ўжо амаль палавіна кошыка.

На прасторы верасоў лёгка, хораша думаецца. Можа, нават не ў думках, не ў развагах справа, а ў нязвычна вострым адчуванні жыцця, імклівая плынь якога проста мільгаціць уваччу. Колькі за адзін толькі год усяго адбылося! Заключан дагавор з Германіяй, вызвалены заходнія беларусы і ўкраінцы, зведзены на нішто пошукі белафінаў — цяпер Ленінград можа ўздыхнуць спакойна. Не менш важныя падзеі выніклі ў апошнія месяцы. Літва, Латвія, Эстонія, Бесарабія, што на школьных геаграфічных картах былі заўсёды заштрыхованы жоўтымі паскамі, як незаконна захопленая тэрыторыя,— усе гэтыя краіны зноў сталі савецкімі. Дух захоплівае ад велічы, грандыёзнасці падзей. Гісторыя творыцца на вачах, і Васіль нібы адчувае асабістую адказнасць, прылучанасць да спраў сваёй вялікай краіны.

А на свеце палыхае ўжо вогнішча ваеннага пажару. Добра быць савецкім грамадзянінам магутнай, неабсяжнай дзяржавы, на якую ніхто ніколі не адважыцца напасці. Нават Гітлер, што шчэрыў зубы на Савецкі Саюз, як толькі дарваўся да ўлады, быў вымушан у апошні год павярнуць аглоблі.

Можа таму, што Васіль уступае ў паласу юнацтва, маладосці, ён горача, зацікаўлена думае пра ўсё, што робіцца на свеце. Ён цяпер у восьмым класе, не такі далёкі час, калі прыйдзецца развітацца з мястэчкам, з гэтым вось ружовым верасам, хвайнякамі, грыбамі. Недзе тут, пад час трызненняў пра вырай з родных аселіц, Васіля ахоплівае смутная трывога. Ён не адзін, у яго два найлепшыя, найбліжэйшыя сябры, якіх толькі можа падараваць раніца жыцця, а яны вучацца ў дзесятым класе. Для іх час вылету блізка, і Васіль нават уявіць сабе не можа, як будзе жыць без іх. Ён спрабуе забегчы думкай наперад, пабачыць сябе аднаго на працягу тых двух гадоў, калі астанецца без Івана Скварчэўскага і Сцяпана Бронькі, даўніх сваіх сяброў-таварышаў, але нічога не атрымліваецца. Уяўленне буксуе, малюнак расплываецца, наперадзе мігцяць нейкія белыя пісягі.

Многа разоў спрабаваў Васіль, вось як зараз, прыкінуць у думках сваё бытаванне ў абсягу бліжэйшай будучыні, заканчэнне школы, і вынік заўсёды аднолькавы — пустата. Яму аж страшна робіцца. Няўжо чалавеку дадзена адчуваць сябе ў мінулых пакаленнях і нават зазіраць у свой наступны дзень? На чым такая здольнасць грунтуецца? Для мінулага яшчэ можна знайсці вытлумачэнне: кожны чалавек неяк паўтарае дзядоў, прадзедаў, а для будучага?..

Зрэшты, самотныя ці вось такія няпэўна-трывожныя развагі, адчуванні — толькі хваля ў імклівай рацэ ўсеўладнага прыняцця жыцця, якое толькі пачынае разгортваць перад Васілём свае прывабныя, хвалюючыя далі. Свеціць сонца, паветра напоена незвычайнай чысцінёй, празрыстасцю, шасціць пад нагамі верас, і няма ніякай патрэбы вярэдзіць душу рознымі здагадкамі.

Яшчэ здалёк бачыць Васіль тры чорнагаловыя баравікі: яны сядзяць разам, невялікім трохвугольнікам на зарослым жорсткім ціпцам лапіку. Карэнні тугія, цвёрдыя, і шапкі спадыспаду ў грыбоў белыя, не паспелі пазелянець. Гэтыя тры баравікі яго лепшая сённяшняя здабыча. Будзе чым пахваліцца дома.

Васіль далёка зайшоў, аж пад Салахоў хутар. Вёрст дзесяць ад мястэчка ці нават болей. Ніякага тут хутара цяпер няма, стаіць на зарослым пустазеллем полі некалькі ігруш-дзічак, на былым дворышчы зруб закінутага калодзежа, друз, цэгла ад былой сядзібы.

Тым часам есці хочацца, дый сонца вісіць над самай галавой. Васіль паварочвае назад. Кошык у палавіне, але па дарозе яшчэ што-небудзь трапіцца. Калі ён не знойдзе баравікоў, падасінавікаў, то дасць трохі круку і каля Галістравай лужы набярэ таваранкаў. У такую пару яны сама растуць на нізкіх балацявінах. Таваранкі — грыбы не надта, смажыць іх нельга, можна толькі сушыць, але лепш імі дапоўніць кошык, чым прыйсці дадому з напалавіну пустым.

Васіль выцягвае з кішэні загорнуты ў паперу пакуначак. Калі набегаешся па лесе, адчуваеш лёгкую стому ў нагах, то няма лепшай насалоды, чым дастаць зашэрхлы, зачарсцвелы акрайчык куплёнага магазіннага хлеба і пакрысе, не спяшаючыся, адкусваць па невялікім кавалачку. Не трэба ніякія прысмакі, хлеб замяняе іх усе: ён трошкі пахне дымам, алеем, кіславаты на смак, і яго як раз хопіць, каб зноў адчуць у нагах пругкую сілу.

У светлым, як бы па-святочнаму апранутым бярэзніку напалавіну абваленыя, абымшэлыя акопы. Яны засталіся яшчэ з часу польскай вайны. Калі белапалякаў выганялі, два ці тры тыдні фронт стаяў тут, белапольская артылерыя біла па мястэчку, спаліўшы паўднёвую палавіну цяперашняй Савецкай вуліцы разам са старажытнай царквой. Пра гэта Васіль ведае з апавяданняў бывалых местачкоўцаў.

Пашастаўшы па акопах, Васіль выхапвае з-пад моху белы на доўгай пакручанай назе баравік, некалькі падасінавікаў. Зварочваць на Галістраву лужу, мабыць, не прыйдзецца.

Напоены сонечным святлом бярэзнік — асаблівая мясціна. Калі Васіль завітвае ў яго, ва ўяўленні, выклікаючы ціхую радасць, нязменна выплывае вобраз Надзі Мядзёлкі. Можа таму, што з Надзяй у Васіля даўно пачаліся нейкія адносіны, а яго вандроўкі ў лес адыгралі ў гэтых адносінах не апошнюю ролю.

Яшчэ нават гэтай вясной Надзя жыла пры лесе. Паміж Раманавай і Барсуковай будкамі ў шчыльным акружэнні разлапістых дубоў стаяў хутарэц — звычайная хата, хляўчук, гумно. З Надзяй Васіль ніколі разам не вучыўся, яна ідзе на клас вышэй, хоць яны аднагодкі. Але тое, што Васіль любіць вандраваць па лесе, спрыяла іхняму знаёмству. Калі ён вяртаўся з лесу, то часта сустракаў Надзю — яна то корпалася на агародзе, то пасвіла карову — і, убачыўшы Васіля, абавязкова зачэплівала яго якім-небудзь словам. Часцей насмешлівым, хоць вочы праменіліся несхаванай прыязню.

Мінулым летам, напаткаўшы Васіля ў Мульменкавым садзе, яна ўпершыню сказала штосьці сур’ёзнае. «Чаму ты ходзіш босы? — нездаволена спытала тады яна.— Ты ж работаеш у брыгадзе, то хіба на чаравікі не заробіш? І кепку скінь, яна табе не ідзе. Летам трэба хадзіць без шапкі...»

Надзя гаварыла так, нібы ён, Васіль, быў яе братам ці якім-небудзь блізкім чалавекам. Было прыемна ад яе слоў.

Сёлетнім летам, калі Васіль першы раз выбраўся ў лес, пад тымі вунь ракітавымі кусцікамі ён знайшоў кавалак парыжэлай раённай газеты з фотаздымкам Надзі і маленькай заметачкай пад ім: «Яна ездзіла ў «Артэк». Газета пад дажджамі, снегам праляжала цэлы год, малюнак быў бляклы, невыразны, але ў ім усё ж можна было пазнаць танклявую Надзіну постаць.

Васіль тады міжволі здрыгануўся ад смутнай радасці. Надзя, як і ён, дачка чыгуначніка, яе бацька — высокі, маўклівы чалавек — працуе на вугальным складзе. У Надзі ёсць старэйшая сястра — яна стаіць за прылаўкам станцыйнага буфета — і вельмі падобная на Надзю: такі ж круглаваты прыгожы твар, гэтак жа, як яна, бывае то задуменна-самотнай, то нейкай вогненна-вясёлай. Можа таму, што ў буфеце працуе Надзіна сястра, Васіль любіць туды заходзіць. Ён увогуле любіць пакрыты бляхай, пафарбаваны ў жоўты колер станцыйны дом, у якім пад адным дахам размешчаны пакой дзяжурнага, білетная каса, чакальная зала і буфет.

Дзіўна тое, што перш чым знайсці газету, Васіль якраз думаў пра Надзю, думаў, што пуцёўку Надзі далі хутчэй за ўсё таму, што ў яе памерла маці, бо вучыцца яна не лепш за другіх і выдатніцай ніколі не была. Можа, таму і знаходка мінулагодняй газеты паўстала ў Васілёвай свядомасці як значная падзея, нейкі таямнічы знак лёсу.

Так ці інакш, а Надзяй запоўнены многія хвіліны Васілёвага жыцця. Тым болей што яна цяпер амаль суседка. Хутарэц вясной знеслі, хата Мядзёлкаў стаіць адразу за пераездам, дзе ўтварылася новая вуліца. Ідучы ў школу або са школы, Надзя будзе праходзіць паўз Васілёву хату.

Вядома, год назад Васіль яшчэ не здагадваўся, што Надзя зойме ў яго жыцці такое вялікае месца. Ён і пра другіх дзяўчат думаў, яны спачатку падабаліся, потым гаварылі ці ўчынялі што-небудзь недарэчнае, з-за чаго мізарнелі ў яго вачах, і ён пераставаў імі цікавіцца. З Надзяй сталася па-іншаму.

Яны аднагодкі, але яна тым часам будзе вучыцца ў дзевятым класе, а ён толькі ў восьмым. Проста здолела раней за Васіля паступіць у школу. І калі ён прадчувае, што не зможа жыць без Івана Скварчэўскага, Сцяпана Бронькі, то гэта палавіна праўды. Не зможа ён і без Надзі. Нічога асаблівага між імі не адбылося, хоць ён ведае, што трохі ёй падабаецца. «У цябе прыгожая шыя і грудзі,— сказала яна, убачыўшы яго на сёлетняй першамайскай дэманстрацыі ў новай, з расшпіленым каўняром саколцы.— А я думала...»

Што яна думала, можа, нават што-небудзь кепскае, Надзя не сказала. Але ў Васіля ўсё адно зацяло дыханне. Ён і раней спатыкаў на сабе яе прыязныя позіркі, памятаў мінулагоднюю размову, калі яна сказала, каб ён не хадзіў болей босы. Ён удзячны ёй, што яна заўсёды паводзіла сябе з ім як роўная з роўным.

Васіль марыць сустрэць Надзю ў лесе. Яму здаецца, што ён тады знойдзе асаблівыя словы, скажа ёй іх, і ў іх адносінах усё стане ясным і простым. Але Надзя да грыбоў абыякавая і ў лес не ходзіць. Васіль аднак спадзяецца. Здараюцца ж на свеце цуды.

 

ІІ

Станцыя — адметнае месца ў мястэчку. Яна не надта вялікая — тры прысадзістыя, пафарбаваныя ў жоўты колер дамкі, у якіх размяшчаецца чыгуначнае начальства, станцыйныя службы. Ёсць яшчэ асобныя будынкі пакгауза, пагрузачнай канторы.

Але і не такая малая станцыя: з мястэчка пракладзена ветка аднапутка да суседняга гарадка, а значыць, станцыя нейкім чынам нават вузлавая. Што гэта іменна так, сведчыць паравознае дэпо. Памяшканне яго не кідкае, закуранае, прыпісаны да дэпо толькі дзве старыя «авечкі», але калі станцыя фармуе ўласныя саставы, то ёсць на яе службе машыністы, качагары, кандуктары, саставіцелі.

Цягнікі тут часта набіраюць ваду. Складзеная з чырвонай цэглы вежа вадакачкі стаіць болей для прыліку, бо вада падаецца з другой, скляпанай з жалеза вежы, размешчанай на падыходзе да станцыі.

Перад прыбыццём вячэрняга цягніка на пероне заўсёды людна. Нехта з мястэчка ад’язджае, нехта прыязджае, але найболей такіх, хто проста прыйшоў пастаяць, паглядзець, пачуць нейкія навіны, а то і выпіць у буфеце кухаль цеплаватага піва.

Васіль любіць станцыю. І не толькі таму, што тут можна сустрэць каго-небудзь з хлопцаў, патаўчыся ў натоўпе, выслухаць жарт, дасціпную гісторыю, а і таму яшчэ, што станцыя — прыгожае месца. Над нізкаватымі дамкамі, як хмары, навісаюць вялізныя срабрыстыя таполі, надаючы станцыі выгляд зялёнага вострава. Яны, мабыць, пасаджаны тады, калі толькі пракладвалі чыгунку.

Перад уваходам у чакальную залу невялікі скверык. Тут таксама таполі, але маладзейшыя і не срабрыстыя, яны стаяць шчыльным кружком, пад імі драўляныя лавачкі, а ў праёме круга, пад навіссю дрэў, воданапорная калонка.

Чары наступаюць, калі адыдзе цягнік, схлыне натоўп, а на апусцелы перон, на будынкі, рэйкі кладзецца полаг вячэрняга сутоння. Ціха, таямніча шасцяць сваёй лістотай таполі, як бы нашэптваючы казку, дзівосную і павабную. Пра што гэтая казка? Пра тое, можа, што не за гарамі вырай. Васіль і такія, як ён, сеўшы ў цягнік, адсюль, са станцыі, паедуць у невядомыя далі. І што падораць маладым падарожнікам тыя новыя жыццёвыя прасцягі?

Васіль прыйшоў на станцыю, калі ахутаны клубамі пылу пасажырскі цягнік з Масквы на Брэст якраз нібы ўкопаны супыніўся насупраць перона. Ударыў першы званок, пачалася звычайная мітусяніна — да вагонаў з клумкамі, чамаданамі рынулі пасажыры, з вагонаў паспешліва вылазілі прыезджыя.

На станцыі тым часам штосьці асаблівае. Натоўп намнога большы, чым звычайна, людзі прыйшлі са сцягамі, транспарантамі, некаторыя трымаюць у руках кветкі. А галоўнае — проста на пероне размясціўся аркестр — з меднымі трубамі, вялікім турэцкім барабанам — ён іграе нешта вясёлае, бравурнае.

Нарэшце ў тамбуры вагона, каля якога асабліва згрудзіліся людзі, паказаўся шыракатвары, прысадзісты хлапчына ў сінім шавіётавым касцюме. На штрыфелі яго пінжака блішчыць медаль. Аркестр адразу грымнуў марш. Не паспеў хлапчына ступіць на зямлю, як яго падхапіў на рукі дружны гурт такіх жа маладых хлопцаў і, рашуча пракладваючы дарогу ў натоўпе, панёс да выхада, на станцыйную плошчу. Хлапчына, якога нясуць на руках, адчувае сябе няёмка, разгублена моргае вачамі, вінавата ўсміхаецца.

На плошчы тым часам і наспех збітая з дошак трыбуна паўстала, абцягнутая чырвонай матэрыяй. На ёй высокі чарнявы сакратар райкома з застыглым, нерухомым тварам, старшыня райвыканкома — стары, сівы, кругленькі, іншыя раённыя актывісты — яны заўсёды стаяць на трыбуне, размешчанай перад новай, двухпавярховай школай, дзе адбываюцца першамайскі і кастрычніцкі мітынгі.

Першымі гавораць сакратар райкома, старшыня райвыканкома, затым другія прамоўцы, і Васілю робіцца ясна, чаму сабраўся святочны натоўп на станцыі. Прысадзісты хлапчына ў сінім шавіётавым касцюме не хто іншы, як брыгадзір трактарнай брыгады Рыбак, узнагароджаны медалём «За працоўную доблесць». Учора ў Крамлі Міхаіл Іванавіч Калінін уласнаручна ўручыў яму высокую ўзнагароду, а сёння трактарыст вярнуўся ў мястэчка, дзе працуе ў МТС.

Васілю прыемна, што ў мястэчку будзе жыць такі заслужаны чалавек. Гэта ўжо другі па ліку ўзнагароджаны. Першай была Людміла Збароўская, дзяжурная па станцыі. Яна ездзіла на з’езд стаханаўцаў і адтуль вярнулася з ордэнам «Знак Пашаны». Але яе так урачыста не сустракалі. Можа таму, што мястэчка тады яшчэ цэнтрам раёна не было, думае Васіль.

Пра людзей, акружаных усеагульнай хвалой, Васіль стараецца думаць высока, гэтак жа, як пішуць пра іх у газетах і вось цяпер гавораць прамоўцы. Хоць некаторыя супярэчнасці, вядома, ёсць. Збароўскія жывуць амаль што па суседству з Васілём, наўскасяк праз вуліцу. Ён добра ведае іхнюю сям’ю і асаблівых прыкмет выключнасці ў маладой Збароўскай не бачыць. Яна, худая, касцістая, з жоўтым — нібы перахварэла на малярыю — тварам, і хоць мае гадоў дваццаць пяць, ніхто нават замуж не ўзяў. Бацька, які працаваў у адной змене са Збароўскай, не хваліў яе — злосная, прыдзірлівая, людзям у бядзе не паспагадае. Нават добра, што яе ўзялі ў Гомель. Пайшла на павышэнне.

Васілю больш падабаюцца бацькі Збароўскай — яны сапраўды добрыя людзі. Стары век праездзіў кандуктарам, цяпер на пенсіі, жонка яго, ужо амаль зусім глухая, шые на швейнай машыне. У Збароўскіх прыгожы дом з белымі аканіцамі, бляшаным дахам — такіх дамоў няшмат у мястэчку — вялікі яблыневы сад, жывуць яны ў дастатку, але ад суседзяў не адгароджваюцца. У іх можна пазычыць грошай, пашыць штаны ці кашулю напавер, параіцца, калі надарыцца непрыемнасць. Стары Збароўскі любіць хадзіць у гурт, калі мужчыны — стрэлачнікі, сцэпшчыкі, пуцейцы ці тыя, хто працуе ў калгасе,— збяруцца вечарам на лавачцы і вядуць бясконцыя размовы.

Мітынг паміж тым скончыўся.

Ля кіёска, дзе прадаюць газеты, Васіль спатыкае Івана Скварчэўскага. Іван заўсёды прыходзіць на станцыю вечарам, бо іменна ў гэты час, пасля адпраўкі цягніка, можна купіць маскоўскія газеты за ўчарашні дзень. Тым, хто выпісвае газеты, паштальён прынясе іх толькі заўтра.

Іван трымае пад пахай «Правду», «Красную звезду», часопіс «Огонек». Сябруе Васіль з Іванам даўно, з чацвёртага класа, і сяброўства іхняе зарадзілася на аснове агульных кніжных інтарэсаў. Усе апошнія гады Іван, Сцяпан Бронька, а ўслед за імі Васіль глытаюць кнігу за кнігай з нейкім самазабыццём, неўтаймаваным імпэтам, які ніяк не могуць задаволіць. Такім манерам яны прачыталі не толькі многіх рускіх, зарубежных класікаў, а і шэраг кніг рэдкіх, якія ходзяць па руках і ў бібліятэцы якіх не возьмеш. Дружба — выдатная рэч: калі кнігу раздабыў Іван, то яе абавязкова прачытаюць і Сцяпан, і Васіль.

Іван жыве на Варашылаўскай вуліцы, якая цягнецца ўзбоч чыгункі. Бацька яго працуе таварным касірам на станцыі, але з сям’ёй не жыве, сышоўся з другой жанчынай. Івану прыходзіцца нялёгка, бо на пяцьдзесят рублёў, якія вылічваюць на аліменты з бацькавага заробку, не надта разгонішся. Памагае трохі дзед, матчын бацька, а ў час канікул Іван ходзіць грузіць торф і на іншыя заработкі.

Ужо шараваты змрок спускаецца на зямлю, на небе адна за другой выбліскваюць зоркі. Цёпла, пахне пылам, які вісіць у паветры пасля таго, як па вуліцах прагналі статкі, яблыкамі, разрэзанымі палавінкамі гарбузоў. Самы прыемны час, каб павандраваць па мястэчку, абгаварыць бягучыя падзеі.

— Куды пойдзем? — пытае Іван.

— Можа, у гарадок.

Гарадком называюць засаджаны таполямі двор лясной школы, размешчаны якраз насупраць станцыі, аддзелены ад яе кар’ерам-катлаванам, дзе местачкоўцы капаюць гліну. Лясная школа — фактычна тэхнікум, некалі і такая ўстанова была ў мястэчку. Тэхнікум перавялі ў горад, тым часам памяшканні не пустуюць, у іх жывуць і вучацца курсанты аўташколы. Яна, як і тэхнікум, належыць лясному наркамату.

Курсанты — людзі маладога веку, хлопцы, а там, дзе хлопцы, там дзяўчаты, і, можа, па гэтай прычыне Іван з Васілём любяць пашастаць па цёмных алеях гарадка. Там цэлы свет у таполевым парку, таямнічы, павабны — ён з нейкага часу пачаў хваляваць дружбакоў. На лавачках пад цёмнымі купамі дрэў сядзяць парачкі, у вячэрнім змроку мільгне то белая блузка дзяўчыны, то запаленая папяроса прафшкольца, чуваць прыглушаны смех, прыцішаная размова; з другога месца, дзе сабралася некалькі курсантаў і іх сябровак, наадварот, даносяцца выбухі маладога рогату, гучныя перамовы, а іншы раз і песня пад гітарны перазвон пачуецца. Неба ў зорным засеве, лапоча дынамік кінаўстаноўкі — у клубе прафтэхшколы паказваюць кіно,— пасля станцыі, люднага перона вячэрняе жыццё мястэчка як бы перамяшчаецца сюды, у таполевы гарадок.

Увогуле прафтэхшкола, якая некалі рыхтавала лесаводаў, а цяпер зрабілася асяродкам, куды сцякаюцца хлопцы з навакольных раёнаў вучыцца на шафёраў, адыграла ў Іванавым, Васілёвым жыцці немалую ролю. Яшчэ тады, калі на месцы цяперашняй двухпавярховай школы стаяла царква з зялёнымі макаўкамі купалоў і залатымі крыжамі, калі пра кіно, радыё расказвалі як пра цуд, усё гэта ў прафшкольцаў ужо было.

Царкву разбурылі, калі Васіль хадзіў у другі клас. З бярвення, якое засталося, пабудавалі доўгі, як стадола, клуб — ён цяпер называецца раённым Домам культуры.

У раённым доме стацыянарная кінаўстаноўка, амаль штодня паказваюць гукавое кіно, а тры-чатыры гады назад ніхто нават блізка не чуў пра такія дзівосы, і местачковая басота, у якой грошай на білеты ніколі не было, па вечарах штурмам брала вокны і дзверы клуба профтэхшкольцаў. Там круцілі ўручную — памочнікаў хапала — нямыя кіналенты з надпісамі на чатырох мовах — рускай, беларускай, яўрэйскай і польскай. Кінакарціны, што запалі ў душу назаўсёды, такія, як «Лясная быль», «Абрэк-Заур», «Двойчы народжаны», «Чырвоныя д’ябаляты», Васіль з Іванам паглядзелі ў цесным клубе гарадка, і нельга без удзячнасці пра гэта ўспамінаць.

І кнігі выдатныя мела прафтэхшкола. На некаторых з іх стаялі пячаткі Томскага універсітэта — відаць, аж адтуль іх прывезлі ў палескае мястэчка, каб прасвятляць мясцовых лесаводаў. Лесаводы лесаводамі, у іх не надта хапала часу, каб чытаць Жуля Верна, Луі Бусенара, Віктора Гюго. Затое з прагнасцю глыталі такія кнігі Іван, Васіль і астатнія шкаляры, што ўваходзілі ў спулку па набыццю рэдкіх кніг.

Кніжная маёмасць прафтэхшколы паступова рабілася набыткам спулкі, якая не прызнавала ніякіх правіл, законаў, калі гаворка заходзіла пра цікавую кнігу. З гэтай крыніцы шчодра чэрпаў і Васіль, не адчуваючы асаблівых дакораў сумлення ад таго, што кніга кімсьці ўкрадзена ў бібліятэцы.

— У мяне ідэя,— пачаў Іван, пасля таго як хлопцы маўкліва прашнуравалі па дзвюх-трох алеях таполевага парку.— Я яе не прыдумаў, вычытаў. «Комсомольская правда» заклікае вывучаць замежныя мовы. Ты думаеш, чаму?

Васіль насцярожыўся. У Івана заўсёды нараджаюцца ідэі, і слоў на вецер ён не кідае. Ён у школе найлепшы матэматык, шахматыст, наогул выдатна вучыцца, але пры чым тут замежныя мовы?

— Не разумею цябе,— гаворыць Васіль.

— Тут нечага разумець,— Іван, відаць, абдумаў тое, што гаворыць.— Як Вольга Уладзіміраўна выкладае нямецкую мову? Задасць вершык, мы, як папугаі, вывучым, яна паставіць адзнаку. Пра што гаворыцца ў вершыку, ты ведаеш? Можа, адно ці два словы ведаеш. Навошта такая навука?

— Усё адно не разумею. На што здалася табе нямецкая мова?

— А нашто алгебра, геаметрыя, хімія? З хлебам іх будзеш есці? Агарод можна і без алгебры абмераць. А яна ў старшых класах лічыцца асноўным прадметам. Паспрабуй не рашы кантрольную па алгебры!.. З нямецкай мовы зрабілі пасмешышча. Ідзе нараўне з фізкультурай і маляваннем,— Іван зарагатаў.

— Няхай ідзе.

— Дзівак. Давай сходзім да майго дзядзькі. Ён раскажа, як вучылі замежныя мовы ў гімназіі. Чатыры мовы — дзве старыя і дзве новыя. Дзядзька і цяпер чытае нямецкія і французскія кніжкі.

Іванавага дзядзьку Васіль ведае. Ён дырэктар сямігадовай школы — апрача дзесяцігодкі ёсць і такая ў мястэчку. Ходзіць задуменны, маўклівы, носіць акуляры, і жонка яго — яна выкладае хімію ў дзесяцігодцы — таксама зацятая, нават суровая з выгляду. Праўда, тлумачыць хімію талкова.

— Ну, добра,— нарэшце пагаджаецца Васіль.— Толькі як ты будзеш вывучаць нямецкую мову? Вольгу Уладзіміраўну не пераменіш. Задасць вершык, якое-небудзь правіла, і ўсё.

— Я думаў пра гэта,— у Іванавым голасе радасць.— Школа тут не паможа. Трэба самім брацца. Са Сцяпанам дамовімся. Ён згодзіцца. Нікому нічога не трэба гаварыць. Будзем вывучаць мову самастойна.

Вечар харошы плыве. Вісіць над галавой зорнае жнівеньскае неба, ледзь чутна шапочуць лісцем таполі, з лавачак, цёмных алей даносяцца прыглушаныя галасы, сцішаны смех. Стракоча дынамік у клубе прафшколы, нехта ў пакоі завёў патэфон, расчыніў акно, і прыгожы жаночы голас пад млявую мелодыю гавайскай гітары просіць, дакарае нявернага зламысніка, які прычыніў нябачнай спявачцы столькі пакут і болю.

Цяпер Васіль таксама ўзбуджаны. Яны, тры таварышы, зоймуцца справай, пра якую ніхто не будзе ведаць, нават не здагадаецца. Васіль поўніцца гордасцю, бо хіба знойдзеш у мястэчку другіх хлопцаў, якія дадумаюцца да такога?

— Я проста разважыў,— тлумачыць Іван.— Адзін раз паспрабаваў палічыць па-нямецку да дзесяці і аж спалохаўся: не ўмею. За пяць гадоў не навучыўся! Прыйдзецца пасля школы здаваць экзамен па нямецкай мове, то як здасі? Вольгі Уладзіміраўны там не будзе.

Пры напамінку, што наступным летам, у такі, як цяпер час, Івана і Сцяпана Бронькі ў мястэчку не будзе, Васілю робіцца сумна. Але ён стараецца не думаць пра гэта. Яшчэ цэлы год наперадзе. Іван між тым пацвельваецца з таго, як вучаць у школе нямецкую мову.

— Да дзесяці палічыць не ўмеем! Сорам! Ганьба! Ты ведаеш, як па-нямецку «хлеб»?

— Брот,— нясмела адказвае Васіль.

— «Хлеб», дапусцім, ведаеш. Кожны дзень ясі. А як мяса?

Васіль не ведае. Іван тым часам насядае:

— Скажы, як па-нямецку «сарочка», «штаны», «нага», «рука»? Не можаш сказаць. Бо плыў па цячэнню. Ніхто не ведае, і я не ведаю. Біць нас трэба за такую навуку! — Іван увайшоў у ролю завадатара.— Мне хутка васемнаццаць, табе шаснаццаць, а мы, як дзеці. Дзяцінства даўно кончылася. Пара зразумець.

Іван і навіну прыемную мае. «Комсомольская правда» не проста заклікае вывучаць замежныя мовы, а і практычнае выйсце падказвае. Можна выпісаць нямецкую бібліятэчку: каштуе не дорага, а кніжкі цікавыя, у іх побач з тэкстам змешчан пераклад.

Калі Іван чым-небудзь запальваецца, то ўсур’ёз. І завадатарам быць яму не ўпершыню. Па характару ён таварыскі, абыходлівы, але калі Васіль яшчэ толькі пайшоў у школу, Іван ужо камандаваў хлопцамі з Варашылаўкі. Сярод тых хлопцаў былі хваты — адрывалі падэшвы на хаду. Пад Іванавым кіраўніцтвам, аднак, задзірыстыя хлопцы з Варашылаўскай вуліцы выкапалі копанку — у ёй і цяпер купаецца басота, потым ён арганізаваў валейбольную каманду, і яна нават перамагала прафтэхшкольцаў, кніжная спулка — гэта таксама яго ідэя. Росту Іван сярэдняга, зграбная постаць, светлыя валасы, шэрыя вочы. Самы звычайны хлопец, але нешта ў ім ёсць, калі другія ахвотна яму падначальваюцца.

— Трэба пачынаць спачатку — з пятага класа. Возьмем падручнік, самі зададзім сабе ўрокі, будзем адзін у аднаго пытаць. Бібліятэчку выпішам...

Васіль пад поўнай Іванавай уладай, і яму цяпер самому смешна, як праходзяць урокі нямецкай мовы. Слабахарактарная Вольга Уладзіміраўна, вядома, разумее, што прадметам яе ніхто не цікавіцца, дысцыпліну трымаць не ўмее і, каб стварыць хоць бачнасць парадку, дазваляе рабіць, што хочаш — абы не бегалі па калідоры. Некаторыя на яе ўроках рыхтуюць дамашнія заданні, чытаюць кнігі. Яна і сама іншы раз, каб сцішыць гамонку, чытае ў класе якія-небудзь гісторыі, перакладаючы іх на хаду з нямецкай хрэстаматыі.

Нагаварыўшыся, аб усім дамовіўшыся — Сцяпана будуць угаворваць удвух,— сябры з гарадка зноў вяртаюцца на станцыю. Цэлы дзень Васіль блукаў па лесе, гадзіны дзве з Іванам вандраваў па парку, а ногі не баляць. Васіль нібы ўбіраецца ў мужчынскую сілу, і ад гэтага прыемна. Ён сам адчувае ў сабе крамяную сілу: можа лёгка ўскінуць на плячо і панесці поўны мяшок бульбы, а калі выбіраецца з чаргі ў краме, то варта толькі варухнуць плячамі, і падатліва расступаюцца перад ім узмакрэлыя жанкі.

На станцыі цішыня. На пероне бязлюдна. Пройдзе змазчык з маслёнкай у руках, і доўга чуваць грук яго чаравікаў па ацэментаваным доле.

Хлопцы і ў буфет заскокваюць. Васілю цікава кінуць позірк на буфетчыцу, так падобную на малодшую сястру.

У абшарпаным, густа застаўленым сталамі пакойчыку некалькі позніх наведвальнікаў п’юць піва. Надзіна сястра ляскае на лічыльніках, выгляд у яе нездаволены. Васіль можа расказаць Івану ўсё, выкласці перад ім самыя патаемныя думкі, а пра Надзю не скажа. Тайна належыць яму аднаму.

Выйшаўшы з буфета, сябры развітваюцца. Іван трымае пад пахай згорнутыя трубачкай газеты, часопіс «Огонек». Ён пільна сочыць за ваеннымі падзеямі, хоць вайна, як здаецца Васілю, прыціхла. Германія летась праглынула Польшчу, сёлета — Францыю, іншыя краіны і, відаць, наелася.

Назаўтра і ў наступныя дні Васіль ходзіць у лес. З раніцы яму заўсёды страшнавата: нічога не знойдзе. Але страх трэба пераадольваць. Гэта толькі здаецца, што знаёмыя мясціны абходжаны, агледжаны, грыбы павызбіраны і вернешся дамоў з пустымі рукамі. Калі шукаеш, то знаходзіш грыбы ў самым нечаканым месцы.

У дні, якія асталіся да заняткаў, Васіль нібы развітваецца з лесам, з ружовымі верасамі. Яны будуць сніцца потым да наступнага лета. У лесе ідзе сваё адметнае жыццё, яго асабліва не заўважаеш, не думаеш пра яго. Але яно ёсць, кранае істоту, выклікаючы ў ёй ціхую радасць, і без гэтага нельга жыць.

Вандруючы ў адзіноце па верасах, колькі перадумаеш, у якіх становішчах сябе ні пабачыш. Мары хісткія, няпэўныя, яны наплываюць, разбягаюцца, як хмурынкі ў блакіце летняга неба, але нейкі след у душы пакідаюць. Без гэтага таксама нельга жыць. Чалавек, мабыць, проста не вытрымаў бы, каб у яго адабралі магчымасць пагадаць пра будучае.

Васілёва сям’я жыве цяжкавата. З-за нястач, клопатаў вынікаюць частыя сваркі паміж бацькам і маці. Васіль ад іх адварочваецца, стараецца не ўмешвацца, не думаць, але зрэшты ўсё чуе і бачыць. Калатня ў хаце атручвае жыццё.

Гэтым летам пасля адной асабліва непрывабнай стычкі Васіль нават рашыў паступаць у тэхнікум. Не мела значэння ў які — абы з’ехаць з дому. Але ў хаце трохі пацішэла, і верх узяла развага. Дый ехаць не было як: ні грошай, ні вопраткі, і з сябрамі шкада развітвацца.

Цяпер новыя згрызоты: чуткі пра плату за навучанне ў старэйшых класах паўзуць настойліва, і як быць далей? Тыя грошы, якія Васіль зарабіў, разышліся, а за жнівеньскую палучку трэба купіць касцюм. Пінжак парваўся ў локцях, штаны на каленях, і ў латанай вопратцы паяўляцца ў восьмым класе сорамна.

Васіль і бацьку трохі вінаваціць. Характар у яго не надта: бацька заўсёды хмуры, часта раздражняецца з-за дробязі. У сем’ях некаторых местачкоўцаў, якіх Васіль ведае, справы ідуць не лепей, перабіваюцца сяк-так людзі, аднак добрага настрою не трацяць, умеюць развесяліць сябе і другіх. Бацька не ўмее.

Зрэшты, усё гэта не самае галоўнае. Жыць можна, хоць у крамах, пасля таго як на свеце пачалася вайна, стала тугавата з некаторымі прадуктамі і нават з хлебам. Але ўраджай сёлета добры, і справы могуць палепшыцца.

 

ІІІ

Васілёвы паходы ў лес апрача радасці яднання з прыродай маюць і чыста практычнае значэнне. Рудога кабанчыка, худога, нібы верацяно, які маланкай носіцца па выгане, падгадаваўшы бульбай, заколюць толькі к калядам, і восень, як заўсёды, будзе поснай парой. То трэба яе хоць грыбамі аскароміць. Пара сушаных баравічкоў, кінутых у бульбяны, забелены малаком суп, прыдае яму зусім іншы смак, робячы ў канечным выніку весялейшым жыццё.

Як памятае сябе Васіль, у большай палавіне іхняй хаты заўсёды жылі кватаранты, а ў апошнія гады бацькі здаюць яе пад кантору. Спачатку ў хаце размяшчалася кантора «Заготлён». Цяпер — «Плодагародніна». Там канцылярскія сталы, шафы, днём за сталамі сядзяць бухгалтары, рахункаводы, шчоўкаюць на лічыльніках і трашчаць арыфмометрамі.

Хату бацькі не за так здаюць у арэнду. Сям’і трэба падмога. А кантора плаціць не толькі за памяшканне, а яшчэ маці, як прыбіральшчыцы, прыплачвае. Восенню і зімой Васіль спіць у канторы на падлозе каля грубкі, а як толькі стане цёпла — у хляве. У хляве нават лепей спаць: нікому не замінаеш і паветра чыстае, карыснае для здароўя.

Пярэдняя палавіна хаты, дзе жыве Васілёва сям’я, яшчэ і дашчанай сценкай адгароджана, каб лішне не зырыліся кліенты, якія валам валяць у кантору, на тое, што робіцца ў хаце. Кліенты, дзякуючы перагародцы, бачаць толькі рудаватую печ, ля якой завіхаецца маці. Ад пакоя застаўся фактычна невялікі закутак, але так лепей. Зрэшты, і наведвальнікі густа плывуць у кантору з сярэдзіны лета, і асабліва цяпер, калі калгасы пачынаюць вазіць на базу агуркі, памідоры, бульбу, капусту. Іх візіты заканчваюцца з першымі замаразкамі, калі бульба, морква або пагружаны ў вагоны, адпраўлены ў гарады, або забуртаваны ці прыхаваны ў сховішчах на месцы. У астатні час бухгалтары мірна падбіваюць балансы, і ніхто асабліва не трывожыць Васілёву сям’ю.

У апошні перад заняткамі дзень Васіль у лес не рушыў. Пакідаючы рамонтную брыгаду, папрасіў бухгалтара выпісаць грошы да канца месяца, і цяпер трэба іх палучыць. Бухгалтар слова спраўдзіў. Грошы Васіль аддаў маці, пакінуўшы сабе пяцёрку.

Вандруючы па мястэчку, Васіль зазірнуў у кніжную краму і аж здрыгануўся: на відным месцы стаіць «Ціхі Дон» Шолахава. Шэра-сіні каленкоравы пераплёт, і па памеру томік таўставаты. Доўга чакаў Васіль гэтай кнігі. Тры папярэднія прачытаў даўно. Яны ўсе былі перакладзены на беларускую мову, меліся ў бібліятэках. Потым перачытаў яшчэ раз, хвалюючыся, робячы здагадкі наконт далейшага лёсу герояў.

Нарэшце чацвёртая кніга «Ціхага Дона» напісана і нават прадаецца. Толькі каштуе дарагавата. Калі Васіль купіць «Ціхі Дон», не хопіць грошай на нямецкую бібліятэчку, пра якую гаварыў Іван. Але спакуса такая вялікая, што Васіль не вытрымлівае. Цяпер будзе мець уласны «Ціхі Дон», няхай апошнюю частку. А бібліятэчку як-небудзь выпіша.

Другая палавіна дня прайшла ў захопленым паглынанні кнігі. Васіль прымасціўся ў хляве, на сене, дзверы адчыніў, каб было светла, пасмачкі святла і праз шчыліны ў сценах цэдзяцца, так што можна чытаць да самага вечара. А вечарам ён у кантору пяройдзе. Пахне сухімі зёлкамі, разнатраўем, і гэтак жа, здаецца Васілю, пахне бяскрайні, заліты крывёю стэп.

Чым далей чытае Васіль, тым яму робіцца трывожней. Ён чакаў, што лёс нарэшце выкіруе на шчаслівую пуцявіну Грыгорыя Мелехава, Аксінню, але ідзе як быццам не да гэтага. Кроў, новыя бойкі, хоць грамадзянская вайна фактычна скончылася. Такой глыбокай нянавісцю набрынялі чалавечыя сэрцы, што і прасветліны не відаць.

Васіль пачуў таропкія крокі. У хлеў увайшла маці. Выгляд у яе вясёлы.

— Паспі, сынок,— сказала маці.— Пойдзеш займаць вочарадзь. Заўтра, Кузьма сказаў, будуць даваць касцюмы. Як бытта не дарагія...

Кузьма — вартаўнік на базе, размешчанай за агародамі.

Васілю шкада маці. Пра сябе не думае — толькі пра дзяцей. Хоча, каб старэйшы сын пайшоў у школу ў новай вопратцы.

Спаць Васілю не хочацца. Адклаў кнігу ўбок, задумаўся. Чамусьці не ляжыць душа ісці сярод ночы да універмага. Хоць іншага выйсця няма: чаргу трэба заняць з ночы. З крамнінай асабліва цяжка. Каб раздабыць колькі метраў матэрыялу (у мястэчку яго называюць мацерыяй) ці што-небудзь з вопраткі, трэба вытрымаць сапраўдны бой. Чэргі за хлебам, цукрам не йдуць ні ў якое параўнанне з тымі, якія выстрайваюцца ля універмага. Раніцай там заўсёды збіраецца вялізны, рознагалосы натоўп, а калі магазін адчыняюць, пачынаецца такая мітрэнга, мітусяніна, што сорамна глядзець.

Васілёвы бацькі таксама не любяць чэргаў. І вопратку дзецям куплялі не тут, у мястэчку, а ў Маскве. Па суседству з Васілёвай хатай стаіць звернутая да вуліцы глухой сцяной старасвецкая хаціна, у якой жыве стары Паўлёнак. А ў двары харошы, сучасны дамок. Ён не так даўно належаў зяцю Паўлёнка Макару Мятлушку.

Макар быў абыходлівы чалавек, як гаварылі тады — «культурны» гаспадар. Выпісваў агранамічныя кнігі, купіў трыер, малатарню з прывадам, пад шнур пасадзіў сад. Зямлі меў няшмат, але добра ўрабляў яе і меў ураджай.

Макар і ў калгас хацеў уступіць, але не прынялі. Хадзілі чуткі, што яго збіраюцца раскулачыць. Так гэта было ці не так, Васіль не ведае. Макар, аднак, чакаць не стаў. Пасадзіў у цягнік жонку, сына, забраў, што можна павезці ў чамаданах, паехаў у Маскву. Там паступіў на службу дворнікам, а ў хуткім часе ў Катуарах — дачнай мясцовасці пад Масквой — выбудаваў уласны дамок.

З таго часу, як Макар асталяваўся ў Маскве, увесь канец Чыгуначнай вуліцы, на якой жыве Васіль, стаў да яго ездзіць. Свой чалавек у вялікім мнагалюдным горадзе — вялікая справа. З восені Васілёва маці збірала масла, яечкі, а на прадвесні бацькі кіравалі ў Маскву. Тым болей што бацьку, як чыгуначніку, білет выдавалі бясплатны. Макар заўсёды пазычаў грошы, і бацькі за іх куплялі крам. Іншы раз і ношаную вопратку прывозілі, з пляча Макаровага сына Валодзі, але чыстую, вымытую, акуратна адпрасаваную.

Два гады назад, скончыўшы пяты клас, Васіль з бацькам таксама ездзілі ў Маскву. Бачыў дамок, які Макар выштукаваў,— звычайная, абшаляваная дошкамі хацінка, пафарбаваная ў зялёны колер, толькі што з бляшаным дахам. Стаіць хацінка пад кашлатымі елкамі, і тут жа ў двары, наўзбоч вытаптанай сцежкі, растуць баравікі. Вось гэта было дзіва!

Было лета, і дамок Макар аддаў пад летнюю кватэру дачнікам. Сам з сям’ёй туліўся ў хлеўчуку. У тым хлеўчуку мясціліся і Васіль з бацькам. Але ім трэба было толькі пераначаваць. Раніцай садзіліся ў імклівы электрычны цягнік, ехалі ў Маскву і да вечара вандравалі па магазінах.

Макар Васілю спадабаўся. Сярэдняга росту, плячысты, лысы, з шырокім разумным тварам, ён як бы нагадваў старадаўняга мудраца, і ў тым, аб чым гаварыў, сапраўды было што слухаць. За вымушаныя ўцёкі з мястэчка, страчаны набытак Макар ні на каго не крыўдаваў, наадварот, паблажліва ўсміхаўся:

— Лес сякуць, трэскі ляцяць. Перагібы, канешне. У новым дзеле бываюць перагібы.

Галоўнае, Васіль адчуў гэта, Макар ухваляў напрамак жыцця. Недахоп абутку, вопраткі, іншых патрэбных чалавеку рэчаў тлумачыў тым, што будуюцца гарады, заводы, фабрыкі,— калі ўзнімецца індустрыя, прыйдзе ўсё астатняе. Пра тое, што два разы бачыў Сталіна, Макар расказваў з гордасцю,

Масква Васілю таксама спадабалася. Толькі дзіўна: вялізны, густанаселены горад, у якім столькі цудаў,— старажытны Крэмль, палацы, саборы, стадыёны, канал Волга-Масква, новыя рэканструяваныя вуліцы — каб расшырыць іх, дамы перавозілі проста на колах — метро, выстаўкі — усё гэта Васіля як бы і не надта ўразіла. Можа таму, што пра ўсё гэта ён чытаў, зрэшты ведаў, а цяпер толькі ўбачыў.

Бацька павёў Васіля ў заалагічны сад, там у клетках, вальерах заморскія, ніколі не бачаныя звяры, птушкі, але і тут Васіль не спасаваў. Нават не чытаючы таблічак, адразу пазнаваў пумаў, гіен, шакалаў, страусаў, маленькіх, нібы цацачных, птушачак калібры. Бацька нават абразіўся. Ён хацеў здзівіць сына, а сын не здзіўляўся.

Макар, які ішоў ззаду, таргануў бацьку за плячо, і Васіль чуў іхнюю размову.

— Не крыўдуй, Цімох. Дзеці, мабыць, разумнейшыя за нас. Хіба мы ў іх гады столькі чыталі? Мой таксама са мной чуць загрудкі не бярэцца. Хоча даказаць, што я адсталы...

Як цяпер Васіль разумее, там, у Маскве, ён сапраўды хацеў выхваліцца. Пазнаваў розных звяроў, бо бачыў іх раней на малюнках. Але можна было не крычаць пра гэта, трохі прытрымаць язык. Макар праўду сказаў. Васіль адчувае сябе дасціпнейшым за бацьку, маці, бо яны зусім не чыталі кніг, не могуць рашыць самай простай задачы і нават уяўлення не маюць пра заалогію, алгебру, хімію. Бацька вучыўся ў царкоўнапрыходскай школе, але ісці на экзамены не адважыўся. Цяпер піша, робячы процьму памылак, і чамусьці пасля кожнага слова ставіць кропку. Маці толькі паўгода пабыла ў школе, па складах сяк-так чытае, а пісаць не ўмее зусім.

Але бацькі кормяць сваіх дзяцей, даглядаюць, клапоцяцца, і трэба іх за гэта паважаць.

Васіль усё ж трохі паспаў. Скрозь сон чуў, як, цяжка ўздыхаючы, зайшла ў хлеў карова, як маці даіла яе, напаўголаса стрымліваючы: «Стой, рабая, стой...», як звінелі струменьчыкі малака, б’ючыся аб бляшаныя сценкі вядра, як сонна перагукваліся на седале куры. Праз роўныя прамежкі часу чуў гул цягнікоў, чыгунка побач, а цягнікі, нават таварныя, таксама ідуць па графіку, хоць ён нідзе не вывешваецца.

Прачнуўся Васіль са смутным пачуццём трывогі — ці не праспаў? Але, здаецца, не, яшчэ нават першыя пеўні не спявалі. Неба ў густым зорным засеве. Цяпер, на схіле лета, зоркі асабліва яркія, нібы вымытыя ў расе.

Ціха зайшоў у хату. Маці спецыяльна не зашчапіла дзверы, ведаючы, што ён зойдзе. Спіць Васілёва сям’я. Пасапваюць насамі, нават злёгку пахрапваюць, браты, якія кладуцца на дашчаным палку, прыладжаным паміж ложкам і печчу. Маці з маленькай сястрой на ложку. Бацька на дзяжурстве, у начной змене.

— Выпі малака,— напаўголаса азываецца маці з ложка.— Я гладышак на паліцу паставіла. Грошы ў прыскрынку ў платочак загорнуты.

Маці заўсёды так — спіць і не спіць. Заўсёды яна на варце — самы нязначны шорах, і яна чуе.

Нарэшце Васіль выбіраецца з хацы. Ціхая жнівеньская ноч вісіць над мястэчкам. Людзі спяць. Кампаніі, якія звычайна збіраюцца на лавачках, сядзяць, перамаўляюцца да позняга вечара, разышліся. Нават запозненую парачку не сустрэнеш.

У начную пару і Чыгуначная вуліца, на якой жыве Васіль, і галоўная Савецкая здаюцца прыгожымі, нават нейкімі таямнічымі. Днём прыгажосць і таямнічасць знікаюць. Стаяць звычайныя, вясковага выгляду хаціны, дамкоў, у якіх пафарбаваны аканіцы, зроблены франтончыкі і іншыя аздобы, у мястэчку мала, калі не лічыць гарадка, а двухпавярховых цагляных будынін толькі тры — школа, дзе вучыцца Васіль, памяшканне райвыканкома і яшчэ дом на станцыі.

Бадай, толькі зелень ратуе мястэчка. Садоў не густа, але дрэвы ёсць у шмат якіх дварах і нават на вуліцы — бярозы, клёны і асабліва многа таполяў.

Добра думаецца ноччу, калі ў адзіноце брыдзеш па вуліцы. Чаму людзі спяць? Сэрца ж не спыняецца і ў сне, б’ецца, няхай сабе і марудней. І ўвогуле, што такое сон?

Васілю здаецца, што людзі проста прызвычаіліся да з’явішчаў, прадметаў, якімі поўніцца жыццё, таму прымаюць усё як ёсць. А задаць пытанняў можна колькі хочаш. Чаму дрэва расце — можна спытаць, і, мабыць, самы вялікі мудрэц на гэта не адкажа. У падручніку батанікі напісана: дзеляцца клеткі, ёсць узыходзячыя, нізыходзячыя токі, лісцем дрэва асвойвае сонечнае святло, вуглекіслы газ, карэннямі — вільгаць, спажыўныя рэчывы. А скажыце, калі ласка, дзе сіла, якая ўсім гэтым кіруе? Якая прыводзіць у суладнасць усе працэсы? Павінна ж быць штосьці такое, што яднае ў адно чыннасць ліста, галін, карэнняў, гоніць дрэва ў рост?..

Тым часам Васіль падышоў да універмага. Так і ёсць, ён не першы. Ля ганка ўжо варушацца постаці. У купцы трое: дзве незнаёмыя кабеты і дзядзька. Васіль чацвёрты. Зрэшты, гэта не так кепска.

Васіль павітаўся, спытаў, за кім яго чарга. Дзесьці ў суседнім двары праспявалі пеўні. На зыходзе лета ночы не надта цёплыя. Калі Васіль ішоў, холаду не адчуваў, а стаяць зябкавата. Цёткі з дзядзькам разумнейшыя: прыхапілі апранаху.

Васіль сюды-туды прахаджваецца, прыслухоўваецца да гаворкі. Адна з цётак расказвае пра нейкага кладаўшчыка, якому далі год прымусоўкі, і вельмі лае яго жонку. З яе апавядання вынікае, што кладаўшчык вельмі любіў жонку, не даваў ёй прыткнуцца ні да якой работы, а жонка, пасля таго як мужа павезлі, прывяла другога...

Васіль любіць такія размовы. Непаспешлівыя, спакойныя, яны вабяць акрэсленасцю ў асуджэнні зла, у чым бы яно ні праявілася. На адну гісторыю нанізваецца другая, упамінаюцца іншыя падобныя выпадкі, вядомыя і невядомыя тым, хто гаворыць і слухае,— цячэ гаворка, нібы звілісты, пакручасты ручаёк. Васілю іншы раз здаецца, што бывалыя, старэйшыя за яго людзі ведаюць нешта такое, чаго ніколі не будзе ведаць ён. Яны асабліва не здзіўляюцца з самых неверагодных гісторый, нібы наперад пагаджаючыся, што ўсё на свеце можа быць.

Прыйшлі яшчэ двое, і Васілю робіцца весялей: ён не апошні.

Ён так і бавіць час: слухае размовы, патрошку прахаджваецца, думаючы аб сваім, успамінае.

Калі на ўсходзе прабілася ледзь прыкметная, светлая палоска зары, людзей сабралася дзесяткі тры, і ўсе пасталі ў ланцужок ля сценкі магазіна. Васілю яшчэ хапіла месца на ганку, ён у ліку першых. Творыцца звычайнае: некаторыя прыходзяць займаюць чаргу і зараз жа адыходзяць. Яшчэ можна паспаць гадзіны дзве-тры, не абавязкова тырчаць ля магазіна. Ужо і знаёмыя паявіліся: дзве дзяўчыны з дзевятага класа, якія вучацца разам з Надзяй Мядзёлкай, і бялявы, плячысты дзесяцікласнік Мікола Райдун. Мікола іншы раз прыходзіць да Сцяпана Бронькі, таму і з Васілём запанібрата.

Зоркі між тым пачынаюць бляднець. Па дварах яшчэ пануе паўзмрок, а ўжо ўсчынаюць безупынную гаворку вераб’і. Але вось рыпнуў недзе калаўрот калодзежа, замычэла карова, нехта, гучна гахаючы, сячэ дровы — мястэчка, хоць і паволі, пачынае прачынацца. А людзей у чарзе прыбаўляецца. Чарга ўжо выцягнулася, як змяя, і хвост яе мінуў межы магазіна.

Прайшоў статак. Нізкарослы, шустры пастух, забегшы наперад, гучна ляснуўшы пугай, адразу завярнуў яго ў бакавую вуліцу. На ваколіцу пагнаў.

Яшчэ праз нейкі час Васіль убачыў першакласнікаў. Ідуць гаманлівай купкай, у каго за плячамі самаробная сумка, хто кнігі, чарнільніцы нясе ў руках. Васілю аж горка стала. Некалі — здаецца, цэлая вечнасць мінула — сам ён вось так ішоў у школу. Але яго першы паход скончыўся няўдала. Васіль падахвоціўся запісацца ў школу разам з суседскім хлопцам Адамам, бо ўмеў чытаць, лічыць да тысячы, а Адам ледзь-ледзь бэкаў па складах. Адама між тым у школу прынялі, Васіля — не. Не хапіла трох месяцаў да васьмі гадоў. Васіль яшчэ тыдні два проста так наведваў школу, сядзеў за партай, але настаўніца яго не выклікала, не давала ніякіх заданняў, і ён перастаў хадзіць.

Тое, як пайшоў у школу на наступны год, Васіль не запомніў.

Перад магазінам ужо вялізны, шматгалосы натоўп. Прадчуванне не падвяло: не пашэнціла Васілю. Бяда здарылася тады, калі магазін сталі адчыняць. Васіль стаяў на ганку ля дзвярэй, прыйшлося пастараніцца, тым часам на ганак ірванулі тыя, хто наогул не стаяў у чарзе, і Васіля адціснулі. Ён штосілы стараўся пралезці праз натоўп, каб праскочыць у магазін, не шкадаваў локцяў, але ў гэты момант яго схапіў за каўнер міліцыянер. Схапіў груба — аж гузікі з сарочкі паляцелі — вывалак з натоўпу і, не слухаючы ніякіх довадаў, не адпускаў да таго часу, пакуль палавіна чаргі не праскочыла ў магазін. Як жуліка трымаў. Лічыць, што навёў парадак...

Крыўда душыла Васіля. Прастаяў усю ноч, і такі канец. Тым болей што яго ганьбу бачылі дзевяцікласніцы, які вучацца разам з Надзяй Мядзёлкай. Разнясуць на ўсю губерню. Васіль, дрыжучы ад гневу і ўзбуджэння, пабрыў дамоў.

Хоць быў першы дзень заняткаў, Васіль у школу не пайшоў.

Вечарам да Васіля завітаў Мікола Райдун. Ніколі не хадзіў, а цяпер наважыў.

— Прозвішча таго міліцыянера Сідорык,— паведаміў Васілю.— Я спецыяльна дазнаўся. Ты так дзела не астаўляй. Напішы ў газету. Я магу таксама падпісацца.

Што ж, у Міколы добрае сэрца. Але Васіль сам напіша. Не трэба ніякіх сведак.

У той жа вечар Васіль напісаў ліст у рэдакцыю абласной газеты, аднёс на станцыю і кінуў у паштовую скрынку.

І адразу як бы лягчэй стала дыхаць...

 

IV

Іван Скварчэўскі — таварыш нажыты, са Сцяпанам Бронькам Васіль сябруе з незапамятнага часу. Дом Бронькаў прыкметны, крыты чарапіцай, стаіць павернуты да вуліцы бакавымі вокнамі. Цёмнай чарапіцай на даху нават лічбіна пракладзена — 1929. У гэтым годзе дом пабудаваны.

І сям’я Бронькаў вялікая — васьмёра дзяцей. Адна дзяўчынка нарадзілася хворай — у яе галава большая за астатняе цела. Дзяўчынка ляжыць не ўстаючы, у ложку, пазірае глыбокімі, сумнымі вачамі на ўсіх, хто падыходзіць. Астатнія Бронькі — хлопцы і дзяўчаты — незвычайна шустрыя, крыклівыя, лямант у доме стаіць з раніцы да позняга вечара.

Але Васілю, відаць, і падабаецца лямант. З таго часу, як трохі падрос, яго як магнітам цягне да Бронькаў. Тым болей што жывуць яны блізка — праз пяць хат. Не вельмі Васілёвым наведванням радуюцца меншыя Сцяпанавы браты і сёстры, бывае, падкалваюць, дражняць, крыўдзяць — яны ўсе, як на падбор, языкатыя, але ён не зважае. Ды ён і не з імі сябруе, а са Сцяпанам.

Сцяпан у сям’і старэйшы, разумнейшы. Ад першага да дзесятага класа вучыцца на пяцёркі, у той час як браты і сёстры звычайным тройкам рады.

Стары Бронька — чалавек не гаманкі, хмуры. На яго падлобістым, татарскага выгляду абліччы рэдка цвіце ўсмешка. У свой час Якім Бронька — так завуць Сцяпанавага бацьку — арганізоўваў калгас, хадзілі чуткі — запускаў руку ў грамадскае дабро. Так гэта ці не, Васіль не ведае, але ў калгасе Якім Бронька доўга не ўтрымаўся. Гандляваў у краме, быў на іншых невысокіх пасадах, цяпер адпускае на нафтабазе гаручае трактарыстам і шафёрам. У апошні час нават выпіваць стаў.

А Сцяпан Бронька — таварыш харошы. Усе тыя кнігі, якія меў сам, даваў Васілю, нават падручнікі па рускай і беларускай літаратуры даваў, і матэрыял, які праходзяць у сёмым класе, Васіль ведаў у пятым. Дзякуючы Бронькам ён увогуле прылучаўся да шырокага свету.

У апошнія гады Бронькавай сям’і за мнагадзетнасць даюць па дзве тысячы рублёў дзяржаўнай дапамогі. Грошы ідуць не толькі на яду і вопратку. У Бронькі раней, чым у каго іншага, паявілася радыё, і патэфон яны купілі, да якога ёсць шмат пласцінак. Патэфон не сціхае ад ранку да вечара, іголкі прытупіліся — іх спецыяльна войстраць аб брусок — дый пласцінкі, папяровыя мяшочкі ад якіх даўно зніклі, тручыся адна аб другую, абшарпаліся. Круцячыся на дыску патэфона, яны моцна шыпяць. Але ўсё адно дзякуючы Бронькаваму патэфону Васіль ведае нямала песень, мелодый з опер.

Вядома, вывучаць нямецкую мову Сцяпан згадзіўся з ахвотай. Нават упрошваць не прыйшлося. Сам прапанаваў збірацца ў яго хаце па тры разы на тыдзень.

Сцяпан наогул вельмі практычны. Дзейсны, рухавы, ён нават знешне, на сваіх трохі крываватых нагах не проста ідзе, а як бы ляціць, размахваючы рукамі, нібы вятрак крыллем. Сёлета збіваў скрынкі пад памідоры, яблыкі. За скрынку плоцяць па трыццаць капеек, так што Сцяпан выганяў у дзень амаль па дзесятцы.

Вучыцца Сцяпан таксама адмыслова: вядзе канспекты па кожнаму прадмету, няхай гэта батаніка, заалогія ці геаграфія. Калі настаўнік робіць малюнак на дошцы, то такі ж малюнак будзе і ў Сцяпанавым сшытку. Змест прачытаных кніг Сцяпан занатоўвае ў тоўсты, агульны сшытак, дадаючы ўласныя заўвагі. Такіх сшыткаў набралася з дзесятак, Сцяпан іх звязаў шпагатам і хавае ў сундучку.

У школе — свае, школьныя правадыры, і Сцяпан адзін з іх. Ён старшыня савета Асаавіяхіма, кіруе здачай норм на абаронныя значкі ППХА, ГСА, ГПА, ЮВС і ВС. Атрымаць такія значкі — вялікі гонар, таму Сцяпана ў школе ведаюць.

Васіль нават думкі не дапускаў, што нямецкая мова — прадмет, якім усе пагарджаюць,— можа так захапіць. Аказваецца, захапіла. Ён раней увагі не звяртаў на нямецкі падручнік, тым болей на той, па якім пяцікласнікі толькі вучацца чытаць. Цяпер проста глытае параграфы, якія яны, трое дружбакоў, умовіліся вывучыць, стараючыся запомніць усе словы,— назоўнікі, дзеясловы, прыметнікі.

Хлопцы цяпер і са школы разам ідуць, каб праэкзаменаваць адзін другога. Заданне цвёрдае — ведаць усе словы, якія трапляюцца ў пройдзеным матэрыяле.

— Як будзе лес? — пытае Бронька.

— Wald,— адказвае Іван. На артыклі сябры пакуль не звяртаюць увагі.

— Рэчка?

— Fluss.

— Поле?

— Feld.

— Можна сказаць і «Flur»,— умешваецца Васіль.— Яно азначае — ніва.

— Не лезь наперад бацькі! — абсякае Сцяпан.— У тэкстах такога слова няма.

Хлопцы шпыняюць адзін другога пытаннямі, патрабуючы назваць слова па-нямецку ці, наадварот, вызначыць сэнс нямецкага. І ёсць цікавасць, захапленне, нават палымяны запал у такіх вось занятках. Тым болей што ніхто пра іх не ведае.

Сябры выпісалі з Масквы нямецкія бібліятэчкі, якія мусяць прыйсці на пошту наложным плацяжом. Але і без бібліятэчак, па падручніку пятага класа дзела спорыцца. Словы нямецкія зрэшты ва ўсіх кнігах аднолькавыя.

Да Сцяпана часцяком, асабліва ў нядзелю, калі ўрокаў няма, прыходзяць хлопцы-дзесяцікласнікі. Выдыбаючы па хаце, расказваюць розныя гісторыі, залівіста рагочуць. Здаецца, усё іх жыццё складаецца з таго, каб сабрацца гуртам, павандраваць па вуліцах, вось гэтак парагатаць. Дзесяты клас, ведаючы пра хуткае расстанне з мястэчкам, незвычайна з’яднаўся. Дзесяцікласнікі — хлопцы і дзяўчаты — не дапускаючы ў свой круг нікога старонняга, нават у лес разам ходзяць. Прыносяць адтуль і садзяць каля школы дрэўцы, розныя кусты.

У Васіля — вострая цікавасць да дзесяцікласнікаў. Іхні клас не толькі вельмі дружны, ён адметны яшчэ і другім. У мястэчку нямала прыезджых людзей — некаторыя займаюць даволі высокае службовае становішча. Іх дзеці лепей апранаюцца, у іх інакшая гаворка, і наогул неяк выдзяляюцца яны ў школьным гурце. Дзесяты клас напалавіну складаецца іменна з такіх.

Калі, прыходзячы да Сцяпана, Васіль застае кампанію дзесяцікласнікаў, той трохі моршчыцца. Яму, відаць, не да спадобы, што дружбу з васьмікласнікам бачаць старэйшыя хлопцы. Васілёў гонар зневажаецца, але нічога не зробіш. Васіль не можа не хадзіць да Бронькі.

У школе тым часам навіны, перамены і нават вялікія. Вясной і ў пачатку верасня забралі ў армію некалькі настаўнікаў. Цяпер на іх месца прыслалі новых.

Васілю асабліва шкада настаўніка геаграфіі. Антон Антонавіч Грак быў выдатны выкладчык, хоць з выгляду не надта кідкі — маленькі, чорны, з вузкім, нібы гарохавы струк, тварам. Знешнасцю, голасам ён нібы апраўдваў прозвішча — гаварыў скрыпуча, нібы каркаў.

Але гэтым сваім непрыемным голасам Антон Антонавіч тварыў цуды. Здаецца, ведаў зямны шар, як уласную кватэру,— так маляўніча расказваў пра кожны куток зямлі, горны масіў, раку.

Антон Антонавіч разы два з’явіўся на ўроках — стрыжаны, мізэрны без свае чорнай чупрыны — і знік. Адтэрміноўкі ваенкамат не даў.

Эканамічную геаграфію ў восьмым класе цяпер вядзе новы настаўнік — прылізаны, прычэсаны, у модным касцюме, з пярэстым гальштукам. Але на ўроках мухі дохнуць. Новы географ сыпле лічбамі, нудна пералічвае, што ў якім горадзе вырабляюць,— дзе крухмал і патаку, дзе тэкстыль, сельскагаспадарчыя машыны. Фантазіі не мае ні на грош.

Васілю не хапае і Георгія Канстанцінавіча Сакаловіча, які, калі Васіль вучыўся ў пятым класе, выкладаў рускую мову і літаратуру, а ў сёмым — беларускую. Але ён пераехаў у другое месца, пакінуўшы школу па іншай прычыне.

Сакаловіча Васіль памятае яшчэ з дзяцінства. Калі арганізоўвалі калгасы, ён быў старшынёй сельсавета, ездзіў на прыгожай кабыле Ластаўцы, вогненна-гнядой, з белымі падпалінамі на нагах і на лбе. Ведаў па прозвішчу кожнага местачкоўца, кожнага жыхара з суседняй вёскі Алешкі, саўгаса і торфазавода — яны ўваходзілі ў сельсавет.

З сельсавета Георгій Канстанцінавіч перайшоў у школу. Васіля дый, бадай, увесь пяты клас навучыў граматна пісаць па-руску за год. Сакаловіча ў школе баяліся, пра жорсткасць ягоную хадзілі легенды. Але Васіль якіх-небудзь праяў жорсткасці з боку настаўніка не бачыў. Высокі, падцягнуты, з чарнявым строгім тварам, Сакаловіч заходзіў у клас, і вучні застывалі ў нямым маўчанні. Настаўнік не наводзіў ніякай дысцыпліны, цішыні, яна ўсталёўвалася сама сабой.

Тлумачыў Сакаловіч так, што самае складанае, заблытанае станавілася да празрыстасці ясным.

«Фальклор — гэта вусная народная творчасць,— паведаміў настаўнік пятаму класу, прыйшоўшы на першы свой урок.— Вы чулі песні, якія маці спявала, думаю, казкі слухалі — дзед расказваў ці бацька. Вось гэта і ёсць фальклор. Зразумелі?»

Не зразумець было проста немагчыма.

За пісьменнасць Сакаловіч змагаўся дыктоўкамі. Можа, сотню дыктовак правёў ён у той год у пятым класе.

Летам, калі Васіль перайшоў у шосты клас, здарылася незразумелае. У раённай газеце — цэнтр раёна знаходзіўся тады ў суседнім гарадку — паявіўся артыкул пад гучнай назвай — «Банда шкоднікаў у школе».

Прачытаўшы артыкул, Васіль вачам не паверыў. Аказваецца, ледзь не палавіна настаўнікаў не столькі вучылі, колькі ўсялякімі захадамі, хітрыкамі зрывалі навучальны працэс. Інакш не маглі паступаць, бо вельмі ж цёмнае іх мінулае: дырэктар школы Зыль — царскі афіцэр, настаўнік Сакаловіч — сын жандара, і ў такім тоне яшчэ пра некалькіх настаўнікаў. «У школе арудуе памешчыца Ясінская»,— было напісана пра выкладчыцу нямецкай мовы Вольгу Уладзіміраўну. Як магла арудаваць ціхмяная, пакорлівая настаўніца, якой ніхто не слухаў, не баяўся, што зламыснае здолела ўчыніць, Васіль не ведаў.

Пасля артыкула Зыля і Сакаловіча арыштавалі. Месяцаў праз колькі іх выпусцілі, бо абвінавачанні не пацвердзіліся. Зыль, аказваецца, быў ваенным лётчыкам, а ўсе лётчыкі ў царскай арміі мелі афіцэрскія званні, у грамадзянскую вайну ваяваў на баку чырвоных. Сакаловіч жа з бацькам не меў нічога агульнага — вельмі рана пайшоў на ўласны хлеб.

Зыль са школы з’ехаў адразу, Сакаловіч яшчэ год працаваў.

Васіль наогул не любіць успамінаць той час, бо многае не ўкладваецца ў свядомасці. Тварылася нешта незразумелае, цёмнае,— прыходзілі на ўрок настаўнікі, загадвалі заклеіць у падручніках партрэты вядомых пісьменнікаў, маршалаў або нават вырваць старонкі, дзе ішла пра іх гаворка. Добра, што тое незразумелае мінулася.

Восень адметная стаіць. Цёпла, хороша, днём — негарачае сонца, незвычайная празрыстасць паветра, у якім на дзіва выразна праглядваюць абрысы будынкаў, купы дрэў — з вышыні другога школьнага паверха вельмі добра відаць ваколіцы мястэчка.

У Васіля на душы пачуццё ціхмянасці, зладжанасці, спакою. Думкай ён спрабуе перакінуцца ў наступны верасень, калі Іван са Сцяпанам з мястэчка паедуць, ён астанецца адзін, будзе адзін хадзіць у школу, глядзець на школьны двор, на маладыя таполі, акацыі, якія толькі-толькі падымаюцца, і ловіць сябе на адчуванні, што не можа ўявіць такі малюнак. Думка, уяўленне як бы блукаюць у беспаветранай прасторы, наперадзе — белая пляма, пустата...

Бяруць навабранцаў у армію, і з гэтай прычыны нават апошні ўрок адмянілі. Справа ў тым, што ў школе ёсць два добраахвотнікі. Ёська Шнэйдэрман з дзевятага класа падаў заяву аб жаданні датэрмінова прайсці воінскую службу, Мікалай Сянчук з дзесятага — ідзе ў лётнае вучылішча.

Навабранцаў праводзяць урачыста. У раённым Доме культуры — ён размяшчаецца якраз насупраць школы — наладжана ўрачыстае пасяджэнне, выступаюць прамоўцы, паказваецца мастацкая самадзейнасць. А каля клуба аж заліваюцца гармонікі. Як танцаваў у той дзень Ёська Шнэйдэрман! Ніхто нават не здагадваўся, што ён тоіць у сабе такія таленты. Школьнікі спецыяльна ўтварылі вялікі круг, і Ёська хадзіў па ім чортам, пускаўся ўпрысядкі, нават на руках танцаваў, капаючы носам зямлю.

Мікалай Сянчук — наадварот, ціхмяны, прыгожы хлопец з завіткамі светла-русявых валасоў на ладнай галаве, блакітнымі, як летняе неба, вачамі. Ніхто ніколі не думаў, што ён адважыцца паступаць у лётнае вучылішча. Аднак адважыўся. Летам патаемна ад таварышаў ездзіў здаваць экзамены, прайшоў паспяхова і вось цяпер атрымаў выклік у вучылішча.

Васіль гэтым выпадкам проста ўражаны. Мікалай прыходзіў да Сцяпана, маўчаў, пасміхаўся, ніколі ў спрэчкі не ўступаў. Думаў, здаецца, толькі пра ўрокі. Яму цяжка давалася руская мова, і ён любіў услых паўтараць выключэнні з правіл: «яблонька, кухонька, деревенька...». Вось вам і «деревенька». Многа ёсць таямніц у юнацкіх душах!

У восьмым класе матэматыку праходзяць, пачынаючы з шостага класа. Вядзе яе цяпер Антаніна Хвядосаўна Білецкая, настаўніца талковая, уладная, вострая на язык. Яна жонка дырэктара дзесяцігодкі Мікалая Карлавіча, не ў прыклад ёй задуменнага, засяроджанага, у душы, здаецца, мякчэйшага за жонку. Дырэктар ва ўсіх класах выкладае біялогію, трошкі прыцмокваючы языком, дакладна даводзіць пра жыццё туфелек, інфузорый, членістаногіх, а цяпер, на ўроках па анатоміі і фізіялогіі чалавека,— пра ролю ўнутраных органаў.

Антаніна Хвядосаўна таксама прыхільніца дакладнасці. Дробязей не прапускае. Не памятаеш элементарнага правіла, формулы — садзіся, двойка. Яна навылёт бачыць кожнага школьніка: дзякуючы сваёй жаночай цікаўнасці, ведае ўсё пра ўмовы яго жыцця, нават бацькоў вельмі добра ведае.

Зрэшты, добра, што прыйшла Антаніна Хвядосаўна. За алгебру, геаметрыю восьмы клас цяпер возьмецца!..

У шостым, сёмым з гэтымі прадметамі была проста камедыя. Прыйшоў выкладаць іх настаўнік Мялешка — высокі, хударлявы, з доўгім, кручкаватым носам на жоўтым насмешлівым твары. І з першай хвіліны клас зразумеў, што ён за птушка.

Замест таго каб праверыць, хто ёсць у класе, каго няма, Мялешка чамусьці выцягнуў з кішэні ключ, ушчаміўшы яго між зубоў, стаў пахаджваць па пакоі.

— Хто ведае формулу квадрата сумы, няхай ідзе да дошкі! — сказаў ён.

Ахвотнікаў не знайшлося, тады настаўнік напісаў формулу на дошцы сам.

— Перапішыце ў сшыткі, і каб як рэпу грызлі!

На першай парце сядзіць другагоднік Мірон Мацко. Ён ніколі нічога не ведае.

— Ідзі да дошкі, напішы формулу.

Мірон, прыхапіўшы сшытак, ідзе да дошкі, выводзіць формулу. Мялешка ставіць яму «выдатна». Клас нямее ад здзіўлення. Ніхто ніколі не ставіў Мірону нават «добра».

З гэтага пайшло. Тыя, хто хоча атрымаць адзнаку, падрыхтаваўшы наперад шпаргалку, падымаюць руку, выходзяць да дошкі і тыдні два, а то і месяц за алгебру не бяруцца.

Калі матэрыял цяжкі, дзяўчаты наогул уцягваюць Мялешку ў якую-небудзь размову, і ён у яе ахвотна ўступае. Здаецца, з настаўнікам здарылася ў жыцці нешта надта благое, на ўсё ён глядзіць насмешліва, скептычна, думкамі лунае ў паднябессі, да класа, алгебры яму няма ніякай справы.

Зрэшты, скончылася ўсё горш не прыдумаеш: выпускны сёмы клас, за выключэннем двух-трох чалавек, кантрольную па алгебры праваліў.

Чуткі пацвердзіліся: за навучанне ў старэйшых класах трэба плаціць. Грашам, якія Васіль зарабіў на касцюм, ёсць месца. І не толькі ў школе такія парадкі, а і ў вышэйшых навучальных установах, дзе плата яшчэ большая, а стыпендыю будуць атрымліваць толькі выдатнікі.

Новы парадак адразу дае вынікі. З інстытутаў Мінска, Масквы вяртаецца некалькі местачкоўцаў, якія паспелі скончыць па два, нават па тры курсы. Адзін у школе ўжо выкладае фізіку, астатнія прыткнуліся хто дзе.

 

V

Вечары цёплыя, нейкія лагодна задуменныя. Перш чым пасля ўрокаў разысціся па хатах, сябры блукаюць па прыцемненых вуліцах, зазіраюць у гарадок, на станцыю. Хлопцы нават самі не спадзяваліся, што вывучэнне нямецкай мовы пойдзе так імкліва. Канчаюць падручнік за пяты клас, а гэта пяцьсот слоў, якіх яны раней не ведалі, не збіраліся запамінаць.

Цяпер, калі сябры назапасілі слоў, вывучэнне мовы ідзе па іншаму спосабу.

— Як па-нямецку зямля? — пытае Іван.

— Der Boden,— Сцяпан, як руплівы гаспадар, і артыклі запамінае.

— Можна сказаць «Land»,— дабаўляе Васіль.

— Land — краіна,— пярэчыць Сцяпан.

— Паглядзі ў слоўнік! — Васіль ведае, што верх за ім будзе, бо загадзя ў слоўнік зазірнуў.— Толькі не ў той, што ў пятым класе.— Land азначае краіна, зямля і нават вёска.

— Выхваліцца хочаш. Давай спачатку лікбез пройдзем.

— Як вада? — дапытвае Іван.

— Wasser,— слова яшчэ ў пятым класе запомнілі.

— Неба?

— Himmel,— таксама дружны адказ.

— Паветра?

Слова не ведае ніхто. У тэкстах для пятага класа яго няма. Але гэта не страшна — вывучаць. Галоўнае — прага на словы прыйшла. Цяпер проста хочацца ведаць, як будзе па-нямецку рука, нага, галава, вочы і наогул як называюцца рэчы, якія акружаюць цябе кожны дзень.

Вандроўкі па вячэрнім мястэчку робяцца, мабыць, не толькі дзеля вывучэння мовы. Жыццё ідзе сваім парадкам: на лавачках сядзяць, перашэптваюцца парачкі, у расчыненым акне відаць постаць маладой жанчыны. Яна перад люстэркам расчэсвае валасы, у наступнай хаце вясёлае застолле. Песня пра харобрага атамана Сценьку Разіна і персідскую княжну разлягаецца далёка за межамі панадворка.

Васілю прыемна-неспакойна ў такія вечары. Душа поўніцца ўдзячнасцю да сяброў, якія ідуць побач, пасвячаюць у свае тайны, не грэбуюць ім, васьмікласнікам. Смутак і радасць жывуць у глыбіні істоты адначасна, хочацца зрабіць нешта адметнае, незвычайнае, што здзівіць усіх, кудысьці пайсці, нешта некаму расказаць.

У правулку, які выходзіць на чыгуначную вуліцу, кватаруе новая біялагічка, якой Білецкі — дырэктару цяжка весці ўсе класы — саступіў батаніку і заалогію. Яна таксама пакінула інстытут, бо аднялі стыпендыю, не было як вучыцца. Аднойчы біялагічка пайшла дамоў разам з хлопцамі. Нямецкіх слоў пры ёй, вядома, не паўтаралі.

— У Мінску хораша цяпер,— даверліва сказала настаўніца.— У парках музыка, песні. Успомню, і плакаць хочацца.

Васіля ўразілі яе словы. Настаўніца — і так шчыра размаўляе з імі, вучнямі. Зрэшты, біялагічка на настаўніцу мала падобна. Чарнявенькая, кругленькая, маленькая ростам. У восьмым класе ёсць дзяўчаты, большыя за яе.

На развілку вуліцы стаіць слуп з падвешаным электрычным ліхтаром. Пад ліхтаром дружбакі якраз развітваюцца з настаўніцай.

— Вы на Ясеніна падобны,— раптам сказала біялагічка, злёгку даторкнуўшыся да Васілёвай рукі.— Ведаеце, быў такі паэт. Прыходзьце да мяне,— цяпер яна ўжо звярталася да ўсіх траіх. Я новыя пласцінкі прывезла. Ясеніна пачытаем. Ясеніна ж у школе не праходзяць...

— Вярціхвостка! — зняважліва буркнуў Сцяпан, як толькі біялагічка схавалася за веснічкамі.

А Васіля як электрычным токам працяло. Настаўніца, якая вучылася ў Мінску, ва універсітэце, выдзеліла не дзесяцікласнікаў — Сцяпана, Івана — а яго, васьмікласніка. Пра Ясеніна Васіль чуў, але нічога з яго твораў не чытаў і партрэта не бачыў. Трэба як-небудзь знайсці і паглядзець. І чаму яна так сказала?

Васіль заўсёды любіў чыгуначны правулак — дамкі, фацэтныя, адмыслова пабудаваныя. Наўсцяж стаяць пад дрэвамі, у кожным двары сад. Цяпер, калі ў правулку пасялілася маленькая настаўніца, якая чытае Ясеніна, ён стаў яшчэ больш прывабным, якімсьці загадкава-таямнічым.

А ў школе ладзіцца вялікая ваенная гульня. Сцяпан па некалькі разоў на дзень бегае ў раённы савет Асаавіяхіма — ён размяшчаецца побач са школай, у двухпавярховым будынку,— нават некаторыя ўрокі прапускае. У піянерскім пакоі ляжыць, можа, сотня процівагазаў, некалькі санітарных сумак з індывідуальнымі пакетамі, а таксама драўляныя трашчоткі — яны заменяць кулямёты.

Наступленне, абарона — усё гэта хутчэй для блізіру. Проста асаавіяхімаўскае кіраўніцтва — сам начальнік на гульні будзе прысутнічаць — хоча праверыць, ці ўмеюць школьнікі карыстацца процівагазамі, індывідуальнымі пакетамі. Пасля гэтага выдадуць значкі.

Гульня намечана начная. Вечарам калона — у ёй старшыя класы ад восьмага да дзесятага, хлопцы, дзяўчаты разам — выстраілася роўненька на школьным двары.

Васіль любіць хадзіць у калонах. Калі вучыўся ў малодшых класах, першамайскі, кастрычніцкі мітынгі заўсёды заканчваліся дэманстрацыямі па вуліцах мястэчка. Трашчалі барабаны, звінелі гармонікі, шасцелі на ветры сцягі, палотнішчы лозунгаў, узнятыя на двух дрэўках: людзі неслі транспаранты, партрэты правадыроў, многія апранулі святочныя вопраткі, прышпілілі чырвоныя банты. Усё гэта ўздымала дух, бунтавала кроў. Пачуцці, імкненні абвастраліся. Здавалася, не будзе ў жыцці ніякіх перашкод для бясконцых шарэнгаў. Але ў апошнія гады дэманстрацыі не праводзяцца. Толькі мітынгі.

Тым часам калона рушыла са школьнага двара. У галаве яе асаавіяхімаўскі кіраўнік — яшчэ маладжавы, вайсковага выгляду мужчына, некалькі настаўнікаў.

Большая палавіна хлопцаў з процівагазамі цераз плячо, у некаторых дзяўчат — санітарныя сумкі. Барабаны дзесяцікласнікам не падыходзяць, духавога аркестра ў школе няма — толькі струнны. Але ж пад балалайку і мандаліну калоны не маршыруюць.

Настрой і без музыкі прыўзняты. Ноч у лесе, кастры, вогнішчы — без іх не абыдзешся — такога яшчэ не было. Хлопцы навыперадкі сыплюць жартамі, падколваюць адзін другога, дзяўчаты пасміхаюцца.

Калона кіруе да лесу бакавымі вуліцамі, якія ўтварыліся нядаўна, са сселеных хутароў. Трохі раней звычайнага стала шарэць, бо неба — не ў прыклад папярэднім вечарам — зацягнута воблакамі.

Застаюцца ззаду млын — яго выдзяляе высокая з адводамі дратоў труба,— нізкія, нібы хлявы, памяшканні абоднай майстэрні, зарослы купчастымі хвоямі курган могільніка. Тыя, хто здае нормы на «Варашылаўскага стралка», ходзяць на могілкі страляць з дробнакалібернай вінтоўкі.

Капаюць бульбу, пахне паленым бульбоўнікам. Вогнішчы сям-там дымяць на агародах. Насустрач трапляюцца фурманкі-мажы, паўтаратонкі з даверху засыпанымі бульбай кузавамі. Дзядзькі-калгаснікі са здзіўленнем пазіраюць на шматгалосую калону, якая насупраць ночы бярэцца ў лес.

У гэтым канцы мястэчка садоў нават менш, чым там, дзе жыве Васіль. Па агародах, дварах разгалістыя, высокія, як дубы, ігрушы-дзічкі. Дзічкі цяпер сама даспяваюць, і іх востры церпка-медзвяны пах змешваецца з пахам бульбы, ускапанай зямлі, сухой пажоўклай травы.

Васіль крочыць побач з Давыдам Лемяшонкам і Андрэем Зубком, сваімі аднакласнікамі, увесь час прыслухоўваючыся да голасу Надзі Мядзёлкі. Яна ідзе ў групе дзяўчат-санітарак дзевятага класа, трымаючы на руцэ лёгкі палітончык. З таго часу, як пачаліся заняткі ў школе, нічога новага ў Васілёвых адносінах з Надзяй не адбылося. Яму хочацца пабачыць яе на перапынку, зрэдку яны перакідваюцца некалькімі словамі — вось такія ў іх адносіны.

У сваім восьмым класе Васіль займае віднае становішча. Ён добра вучыцца, яго нязменна выбіраюць старастай, у апошнія гады ён яшчэ і старшыня савета атрада. Зрэшты, гэта толькі форма, ні на адной з пасад Васіль надта не перарываецца: каму, калі дзяжурыць, вымыць анучку, выцерці дошку васьмікласнікі самі ведаюць.

А вось насценгазету — рэдактар насценгазеты — трэцяя пасада — Васіль са сваімі памочнікамі Давыдам і Андрэем выпускаюць ахвотна. Гэтай справай яны загарэліся яшчэ ў сёмым класе, і газету зрабілі прыстойную. Вучні — і не толькі васьмікласнікі — чытаюць яе з большай прыемнасцю, чым сумнаватую агульнашкольную.

Як стараста і як рэдактар Васіль нікога асабліва не крыўдзіць. Проста яны з Давыдам і Андрэем — болей у насценгазету ніхто, вядома, не піша — звычайныя, вядомыя ўсім факты стараюцца перадаць як можна смяшней. Калі хто ўрок прапусціў, прыдумваюць, дзе такі хлопец ці дзяўчына маглі гуляць, якія сны бачылі; не саромеюцца выдумляць розныя гісторыі, што нібыта здарыліся з двоечнікамі, падрабязна апісваюць іх надзеі, перажыванні. Іншы раз нават у вершаванай форме.

Давыд добра малюе, насценгазета аж стракаціць ад яго карыкатур. Год назад газета вісела на калідоры, каля яе заўсёды стаяў натоўп.

Цяпер дзяўчаты запратэставалі: калі насценгазета класная, то няхай у класе і вісіць. Васіль згадзіўся. Сапраўды, навошта выносіць з хаты смецце?

Давыд між тым павучае Андрэя:

— Калі ў лесе натрапіш на шпіёна, які будзе выведваць нашы ваенныя тайны, бі каробкай процівагаза па галаве. Абы аглушыць. Мы яго потым звяжам, заткнём кляп у рот...

Андрэй рагоча. Абодва яны, Давыд і Андрэй, вялікія насмешнікі, хвіліны без кепікаў не пражывуць. А па характарах розныя. Давыд сухарлявы, павольны ў рухах, гаворцы, хваравіты ад прыроды — шпількі падпускае спадцішка, захоўваючы на драбнаватым тварыку поўную сур’ёзнасць. Каржакаваты, мітуслівы Андрэй, наадварот,— агонь. Аж кіпіць ад узбуджэння, калі сам гаворыць ці калі слухае каго. Яго галава заўсёды поўніцца фантазіямі, планамі, хоць назаўтра ён пра іх забывае.

Давыдаў, Андрэеў бацькі — чыгуначнікі, і Васілю лёгка з хлопцамі. Андрэеваму бацьку нават адрэзала цягніком нагу, і ён цяпер, хоць і не стары, на пенсіі.

Наперадзе поле. З правага боку пакаты пагорак. На ім калісьці стаяў высокі драўляны маяк. З левага — парослая кустамі, сям-там перабітая асаковымі балацявінкамі лагчына. Дарога віецца лагчынай. За полем чыгуначны пераезд праз ветку-аднапутку на гарадок Хвойнае, за пераездам лес — парослае беразнякамі пнёўе, сасновыя пасадкі, дубовыя гаі. Пачынае цямнець па-сапраўднаму.

— Надзець процівагазы! — чуецца зычная каманда.

Справа не новая, процівагаз Васіль ужо надзяваў. Трэба толькі адпусціць клапан, а то, нацягнуўшы на твар маску, абліешся потам, задыхнешся. Дыхаць у процівагазе цяжэй, але трываць можна. Хлопцы паўзверх масак яшчэ і шапкі надзелі, і відовішча нязвыклае. Нібы пляцецца зборышча зданяў.

У процівагазах брыдуць нядоўга, хвілін пятнаццаць. Якраз перад пераездам каманда — зняць!.. І адразу свет становіцца другім. Можна дыхаць на поўныя грудзі. Твар абвявае напоены вячэрняй прахалодай вецер, носам чуеш разнастайныя пахі зямлі. Як збавенне, як шчасце!..

Неба паласуюць бліскаўкі. Не надта выбралі прыдатную ноч, каб разгортваць ваенную гульню. Але, можа, і добра, што так. Болей будзе прыгод.

Дальнейшае адбываецца па загадзя намечанаму плану. Калону дзеляць на дзве роўныя часткі — чырвоных і сініх. Сінія мусяць замацавацца ў лесе, трымаць абарону, чырвоныя рушаць на іх у наступ. Пад час наступлення будуць запалены дымавыя шашкі, у гэты момант абодва бакі павінны надзець процівагазы, а ў каго ёсць — нацягнуць супрацьіпрытныя накідкі. Санітары тым часам акажуць першую дапамогу пацярпеўшым. У гэтым сэнс гульні.

Васіль трапіў у сінія. І Надзя — у сініх — палавіна дзевятага класа прылучана да іх. Васіль увесь час сочыць за Надзяй, непаседлівай, імклівай. Болей па голасу, бо ўжо зусім цёмна. Там, дзе Надзя паяўляецца, чутны смех і выгукі.

Пра сапраўдную вайну Васіль не думае. Савецкая краіна такая магутная, што ніхто ніколі не адважыцца на яе напасці. Толькі за апошнія два-тры гады разбілі японцаў ля возера Хасан і ля ракі Халхін-Гол, падалі руку дапамогі заходнім беларусам, украінцам, прыбалтыйскія рэспублікі сталі савецкімі. Няма больш на карце заштрыхаванай у жоўтыя пасачкі Бесарабіі як незаконна захопленай тэрыторыі, далі па зубах за злосныя прошукі белафінам, Ленінград цяпер у бяспецы. Гэта што-небудзь ды значыць!..

А ў лесе цёмна. Так цёмна, як рэдка калі бывае, бо неба абложана воблакамі. Пачынае церусіць надаедлівы дождж.

Дзяўчаты трымаюцца бліжэй да хлопцаў. Прызнаюць мужчынскі аўтарытэт. Дзесьці побач звініць голас Надзі Мядзёлкі, і Васілю прыемна.

Камандзірам васьмікласнікаў, паколькі з’яўляецца старастам, прызначан Васіль. Хлопцы выбралі сасновы ўскраек, дзе прыхавацца ад дажджу можна і дзе чырвоных не прапусціш, калі затрашчаць трашчоткамі і паплыве паласа дыму. Васіль, Давыд і Андрэй прыляглі пад хвояй.

Васіль торгае Давыда за плячо.

— Ты быў у гэтым лесе?

— Быў. А што?

— Нічога. Проста так. Тут блізка наша поле было. Па гэты бок маяка.

— Ну і што? — без падкавыркі Давыд не можа.

— Тое самае. Ты ж у лес не ходзіш. Абабка ад баравіка не адрозніш.

— У супе адрозніваю.

— Тыя, што бацька прыносіць?

— Важны вынік.

— Балбочаце, як цецерукі,— нездаволена кідае Андрэй.— Наглытаемся дыму.

— Думаеш, хлор пусцяць? Ён дорага каштуе.

Дзяўчаты перасмейваюцца побач.

Нарэшце ў бярэзніку ўсчынаецца рух. І адначасна чуваць гул на чыгунцы — прыбліжаецца цягнік, ідзе на Хвойнае. Значыць, толькі палавіна адзінаццатай. Васілю здавалася, што ўжо глыбокая ноч. Рэха ўсё гусцей разлягаецца па лесе.

— Надзеньце процівагазы! — крычыць Васіль, уваходзячы ў ролю камандзіра.— Пад шумок набягуць і засякуць. Скажуць — ляжалі без процівагазаў. Будзе звону!..

— Не буду надзяваць! — даносіцца голас Надзі Мядзёлкі. Яна дзесьці блізка, пад суседнімі соснамі.— Наступленне не пачалося...

— Не надзявай, ты не наша!

Гул цягніка аддаліўся, і цяпер выразна чуваць, як трашчаць трашчоткі. Яны ўжо блізка. Нарэшце ўзвіваецца ў неба зялёная ракета. На імгненне яна застывае, затым, рассыпаючыся на бліскучыя асколкі, асвятляе наваколле. Між кустоў мільгаюць цёмныя постаці — дзесяты клас пайшоў у наступленне. У адказ затрашчалі дзевяцікласнікі. Васіль адчуў, як затахкала сэрца, нацяліся мускулы, забунтавала кроў. Відаць, так вось бывае на сапраўднай вайне.

— Надзець процівагазы! — гучна, па-вайсковаму крычыць Васіль.

Перасунуўшы каробку на жывот, нацягнуўшы на твар гумавую маску процівагаза, ён падхопліваецца. Ён усё-такі камандзір і павінен далажыць вышэйшым камандзірам, што восьмы клас сустрэў праціўніка ва ўсеўзбраенні, у поўнай гатоўнасці адбіў хімічную атаку.

Праходзіць хвілін некалькі. Дзевяцікласнікі безупынна трашчаць. Нарэшце праскаквае ланцуг наступаючых, чуваць вясёлыя галасы, выгукі. Услед, пабліскваючы кішэннымі ліхтарыкамі, ідуць інструктары: правяраюць вынікі. Васьмікласнікі тым часам ляжаць пад соснамі, чакаюць.

Васіль з інструктарам — маладым яшчэ хлопцам — абходзяць пазіцыю.

Восьмы клас не схібіў. Усе, каму выдадзены процівагазы, надзелі іх правільна, карыстацца ўмеюць. Так сказаў асаавіяхімаўскі інструктар. Падсвечваючы сабе кішэнным ліхтарыкам, ён запісвае прозвішчы ў блакнот.

Вось і скончылася вайсковая гульня. Васілю аж сумна стала. Варта было перціся за пяць кіламетраў у начны лес, каб толькі надзець і зняць процівагазы.

Раптам Васіль чуе каля сябе звонкі голас Надзі Мядзёлкі:

— Ты паранены! Расшпілі каўнер!..

— Не паранены я,— Васіль нават збянтэжыўся.— Мы адбілі атаку...

— Будзе санітарная праверка,— Надзя проста дыхае яму ў твар, шчакой ён чуе дотык яе валасоў.— Я хачу табе шыю забінтаваць...

Яна з хрустам разрывае індывідуальны пакет, дакранаючыся цёплымі пальцамі да сківіцы, падбароддзя, лоўка і спрытна бінтуе. Васіля аж дрыжыкі б’юць.

«Дзіўна, думае ён, адчуваючы незвычайнае ўзрушэнне, яна сказала, што ў мяне прыгожая шыя, а цяпер яе бінтуе. Хоча, каб у шыю паранілі? Самае небяспечнае месца. Калі трапіць куля, не здолею дыхаць...»

Яму сапраўды нібы зацінае дыханне. Але не ад павязкі. Яна амаль не цісне. Ноч, сосны, лес і побач Надзя. Ён і ў сне такога не бачыў. Ён чуе пах яе валасоў, усю яе, таксама нацятую, напружаную. Нарэшце яна завязала вузельчык, прыціснулася ўшчыльную, каб абарваць канцы яго зубамі. Сваімі грудзьмі ён адчувае яе тугія грудзі, чуе, як часта, трывожна б’ецца яе сэрца. Нарэшце — гэта яму зусім не здалося — яна нібы знянацку кранаецца губамі яго вуснаў. Дотык нясмелы, палахлівы, імгненны, але ён быў, і Васіль нібы камянее ў здранцвенні.

— Пайшлі! — яна вядзе яго за руку ў напрамку да вогнішча, якое нехта паспеў раскласці.

У Васіля кружыцца галава, і ўсё, што бачыць, здаецца хісткім, казачным. Школьная фельчарка (яна адначасна і справавод), таўставатая, абыякавая жанчына, стоячы ля кастра, правярае якасць павязак. Шмат «параненых», але найбольш такіх, у каго рана на руцэ. У аднаго павязка на лбе — нават вочы закрыла. Забінтавана шыя ў аднаго Васіля.

А ў лесе ўжо многа вогнішчаў. Крыкам, гоманам, смехам поўніцца лес. Фельчарка, як і асаавіяхімаўскі інструктар, запісвае прозвішчы ў блакноцік. Як толькі запісала Надзю, яна, скочыўшы як каза, пабегла да другога кастра.

Васіль адзін і не ведае, што рабіць. Развязаў вузельчык, зняў павязку, чамусьці схаваўшы бінт у кішэню. Дождж толькі пакрапаў і перастаў. Хмары разагнала. Калі адысці ад вогнішча, нават зоркі на небе відаць. Усё-такі добра, што не было дажджу.

Нарэшце Васіль падышоў да кастра, ля якога Надзя штосьці ўзбуджана расказвае сяброўкам. Але яна цяпер яго не заўважае, не бачыць. Нават у яго бок не глядзіць. Пастаяўшы хвілін колькі, паглядзеўшы, як завіхаюцца хлопцы, цягнучы да кастра хвораст, Васіль адышоўся.

Яшчэ праз нейкі час ён узбудзіўся сам, насіўся па лесе, збіраючы сукі, галіны, кідаючы ў зыркае, гарачае вогнішча.

Выдатная, незабыўная ноч!.. Хадзілі на поле, навыбіралі бульбы, а потым пяклі ў прыску. Да таго часу, пакуль на ўсходзе не пасвятлеў край неба, спявалі песні...

Дамоў вярталіся купкамі, без строю. Васіль нават не заўважыў, калі і з кім шуснула з лесу Надзя.

Шчаслівы, перапоўнены незвычайна вострым адчуваннем паўнаты жыцця, яго радасцей, зіхатлівых даляглядаў, якія нібы прыадчыняе будучыня, Васіль ляжыць у хляве на сене. Ён спіць і не спіць, як бы баючыся ненарокам спудзіць шчасце, якое так нечакана прыйшло, запоўніла істоту. Надзя яго пацалавала, ён і цяпер нібы адчувае дотык яе гарачых губ, пах валасоў, трапяткое біццё сэрца.

Васіль чуе, як маці доіць карову, як выганяе са двара, як прыносіць тоўчанку кабанчыку — усе зыкі, гукі раніцы зліваюцца для яго ў бясконца прыгожы напеў, які звініць у вушах.

Ён нарэшце засынае, як бы і ў сне чуючы працяг песні без слоў. У сне бачыць бясконца заліты сонцам разліў жытняга поля. Жыта хістаецца пад ветрам. Прачынаецца Васіль ад таго, што.маці тармошыць яго за плячо.

— Устань, сынок. Там міліцыянер прыехаў...

У першую хвіліну Васіль у недаўменні: які міліцыянер, што яму трэба?

Але на вуліцы, прывязаны да штыкетніку, стаіць сівы конь пад сядлом, ля паркана пахаджвае высокі, плячысты, з грубаватым тварам чалавек у міліцэйскім шынялі, са шпалай у пятліцах.

— Давайце прысядзем, малады чалавек! — гаворыць капітан.— Вы пісалі ў рэдакцыю?

Дык вось яно што?

Васілёва пісьмо рэдакцыя, відаць, пераслала ў міліцыю, і гэты чалавек прыехаў яго правяраць. Васілю аж крыўдна стала — варта было пісаць... Капітан між тым вымае з раменнай сумкі аркушык паперы, на ім вялікімі чырвонымі літарамі выдрукавана назва газеты, у якую Васіль пісаў, і далей на аркушыку толькі машынапісны тэкст. Ад сэрца адлягло.

— Раскажыце, як была справа,— просіць капітан.— Маё прозвішча Дабрынін, я начальнік раённага аддзялення НКВД.

Васіль — цяпер ён зусім спакойны — падрабязна расказвае.

— Што ж, прымем меры,— Дабрынін устае, працягвае Васілю руку.— Міліцыянер Сідорык атрымае па заслугах.

Увесь месяц Васіль насіў крыўду ў душы, не могучы забыць, як перад местачковым натоўпам васпаваты Сідорык трымаў яго за каўнер. Цяпер яму нават шкада міліцыянера.

І яшчэ адно ўзрушэнне ў гэты цёплы, сонечны — нібы зноў вярнулася лета — дзень. Крываногі, шустры паштальён Якімчык прынёс паведамленне на бандэроль з Масквы. Васіль здагадаўся: нямецкая бібліятэчка! Не марудзячы, кінуўся да Сцяпана — той ужо меў такое паведамленне, яму нават раней, чым Васілю, прынеслі. Дзіва няма: паштальён Якімчык даводзіцца Сцяпану родным дзедам.

Перад пачаткам урокаў — старшакласнікі займаюцца ў другую змену — сябры рушылі на пошту. Заплацілі па тры рублі трыццаць капеек, атрымаўшы па пакуначку. Зараз жа разарвалі жорсткую абгортачную паперу, вынялі кніжкі. Іх некалькі: светлы, у прыгожай ледэрынавай вокладцы томік вершаў Гётэ, некалькі меншых кніжачак — казкі братоў Грым, розныя апавяданні.

Васіль нават здзівіўся: пад кожным апавяданнем тут жа, унізе, даецца пераклад, прычым перакладаецца кожнае слова, выраз, незалежна ад таго, траплялася слова раней ці не. Нібы для першага класа прыслалі кніжачкі.

Сцяпан спахмурнеў.

— Па падручніку шостага класа будзем займацца,— сказаў ён.— Кніжачкі можна проста чытаць.

На пошце дзед Якімчык пакручваецца. Дзед цікаўны, дасціпны. Адразу ўбачыў, што кніжкі нямецкія. Нямецкую мову дзед трохі ведае. У мінулую вайну быў у Германіі, у палоне, цяпер, калі дзе збяруцца яўрэі, спыніцца, наставіць вуха, робячы выгляд, што разумее гаворку. Цікава будзе, калі хлопцы падвучацца, паразмаўляць з дзедам па-нямецку.

— Навошта вам нямецкія кніжкі, хлопцы? — спытаў паштальён.

— Па праграме трэба,— суха адказаў Сцяпан.

 

VI

Заняткі нямецкай мовай ледзь не перапыніліся.

З раніцы да Васіля прыбег узбуджаны Сцяпан, працягнуў газету, на апошняй старонцы якой — аб’ява.

— Чытай!

Аб’ява сапраўды незвычайная. У Мінску адкрываюцца спецыяльныя сярэднія школы ад восьмага да дзесятага класаў, выпускнікі іх у далейшым змогуць паступіць у артылерыйскае ці авіяцыйнае вучылішчы. У школу бяруць толькі выдатнікаў. Вучоба — бясплатная, утрыманне — за дзяржаўны кошт. Дакументы афармляюцца ў ваенкаматах.

Васіль таксама ўзбудзіўся: вучыцца ў Мінску на ўсім гатовым, не плаціць за вучобу — хіба прыдумаеш што-небудзь лепшае?

— Пайшлі да Івана?

Іван прыняў навіну з меншым захапленнем. Адразу прыкінуў: спецыяльныя школы адкрыюць у Мінску дзве ці тры? А выдатнікаў па ўсёй Беларусі колькі набярэцца?

Сталі падлічваць — у іхняй школе на «выдатна» вучыцца чалавек дзесяць. Але не ўсе пойдуць. Ізя Цукерман — бацька яго загадвае аптэкай — не пойдзе, бо калі нават стыпендыі ў інстытуце не атрымае, усё адно будзе вучыцца. Віцю Левашову, бацька якога дырэктар леспрамгаса, спецыяльная школа таксама не трэба. А яшчэ ж дзяўчаты ёсць, якіх у такія школы наогул не бяруць.

Заявы рашылі напісаць. Сцяпан з Іванам — у артылерыйскую школу, Васіль — у авіяцыйную. Ён нават сам здзівіўся — чаму ў авіяцыйную? Пра ваенны лёс не згадваў, лётчыкам сябе не ўяўляў. У гэтым, мабыць, выявілася яго імкненне да вышыні. Жыве ў юнацкіх душах такое імкненне. Калі ўжо выбіраць вайсковую школу, то лепей — авіяцыйную. Тры гады вучобы, а там відна будзе.

Ваенком — падцягнуты, стройны, хоць зусім сівы,— пра спецыяльныя школы нічога не ведае.

— Прыйдзіце дні праз тры, рабяты. Зраблю запрос.

Праз тры дні ваенком разводзіць рукамі:

— Разнарадкі не прыслалі. Думаю — гарадскіх хапае для такіх школ. Вучыцеся тут.

Можа, і добра, што так здарылася. Усё-такі знянацку ўсё гэта — спецыяльная школа, ад’езд. Да такіх рэчаў трэба загадзя рыхтавацца.

Пра тое, што Васіль збіраўся ад’язджаць у Мінск, нават Надзя не ведае. Але іменна яна, пра каго ён найбольш цяпер думае, наносіць балючы ўдар, пасля якога ён адчувае сябе лішнім на свеце.

Яны ідуць разам са школы — не толькі Васіль і Надзя — яшчэ некалькі хлопцаў, дзяўчат. Васіль жартуе, смяецца — у яго добры настрой.

Раптам Надзя спыняецца, ляпае яго па спіне.

— Ты чаму горбішся? Бач, як лапаткі выперлі. Ходзіш, сагнуўшыся, як стары дзед...

Весялосць як рукой здымае. Ніхто на Надзіны словы, можа, і ўвагі не звярнуў, а для Васіля яны гучаць як прысуд. Ён адразу адчувае сябе непатрэбным, мізэрным. Надзя раней проста гуляла з ім у кошкі-мышкі. Смяецца з яго. Ён ёй зусім не падабаецца. Наадварот...

Прыйшоўшы дамоў, Васіль непрыкметна зняў са сцяны люстэрка, шуснуў у пакой, які займае кантора, і, умацаваўшы люстэрка на стале, стаў разглядваць сябе як бы староннімі вачамі. Так, фігура ў яго нязграбная. Лапаткі здорава выступаюць, таму ён здаецца сагнутым. Гэтага не ўбачыць хіба што сляпы...

Ноччу Васіль не спіць. Варочаецца на мулкай падлозе пад грубкай. Цяпер ён начуе ў канторы, бо спаць у хляве нават пад коўдрай зябкавата.

Вядома, дзяўчатам падабаюцца шустрыя, увішныя, але прылучыць сябе да ліку такіх Васіль не можа. Як ён жыў? З другога ці трэцяга класа накінуўся на кнігі, глытаў іх адну за другой, аддаючы чытанню ўвесь вольны час. Другія ў гэты час галёкалі, каталіся на каньках, гулялі ў валейбол, круціліся на турніку, а ён чытаў. Ён таксама трохі насіўся на дзеравяшках — іншых канькоў у Васіля не было — і катанне захапляла, узбуджала кроў, прыемна было адчуваць сябе імклівым, лоўкім. Але ўсё-такі ён шкадаваў часу. Нават у валейбол гуляць не навучыўся. Васіль трохі вінаваціць сябе. Іван са Сцяпанам падсякаюць мяч як мае быць, і гэта не перашкаджае ім чытаць кнігі...

Змрочныя думкі аднак пакрысе развейваюцца. У чым ён, Васіль, адстаў? У валейбол гуляць не ўмее? Не навучыўся ў свой час, а цяпер проста сорамна лезці ў гурт. Гонар не дазваляе. Не так адаб’еш мяч, пасыплюцца насмешкі. Знявагі ж Васіль не пераносіць. У астатнім ён, здаецца, на ўзроўні. Калі здавалі нормы — стометроўку, бег на тры кіламетры — прыйшоў адзін з першых. Васіль ведае, дзе загартаваўся,— у лесе. Збіраючы грыбы, кіламетраў дваццаць, а то і трыццаць прабегаеш, і ногі не баляць. І яшчэ ў рамонтнай брыгадзе набраўся ён сілы. Восем гадзін памахаць кайлом, пацягаць за канат рэйку, калі робяць разгонку,— не на турніку пакруціцца. За хлебам цяпер чэргі, але Васіль лёгка вылазіць з натоўпу — варта варухнуць плячамі...

Васіль нарэшце засынае. Назаўтра дзень пачынае па новаму распарадку. Зняўшы сарочку, ідзе да калодзежа. Абліваецца да пояса халоднай вадой, выціраецца ручніком да таго часу, пакуль цела не робіцца чырвоным.

У Васіля і турнік ёсць. Стаіць, праўда, на суседнім агародзе, у зацішным месцы, за хлявом. Турнік Васіль змайстраваў разам са стрыечным братам Адамам, хата якога побач. Васіль прывалок слуп, жалезны прэнт — адзін канец яго яны ўсадзілі ў сцяну, другі прымацавалі да ўкапанага ў зямлю слупа.

З Адамам Васіль сябраваў. Затым Адам адстаў у вучобе — ён цяпер вучыцца ў сёмым класе, хоць у школу пайшоў на год раней,— ніці дружбацкіх сувязей аслаблі, але не настолькі, каб Васіль супольна са стрыечным братам не карыстаўся адным турніком.

Перамахнуўшы цераз складзены з бярвення плот, Васіль узбіраецца на турнік. Няшмат умее ён вырабляць фігур. Падцягваецца шэсць разоў, можа, ушчаміўшыся за прэнт сагнутымі нагамі, павісець уніз галавой, сяк-так зрабіць стойку. Вось, бадай, і ўсё. Але ён будзе займацца на турніку. На зіму трэба лыжы дастаць. Усе тыя мясціны, дзе летам збіраў грыбы, абыдзе на лыжах.

Пры самым плоце, якія падзяляе Адамаў і Васілёў агароды, Васіль пасадзіў бераст. Можа таму, што дрэва рэдкае ў іхнім лесе. Летам прынёс дубчык, уваткнуў у зямлю, часта паліваў. Дрэўца доўга хварэла, але прынялося. Добра пайшло ў рост. За тры-чатыры гады абагнала старыя яблыні ў Адамавым садзе.

Ёсць у Васіля і паўднёвыя расліны. На станцыю прывезлі саджанцы акацыі, у іх кучу трапілі абрыкосавыя дрэўцы. Тры кусцікі Васіль выпрасіў сабе. На зіму ён абгорне іх паперай, саломай, каб не прапалі ў халады.

У школе паявіўся яшчэ адзін настаўнік Рыгор Іванавіч Басалыга — высокі, чорны, як цыган, хлапчына. У пятых — сёмых класах ён вядзе Канстытуцыю і гісторыю. Рыгор Іванавіч да нядаўняга часу быў проста Грыша, бегаў на ўрокі ў куцым, залатаным, з кароткімі рукавамі пінжачку, блізка знаўся з цяперашнімі дзесяцікласнікамі.

У двухгадовыя настаўніцкія інстытуты атэстат аб сканчэнні дзесяцігодкі не трэба — прымаюць з дзевяццю класамі. Грыша праскочыў нават з васьмю — быў недабор студэнтаў. Пакуль яго сябры праседжвалі за партамі штаны, асвойваючы школьныя прадметы, Басалыга займеў настаўніцкі дыплом. Няхай не аб вышэйшай адукацыі, але ўсё ж дыплом.

Зрэшты, Басалыга — хлапчына кампанейскі. З былымі сябрамі размаўляе як з роўнымі, нос лішне не дзярэ. І настаўнік з яго як быццам атрымаўся — тлумачыць матэрыял някепска.

З першай жа палучкі Рыгор Іванавіч, паехаўшы ў горад, купляе касцюм, сарочку, туфлі. І дама сэрца ў яго паяўляецца — смяшлівая, мітуслівая школьная піянерважатая Паліна Сініца.

З-за Паліны ў дзесяцікласнікаў вынік з Басалыгай канфлікт. Дзяўчына яшчэ летась вучылася ў дзесятым, нязменна ўдзельнічала ў самадзейнасці, увогуле была завадатаркай, актывісткай. Васіль і цяпер памятае паэму Пушкіна «Цыганы», пастаўленую ў ролях на мінулагоднія Кастрычніцкія святы. На сцэне стаяла дзіравая брызентавая палатка — замяняла цыганскі шацёр. На кавалку радніны школьныя мастакі вельмі добра вымалявалі раскідзістае дрэва і над ім сярпок месяца,

Усё дзеянне інсцэніроўкі адбывалася пад дрэвам.

Спачатку выходзіў Ізя Цукерман — чытаў на памяць тэкст, што растлумачвае падзеі.

 

Цыгане шумною толпой

По Бессарабии кочуют.

Они сегодня над рекой

В шатрах изодранных ночуют...

 

Чарнявая Паліна — пад цыганку Земфіру ёй нават не трэба было грыміравацца — выводзіла на сцэну Алеко. Яго іграў высокі, прыгожы дзесяцікласнік Ігар Гадлеўскі. Летась ён паступіў у ваеннае вучылішча.

Хораша ігралі дзесяцікласнікі. Але і цяперашнія, якія тады вучыліся ў дзевятым, стараліся не ўдарыць тварам у гразь. Маладога цыгана, у якога закахалася Земфіра, прадстаўляў Валодзя Бажок. У яго рассечана верхняя губа, і, каб схаваць прыродны недахоп, ён прырабіў сабе вусікі.

Васіль нібы наяве бачыць сцэну, як Алеко забівае каханка Земфіры, яе самую, як Паліна, звонка выгукнуўшы: «Умру любя...» — падае на падлогу.

А цяпер Паліна ў пары з Басалыгам выдыбае па цёмных завулках.

Дзесяцікласнікам, відаць, таму не падабаюцца вандроўкі піянерважатай, што самі яны парачкамі па кутках не затульваюцца.

Хлопцы ў дзесятым рослыя, як дубы, некаторыя атрымалі пашпарты, даўно завялі прычоскі, галасуюць на выбарах, але з дзяўчатамі не знаюцца. Праўдзівей, сябруюць з дзяўчатамі, але адкрыта, навідавоку, разы два нават у лес гуртам хадзілі.

Выключэнне складае Сяргей Лізюк — Васілю ён даводзіцца далёкай раднёй. Сяргей піша запіскі дзяўчатам, прызначае спатканні, але расказвае пра іх толькі брыдкае.

За Басалыгай Сяргей і віжуе. Аднойчы ўбачыў штосьці незвычайнае: Басалыга залез на дрэва, дэкламаваў, седзячы на суку, вершы, а Паліна, стоячы ўнізе, слухала.

Другі выпадак Лізюк не прапусціў. Басалыга павёў Паліну на дрывяны склад, парачка доўга вандравала між штабялёў, нарэшце настаўнік падсадзіў дзяўчыну ў недагружаны вагон з дрывамі, узлез туды сам. Лізюк падкраўся, зачыніў вагон.

Настаўнік не разгубіўся аднак: з паўгадзіны выкідваў праз адтуліну пад дахам плашкі, вылез праз дзірку сам, адчыніў дзверы і, як галантны кавалер, высадзіў даму.

Учынак Лізюка пахне не надта прыемна, але грунт для смеху ёсць, і дзесяцікласнікі рагочуць.

Стаіць кастрычнік, імжаць дажджы, раніцамі, наплываючы з балота, віснуць над мястэчкам туманы. Мястэчка ўвогуле стаіць на нізкім месцы. З левага, паўночна-ўсходняга боку да яго падступае вялізнае балота, цяпер ужо асушанае — на вольным тарфяным масіве гадоў восем назад вырас пасёлак лугаса Мятліца. Лугасаўцы сеюць траву, гадуюць жывёлу. Іншы раз і местачкоўцам перападае сеянкі — на сезонную работу ў лугас, каб зарабіць на зіму сена, яны ходзяць ахвотна.

На балотным абшары, што ляжыць у паўднёва-ўсходнім напрамку, узнік торфазавод «Рагулінскі Мох». Там капаюць, сушаць, затым адпраўляюць па чыгунцы торф. Рагулінскі Мох таксама паселішча: з вуліцамі, дамамі, доўгімі баракамі — летам у іх жывуць сезоннікі.

У кар’ерах, з якіх выбралі торф, завялася рыба — карасі, ліні, ментузы, шчукі, і местачкоўцы ахвотна шастаюць на торфазавод з рыбалавецкімі прыладамі.

Ракі мястэчка не мае, калі не лічыць канаўкі, якая пятляе каля суседняй вёсачкі Алешкі, і звілістай, балотнай рачулкі Мятліцы, што дала імя лугасу. Але па ўсіх прыкметах праз мястэчка працякалі рэчкі, і нават не адна. Сведчанне гэтаму — вузкія пакручастыя палоскі ручайкоў, балацявін, якія ў некалькіх месцах перасякаюць агароды, вуліцы, чыгунку. Вясной яны запаўняюцца вадой, летам перасыхаюць. На вуліцах, на палатне чыгункі ў такіх месцах пабудаваны масты.

Прамысловасць у самім мястэчку небагатая — ёсць паравы млын, абодная майстэрня, мылаварня, цагельня, шавецкая, кравецкая арцелі. Галоўны промысел — чыгунка. Дзве яе каляіны, якія вядуць з захаду на ўсход — з Брэста на Гомель,— праляглі гадоў шэсць — дзесяць назад, выклікаўшы ў мястэчку, навакольным краі вялікія перамены. Мястэчка з-за чыгункі нават кірунак забудовы зыначыла. Там, дзе жыве цяпер Васіль, было поле, паблізу размяшчаліся могілкі. Іх, пасля таго як праклалі чыгунку, перанеслі на другі, паўднёвы, канец мястэчка, а паўночны, цягнучыся да чыгункі, пачаў разрастацца, перасягнуў старыя могілкі — на тым месцы цяпер прагал, і ніхто там не хоча сяліцца.

У Івана Скварчэўскага Васіль натрапіў на кнігу па лесаводству — на яе старонках густа стаялі авальныя пячаткі лясной школы — і аж скалануўся ад узрушэння. У кнізе напісана, што дубровы, размешчаныя вакол мястэчка, лепшыя ў Беларусі.

Але няма тых дуброў. На бліжнім і дальнім лядзе, ва ўрочышчы, якое называецца Ключэеў, бясконцае пнёўе. Туды цяпер гоняць пасвіць скаціну. Яшчэ на Васілёвай памяці зімой па гладкай саннай дарозе дубовыя камлі вазілі на станцыю. Чацвёра коней цягнулі аграмадныя з палазамі-бярвеннямі кары. Была арганізацыя «Лесбел», добра плаціла, нават немцы-прыёмшчыкі, як расказвае бацька, прыплачвалі возчыкам, і дубровы зніклі. Ад іх засталіся паасобныя астраўкі: дзе-нідзе па полі вялізныя, разложыстыя, як вежы, дубы.

Чыгунка дала мястэчку шмат прафесій: стрэлачнікаў, сцэпшчыкаў, саставіцелей, пуцейскіх рабочых, грузчыкаў. Пазней праклалі ветку-аднапутку на Хвойнае, пабудавалі дэпо, паваротны круг, вадакачку — з’явіліся машыністы, качагары, кандуктары.

Васілёў бацька з маладых гадоў падаўся на чыгунку — быў дрывакладам, вартаўніком на станцыі, ездзіў малодшым кандуктарам. Дзед Піліп — сівы, выпетраны, нібы цявіна — ён памёр, калі Васіль вучыўся ў другім класе,— вельмі за гэта Васілёвага бацьку не любіў. Не мог дараваць, што сын кінуў зямлю, пайшоў на лёгкі хлеб. Чыгунка для дзеда была лёгкім хлебам: працуюць па гадзінніку, дзень дзяжураць, дзень адпачываюць.

Сам дзед Піліп адпачынку не ведаў, кешкаўся на полі, балоце, у лесе ад цямна да цямна.

Васіль падрастаў на вятрах вялікіх перамен: асушалі балота, будаваліся лугас, торфазавод, арганізоўваўся калгас, па вуліцы прагрукатаў першы трактар. Потым трактар, аўтамабіль, безліч іншых машын, нават самалёты ў небе сталі звычайнасцю.

Школа рыхтуе да іншага жыцця, чым тое, якім жылі дзяды, жывуць бацькі, і ўсе, хто скончыў школу, няхай сабе толькі сямігодку, пакідаюць родны кут вырай за выраем. Хутка чарга Васілёвых сяброў і яго самога. Васіль нават думкі не дапускае, што астанецца ў мястэчку. Што яму тут рабіць? І хоць ён з малых гадоў прывучан да звычайнай, паўсядзённай работы, на якой трымаецца сямейны побыт, яна яго не хіліць да сябе, не вабіць. Так усе думаюць, і ўсе так робяць.

У інстытут ці тэхнікум, пасля таго як увялі плату за навучанне, прабіцца будзе нялёгка, але ў мястэчку не застанецца ніхто — нават тыя, хто вучыцца на тройкі. У інстытут, тэхнікум не паступяць, дык у ваенную школу або на якія-небудзь курсы.

Васіль нарэшце атрымлівае адказ з рэдакцыі. Зверху на аркушыку паперы выдрукавана назва газеты — такімі ж па форме, толькі меншымі літарамі, унізе некалькі машынапісных радкоў. Рэдакцыя паведамляе, што на міліцыянера Сідорыка за ганебны ўчынак накладзена адміністрацыйнае спагнанне.

Адчувае сябе Васіль на сёмым небе. Лісток паказаў Сцяпану, Івану, Міколе Райдуну — усім, хто хоць трохі ведае пра выпадак ля магазіна. Добрая рэч газета! Прыйшла Васілю на дапамогу ў цяжкую часіну, падняла веру ў сябе, у тое, што жыццё заснавана на справядлівых пачатках.

Школа мае і больш дзейсных селькораў, чым Васіль. Найпершы з іх Дзямід Салавей, чарнявы, рухавы дзесяцікласнік, які жыве ў суседняй вёсцы Алешкі, штодзень адмерваючы ў школу і са школы не менш дзесяці вёрст. Дзямід трохі звысака глядзіць на таварышаў, бо яго заметкі друкуюць амаль усе газеты, а ў раённай, якая выпускаецца ў мястэчку, яго прозвішча мільгае бадай у кожным нумары.

У Алешкаўскім калгасе добрая трусагадоўчая ферма, і Дзямід пра яе піша. Ухваляе і іншыя калгасныя дасягненні, але найбольш — гадоўлю трусоў. Відаць, справа даволі рэдкая, таму газеты ахвотна друкуюць Салаўёвы заметкі. Асечка выйшла толькі з «Правдой». Колькі ні пісаў туды Салавей, але цэнтральная газета нязменна шле ў адказ ветлівыя парады дасылаць матэрыял у мясцовы друк.

Мікола Райдун таксама зрабіўся селькорам, і з гэтага выйшла смешная гісторыя, аб якой ведае ўся школа. Адзін з матэрыялаў Мікола падпісаў прозвішчам «Мірабо» — ён утварыў яго з пачатковых складоў свайго імя, прозвішча і бацькавага імя — Міколавага бацьку завуць Барысам. Газета надрукавала заметку — у ёй ішла гаворка пра дасягненні цагельнага завода,— і ў хуткім часе на імя дзевяцікласніка Мірабо прыслала ганарар — дзесяць рублёў. Але ганарару Мікола не атрымаў: паштовыя работнікі ніяк не хацелі верыць, што Мірабо ёсць скарочанае ад Мікола Райдун, Барысаў сын.

У школе — пераважна ў дзевятым, дзесятым класах — ёсць яшчэ селькоры, але паслаць у газету што-небудзь сваё падахвоцілі Васіля Сцяпан з Іванам.

Сцяпан патаемна ад таварышаў напісаў артыкул пра Чэхава — у гонар васьмідзесяцігоддзя з дня нараджэння пісьменніка. І раённая газета — яна выходзіць на адной вузкай палосцы — яго надрукавала. Ёмісты падвальчык на другой старонцы з подпісам «С. Бронька, вучань дзесятага класа» радуе вока, нараджаючы ў Васіля вострае, неадольнае жаданне здзейсніць што-небудзь падобнае.

Яшчэ больш здзівіўся Васіль, калі даведаўся, што Іван таксама піша. Корпаючыся ў яго кнігах, бязладнай грудай наваленых у куце за сталом, Васіль наткнуўся на тоўсты агульны сшытак, ледзь не напалавіну спісаны дробным Іванавым почыркам. «Вялікі выгнаннік. Паэма»,— напісана на тытульнай старонцы. «Таварышы, Шаўчэнка быў паэт!» — такім радком пачынаецца Іванава паэма. Далейшага зместу Васіль не ведае, бо Іван са злосцю вырваў сшытак з рук.

Іван найбольш здольны да матэматыкі, а вось піша паэму. Чаму? І чаму пра Шаўчэнку?

Васіль здагадваецца: Іван абраў Шаўчэнку, бо сам, як некалі ўкраінскі паэт, рос без бацькі. Ёсць падабенства лёсаў. Дый стодваццаціпяцігадовы юбілей вялікага Кабзара святкаваўся.

У насценнай газеце Васіль змясціў безліч вершаў, пераважна гумарыстычнага зместу, бо яны прысвячаліся розным школьным гісторыям. Ён стварае іх лёгка, на адным дыханні, не прыдаючы асаблівага значэння сваёй пісаніне. Цяпер паспрабуе напісаць для сапраўднай газеты. Пра што? Пра тое, што дзеецца навокал, што хвалюе, радуе, чым перапоўнены Васілёвы грудзі.

 

Над Прыбалтыкай савецкай

Алы сцяг лунае,

Нават восенню здаецца,

Што запахла маем...

 

Верш Васіль лішне не расцягваў, напісаў дзесяць чатырохрадкоўеў. Падпісаўся поўным прозвішчам, паслаў у раённую газету і стаў чакаць.

Адказ прыйшоў хутка — дні праз тры. Дзіўны адказ — сам рэдактар запрашае Васіля наведаць рэдакцыю.

Васіль адважыўся. Рэдакцыя разам з друкарняй размяшчаецца ў новым падобным на склад будынку — некалькі такіх вырасла ў мястэчку за апошнія два гады і займаюць іх раённыя ўстановы: суд, міліцыя, пракуратура.

Рэдактар — прозвішча яго Левін — нізенькі, лысаваты чалавек, прыняў Васіля ветліва. Бліснуўшы з-пад шкельцаў акуляраў блізарукімі вачамі, запрасіў сесці, распытаў пра жыццё, вучобу.

— Верш не надрукуем,— сказаў рэдактар.— Але здольнасці ў цябе ёсць, і ты павінен пісаць. Дасылай нам свае творы...

Апошнія словы асабліва ўразілі Васіля. Сам рэдактар назваў яго верш творам!

Вяртаючыся з рэдакцыі, Васіль па прыкладу Сцяпана, наважыў напісаць пра Льва Талстога. Хутка споўніцца трыццаць гадоў з дня смерці вялікага пісьменніка, і хіба Талстой меншы за Чэхава, пра якога змешчан артыкул Сцяпана Бронькі?

Льва Талстога Васіль прачытаў ледзь не ўсяго, захапляўся ім, толькі апошні раман «Уваскрасенне» здаўся яму сумнаватым. Для артыкула пра творчасць Талстога Васіль выкарыстаў дзве прадмовы да твораў пісьменніка і стары падручнік для сёмага класа. Ён нічога не спісваў — напісаў сам. Вывучыў матэрыял і напісаў. Гэтак ён выконваў усе школьныя сачыненні па літаратуры, і яго нават часта ў прыклад ставілі.

На гэты раз адказ рэдакцыі быў сухі, афіцыйны: «Артыкул не будзе змешчан, бо ёсць тасаўскі матэрыял». І сапраўды юбілей Талстога газета адзначыла артыкулам прафесара, унізе стаяла: «ТАСС». Васьмікласніку спаборнічаць з прафесарам не выпадала.

У далейшым Васіль не мудрагеліў. Напісаў пра школьны піянерскі пакой, у якім ёсць радыёпрыёмнік, падшыўкі газет, дзе можна пагуляць у шашкі, шахматы.

Раённая газета адразу надрукавала заметку. «Культурны адпачынак» — называлася яна, а ўнізе прыкметнымі літарамі подпіс: «В. Скачок, вучань восьмага класа». Так увайшоў Васіль у сям’ю селькораў, якіх у школе шмат і якія аб мясцовых справах апавяшчаюць шырокі свет.

 

VII

Сцяпанаў агарод пачынаецца балацявінай, на якой узвышаецца разгалістая іва. Вясной тут стаіць вада, летам аж буяе разнатраўе. Агарод далей, на ўзгорку. Яго мяжа адзначана старой ігрушай-дзічкай. Ігрушы растуць на ёй цвёрдыя, кіслыя, але прыхопленыя першым марозцам робяцца прыемнымі на смак.

Хлопцы — Сцяпан, Іван і Васіль — тым і займаюцца, што вышукваюць у траве апалыя грушкі. Якраз выхадны дзень, нядзеля, сябры ласуюцца апошнімі дарамі лета, экзаменуючы адзін другога па нямецкай мове.

Падручнік для шостага класа таксама адолелі. Кожны з дружбакоў ведае цяпер болей за тысячу слоў. Фактычна ўсяму, што ляжыць навокал — агароду, чорнай асенняй зямлі, нізкаму шэраму небу, мокрым будынкам хлявоў, парканам, дахам, каляі чыгункі, па якой, грукочучы на стыках рэек, праносяцца таварныя цягнікі,— усім гэтым прадметам хлопцы могуць даць іх нямецкія назвы. Але мова — не толькі словы, і словы не толькі прадметы. Словы ўступаюць між сабой у разнастайныя, складаныя сувязі, а сувязь слоў вывучае граматыка. Не ведаеш граматыкі — не ведаеш мовы.

— Як будзе па-нямецку, «я іду»? — пытае Сцяпан.

— Ich hebe,— адказвае Васіль.

— Я пайшоў?

— У імперфекце «ich ging».

— У перфекце?

— Ich habe gegangen.

Сцяпан з Іванам пераглядваюцца, і Васілю здаецца, што яны прытоена перасміхваюцца.

— Падумай,— гаворыць Іван.— Дапаможны дзеяслоў «haben» у якіх выпадках ужываецца?

— Ва ўсіх,— Васіль збянтэжаны. Калі прызнавацца шчыра, ён ніколі пра гэта не думаў.

— Навошта тады «sein»? — У Іванавым голасе гучаць памяркоўныя ноткі. Іван хоча дапамагчы, падцягнуць таварыша.

— Трэба сказаць: «Ich bin gegangen»,— безапеляцыйна заяўляе Сцяпан.— Вось што, хлопцы: збірацца болей не трэба. Нямецкую мову падагналі, цяпер, калі хто хоча, няхай займаецца сам. Дарэмна час трацім.

Тое, што імпэт да вывучэння нямецкай мовы прапаў, Васіль адчуў яшчэ раніцай. Калі, сабраўшыся ў Сцяпана, дружбакі адкрылі падручнік для сёмага класа, адразу выявілася — тэкст могуць чытаць амаль без слоўніка.

На лугавіне пад івай галёкаюць меншыя Сцяпанавы браты з такімі, як самі, падшыванцамі. Запускаюць папяровага змея. Высока над івай трапеча квадрацік паперы, абклеены садранымі з фанеры тонкімі паскамі. Нарэшце адарваўся ад ніткі, шугануў вышэй, пад воблакі. Праз хвіліну яго і ўбачыць нельга.

Васілю стала сумна. На вачах ірвуцца дружбацкія сувязі. Вось тут, на агародах, чыгунцы, бліжнім і дальнім полі, прайшло Васілёва дзяцінства. Пасвілі разам са Сцяпанам свінней, вілі канапляныя пугі, палілі вогнішчы, пяклі бульбу, гулялі ў розныя гульні. Папяровых змеяў таксама запускалі.

У падстрэшшы Сцяпанавай хаты пад чарапіцай добра масціліся вераб’і. Быў час, калі Сцяпан з Васілём моцна захапляліся птушкамі: вышукваючы іх гнёзды, вандравалі па лесе, балоце, полі. Тады розніца ва ўзросце не адчувалася. Цяпер адчуваецца. Два лішнія класы, якія мае за плячамі Сцяпан, азначаюць многае. Як ні дрэнна выкладае Вольга Уладзіміраўна, але нямецкую граматыку Бронька ведае лепей за Васіля.

— Будзем збірацца,— Іван хоча прымірыць пазіцыі.— Можа, не так часта. Раз у тыдзень.

Сцяпан не здаецца:

— За тыдзень забудзеш, што ведаеш. Трэба граматыку зубрыць. Яе хіба гуртам вызубрыш?

Броньку не пахіснеш.

Сцяпан спяшаецца на рэпетыцыю. Аказваецца, дзесяты клас збіраецца паставіць на навагоднім вечары п’есу «Паўлінка» Янкі Купалы. Васіль прымае навіну абыякава. Яму няма справы ні да «Паўлінкі», ні да таго, што Сцяпан іграе ў п’есе. Нешта ў дружбе з сябрамі рвецца, і толькі пра гэта Васіль думае.

Палякоў рог — не толькі ягадны, грыбны лес. Васілю здавалася: ведае кожны лапік у гэтым лесе, заціснутым паміж Макаўскім шляхам і чыгункай. Не ведае аднак! У мокрым алешніку, які прылягае да самай чыгункі, ён ніколі не быў, не зазіраў сюды. А тут цэлае царства: гонкія вольхі абвіты дзікім хмелем, у шмат якіх мясцінах натрапіш на непралазныя зараслі малінніку, ажынніку, крушыны, лазы.

Лес ужо голы. Пад нагамі шасцяць густыя пласты апалага лісця. Васіль з бацькам нарыхтоўваюць у Паляковым розе дровы на зіму. Бацька аплаціў білет у лясніцтве, і цяпер яны ў алешніку поўныя гаспадары.

З Васілём меншы брат Мікіта. Сусед, пуцявы абходчык Яўхім Каваль з унукам Яраславам таксама пілуюць алешыны на дровы. Бацька з Яўхімам аб’ядналіся, бо трэба не толькі знайсці сухастоіну, а і падпілаваць, паваліць дрэва, сцягнуць камлі ў адно месца.

Трэці дзень Васіль не ходзіць у школу і працуе з радасцю, з нейкім нават натхненнем, выкладваючыся да астатку. Нарыхтаваць дзесяць метраў дроў — не жарты. Намахаешся сякерай, пацягаеш да звону ў вушах добра наточаную, з разведзеным зуб’ем пілу, затое адчуваеш сябе чалавекам. Ногі пруткія, дыхаеш на поўныя грудзі, а які апетыт прыходзіць! Звычайны хлеб з агурком здаюцца царскімі прысмакамі.

Прыемна глядзець, як спачатку павольна, нібы жывое, уздрыгнуўшы, хіліцца да зямлі падпілаванае дрэва, як яно затым з кожным імгненнем разганяецца, з трэскам і гулам падае на дол. Самае цяжкае — валачы па лесе, правальваючыся ў топкі, тарфяны грунт, камлі. Іх, каб лягчэй было насіць, распілоўваюць на дзве, тры часткі, але ўсё адно цяжка. Намулянае плячо аж смыліць. Мікіта з Яраславам — ім па дванаццаць гадоў — носяць толькі верхавінкі, але і ад такой работы адвільваюць. Зашыюцца ў лазняк, не падаючы аб сабе ніякага знаку. Тады па лесе разлягаецца магутны Яўхімаў бас:

— Я-р-р-р-а!

Гэтак некалькі разоў на дзень.

Васіля ў гэтыя дні не пакідае думка, што ён, як, зрэшты, і малалетнія напарнікі Мікіта, Яраслаў, іначай глядзяць на жыццё, чым бацька і Яўхім. Для Васіля такая, як цяпер, работа — заўсёды часовая. Ён з ёй спраўляецца горш або лепш, ведаючы, што заўтра пойдзе ў школу, сядзе за кніжку — яго паглыне зусім іншы свет. У тым свеце спіна, паясніца ад натугі не ныюць, плячо не смыліць. І для іншага жыцця, чым валіць дрэвы, пілаваць дровы, Васіль, як і яго сябры-таварышы, сябе рыхтуе. Але ўсё адно нехта павінен араць зямлю, сеяць хлеб, выконваць процьму цяжкай, чорнай работы. Хто такую работу будзе рабіць? Бацька, Яўхім? Яны — немаладыя. Мікіта, Яраслаў, як і сам Васіль, не збіраюцца есці хлеб з сялянскага занятку...

Кончылі пілаваць дровы, і развагі пра чорную работу прапалі. Як і не было іх. Ладны штабель двухметровых бярвенняў стаіць у алешніку. Дровы засталося перавезці. Васіль задаволен. Раней апальваліся як прыйдзецца. Колькі згрызот, непрыемнасцей меў Васіль з-за дроў! Прыйшоўшы са школы, з нецярпеннем чакаў вечара, каб шуснуць на станцыю, прывалачы плашку. Цяпер зіма будзе вольная ад клопатаў.

Дамоў варочаюцца прыцемкам. Ужо зоркі высыпалі на небе, і сярпок месяца вісіць. Маўкліва, нерухома стаіць лес. Доўга будзе ён так стаяць. У чорных раскідзістых галінах ёсць штосьці таямнічае, загадкавае. Цёмны лес пад хмурым асеннім небам выклікае іншыя пачуцці, чым лес зялёны, летні.

Лес як бы стаіўся, анямеў. Ён абсыплецца снегам, загамоніць з вятрамі, нібы будзе скардзіцца на лёс за часовы прыпынак бурлівага, хмельнага жыцця. Лес чакае.

«Нельга чакаць. Трэба дагнаць хлопцаў! — нарадзілася радасная, трапяткая думка.— Рыхтавацца самастойна, здаць разам экзамены за дзесяты клас...»

Думка яшчэ не мае канкрэтных абрысаў, абсягаў, а ўжо завалодала Васілёвай істотай. Калі два асеннія месяцы замянілі ім, дружбакам, некалькі гадоў у сэнсе вывучэння нямецкай мовы, то чаму Васіль не можа такім жа манерам вывучыць астатнія прадметы? Хіба алгебра, хімія цяжэй за нямецкую мову? Самі хлопцы гавораць: дзесяты клас — фактычна паўтарэнне...

Васіль настолькі ўзбудзіўся, што ноччу не спіць. Прыкідвае, дзе дастаць падручнікі, як распланаваць час. Матэматыку — алгебру, геаметрыю, трыганаметрыю — без Іванавай дапамогі не адолее. Галоўнае — матэматыка. Нават Іван б’ецца над задачамі...

Васіль заснуў толькі пад раніцу. Назаўтра бяжыць да Івана поўны надзей, узбуджанага чакання. Галоўнае для яго цяпер — падтрымка таварышаў.

Іван Васілёвы намеры ўспрыняў спакойна.

— Экзамены за дзесяты могуць не дазволіць,— сказаў разважліва.— Усё-такі выпускны клас. Каб хоць вячэрняя дзесяцігодка была. А то ж няма...

Праз некалькі хвілін Іван узбуджаецца сам.

— Давай! — захоплена размахвае рукамі.— Не дазволяць — год павучышся. Вучыцца лёгка будзе. Матэматыку — памагу. Возьмеш мае канспекты. Задачы будзем разам рашаць. Трэба хутчэй праскочыць дзевяты...

З Іванам зараз жа рушылі да Сцяпана. Ён трохі спахмурнеў, але таксама згадзіўся — паспрабаваць можна. Хлопцы тут жа ўмовіліся не выдаваць Васілёвай тайны. Ні другім хлопцам, ні настаўнікам — нікому ні слова. Пра Васілёвы заняткі будуць ведаць толькі яны трое. Як з нямецкай мовай.

І паляцелі для Васіля нязвычныя, поўныя дзіўнай красы, захопленасці дні. Свет перамяніўся. Цяпер Васіль толькі аднаго баіцца — не хопіць часу. З радасцю, з трапятаннем бяжыць ён кожнай раніцы да Івана. Нічога выключнага, асаблівага няма ў прагрэсіях, лагарыфмах — звычайны матэрыял. Страшна тады, калі не ведаеш, што гэта такое. Думаць, вядома, трэба. Але тое, што Васіль некаторыя раздзелы праходзіць самастойна, нават без Іванавай дапамогі, напаўняе яго радасцю, гордасцю. Адна справа, калі слухаеш тлумачэнне настаўніка, калі табе разжованае кладуць у рот, і зусім другая — уласным розумам дайсці да складанага, заблытанага, разабрацца ў стоеным сэнсе нямой формулы і, прымяніўшы яе, рашыць задачу.

Васіль настолькі захапіўся, што на памяць вывучае мантысы лагарыфмаў. Атрымліваецца эканомія часу, у табліцы Брадзіса ці Пржэвальскага не трэба заглядваць.

З трыганаметрыяй ды і з геаметрыяй за дзевяты клас, якая вывучае прасторавыя велічыні, цяжэй. Але тут памагаюць Іван і яго канспекты.

Іван — добры настаўнік. Пахаджваючы па хаце, талкова, даходліва тлумачыць новыя раздзелы, некаторыя задачы, спецыяльна рашае, каб лепей давесці сэнс формулы Васілю. Нібы сапраўдны настаўнік рыхтуецца Іван да ўрокаў, якія дае Васілю.

Дома Васіль паглыбляецца ў Іванавы канспекты, сочыць за ходам сябравай думкі, якая заўсёды ясная, выразная. Іван мае звычку рашаць некаторыя задачы некалькімі спосабамі, як бы да канца вычэрпваючы сэнс той ці іншай формулы. Гэта добра, такі метад памагае і Васілю.

Дзякуючы заняткам па трыганаметрыі, Васіль і сам прыйшоў да цікавай здагадкі. Сінусы, косінусы, тангенсы, катангенсы — не проста выдумка. Гэта велічыні, якія ўтвараюцца ад суадносін вуглоў, старон трохвугольніка. Дык вось як людзі вымералі адлегласць да іншых планет, звёздаў! Два вуглы, старану трохвугольніка можна змясціць на зямлі, астатняе працягнуць у прастору і такім шляхам вылічыць адлегласць ад зямлі да другіх далёкіх планет.

Васілёвы грудзі распірае радасць ад таго, што ніхто, акрамя блізкіх сяброў, не ведае пра яго заняткі. Прыйдзе час, даведаюцца!..

З Надзяй Мядзёлкай — адносіны звычайныя. Васіль бачыць яе кожнага дня, наўмысна выходзіць на калідор, прахаджваецца каля дзевятага класа, каб пачуць Надзін голас, смех. Яна з ім вітаецца, акідвае хуткім, як бы дапытлівым позіркам, ціснецца, абдымае другіх дзяўчат. Нічога, хутка і Надзя зірне на яго па-другому!

Лістападаўскі вечар быў цёмны, халодны, з непралазнай гразёю на вуліцы. Ідучы ад Івана, Васіль завярнуў на станцыю. Вялізныя таполі голыя зусім, у іх раскідзістых галінах шастае вецер, мігатліва гойдаецца на высокім слупе электрычная лямпачка, па мокрым апалым лісці шасціць дробны дождж.

У буфет Васіль заскочыў, каб зірнуць на старэйшую Надзіну сястру. Але і Надзя тут. Забегла, відаць, нядаўна, з дажджу, похапам перавязвае касынку, з-пад якой выбіваюцца русявыя завіткі макраватых валасоў.

За сталамі некалькі запозненых пасажыраў. Адзін — стары, з худым, маршчыністым тварам, у паношаным шынялі — іграе на гармоніку.

Мелодыя знаёмая. Песню ўжо год ці два спяваюць. Васілю больш астатніх падабаецца песня — пра юнака, які пакідае любімы горад, і дзяўчыну, якая ў родным горадзе будзе яго чакаць.

На гэты раз песня асабліва ўразіла. І нават не песня, а ўсё разам узятае — асенні вечар, засыпаная мокрым лісцем станцыя, напаўпусты буфет. Стары іграў, Надзя, убачыўшы Васіля, раптам зніякавела, збянтэжылася, як бы хацела штосьці сказаць, але, мабыць, засаромелася сястры і толькі пачырванела. А Васіль, перапоўнены радасцю, замілаванасцю да дзяўчыны, збянтэжаны не меней, чым яна, паспешліва выскачыў з буфета.

Ён нават дамоў не пайшоў — блукаў пад дажджом па станцыі. У палосках святла, якое падала ад ліхтароў, блішчалі мокрыя рэйкі, кучы жужалю, бляшаныя дахі памяшканняў.

Васіль ведае ўжо — Надзя будзе іграць у п’есе, якую на Новы год збіраюцца паставіць дзесяцікласнікі. Адну яе з дзевятага класа запрасілі — на ролю Паўлінкі. Надзя, мабыць, вярталася з рэпетыцыі і забегла ў буфет, да сястры.

Тое, што Надзя ўдзельнічае ў пастаноўцы, хвалюе, непакоіць Васіля. Дзяўчына як бы адкрыта сягнула ў той свет, куды Васіль толькі збіраецца ступіць. Дзесяцікласнікі яе заўважылі, вылучылі.

Са станцыі Васіль рушыў да Сцяпана — папрасіць кніжку Янкі Купалы, у якой змешчана «Паўлінка». Яму востра захацелася перачытаць п’есу. Ведаць словы, якія Надзя будзе гаварыць па ходу дзеяння, зразумець яе ролю ў пастаноўцы.

Зачыніўшыся ў апусцелай канторы, перачытваючы камедыю, Васіль поўніцца супярэчлівымі пачуццямі. Роля Паўлінкі адказная, можа, галоўная нават. Надзю выбралі правільна, яна сыграе, але астатнія акторы Васілю не падабаюцца. Нават Сцяпан узяў не сваю ролю. Будзе іграць шляхціча Адольфа Быкоўскага, фанабэрыстага і дурнаватага. Трэба смешна сыграць шляхціча, а Сцяпан залішне сур’ёзны для такой справы і наўрад ці справіцца з роляй. Так думае Васіль.

Не, нікому з хлопцаў, занятых у п’есе, ён не зайздросціць. Але ж ён ведае іх здольнасці.

Найбольш абурае Васіля, што ролю настаўніка, якога любіць Паўлінка, даручылі Сяргею Лізюку. Які з яго настаўнік? Слізняк з мокрымі губамі. Мінулагодняй восенню, перад Кастрычніцкімі святамі, калі школа хадзіла ў лес па дзеразу, Лізюка выкрылі. Ён і яшчэ двое такіх, як ён, адлучыўшыся з дзяўчатамі, зрабіўшы выгляд, што заблудзіліся, займаліся зусім не дзеразой. Быў вялікі скандал. А цяпер Лізюк, няхай нават па ходу дзеяння п’есы, будзе цалавацца з Надзяй. Няўжо яна так лёгка згадзілася цалавацца з Лізюком?..

 

VIII

Іван Скварчэўскі па-ранейшаму купляе газеты, «Огоньки», пільна сочачы за тэатрам ваенных падзей. Хоць вайна фактычна адшумела — Італія ў Грэцыі завязла, ваенныя дзеянні вядуцца толькі ў Афрыцы, у лівійскай пустыні, дзе Ромель наступае на англічан, ды немцы бамбардзіруюць Лондан і некаторыя іншыя англійскія гарады.

— Гітлер захапіў палавіну Еўропы. Куды кінецца цяпер? — заклапочана пытае Іван.

Васіль наконт вайны спакойны.

— Германія нас баіцца,— адказвае Івану.— Гітлер ведае: паломіць зубы, калі адважыцца напасці.

— Германія моцная. Самая моцная дзяржава ў Еўропе...

Выйшла кніжка пра першую сусветную вайну, пра ўдзел у ёй Расіі — са схемамі, картамі. Убачыўшы кніжку ў бібліятэцы, Васіль выпрасіў яе. Вырываючы час паміж заняткамі алгебрай, трыганаметрыяй, з незразумелым хваляваннем чытае пра наступленне рускіх армій пад Аўгустовам, пра іх акружэнне ля Мазурскіх азёр, пра «цуд» на Марне.

І яшчэ адну кніжку праглытвае Васіль — «Гитлер против СССР», напісаную, відаць, чужаземцам — Эрнстам Генры. Аўтар даказвае, што Гітлер, у выпадку нападу на савецкую краіну, абавязкова вайну прайграе, бо сустрэне не толькі магутнае супраціўленне савецкіх людзей, а падымуцца супраць фашызму наогул усе зняволеныя народы Еўропы.

Ніколі Васіль не меў цягі да гістарычных, палітычных кніг. Цяпер такая цяга паявілася.

У часопісе «Полымя рэвалюцыі» — ён выдаецца ў Мінску, і Васіль бярэ ў бібліятэцы паасобныя нумары — надрукавалі раман Н. Шпанава «Дванаццаць гадзін вайны». Там гаворыцца, што калі Германія і рыне на СССР, то толькі праз Паўночны полюс і толькі авіяцыяй, бо сухапутныя, танкавыя нямецкія арміі ўмацаваную савецкую граніцу нізашто прарваць не здолеюць. Але і армады фашысцкіх самалётаў роўна за дванаццаць гадзін знойдуць на Паўночным полюсе ледзяную магілу.

Вайна, значыць, калі ненарокам і пачнецца, цягнуцца будзе вельмі нядоўга. У кнігах так пішуць, у раманах і ў песнях спяваюць.

Рэпетыцыі «Паўлінкі» ідуць поўным ходам. Не, Васіль не заглядвае на гэтыя рэпетыцыі, яму няма да іх справы. Але іншы раз, калі выпускаюць насценгазету, прыходзіцца заставацца пасля ўрокаў. У школе ў такую часіну наступае нязвычная цішыня. У паасобных пакоях займаюцца гурткі, гулка раздаюцца крокі па пустых, напаўасветленых калідорах. Васілю хочацца зазірнуць у пакой дзесятага класа, дзе развучваюць ролі самадзейныя артысты, але ён стрымлівае сябе.

Васіль любіць школу. І старую, у якой вучыўся да пятага класа, і новую, каменную, двухпавярховую — яна вырасла якраз у цэнтры мястэчка. У старой школе таямнічнасці было нават больш, чым у новай. У доўгай будыніне пад пафарбаваным бляшаным дахам размяшчаліся толькі тры класныя пакоі і настаўніцкая. Асобна стаяў дамок, дзе жылі настаўнікі. На пясчаным школьным двары паспелі вырасці купчастыя таполі, шумелі на вятрах лісцем, галінамі.

У кожным пакоі старой школы можна было натрапіць на цуд — у адным, у зашклёнай шафе, стаяла заспіртаваная ў сасудзе гадзюка, у другім — шкілет чалавека, абгорнуты, каб штохвілінна не глядзелі, паперай, у трэцім — наклееныя на лісты картону гербарыі, мінералы ў скрыначках.

Пазней пабудавалі яшчэ тры будынкі, замкнуўшы школьны пляц на манер падковы. Але калі заснавалалася дзесяцігодка, месца ёй усё адно не хапіла.

У новай школе толькі ў першую зіму было холадна і няўтульна. Цяпер парадак навялі: дроў хапае, у класах цёпла, падлога, сцены, рамы акон пафарбаваны, усюды на сценах — партрэты, карты, розныя дыяграмы.

Прыгожы від адкрываецца з акна другога паверха. Летам відаць дальні асмужаны лес, зялёнае поле, узімку белая снежная посцілка нібы ахінае наваколле.

Васіль настолькі аддадзены школьнаму, кніжнаму, што, апрача алгебры, геаметрыі, трыганаметрыі, для яго нічога не існуе. Свет як бы сышоўся на матэматыцы, якую Васіль хоча падагнаць, каб параўняцца з дзесяцікласнікамі, з тым матэрыялам, які яны праходзяць па праграме, і разам з Іванам рашаць задачы. Задачы ў дзесятым класе цяжкія.

За астатнія прадметы Васіль не баіцца. Дзесяты клас — у многім паўтарэнне пройдзенага, толькі ў шырэйшым, больш глыбокім аб’ёме. Электрычнасць праходзілі ў сёмым класе, геаграфіі, біялогіі ў дзесятым наогул няма, няма новага ў выкладанні рускай, беларускай моў. Паўтараюць падручнік за шосты і сёмы класы дый па гісторыі СССР падручнік нядаўна выпусцілі — матэрыял напалавіну знаёмы. Літаратуру — рускую, беларускую — Васіль у разлік не бярэ. Даўно прачытаў тое, што дзесяцікласнікі вывучаюць.

Астаецца хімія, геалогія з мінералогіяй і астраномія. Над хіміяй — у дзесятым праходзяць арганічную — прыйдзецца таксама пасядзець.

Граніт матэматыкі, калі прыналегчы, напору паддаецца. Добрую паслугу Васілю зрабіла Антаніна Хвядосаўна, ахапіўшы паўтарэннем па алгебры, геаметрыі матэрыял папярэдніх класаў. У рашэнні ўраўненняў з адным, двума, нават трыма невядомымі Васіль плавае, як рыба ў вадзе, а гэта прыдалося для далейшага.

Час свой Васіль плануе жорстка. Ёсць жа яшчэ дзевяты клас, і прадметы, якія там праходзяць, адкладваць нельга. Ён, бадай, найцяжэйшы — дзевяты клас, бо матэрыял, за выключэннем эканамічнай геаграфіі і капіталістычных краін, увесь новы.

Бацька заняты на дзяжурстве, а якраз нанялі каня, трэба прывезці сена. Па сена Васіль едзе разам з гаспадарамі каня — аднаасобнікамі Мірончыкамі — сынам і бацькам. Стары Мірончык маўклівы, хітраваты, сын — у яго на дзіва прыгожы дзявочы твар — прасцейшы. Размаўляе з Васілём, смяецца.

У Мірончыка два сыны, ёсць яшчэ старэйшы, але абодва непісьменныя. Нават чытаць не ўмеюць. Жылі на дальнім хутары, бацька ў школу не пускаў. Тым часам разважае малады Мірончык — яго завуць Коля — разумна, расказвае дасціпныя гісторыі. Васіль дзівіцца.

Наогул Васіль здзіўляецца ўвесь гэты хмуры зімовы дзень. Добрай саннай дарогі няма, каня запраглі ў калёсы. Грукочучы па мёрзлай грудзе, едуць павольна. Навокал алешнікі, лазнякі, рудая балотная трава. Васілю быццам у навіну ўсё гэта. Седзячы над кніжкамі, рашаючы задачы, ён нібы забыў, што ёсць лес, поле, замёрзлае балота — шырокі, мнагалучны свет, які ад кніжак не залежыць і жыве па сваіх законах.

На бярозе стракоча сарока, а Васіль узрушаны: як бы бачыць птушку ўпершыню. З такім жа захопленым здзіўленнем праводзіць вачамі зайца, што перабег дарогу; прабівае падэшвай чаравіка скарынку лёду на лужыне і некалькі хвілін стаіць як укопаны — назірае, як, пульсуючы, рыўкамі вырываецца з лёдавага палону вада.

Мірончыкі пераміргваюцца: Васіль здаецца няцямным дзіваком.

Пазней, калі прывезлі сена, стары Мірончык выгаварыў бацьку:

— Думаў, твой, як мой. Здаецца, аднагодкі. Але ў твайго палавіны няма таго спрыту, што ў майго Колі. Уталопіцца ў пень і глядзіць. Як бытта першы раз бачыць.

Бацька зразумеў Мірончыкаву заўвагу ў тым сэнсе, што Васіль кепска накідваў сена. Васілю трохі крыўдна — віламі, граблямі, навучыўся карыстацца даўно, але пераконваць бацьку не стаў. Бацька таксама не ведае пра дзевяты, дзесяты класы.

Была яшчэ адна справа, якая парадкам непакоіла Васіля — прыём у камсамол. На школьным сходзе прынялі аднагалосна. Але як у райкоме, галоўная інстанцыя — там!

Статут Васіль вывучыў, грамадскія нагрузкі нясе. І са сваякамі, здаецца, у парадку. Праўда, мужык бабінай сястры раскулачаны, і хоць радня гэта далёкая і Васіль ніколі не бачыў таго чалавека, аднак трохі трывожыўся.

Райком камсамола ў адным з будынкаў старой школы. Хмурным снежаньскім ранкам некалькі школьнікаў — і Васіля ў іх ліку — выклікалі на бюро.

Страхі, згрызоты аказаліся дарэмнымі. У Васіля спыталі толькі, як вучыцца, і калі ён расказаў, узнагароджаны ў канцы лета медалём «За трудовую доблесть», брыгадзір трактарнай брыгады Рыбак — ён разам з іншымі актывістамі засядаў у райкоме — унёс прапанову — прыняць!

За гэтую прапанову прагаласавалі астатнія райкомаўцы.

Дамоў Васіль вяртаўся радасны і горды.

Між тым наступіў Новы год.

Дзень звычайны, хмурнаваты. Сыпле сняжок, вялікага марозу няма.

«Паўлінку» ставяць у школьным клубе — яго абсталявалі ў выступе будынка, які па фасадзе навісае над уваходнымі дзвярамі. Знялі сцяну паміж класам і настаўніцкай, і атрымалася досыць прасторнае памяшканне. Выступ абвяваецца вятрамі, памяшканне халаднаватае — Васіль зіму прадрыжаў у ім, калі вучыўся ў пятым класе. Для клуба яно падыходзіць. Нават сцэна ёсць — невялікае ўзвышэнне, аддзеленае ад залы паркалёвай заслонай.

П’еса ідзе нядрэнна. Дзесяцікласнікі папрыклейвалі вусы, бароды, але ўсё адно артысты знаёмыя: Мікола Райдун, Ізя Цукерман, Сцяпан Бронька, Валодзя Бажок і яшчэ некалькі хлопцаў і дзяўчат.

Васілю трохі лягчэй стала, калі па ходу дзеяння ў тых месцах, дзе трэба цалавацца, Надзя толькі выгляд рабіла, што цалуецца. Нават не датыкалася да мокрых Лізюковых губ.

І Сцяпан ніштавата іграе — не горш астатніх. Трымаецца смела. А калі пісклявым голасам заспяваў: «Плаваён галэмбі, лётаён лабэндзі, з нашэго кохання пэўне ніц не бэндзе»,— зал надарыў Сцяпана гучнымі апладысментамі.

На сцэну ўвесь струнны аркестр пасадзілі. Скокі, спевы, прадугледжаныя ў п’есе, найбольш удаліся. Гэта ў школе ўмеюць.

Пасля пастаноўкі — навагодні бал. Крэслы вынеслі ў калідор, у клубе пачаліся танцы.

Яшчэ калі ішла п’еса, Васіль заўважыў у зале чарнявага лейтэнанта. Цяпер, прыгледзеўшыся, пазнаў яго. Гэта Іван Дмухавец — адзін з тых, хто першы закончыў местачковую дзесяцігодку. Два з палавінай гады назад адбыўся першы выпуск, і вось Дмухавец ужо лейтэнант. Яго шырокія плечы шчыльна аблягае зялёная перацягнутая партупеяй гімнасцёрка з двума кубікамі ў пятліцах. На лейтэнанце, здаецца, усё блішчыць: рамяні, гузікі, наглянцаваныя боты і нават радасныя, павільгатнелыя ад узбуджанасці вочы лейтэнанта таксама блішчаць.

Надзя адчувае сябе каралевай вечара. Адразу пераапранулася: на ёй цяпер цёмная сукенка з белым каўнерыкам, на нагах — бліскучыя туфлі-лодачкі, валасы павязаны сіняй хусцінкай.

На Васіля Надзя нават не зірнула. Яе раз за разам запрашае танцаваць лейтэнант, і яна ахвотна ідзе. Васіль раптам успомніў: Іван Дмухавец таксама ўдзельнічаў у п’есе. Першы выпуск дзесяцігодкі ставіў «Любоў Яравую» — пра грамадзянскую вайну — і Іван іграў у ёй ролю паручніка Яравога.

Гэтак жа ахвотна танцуе лейтэнант з маладой настаўніцай-біялагічкай, той, якая сказала, што Васіль падобен на Ясеніна і на кватэру запрашала. Біялагічка проста есць вачамі лейтэнанта. Адразу расцвіла, пажвавела, носіцца ў чарадзе дзесяцікласніц, і яе ад іх нават не адрозніш.

Настрой у Васіля сапсаваўся. У п’есах ён не ўдзельнічае, не валодае такімі талентамі. І лейтэнантам не хутка будзе. Няхай! Ён сваё яшчэ пакажа...

Васіль непрыкметна выбраўся з клуба, у вестыбюлі хуценька апрануўся, выскачыў на вуліцу. Жанчыны здрадлівыя, думае ён, поўнячыся зласлівымі, помслівымі пачуццямі да Надзі і настаўніцы-біялагічкі. Зрэшты, да настаўніцы яму справы няма, няхай скача з кім хоча. Крыўдна за Надзю. Яна першая яго пацалавала, калі ноччу праводзілі ў лесе ваенную гульню. Цяпер робіць выгляд, што нічога не было.

Што ж, Надзя яго яшчэ не ведае. Ён таксама ўмее быць зацятым. Не кіне ў яе бок ніводнага прыязнага позірку. Не загаворыць, не падыдзе на перапынку. Яна лічыць сябе вышэйшай — вучыцца ў дзевятым класе, іграе ў п’есах. Няхай лічыць!..

Па мястэчку не відаць, што яно святкуе Новы год. У вокнах блішчаць звычайныя агеньчыкі, у некаторых наогул цёмна — гаспадары ляглі спаць.

Старэйшыя людзі, у тым ліку Васілёвы бацькі, адзначаюць Новы год па царкоўнаму звычаю. Іхні Новы год наступіць праз два тыдні. Заколюць кабанчыка, будзе кілбаса, крывянка. На куццю — посную і скаромную — прыйдзе ў хату вялікая раскоша: маці нарыхтуе безліч страў.

Дні бягуць — напружаныя, чымсьці падобныя адзін на другі, але радасныя. З радасцю Васіль перагортвае старонкі падручнікаў, рашае задачы, паглыбляецца ў новы, незнаёмы матэрыял. У параўнанні з аднакласнікамі ён узваліў на сябе ў тры разы цяжэйшую ношку, але стомленасці не адчувае. Ён сам бачыць, як імкліва прасоўваецца наперад, і, можа, таму з радасцю сустракае кожны новы дзень.

Да Івана Васіль ходзіць штодня. Мінае базы, дрывяны склад, ідзе чыгуначнымі пуцямі, зварочваючы затым на Варашылаўскую вуліцу. Гуляюць вятры, заносячы снежнымі гурбамі рэйкі, стрэлкі — іх чысцяць рамонтнікі і сезоннікі. Адзін раз нават спецыяльны поезд прысылалі вызваліць ад снежных заносаў каляю. Дыхнуў на дзень-два паўднёвы вецер — снягі аселі; зноў ціскануў марозік — дарогі пакрыліся слізкаю наледдзю.

На станцыі як заўсёды: прыбываюць, адбываюць цягнікі, на пуцях дымяць кучы жужалю, іх рамонтнікі зносяць і скідаюць у адхон. Вялікія завалы ўтварыліся за той час, пакуль Васіль вандруе да Івана. Узбоч станцыі цэлыя шлакавыя горы. Летам жужаль вывезуць.

У раскідзістых галінах станцыйных таполяў спяваюць вятры. Васілю здаецца, што таполі журацца, чакаючы вясны і сонца.

Калі Васіль ідзе чыгуначнымі пуцямі, яму заўсёды добра думаецца. Гэтак жа як у лесе. Лес калыша, пястуе мары, хісткія і няпэўныя, чыгунка як бы выкіроўвае іх у больш канкрэтную каляіну. Наперад, наперад, за асмужаны лес, дзе ляжаць новыя далі, шумныя гарады! Там Васілёва месца... Але ўсё адно ён не можа ўявіць, што ўжо гэтым летам пакіне роднае мястэчка, паехаўшы разам з хлопцамі ў той зваблівы край, які завецца горадам, інстытутам, ваенным вучылішчам.

Цягнікі фактычна прымае і адпраўляе бацька. На заходнім і ўсходнім ускраі станцыі стаяць на высокіх драўляных палях будкі, у якіх дзяжураць стрэлачнікі. Бацькава будка — усходняя. З незапамятных часоў Васіль хадзіў туды, носячы бацьку абед, бо стрэлачнікі заступаюць на дзяжурства на дванаццаць гадзін і адлучацца са службы ім нельга. Цяпер абед бацьку носяць меншыя браты.

На станцыі ўведзена аўтаблакіроўка. У бацькавай будцы стаіць вялікі апарат з некалькімі рычагамі. Зазвініць тэлефон, бацька падыме трубку: «Слухаю, таварыш дзяжурны...» Дзяжурны па станцыі аддасць каманду. Затрашчыць вочка, размешчанае над рычагом, ад яго адваліцца, павісне на пружынцы накрыўка. Бацька, падымаючы рычаг, адкрывае семафор ці пераводзіць стрэлку.

Зноў дакладвае дзяжурнаму...

Няўжо сапраўды праз колькі там месяцаў настане часіна, калі бацька перавядзе стрэлку, і цягнік памчыць Васіля ў таямнічы нязведаны край?.. Карціны такой Васіль ніяк не можа ўявіць. Штосьці замінае. Што — ён не ведае сам, і ад гэтага трывожна.

Васілю шанцуе: за школьным хлявом, сярод выкінутых з кладоўкі расплюшчаных палавінак глобусаў, абломкаў лыж, розных скрынак, бутэлек, знаходзіць дзве прыстойныя лыжы. Абедзве на правую нагу, але бяда невялікая.

Васіль трохі падрамантаваў лыжы, прыбіў раменьчыкі, нацёр воскам, выразаў палкі. На палкі трэба кружочкі, але можна і без іх абысціся.

Пададзеўшы пад пінжачок цяплейшую сарочку, Васіль выязджае на поле. Калі разгонішся, набегаешся, лішняй вопраткі не трэба. Цела аж гарыць.

Добра ў полі. Снежны покрыў трымае надзейна, лыжы самі бягуць. Наперадзе — аж да лесу — сіняватабелая роўнядзь, на якой сям-там цямнеюць кусты.

Васіль кіруе да лесу. Хоча наведаць мясціны, дзе летам збіраў грыбы. Можа, не прыйдзецца болей павандраваць па верасах.

Хвілін дваццаць бегу, і ён у лесе. Маўклівыя, засяроджаныя стаяць хвоі, бярозы, асіны. Пануе зацятая цішыня. Між дрэў ісці цяжэй, лыжы правальваюцца, і Васіль выбірае прагаліны.

Вось нарэшце маладыя саснякі, схаваныя пад снежнай пасцеллю верасы, па якіх ён блукаў летам. Воблік, настрой мясцін настолькі змяніўся, што Васіль не пазнае іх.

Ён доўга блукае па занесеных снегам палянах. Далекавата ад’ехаў ад мястэчка — кіламетраў за шэсць. Уражанне такое, што, акрамя маўклівых хваін, бярэзін, якія нібы журацца ў снезе, белай роўнядзі, хмурнага неба, нічога больш на свеце няма.

Настрой зямлі, лесу залежыць ад колеру. Летам лес быў зялёны, восенню залацістымі барвамі свяціліся бярозы, асіны, клёны, ружова-сінім полымем цвілі верасы. Усё гэта колеры жыцця. Але і ў зімнім лесе яны не згаслі канчаткова: зелянее хвоя, сінечай адлівае снег, сінія паўтоны пануюць у наваколлі. Сігналы недалёкай вясны.

Перад тым як легчы спаць, Васіль з гадзіну чытае «Жана Крыстофа». Іменна гэтую кнігу захацелася перачытаць — пра музыку, уражлівую чалавечую душу і пра тое яшчэ, як зацята, настойліва можа дамагацца чалавек мэты. Мэта, адна яна, надае сэнс жыццю. Іначай і жыць не варта...

Вяртаючыся ад Івана, сінім зімовым прыцемкам Васіль твар у твар сутыкаецца з Надзяй. Яна якраз вынырнула з буфета — трымае пад пахай боханчык хлеба, штосьці загорнутае ў паперу — і адразу — не паспеў вывернуцца — зачэплівае Васіля.

— Чаму ты такі?

— Які?

— Не вітаешся, адварочваешся.

— Проста я цябе не бачу.

— З твару цёмны стаў, толькі нос тырчыць. Можа, захварэў?

— Не захварэў...

Яны ідуць пуцямі, мільгаюць бляклыя аганькі стрэлак, цёмнай сцяной цягнуцца на дрывяным складзе штабялі дроў.

— Лізюк — проста агідны,— Надзя рашуча мяняе кірунак гаворкі.— Мне білет у кіно купіў. На апошні сеанс...

Васіль узрадаваны, узрушаны, але стараецца вытрымліваць характар.

— Чаму не пайшла?

— Пайду я з ім! Усім білеты купляе. З Верай Машчынскай круціць.

— Вы любіце такіх, хто ўмее круціць.

Надзя нават спынілася, абражаная.

— Не гавары глупства! Нічога ты не разумееш. Асабліва ў дзяўчатах. Зашыўся ў свае кніжкі.

— Зашыўся! — Васіль гаворыць як бы нават з выклікам.— Думаеш, так проста сяджу? Хутка пачуеш...

— Што пачую? — Надзя аж гарыць ад цікаўнасці.— Ты стаў у газеты пісаць. Можа, сваю кніжку пішаш?

Васіль спахапіўся. Лішне язык развязваць не варта. Нават перад Надзяй.

— Ёсць розныя справы,— няпэўна адказвае ён.— У газету напісаць не проста.

— Вы ўсе наперагонкі пішаце. Рады, што прозвішча надрукавана.

Развіталіся па-таварыску. Надзя ўсё-такі малайчына. У Васіля прыемна ные ў грудзях. Нічога асаблівага не сказала ні Надзя, ні ён, але жыць стала весялей.

Пахваляцца аднак нельга. Нядаўна на ўроку Васіль таксама ледзь не прагаварыўся. Рашалі цяжкую задачу па геаметрыі, яна не выходзіла. Прымяніўшы трыганаметрычную формулу, Васіль задачу рашыў, зверыў вынік з адказам, змешчаным у канцы падручніка. Рашэнне правільнае! Ён ледзь не падняў руку, але своечасова стрымаўся. Цікаўны Давыд і так зазіраў у сшытак, у якім раптам замільгалі невядомыя знакі — тангенсы, катангенсы. Трыганаметрыі ў восьмым класе не вучаць, і Давыд нічога не зразумеў. Антаніна Хвядосаўна зразумела б, яе не абвядзеш...

У «Плодагародніне» непрыемнасць. Загадчык базы Хурсік — чорны, негаваркі, нелюдзімы — карыстаючыся тым, што цана на бульбу вырасла да трыццаці рублёў за пуд, нагрузіў паўтаратонку, павёз у горад на базар. Міліцыя хапіла за руку — накладной на бульбу не было. Хурсіка арыштавалі, ідзе следства.

Прыціхшыя, як бы прыніжаныя, шчоўкаюць на лічыльніках бухгалтары і рахункаводы. Дрэнна, выходзіць, падбівалі балансы, калі бульбу з базы можна вывозіць машынамі.

Васіль стараецца не зварачаць увагі на цёмныя, нават незразумелыя праявы жыцця. У хаце паміж бацькам і маці часта ўсчынаюцца сваркі — на грунце няхваткі, дарагавізны. Васіль не ўмешваецца, прапускае міма вушэй, наўмысна адварочваецца.

Захварэла меншая сястрычка, якая ледзь-ледзь навучылася хадзіць. Бацька з маці возяць яе ў горад у чыгуначную бальніцу. Кожнага тыдня возяць. Васіль застаецца за старшага ў хаце. Варыць меншым братам бульбу, доіць карову. Шкада сястрычкі. Каб хоць паправілася.

А дні бягуць. Сакавік на дварэ. Сама гуляюць вятры, мяцеліцы. На вуліцы, пад парканамі, хлявамі вялізныя гурбы.

Нарэшце сталася тое, за што Васіль так зацята змагаўся. Па матэматыцы, а таксама па фізіцы, хіміі дагнаў дзесяцікласнікаў. Будзе цяпер рашаць задачы, вучыць урокі разам з Іванам.

Іван і цяпер скептычна глядзіць на Васілёвы заняткі.

— За дзесяты экзамены не прымуць. Можа, за дзевяты. Але нічога, карысць будзе.

Дапамагае Іван шчыра. Матэматыкай Васіль авалодаў дзякуючы яму.

Цяпер трэба падагнаць астатнія прадметы. Кніжкі ёсць. Прыслаў Грыша Лапата — ён пасля сёмага класа паехаў у Мінск, вучыцца ў гандлёвым тэхнікуме. У Грышы ў Мінску бацька — жыве з другой сям’ёй. Харошы таварыш Грыша — паклапаціўся, знайшоў падручнікі, якія ў мястэчку проста немагчыма дастаць.

У пачатку апошняй чвэрці трэба падаваць заяву дырэктару. Кожны новы дзень набліжае гэты тэрмін.

 

Х

На свеце неспакойна. З восені вайну супраць Грэцыі вяла Італія, перамогі не дамаглася, Мусаліні нават уцякаць стаў. Цяпер на грэкаў рынуў з танкамі Гітлер. І не толькі на грэкаў. Праз дзень пасля таго, як Савецкі Саюз падпісаў дагавор аб дружбе і ненападзе з Югаславіяй, фашысты на Югаславію напалі. Творыцца штосьці незразумелае.

— Гітлер з намі не лічыцца,— заяўляе Іван.

— Чаму не лічыцца?

— У нас з Югаславіяй дагавор аб дружбе, а ён нападае. Хіба не зразумела?

— У Югаславіі рэвалюцыя. Ранейшы ўрад далучыўся да Берлінскага пакту. Гітлер душыць рэвалюцыю.

— Нам хіба ўсё роўна, каго ён душыць? Югаславы — славянскі народ.

— Пачакай, дадуць па зубах Гітлеру.

Па чыгунцы, у напрамку на Брэст, імчаць цягнікі з танкамі, артылерыяй, баявой тэхнікай. З пачаткам вясны такіх цягнікоў стала нават больш. Умацоўваюць нашу граніцу.

Гісторыю, асновы дарвінізму, іншыя прадметы Васіль падагнаў. Сярэдняя школа нібы ляжыць на далонях. Хоць і страшнавата ад гэтага. Процьма матэрыялу. Некаторыя раздзелы, асабліва па гісторыі, геалогіі і мінералогіі, астраноміі, Васіль толькі прачытаў, замацаваць як след не паспеў. Галоўнае — як будуць прымаць экзамены? Калі дадуць на прадмет хоць па два дні, то экзамены ён вытрымае.

З нерашучасцю, трывогай, якая не сціхае ў душы, аднёс Васіль заяву дырэктару.

У настаўніцкай — перапалох. Дырэктар адразу стаў званіць па тэлефоне. Настаўнікі, якія прыходзяць на ўрокі, глядзяць на Васіля здзіўленымі вачамі.

Дні праз два пасля ўрокаў — яшчэ светла, ужо красавік наступіў — дырэктар выклікае Васіля да сябе ў кабінет.

— Вось што, малады чалавек. Вы ўвогуле малайчына. Але спяшацца не трэба. Навука не любіць паспешлівасці. Ды вам жа толькі шаснаццаць гадоў. У інстытут усё адно не прымуць.

Васіль зніякавеў.

— Значыць, дарэмна рыхтаваўся?

— Чаму дарэмна? Усялякая работа, асабліва старанная, павінна заахвочвацца. Думаю, абласны аддзел народнай асветы дазволіць прыняць экзамены за дзевяты клас. Мы туды напісалі афіцыйны запрос. Райана такое пытанне вырашыць не можа.

У Васіля адлягло ад сэрца. Можа, і добра, што выходзіць іменна так. Іван папярэджваў.

— Яшчэ хачу паведаміць,— дырэктар размаўляе ветліва, шчыра — нібы ўгаворвае.— Мы вас хочам выпусціць з атэстатам выдатніка. Паступіце ў інстытут без экзаменаў, палучыце стыпендыю. Цяпер такога атэстата не атрымаеце. Па некаторых прадметах вы, мабыць, зусім не рыхтаваліся. Напрыклад, па чарчэнню?

— Не рыхтаваўся,— прызнаецца Васіль.

— Вось бачыце. Навошта спяшацца? У дзесятым агледзіцеся, лепш усвоіце матэрыял. Грунт ёсць. Не раю і гаварыць, што рыхтаваліся за дзесяты. Будуць лічыць другагоднікам.

Васіль згодзен. З удзячнасцю глядзіць на дырэктара. Довады яго разумныя, пераканаўчыя. Толькі дзіўнае адчуванне: Васіль не можа ўявіць сябе дзесяцікласнікам. Здаецца, усё проста: хлопцы паедуць, ён астанецца ў мястэчку, але ўявіць такога не можа.

Экзамены прымаюць праз тры дні.

Фактычна экзаменаў няма. Настаўнікі, якія выкладаюць у дзевятым класе, выклікаюць Васіля і вядуць гаворку кожны па сваім прадмеце. Першымі экзаменуюць Антаніна Хвядосаўна — па матэматыцы — і дырэктар — па асновах дарвінізму. Васілёвы веды дырэктарам, яго жонкай прызнаны, відаць, грунтоўнымі, бо астатнія настаўнікі наогул доўга не апытваюць. Прыкрасць выйшла толькі з фізікам, з тым самым маладым настаўнікам, які з-за стыпендыі пакінуў інстытут. Не, матэрыял па фізіцы за дзевяты клас Васіль ведае, адказаў як трэба. А за восьмы законы Кеплера недавучыў, заблытаўся. Непрыемна.

Праз тыдзень Васіля пераводзяць у дзевяты. Наперадзе яшчэ больш месяца заняткаў. Затым экзамены...

Дні радасныя, як бы напоўненыя зіхатлівым бляскам.

У дзевяты клас Антаніна Хвядосаўна прывяла Васіля, ідучы на першы ўрок. Усе ўсталі. Выходзіць, і Васілю аддалі чэсць.

— Сядай,— Антаніна Хвядосаўна паказала на вольнае месца.— Зараз будзе кантрольная работа.

Васіль садзіцца побач з Петраўцом, сынам загадчыка райана, таксама актыўным селькорам. На новага дзевяцікласніка ўсе азіраюцца. Глядзяць з дапытлівай цікаўнасцю. Адна Надзя Мядзёлка не глядзіць. Васіль заўважыў, як густа яна пачырванела, як толькі ён зайшоў у клас.

Задачы Антаніна Хвядосаўна дала да смешнага лёгкія. Васіль адразу парашаў іх, перапісаў на чысты лісток. Сусед Петравец тым часам пасапвае, торкае Васіля ў бок. Кожнаму раду дадзены свае задачы, і сусед зашыўся. У яго не выходзіць нават першы прыклад. Васіль рашыў Петраўцовы задачы, непрыкметна перадаўшы яму лісток.

Празвінеў званок на перапынак — на кантрольную адведзена два ўрокі,— ніхто не падымае галавы ад парты, а Васіль ужо кладзе лісткі на стол перад настаўніцай. Яна прабягае вачамі рашэнне, усміхаецца, кіўком галавы паказвае — Васіль можа быць вольны.

Выходзячы з класа, Васіль зноў заўважае, як зноў густа пачырванела Надзя Мядзёлка.

У гэты дзень было яшчэ сачыненне па рускай літаратуры, Васіля выклікала настаўніца нямецкай мовы. Поспех быў поўны — па ўсіх трох прадметах «выдатна». Васіль пажынаў славу.

Славы яшчэ прыбавілася, калі ў раённай газеце за подпісам Петраўца — ён малайчына, Васілёвай паслугі па кантрольнай алгебры не забыў — паявілася заметка «За адзін год — два класы». Нават дзядзька Сымон, матчын брат і хросны Васілёў бацька — ён жыве ў вёсцы Бабуры, за дванаццаць вёрст,— спецыяльна прыехаў павіншаваць пляменніка і прывёз мех бульбы.

Хлопцы — Іван, Сцяпан — таксама задаволены. Усе ведаюць: яны памагалі Васілю, надзейна трымалі тайну — і частка Васілёвага поспеху як бы прыпадае на іх.

Васіля нават карэспандэнт Мінскай газеты сфатаграфаваў. Сягнуць вышэй, чым сягнуў Васіль, заслужыць большую славу было проста немагчыма!..

Пачыналі зелянець кволым далікатным лісцем разложыстыя станцыйныя таполі, расцвіталі сады, жыватворнымі сокамі поўнілася, востра пахла зямля. Першая трава, першы цёплы дождж, які змыў з зямлі непатрэбны зімовы друз, белыя воблакі на бязмежным сінім небе, птушкі, што вярнуліся з далёкага выраю і зноў шчабяталі і спявалі — усё-ўсё, здаецца, абяцала спакой, задавальненне, здзяйсненне самых высокіх надзей. Дамагайся, не шкадуй сілы, ідзі наперад — твае сяганні будуць заўважаны, ацэнены. Свет такі шырокі, бязмежны, жыццё дае столькі магчымасцей паказаць здольнасці, быць карысным людзям!

І ўсё-такі нейкая трывога не-не дый закрадваецца ў Васілёву душу. Адкуль яна, у чым прычына?.

З далёкага волжскага горада, з лётнага вучылішча прыслаў ліст Мікалай Сянчук: пачаў лятаць з інструктарам. Мікалай ужо ўбачыў сваё неба. Васілю чакаць яшчэ цэлы год.

Штосьці дзіўнае творыцца з Надзяй Мядзёлкай. Калі яе выклікаюць да дошкі, чырванее, запінаецца, адказвае няўпэўнена. Звычайна шустрая, гаваркая, вогненна-вясёлая, з таго часу як Васіль прыйшоў у дзевяты клас, стала маўклівай, задуменнай.

Зрэшты, адносіны з Надзяй Васіль высветліў. Пасля ўрокаў дагнаў яе — ішла адна — пайшоў поруч.

— Не злуйся,— прымірэнча сказаў ён.— Я нікому пра дзевяты клас не гаварыў. Табе адной намякнуў.

— Калі намякнуў?

— Помніш, ішлі са станцыі. Яшчэ зімой.

— Ты эгаіст,— Надзін голас трохі пацяплеў.— Думаеш толькі пра сябе.

— Я хацеў цябе дагнаць,— сказаў Васіль.— Табе ж столькі гадоў, як мне.

— Не віляй хвастом. Хацеў здаваць і за дзесяты. Не пусцілі. Правільна зрабілі. Нахапаў бы троек. Выскачка...

Экзамены наступілі. Здае іх Васіль у лагодным, ціхамірным настроі. Не рвецца, не напінаецца. Час штурмаў для яго ззаду. Зусім нечакана атрымлівае «добра» па прадметах, якія ведае найлепш — па рускай, нямецкай мовах. Няхай! Будзе яшчэ дзесяты клас. Павінен быць.

Зелянінай наўсцяж убралася зямля, ідуць дажджы, веюць цёплыя вятры. Сцяпан з Іванам атрымаюць атэстаты выдатнікаў. Могуць без экзаменаў паступаць у інстытуты. Аднак пойдуць у артылерыйскае вучылішча. Так рашылі.

Васіль яшчэ не ведае, куды паступіць. У яго наперадзе цэлы год.

Школа платы за дзевяты клас не ўзяла. Бацька пастараўся — выстаяў ноч у чарзе і купіў Васілю касцюм. Тое, што сарвалася восенню, Васіль атрымаў вясной. Касцюм выдатны: шарсцяны, светла-шэры і якраз па фігуры.

Дырэктар не забыў, што Васіль разам з сябрамі мог закончыць дзесяцігодку. Заклікаўшы ў кабінет, прапанаваў яму выступіць на выпускным вечары, пажадаць дзесяцікласнікам шчаслівай дарогі.

Васіль выступіў і пажадаў. Яго прамова — урачыстая, звонкая — заслужыла дружныя воплескі.

І на другой, неафіцыйнай частцы вечара Васіль мог астацца. Аднак не згадзіўся. У дзевяцікласнікаў таксама складчына. На Варашылаўскай вуліцы, у суседнім з Іванавай хатай доме намечана баляванне, і Васілёва месца там.

Вечар цудоўны. На складчыне настаўнікаў няма — вольная воля — і весялосць, можа, нават большая, чым у дзесяцікласнікаў. Зрэшты, дзевяцікласнікі таксама дарослыя.

Захмялеўшы, Васіль і танцаваць адважыўся. Запрашае ў круг адну дзяўчыну, другую. Надзя Мядзёлка сядзіць нахмураная. Забыла Надзя, як на навагоднім вечары танцавала з лейтэнантам і ў Васілёў бок нават не паглядала. Крыўдзіць дзяўчыну Васіль аднак не хоча. Падыходзіць да яе.

— Выйдзем,— напаўголаса гаворыць Надзя.— Тут горача...

Ужо ноч плыве над зямлёю. Ціхая, зорная, цёплая. Толькі чуваць, як на станцыі пыхкае манеўровы паравоз. Васіль прыхінае Надзю да сябе, і яна не бароніцца. Ён адчувае сваімі грудзьмі яе падатлівыя грудзі, усю яе гнуткую, гарачую, моцную.

— Давай сядзем,— просіць Васіль, не могучы саўладаць з пачуццямі.

Яны знаходзяць лавачку і садзяцца. Над іх галовамі навісь галін, ледзь чутны шэпт лісця.

Васіль зноў прыхінае Надзю да сябе і цалуе ў губы. Губы ў яе салёныя, сухія.

— Што будзем рабіць у дзесятым? — нібы птушка, усклікнуўшы, пытае Надзя.

— Цалавацца.

— Нельга ж...

— Маўчы...

— Зноў нешта выдумаеш. Паедзеш...

— Не паеду...

Праз хвіліну допыт вядзе Васіль.

— У лесе мяне наўмысна пацалавала?

— Не цалавала я цябе.

— Дык што то было?

— Табе здалося...

Надзя ціхенька — нібы ручэй звініць — смяецца.

Ад пацалункаў у Васіля апухлі губы, кружыцца галава. Ніколі не было такой дзіўнай ночы.

— Я люблю цябе,— гаворыць ён Надзі.— Толькі баюся — вельмі ты свавольная. Помніш, як танцавала з лейтэнантам?

— Не трэба мне лейтэнант. Няўжо нічога не бачыў?

— Бачыў...

— Я цябе з шостага класа прыкмеціла. Ходзіць цыбаты хлапчучок, твар харошы, у лесе нічога не баіцца...

Шчасце поўнае. Што болей трэба для поўнага шчасця?

Разышліся з Надзяй на світанні.

Васіль мог паспаць, але хіба пасля ўсяго, што здарылася, заснеш? Нядзеля, можна пагуляць, потым пачытаць. Першы дзень, вольны ад заняткаў, клопатаў.

Зняўшы новы касцюм, паснедаўшы, Васіль ідзе ў лес. Чамусьці яму здаецца, што за Раманавай будкай, дзе стаяла Надзіна хата, ён стрэне яе самую.

Жыта высокае стаіць, сама красуе. Каласкі бухматыя, ахутаныя кволай пушыстай мярэжай. Перагукваюцца ў жыце перапёлкі. Вунь — ідуць, вунь — ідуць... Па пыльным шляху, які ляжыць па той бок чыгункі, цягнуцца фурманкі.

Лета ўбіраецца ў сілу. У лагчынах трава аж буяе. Сонца высока паднялося, у траве скачуць, трашчаць на тысячу ладоў конікі.

Вось і дубы. Надзі аднак няма. Не здагадалася прыйсці. У Васілёву душу паціху закрадваецца трывога. Яна часта ў апошні год закрадваецца.

Лісце на дубах далікатнае, яго празрыстая зелень нібы прасвечвае наскрозь. Ціха, цёпла, добра.

Васіль паволі крочыць дамоў. Ахутаны пылам, праносіцца па чыгунцы брэсцкі цягнік. Апошні вагон моцна пагойдваецца. Дванаццаць гадзін, думае Васіль. Брэсцкі заўсёды прыходзіць у дванаццаць...

Па вулачцы, што выходзіць у поле, скача коннік. Выгляд у яго незвычайны: твар узмакрэлы, валасы расплатланыя, сарочка расхрыстаная.

Васіль нарэшце пазнае ў ім брыгадзіра трактарнай брыгады Рыбака, якога летась узнагародзілі медалём і ўрачыста сустракалі на станцыі.

— Вайна! — крычыць брыгадзір Васілю.— Гітлер напаў. Трактарыстаў трэба сабраць...

 

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 2. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1982. - с. 123-201
Крыніца: скан