epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Беларуская байка

Гэта ж вельмі добра, калі пра кнігу крытыка можна сказаць, што чытаецца яна з цікавасцю, напісана почыркам, які характарызуе творчую індывідуальнасць аўтара.

Менавіта так напісана невялікая манаграфія Янкі Казекі «Беларуская байка». Яна радуе перш за ўсё яснасцю, празрыстасцю думкі, добрай мовай, шчырым, непаддзельным пафасам.

Беларуская байка як жанр нашай літаратуры — пытанне мала даследаванае. Усё напісанае пра байку раней не падымалася вышэй звычайнага артыкула або рэцэнзіі. Манаграфія Янкі Казекі з’яўляецца першай спробай даць гісторыю развіцця і станаўлення гэтага жанру, выявіць асаблівасці яго эвалюцыі, прааналізаваць сучасны стан байкі.

Аўтар перш за ўсё схільны бачыць вытокі беларускай байкі ў сатырычнай плыні нашай літаратуры, у такіх яе творах, як «Прамова Мялешкі», «Ліст да Абуховіча», у ананімных паэмах «Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе» і інш. Ён уважліва аналізуе гэтыя творы, выяўляючы ў іх рысы, уласцівыя і для байкі,— іронію, гумар, прыёмы сатырычнай характарыстыкі, сувязь з фальклорам, здаровы народны сэнс.

Але менавіта тут, у самым пачатку, хочацца запярэчыць даследчыку, бо яго погляд здаецца некалькі аднабаковым. Пры такім падыходзе астаецца нявысветленым пытанне аб узнікненні алегарычнай асновы байкі, бо хоць сатыра і вельмі важная яе якасць, але не сутнасць. Ёсць жа і іншыя жанры, дзе сатыра з’яўляецца як бы іх «паветрам», скажам, эпіграма, камедыя, сатырычны верш, але гэта ўсё ж не байкі.

Аўтар, мабыць, сам адчуў пэўную абмежаванасць свайго падыходу, бо ў другім месцы ён ужо справядліва сцвярджае, што ў станаўленні беларускай байкі «вялікую ролю адыгралі акрамя бытавых і сатырычных казак народныя алегарычныя і павучальныя апавяданні, а таксама прыказкі».

Можна было пайсці яшчэ далей. Беларускі жывёльны, раслінны эпас — самы багаты ва ўсім славянскім фальклоры — ці не ён далёкая першакрыніца нашай байкі? Бо алегорыя сваімі карэннямі дасягае сівой старажытнасці, тых далёкіх часоў, калі навакольны свет паўставаў у вачах нашых продкаў у фантастычным афармленні, у міфах. Менавіта ў тыя, не адзначаныя пісьмовымі помнікамі часы жывёлы, расліны, наогул усё, што акружала чалавека, надзялялася чалавечымі рысамі, якасцямі. І толькі пазней фантастычная алегорыя ўсё больш напаўнялася рэальным сэнсам і, спалучыўшыся з сатырай, стала байкай. А хіба сёння канчаткова памерла тая байка, дзе ў наяўнасці пэўныя прыкметы анімізму? Аўтар абяцаў, напрыклад, падрабязна разгледзець «Казкі жыцця» Якуба Коласа — твор, дзе неяк праўляюцца гэтыя элементы,— але не спраўдзіў абяцання.

Глыбока і цікава, на вялікім фактычным матэрыяле, прасочвае даследчык працэс складвання байкі як жанру новай літаратуры, не абмінаючы ніводнага больш-менш значнага моманту, які аказаў на гэта ўздзеянне. Безумоўна, слушная думка аб тым, што байка XIX стагоддзя развівалася ў беларускай літаратуры пераважна як жанр сатыры, была зброяй народа ў яго барацьбе, пацвярджаецца разглядам баек Францішка Багушэвіча, Альгерда Абуховіча, уважлівым, падрабязным аналізам першых перакладаў баек і А. Крылова, зробленых беларускімі паэтамі. Дарэчы, пабочнае, здавалася б, пытанне — аб росце, майстэрстве перакладу — служыць вырашэнню асноўнай задачы, пастаўленай даследчыкам перад сабой. Крок за крокам выяўляе ён, як багацела літаратурная беларуская мова, становячыся ўсё больш гнуткай і выразнай, як удасканальваўся верш, яго рытміка, строфіка, каб падрыхтаваць узнікненне баек Янкі Купалы, Якуба Коласа, Кандрата Крапівы.

Для паказу асаблівасцей беларускай байкі аўтар звяртаецца да шматлікіх фальклорных крыніц — казак, прытчаў, прыказак,— пераканаўча даказваючы паходжанне ўстойлівых алегарычных вобразаў, тых эстэтычна-маральных ацэнак, без якіх немагчыма само існаванне гэтага жанру.

Добра напісаны раздзел «Байкі Янкі Купалы і Якуба Коласа». Даследчык вельмі доказна выяўляе новыя якасці баек, створаных класікамі нашай літаратуры, паказваючы непарыўную іх сувязь з патрэбамі грамадскага жыцця, барацьбой народа.

Ёсць адна вельмі выразная думка, якая праходзіць лейтматывам праз усю кнігу. Нараджэнне літаратурнай байкі, тыя трывальныя пазіцыі, якія заваявала яна ў беларускай паэзіі, аўтар перш за ўсё тлумачыць змяншэннем у байцы момантаў дыдактычна-павучальных і нарастаннем у ёй сатырычных элементаў. Думка гэтая, выказаная ў свой час яшчэ Бялінскім, пацверджана не толькі творчасцю выдатнага рускага байкапісца А. Крылова, але і практыкай паэтаў наступных пакаленняў, што працавалі ў гэтым жанры.

Беларуская савецкая байка, захаваўшы арганічную сувязь з крылоўскай традыцыяй, з творчым вопытам беларускіх байкапісцаў, стала якасна новай з’явай. Яна стала жанрам публіцыстычна завостраным, адзіным, маналітным сплавам апавядальных, лірычных, драматычных і, нарэшце, сатырычных элементаў.

Новая эпоха з яе тытанічнай ломкай усяго старога, аджыўшага патрабавала вострай сатырычнай зброі. Нарадзіліся новыя грамадска-палітычныя і маральна-эстэтычныя ідэалы. Таму павінны былі змяніцца не толькі змест байкі, але і яе форма. Найвышэйшым узлётам беларускай савецкай байкі, нават па зместу і па форме, становіцца баечная творчасць Кандрата Крапівы.

Гэта асноўныя вывады манаграфіі. Яны ўзніклі як вынік вялікай даследчай работы, падмацаваны глыбокімі, трапнымі назіраннямі. Аўтар вельмі добра адчувае спецыфіку байкі, пераканаўча абгрунтоўваючы думку, што існаванне баечнага жанру заканамернае, выклікана патрэбамі жыцця і не можа знікнуць, як гэта імкнуліся даказаць у свой час некаторыя крытыкі.

Наватарская роля баек Кандрата Крапівы даказана пераканаўча, шырока выяўлена грамадская глеба, на якой яны ўзніклі. Папулярнасць жа гэтых твораў, тая акалічнасць, што яны прыносяць нам эстэтычную асалоду і сёння, хоць даўно забыліся канкрэтныя факты, паводле якіх былі напісаны, аўтар справядліва бачыць у іх глыбокай народнасці, у тым, што Крапіва-байкапісец даражыў народнай ацэнкай, думкай, заўсёды стаяў на перадавых, партыйных пазіцыях.

Байкі К. Крапівы значныя па задуме, па ідэйнай нагрузцы, што нясуць іх алегорыі, вобразы. Іх маральныя вывады арганічна вынікаюць з сітуацый, у якія пастаўлены вобразы, а не навязваюцца. Алегорыя байкі ніколі не разбураецца, а, наадварот, узмацняецца паэтам — гэта справядлівае назіранне крытыка.

Янка Казека, мабыць, лічыў бы сваю задачу выкананай не да канца, каб не зрабіў удалай спробы паказаць, у чым жа адметнасць менавіта беларускай байкі. Ён бачыць яе ў карцінах побыту, у пейзажы, у коле алегарычных герояў — прадстаўнікоў беларускай фауны, нарэшце, у стыхіі мовы з яе ўстойлівымі словазлучэннямі, крылатымі і вострымі словамі, афарыстычнымі выразамі, прыказкамі, прымаўкамі, адным словам, у той духоўнай скарбніцы, якую ствараў народ на працягу вякоў і ў якой праявіўся яго характар. З гэтымі, добра аргументаванымі вывадамі нельга не пагадзіцца.

Апошні, чацвёрты раздзел кнігі прысвечан сучаснай байцы. Адзначаючы пэўныя поспехі, дасягненні вядомых байкапісцаў Ул. Корбана, Э. Валасевіча і інш., іх імкненне вострай зброяй сатыры служыць патрэбам часу, справе камуністычнага будаўніцтва, Янка Казека лічыць, аднак, агульны ўзровень сучаснай беларускай байкі не вельмі высокім. Ён паказвае драбнатэм’е вонкавую ілюстратыўнасць шматлікіх твораў гэтага жанру, ігнараванне іх аўтарамі асноўных законаў, па якіх развіваецца байка.

Нельга і тут не паверыць крытыку, бо ў яго руках самая надзейная зброя — неабвержныя, з добрым мастацкім густам ацэненыя факты. Сапраўды, як можна лічыць байкай пасрэдны, напісаны шэрай, невыразнай мовай твор, дзе алегорыя разбураецца адразу, бо баечным героям — даўно знаёмым нам жывёлам — прыпісваюцца рысы і якасці, ім неўласцівыя. Пра якую байку можа ісці гаворка, калі ў ёй, скажам, асёл выступае як хітрая жывёліна, а ліса як просталінейная нахабніца?..

Загану многіх сучасных баек крытык справядліва бачыць яшчэ і ў тым, што ім «не стае шырыні погляду на жыццё, асэнсавання грамадскай сутнасці тых з’яў, якія становяцца аб’ектам мастацкага адлюстравання». Байка павінна вырвацца на шырокі прастор жыцця, натхняцца вялікімі грамадскімі ідэаламі свайго часу, завастраючы свае сатырычнае джала і выракаючыся ўсялякай ілюстрацыйнасці — такі, паводле пераканання крытыка, далейшы шлях развіцця гэтага любімага народам і неабходнага ў літаратуры жанру.

1961


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 240-244
Крыніца: скан