epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Добры пачатак

Прозвішча Віктара Карамазава не надта часта мільгала ў нашай літаратурнай перыёдыцы. Ён належыць да ліку празаікаў, што прабуюць свой голас у самыя апошнія гады, прабуюць як бы нясмела, павольна-асцярожна, асабліва не ўзрушваючы чытача ні вастрынёй тэм, ні незвычайнасцю іх мастацкага вырашэння.

Пра тое, аб чым піша В. Карамазаў, пісалі многія да яго, ён не рве, не парушае традыцый, а як бы нават не імкнецца выдзеліцца на фоне сучаснай маладой беларускай прозы.

І вось першы зборнік апавяданняў маладога празаіка. Сабраныя пад «адзін дах» апавяданні, эцюды, замалёўкі, трэба сказаць, стварылі кнігу даволі цэласную, прасякнутую, калі можна ўжыць такі выраз, адзінай душэўнай мелодыяй.

Па характару светабачання, светаадчування Віктар Карамазаў — лірык. Але лірык не непасрэдных, прама выказаных эмоцый і настрояў, а больш строгі, з цягай да аб’ектываванай манеры апавядання, да прадметна-рэчавай пластыкі слова, малюнка.

Кола ўзнятых у зборніку жыццёвых пытанняў таксама выяўляе ў Карамазаве лірыка. Яго найбольш вабіць раскрыццё добрых, светлых пачуццяў у душах простых, нічым асабліва не прыкметных людзей; паказ самой атмасферы чалавечнасці, любві, спагады, дабраты ці ва ўзаемадачыненнях паміж людзьмі, ці ў іх адносінах да прыроды, да ўсяго жывога.

Такім чынам, В. Карамазаў — пісьменнік тонкіх, «інтэлігентных» адчуванняў. Тое, што ён сказаў некаторымі сваімі эцюдамі і замалёўкамі, здаецца, можна было выказаць толькі вершам.

Зборнік адкрываецца апавяданнем «Нязгаснае». У ім тыповы для ўсёй нашай маладой прозы зварот пісьменніка да пары дзяцінства, да яе першых паэтычных уражанняў, якія застануцца найсвятлейшым спадарожнікам сэрца на ўсё жыццё: «Каторы раз, цяпер у адных толькі думках, з далёкай стараны вяртаюся ў родную бацькаву хату... І бачу бацьку. Пасярэдзіне хаты, шырока паставіўшы ногі, у даўно знаёмай мне паласатай камізэльцы і коратка абрэзаных валёнках, пад капою сонечнай, як сакавіцкі снег за вокнамі, сівізны, хударлявы, ён трымае на запалых грудзях трафейную скрыпку, а смычок паволі пілуе ды пілуе яе напалам...»

Пра што гэтае апавяданне? Пра тое, што ёсць на свеце такія рэчы, як дружба, чалавечая прыязнасць, прыхільнасць, і каб іх не было, жыццё стала б невыносна цяжкім, а можа, нават і немагчымым. У прыволжскім сяле Тургенева жыве эвакуіраваны з Магілёўшчыны настаўнік, які загадвае тут сямігодкай, сам ходзіць за плугам, каб што-небудзь вырасла на прышкольным участку. Час ад часу ў хату да настаўніка завітвае калгаснік, былы франтавік Герасім Іванавіч (гэта ён рабіў настаўніку хату). Людзі гэтыя шчыра сябруюць, абодва закаханы ў музыку, іграючы па чарзе на скрыпцы вайсковыя маршы, песні, полькі (настаўнік можа сёе-тое і з Грыга), яны, так сказаць, выяўляюць не толькі свае асабістыя, інтымныя пачуцці, а і пачуцці грамадскія, тыя, якімі на працягу доўгіх, нялёгкіх год жыла краіна.

Кожнае апавяданне маладога пісьменніка прысвечана выяўленню якой-небудзь добрай, высакароднай рысы ў характары нашага сучасніка, пераважна чалавека самага звычайнага жыццёвага занятку. Запамінаюцца плытагон Букініч і бухгалтарка Кацярына («Букініч»), прыгожыя душэўна, гордыя людзі, якія моцна пакахалі адзін аднаго і мераюць сваё каханне самымі высокімі меркамі. Такімі ж настроямі жывуць героі апавядання «Запозненыя паязды», узаемнае шчырае каханне якіх сутыкнулася з пачуццём абавязку.

Бадай, ці не самае лепшае ў зборніку апавяданне «Я любіў яго», у якім малююцца будні журналістаў раённай газеты, іх радасці і згрызоты. Гэтае апавяданне выдзяляе дасканалае веданне жыццёвага матэрыялу, які стаў прадметам мастацкага паказу (сам Карамазаў доўгі час працаваў у раённай газеце), нявыдуманая праўда характараў і абставін. Увогуле, сам набор эмацыянальных фарбаў тут значна шырэйшы, чым у астатніх творах. Гумар, добрая ўсмешка суседнічаюць тут з лірызмам, з аўтарскай разважлівасцю. Менавіта вось такое поліфанічнае бачанне жыцця сведчыць аб немалых творчых магчымасцях Карамазава.

У апавяданні намаляваны вельмі абаяльны вобраз літсупрацоўніка раённай газеты Гната Сіўца, чалавека, магчыма, крыху дзівакаватага, але надзвычай справядлівага, чулага душой, які збірае матэрыялы, раз’язджаючы па раёне на рыжай кабыле. «Рабацяга Гнат. Ён цягнуў не толькі за сябе, цягнуў пакорліва і надзейна. Акрамя сваіх чыста журналісцкіх абавязкаў штогод каваў і раскоўваў кабылу, рамантаваў вупраж, касіў і вазіў на зіму сена. Ды Гнат ніколі і не ўхіляўся ад гэтага клопату, нібыта ён здаўна быў наканаваны толькі яму аднаму. Гэта, можа, таму, што кабыла нікога не падпускала да сябе з такім даверам, як Гната, нібы ведала, што ціхаму хлопцу абавязана была сваім жыццём...»

Да ліку лепшых у зборніку адносяцца таксама апавяданні «Зялёныя тоні» і «Навальніца ў паводку». Заслугоўвае ўсялякай пахвалы тое, што Карамазаў імкнецца раскрываць псіхалогію простага чалавека, радавога ўдзельніка жыцця, шукае і знаходзіць паэзію ў звычайным, будзённым.

Шэраг змешчаных у зборніку замалёвак і эцюдаў, такіх, як «Па слончыну песню», «Ліменскі сшытак», «Мне сніцца бой ласёў», датычаць узаемадачынення ўжо знаёмага нам героя, звычайнага чалавека са светам прыроды. Свет гэты багаты, шырокі, разнастайны сваімі праявамі, і без сузірання ўсходу і захаду сонца, без таго, каб апынуцца на якой-небудзь ціхай, зарослай аерам рачулцы, на залітай ранішнім туманам лясной паляне, герой гэты не можа жыць. Паляванне, рыбная лоўля ў вандроўках героя — справа, бадай, другарадная, галоўнае — налюбавацца прыгажосцю родных, беларускіх мясцін, надыхацца водарам лесу і поля, сустрэцца з такімі ж, як ён сам, закаханымі ў прыроду людзьмі. Малады празаік з першых крокаў выяўляе сябе вельмі неблагім майстрам пейзажнага жывапісу словам, і хочацца ўсяляк заахвоціць яго да работы ў гэтым напрамку.

Віктар Карамазаў — пісьменнік з выразна рамантычным успрыманнем жыцця. У сваіх героях ён шукае перш за ўсё праяўлення высокіх пачуццяў, імкненняў, якімі дыктуюцца іх жыццёвыя паводзіны. Відаць, нездарма аўтар назваў свой першы зборнік «Падранак», па назве эцюда, у якім, па сутнасці, вар’іруецца горкаўскі матыў высі, неба, перадсмяротнага подзвігу («Песня аб Сокале»).

У пошуках рамантычнасці, незвычайнасці пісьменнік іншы раз збочвае і на сцяжыны, якія не могуць прынесці творчага плёну. Я маю на ўвазе апавяданні «Каштаны» і «Апошні брыз». Аўтар як бы імкнецца ў названых апавяданнях выявіць паэзію выпадковых, «курортных» сустрэч, якія, зрэшты, ні да чаго не абавязваюць ні героя, ні гераіню. Нягледзячы на самыя «хітрыя» сюжэтныя звівы і хады, пісьменніку так і не ўдаецца даказаць чытачу, што ўдзельнікі падобных сустрэч і заляцанняў кіруюцца высокімі жыццёвымі імкненнямі. Хутчэй, наадварот. Не могуць быць тонкімі, «інтэлігентнымі» пачуцці, пазбаўленыя этычнага грунту.

Віктар Карамазаў зрабіў удалую творчую заяўку. Вядома, яму яшчэ шмат трэба працаваць. Нават у апавяданнях, якія называліся ў ліку лепшых, ёсць мясціны, напісаныя мовай, блізкай да мовы газетнага нарыса, ёсць залішне просталінейныя, псіхалагічныя рашэнні. Але ў той жа час ёсць тонкая назіральнасць, веданне жыцця, уменне цікава расказваць аб убачаным і перажытым, і хочацца думаць, што іменна гэтыя якасці стануць зарукай будучага поспеху маладога празаіка.

1968


1968

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 260-263
Крыніца: скан