epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Чуеце, хлопцы?

У хвіліны тугі і самоты, калі цяжар жыццёвых нягод ад болю сціскае сэрца, а зрок нібы ахутваецца хісткай павалокай туману, праз якую не ўбачыш нічога нават зблізку, я спрабую аднавіць у памяці малюнкі мінулага. Магчыма, гэта слабасць. Добра не ведаю. Толькі ў кожнага павінны быць, здаецца, моманты душэўнага ўзлёту, якія не сорамна прыгадаць. Бо калі чалавек узляцеў аднойчы, ён здолее гэта зрабіць яшчэ і яшчэ раз...

Мае хлопцы, мае бедалагі! Сысціся б нам разам, парагатаць, пасмяяцца. Бачу цябе, вясёлы Цішка Дрозд, твой заўсёды смяшлівы твар і разумныя шэрыя вочы. Іншы раз мне здаецца, што зборы ў тваёй хаце, кнігі, якія мы праўдай і няпраўдай цягалі з усіх пасялковых бібліятэк, нашы гарачыя спрэчкі і дыспуты — самы шчаслівы час майго жыцця. Часта я так думаю. Было ж у жыцці нешта большае, было тое, пачынаючы з таго, усе мы сталі глядзець на сябе трошачкі з большай павагай, але ўсе сцяжынкі з той вяршыні, на якой мы разам апынуліся, вядуць у тваю пахілую хату, якой ужо, мабыць, нават няма на свеце.

Кім ты збіраўся стаць, Цішка? Здаецца, канструктарам. Не журыся, браце, што, можа, і не зусім выйшла. Садзіш ты дубкі, і хто ведае, можа, гэтая работа нават лепшая за тую, пра якую ты трызніў у семнаццаць. Самалёты, якія ты збіраўся канструяваць, хутка старэюць, пішуць нават, што яны наогул учарашняе слова тэхнікі. А дубы будуць расці заўсёды. Заўтра іх, можа, будуць садзіць больш, чым сёння. Бо наўрад ці адмовіцца наш нашчадак ад звычайнай чалавечай спакусы паляжаць у цяньку пад дрэвам. Самалёт ён заменіць ракетай, а дуб і сасну не заменіць нічым...

А ты, Мікола? Хоць ты і таіўся і ніколі не выказваў сваіх намераў, але мы бачылі цябе на трыбуне. Хто лепей за цябе ведаў гістарычныя даты, цытаты з Маркса, хто глыбей разбіраўся ва ўсім тым, што ў пару захаплення вершамі мы называлі сумным словам — эканоміка. Зрэшты, ты робіш тое, што найбольш імпанавала твайму сэрцу: вучыш. Ахопленыя бескарыслівым юнацкім прароцтвам, мы, вядома, не думалі, што ты будзеш тлумачыць стрыжаным першакласнікам сэнс вялікіх і малых літар. На такое б мы ніколі не згадзіліся, мы ўяўлялі цябе настаўнікам усяго чалавецтва. Не крыўдуй, Міколе, грэшныя гэтым усе мы, твае сябры, бо замахваліся ў жыцці на нешта большае.

Ты вучыш людзей, сябар. З літар складаецца слова, жывое, чалавечае, несмяротнае. Колькі такіх слоў панясуць у жыццё твае першакласнікі? Якім словам будуць успамінаць цябе, свайго першага настаўніка?

Чацвёрты з нас, Грыша, спачывае даўно... Ніколі мы з ім болей не спаткаемся. Не паціснем яго дужай, сумленнай рукі. Мы нават не ведаем, кім ён хацеў быць: не паспеў расказаць, а можа, не паспеў выбраць і ў думках сваёй жыццёвай зоркі. Ён трошкі саромеўся нас, сваіх хлопцаў, саромеўся таму, што адстаў у школе на клас. Чытаў тыя самыя, што і мы, кнігі, спрачаўся, а пра сваю зорку не расказаў. Толькі, можа, я хлушу, хлопцы?..

Памятаеце лістападаўскі вечар, дождж разам са снегам, пахілую Цішкаву хату, дзе мы найчасцей сыходзіліся? Мы любілі самастойнасць і не хацелі чужых вачэй і вушэй. Проста гэтага не дазваляла справа, за якую мы пачыналі брацца. У Цішкі было найлепш: ніхто нічога не чуў і не бачыў. Помніш, Мікола, як ты прынёс у той вечар пад крысом свайго шэрага, перашытага з шыняля пінжака нашу першую зброю — вінтовачны ўрэзак? Я і цяпер не ведаю — можа, ты не расказваў, а можа, я забыў: столькі ж прайшло часу з тых дзён,— дзе ты яго ўзяў. Урэзак з выгляду быў нягеглы: доўгі, неабрэзаны прыклад і кароткі, надломлены ствол. Нехта, хто ў вайсковай справе разбіраўся не надта, трохі нам напсаваў: надрэзаўшы напільнікам ствол, ён спрабаваў яго пераламаць, як палку, таму знізу на дуле і асталася загнутая сталёвая паска. Але мы не бедавалі, бо затвор хадзіў гладка, быў спраўны, астатняе залежала ад нас саміх.

Мы радаваліся ў той вечар, хлопцы, хоць нам было нярадасна, бо немцы пісалі, што забралі Маскву. Радаваліся першай зброі, з якой можна страляць. Пра што другое мы маглі ў той цяжкі час думаць?

Гэта ён, Грыша, у той вечар прапанаваў нам, памятаеце, хлопцы?.. Ён зноў трохі саромеўся, бо думаў, што мы прымем яго словы за жарт. Ён тады сказаў, што трэба нам вывучыць «Інтэрнацыянал» па-нямецку. Мы яго зразумелі адразу, хоць самі пра гэта яшчэ не падумалі.

Памятаеце, Цішка і Мікола, як на другі вечар мы сабраліся вывучаць гімн і прынеслі кожны па падручніку, у якім ён быў надрукаваны? У адной кнізе, я забыў у чыёй, словы «Інтэрнацыянала» былі не такімі, як у трох астатніх. Гэта быў проста ранейшы пераклад на нямецкую мову. Але мы рашылі вувучыць па тых падручніках, на якіх стаяла навейшая дата выпуску.

За вечар мы вывучылі першыя восем радкоў. Болей неяк не прыйшлося. Але болей, бадай, і не трэба было, бо наўрад ці далі б нам даспяваць пры такіх умовах, на якія мы разлічвалі. У Грышы было горшае, чым у нас, вымаўленне нямецкіх слоў, бо ён вучыўся ў вячэрняй школе, а там патрабавалі менш. Але разам у нас атрымлівалася суладна і хораша. Памятаеце, хлопцы?

 

Völker hört die Signale

Auf zum letzen Gefecht,

Die Internationale

Erkämpft das Menschen Recht!

 

Мы, вядома, не былі ніякімі героямі. У вайну, што прайшла, мы, можа, не зрабілі і сотай часткі таго, што другія, кім мы па-сапраўднаму ганарыліся і захапляліся. Але і за тое, што мы рабілі, нас маглі павесіць. Колькі разоў нас маглі павесіць, хлопцы?..

Памятаеце, мы не хацелі, каб нас вешалі. Расстрэл здаваўся нам куды прыгажэйшым.

Калі Грышу арыштавалі, мы не баяліся, што ён нас выдасць. Яго схапілі параненага, са зброяй, і мы ведалі, што яго чакае. Мы не хацелі толькі, каб яго вешалі. Ля вісельні не спяваюць. Яго расстралялі. У эсэсаўцаў хапіла сумлення прызнаць, што ён салдат. Мы не чулі, хлопцы, але я веру, што ён праспяваў тады, калі ў яго стралялі, тыя восем радкоў, якія мы вывучылі на памяць.

Але так было толькі тады, у цёмную ноч акупацыі. Пазней усё перамянілася. У мяне быў яшчэ выпадак.

Перад самым канцом вайны мы занялі нямецкі горад, чысты і неразбураны. На яго ўскраіне размяшчаўся вялікі, абнесены дротам лагер. Гэта быў не канцэнтрацыйны, а звычайны рабочы лагер, хоць ён меў калючую агароджу, баракі і вышкі для вартавых. Калі нашы танкі праязджалі паўз лагер, з яго варот ірвануўся вялікі, пярэсты натоўп. Там былі розныя людзі, і ўсе яны радаваліся, убачыўшы нас. Былі ў натоўпе і нашы дзяўчаты — мы іх пазналі па гаворцы.

Вечарам трое нас, запыленых і замурзаных танкістаў, трохі выпілі. І тады прыйшла думка схадзіць да дзяўчат з лагера. Мы пагаліліся, памыліся, наглянцавалі боты і, калі спусцілася вясновая ноч, цішком шмарганулі з ляска за горадам, дзе стаялі нашы танкі.

У вароты лагера мы прайшлі незатрыманымі — вартавых не было. Лагер не спаў, у бараках чуліся галасы. Мы спыняліся ля кожнага і прыслухоўваліся, каб улавіць знаёмую гаворку. Раптам да нашага слыху данеслася знаёмая велічная мелодыя. Спявалі «Інтэрнацыянал» напаўгалоса, на невядомай нам мове... Людзі ў лагеры — многа тысяч людзей — жылі нечым прыгожым, вялікім, што не часта бывае ў жыцці. Я тады ўспомніў Грышу і вас, хлопцы. Мы, не згаворваючыся, павярнулі назад, да варот. Проста мы прыйшлі ў лагер трохі запозна. Машыны, апроч таго, маглі зняцца з месца і ноччу. Такія выпадкі здараліся. Вайна яшчэ не скончылася.

1960


1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 2. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1982. - с. 379-382
Крыніца: скан