epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Дэлегаты з Бярэзнікаў

І
II
III


І

Таня прыйшла з поля і ў ахвоту памылася. Нізенькую абамшэлую лазню дзяўчаты растапілі яшчэ з раніцы. Таня любіла гэтую старую будыніну, якая дажывала свой век. Так было ўжо заведзена — мыліся перад святам, і шызаваты дымок з бляшанага вядра, якое стаяла замест коміна, заўсёды прадвяшчаў адпачынак і свята.

Некалі лазня была атулена зялёнай засенню чаромхі, бэзу і малінніку. У цёплую пару нават не распраналіся ў лазні, а проста ў кустах, на мураве. Кусты павысякаў недалёкі Танін сусед Апенька, які гадоў пяць назад браўся адрамантаваць лазню. Яно тады адразу і выплыла наверх, што ні пра які рамонт Апенька не думаў.

Ён паціху гнаў у лазні самагонку на продаж, пакуль яго адтуль не вытурылі.

За апошнія гады лазня неяк знізілася, прысела. Стаяла яна за агародамі, наводшыбе, як сірата-бабылка. Але Тані, як і раней, падабалася сюды хадзіць. Прабіраючыся сцяжынкай да лазні, дзяўчына, здаецца, і цяпер удыхала ў сябе востры хмельны пах вясенняй чаромхі...

Вечарам Таня збіралася ў клуб, на танцы, хоць за апошні год яе рэдка там і бачылі. Падраслі ўжо новыя танцоркі, тыя, што пяклі яшчэ аладкі з пяску, калі першым вясеннім цветам красавала Таніна маладосць. Стаяць разам з імі ў душным клубе і чакаць, пакуль хто-небудзь запросіць на польку, Таня не любіла. Не прыйшло яшчэ да Тані тое звычайнае шчасце, на якое мае права кожная дзяўчына. Быў некалі хлопец, вясёлы, жартаўлівы і прыгожы. Некалі Тані нават зайздросцілі яе таварышкі. Але даўно няма таго хлопца.

Яшчэ тады, калі калгас толькі станавіўся на ногі, падаўся ён шукаць лягчэйшага, чым у іхнім калгасе, хлеба і болей не вярнуўся. А Таня нікуды не паехала шукаць сабе шчасця.

Сёння Таніна звяно закончыла першую праполку ільну. Гэты лён сёлета даўся ім у знакі. Вясна была няўстойлівая, халодная, як злая, вуркатлівая свякруха. Дзяўчаты проста выбіліся з сіл і пракліналі гэты лён і сваю невясёлую з-за яго жытку.

Таня расчэсвала косы, седзячы перад маленькім люстэркам, калі ў хату ўвайшоў старшыня. Яна нават не чула яго крокаў, можа таму, што старшыня насіў летнія брызентавыя боты на мяккіх падэшвах. Дзяўчына проста адчула чужы позірк на сваёй спіне.

— Гэта ў цябе самая лепшая сукенка, Танюша? — нейкім незнаёмым ёй голасам запытаў старшыня.

Таня пазірала на яго здзіўлена. Яе раптам апанавала злосць.

— Можа, сватоў да мяне думае засылаць старшыня? — яна адказала намерана жорстка.

— Табе трэба ў дарогу збірацца, Танюша,— старшыня нібы і не чуў жорсткасці ў яе голасе.— Паедзеце ў Заходнюю Беларусь як дэлегацыя з нашага раёна. Помніш жа, тры гады назад прыязджалі да нас з Гродзеншчыны. Дык вось, у іхні раён паедзеце, яны тэлеграму прыслалі. Платон Іванавіч паедзе, ты, а трэцяга проста не ведаю, каго паслаць. Работы ж яшчэ столькі, а людзі туды добрыя трэба... Мы ж для іх, як настаўнікі. Не падкачайце вы там...

— А калі ехаць?

— Заўтра ранічкай, Танюша.

— Дня перадыхнуць не дадуць! — гарачылася Таня.— Хай яно згарыць усё...

Назаўтра раніцай упрытык да ганка праўлення стаяла калгасная трохтонка. У кузаве раскурвалі леташні самасад вусаты палявод Платон Іванавіч і Сазонт Апенька.

— Садзіся ў кабіну,— сказаў Тані старшыня.— Ехаць пара ўжо. Яшчэ двух чалавек у тэльманаўцаў возьмеце...

Да Тані цяпер толькі дайшло, што Апенька таксама едзе дэлегатам. Настрой у яе адразу ўпаў, дзяўчына нават не паспела як-небудзь падкалоць свайго суседа. Шафёр ужо круціў баранку, вырульваючы на сярэдзіну вуліцы, а старшыня і калгаснікі, што стаялі ля праўлення, махалі рукамі на развітанне.

«Знайшоў дэлегата,— са злосцю думала Таня пра старшыню.— Ва ўсім калгасе не было нікога лепшага за Апеньку. З ім жа ад сораму згарыш...»

Якой-небудзь разумнай прычыны, каб пасылаць Апеньку дэлегатам, Таня не бачыла. Проста гэты хітры Аўцюх, іхні старшыня, знайшоў дзірку для гэтага абібока. Добрага чалавека паслаць шкода — на рабоце ён трэба. А з Апенькі работы, як з таго казла малака, то няхай хоць едзе дэлегатам. Але каб яна ведала ўчора, што яе параўнялі з Апенькам, то нізавошта б не паехала.

Тэльманаўцаў села на машыну двое — нядаўна прызначаны намеснік старшыні Гудок і даярка Надзейка Палякова. Нізкі, у вайсковым кіцелі Гудок усё тупаў каля кабіны. Ён, мабыць, думаў, што Таня саступіць яму месца. Але дзяўчына знарок адвярнулася, каб не сустракацца з ім позіркам. Гудка яна ведала, ён быў раней у раёне нейкім нарыхтоўшчыкам і на кожнай нарадзе крычаў пра малако і яйкі.

Прыехалі на станцыю.

— Не разыходзьцеся,— папярэдзіў Таню і Надзейку Палякову тэльманаўскі намеснік, калі яны сабраліся ў станцыйны скверык,— хутка поезд.

Гудок, відаць, добраахвотна браў на сябе абавязкі кіраўніка дэлегацыі.

— Вы тады свіснеце, як нас не будзе,— адрэзала Таня і пацягнула Надзейку за рукаў.

Апенька ўжо сядзеў у сверыку на лаўцы і снедаў салам з цыбуляй. Галоўкі цыбулі ён грыз з такім смакам, нібы гэта была не цыбуля, а яблыкі. Апрануўся Апенька якраз як на паляванне: на ім былі мышынага колеру штаны, перашытыя з нямецкага шыняля, абшарпаная скураная тужурка, а на нагах гумавыя боты з халявамі да самых кален.

— Як ён яшчэ стрэльбы не захапіў,— Таня штурханула пад бок Надзейку.— Ну і пудзіла ж гарохавае. Проста сорамна разам з ім ехаць. А ваш гэты Гудок варты чаго-небудзь?

— Ён толькі ж месяц як у нас,— Надзейка, відаць, не ведала, што гаварыць.— На ферме быў разы два, дык жанкі рагочуць. «Дзе, кажуць, той твой матацыкл, што ты па раёне катаўся? Можа, даў бы хоць на кірмаш з’ездзіць, яйкі прадаць...»

У вагоне Таня села на лаўку з Надзейкай і Платонам Іванавічам. Апенька палез на верхнюю лаўку і адразу захроп. Гудок прысуседзіўся да кампаніі маракоў у купэ, размешчаным побач,— адтуль раздаваўся яго зычны голас і гучны перастук касцяшак даміно.

Да Тані вярнуўся добры настрой. Яна любіла ездзіць. Дарога заўсёды прыносіла новыя ўражанні і неяк асвяжала і ўздымала думкі. Платон Іванавіч гаварыў пра Гродзеншчыну. Ён быў у тых мясцінах яшчэ ў час першай германскай вайны.

— Зямля там сугліністая, горшая, як у нас, але даглядаюць яе добра,— тлумачыў палявод.— Там цукровыя буракі даўно сеюць. І канюшыну, лубін лепей шануюць, як у нас. Вось толькі сенажацей там малавата. Жывёла добрая, нямецкай пароды. Але нам форсу губляць не трэба. Да нас ім яшчэ далёка...

Таня слухала Платона Іванавіча і глядзела ў акно. У акне мільгалі зялёныя з шэрымі балотнымі пляшынамі сасоннікі, кучаравыя бярозавыя гаі, руды алешнік, разлапістыя дубы ў маладым уборы. Лясная палеская нізіна ляжала перад вачыма. Краявіды такія ж аднастайныя, як і дома, у Бярэзніках,— лес, балота, у прагалах апавітыя сіняй смугой вёсачкі з жытнёвымі азёрамі, якія шчыльна падступаюць да іх, а далей зноў лес і зноў балота. Усё тут, здаецца, даўно знаёмае...

— Я там, на Гродзеншчыне, нават адну дзяўчыну пакахаў,— хваліўся Платон Іванавіч.— Юзяй звалі. Думаў, прывязу, як кончыцца вайна, у Бярэзнікі, дык у хлопцаў вочы на лоб палезуць. Прыгожая была дзяўчына. Толькі бабе маёй не кажы, Таня.

— Дык чаго ж вы не прывезлі яе?

— Немец як даў нам у пятнаццатым годзе, дык я ледзь сам уцёк. Цэлы дзень поўз на жываце па твані, каб у палон не трапіць, і харчаваўся адной бручкай. А вёска Юзіна, казалі, уся ў бежанства пайшла...

Поезд спыніўся на вялікай люднай станцыі. Маракі і разам з імі Гудок рынуліся да выхаду. Яны хутка вярнуліся з поўнымі ўсялякага харчу рукамі. Апенька злез з верхняй лаўкі і пайшоў у канец вагона, да бачка — яго мучыла смага.

— Матросы шклянку забралі,— паведаміў Апенька, адразу вярнуўшыся.— Гарэлку п’юць, і гэты тэльманаўскі намеснік таксама п’е разам з імі. Можа, у цябе, Тацяна, бутэлька ёсць — вады набяру?

— Няма ў мяне бутэлькі,— сказала Таня, не адрываючыся ад акна.

— Наце кубак вам,— прапанавала Надзейка Палякова.

Апенька напіўся, прынёс пусты кубак і, крэкчучы, зноў ускарабкаўся на верхнюю лаўку. У суседнім купэ спачатку гучна, бы на кірмашы, аб нечым спрачаліся, а пасля п’янымі галасамі зацягнулі песню. Мацней за ўсіх напінаўся Гудок — яго голас грымеў, як вялікая медная труба. Платон Іванавіч слухаў гэты дармовы канцэрт і нездаволена чмыхаў у падстрыжаныя вусы. Ён насупіўся і маўчаў.

Наспяваўшыся, Гудок вярнуўся ў купэ, дзе моўчкі сядзелі дэлегаты. Намеснікавы ногі, відаць, трымалі свайго гаспадара не дужа надзейна, бо ён абедзвюма рукамі ўхапіўся за лаўкі.

— Як тут, парадак у мяне? — зычна запытаў Гудок.— Я люблю парадак і чыстату, зразумелі?

— Пасуда, мабыць, чыстая ўжо,— падкалола Таня.

— Падкаўнерыкі павінны быць чыстымі і падшытымі,— развіваў далей нейкую сваю думку Гудок.— На насках ботаў павінна ззяць сонца...

Але хутка тэльманаўскі намеснік нават п’янай галавой скеміў, што наконт падкаўнерыкаў і ботаў ён загнуў дарэмна. Уся дэлегацыя была ў чаравіках, толькі гумавыя боты Апенькі звісалі з верхняй лаўкі.

— Вы ведаеце, што я капітан, я ротай камандаваў,— Гудок, імкнучыся падтрымаць свой аўтарытэт, палез у кішэню за дакументамі...

Платон Іванавіч ужо болей не мог трываць. Ён падхапіўся і ўзяў Гудка за руку.

— Лезь на лаўку, капітан,— прыцішаным голасам, але злосна сказаў ён.— А не — дык паляціш з карабля. Зразумеў?..

Гудок пакорліва ўзабраўся на сярэднюю лаўку. Ён адразу ж і заснуў. На адзін паверх вышэй, пад самай столлю вагона, хроп Апенька.

Крыху пазней маракі прынеслі Гудкову шапку і паспрабавалі завязаць гутарку з дзяўчатамі. Але з іхняй спробы нічога не выйшла. Таня і Надзейка маўчалі або адказвалі з’едлівымі кепікамі. Маракі, не сустрэўшы спачування, падаліся к самаму выхаду — там цэлае купэ было занята правадніцамі.

Болей ніякіх прыгод не адбылося да самай канечнай станцыі. Было аж дзве перасадкі, і Гудок зноў паспрабаваў адлучыцца. Але Платон Іванавіч на гэты раз яго не пусціў. Сабраўшы ўсіх дэлегатаў разам, ён сказаў цэлую прамову, звернутую галоўным чынам да Гудка.

— Кіраваць намі будзе Таня,— сурова звёўшы выцвіўшыя бровы, заявіў палявод.— Пра яе работу аж у Маскве пісалі, яна два разы на выстаўцы была. Мы яе выбіраем, а ты, Гудок, слухайся. А не — дык купім білет назад. Нам такія дэлегаты не патрэбны. Раскажу сакратару райкома, то ён цябе па галоўцы не пагладзіць. Пабачыш...

Гудок паспрабаваў агрызнуцца, але не знайшоў падтрымкі. На першым часе ён надзьмуўся і сядзеў моўчкі.

Але вытрымкі ў тэльманаўскага намесніка хапіла ненадоўга. У Баранавічах, дзе дэлегацыя абедала ў сталовай, Гудок непрыкметна перакуліў кілішак і адразу павесялеў. Калі разлічваліся за абед, ён на цэлую пяцёрку кінуў болей, чым належала з яго. Апенька, убачыўшы чужую шчодрасць, аднаго рубля наўмысна недаплаціў.

 

II

На месца дэлегацыя прыехала познім вечарам. Беразнякоўцаў сустракалі. Мясцовыя кіраўнікі, не адкладваючы справы на заўтра, павялі сваіх гасцей у клуб. Сярод сустракаючых Таня пазнала рослага і моцнага, як дуб, старшыню калгаса Наліўку, які прыязджаў да іх у Бярэзнікі. Тады Наліўка быў нейкім ціхім, нерашучым, задумлівым. Цяпер жа ён граў галоўную дудку: жартаваў, успамінаў аб сваёй экскурсіі на Палессе, рабіў усё, каб беразнякоўцы адчувалі сябе як дома.

Але ні гаспадары, ні госці не маглі пераадолець нейкай скаванасці і напружанасці. Добрая гаворка не ладзілася. У вокны клуба, які чымсьці нагадваў доўгую пустую адрыну, глядзела чужая, незнаёмая ноч. На стале, засланым чырвоным абрусам, гарэла чатыры лямпы. Па адзін бок доўгага састаўленага стала сядзелі беразнякоўцы, па другі — гаспадары, чалавек дваццаць.

Гаварыў, бадай што, адзін Наліўка. Нават Гудок на ўсе яго пытанні адказваў коратка і блытана, як вучань, які добра не вывучыў урока.

Гаспадары былі ўсё ж абыходлівымі людзьмі і не паглядзелі на тое, што на дварэ ноч і што трэба спаць. Наліўка некуды выбег, і праз колькі хвілін у клубе замільгалі белыя фартухі дзяўчат. Чырвоны абрус са стала сцягнулі і пачалі накрываць яго звычайнымі настольнікамі. У адну хвіліну на стале паявілася розная закуска — беразнякоўцы нават не паспелі запратэставаць. У клуб прываліла яшчэ калгаснікаў, яны падыходзілі да беразнякоўцаў і віталіся з кожным за руку.

Дэлегаты змяшаліся цяпер у шумлівай грамадзе, якая размясцілася за даўжэзным сталом. Таня апынулася паміж двух хлопцаў, насупраць яе сядзеў Апенька.

— Я быў у вас,— сказаў ёй той, што сядзеў з левага боку.— Ваш партрэт вісеў у канторы за шклом, я бачыў. Вы гуму сееце...

— Кок-сагыз,— усміхнулася Таня.— Толькі мы цяпер яго не сеем.

Твар хлопца здаваўся Тані знаёмым — высокі лоб з навісаючымі русявымі валасамі, нос з гарбінкай. Толькі той хлопец, што прыязджаў у Бярэзнікі, быў у зашпіленай на ўсе гузікі бравэрцы з даматканага тоўстага сукна і ў цяжкіх ботах. Дзяўчаты, хіхікаючы, празвалі яго тады падкулачнікам.

Наліўка падняў тост за вечную дружбу, і за сталом згодна зазвінелі шклянкі. Толькі Таніна чарка і шклянка яе суседа стаялі някранутымі.

— Вінцэсь! — закрычаў Наліўка на ўвесь клуб.— Ты чаму не пасеш сваю суседку? Аштрафую на пяць працадзён.

— Трэба выпіць,— ціха прамовіў да Тані хлопец, і яна выпіла з ім.

Другім разам устаў Платон Іванавіч. Ён толькі пачаў падкручваць свае вусы, як усе дружна запляскалі ў далоні. Палявод сказаў складна, хораша, і на яго паглядалі цяпер з незахаванай павагай.

— Агітатар,— пачула Таня нечы шэпт.— Можа, з Мінска яго выпісалі...

Таня бачыла, як імгненна пачырванеў Вінцэсь і адставіў сваю шклянку ўбок.

— Брыгадзір ён,— сказаў хлопец некаму.— Я яго на свае вочы там бачыў.

— Платон Іванавіч у нас цяпер паляводам.— Таня паглядзела на свайго суседа даверлівымі вачыма.— Для брыгадзіра стары ён ужо...

Апенька ж не зважаў ні на якія прамовы і размовы. Ён сачыў толькі за тым, што накладвалася на талеркі, і еў з такім апетытам, нібы ў яго роце цэлы тыдзень не было і макавай расінкі. Відэльца ён не прызнаваў і браў вяндліну, каўбасы проста рукою. Таня, зірнуўшы на Апеньку, адчула, як загарэліся ў яе шчокі, а па целе пайшла нейкая млявасць. У яе знікла ўсякая ахвота да яды, і дзяўчына са страхам чакала, што вось-вось хто-небудзь з гаспадароў зарагоча з Апенькі. Але людзі елі, пілі, і ім не было, здаецца, ніякага клопату да Апенькавага апетыту.

Калі ў вокнах засінеў ужо досвітак, у клуб падышло яшчэ моладзі. Мабыць, недзе блізка была гульня, бо двое хлопцаў стаялі ў парозе з гармонікамі. У гэты час пачаў гаварыць прамову Гудок. Яго зычны голас грымеў на ўвесь клуб. Тэльманаўскі намеснік, мабыць, зусім забыў пра тое, што ён тут госць і што яму належыць расказваць пра свой калгас. Гудок адчуваў сябе нібы на трыбуне і да нечага заклікаў, ставіў задачы, гаварыў, што гродзенцам абавязкова трэба ліквідаваць свае недахопы і падцягнуцца.

Таня, чырвоная ад сораму, падняла вочы ад стала і аглянулася. Калгаснікі слухалі Гудка сур’ёзна, без усмешак на тварах. Гудкоў сусед, пажылы ўжо чалавек, паклаўшы галаву на стол, пазіраў прамоўцу прама ў рот. Калі Гудок закончыў, яму ляскалі ў далоні гэтак жа гучна, як і Платону Іванавічу. Гарманісты, што стаялі ў парозе, па сваёй ахвоце сыгралі яму туш...

Назаўтра Таню з Надзейкай разбудзілі карэспандэнты. Трое рослых хлопцаў прываліла ў хату, дзе дзяўчаты начавалі. Карэспандэнты ўжо недзе пранюхалі, што дэлегацыю ўзначальвае Таня, і, мабыць, па гэтай прычыне рашылі ад яе не адставаць.

З карэспандэнтамі Таня пайшла да праўлення. Яшчэ зводдаля дзяўчына ўбачыла Гудка, які, размахваючы рукамі, нешта даводзіў Наліўку, Платон Іванавіч прахаджваўся па вуліцы. Апенька сядзеў на ганку ў тужурцы і нешта маляваў дубцом на пяску.

Таня з цікавасцю аглядала вёску, у якую яны прыехалі. Вёска была вялікая, раскіданая, зусім не падобная да іхніх Бярэзнікаў. Ад плошчы, узбоч якой стаяла аж два каменных касцёлы, у розныя бакі разбягаліся вузенькія вулачкі. Вуліца была забрукавана вялікім каменнем. «Па гэтым бруку калі праедзе трактар, то, мабыць, хоць вушы затыкай»,— падумала Таня.

Наліўка павёў гасцей у парк, які ўшчыльную прымыкаў да будынка праўлення. Старыя разлапістыя ліпы так цесна спляліся сваімі кронамі, што толькі вузенькія пасачкі сонечнага святла прабіваліся скрозь зялёную навісь. Ад гэтага сыраватая алея нагадвала доўгі, змрочны калідор. Недзе там уверсе, у самых шатах дрэў, безупынна сварылася вараннё.

— Парк быў панскі, а цяпер наш,— паведаміў Наліўка, прыблізіўшыся да Тані.— Да нашага пана паны з усёй ваколіцы з’язджаліся. Пілі, елі, наладжвалі музыку. Я парабкам у пана быў...

— Цёмна тут, у гэтым парку,— сказала Таня.— Тут і днём сонца не ўбачыш...

— Паны любілі цянёк,— Наліўка павярнуў у бакавую алею.

Гудка, між тым, сярод дэлегатаў не было. Агледзелі і пацягнутыя зялёнай раскай сажалкі, дзе бесклапотна разгульвалі сытыя карасі і карпы. Наліўка не прамінуў пахваліцца парніковымі рамамі, дзе вырошчвалася розная расада, а тэльманаўскі намеснік усё не паяўляўся. Ён вынырнуў нечакана аднекуль з-за вугла, калі госці разам з гаспадарамі аглядалі ўжо калгасны двор. Гудок без ніякіх тлумачэнняў далучыўся да людскога гурту.

Дэлегаты нічому не здзіўляліся. Было відаць, што амаль усе будынкі ўзведзены яшчэ пры панах і маладыя арцельцы пакуль што мала чаго дадалі да іх. Карэспандэнты, якія з самага пачатку параскрывалі блакноты, нарыхтаваўшыся запісваць, пахавалі іх у кішэні і крочылі ўслед з сумнымі тварамі.

На поле паехалі паснедаўшы. У брычку, запрэжаную шустрым жарэбчыкам, селі Платон Іванавіч і Таня; Вінцэсь, Танін учарашні сусед за сталом, кіраваў канём. Наліўка з астатнімі гасцямі і карэспандэнтамі расселіся на шырокай фуры, запрэжанай двума вялізнымі біцюгамі.

— Я, здаецца, тут быў,— сказаў палявод да Тані.— Наш полк праходзіў сюдой.

— Можа, вы і нявесту сваю знайшлі? — пажартавала Таня і адразу схамянулася: Вінцэсь слухаў іхнюю размову. Платон Іванавіч маўчаў.

Па полі пакрочылі пешшу, межамі. Людскі рэй вёў за сабою цяпер Наліўка. Азіміна ішла ў гродзенцаў добрая, такой можна было хваліцца. Тані кінулася толькі ў вочы, што жытнёвае поле нечым нагадвае зялёны дыван, сшыты са шматкоў. Адны шматкі цямнейшыя, другія святлейшыя, і гэта рабіла ўражанне нейкай пярэстасці.

Разгадка прыйшла пазней, калі Наліўка вывеў гасцей на ярыну. Пярэстасць тут была яшчэ болей прыкметнай. Цяпер Таня ўбачыла, што аднаго цэлага масіву няма — зямля падзелена на вузкія палоскі. Сям-там захаваліся яшчэ і межы, выкладзеныя ва ўсю даўжыню каменнем. Гэтыя межы былі падобны цяпер на непатрэбныя сцежкі, якімі спаласавана поле...

— Перакрыжаваным спосабам нельга сеяць? — спытаў Платон Іванавіч у старшыні калгаса.

— Нельга, камення замнога. Яго нам яшчэ хопіць. Тут і трактару цяжка,— Наліўка адказваў так, нібы ён нечым быў вінаваты перад гасцямі.

Хадзілі па полі доўга. Сонца паліла нясцерпна, і ўсе прытаміліся. Апенька адстаў — ён клыпаў на цэлую вярсту ззаду ад усіх. Таня прысела на крушню ўзбоч дарогі. Да яе нячутна падышлі жанкі, што палолі тут жа, каля самай дарогі.

— Горача вельмі, вады выпіце,— жанчына ў завязанай па самыя вочы хустачцы працягнула Тані гарлачык з вадой.

Таня напілася і з удзячнасцю паглядзела на жанок.

— То ў вас, можа, машынамі полюць? — спытала жанчына, смела пазіраючы Тані ў вочы.— Можа, у вас не трэба, як нам тут, па зямлі поўзаць?

— Полюць у нас, як і ў вас,— Таня чамусьці зірнула на свае рукі.

Падышоў Апенька і, нікога не спытаўшы, пацягнуў да сябе гарлачык. Ён хлябтаў на поўны рот, пакуль не спаражніў пасудзіны. Жанкі зірнулі адна на другую з затоеным смяшком.

— Трэба было паліто скінуць, горача,— сказала нейкая з жанок сур’ёзна.

— То дзядзька, пэўна, начальнік, хоча, каб усе бачылі яго,— сказала другая.— Тут табе не да сонца...

Жанчыны, закрываючы раты рукамі, пырснулі смехам. Апенька моўчкі пачыкіляў па дарозе, уздымаючы пыл сваімі балотнымі ботамі.

Сонца хілілася ўжо к захаду. Ляскаючы доўгай пугай, высокі хлапец гнаў па дарозе статак, каровы звінелі прывязанымі да шыі званочкамі. Назад, у Наліўкаву вёску, ехалі тым жа парадкам, што і на поле. На бруку ўжо Платон Іванавіч крануў рукой за плячо Вінцэся, фурмана.

— Мястэчка Верастовіца далёка адсюль, не ведаеш?

— Кіламетраў сорак. А скуль вы ведаеце Верастовіцу?

— На кірмаш туды ездзіў,— усміхнуўся Платон Іванавіч і, саскочыўшы з брычкі, пайшоў абочынай дарогі.

 

III

Па калгасах палешукі ездзілі цэлых пяць дзён. Усюды было, бадай, тое ж самае, што і ў Наліўкі. Дэлегатаў загадзя чакалі і грунтоўна рыхтаваліся да іх прыезду. На полі ў тых калгасах, куды прыязджалі дэлегаты, людзей было не густа. Калгаснікі, апранутыя па-святочнаму, з самай раніцы стаялі ля веснічак, сядзелі на платах — чакалі гасцей. Хлапчукі дзяжурылі, узабраўшыся на дрэвы за вёскамі. Убачыўшы райвыканкомаўскі «газік» і райкомаўскую «Пабеду» на дарозе, яны гарохам сыпаліся з дрэваў і штосілы імчалі ў вёску.

Старшыні і брыгадзіры, наспех паказаўшы дэлегатам будынкі, правёўшы іх па полі, адзін перад другім стараліся вызначыцца хлебасольствам.

А хлебасольства было шчодрае — багацей, як на дзяды. Не шкадавалі гродзенцы парсючкоў, якія б да будучых каляд нагулялі лішніх пудоў па шэсць сала, і баранчыкаў, якіх бы пасля асенняга Кузьмы з Дзям’янам рахункаводы запісалі б ужо валухамі. Сталы проста ўгіналіся ад жаранага, паранага і, як гавораць, таго, што ляжала так кускамі...

Таня проста аж знясілела за ўсе гэтыя дні. Яны праехалі ўжо, можа, дзесяць калгасаў — у адным снедалі, у другім абедалі,— і, калі не лічыць Наліўку і Вінцэся, нікога яна не запомніла, ні з кім не пагаварыла, як з чалавекам. Дзяўчына старалася ўспомніць, што яна ведае пра калгасы, у якіх яны былі, і памяці не было за што зачапіцца. Вось толькі хіба рыба цудоўная ў гродзенцаў. Бадай, за кожным сталом падавалі свежых карпаў і карасёў. Ва ўсіх калгасах ёсць, значыць, сажалкі — гэта вельмі добра, гэта трэба запомніць...

За сталом дэлегаты і гаспадары абяцаліся дружыць, абменьвацца вопытам, запрашалі прыязджаць адзін да другога ў госці. Таня бачыла, што Платон Іванавіч таксама неяк абвяў. Ён ужо не падкручваў, як у Наліўкавым клубе, вусоў, а ўставаў, гаварыў колькі слоў і садзіўся. Толькі адзін Гудок за кожным сталом заклікаў працаваць лепш і ліквідаваць усе недахопы.

У гэты вечар яны пад’язджалі да дзесятага ці, можа, да адзінаццатага калгаса. Вёска была прыгожая — уся ў зеляніне садоў, абоч парканаў роўнаю чарадой стаялі клёны. Над рачулкай, спусціўшы вецце да самай вады, сумавалі разгалістыя вербы. За вёскай спускалася сонца, і яго чырванаватыя мяккія праменні аздаблялі ўсё наваколле нейкімі чароўнымі, казачнымі фарбамі. Тані здалося, што яна некалі даўно-даўно бачыла ўжо гэтыя мясціны, бачыла вербы, што схіліліся над рэчкай. Яна ўсё хацела ўспомніць, дзе яна бачыла такі куток, і не магла. «А дзе ж млын?» — раптам мільганула думка, і Таня ўсё ўспомніла: бачыла яна адну карціну ў Маскве, у музеі, як ездзіла на выстаўку.

«Пабеда» мякка падкаціла да саду. Там пад самымі яблынямі былі накрыты доўгія сталы.

— Не падабаюцца мне гэтыя пачастункі, Платон Іванавіч,— ціха сказала Таня.— Хіба мы сюды есці прыехалі?

— Госць, як нявольнік, Таня, ты толькі цішэй.— Палявод з натугай вылазіў з вузкіх для яго дзверцаў «Пабеды».

Таня прыкмеціла — у кожным новым месцы ўсё пачынаецца з самага пачатку. Гаспадары спярша прыглядаюцца да сваіх гасцей, як бы ацэньваючы іх вартасць. Ніхто нічога не гаворыць, але гэта відно па позірках, па прытоеных усмешках, па тых непрыкметных рухах, якія гавораць часам болей за словы. На Платона Іванавіча ўсюды глядзелі з павагай — яго каржакаватая, дзябёлая постаць, сівізна на скронях, падстрыжаныя вусы, ордэн на штрыфлі пінжака выдавалі ў ім чалавека, які трохі пахадзіў па жыцці. Гудка сустракалі, як добрага знаёмага, з якім развіталіся толькі ўчора. Таня бачыла — яго слухалі, але пытанняў не задавалі ніколі. Да Апенькі ж адносіліся знешне раўнадушна, але за гэтым раўнадушшам хавалася прытоеная насмешка. Стаяў Апенька заўсёды збоку, калі ішлі глядзець калгасны набытак — ішоў ззаду. Ні разу не гаварыў ён за сталом. Мабыць, людзі нейкім беспамылковым пачуццём разгадвалі, з кім маюць справу.

Апенька, мабыць, і сам адчуваў, што яго паважаюць не асабліва. Ён хадзіў маўклівы і насуплены, не ўступаючы ў гаворку нават са сваімі.

Вясковы вечар быў напоўнены рознагалосай гамонкай і яшчэ нечым прыемным, няўлоўным, пахла мочанымі яблыкамі, укропам.

Гаспадары завіхаліся каля стала. Яны за познім часам і не збіраліся хваліцца перад гасцямі сваім багаццем. Палявод ужо стаяў у шчыльным акружэнні калгаснікаў і нешта даводзіў. Таня з Надзейкай пабеглі да рэчкі. На лужку перад рэчкай поўзаў на каленях Апенька. «Згубіў ён тут што?» — падумала Таня.

Дзяўчына спытаць не паспела — да Апенькі падыходзілі два хлопцы.

— А я аер ірву,— сказаў Апенька, устаючы.— Яго корань ад многіх хвароб памагае. Не расце ў нас гэтая траўка.

— Мы можам табе, дзядзька, цэлы воз нарваць такога дабра. На тваё здароўе.

Хлопцы, перасмейваючыся, нагнуліся і сталі рваць аер разам з Апенькам, сочачы ў той жа час за Надзейкай і Таняй.

Гэты аер дарэмна Апеньку не прайшоў. Як толькі ён вярнуўся ў сад, яго адразу ж абступілі вяскоўцы.

— То ваша Палессе, таварыш, пэўне, аж пад самай Украінай? Зямля ў вас, мусі быць, добрая,— запытаўся ў Апенькі шчуплы на выгляд чалавек у шапцы з вялізным брылём. Яго вочкі паглядалі з-пад гэтага брыля насцярожана і колка.

— Блізка ад Украіны мы,— згадзіўся Апенька.— Але ў нас балот багата, цяпер паасушылі іх, праўда...

— А колькі, прыкладам, далі вам летась на працадзень?

— Зерня тры кілаграмы далі, ды бульбы...

— То таварыш шмат хлеба мае, раз такую вопратку справіў,— чалавечак пашчупаў пальцамі палу абшарпанай Апенькавай тужуркі.— Хром, мусі быць, яшчэ мікалаеўскага вырабу.

Ззаду засіпелі прыдаўленым смяшком. Апенька стаяў з пабялелым тварам і не ведаў, што адказаць.

За сталом Апенька на гэты раз еў і піў мала і некага шукаў вачыма. Ён папрасіў слова першым, адразу пасля таго як выступіў мясцовы старшыня. Таня са здзіўленнем і страхам глядзела на Апеньку.

— У нашым калгасе хто робіць, той без хлеба не сядзіць,— пачаў Апенька без ніякіх прывітанняў.— А хто не верыць, можа прыехаць і паглядзець. Мы не хаваемся. І парадак, праўду кажучы, таксама ў нас лепшы. У вас яшчэ аднаасобнікі розныя сыкаюць на калгас. Чуў я, як адзін тут кепікі строіў. Пасля вайны мы былі бядней за вас, але ж падняліся. Тры кані было на ўвесь калгас. А цяпер колькі ўсялякага набытку. Няхай прыедзе, паглядзіць той аднаасобнік, калі я брашу...

Таня слухала і ледзь верыла вушам, што ўсё гэта гаворыць Апенька. Адкуль у яго ўзяўся гэтакі патрыятызм?

Апенька між тым сеў і зноў пачаў некага шукаць вачыма. За сталом усе прыціхлі, потым бурна прывіталі не вельмі складную Апенькаву прамову. І тут якраз наступіла тая перамена, на якую Таня ўжо і не спадзявалася. Так, як гаварылі ўсе гэтыя пяць дзён і госці, і гаспадары, гаварыць ужо нельга было. Упершыню паразмаўлялі, здаецца, шчыра і сардэчна...

Назаўтра апаўдня дэлегаты вярнуліся ў Наліўкаў калгас. Вечарам тут меціўся апошні сход, на які запрашаліся людзі з тых калгасаў, дзе дэлегаты не паспелі пабываць. Сход рашылі правесці на ўзбочыне парку, пад навіссю старых, некалі панскіх ліп.

Наліўка быў вясёлы, прыветлівы, як і ў першы дзень прыезду дэлегатаў. Ён сыпаў, як з меха, жартамі і прымаўкамі.

— Вось зараз мы вам лазню наладзім, а ўжо вечарам вы нам...

Дэлегатам сапраўды прапанавалі памыцца ў лазні. Наліўкава лазня мала чым рознілася ад роднай, бярэзнікаўскай. Такая ж старая, збуцвелая хатка, толькі трохі большая. Дзяўчатам — Тані і Надзейцы — аказалі павагу: яны мыліся першымі. Потым зайшлі мужчыны.

Гудок выбраўся з лазні апошнім і, зайшоўшы на колькі хвілін у лаўку, рушыў у парк, пад дрэвы. Твар у яго быў чырвоны і здаволены. Падаслаўшы на траву свой кіцель, Гудок лёг у адной нацельнай сарочцы і адразу заснуў.

Ён прачнуўся ад нейкага бязладнага прарэзлівага звону і шматгалосага ляманту. Падхапіўшыся, ён убачыў дым і зразумеў, што недзе гарыць. Праз хвіліну Гудок у адной нацельнай сарочцы быў ужо каля лазні, адна сцяна якой палыхала барвовым полымем. Каля будынка мітусіліся людзі, махалі рукамі і нешта крычалі. Гудок, не раздумваючы, узяў каманду на сябе.

— Усе па вёдры! — загрымеў ён.— Ваду браць з сажалкі!

Нехта падаў яму бусак, і адразу з даху старой будыніны паляцелі на зямлю трухлявыя напаўабгарэлыя дошкі і кроквы.

Прыгрукатала і стала як укапаная чырвоная пажарная машына, запрэжаная парай коней. Пажарнікі разматвалі доўгі шланг.

— Да гумна! — закрычаў Гудок не сваім голасам.— Там дах саламяны!..

Пажарнікі паслухмяна завярнулі нахрапуджаных коней да гумна, якое стаяла недалёка ад лазні. Нейкі парадак быў наведзен — ляманту стала менш... Жанкі і мужчыны подбегам цягалі ваду з сажалкі і, адварочваючы твары ад палыхаючага будынка, пляскалі ў зяпу агню вадой. Полымя ад гэтага, здавалася, расло яшчэ вышэй.

— Ні к чорту работа! — надрываўся Гудок.— Станавіся ў ланцуг!

І вось ужо ад палаючай лазні да самай сажалкі расцягнулася доўгая людская чарга. У гэтай чарзе стаяў і Наліўка. Вёдры з вадой ішлі цяпер безупынна...

Полымя залілі хутка. Выгарала паўсцяны. Наліўка першы час хадзіў прыбіты і разгублены.

— Лазня глупства, мы ўсё роўна збіраліся зносіць гэтую трухліну,— тлумачыў ён чорнаму ад копаці Гудку.— Але звону будзе на ўсю вобласць. У такі дзень і недаглядзелі...

К вечару Наліўка зноў стаў сам сабой. Ён насіўся па парку, загадваў, жартаваў.

— Ты, брат, камандзір, гэта я адразу адчуў,— ляпаў ён па плячы Гудка.— Сам стаў пад тваю каманду. Лазня — пра яе ўспамінаць не варта, а вось у гумне ў нас на паўмільёна трасты ляжыць. Змікіціў ты, выручыў з бяды...

Вечарам, нягледзячы на пажар, такі наладзіў Наліўка апошні, развітальны сход. Па праўдзе кажучы, бяседа за сталамі, якія былі накрыты на ўзмежку парку, пад маладымі дрэвамі, была мала падобна на сапраўдны сход. Але Тані яна спадабалася болей за ўсё, што яна бачыла і чула за гэтыя дні. Нагаварыўшыся, госці заспявалі разам з гаспадарамі. Большую за ўсіх пашану атрымала тут Надзейка Палякова. Яна ні разу нідзе не выступала, але затое ў яе быў такі добры і прыемны голас. Яе спевамі можна было заслухацца. Гудок грымеў мацней за ўсіх. Апенька ж ледзь чутна падцягваў хрыплым, натужным голасам.

Вінцэсь, як і ў першы раз, сядзеў поруч з Таняй і, асмялелы ад лішніх чарак, абяцаўся к восені зноў прыехаць у Бярэзнікі і прасіў дазволу пісаць ёй лісты. Таня бачыла, як раз-пораз кідаў позіркі на прыгожага Вінцэся Платон Іванавіч, і ўсміхалася сама сабе.

Блізіўся ўжо ранак, а госці разам з гаспадарамі ўсё гаварылі і спявалі. За сталом сядзелі блізкія, шчырыя сябры, якія, здаецца, зусім не збіраліся развітвацца.

1956


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 2. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1982. - с. 345-360
Крыніца: скан