epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Добрага ветру ў творчыя ветразі

Для мяне асабіста гэта азначае, што пакаленне, азоранае бляскам, дыханнем, духам Кастрычніка, пакаленне, перад якім у трыццатыя гады толькі пачыналі раскрывацца жыццёвыя далі і якое з юнацкай самаахвярнасцю сустрэла Айчынную вайну,— гэтае пакаленне пачынае адзначаць свае паважаныя ўсімі юбілеі.

Жыццёвая восень. Час мудрасці, падрахункаў. А для пісьменніка, як мне здаецца, нават і ў шэсцьдзесят надзвычай плённая творчая пара, калі з вышыні пражытых гадоў можна азірнуцца на пройдзеныя дарогі, разумнай паблажлівасцю ацаніць і добрае, і благое, што было на гэтых дарогах. На адлегласці ад перажытага заўсёды нараджаецца паэзія. Нават тое, што надзвычай балела, прыносіла бяссонныя ночы, нашчэнт разрывала сэрца, на адлегласці можа стаць паэзіяй. Бо літаратура — успамін аб перажытым. І запавет наступным пакаленням.

Хочацца пажадаць Івану Шамякіну шчаслівай жыццёвай, творчай восені.

Я памятаю адну такую. Восень 1943 года на Палессі, у Прыдняпроўскім краі, з юнацтва блізкім, знаёмым і Шамякіну. Ужо з верасня загарэліся залатымі барвамі асіны, клёны, дубы. З-за Дняпра даносілася прыглушаная гарматная кананада, прадвяшчаючы канец больш як двухгадовай фашысцкай акупацыі, заранак нашай Перамогі. Тры месяцы, да канца лістапада, стаяў у асенняй пазалоце лес, раніцай узыходзіла сонца, днём трымцела сіняватая смуга, і ўсё гэта нібы ў гонар пераможцаў — у абшарпаных, заляпаных шынялях байцоў і афіцэраў дывізіі, якая прыйшла на Палессе ад самага Сталінграда.

Вось такой цёплай, яснай, акрыленай надзеямі восені жадаю Івану Шамякіну.

Зроблена многа. Іван Шамякін, сын лесніка, інтэлігент у першым пакаленні, як яго папярэднікі і сучаснікі з падобнымі біяграфіямі — скажам, Кандрат Крапіва, Кузьма Чорны, Іван Мележ, Васіль Быкаў,— здолеў пракласці ўласныя дарогі ў прыгожым беларускім пісьменстве, заслужыўшы права на пачэснае месца ў падручніках літаратуры і хрэстаматыях.

Іван Шамякін сярод беларускіх пісьменнікаў вызначаецца тым, што аддаў вялікую даніну зграбнаму сюжэту, стройнай пабудове мастацкага твора, заўсёды дбаў аб тым, каб яго кнігі былі займальнымі, цікавымі для чытання. Гэтая якасць Шамякіна асабліва прыкметная, бо навошта грахі таіць — некаторыя нашы пісьменнікі ў пагоні за ўяўнай глыбінёй, за модай пішуць сумна, глуха, нецікава. Але ж можна і важныя жыццёвыя, нават філасофскія праблемы падымаць і пісаць цікава.

Іван Шамякін, як адважны мараход, смела кідаўся на неасвоеныя літаратурныя мацерыкі, не баючыся, што на гэтым шляху яго падпільноўваюць шматлікія небяспекі. Здаралася, што ўзнятую ім тэму наступныя майстры асвойвалі глыбей, выразней, але застаецца бясспрэчным, што шмат якія скібіны на цаліне беларускай моватворчасці першы ўздымаў ён, Шамякін.

Працаваў Іван Пятровіч нястомна. Усе свае трыццаць пяць творчых гадоў, пачынаючы ад аповесці «Помста», якая, калі не памыляюся, убачыла свет у часопісе «Полымя» ў другой, «мірнай» палове сорак пятага года.

Шмат пасля было кніг, якіх прагна чакалі, чыталі, а прачытаўшы, востра, зацікаўлена абмяркоўвалі чытачы. Па колькасці дыскусій, якія адбыліся па яго творах, няма ў сучаснай беларускай літаратуры пісьменніка, які мог бы зраўняцца з Шамякіным!

Гэта не выпадкова. Шамякін валодае шчаслівай здольнасцю ўлавіць, увасобіць у мастацкім вобразе тое, што яшчэ толькі як бы носіцца ў паветры і чаму няма выразнай назвы. Гэтым самым мастак як бы адказвае на духоўныя запатрабаванні грамадства. Па вострых слядах надзённасці пісаліся «Глыбокая плынь», «Крыніцы», «Сэрца на далоні» — кнігі вельмі хораша, зацікаўлена сустрэтыя чытачамі.

Там, дзе пісьменнік, калі можна сказаць так, чула настройваўся на сацыяльны заказ часу, выконваў яго з мастакоўскай, грамадзянскай зацікаўленасцю, там яму няўхільна спадарожнічала творчая ўдача. Да прыкладу, возьмем тэму горада. Колькі прамоў-заклікаў гучала на нашых сходах, пленумах, пісьменніцкіх з’ездах пра неабходнасць пісаць пра горад, рабочы клас, новы, індустрыяльны рытм жыцця ў эпоху навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. Адгукнуўся на сацыяльны заказ часу пакуль што адзін Шамякін, напісаўшы вельмі някепскі раман «Атланты і карыятыды», засведчыўшы сваім творам, што ён па-ранейшаму добра адчувае і разумее надзённыя, вострыя праблемы нашага агульнабыцця, у дадзеным выпадку гарадскога. Ёсць у «Атлантах і карыятыдах» удала схопленыя чалавечыя тыпы, якія характарызуюць менавіта людзей сямідзесятых гадоў, ёсць уменне падмеціць і негатыўныя бакі індустрыяльнага прагрэсу.

Амаль трыццаць гадоў Іван Шамякін быў адным з кіраўнікоў нашай пісьменніцкай арганізацыі. Мы настолькі прывыклі да Шамякіна ў гэтай ролі, што ніяк не маглі ўявіць Саюз пісьменнікаў без яго. Да яго, як да свойскага чалавека, можна было прыйсці ў Саюз або пазваніць па дамашнім тэлефоне, паскардзіцца на дрэнныя жыллёвыя ўмовы, на тое, што ў выдавецтве заціскаюць кніжку, а ў дакладзе ці ў справаздачы адказнага творчага таварыша прапушчана наша імя. Шамякін разумеў, спачуваў, нярэдка дапамагаў. Прызнаёмся — шмат каму ён дапамог у нашых творчых і жыццёвых справах.

І галоўнае нават не гэта. Да яго можна прыйсці і, калі ўдаецца застаць на месцы ці «злавіць за крысо»,— пагаварыць, адвесці душу...

Што ж, Іван Пятровіч, жыццё не стаіць на месцы, а развіваецца, так сказаць, па новых вітках і спіралях. Жадаем вам у ваш жыццёвы верасень і ўсе наступныя месяцы добрага здароўя, творчага настрою і плёну, і самае галоўнае — новых добрых кніг.

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 298-301
Крыніца: скан