epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Дум уладар

Гэта як у казцы: у лясным засценку, у сям’і звычайнага лесніка, нарадзіўся хлопец. Хлопец дапытлівы, цікаўны, да ўсяго хоча дайсці ўласным розумам, дакапацца да «кораня» рэчаў і з’яў. Пасвіць статак, бегае ў лес па грыбы, ягады, прагна прыслухоўваецца да гаворкі бывалых дзядзькоў, што часцяком завітваюць у леснікову хату, якая стаіць непадалёк ад люднага гасцінца.

Сялянскі, гаротны лёс не зычыў сыну лесніка зазнаць вялікай кніжнай навукі. Пушкін і Крылоў у зрэбнай торбачцы пастуха, «дарэктар» з ведамі «ў адну столку», некалькі месяцаў бегання ў вясковую школу. Дый не бог ведае які універсітэт настаўніцкая семінарыя ў Нясвіжы, што не так ужо шырока расчыняла дзверы для сялянскай галоты.

Мінаюць гады — не простыя, а напоўненыя рэвалюцыйнымі вятрамі веку,— і малады вясковы настаўнік з глухога Палесся пачынае друкаваць вершы і апавяданні, прылучаецца да рэвалюцыйнай работы, удзельнічае ў настаўніцкім з’ездзе, тры гады сядзіць у мінскім астрозе, блукае па Беларусі ў пошуках службы, заробку, ідзе на імперыялістычную вайну... А журботныя вершы і вясёлыя, поўныя добрага смеху, апавяданні народнага настаўніка ўжо даўно заўважаны, іх чытаюць не толькі пад сялянскай страхой, а і людзі пісьменныя, культурныя, тыя, што добра ведаюць і Шэкспіра, і Талстога. Маладому пісьменніку гэтыя людзі прарочаць вялікую будучыню. Заўважае беларускага песняра, як і яго слаўнага сабрата, і вялікі буравеснік рэвалюцыі, уладар імкненняў перадавой Расіі Максім Горкі. Дарэчы, чалавечыя лёсы іх траіх — Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Горкага — надзвычай падобныя, блізкія.

Эпоха «руху саміх мас» вылучае сваіх песняроў, сваіх уладароў дум. Для Якуба Коласа і Янкі Купалы — сыноў сялянскай Беларусі, якая нават для людзей адукаваных, перадавых была збольшага паняццем этнаграфічным,— у абсягах рэвалюцыйнага пераўтварэння жыцця бачыліся яшчэ і свае адметныя задачы. Другія народы даўно заявілі аб сабе, за іх плячамі былі значныя набыткі кніжнай культуры, найталенавіцейшыя з людзей пануючага класа зліваліся з народам, выказваючы яго непаўторную душу, розум, імкненні. Беларусь жа яшчэ мусіла заявіць аб сабе, заявіць так, каб яе голас пачулі і адрознілі. Гэта было патрэбна і нялёгка: за вельмі кароткі прамежак часу трэба было прайсці шлях, пройдзены другімі народамі за многія дзесяцігоддзі. Задачу гэтую ва ўсёй яе маштабнай велічы выканаў Кастрычнік, раскрыўшы народу прастор для тытанічнай творчасці. Нарадзілася вялікая літаратура, якая сваімі дасягненнямі мераецца з творчымі здабыткамі братніх народаў. Але грунт і разгон гэтай новай, вялікай літаратуры далі яны — Янка Купала і Якуб Колас, два волаты, якія прыйшлі з глыбінь народнай моватворчасці, два мастакі, якія здолелі ўзняцца да вяршынь чалавечай культуры.

Эстэтыка Якуба Коласа — у сваёй аснове рэвалюцыйная. Паэтызуецца ўсё актыўнае, бунтарнае, непакорнае. Ідэал — новы, разняволены чалавек, гаспадар жыцця. У той жа час у творах Якуба Коласа здзіўляе народны, непаўторны па свайму характару, погляд на навакольны свет. У творах сапраўды народных адчуванне прыгажосці жыцця павінна злівацца з разуменнем таго, што ўсё тое, што пісьменнік паказвае як ідэал, павінна быць добрым, прыносіць дабро людзям, г. зн. эстэтыка павінна як бы атаясамлівацца з этыкай. У Коласа гэтае зліццё прысутнічае. Эстэтычны свет, ідэі яго творам дала рэвалюцыйная рэчаіснасць, савецкая ява, а пісьменніцкія ацэнкі, эмацыянальны падтэкст — народныя, трымаюцца на народных, выпрацаваных вякамі ацэнках дабра і зла. Можа, у гэтым і сакрэт магутнасці таленту Якуба Коласа.

Сапраўды прыходзіцца здзіўляцца, як вясковы настаўнік здолеў узняць свае творы на вышыню лепшых дасягненняў літаратуры. Розніца ў часе паміж Коласам і яго папярэднікамі Дуніным-Марцінкевічам, Багушэвічам, Лучынай — невялікая, а розніца паміж тым, як пісалі яны, і творамі Коласа — велізарная. Асабліва гэта датычыць прозы, якую пісьменнік стварыў амаль што на голым месцы.

Колас вучыўся ў Пушкіна, Гогаля, Някрасава. Але, мабыць, не варта забываць, што сама вучоба — яшчэ не творчасць. Пісьменнік меў справу з адметным матэрыялам — жыццём сялянства, яго барацьбой, матэрыялам найменш асвоеным эстэтычна і ў рускай літаратуры. Так што тут беларускаму песняру прыходзілася працярэбліваць новыя, няходжаныя сцежкі. Трэба мець на ўвазе яшчэ і тое, што нават Някрасаў гаварыў за селяніна, пакутаваў, абураўся, назіраючы сялянскае жыццё, а Колас загаварыў ад імя селяніна.

Веліч Коласа ў тым, што ён нарадзіўся, жыў у вялікі час, стаў на ўзровень перадавых ідэй свайго часу, а універсітэтам пісьменніка было само жыццё, той велізарны, амаль некрануты літаратурай набытак духоўных каштоўнасцей, якія стварыў народ на працягу стагоддзяў і да якога, як да крыніцы, прыпаў пісьменнік, адчуўшы і зразумеўшы, што ўсё гэта — вартае ўвагі літаратуры. Для такой вялікай місіі трэба было нарадзіцца вялікаму чалавеку.

Усё сваё жыццё ён пісаў пра звычайнае, пра тое, што магло трапіць на вока кожнаму, успрыняўшы, аднак, запавет Гогаля знаходзіць у звычайным незвычайнае, тое, што кожны заўважыць не можа. Мабыць, трэба было перш за ўсё моцна любіць родную зямлю, Наднямонне, насмешлівых, хітраватых сялян, дубовыя гаі і сасновыя бары, каб знайсці тыя адзіныя словы і тую музыку, якую ён знайшоў. Няма, бадай, нічога з таго, што ў цэлым складае крыніцу вясковага побыту і пейзажу, што б ён не апеў.

Прырода, зямля, вёска, якую апявае Якуб Колас,— родная нам, беларуская. Можа, таму такая блізкая, зразумелая нам песня паэта. Яна то спакойна-журботная, крыху аднастайная, як нашы палі, балоты і раўніны, то грозная, гнеўная, як кароткая летняя навальніца, як шум лесу, вясёлая, поўная хітраватай усмешкі, як люстраная роўнядзь беларускіх азёр і рэк.

Вельмі зямны паэт Якуб Колас!

Але вось нібы чарадзейная сіла напоўніла верш паэта, на магутных крылах фантазіі ўзняла яго ў паднябессе, і ён заблішчаў, заззяў дыяментамі філасофскай мудрасці і непаўторнага паэтычнага хараства.

 

Зварот пары, знікненне лета...

То — водгулле душы паэта,

То — смутны вобраз развітання,

То — струн дрыгучых заміранне,

Натхнёнай песні жаль сардэчны,

Жыцця і смерці сымбаль вечны!

І люб і смуцен час прыроды,

Калі душа ўсяе прыроды

З тваёю злучыцца душою

Ў адным суладдзі і настроі!

І ты маўчыш, маўчаць і далі,

Як бы ў адной агульнай хвалі,

Ў адной асветленай часіне

Жыццё злучыла свае плыні,

І бег свой вечны прыпыніла,

І неба твар свой адчыніла...

 

Гэтыя радкі смела можна паставіць побач з лепшымі ўзорамі філасофскай лірыкі Пушкіна і Гётэ, сусветнай паэзіі наогул. Шчодра ад беларускіх ніў, рэк і азёр нёс Якуб Колас паэтычную даніну ў скарбніцу сусветнай культуры. Няма ў нашай літаратуры другога такога мастака, хто б быў роўны Якубу Коласу ў адчуванні прыроды, хараства навакольнага свету.

Ён вельмі просты і празрысты. Нездарма яго вершы і апавяданні мы пачынаем чытаць з дзяцінства, з першых класаў школы. Яго творы адкрываюць вочы на свет. Свет гэты вялікі і прыгожы. Ён існуе для чалавека, для яго шчасця.

Праходзіць час, і, узбагачаныя вопытам жыцця, узмужнелыя, мы зноў варочаемся да Якуба Коласа. І ў даўно чытаным і перачытаным адкрываем для сябе новыя, раней не заўважаныя пласты, новыя думкі і настроі. Тады прыходзіць здагадка, што Колас не толькі просты, але і мудры. Праўдзівей кажучы, яго мудрасць, як і наогул усё вялікае, простае.

Атмасфера праўды, шчырасці, чалавечай цеплыні прысутнічае ў кожным творы Якуба Коласа. Можа таму пры чытанні яго кніг ахоплівае нейкае асаблівае пачуццё. Здаецца, прыйшоў у госці да блізкага і роднага чалавека, які цябе любіць, паважае і не схлусіць ніводным словам, інтанацыяй.

Мы сёння слушна спрачаемся, шукаючы новыя дарогі і сцежкі ў літаратуры, новай формы мастацкаму слову, якое б дакладна перадавала новы змест і пульс сучаснага жыцця. Колас у гэтай надзённай і вечнай справе можа быць вельмі карысным. Якая ёмістая і адначасна лаканічная яго проза, якое багацце эмацыянальнага падтэксту ў яго апавяданнях!

Ён бездакорна, лепей чым хто-небудзь іншы ў нашай літаратуры, валодае гумарам і ў той жа час можа быць сур’ёзным, па-філасофску задуменным. Яго чытаюць з эстрады самадзейныя артысты, выклікаючы ў аўдыторыі гром добрага смеху, і яго можна чытаць і перачытваць бясконца многа, задумваючыся над адным і тым жа вобразам, радком, старонкай.

Ён, Колас, напісаў самыя багатыя на філасофскі роздум у нашай літаратуры кнігі — паэму «Сымон-музыка» і трылогію «На ростанях». Найлепшыя, празрыстыя, як крынічныя воды, дзіцячыя кнігі напісаў таксама ён, Якуб Колас.

Яго жыццёвы шлях быў нялёгкі, і, трэба думаць, на шляху гэтым сустрэлася нямала людзей, каго ён не любіў або нават ненавідзеў. Але нялюбасці да людзей, злоснага раздражнення жыццём мы зусім не знойдзем у яго кнігах.

Ёсць у творах Коласа якасць, здаецца, мала заўважаная крытыкай,— велізарная павага да чалавека, хто б ён ні быў, якую б ступеньку на грамадскай лесвіцы ні займаў. Не трэба браць у рахунак, мабыць, толькі старонак сатырычных, дзе без здзеклівага смеху проста не абыдзешся, і тых вершаў, дзе выкрываўся ненавісны царскі лад і парадак.

Трылогія «На ростанях» і паэма «Новая зямля», аповесці, апавяданні — у гэтых творах сотні чалавечых тыпаў, характараў, выпісаных буйным планам, паўнакроўна, і эпізадычных, намечаных адным-двума штрыхамі. Мы ведаем, як не любіў Колас абывацеляў, царскіх служак, папоў. У трылогіі перад намі іх цэлая галерэя. Але ў кожным з гэтых вобразаў пісьменнік як бы імкнецца адкрыць хоць крупінку добрага, сапраўды чалавечага, схаванага пад друзам злосці, цемрашальства, ханжаства, невуцтва. Адмаўляючы носьбітаў зла як сацыяльную, грамадскую з’яву, Колас абавязкова прыкмеціць тое добрае, што ў душах адмоўных герояў яшчэ не пагасла. Праз прызму вялікага чалавекалюбства глядзіць на жыццё пісьменнік.

Яшчэ цікавей абстаіць справа са станоўчымі героямі. Пісьменнік любіць іх, любуецца імі, але, бадай, няма ў яго ніводнага героя, у вобліку, паводзінах, звычках, схільнасцях якога пісьменнік не знайшоў бы рысы, з якой можна злёгку пакпіць. Не абмінуў гэты лёс і самых любімых герояў — Міхала, Антося, Лабановіча, Сцёпкі Баруты, дзеда Талаша. Як добра разумеў Якуб Колас, што працэс маральнага ўдасканалення чалавека практычна бясконцы, і таму не варта ні канчаткова закрэсліваць, здавалася б, самага безнадзейнага, ні выдаваць індульгенцыі стопрацэнтнай «святасці» самаму станоўчаму.

Пра Коласа напісана нямала, але яшчэ, здаецца, далёка не поўнасцю ўсвядомілі мы значэнне яго творчасці для сучаснай і будучай літаратуры. Ён шырокі, глыбокі, як мора, як жыццё, мудры і шчыры настаўнік, маяк, які будзе свяціць і наступным пакаленням на шляху да вялікай мэты — камунізма.

1962


1962

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 374-379
Крыніца: скан