epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Цётчын блінец

Хведарышын Сашка, ці Пудлік, як мы яго называем, сядзіць на даху хаты, на чарапіцы, і лямантуе на ўсю ваколіцу:

— Звары картопляў! Звары картопляў!..

Суседкі — Хведарыха і Харытоніха — перакопваюць агарод.

— Каб табе зарвала! — сказала Харытоніха і, знайшоўшы ў зямлі бульбіну, кінула ў бляшанае вядро. Хведарыха маўкліва пагразіла сыну рукой. Але гэта толькі паддало Пудліку ахвоты.

— Звары картопляў! — закрычаў ён яшчэ гучней.

Пудлік псуе мне ўсю справу. Нюрку і Стася я спецыяльна вывеў з хаты на агарод, каб не канючылі есці. Мы паабедалі ўжо, з’еўшы крупнік і два блінцы, якія нам пакінула маці. Адзін блінец застаецца для цёткі Аксінні. Яна мусіць прыйсці да нас навіваць ніты.

— Хачу блінца,— першая не вытрымала Нюрка.

Стась, надзьмуўшыся, раз-пораз шморгае носам і па ўсім відаць, што хутка заплача.

— Звары картопляў! — набіраючыся ўсё большай моцы, разлягаецца Пудлікаў голас.

Пудліка я ведаю. Ён, пакуль не даможацца свайго, не перастане.

— Будзем есці смалу,— сказаў я малым.— Спачатку абдзяром з вішні, потым са слівы. Смала — смачная. Хіба ты не ведаеш, Стась?

— Не хачу смалы, хачу блінца! — заяўляе Нюрка.

Другім разам я б ёй даў плескача. Але Пудлік па-ранейшаму крычыць, і на малую не падымаецца рука.

Мне ўдаецца аддзёрці невялікую пасачку вішнёвай смалы, і я аддаю яе Стасю.

— Жуй, Стась. Калі доўга жаваць, то есці зусім не захочацца. Вось пабачыш.

Нюрка прыціхла, чакаючы сваёй чаргі. Я зноў лезу на вішню. З-за малых я і ў школу не хаджу. Маці бегае ў саўгас зарабляць бульбу, і малых пакінуць няма з кім. Маці нават кросны паставіць няма калі, і навіваць ніты прыйдзе цётка Аксіння.

Яна жыве ў Аляксеевічах, дзе хаты папалены і людзі сядзяць у зямлянках. Таму мы і пакінулі блінец цётцы Аксінні. Калі яна будзе на нас рабіць, то павінна ў нас і харчавацца.

Я даю камячок смалы Нюрцы.

— Звары картопляў! — аж захліпаецца Пудлік.

Ён усё-такі нягодны, Пудлік. З ім і хлопцы таму не хочуць гуляць. Калі дасі штурхеля, то ён можа раўці хоць цэлую гадзіну, пакуль не пачуе матка. Бацькі ў Пудліка няма, але наш таксама з вайны не вярнуўся. А летась была засуха. Таму нам цяжкавата гэтай вясной.

Хведарыха кінула перакопваць бульбянішча і пайшла ў двор. Пудлік імгненна кульнуў з даху ўніз.

— Смала нясмачная,— зарумзала Нюрка.— Яна прыліпае да зубоў.

На агародзе, на тым месцы, дзе ўлетку цвіце рознымі краскамі паплавец, стаіць вада. На паплаўцы не толькі кветкі цвітуць, а і шчаўе расце. Але вада, відаць, сыдзе не хутка. Яшчэ да палавіны камля ў вадзе старая вербалозіна, на якую мы летам лазім, каб гушкацца на вецці.

— Пайду пагляджу, ці прыйшла цётка Аксіння,— сказаў я і рушыў у хату.

Нюрка зноў прыціхла. Малыя насцярожана ўтаропіліся на мяне. Пра блінец яны ведаюць. Абед даўно мінуў, а цёткі Аксінні няма. Можа, яна зусім не прыйдзе?

Блінец ляжыць на стале, прыкрыты льняным настольнікам. Я яшчэ выглянуў у акно: ці не пакажацца цётка? Але нідзе не відно яе. Спакуса была настолькі вялікая, што я не вытрымаў і адшчыкнуў кавалачак блінца і адразу спалохаўся. Мне стала брыдка самога сябе.

Калі я вярнуўся да малых, яны мой настрой разгадалі ў момант.

— Хачу піць,— сказала Нюрка і пайшла ў хату.

Праз некалькі хвілін яна з’явілася. Блінца, нягодніца, мабыць, адламала, але па ёй зусім не відаць, што хоць трошкі пакутуе ад дакораў сумлення.

Услед за Нюркай, перавальваючыся на сваіх крываватых нагах, падаўся ў хату Стась.

Я маўчаў. Што мог я сказаць гэтым двум бессаромнікам?

Кропля надзеі ў маёй душы ўсё ж таілася. Я схадзіў у хату, зірнуў пад настольнік. Ад блінца засталася палавінка. Я махнуў на ўсё рукой і адламаў яшчэ кавалачак. Пасля мяне ў хату па чарзе шуснулі Нюрка і Стась.

Цётка Аксіння прыйшла пад вечар. Твар яе быў стомлены, шэры, як бы прысыпаны попелам. Пра яду яна нават не спыталася і, ходзячы ад сценкі да сценкі, адразу пачала навіваць ніты.


1974?

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 2. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1982. - с. 520-522
Крыніца: скан