epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Дні, якія надоўга запомніліся

У першыя пасляваенныя гады ў рэдакцыях раённых, абласных газет працавала мноства новых людзей з вельмі небагатым журналісцкім вопытам. Гэта былі ўчарашнія партызаны, франтавікі, даваенныя селькоры. Вучыцца пісаць ім трэба было надзвычай аператыўна, бо газеты матэрыялу патрабавалі шмат. Для маладога журналіста раённай, абласной газеты аўтарытэт рэспубліканскай «Звязды» быў бездакорны. Атрымліваючы тое ці іншае заданне, літсупрацоўнік, карэспандэнт нязменна лістаў падшыўку «Звязды», стараючыся знайсці патрэбны для сябе адказ.

Пачынаючы гэтыя невялікія нататкі пра «Звязду» сорак шостага і сорак сёмага гадоў, я зрабіў спачатку мысленнае падарожжа ў мінулае. Я працаваў куставым карэспандэнтам абласной газеты «Бальшавік Палесся» (Мазыр), жыў наводшыбе, штодзённых зносін з калектывам рэдакцыі не меў. Мая журналісцкая практыка была мізэрная, таму без пераўвелічэння магу сказаць, што «Звязда» для мяне была вельмі сур’ёзным дарадчыкам.

Жыццё пасля вайны было нялёгкім — разбураныя гарады, спаленыя вёскі, зямлянкі, неўраджайны, засушлівы сорак шосты год, жонкі-ўдовы, дзеці-сіроты. І ўсё ж кожны новы дзень нёс новыя падзеі і спадзяванні. Варта было цаніць тое, што ёсць — здабытае крывёю, нечалавечымі пакутамі.

Гэты настрой журналісты «Звязды», мне здаецца, добра адчувалі. Газета ў той час друкавала многа карэспандэнцый, замалёвак, нарысаў, якія як бы дыхалі радасцю заваяванага мірнага жыцця, паэтызавалі калгасныя і саўгасныя будні. Куды толькі не завітвалі «звяздоўцы»! Тэмай карэспандэнцыі, замалёўкі рабілася гутарка вяскоўцаў на прызбе, зімовы дзень ці вечар у калгасе, новы дом, у які сям’я перасялілася з зямлянкі, малюнак таго, як красуе на полі жыта, як цвіце лён, як абмалочваецца першы сноп.

Мне тады здавалася, што «Звязда» спявае. Вельмі многія яе матэрыялы вызначаліся шчырасцю, цеплынёй, чалавечнасцю, яны як бы мелі на мэце паказаць чытачу шырыню жыццёвых даляглядаў, абудзіць у ім радасць, веру ў лепшую будучыню.

Частымі былі матэрыялы з «глыбінкі». У Тураў, Лельчыцы — у гэтыя аддаленыя ад чыгункі палескія мясціны — у той час не так лёгка было дабрацца, але «звяздоўцы» дабіраліся ўлетку і зімой, пісалі пранікнёныя нарысы, падмацаваныя здымкамі фотакарэспандэнтаў.

Пасляваенная «Звязда» хораша адчувала і паказвала звычайнага чалавека — трактарыста, каваля, хлебароба, даярку. Яны былі асноўнымі героямі яе матэрыялаў. Іх вачыма газета ўмела глядзець на свет, на жыццё.

Такой я памятаў «Звязду». Але, можа, памяць падвяла? Яна, як кажуць, інструмент не заўсёды надзейны. Ды і часу мінуў немалы кавалак — болей як дваццаць гадоў. Змяніліся мы самі, змяніліся нашы густы.

Не без хвалявання гартаю кранутыя часам, сям-там падклееныя старонкі падшыўкі за сорак шосты і сорак сёмы гады. Ёсць штосьці да болю шчымлівае ў гэтых вандроўках па даўно пройдзеных дарогах і сцежках, у пазнаванні таго, што запала ў сэрца, але даўно мінулася, сплыло. Не, не падвяла памяць. «Звязда» менавіта такая, якой запомнілася, і цяпер гэта можна даказаць дакументальна. Клопат пра аднаўленне разбуранага вайной жыцця, пра чалавека — у кожным нумары. Інфармацыя пра будаўніцтва цагельных заводаў, школ, пра высяленне з зямлянак, крытыка ў адрас нядбайных, а то і нячыстых на руку гаспадарнікаў мае ў газеце сталую прапіску.

Іншы раз знаходзіш проста трывожныя радкі, накшталт: «Гомель да вайны быў прыгожым горадам. Цяпер цэнтр яго забудоўваецца карлікавымі домікамі (асабліва ў раёне Конскага рынку)» («Звязда» ад 17 ліпеня 1946 г.).

У Гомелі мне давялося нядаўна пабываць. Жыццё выправіла памылку. І хораша ад думкі, што газета яе своечасова заўважыла.

Вось некаторыя нарысы таго часу, якія добра запомніліся: «У глухім кутку», «Зімовы дзень», «У зімовы вечар», «Калгасныя конюхі», «Садоўнікі», «Там, дзе былі папялішчы», «Новы дом», «Малацьба»...

Кажуць, што газета жыве адзін дзень. Але справа, відаць, у тым, што ёсць дні, якія надоўга запамінаюцца. Дзякуй табе, «Звязда»!

Свае нататкі хачу закончыць звяздоўскай заметкай, вельмі тыповай для таго часу: «Крычаў. 2 кастрычніка 1946 г. Калгасніца сельгасарцелі «Запавет Леніна» Аляксандра Зебрава нарадзіла тройню. Усе навароджаныя ў добрым стане. Цяпер Зебрава мае 8 дзяцей. Калгас пабудаваў калгасніцы дом і выдаў малочную карову. Дапамогу аказалі таксама раённыя арганізацыі ».

Трайняты калгасніцы Зебравай — як бы хрэснікі «Звязды». Цяпер ім болей як па дваццаць. Просіцца, як кажуць, новая тэма.

1968


1968

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 106-108
Крыніца: скан