epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Чароўны свет мастацтва

Паэма «Сымон-музыка», над якой Якуб Колас пачаў працаваць яшчэ ў 1911 годзе, у Мінскім астрозе, як і «Новая зямля», закончана ў савецкі час1. Паўторым, што паміж пачаткам работы над гэтымі творамі і іх завяршэннем праляглі падзеі сусветна-гістарычнага значэння (імперыялістычная вайна, Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі, грамадзянская вайна), якія вельмі адчувальна паўплывалі на самую канцэпцыю паэм «Новая зямля» і «Сымон-музыка», іх ідэйна-творчую задуму, жанравую прыроду.

Пра многае гавораць сёння сціплыя, тоненькія кніжачкі, якія выдавала рэдакцыя «Нашай нівы», а друкавала друкарня Марціна Кухты ў Вільні. «Беларускія календары» за 1909, 1910, 1911, 1912 гады, зборнікі «Нашай нівы»... Шэрая, далёка не першагатунковая папера, танныя папяровыя вокладкі. З гэтых кніжачак, як і з не нашмат багацейшых выданняў пецярбургскага выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца», пачыналася беларуская літаратура ХХ стагоддзя. У папярэднім стагоддзі мела наша літаратура яшчэ некалькі падобных кніжачак — твораў В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны...

І вось, нягледзячы на не надта значнае кніжнае багацце беларускай літаратуры, на адсутнасць традыцый, менавіта ў ёй з’яўляецца паэт, які задумвае і піша твор пра вытокі мастацтва, пра складаную супярэчлівую душу мастака, перад якой шырока, мнагалучна адкрываюцца прыгоствы і таямніцы свету.

Паэт для Якуба Коласа ніколі не быў звышчалавекам, ён не стаяў «над натоўпам». Яго месца ў жыцці вызначалася патрэбамі жыцця і барацьбы народа. Гэту думку паэт неаднаразова выкажа ў вершах «Песняру», «Пясняр», «Сябрам», «Кіньце смутак», «Не бядуй», «Згнанніку», «Янку Купалу», «Джамбулу», «Жыве Руставелі», «Баяну-Кабзару» і інш.

Якуб Колас у разуменні мастацтва як сродку адлюстравання жыцця і барацьбы за яго высокія ідэалы ішоў за Пушкіным, Някрасавым, Горкім. Ролю мастака як выразніка глыбінных народных інтарэсаў, імкненняў і дум ён усведамляў з першых крокаў літаратурнай дзейнасці. Першы яго зборнік «Песні жальбы» (1910) сведчыў аб аўтару, як аб паэце, які прымае вельмі блізка да сэрца народнае гора і радасць, які піша аб тым, што з’яўляецца для народа самым галоўным, патрэбным, дарагім.

У вырашэнні праблемы жыцця і мастацтва Колас звяртаецца да крыніц народнага светаадчування, светабачання, да той наіўнай, магчыма, даўно зжытай ідэі пангуманізму, якая дапускае псіхічны пачатак, г. зн. душу, ва ўсіх прадметах навакольнай прыроды. Вось з якім, напрыклад, пытаннем звяртаецца падлетак Сымон да «гуртавога» пастуха Курылы:

 

Дзед! Ці чуе зямля боль,

Як па ёй саха крывая

Робіць боразны і роль?

Як зямельку конік топча,

Ці баліць ёй? ці чутно? (6, 298—299)

 

«Не, не чуе, бо не жыва»,— адказвае гуртавы пастух, што глядзіць на жыццё, кіруючыся здаровым, цвярозым сялянскім сэнсам. Але ў дзіцяці падпаска надзвычай чулая душа, якую глыбока ўражваюць малюнкі і праявы навакольнага свету:

 

На каменьчык сядзе ў збожжы,

Не схіснецца і маўчыць,

Ловіць сэрцам спеў прыгожы,

Як жытцо загаманіць,

Як зазвоняць, заіграюць

Мушкі, конікі, жучкі

І галоўкай заківаюць,

Засмяюцца васількі.

Спеў у сэрцы адклікаўся,

І так добранька было,

Што Сымонка сам смяяўся,

Ўсё смяялася, цвіло.

Заміраў тады хлапчынка,

І здавалася яму,

Што ён знае, як травінка

Сваю думае думу,

Што гаворыць жытні колас,

І аб чым шуміць ячмень,

І чаго спявае ўголас

Мушка, конік, авадзень, (6, 289)

 

Звычайныя прадметы жывой і нежывой прыроды — вецер, хмурынкі на небе, жыта, васількі, конікі, мушкі — выклікаюць у будучага музыкі паэтычнае пачуццё. У яго свядомасці жывое і нежывое як бы яднаюцца. Сапраўды, здольнасць рухацца, ствараць музычныя гукі ўласціва не толькі жураўлінаму «шнуру» ў паднябессі, а і ветру, які вядзе размову з каласамі.

Шолахі, гукі, фарбы, колеры прыроды незвычайна хвалююць Сымона. Яму радасна бачыць поле, луг, неба над галавой, слухаць шум ветру, лавіць галасы птушак, да чаго, скажам, той жа дзед Курыла ставіцца зусім абыякава. І менавіта таму, што прадметы, з’явы прыроды ўзрушваюць хлопчыка, у яго нараджаецца думка, што «ўсё жыве і душу мае: краска, дрэва і жучок». У Сымона дапытлівы розум, настойлівае імкненне разгадаць таямніцы прыроды, дакапацца да самага кораня рэчаў і з’яў.

У вобразе Сымона паэт малюе дасціпны народны розум, рэдкі талент, дапытлівы інтэлект, творчаму ўзлёту якога няма граніц. Сымон да ўсяго хоча дайсці сам, яго цікавіць тое, што для многіх людзей з’яўляецца звычайным, раз назаўсёды дадзеным:

 

Што ёсць там, за тым, унь, гаем,

Дзе зляглі нябёс вянцы?

Новы край і край за краем

І краі ва ўсе канцы!

І снуецца думка тая,

Каб пашырыць свой прастор;

Думка ўсюды залятае:

За сяло, за хвалі гор

І на хмаркі кіне вока,

Што, як гусанькі, плылі,

Запытае, як далёка

Тое сонца ад зямлі?

Як глыбок той прастор немы

І ці мераў яго хто? (6, 291)

 

Для Коласа вельмі важна высветліць вытокі мастацтва, той цудадзейнай сілы, што мае такую вялікую ўладу над людзьмі. У паэме «Сымон-музыка» мы маем погляд на паходжанне, узнікненне мастацтва, найбольш завершаны ў беларускай літаратуры. Вытокі мастацтва, паводле Коласа, у гармоніі прыгажосці навакольнага свету, які ўздзейнічае на чулую, як бы раскрытую насустрач гэтай гармоніі і прыгажосці, душу таленавітага чалавека.

Першы акт творчасці — навакольны свет, жыццё, што даюць мастаку свой бясконцы скарб:

 

Ад роднае зямлі, ад гоману бароў,

        Ад казак вечароў,

        Ад песень дудароў,

Ад светлых воблікаў закінутых дзяцей,

        Ад шолаху начэй,

        Ад тысячы ніцей,

З якіх аснована і выткана жыццё

        І злучана быццё і небыццё,—

Збіраўся скарб, струменіўся няспынна,

Вясёлкавым ірдзеннем мне спяваў... (6, 283)

 

Затым наступае работа душы — непасрэдны акт творчасці:

 

        І выхаду шукаў

        Адбітак родных з’яў

У словах-вобразах, у песнях вальнаплынных.

        І гэты скарб, пазычаны, адбіты,

        У сэрцы перажыты

        І росамі абмыты...

Як доўг, як дар,

        Дае пясняр. (6, 283)

 

Паводле Коласа, сам працэс творчасці далёка не пазнаны, схаваны ў глыбінях і тайніках душы. Але не менш загадак і ў навакольным свеце, І менавіта вось гэта загадкавае, таямнічае знаходзіць водгук у самой душы мастака, нараджаючы ў ёй прагу пазнання:

 

Ды ніхто не знаў тых струнаў,

Патайных ніцей душы,

Што злучаюць гук пярунаў

З немым голасам цішы;

Бо і ў той цішы зацятай

Ёсць і голас свой і твар,

Разнастайны і багаты,

Поўны музыкі і чар. (6, 288)

 

Паэма вельмі своеасаблівая па мастацкай будове. Самы «цвярозы», падчас нават бытавы рэалізм спалучаны тут з адчувальнай рамантычнай плынню. Рамантызм паклаў адбітак на сюжэт, вобразы, стылістыку твора. Карацей кажучы, у паэме цесна сплаўлена, зліта звычайнае з незвычайным, бытавое з выключным.

Жыццё Сымона ў сям’і, яго адносіны з дзедам Курылам, вандроўкі з жабраком, служба ў шынкара Шлёмы — усё гэта зусім рэалістычныя карціны, з дакладнымі рэалістычна-бытавымі, псіхалагічнымі дэталямі, якімі малююцца абставіны і характары людзей, з якімі лёс сутыкае маладога музыку. І ў той жа час характар галоўнага героя рамантычна прыўзняты, матывіроўка яго паводзін, учынкаў не заўсёды псіхалагічна абгрунтавана. Абрысы прасторы, часу, у якія ўпісана дзейнасць мастака-музыкі, размыты, рэалістычна не акрэслены.

Адсюль і пачынаецца мастацкая своеасаблівасць паэмы. Паэту важна выявіць як унутраныя, так і знешнія прычыны, што выклікаюць да жыцця «цуд» — музычныя здольнасці звычайнага вясковага хлапчука. На Сымона на першым часе найбольш уздзейнічае навакольная прырода бясконцасцю, загадкавасцю сваіх праяў, і кожная з гэтых праяў нараджае ў чулай душы дзіцяці хваляванне, а затым і музычнае пачуццё.

Цікава зазначыць, што не толькі Колас, а і шэраг пісьменнікаў (да яго і пасля яго) тэму мастака ўвасаблялі найчасцей як тэму музыкі. «Янка-музыкант» Г. Сянкевіча, «Сляпы музыкант» У. Караленкі, «Жан Крыстоф» Рамэна Ралана, «Асуджэнне Паганіні» А. Вінаградава, «Доктар Фаустус» Томаса Мана, «Курган» Я. Купалы, «Салавей» З. Бядулі — творы аб людзях, надзеленых незвычайнымі музычнымі здольнасцямі.

Калі гаварыць пра Коласа, то мастацтва для яго пачынаецца з сузірання прыроды. Гэту асаблівасць таленту беларускага паэта яшчэ ў 20-х гадах заўважылі даследчыкі яго творчасці.

Паэма «Сымон-музыка» — найбольш аўтабіяграфічны твор паэта, прытым не ў сэнсе біяграфіі «знешняй», а «ўнутранай», інтымнай, пра якую не прачытаеш у анкетах і даведках. Праўда, сёе-тое можна пачэрпнуць і з даведак. Вось што паведамляе, напрыклад, Колас пра сябе ў лісце да Я. Карскага: «...Мне вельмі падабалася сядзець цэлымі часінамі і слухаць, як спяваюць жаваранкі, і гэтыя песні для мяне сталі такімі зразумелымі, блізкімі, роднымі, што мне здавалася, быццам я разумею ўсё, што спявалі гэтыя пташкі. Маё вуха прывыкла адзначаць новыя тоны песень і лавіць асаблівасці іх настрояў... Яшчэ што мяне моцна цікавіла і заўсёды глыбока западала ў душу — гэта гром і хмары. Асабліва вялікае ўражанне рабіла на мяне навальніца ўночы і зарніцы здалёк надыходзячых хмараў».

У паэме «Сымон-музыка», як і ў «Казках жыцця», аўтар як бы бачыць у прыродзе жывую істоту і вядзе з ёю бясконцую гутарку. Гутарка ідзе на мове настрою, музычнага пачуцця, якое выклікае ў душы паэта тая ці іншая з’ява прыроды. Кожная пара года нясе асобны, адметны настрой і музыку. Такім чынам, «спявае», выклікае пэўны настрой усё — лес, кожнае дрэва, бо па характару дрэвы, калі можна так сказаць, яркія індывідуальнасці: дуб непадобен да сасны, асіна да бярозы — усе яны растуць, шумяць па-рознаму.

Сымон-музыка, у пэўнай меры двайнік самога паэта, не мог не быць фігурай выключнай, рамантычнай. І паэт не мог паказаць сферу ўнутранага жыцця мастака-самародка, яго высокія парыванні, не звярнуўшыся да рамантычных фарбаў. Рамантычную плынь мыслення, бачання жыцця ў Коласа, пераважна пісьменніка-рэаліста, тады ж, у 20-я гады, заўважыў даследчык яго творчасці А. Вазнясенскі: «Але гэта рыса ў творчасці нашага мастака знаходзіць сваю адпаведнасць у рамантычнай паэтыцы, якая, як вядома, ставіла ў аснову мастацкай творчасці сферу ўнутраных адносін, свет пачуцця — ці актыўнага, ці меланхалічнага. Рамантыкі далі найбольш высокія ўзоры мастацкага выяўлення ўнутраных, таямнічых перажыванняў чалавечай душы...»

У поглядзе на прыроду не толькі мастак-самавук Сымон, але і сам паэт аказваецца выразным рамантыкам, мысленне яго вызначаецца высокім ладам, настроенасцю. Хіба ж не рамантычнымі фарбамі намаляваны такі, напрыклад, малюнак:

 

У іскрах змяркання

Ружовага ззяння

Дзянёк на спакой адплывае,

Дзянёк замірае,

Дзянёк спачывае

З усмехам ясным кахання.

І вочы Венеры

Праз цёмныя дзверы

Зірнулі лагодна, прыветна,

І ноч незаметна,

Бы ўдоўка ўсясветна,

У вэлюм адзелася шэры... (6, 452)

 

Трэба сказаць, што рамантызм у паэме «Сымон-музыка» не мае ўсеабдымнага, дамінуючага значэння, ён толькі элемент паэтычнага стылю, які найбольш распаўсюджваецца на сферу бачання мастаком прыроды, а таксама датычыць «мастацкага выяўлення ўнутраных, таямнічых перажыванняў чалавечай душы». Ёсць падставы сцвярджаць, што казкі пра музыкаў навеялі паэту сюжэтную канву для яго паэмы. Дарэчы, у казках, у народных уяўленнях пра свет чароўнага, неразгаданага вандроўныя старцы называюцца Сымонамі.

Усё ж астатняе, што трапляецца на дарозе мастака-музыкі, мае даволі выразнае рэалістычнае аблічча, калі не лічыць некаторага ігнаравання паэтам узросту героя, а таксама «геаграфіі» яго блуканняў. Сапраўды, у першай частцы паэмы мы бачым Сымона дапытлівым хлапчуком, такім ён нам уяўляецца і ў час вандровак са старцам, і тады, калі служыць у шынкара Шлёмы. Сталенне Сымона (ён пакахаў Ганну, задумваецца над пытаннямі сацыяльнага падзелу грамадства) адбываецца не на вачах чытача, а вынікае нечакана, ахутана флёрам рамантычнай умоўнасці.

Дарэчы, ёсць і другія моманты, якія носяць умоўна-рамантычны характар. Так, з пункту гледжання рэальна-псіхалагічнай матываванасці, абгрунтавання ўчынкаў героя, даволі гіпатэтычнымі, неверагоднымі здаюцца яго ўцёкі з дому, а таксама тое, што ён (дзіця, па сутнасці) ні разу пра родную хату, пра бацьку і маці нават не ўспомніў.

Задача паэта заключалася ў тым, каб сутыкнуць героя з шырокім светам жыцця, з яго асноўнымі сацыяльнымі праявамі, з носьбітамі той або іншай сацыяльнай свядомасці. З вышыні гэтай задачы ўзроставыя межы духоўнага развіцця мастака-музыкі мелі для паэта другараднае значэнне, ён іх ігнараваў. Так, яшчэ будучы хлапчуком-падпаскам, Сымон расказвае дзеду Курылу прытчу «аб званах», напоўненую глыбокім філасофскім сэнсам. Па сутнасці, расказам гэтай прытчы дзіця павучае старога, зжываючага век чалавека, і рамантычна-ўмоўны характар гэтай сцэны відавочны.

Паўторым яшчэ раз — Колас найбольш рамантычны ў паэтызацыі прыроды, навакольнага свету і імкнення мастака-музыкі пазнаць гэты свет, разгадаць яго бясконцыя таямніцы. Для Сымона ўсё, што яго акружае, паўстае як суцэльная тайна: чаму ўзыходзіць і заходзіць сонца, чаму высыпаюць ноччу на небе зоры, куды імкнуць хмары, па якой прычыне за зімой наступае вясна, якая жывая сіла стоена ў траве і дрэве і г. д.

Музыка-самавук пастаянна ў абладзе творчага парывання, нязгаснай фантазіі, ява і мара сплятаюцца ў яго ўяўленні ў адно цэлае, адно саступае месца другому. Вельмі часта Сымон бачыць сябе ва ўяўным свеце, і гэты, народжаны фантазіяй, свет нічым не адрозніваецца ад рэальнага:

 

І яму так лёгка стала,

Як бы што яго ўзняло

І так ціханька гайдала

І так лёганька нясло.

Вось узняўся над крыжамі

І паплыў, паплыў, паплыў!

Толькі ветрык за вушамі

Ціха-ціха захадзіў.

А ён дальш усё нясецца,

Хмаркі гоняцца за ім

І смяюцца, ён смяецца

Смехам радасным такім.

А над імі сонца ззяе,

І цалуе, як дзяцей,

І праменні пасылае

Сустракаць сваіх гасцей. (6, 317)

 

Паэт будзе вельмі часта запыняць увагу на ўяўным свеце ў душы героя-музыкі, для якога мара, палёт фантазіі не меншая рэальнасць, чым тыя прадметы, рэчы, з’явы, што яго акружаюць.

А галоўнае — паэт проста не мог не абапірацца на паэтыку рамантызму, нават, больш таго,— на рамантычнае светабачанне, светаадчуванне пры вырашэнні праблемы мастака і жыцця. Не будзем забываць, што ў народным уяўленні музыка — чалавек, які валодае чарадзейнай уладай над іншымі людзьмі, стаіць недзе побач з магамі, чараўнікамі. Літаратурная традыцыя (пераважна рамантычная) у няменшай ступені скіроўвала думку паэта таксама ў гэты бок. Ідэалістычная эстэтыка, як вядома, зыходзіла з ідэі панавання ў прыродзе і, зрэшты, у чалавечым грамадстве абсалютнага духу, што з’яўляецца творцай усясветнай гармоніі. Гэту гармонію глыбей, выразней, чым усе астатнія людзі, адчуваюць, могуць выразіць мастакі, надзеленыя «божым дарам», «божай іскаркай». Нездарма з гэтым выразна ідэалістычным поглядам на ролю паэта ў жыцці палемізаваў Някрасаў:

 

А ты, поэт! избранник неба,

Глашатай истин вековых,

Не верь, что неимущий хлеба

Не стоит вещих струн твоих!

 

Колас стаіць на пазіцыях матэрыялістычнай эстэтыкі. Незвычайнасць свайго мастака з вельмі чулай, дапытлівай душой ён вытлумачвае зямнымі прычынамі. «Дару неба» Сымон не атрымліваў, сярод тысяч і тысяч людзей з мазольнымі, працавітымі рукамі, якія ні ў якім разе не былі «быдлам», «жывёлай», людзей, якія, зрэшты, умелі думаць, марыць, мог нарадзіцца чалавек з асаблівай, адметнай нервовай арганізацыяй, талент, што нібы ўвабраў у сябе духоўныя пошукі ўсіх сваіх продкаў.

Так, прырода шчодра адарыла героя паэмы дапытлівым розумам, незвычайнай чуласцю да ўсіх праяў жыцця. Акрамя роздуму, няспынных разважанняў, духоўных пошукаў, для Сымона больш нічога не існуе. Ён надзвычай цэласная, сабраная натура. Усе творчыя сілы душы засяроджвае толькі ў адным кірунку. Таму ён і далёкі ад практычнай дзейнасці, не вельмі прыдатны да гаспадаркі, непрыстасаваны да «грубага» матэрыяльнага жыцця. Ён непадобны да братоў, сясцёр, да іншых вясковых дзяцей. Таму з Сымона насміхаюцца, кпяць:

 

— Ото ж хлопец урадзіўся!

І ў каго ж удаўся ён?..

Ну, куды ты ўтарапіўся?..

Лепш бы ты не жыў, Сымон...

Уй, няўклюда, мухамора!..

Грэх адзін з ім, адно гора... (6, 286)

 

Тое, што Сымон чалавек «нежыццёвы», заўважае і найлепшы яго друг, дзед Курыла, адзіны, хто не смяяўся з няўдалага пастушка.

Сымону цяжка жыць на свеце. Першае, што ён адчувае ў сваім жыцці,— гэта боль. Боль ад таго, што родныя насміхаюцца з яго, папракаюць кавалкам хлеба.

Нават вясковыя дзеці не прымаюць Сымона ў свае гульні. Боль ад гэтага павялічваецца.

Нараджаецца адзінота, калі ніхто цябе не разумее, не паспагадае табе ў горы. («І любіў ён адзіноту, бо так лепей было жыць».)

Такім чынам, боль — пачатак духоўнай біяграфіі мастака-самародка. Пачуцці болю, пакуты, якія не пакідаюць героя, увесь час будуць падкрэслівацца паэтам. Але ведае Сымон і другія, зусім процілеглыя пачуцці — радасць захаплення прыгажосцю, бясконцасцю праяў навакольнага свету. Часцей за ўсё яны наведваюць героя-музыку на адзіноце, калі ён сам-насам застаецца з прыродай. Матыў гэты не новы ў сусветнай літаратуры. Многія героі пісьменнікаў-рамантыкаў знаходзілі ўцеху жыцця ва ўцёках ад грамадства на ўлонне прыроды, лячылі душэўныя пакуты яднаннем з прыродай. Можна лічыць цудам, што Сымон выжыў. Выгнаны з сям’і, таленавіты хлопчык пачынае блуканні па жыццю. Вобразам Сымона, у час блуканняў якога трапілася так многа пакутлівых выпрабаванняў, паэт гаворыць аб тым, што ва ўмовах паднявольнага жыцця цяжка быць свабодным мастаком, цяжка нарадзіцца свабоднаму, незалежнаму мастацтву. Гэта ідэя наглядна вынікае з паказу вандраванняў музыкі-самародка.

Па сутнасці, усе тыя «апекуны», да якіх на пэўны час трапляе таленавіты вясковы падлетак, кожны на свой манер карыстаюцца яго здольнасцямі. Жабрак, шынкар Шлёма, князь-магнат — усе яны хочуць аднаго — зрабіць Сымона памагатым, выкарыстаць яго талент у сваіх карыслівых мэтах.

Раздзелы, у якіх паказана вандраванне Сымона з жабраком, служба ў шынку, напісаны рэалістычнымі фарбамі. Шматлікія бытавыя падрабязнасці, пейзажныя малюнкі даюць падставу сцвярджаць, што блуканне Сымона адбывалася ў мясцінах, добра вядомых паэту. Мясціны гэтыя — ваколіцы Стоўбцаў, дарога на Нясвіж. Непадалёку ад роднай паэту Мікалаеўшчыны, на развілку дарог, стаяў шынок, і старэйшыя жыхары сяла адзінадушныя ў перакананні, што менавіта гэты шынок паказаны ў паэме «Сымон-музыка». У карысць такога доваду гаворыць той факт, што ўсе камічныя падзеі, якія здараліся ў шынку Шлёмы («Як Чылін спяваў літанне, як жаніўся лысы Дод», як «аб сына стары Клыпа чапялу ламаў ці млён», як «Мацюта лез на плот» і г. д.), вядомы старажылам Мікалаеўшчыны, гэта сапраўдныя смешныя факты, яны мелі месца ў жыцці. Паэт нават захаваў прозвішчы ці мянушкі мясцовых людзей, што бралі ўдзел у названых падзеях.

Жабрак — першы чалавек, што трапіўся на дарозе Сымона пасля яго ўцёкаў з дому. Вобраз гэты тыповы для дарэвалюцыйнай Беларусі. Менавіта жабракі, старцы, бадзягі, вандроўныя дудары былі ў значнай меры носьбітамі самадзейнага мастацтва. Яны зараблялі хлеб, прытулак спяваннем песень рэлігійных і ўвогуле «жаласлівых», ігралі на лерах, скрыпках, дудах тым, хто пускаў начаваць, расказвалі незвычайныя гісторыі, былі, павер’і.

Жабрак — чалавек змыслы. Гора, калецтва змусілі яго выракчыся «сваёй хаткі». І ў той жа час вандроўны бадзяга імкнецца выклікаць у людзей жаль, спагаду да сябе. Вось яго знешні выгляд:

 

Хлопчык змоўк і здрыгануўся,

Аж падскочыў: перад ім

Сівы дзед стаіць, сагнуўся,

Вокам міргае сляпым.

Страшны, бледны, абарваны

Жыцця пасынак, бядак,

На ім торбы і лахманы,

У руцэ кій — то жабрак, (6, 326—327)

 

Грамадскае жыццё выкінула жабрака за борт. Нездарма ў паэме ён не мае ні імя, ні прозвішча. За кавалак хлеба вымушаны прыніжацца, дагаджаць незнаёмым людзям. І ў той жа час жабрак — як і шынкар Шлёма, як і князь-магнат — носьбіт паразітычных поглядаў на жыццё. Пад маскай спагадлівага чалавека тоіцца такі ж самы драпежнік-уласнік, які, карыстаючыся спагадай людзей, хоча назбіраць пабольш медзякоў, уладкаваць свой мізэрны дабрабыт. Ён навучае Сымона: «Зверам будзь сярод звяроў, між авечачак — ягняткам».

Жабрак як бы выстаўляе свае пакуты напаказ, каб на гэтым зарабіць. З існуючым ладам жыцця ён пагаджаецца цалкам, павучаючы Сымона не працівіцца злу, прымаць несправядлівы парадак такім, як ён ёсць. Прытча пра «варону-хвальбону» выразна перадае сутнасць рабскай жыццёвай філасофіі жабрака.

Вобраз «божага чалавека» намаляваны рэалістычна. Магчыма, пэўныя рысы абагуленасці і ў некаторай меры недахоп чыста індывідуальных дэталей адчуваюцца, але гэта асаблівасць паэтыкі «Сымона-музыкі» ў цэлым. «Дзед залішне скупават», «люльку возьме ў рот бяззубы», «вокам міргае сляпым» — такіх чыста індывідуальных прыкмет малавата, каб перад намі паўстаў чалавечы характар ва ўсёй сваёй непаўторнасці. Але тут пачынае дзейнічаць, калі можна сказаць так, адваротная сувязь. Паэт, няхай сабе абагулена, стварыў выразны сацыяльны тып, і наша ўяўленне дамалюе рысы, якіх бракуе ў індывідуальным абліччы героя. Сказанае ў роўнай меры адносіцца да ўсіх больш-менш прыкметных вобразаў паэмы.

Карыстаецца талентам Сымона і шынкар Шлёма. Старонкі, прысвечаныя карчомнаму жыццю, напісаны ў рэалістычна-бытавой традыцыі. Шынкар, «усім вядомы Шлёмка»,— чалавек дастаткова хітры, змыслы, каб зразумець, што азначае для яго камерцыі скрыпка ў руках таленавітага хлопца. Ён, як кажуць, «мякка сцеле», абяцаючы Сымону бестурботнае жыццё:

 

Заставайся ў мяне тут!

Пад маёю будзь апекай. <...>

Вечарынка часам будзе,

А ты возьмеш сабе скрыпку —

Цім-та! Цім-та! Ці-лі-лі! —

Шлёма рукі ўскінуў шыбка,

Як бы струны там былі,

А ён сам мастак-музыка,

Аж Сымона бярэ смех.

— Ну, турбота невяліка,

І адмовіцца тут грэх!.. (6, 367 — 368)

 

Але і на новым месцы Сымон не больш чым парабак. Абавязкаў у яго хоць адбаўляй («Кухню вымесці рухава, на двор выгнаць куранят... Ён па воду, ён па дровы, ён і ў пограб і ў салаш...»). Узнагародай за гэта «Хаімаў каптан» ды кавалак хлеба.

Можна сказаць, што жыццё ў Шлёмавай карчме, акрамя новых нягод і турбот, якія выпалі на долю вандроўнага музыкі, азначала для яго пачатак сацыяльнага прасвятлення. Сымону не па душы «брудна-дробны» парадак жыцця, што пануе ў Хаімавай сям’і, «трусенне над рублём», як і п'яная сялянская весялосць, якая тут, у сценах карчмы, не ведае межаў і берагоў. Сацыяльнаму прасвятленню Сымона садзейнічае і парабак Яхім, натура вольналюбівая, у нейкай меры нават анархісцкая («Эх, Сымон!.. ды ты не пара, не таварыш ты мне, друг: мой таварыш — воўк паджары, а быць можа і ланцуг»).

«Ты пачуеш пра Яўхіма і сам родзішся на свет». Гэтыя словы Шлёмавага парабка напаўняюцца для Сымона рэальным сэнсам пасля таго, як «знік Яхім кудысь з канём». Парабак выбраў волю. Вольналюбівыя свае імкненні ён як бы завяшчаў Сымону. Менавіта пасля ўцёкаў Яхіма ў малалетняга музыкі выспявае цвёрды намер вырваць — чаго б гэта ні каштавала — скрыпку «з палону».

Калі вобраз Шлёмы паўстае ў жыццёва-псіхалагічнай паўнаце, то Яхім — фігура рамантычна-ўмоўная, абмаляваная бегла, эскізна. У гэтым вобразе хутчэй угадваецца, чым бачыцца, тып вандроўніка-бадзягі, які, ненавідзячы існуючы грамадскі лад, ідзе дарогай індывідуалістычнага пратэсту і бунту.

Эпізоды, прысвечаныя ўцёкам Сымона са Шлёмавай карчмы,— у ліку найбольш псіхалагічна паўнакроўных. Рамантычна-ўмоўная плынь паэмы як бы змяняецца тут цвярозым, вывераным на праўдзівасці дэталей, падрабязнасцей рэалізмам. Сымону раскрывае вочы на ганебнасць яго становішча парабак Яхім. У Шлёмы самадзейны музыка не можа нават займацца тым, чаму аддаваўся ўсёй душой дома і ў вандроўках з жабраком,— ігрой на скрыпцы:

 

— Так, мой браце, так, Сымоне,—

Падбаўляў агню Яхім,—

Не ў гуморы ты штось сёння;

Шлёма — кепскі твой айчым.

Ты — падкухцік, ты — музыка,

Падмятайла, ваданос,

Лупіць Шлёма з цябе лыка,

Як каня запрог у воз!

Бедны ты, брат, і няшчасны —

Без кароны стаўся цар:

Над скрыпуляй над уласнай

Ты цяпер не гаспадар! (6, 374)

 

Наступны этап жыццёвых прыгод Сымона — княжацкі замак. За ананімным палацам, намаляваным у паэме, лёгка ўгадваецца радзівілаўскае гняздо ў Нясвіжы, «замак грозны і варожы», які прыйшлося паэту бачыць у час навучання ў семінарыі. У паказе побыту княжацкай сям’і, шматлікіх слуг, памагатых няма тых выразна рэалістычных фарбаў, увагі да падрабязнасцей, дэталей, якія мы бачылі пры абмалёўцы Шлёмавай карчмы. Рэалістычна-бытавы малюнак як бы саступае тут месца эмацыянальнай імпрэсіі, якая не столькі перадае рэльефны, пластычны вобраз убачанага, колькі суб’ектыўнае ўражанне, «пачуццёвы» вобраз.

Справа ў тым, што панскае — варожае, чужое для Сымона, яно належыць да зусім іншага свету. Вось як бачыць герой княжацкі палац:

 

Так пануры яго вежы:

І хоць ён здалёк пахожы

На царкву, касцёл, «дом божы»,

Ды з залочанай адзежы

Вее чымся злым і рэжа,

Коле ў вочы ў падарожжы.

Блеск у вокнах — смех фальшывы,

Ён не вабіць, ён не грэе;

Тыя вокны — вочы змея.

Пазірае замак скрыва,

І ён душыць, гне маўкліва. (6, 400)

 

У замку князя-магната ў Сымона абуджаецца класавае, варожае да ўсяго панскага пачуццё. Абуджэнню яго спрыяюць самі паны, іх слугі, бо на кожным кроку даюць яны самадзейнаму музыку адчуць, што чалавек ён ніжэйшай пароды і з панамі — якімі б талентамі ні валодаў — ніколі не зраўняецца. Пры сустрэчы з князем у лесе, іграючы па яго загаду для паноў, якія выбраліся на паляванне, Сымон ва ўзнагароду атрымлівае сярэбраны рубель, а праз хвіліну, пасля таго як князь пажадаў забраць музыку да сябе ў замак, чуецца загад аднаго з падпанкаў: «Руку, галган, пацалуй!» Першы для свабодалюбівай натуры ўрок рабскага прыніжэння.

У свядомасці музыкі, можна сказаць, інстынктыўна нараджаецца непрыхільнасць да княжацкага котлішча («Ці ж яму, палёў дзіцяці, сыну лесу і дарог, на дарозе панскай стаці, жыць у замку, гарадох?»).

Сымон як бы наўмысна адмаўляецца бачыць што-небудзь прыгожае ў княжацкім замку, бо яго чалавечая годнасць тут прыніжана. Нягледзячы на талент, якім ён надзелены, ён усяго толькі «Шапэн... калашманы», як назваў яго панскі капельмайстар Галыга. Той жа Галыга не прамінае выпадку нагадаць Сымону: «Помні ты свой лёс жабрачы!»

Веліч, пыха княжацкага жыцця няўхільна выклікае ў Сымона пытанне аб паходжанні панскага багацця:

 

Колькі ж трэба было працы,

Каб тут вырасла гара?

Хто дбаў князю на палацы?

Хто нанёс яму дабра?

Хто выводзіў тыя вежы?

Хто той замак будаваў?

Златаблескія адзежы

Хто для сцен яго саткаў?

Чые рукі з мазалямі

Тут зняслі свае дары?

Потам, кроўю і слязамі

Сцэментованы муры! (6, 409—410)

 

Класавая свядомасць у музыкі-вандроўніка абуджаецца менавіта тут, у замку. Паны вядуць паразітычнае існаванне: наладжваюць банкеты, пагулянкі, ядуць, п’юць, цешаць сябе танцамі. Жывуць лёгка, бесклапотна, пагардліва ставячыся да працы і да тых людзей, працай якіх здабыта панскае багацце і сама гэта магчымасць бестурботнага жыцця.

У душы Сымона ўзнікае вострая варожасць да княжацкага замка, да ўсяго панскага асяроддзя.

Музыка Сымон, як бачым, у духоўным развіцці праходзіць значную эвалюцыю. На першым часе яго найбольш цікавіць навакольны свет са сваімі прывабнымі тайнамі, загадкамі. Жыццё грамадскае з жорсткай, бязлітаснай барацьбой, багаццем адных, галечай другіх займае ў свядомасці невялікае месца. Да таго часу, пакуль Сымон не трапіў у княжацкі замак, ён проста не меў магчымасці ўбачыць глыбокі антаганізм, катаклізмы гэтага жыцця. Але вось малады музыка сутыкаецца з парабкам Яхімам, бачыць махлярскія захады шынкара Шлёмы, нарэшце лёс вандроўніка прыводзіць яго ў княжацкае котлішча, і тут у яго канчаткова раскрываюцца вочы на існуючыя парадкі. Жыццё заснавана несправядліва — да такога пераканання прыходзіць юнак-музыка:

 

І ўстае ў душы пытанне:

«А дзе ж тая праўда тут?»

Ім — усё, а нам — нічога,

Адным жыць ды панаваць,

А другім — адна дарога:

Сваё жыцце марнаваць!.. (6, 410)

 

Цікава адзначыць, што тут, у замку, герой адчувае мяжу паміж сваёй і панскай музыкай. Панская існуе дзеля таго, каб весяліць, быць украсай банкетавання, гульні. Сымон у сваю ігру ўкладвае зусім іншы змест:

 

О, каб мог агнём пякучым

Ён ім душы апаліць,

Болем вострым, негаючым

Думкі іх усе авіць!

Каб адчулі крыж няволі,

Заняпаласць прасцяка,

        Зыркі свіст вятроў у полі

        І лёс гэты бедака!

        Ён зайграў, і струны горка

        Адклікаліся-гулі,

        Аддавала іх гаворка

        Гневам, крыўдаю зямлі... (6, 434)

 

На банкеце ў князя Сымон, хоць і ў алегарычнай форме, выказваецца, па сутнасці, гэтак жа, як гусляр з Купалавай паэмы «Курган». Сваю ролю ў жыцці ён калі не зразумеў, то адчуў. Эвалюцыя поглядаў героя на навакольны свет, на сваё прызванне ідзе ў напрамку ўсё большага абуджэння ў ім актыўнага пачатку. Настаўнікамі музыкі-мастака выступаюць найперш людзі з народа — гуртавы пастух Курыла, парабак Яхім, паляшук дзед Даніла, які тут, у замку, развівае перад юнаком своеасаблівую сялянска-фальклорную «тэорыю» аб асуджанасці замка, яго насельнікаў за шматвяковыя грахі перад народам.

Таго, чаго малады музыка дамагаўся — навучыцца нотнай грамаце, авалодаць неабходнай музычнай тэхнікай,— ён не дасягнуў. Тры гады прайшлі марна. Ён так і астаўся «калашманым Шапэнам», закліканым у замак дзеля таго, каб цешыць княжацкіх гасцей на банкетах. Культуры яму не далі, бо адчулі ў ім непажаданую для панскага асяроддзя сілу. Найвыразней выказаў гэту думку капельмайстар Галыга:

 

Ты разумен без навукі:

Помніш, князю што казаў?

Ты б язык свой прытрымаў —

За такія, браце, штукі

У мех садзяць, каб ты знаў!

Вось затым сама прырода

Вас пускае слепаком,

Каб з вас менша была шкода.

Раз мужык — будзь мужыком,

Маеш хлеб — і жуй цішком,

Будзь даволен сваёй доляй. (6, 439)

 

Тут, у замку, можна сказаць, завяршылася сацыяльная, класавая адукацыя Сымона-музыкі, які цяпер стаў лепш усведамляць сябе абаронцам народных інтарэсаў. Менавіта тут нараджаецца ў музыкі думка аб сваім жыццёвым прызванні:

 

Павандруе ў свет з скрыпуляй,

Песні будзе ён складаць,

Ён людзей дабром атуліць,

Каб палёгку людзям даць. (6, 389)

 

Такім чынам, малады музыка ад любавання светам, ад роздуму над яго загадкамі, таямніцамі (што, паводле Коласа, з’яўляецца неабходнай умовай фарміравання таленту) няўхільна падыходзіць да вострых сацыяльных пытанняў. Не перастаючы чытаць мудрую кнігу прыроды, заслухоўваецца «спевам траў і каласкоў», ён усё часцей задумваецца над сацыяльнымі пытаннямі, усё бліжэй бярэ да сэрца нядолю людскую:

 

А скажы мне, дзеду любы,

Чаму так на свеце стала,

Што адным даецца мала,

А другому — аж да губы? <...>

Хто багацце размяркоўваў,

Той дзяліў несправядліва,

Не для ўсіх зямля ўрадліва...

Чыя ж гэта воля-змова? (6, 417)

 

Як бачым, талент мастака, па канцэпцыі Коласа, гэта перш-наперш — прыроджаны дар. Мастаком трэба нарадзіцца. Далей у таленце як бы сплаўляюцца два аднолькава важныя, неабходныя пачаткі — «вечнае», г. зн. навакольны свет, прырода, якую мастак адчувае сваёй чулай душой, і сацыяльнае — усё тое, што характарызуе грамадскае жыццё людзей, іх узаемаадносіны, імкненні і надзеі. Але ёсць яшчэ адна ўмова, проста неабходная, каб талент мастака належным чынам расцвіў, прынёс свой багаты плён,— гэта каханне, асабістае жыццё мастака.

Узаемнае каханне Сымона і Ганны, шчырай, сардэчнай дзяўчыны, што стрэлася на дарозе вандроўнага музыкі, якраз і выступае ў Коласавай паэме той сілай, якая дала Сымонаву таленту крылы, напоўніла жыццё мастака зіхатлівым бляскам, радасцю, адчуваннем бясконцасці, бязмежнасці жыццёвых даляў. Збліжэнне таленавітага хлопца з прыгожай, павабнай дзяўчынай, якая таксама хінецца да яго, як бы абвастрае Сымонаў слых і зрок, напаўняючы душу музыкі звышчуласцю да гармоніі навакольнага свету, да нераз'яднанай злучанасці прыгожага і добрага ў жыцці.

Першая сустрэча Сымона і Ганны заканчваецца ў паэме рамантычным малюнкам летняй ночы, поўнай патаемных шолахаў і зыкаў. Сымон, адчуўшы адзіноту, сум, выбіраецца з клуні, дзе начуе з жабраком, пачынае іграць на скрыпцы. Пачуўшы скрыпку, выходзіць з хаты Ганна. Сымон у нашым уяўленні — падлетак, не прылучаны да школы, кнігі. Але не будзем забываць, што гэта вобраз прыўзняты, рамантызаваны, пэўным чынам рупар аўтарскіх ідэй. Ганна калі не розумам, то сэрцам ацэньвае Сымонавы парыванні, разгадвае ў ім чалавека незвычайнага, выключнага, гатова дзяліць з ім радасці і нягоды.

Свет для музыкі мяняецца. Ён як бы дзеліцца цяпер на дзве палавіны: першая — тая, калі Сымон жыў, яшчэ не пазнаёміўшыся з Ганнай, і другая — калі дзяўчына прыйшла ў яго жыццё.

Другая сустрэча Сымона з Ганнай адбываецца ў лесе, пасля таго як малады музыка збег з Шлёмавай карчмы. Сустрэча выпадковая, рамантычная. Лішні раз яна пацвярджае, як глыбока пачуцці кахання ўвайшлі ў душу таленавітага хлопца. Сымону вельмі важна ведаць, адчуваць, што ёсць на свеце Ганна, яе вобраз абуджае надзеі, мары, як бы прыбаўляе сіл у нягодах.

Максім Горкі пісаў, што ўсё самае цудоўнае на свеце, у тым ліку шэдэўры мастацтва, народжаны дзякуючы каханню да жанчыны. У разуменні вытокаў, з якіх пачынаецца мастацтва, блізкі да гэтай ідэі Колас. «Ты як бы дала мне крыллі»,— гаворыць Сымон сваёй каханай. Менавіта дзякуючы каханню да Ганны музыку «свет хацелася абняць», каханне раскрывала перад ім новыя павабныя далягляды.

У сваёй паэме Якуб Колас намаляваў вобраз мастака, цесна звязанага з народным жыццём. Узлёту творчай думкі, фантазіі, таленту — усяму гэтаму даў крылы народ. Простыя людзі былі ў той жа час і самымі справядлівымі суддзямі, адны яны здолелі па-сапраўднаму ацаніць талент Сымона.

Паэмай «Сымон-музыка» Якуб Колас зваў маладую савецкую літаратуру на ясны і шырокі шлях служэння Радзіме. Ён гаварыў аб адзінай праўдзе, якой валодае працоўны народ і тыя, што змагаюцца за яго вызваленне. Гэтай праўдай павінен жыць сапраўдны мастак, бо толькі яна здольна жывіць яго талент і творчыя сілы.

 

* * *

Паводле сюжэтна-кампазіцыйнай будовы паэма «Сымон-музыка» істотна адрозніваецца ад «Новай зямлі». Там выразная эпічна-апавядальная плынь, якая разгортваецца ў прасторы і часе і толькі зрэдку перапыняецца лірычнымі адступленнямі. Пры ўсім іх значэнні лірычныя адыходы ад асноўнай апавядальнай тэмы маюць у «Новай зямлі» ўсё ж падпарадкаваны характар. Яны падсвечваюць апавяданне эмацыянальна, філасофскі, як бы яднаюць намаляванае эпічнымі сродкамі з лірычнай тэмай паэта, якому дорага, блізка ўсё тое, што ён паказвае і расказвае.

Стрыжнем сюжэта паэмы «Сымон-музыка» таксама з’яўляецца эпічная лінія жыццёвых прыгод, пошукаў, вандровак Сымона. Нават у рамантычнай паэме выразна адчуваецца апавядальная, эпічная прырода таленту Коласа. Але апавядальным сюжэтам далёка не вычэрпваецца па-філасофску шырокая і глыбокая тэма паэмы. Вялікая, значна большая, чым у «Новай зямлі», нагрузка прыпадае ў ёй на лірычныя зачыны, устаўкі, філасофскія адступленні, якія маюць форму алегарычных прытчаў ці сімвалічных малюнкаў. Усе гэтыя ўстаўкі-адступленні паглыбляюць ідэйна-філасофскі змест паэмы, прыдаюць дадатковы сэнс апавядальнай эпічнай плыні паэмы, як бы яднаюць канкрэтнае, паказанае ў рэальна-эпічных карцінах і эпізодах, з «вечным», што захоўвае свой нязменны характар пры ўсіх абставінах і акалічнасцях.

Кожная частка паэмы пачынаецца з сімвалічнай ці алегарычнай прытчы, якая з’яўляецца як бы уверцюрай да апавядальнага зместу, папярэджвае гэты змест высокай філасофскай настроенасцю. Так, першая частка пачынаецца адступленнем пра «ліст на дрэве», які «марна гіне», таму што адметны, непадобны на іншыя лісты, і пра «адзінокі колас жыта», адарваны ад роднага загона. Сімвалічная прытча пра ліст і колас сцісла асвятляе тое, пра што пойдзе гаворка ў асноўным раздзеле. Лёс ліста, адзінокага коласа вельмі падобны да лёсу Сымона, што «любіў адзіноту», быў «нялюбы сын», бо нёс на сабе прыкметы адметнасці, непадобнасці да іншых дзяцей. Такія паралелі, дзе тое, што адбываецца ў свеце раслін, жывёл і нават нежывой прыроды, яднаецца ў адзін ланцуг з жыццём чалавека,— асноўны сюжэтна-кампазіцыйны прынцып паэмы, які вынікае з яе ідэйна-філасофскай канцэпцыі. Сапраўды, калі жыццё «аснована і выткана» з усяго, што акружае чалавека, калі «злучана быццё і небыццё», то апраўданасць паралеляў відавочная.

Алегарычнае адступленне пра блукаючы прамень адкрывае другую частку паэмы. У дадзеным выпадку сувязь паміж алегорыяй і апавяданнем пра вандроўкі героя па жыццю больш ускладненая, апасродкаваная. Прытчай аб блукаючым промні паэт як бы ставіць дылему аб свабодзе волі і неабходнасці. Сонца паслала свае прамяні абагрэць зямлю. Але «адна палоска, сонца коска», напаткаўшы на шляху да зямлі прыгожую хмарку, што «ад холаду дрыжала» і «ўмаляла ёй косы сонцам заплясці», схілілася перад гэтай просьбай. Ці меў права на такое рашэнне сонечны прамень? Меў, як бы адказвае нам паэт, але не меншае права было і ў сонца, якое за гэты, няхай сабе прадыктаваны лепшымі, але ўсё ж такі свавольнымі намерамі, крок асудзіла прамень на вечнае блуканне паміж небам і зямлёй.

Такім чынам, прытча аб блукаючым прамяні нібы папярэджвае таленавітага мастака-самародка, які выбраўся ў жыццёвую дарогу, аб тым, што нельга адрывацца ад грунту, на якім ён узрос, нельга губляць сувязі з тым асяроддзем, да якога ён належыць.

Дзеля паглыблення апавядальнага зместу паэмы служаць і многія іншыя ўстаўныя элементы — песня аб званах, алегорыі пра варону-хвальбону, заняпалы дубок, лірычныя адступленні пра дарогі, родны край і г. д. Рамантычны характар паэмы дае прастор для гэтых, па сутнасці адцягненых, навел і адступленняў, а рэальна-бытавы план твора цесна стыкоўваецца з планам умоўна-казачным.

Іншы характар, чым у «Новай зямлі», носіць стылістыка «Сымона-музыкі» — рытм, інтанацыя верша, вобразы, тропы, асацыяцыі. Па рытміка-інтанацыйным малюнку верш гэтай паэмы вызначаецца адчувальнай разнастайнасцю. Двухстопны з лішнім складам анапест, які пераважна вызначае памер апавядальных раздзелаў, падчас саступае месца іншым рытмічным ключам, а ў лірычных адступленнях набліжаецца па прыродзе да інтанацыйнага верша.

Гэтак жа саступае месца рэалістычны па характару троп вобразу рамантычнаму з яго размытымі, прасторава-маштабнымі контурамі. І ўсё ж прырода паэтычнага мыслення, якая вызначае стылістыку паэмы, як і ў «Новай зямлі», пераважна прадметна-рэчавая, рэалістычная. Рамантычны стыль найбольш характэрны для тых мясцін твора, дзе думка героя лунае ў надхмарных вышынях, мае справу з узвышаным у жыцці, або калі герой-Музыка паказваецца ў хвіліны творчага натхнення. Прывядзём для прыкладу радкі з маналога-звароту Сымона да каханай Ганны:

 

Я чую твой голас у шолаху зёлак,

Я чую твой голас у спевах бясконцых

Травы прыбярэжнай, дзе мыецца золак,

І усмех твой ясны адсвечвае сонцам.

І поўдзень, і вечар, і ззянне дзянніцы,

Прасторы надзем’я, ружовыя далі —

У моманце кожным сустрэчанай хвалі

Пакінуў мне вобраз твой след бліскавіцы;

З табою я ў шчасці, з табою і ў жалі,

Ты ўсюды мне ззяеш блісканнем дзянніцы.

Ты — мая радасць, маё летуценне,

Ты — песня натхнення,

Ты — зорак блісканне,

Ты — голас світання,

Ты — краскавых струн дрыгаценне,

Ты — водгук сэрца, душы парыванне,

Ты — выплыванне

Вясёлкі агністай,

Ты — блеск прамяністы,

Ты — сонцавых косак блуканне... (6, 411—412)

 

Талент Коласа, эпіка і рэаліста, набывае, як бачым, новыя грані і якасці. Роздум аб вечнасці, бясконцасці свету, філасофская тэма сэнсу жыцця, месца, ролі ў ім чалавека нараджае непаўторны коласаўскі рамантычны стыль.

Вобраз народнага мастака, намаляваны Якубам Коласам, нам блізкі і зразумелы. Цесная, непарыўная сувязь літаратуры і мастацтва з жыццём народа, з дзейнасцю і барацьбой Камуністычнай партыі — зарука поспеху мастака. Ідучы гэтым шляхам, беларуская літаратура дасягнула сваёй сталасці, дайшла да ўсесаюзнага і сусветнага чытача. На гэтым шляху яе далейшы росквіт.

1981

1 Першы варыянт паэмы «Сымон-музыка» быў закончаны ў 1918 годзе, а ў наступныя гады (1923—1925) аўтар істотна перапрацаваў твор.


1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 379-400
Крыніца: скан