epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Байдачнікі

Трахімчук даўно смакаваў асалоду, з якой правядзе дзень ці два ў сваім загарадным дамку. Сярод службовай мітусні, тэлефонных званкоў, паседжанняў, якіх — смешна сказаць — іншы раз выпадала на дзень па два і нават па тры, магчымасць пабыць на адзіноце, сярод першабытнай цішыні, уяўлялася шчасцем.

У загарадным дамку, атуленым пяццю ці шасцю яблынямі, кустамі парэчак, агрэсту, нарэшце паявілася печка і невялікую, абшаляваную дошкамі будыніну з поўнай падставай цяпер можна лічыць дачай.

На гэтай дачы Трахімчук правёў рэшту водпуску, цэлы тыдзень — канец жніўня і пачатак верасня. Гэта былі цудоўныя дні. Ён хадзіў па лесе, збіраў сыраежкі, падасінавікі, рэдкія баравікі, затым, пратапіўшы печачку, сушыў іх, як некалі сушыла маці: заслаўшы бляху ці іншую жалезіну паперай. Асабліва прыгожымі пасля такой сушкі здаваліся баравікі — белыя, цвёрдыя, з прыліпшымі да шляпак кавалачкамі паперы.

Вечарам Трахімчук рабіў яшчэ адну праходку — цяпер ужо дзеля адпачынку і прыемных уражанняў. Ён вандраваў па ўзгоркаватым, густа засыпаным каменнем полі, якое аддзяляла садова-агароднія ўчасткі ад ціхай, лясной, з адной вуліцай вёсачкі, глядзеў на густа засеянае зоркамі неба, на тры дубы, каржакаватыя, з падпаленымі камлямі, з крушнямі камення пад імі, якія прыкметна выдзяляліся на ахутаных хісткім паўзмрокам пагорках.

Перад сном ён гадзіну ці дзве чытаў. Лежачы ў ложку, перагортваючы старонкі кнігі, ён час ад часу дакранаўся рукой да цёплай грубкі, глядзеў у акно, за якім шастала цёмнымі галінамі яблыня. Прыемна было ў гэтыя, ужо халаднаватыя ночы адчуваць цеплыню, жылую ўтульнасць пакоіка.

Ён у тыя жнівеньска-вераснёўскія вечары меў вялікую асалоду ад цішыні, якая толькі зрэдку парушалася гулам самалётаў.

У абсягу некалькіх бліжэйшых гадоў Трахімчук не меў больш прыемных адчуванняў, чым сем дзён, праведзеныя на дачы, таму да самага новага года ён марыў аб тым, каб як-небудзь зноў наведаць загарадны дамок.

На дачу Трахімчук выбраўся на другі дзень новага года. Ён зрабіў памылку, не дазнаўшыся загадзя раскладу прыгарадных цягнікоў. Гэта каштавала больш гадзіны бязмэтнага швэндання па запоўненай натоўпам пасажыраў станцыі і трохі падпсавала настрой. Але ў вагоне на лаўку насупраць Трахімчука села маладая, чырванашчокая настаўніца, якая, карыстаючыся школьнымі канікуламі, ехала ў вёску да маці. Настаўніца аказалася вясёлай, гаваркой, відаць, радуючыся, як і Трахімчук адпачынку, на ўсе лады расхвальвала сваю вёску. Паўтары гадзіны язды праляцелі непрыкметна.

Па дарозе на дачу, у тым месцы, дзе побач з рэчышчам вузкай звілістай рачулкі экскаватарам пракладзена яшчэ адно — роўнае і прамое, як аршын,— Трахімчук напаткаў гурму студэнтаў, якія, відаць, сустракалі Новы год на чыёй-небудзь дачы, а цяпер вярталіся ў горад. На вузкіх драўляных мастках, зверху пакрытых цэмянтовымі плітамі, ён саступіў ім дарогу.

Студэнты здаваліся стомленымі. Ішлі як пасля цяжкай работы — пахмурыя, маўклівыя, з сінімі кругамі пад вачамі. Неслі дзве ці тры гітары, прыёмнік, за плячамі — напакаваныя коўдрамі рукзакі. І толькі адна студэнтка, маларослая, круглая, як яечка, у джынсавых штанах і куртачцы, ветліва Трахімчуку ўсміхнулася, нібы засведчыўшы сваёй усмешкай, што нічога благога з ёй не здарылася.

Дні ў пачатку студзеня вельмі кароткія. Надвячоркам пайшоў снег. Рэдкія сняжынкі, нібы белыя летнія матылі, млява кружыліся ў паветры, павольна і ляніва падалі на зямлю. Цікава было глядзець на знаёмыя, зведаныя мясціны праз гэтую снежную мітусь. Зіма толькі пачыналася, і настрой лесу быў самотна-затоены.

Калі Трахімчук прыдыбаў да свайго закіданага снегам, пафарбаванага ў зялёны колер дамка, паветра пачало сінець, і сярод гэтай сінечы цёмнай маўклівай сцяной выдзяляўся сасоннік на пакатым узгорку, які з левага боку падступаў да дачнага пасёлка.

Наступала ноч.

Трэба было паварочвацца барджэй, бо не было ні лучыны, ні дроў, каб распаліць печку, ні вады, каб згатаваць чай. Трахімчук адамкнуў дзверы, зайшоў у халодны, настылы дамок, намацаў на сцяне веранды ўключальнік. Святло ўспыхнула на адно толькі імгненне і адразу згасла. Ён падумаў, што лямпачка слаба ўключана ў патрон і паспрабаваў яе падкруціць.

Святла па-ранейшаму не было. Не паявілася яно ні на кухні, ні ў пакоіку, колькі Трахімчук ні пстрыкаў уключальнікамі. Пробкі тым часам не маглі перагарэць, яны былі замежныя, так званыя вечныя і ў выпадку кароткага замыкання выключаліся механічна.

Ужо ў поўнай цемені Трахімчук намацаў пробкі. Знайшоўшы табурэтку, стаўшы на яе, ён на ўсякі выпадак выкруціў пробкі, затым паставіў іх зноў на месца. Святла не было.

Горшае становішча цяжка было ўявіць. Лямпы, газы ў дамку няма, і, выходзіць, доўгі зімовы вечар прыйдзецца сядзець у цемені.

Трахімчук выйшаў на двор. Ён меў надзею, што хто-небудзь, як і ён, прыехаў на дачу пераначаваць, і, можа, гэты чалавек дасць хоць якую параду. Ужо зусім змерклася, але ніводнае акно не блішчэла. Засыпаны снегам, маўклівы пасёлак нібы заснуў. У другі час Трахімчук трохі б паўзіраўся ў гэты малюнак, радуючыся цішыні і спакою, але цяпер было не да сантыментаў.

Ён наважыў спакойна ўсё абдумаць. Чаму выключылася святло? Некалькі разоў ён абышоў дамок, і нарэшце яго позірк запыніўся на дратах: яны вядуць ад высокага слупа, што стаіць насупраць дамка, да крукоў з чашачкамі ізалятараў, умацаваных у сцяну. Ад крукоў пачынаецца ізаляваны провад.

Трахімчук знайшоў лесвіцу, прыставіў да сценкі. Канцы провада, які вядзе на веранду, прыкручаны да дратоў без ніякай ізаляцыі. Ён пашастаў верхнім, затым ніжнім провадам і ўбачыў, што на дроце прабіваецца ланцужок ледзь прыкметных зеленаватых іскарак. Ясна, замыканне было тут. Варта зачысціць кантакты.

Але нічога рабіць не прыйшлося. Спусціўшыся з лесвіцы, наважыўшы пашукаць абцугі, наждачную паперу, Трахімчук убачыў палоску святла, якое прабівалася з-пад дзвярэй зачыненага на веранду пакоя. Святло, значыць, уключылася, ледзь-ледзь ён крануўся дратоў...

Узрадаваны нечаканай перамогай, Трахімчук выкінуў з хлеўчука некалькі плашак, пачаўшы пілаваць іх пілой-аднаручкай. Накалоў дроў, нашчапаў лучыны, запаліў печку. Сухія паленцы весела і дружна затрашчалі. Зрэшты, гэта было тое, чаго ён чакаў, і дзеля чаго сюды прыехаў. Сядзі каля печкі, падкладвай дровы, глядзі на агонь. Яшчэ толькі шэсць гадзін, а ён ужо амаль усё ўправіўся зрабіць.

Узяўшы вядро, Трахімчук пайшоў па ваду. Калодзеж па гэты бок агароджы, якраз перад сцяной хмурага сасняку. Ціха ў пасёлку. Снег перастаў сыпацца, але неба цёмнае, змрочнае, і толькі сям-там у прагалах між густых воблакаў прабліскваюць дзве ці тры адзінокія зоркі.

Трахімчук з прыемнасцю слухаў, як усё шпарчэй раскручваецца ворат, як ляціць у прорву ацэментаванага калодзежа прывязанае да жалезнага ланцуга вядро. Нарэшце глыбока ўнізе пачуўся ўсплёск. Круцячы ворат, выцягваючы вядро, з якога на дно калодзежа з гучным звонам падалі буйныя кроплі, Трахімчук думаў пра тое, што кожнаму чалавеку, хто б ён ні быў, трэба час ад часу дакрануцца да вось такой простай, першабытнай плыні жыцця, якое ва ўсім яго смаку можна адчуць толькі тут, на прыродзе.

Калі Трахімчук, перакладваючы дужку цяжкага вядра з правай рукі ў левую, падыходзіў да свайго дамка, у суседняй будынінцы ўжо свяціліся вокны.

Зацікавіўшыся, ён спыніўся, паставіў вядро на дол. Хто мог быць тут вечарам, зімой, тым болей што суседзі ў сваёй высокай, падобнай на вадзяны млын дачы печку яшчэ не паставілі? Як адказ на пытанне, на прыступках знадворнай лесвіцы, якая вяла ў пакоі пабудаванага на высокіх палях дамка, загрукалі крокі і перад Трахімчуком вынікла постаць хлопца ў накінутым наапашкі кажушку.

— Дзе вы ваду бралі? — спытаў хлопец.

— У калодзежы,— адказаў Трахімчук, пазнаўшы ў хлопцы пляменніка суседкі.

Хлопец зноў загрукаў па лесвіцы, падымаючыся наверх.

У печцы трашчалі дровы, але настылы за зіму пакоік награваўся марудна. Пасядзеўшы перад грубкай яшчэ гадзіну, пакідаўшы ў яе дровы, якія нарыхтаваў на заўтра, папіўшы чаю, Трафімчук нарэшце лёг у халодную пасцель. Каб сагрэцца, акрыўся адразу дзвюма коўдрамі. Не, ні ў якое параўнанне не ішоў гэты ягоны прыезд з памятным тыднем у канцы лета. Тады ад трох-чатырох паленцаў у пакоіку рабілася цёпла, утульна, іншай была яблыня за акном, весялейшым зорнае неба.

Сцішыўшыся, Трахімчук пачаў засынаць. Штосьці трызнілася, снілася, але раптам, перабіўшы сон, пачуліся зусім выразныя выгукі, песня, потым лаянка. Нейкай часткай свядомасці Трахімчук падумаў, што гэтыя гукі нясуцца з суседняга дамка, дзе, відаць, пляменнік не адзін, а з такімі, як сам, сябрамі. Печкі там няма, гарадскія хлопцы грэюцца, відаць, моцнымі трункамі.

Галасы то заціхалі, то ўзмацняліся да высокай пранізлівасці — госці суседняга дамка, мабыць, час ад часу выскоквалі на двор, гарланілі на чыстым паветры, але Трахімчуку не хацелася канчаткова прачынацца, нічога ён не мог змяніць у сваім становішчы, і памяць паслушліва перакінула яго ў нешта падобнае, што адбывалася даўно-даўно, яшчэ ў час яго далёкага дзяцінства. У сонным трызненні межы часу як бы сцёрліся, і выгукі, свіст, галёканне за сцяной, памяць вельмі лёгка дапасоўвала да напаўзабытай местачковай гісторыі.

...Некалі ў мястэчку вось гэтак гарланілі байдачнікі. Местачкоўцы — як і ён сам, пакуль не абрыдла,— спецыяльна хадзілі слухаць, як з раніцы да вечара лаецца, грызецца, калоціцца няўрымслівая, страшная сям’я, якая невядома адкуль прыбрыла.

Пасля таго як выслалі былога кандуктара Мульменку, які возячы «зайцоў», сабраў капейку, за якую пабудаваў два ніштаватыя дамкі, па мястэчку пайшла пагалоска, што ў яго харомінах размесцяцца гарадскія, як тады гаварылі, рабоча-пралетарскія сем’і.

Чуткі не пацвердзіліся. У большым доме была абсталявана чыгуначная бальніца, а ў меншым якраз і пасяліліся байдачнікі.

Байдачнікі паявіліся ў мястэчку на пачатку лета, адразу сталі карыстацца Мульменкавым агародам, садам. Праз тыдзень мястэчка жахнулася, убачыўшы, якія насельнікі ў яго прыбылі.

Самога байдачніка звалі Гаўрылам. Гэты рудаваты, шчуплы, з някідкім маршчыністым тварам чалавек наняўся на лесасклад мясцовага леспрамгаса вырабляць загатоўкі на дубовую клёпку. Цэлыя штабелі цяжкаватых чатырохкантовых загатовак цягнуліся наўзбоч чыгуначных пуцей. Час ад часу іх грузілі ў вагоны, адпраўлялі ў розныя гарады, дзе з іх выточвалі клёпку і рабілі бочкі для віна.

На лесаскладзе з раніцы да вечара звінела круглая цыркулярная піла, і абсыпаны дубовай тырсай, нібы мучным пылам, Гаўрыла штохвіліны адкідаў ад сябе дубовыя загатоўкі. Але самае цікавае і нават незразумелае пачыналася ў абед.

Гадзін у дванаццаць ля цыркуляркі паяўлялася Гаўрылава жонка. У адрозненне ад мужа яна была мажная, тоўстая, надзвычай павольная ў рухах. На яе смуглявым круглым твары як бы навечна застыў выраз спакою і поўнай абыякавасці да жыцця.

Убачыўшы жонку, Гаўрыла кідаў работу, і яны ўдваіх павольна крочылі ў чыгуначную краму. Там куплялі чацвяртушку гарэлкі, чаго-небудзь яшчэ з яды і тут жа на бочках ці на пустых скрынях, не выходзячы з крамы, абедалі.

У байдачнікаў, якія засялілі чатырохпакаёвы дом Мульменкі, было восем ці нават дзевяць дзяцей, пачынаючы з такіх, якія бегалі без портак, і канчаючы танклявым ахайным юнаком Алімпай, амаль жаніхом, але, як хутка высветлілі местачкоўцы, ні сняданак, ні вячэра, ні нават абед у гэтым доме не гатаваліся. Шматлікая сям’я байдачнікаў кармілася самапасам.

— Як жа ты, братка, вот етак жывеш? — пытаў Гаўрылу збянтэжаны ўшчэнт местачковец, якому лёс наканаваў быць суседам дзіўнай, незразумелай сям’і, якая парушала непахісныя, дзядамі і прадзедамі ўсталяваныя звычаі.

— Вот так і жыву,— адказваў Гаўрыла.— Заработку на ўсю прорву, як не круці, не хопіць. Хоць бы сябе ды бабу паддзяржаць. А дзеці, чорт іх бяры, і так не падохнуць.

— Як жа ты раней жыў? — дапытваўся цікаўны сусед.

— Раней — другое дзела,— у Гаўрылавым голасе паяўляліся нават сентыментальныя ноткі.— Ля мора мы жылі. Пакірую нанач у Дняпроўскі ліман, закіну сеткі, а да раніцы прытарабаню поўную байду рыбы. Ешце, хоць захлыніцеся...

Ад байды — вялікай лодкі,— уласнікам якой нібыта быў Гаўрыла, відаць, пайшла мянушка прыезджых — байдачнікі.

У хуткім часе мястэчка, праўдзівей, тая яго частка, якая прылягала да лесасклада і чыгункі, на вопыце спасцігла, што такое плойма някормленых, галодных Гаўрылавых дзяцей. Байдачнікі з ранку да вечара аціраліся ў сталовай, станцыйным буфеце, клянчылі нібы старцы, а калі гэта не памагала, не саромеліся выхапіць лусту хлеба з-пад носа ў чалавека, які садзіўся абедаць. У сваім здабыванні харчу Гаўрылавы дзеці дасягнулі найвышэйшага спрыту, які межаваў з мастацтвам. Варта было каму-небудзь з байдачнікаў прашмыгнуць каля драўляных радоў, на якіх станцыйныя бабы расстаўлялі свой тавар, як у імгненне вока нейкім чарадзейным шляхам рабіліся напалавіну пустыя збанкі з малаком, прыкметна змяншалася колькасць раскладзеных на талерках бульбяных піражкоў, знікалі шклянкі з арэхамі, семечкамі.

Не дзіва, што ля драўляных станцыйных радоў, у сталовай, буфеце, усчынаўся гам і лямант, як толькі туды завітваў хто-небудзь з рудых, настырных байдачнікаў.

Тым часам свет клінам не сышоўся на сталовай і буфеце. Харчовыя прыпасы мела кожная местачковая хата, скляпок, гарышча. Пранырлівыя байдачнікі дакладна вывіжоўвалі, у якой хаце, у які час няма дома гаспадароў. Знікалі з гарышчаў вэнджаныя шынкі, зашытыя ў мяшэчкі на час сенакосу кавалкі жоўтага ёлкага сала, скруткі кілбас. Калі на гарышчы ці ў скляпку было пуста, галодныя байдачнікі не грэбавалі проста залезці ў хату, выцягнуць з печы гаршчок са стравай, выменціць яго да дна. Яны кралі гуркі, памідоры, яблыкі — усё, чым можна задаволіць свае вечна пустыя жываты.

Скардзіцца было бескарысна. Старыя байдачнікі ніколькі не пярэчылі, калі хто-небудзь, застаўшы на месцы злачынства, караў, лупцаваў іхніх дзяцей. Іншы раз у двор да Гаўрылы прыходзіў міліцыянер. Гэта азначала, што нехта з байдачнікаў залез у краму ці ў прадуктовы склад. Міліцыянер пісаў пратакол, а стары байдачнік яго ахвотна падпісваў, відаць, спадзеючыся, што каго-небудзь з яго ненасытнай прорвы возьмуць на казённае ўтрыманне. Але ў калонію для малалетніх злачынцаў маладых байдачнікаў чамусьці не бралі. Яны кралі, сварыліся, тузаліся да самага таго часу, пакуль адзін за адным не паразляталіся з мястэчка...

З адным з байдачнікаў, з рудым Аляксеем, Трахімчук разам вучыўся. Аляксей паяўляўся ў класе толькі ў пачатку навучальнага года, атрымліваў штаны, сарочку, паліто — тады дзецям мнагадзетных сем’яў дапамагала школа — і знікаў. З чацвёртага ці пятага класа ён наогул пакінуў школу.

У той жа час канчаў местачковую сямігодку адзін са старэйшых байдачнікаў — Алімпа. Настаўнікі яго хвалілі. Гнуткі, высокі Алімпа добра вучыўся, першы здаў нормы на значок «Варашылаўскі стралок», выступаў у самадзейнасці. Яшчэ перад вайной ён паехаў паступаць у лётнае вучылішча і больш у мястэчку не паказаўся.

Руды Аляксей у акупацыю надзеў павязку паліцэйскага. Першай ваеннай восенню добраахвотна вазіў расстрэльваць у сасоннік старых, знямоглых яўрэяў, якія не здолелі выехаць з мястэчка — каваля, шаўца, аптэкара.

Пасля вайны Аляксея доўга не маглі знайсці. Вельмі спрытна, умела ён хаваўся. Нарэшце яго злавілі, судзілі гадоў праз пятнаццаць пасля вайны. Вельмі жаласную прамову сказаў Аляксей у канцы суда. Аб тым, што быў малапісьменны, несвядомы, таму пайшоў па крывой дарожцы. Нават заклікаў змагацца супроць такіх, як ён сам...

Так здарылася, што ў дні суда над братам у мястэчку паявіўся Алімпа. Ён быў у лётнай форме, з пагонамі маёра, з некалькімі ордэнамі на кіцелі. Алімпе было непрыемна, што трапіў у мястэчка ў такі час. Ён толькі прайшоўся па вуліцах і зноў сеў у цягнік.

...Гадзіны ў тры ночы выгукі за сцяной сціхлі. Відаць, спіртны прыпас скончыўся, і бяздомнікі павалакліся на станцыю, на першы ранішні цягнік.

Да гэтага часу сагрэўся пакоік, і Трахімчук нарэшце моцна заснуў.

Ён прачнуўся, калі ў вокны глядзеў шэраваты зімовы дзень. Ноччу ішоў снег, усё навокал было белае, свежае, чыстае. У садова-агароднім пасёлку, як і на схіле лета, зноў панавала вялікая цішыня.

1981


1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 5. Сорак трэці: Раман ; Птушкі між маланак : Драма у трох актах ; Апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 471-479
Крыніца: скан