epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Асфальт

Таполі па-летняму задуменныя, ціхія, сям-там на асфальце перона шасціць пад нагамі жаўтлявае скручанае лісце. Да восені далёка яшчэ, лісце падае ад гарачыні. Выпетраныя палыны, якія густа падняліся між жужалевых куч, на ўзбочыне пуцей, забіваюць гаркотай астатнія станцыйныя пахі.

Спякотна, млосна, хоць час надвячоркавы. У буфеце мужчыны п’юць піва. Жызнеўскі, як толькі з’явіўся на станцыі, па даўняй трывалай звычцы, таксама памкнуўся туды, але, дайшоўшы да дзвярэй чакальнай залы, рашуча спыніўся. Ён злавіў сябе на адчуванні, што яму зусім не хочацца ў буфет. Гэта нечаканае адчуванне было як адкрыццё самога сябе, як выяўленне нейкіх патайных, глыбока схаваных сіл душы, якія, падсвядома збіраючыся, прыводзяць да зусім свядомых вынікаў.

Жызнеўскі, абагнуўшы рог вакзала, зайшоў у скверык, пад цень таполяў, прысеў на лаўцы. Ва ўсім, што ён толькі што адчуў, трэба было разабрацца. Але яму не ўдалося пабыць на адзіноце, бо аднекуль выплыў інжынер з «Сельгастэхнікі» Місінскі, похапкам абцёр насоўкай узмакрэлы азызлы твар, плюхнуўся побач, кінуўшы на лаўку туга напакаваны партфель.

— Едзеш куды? — нудна спытаў, як заўсёды гугнявячы.

— Група ад’язджае.

— Тыя, што шашу выбіраюць?

— Тыя самыя.

— Ну і як? Будзе што-небудзь?

— Будзе асфальт. Гладкі, як яйка. Прывязалі да мясцовасці.

Твар у Місінскага круглы, ацеслівы, нос загнуты кручком, але ўсё адно ёсць у выразе гэтага твару штосьці такое, што робіць яго падобным да трусінай мордачкі.

— Я не пра праекты пытаю, — цягне Місінскі. — Праектаў хапае. Грошы хто дае і фонды?

— Нафтахімбуд. Пятая частка — з абласнога бюджэту.

— З абласнога? — інжынер загугнявіў больш звычайнага. — Сто гадоў будзеце пракладваць шашу на абласным бюджэце.

Жызнеўскі пачынаў злавацца.

— Заяц хваліцца не любіць! — з выклікам прамовіў ён. — Праз год паедзеш ва ўпраўленне па асфальце. Гэта абсалютна точна.

Місінскі з недаверам зірнуў на субяседніка.

— Скажы ты! Драўляных мастоў адрамантаваць не можаце, а тут — асфальт. Хоць пры чым тут вы? Бензінам запахла, таму даюць шашу.

У адпрасаванай беласнежнай сарочцы, пагойдваючы шырокімі круглымі плячамі, падышоў Зянчук, і Жызнеўскі ўпершыню зусім спакойна на яго зірнуў. Не было да начальніка пагрузачнай канторы ніякіх пачуццяў — ні добрых, ні дрэнных.

— Карасцялёва з Бабінавіч чакаю, — як бы скардзіцца Місінскі. — Дамовіліся сустрэцца на станцыі. І ў іх трактар стаў. Ні к чорту новы харкаўскі трактар. Восем узялі, і ўсе стаяць. У адным масла, у другім — шмасла. Сем нянек, а дзіця без носа...

— Чаму сем? — стоячы перад мужчынамі, падрыгваючы нагой, ляніва перапытвае Зянчук.

— Таму што матор робіць адзін завод, трактар збірае — другі. Няма на каго скардзіцца.

Зянчук раз-пораз кідае непрыкметныя позіркі на Жызнеўскага.

— Трэба каню ў зубы глядзець, як купляеш, — гаворыць ён. — Але ж вы не купцы-перакупшчыкі. Вам абы прадаць...

— Гаворыш глупства. Вот вязу партфель рэкламацый. Хто іх возьме?

Дзіўна, што знайшла Зіна ў Зянчуку, разглядваючы ў сваю чаргу начальніка пагрузачнай канторы, без ніякай узрушанасці думае Жызнеўскі. Нават як мужчына ён не надта. Чым яна магла ў ім захапіцца? Вядома, дастане, што захоча. Жонка павінна быць задаволена. Але што Зіне да гэтага?

— Пойдзем вып’ем піва, хлопцы, — раптам запрашае Зянчук. — Карасцялёў цябе, Місінскі, знойдзе і ў буфеце. Дый нікуды ён не паедзе. Хіба такі дурны, каб спадзявацца на вашу кантору? Сам адрамантуе трактар.

Мужчыны ідуць у буфет.

Яшчэ ніколі не было, каб Жызнеўскі, напаткаўшы Зянчука, адчуваў сябе так спакойна. На чалавека, які прынёс столькі згрызненняў, пакут, ён глядзіць зусім абыякава. Ні злосці на яго, ні якіх-небудзь іншых пачуццяў.

Калі яны ўтрох падыходзяць да буфетнай стойкі, Зіна чырванее. Заўсёды ў прысутнасці Зянчука яна чырванее. Жызнеўскі нават наперад можа сказаць, як будзе яна трымацца. Ёй нібы прыбавіцца рухавасці, звяртаючыся да каго-небудзь з наведвальнікаў, яна пачне жартаваць, сыпаць вострымі слоўцамі. І ніводнага позірку не кіне на Зянчука.

Нарэшце вызваліўся столік, і мужчыны селі за яго.

— У Бабінавічах трактар толькі месяц працаваў нармальна, — зноў цягне Місінскі. — Потым упаў ціск масла ў рухавіку. Знялі паддон картэра, думалі бог ведае што, а там у масляным насосе клапаны выкруціліся. Вось так збіраюць новую тэхніку. Цяп-ляп...

Жызнеўскі не слухае размовы. У Зіны з Зянчуком пачалося тры гады назад. Перамену ў паводзінах жонкі ён прыкмеціў адразу. Прыходзіла то ўзбуджаная, то разгубленая і прыціхлая, без ніякай прычыны магла ўсчаць лаянку, кінуцца ў слёзы. Дома была пераважна панылай. Затое на людзях, калі яму з ёй выпадала трапіць у кампанію, мянялася на вачах. Рабілася вогненна-ўзбуджанай, імкнулася прамаўляць тосты, зварачаць на сябе ўвагу. Да яго, мужа, таксама пачала ставіцца іначай. Як бы шкадавала яго. Зрэшты, сям’я трымаецца на Зіне. Цягае сумкі з прадуктамі, мые, шые, варыць. Ён толькі прыносіць зарплату...

— Кінь пра трактары, — перабівае Місінскага Зянчук. — Не веру, што ты пра іх толькі і думаеш. Проста ў камандзіроўку не хочаш. Я б сам не паехаў. Гарачыня, спякота, а там цягайся па кабінетах.

— Жніво зрываецца. Па галоўцы не пагладзяць.

— Будзе жыць ваша кантора. Калгасы самі выкручваюцца.

— Скажаш, і ўгнаенні ляжаць па нашай віне?

— Па вашай. Тэхнікі на прыколе ў вас болей, чым у калгасах. Ведаю, як сялу памагаеце. Абы грошы садраць...

Зіна нечым устрывожана. Раз-пораз кідае насцярожаныя позіркі на іх столік. Відаць, не можа зразумець, чаму ён сядзіць з Зянчуком. Можа, скандалу баіцца. Але скандалу не будзе. Яшчэ год назад ён сапраўды ледзь не вар’яцеў, уяўляючы, як Зянчук абдымае Зіну. Але тое сплыло. Ён цяпер нібы глядзіць на іх адносіны праз павелічальнае шкло пачуцця, якое нарэшце прыйшло і да яго. Ён сам палюбіў другую жанчыну, і свет перамяніўся. Тое, што здарылася, ён называў раней здрадай, пакутаваў, не спаў начамі, цяпер ведае другое слова — каханне. Зіна пакахала Зянчука. Іначай іх сувязь не цягнулася б так доўга. Выпадковыя сувязі доўга не трываюць...

— Ты праўду кажаш, — раптам падхопліваецца Місінскі.— Карасцялёў не прыйдзе, і навошта мне ехаць? Пайду здам білет.

Партфель Місінскі пакідае і, увішна ныраючы між столікаў, выбіраецца з буфета. Яны толькі ўдвух засталіся — ён і Зянчук. Гаварыць няма пра што, Зянчук і не збіраецца гаварыць. Ён барабаніць пальцамі па шкле бакала, аб чымсьці думае, і, гледзячы цяпер на яго твар зблізку, Жызнеўскі раптам бачыць на ім тое, чаго ніколі не бачыў раней. Па-свойму ён нават прыгожы, Зянчук. Фігурай не надта кідкі — тоўсты, прысадзісты, — але на твары як бы выраз дзіцячай наіўнасці, чысціні, летуценнасці. Штосьці іменна такое. І гэтая горкая складка каля губ.

Жызнеўскаму нават робіцца прыемна. У Зіны не такі дрэнны густ. Чалавек, якога яна палюбіла, багацейшы зместам, чым здаваўся на першы пагляд. Душа ў ім ёсць...

З’яўляецца Місінскі, садзіцца за столік, і аж трашчыць пад ім кволы — пластмасавая накрыўка, жалезныя ножкі — табурэцік.

— Здаў, — паведамляе, аддыхваючыся. — За той самы кошт. Давайце піць піва.

Жызнеўскі глядзіць на гадзіннік. Праз пятнаццаць хвілін прыбудзе цягнік, і тады ён выйдзе на перон. Каб лішне не пашкодзіць жанчыне, якая вылечыла ад пакут і хвароб. Яна не адна, яго жанчына, з ёй выязджаюць астатнія інжынеры, якія праектавалі шашу, і стаяць з імі на пероне, перакідвацца нікчэмнымі словамі ён не хоча. Ён падыдзе да кампаніі ў апошні момант і сядзе разам у вагон...

Завітвае ў буфет жонка Зянчука: чарнявая, маўклівая, і, нібы не заўважыўшы мужа, адразу выходзіць. На адно імгненне ў Жызнеўскага мільгае думка, што Зіна, магчыма, пацягнулася да Зянчука з пачуцця саперніцтва. Жонка начальніка пагрузачнай канторы відавочна прыгажэйшая за Зіну, а жанчыны любяць перамагаць. Але нечаканая гэтая думка адразу сплывае, не выклікаўшы ніякага ўзрушэння. Зіна, яе каханак, яго жонка — нібы староннія для Жызнеўскага людзі, у справы якіх ён зусім не хоча ўмешвацца.

У горадзе, у філіяле інстытута, працуе яго жанчына, і яе з ім ужо звязвала нябачная, існуючая толькі ў праектах шаша, бо апошні год ён толькі ёй і займаўся, мала бываў дома, праводзячы дні і месяцы на трасе будучай дарогі. На сотай вярсце гэтай трасы ён сустрэў сваю жанчыну, і, што б там ні было далей, ён ёй удзячны, бо яна абудзіла ў ім прыспаныя сілы і жаданне жыць...

Зрэшты, не так многа трэба ў жыцці. Трэба, каб аб адным чалавеку клапаціўся другі і каб сэрцы гэтых двух біліся суладна. І каб было чэсна. Гэта самае галоўнае.

Прыбыў цягнік, і Жызнеўскі выскачыў на перон. Ён адразу заўважыў сінюю касынку, белы плашчык — жанчына трымала яго на левай руцэ, у правай — невялікі чамаданчык. Вагон, у які яна мусіла сесці, супыніўся якраз насупраць буфета.

 

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 1. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 553-557
Крыніца: скан