epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Былі дрэвы

Канец нашай вуліцы прылягаў да чыгункі, да самага пераезду, за якім між жытоў, ячмянёў, аўсоў — аж да сіняга лесу — курэў пылам шырокі пясчаны шлях.

Імчаліся на ўсход і захад цягнікі. Дабіраліся да чыгункі, да станцыі жыхары з навакольных вёсак і сёл. Увесь рух жыцця ў невялікім абсягу мястэчка тварыўся ў нас на вачах.

Апошняй перад пераездам з правага боку стаяла хата Петрыка Лося. Хата старасвецкая: глухой сцяной на вуліцу, на чыгунку, вокнамі на агарод. Але не гэтым яна звяртала на сябе ўвагу. Сядзіба Лося была, як зялёны востраў. Яна аздабляла ўсю шэрую, бедную зелянінай вуліцу.

У вялікім Петрыкавым садзе расло ўсё: чырвоныя дробныя, накшталт дзявочых пацерак, райкі, мядовыя ігрушы фунтоўкі, яблыкі цыганкі, што віселі на дрэве ледзь не да самай зімы. Па ўзмежку шырокага, на паўвярсты, агарода стаялі купчастыя бярозы. Пад імі, асабліва пасля зацяжных, імжыстых дажджоў, вытыркаліся, нібы ў лесе, сыраежкі, падабабкі і вялізныя, як парасоны, мухаморы.

На вуліцы, перад Лосевым дваром, раслі чатыры таполі. Іх Петрык пасадзіў, калі яшчэ быў малады. У цяньку дрэў, на мураве, заўсёды запыняліся падарожныя. Вясковыя дзяўчаты, якія ішлі ў мястэчка, тут прыхарошваліся, абувалі чаравікі з высокімі халяўкамі, дзядзькі, якія мусілі ехаць далей па чыгунцы, распакоўвалі белыя льняныя торбы і паважна пачыналі снеданне ці абед. Вечарам пасля работы пад таполі сыходзіліся бацькі нашы — пагаманіць, пакурыць.

Мы, дзятва, таполямі ганарыліся: такіх не было на ўсёй вуліцы. Вясной збівалі з іх майскіх жукоў, лазілі на дрэвы глядзець, ці не гоняць яшчэ з пашы статак. У летні поўдзень любілі ляжаць у цяньку, сачыць за чыгункай і расказваць па чарзе розныя гісторыі. Старэйшы і самы дасціпны з нас, якому па праву належала роля завадатара, быў Хведзька Баброў, кандуктараў сын. Ён прасвятляў нас наконт таго, як пабудован гэты свет і што ў жыцці самае галоўнае. Самым галоўным Хведзька лічыў неабходнасць што-небудзь вынаходзіць.

— Паравоз выдумаў Стэфенсон,— пазіраючы ў неба, паведамляў Хведзька, калі праз закрыты шлагбаумамі пераезд грукаў таварны састаў.

— А дзе ён цяпер, гэты Стэфенсон?

— Памёр даўно. Ён жыў сто гадоў назад.

— А хто прыдумаў самалёт? — даціналі мы Хведзьку.

— Браты Райт.

— А яны жывуць?

— Адзін брат памёр, а другі жыве. Толькі ён ужо зусім стары.

— А параход хто вынайшаў?

— Фультон.

— А ён не памёр?

— Памёр.

Хведзька любіў паказваць, што ведае ўсё на свеце, фарсіў сваёй дасціпнасцю і на бясконцыя нашы пытанні адказваў як бы з неахвотай. Нам жа было дзіўна і трохі страшна: разумныя такія вынаходнікі, якія ўсё ўмелі, і раптам памерлі. Чаму яны не прыдумалі лекаў, каб ніколі не паміраць? Навошта наогул жывуць на свеце людзі? Каб памерці? Зрэшты доўга разважаць пра смерць не прыходзілася. Былі справы больш неадкладныя. Самая галоўная з іх — сад.

Да Лосевага саду мы баяліся нават наблізіцца. Калі і перападалі нам яблык ці груша, то з рук нашых матак, якіх узнагароджвала за іх паслугі сама Ласіха. Не ведаю, чаму мы ні разу не залезлі ў гэты сад. Можа таму, што Ласіху ўсе нашы маткі лічылі жанчынай праведнага жыцця. Яна заўсёды ведала, калі якое свята, па кім якую трэба заказаць малітву ў царкве, якой травой лячыцца ад жывата, ад раматусу. А можа, прычына была самая простая: там, дзе жывуць, стараюцца шкодзіць паменш.

Красці яблыкі мы хадзілі аж на другі канец мястэчка, дзе быў бальнічны сад. Яго вартаваў глухі на абодва вухі вартаўнік Гагуля. Днём, калі мы напаўнялі пазухі жытнікамі і наліванкамі, ён беспрабудна спаў у шалашы. Гагулю з работы не здымалі, хоць да канца лета ўсе тыя дрэвы, што стаялі бліжэй да паркана, мы абцярэблівалі начыста.

З намі ў талацэ бегаў Есіп, сын прачкі Румбы, шыракатвары, канапаты хлопец, які заўсёды хацеў есці. Яблыкаў ён налатошваў болей за ўсіх і мог іх грызці, не набіваючы аскоміны, хоць цэлы дзень. Усе гаварылі, што яго бацька — Лось. Таму амаль штодня мы дапытвалі Есіпа:

— Учора ноччу Лось да вас прыходзіў?

— Прыходзіў,— пацвярджаў хлопец.

— А што ён вам прынёс?

— Ён ніколі нічога не прыносіць...

Было незразумела: Лось жыве без дзяцей, мае немалое багацце і зусім не клапоціцца пра сына. Есіп быў апрануты горш за ўсіх, хадзіў у старызне, якую Румба прыносіла са станцыі ад тых, каму яна мыла бялізну.

Можа, па гэтай прычыне Петрык Лось выклікаў да сябе вострую цікавасць. Ён быў шчуплаваты, рухавы, хадзіў заўсёды подбегам. І неяк ён не старэў. Сівізна на скронях, сівая галава — гэта мы бачылі яшчэ тады, калі, апроч мамы і таты, толькі-толькі навучыліся пазнаваць іншых людзей, і ў тую пару, калі ўжо набліжаліся да прывабных рубяжоў самастойнага паўналецця.

Мы раслі, а Лось застыў на месцы.

Дзіўна, але праўда. Лася ставілі ў прыклад сваім гаспадарам амаль усе жанчыны з нашай вуліцы. Яго павець была поўна сухіх наколатых дроў, і гаварылі, што такога запасу ў яго не меней як на пяць гадоў. Зімовымі раніцамі, калі на дрывотнях яшчэ толькі гахалі тупымі калунамі жанкі, разбіваючы старыя, непадатлівыя карчы, каб запаліць у печы і зварыць бульбу, з коміна Лосевай хаты ўжо віўся вясёлы шызы дымок.

Уся вуліца жыла ў крэдыт, а Лось — прыпасам. Да яго хадзілі пазычаць грошы, соль, муку, а калі вясна выдавалася зацяжная, халодная — нават бульбу. Сам Лось не даваў нічога. Размяркоўвала дары між суседзямі Ласіха, высокая чарнаротая кабета, страшэнна набожная. У яе не гнуўся хрыбетнік, і паласкалі ёй бялізну, закідвалі грады, бялілі палотны, пралі і ткалі ў аддзяку за пазычанае маладзейшыя суседкі.

Пра тое, што Лось завітвае да Румбы, ведалі ўсе. Гэта даводзіла сама яго каханка, трохі прыдуркаватая, з шырокім, як рэшата, чырвоным тварам, нязграбная, як шула. Праходзячы цяжкім, слановым крокам паўз Петрыкаву сядзібу і ўбачыўшы на двары Ласіху, яна кожны раз спынялася і, трасучы ў паветры рукамі, глухім, сіплым басам пачынала сваю амаль штодзённую размову.

— Гэй ты, сухарэбрыца! — крычала Румба праз паркан.— Ці хутка з цябе дыхлі выцягне? Я твайго Петрыка на руках насіць буду, а ты што? Ад смерці ж не адкупішся, хоць і масла жарэш...

Калі на двары ў гэты час быў сам Лось, ён выскакваў на вуліцу з віламі ці дубовым дрынам і гнаўся за Румбаю. А ўвечары, крадком, тулячыся да парканаў, ішоў да яе. Румба хвалілася жанкам, што, як толькі Ласіха памрэ, яна перабярэцца жыць да Петрыка. Такое нібыта ён дакляраваў ёй сам.

Лося за яго заляцанні асабліва не дакаралі. Такія грахі вадзіліся не толькі за ім. Усё-такі Петрык быў добры гаспадар, не сядзеў склаўшы рукі і ведаў, здаецца, нешта такое, чаго не ведалі і не ўмелі нашы бацькі. Тое, што ён меў, набыў сваім одумам, калі не лічыць, што суседкі памагалі ў хатняй гаспадарцы яго прамой, як аршын, жонцы.

Міналі гады...

Шырокі Лосеў агарод, вядома, падціснулі, звузіўшы яго да звычайнага ўчастка, які адводзілі пад пляц. Ведаючы аб гэтым наперад, Петрык спляжыў усе бярозы, што раслі на мяжы яго агарода, папілаваўшы іх на дровы. Дровы цяпер ужо не ўмяшчаліся пад павеццю — акуратны, вялізны, як стог, штабель узвышаўся проста пасярод двара.

На колішнюю Лосеву сядзібу разам з іншымі навасельцамі перацягнула сваю хатку Румба. Яна пастарэла, пасівела за апошнія гады, праходзячы паўз Лосеў двор, маўчала, не пазіраючы нават у той бок. Але надзеі зрабіцца Петрыкавай жонкай хоць пад старасць, мабыць, не пакідала, бо ніякага іншага рэзону перабірацца на новае месца не было.

У Лося астаўся сад. Некаторыя яблыні і грушы ўсохлі, але яшчэ шмат стаяла здаровых, маладых, і па-ранейшаму зялёны куток гэты радаваў, лашчыў вока сваёй ціхмянай утульнасцю і спакоем. Таполі на вуліцы разрасліся, высока ўзмахнулі веццем і здаля відаць былі кожнаму, хто падыходзіў ці пад’язджаў да мястэчка. Дрэвы нібы сталі часткай вуліцы, яе неабходнай прыналежнасцю.

Па-ранейшаму па вечарах збіраліся пад таполямі мужчыны: стрэлачнікі, грузчыкі, сцэпшчыкі — звычайны чыгуначны люд, які пасля станцыйнага тлуму і мітусні любіў пасядзець у цішыні на мураве.

Іншы раз да мужчын выходзіў са свайго двара Петрык. Сярод замурзаных, закураных чыгуначнікаў быў ён белы, чысценькі — сівая барада, валасы, чыста вымытыя даматканыя штаны, кашуля. З хвіліну пастаяўшы, Лось пачынаў скардзіцца на Румбу і яе сына.

— Спакою няма,— сыпаў ён словы тонкім, пісклявым голасам.— Калі ён ужо настане, той спакой?.. З самага рота вырываюць. Крадуць яблыкі і валакуць на базар мяхамі. А я ж стары. З чаго мне жыць, старому, скажыце?

Мужчыны маўчалі. Ніхто з іх, мабыць, сур’ёзна не верыў, што Румба багацее, жывучы побач з прагавітым Лосем.

Але аднойчы здарыўся выпадак. Румба слепла, працаваць яна не магла ўжо зусім. Яе Есіп хадзіў на чыгунку — нагружаў і разгружаў вагоны. З таго, што ён зарабляў, яны жылі ўдваіх.

На спаса Есіп узлез, па загаду маці, на паркан і стаў калаціць той бок Лосевай грушы, які навісаў над цяперашнім Румбіным агародам. Румба, відаць, меркавала, што мае права на грушы, бо з-за ценю, які падаў ад дрэва, тут, на гэтай лапінцы яе агарода, не расла бульба. '

Потым пачуўся крык. Калі ўсе агледзеліся, Есіп ужо ляжаў на зямлі, на сваім агародзе, з рота ў яго цякла кроў. Азіраючыся па баках, прыгінаючыся, пад дрэвамі, з саду ў двор бег Лось з вялізным калом у руках...

Неяк непрыкметна, пад восень, калі на зямлю падае ліст і цяжка адрозніць жывое дрэва ад нежывога, Лосеў сад засох. Гэтага б, можа, і не заўважылі адразу, каб за адну ноч не зніклі ўсе чатыры таполі. Галлё Лось склаў на выгане ў акуратныя лаўжы і спаліў, а камлі перацяг у свой двор і пілаваў іх на дровы пілой-аднаручкай два тыдні. Скончыўшы работу, лёг і памёр. Нібы прадчуваў смерць і што было моцы стараўся завяршыць справы на зямлі...

1961


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 2. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1982. - с. 383-388
Крыніца: скан