epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Два кілаграмы гароху

Мястэчка да вечара вызвалілі, а станцыя яшчэ ўсю ноч знаходзілася ў нямецкіх руках. Ваякі, аднак, не надта разлічвалі на сваю моц, бо ноччу ўсе склады падпалілі. Шкада было гэтых складаў — новыя, з добрага сасновага цёсу, яны прастаялі нешта гадоў каля пяці — паставілі іх перад вайной, калі мястэчка зрабілася цэнтрам раёна і сюды павезлі нарыхтоўку.

Станцыйны люд хаваўся — хто дзе мог. Большасць сядзела ў алешніку за асушаным балотам. Адтуль, назіраючы за вялізным зарывам, якое ўздымалася над станцыяй, многія думалі, што наступае канец свету.

Але канец свету не наступіў. Назаўтра з усходу грымнулі нашы гарматы, салдаты рушылі ў атаку і са станцыі немцаў праперлі. На месцы складаў курэлі сінім дымам галавешкі, вадакачка — гонар станцыі — ляжала мёртвымі глыбамі камення і цэглы. Уцалела толькі памяшканне пакгауза. У ім і знайшлі два мяшкі з нямецкімі арламі, кожны з якіх на тры чвэрці быў напоўнен гарохам.

Адзін з гэтых мяшкоў, угінаючыся і крэкчучы, ужо валок у сваю пахілую, абмазаную глінай хаціну пенсіянер Ёдка, які да вайны загадваў станцыйнай лазняй. Але бабы Ёдку перанялі, гарох адабралі і паслалі па члена мясцкома сцэпшчыка Кухарыка, які ў гэты няпэўны час адзін прадстаўляў былое станцыйнае начальства. Кухарык, згорблены, сівы, з вузкім, нібы клін, тварам мужчына, як з зямлі вырас, і хоць Ёдка крычаў, што палавіна гароху належыць яму, бо ён мяшкі пад нямецкімі кулямі з пакгауза вынес, сцэпшчык наадрэз адмовіў у прэтэнзіі пенсіянера, сеў на мяшок і прыняў рашэнне падзяліць гарох паміж усімі сем’ямі чыгуначнікаў.

Пакуль складалі спіскі, пакуль збегалі па крамніка Болбата, які дзеля гэтай урачыстай хвіліны з’явіўся ў форменным чыгуначным гарнітуры, пакуль знайшлі вагі і гіры, прайшла палавіна дня. Але затое ў другой палавіне каля памяшкання пагрузачнай канторы стаяла чарга чалавек на пяцьдзесят, прадстаўленая пераважна жанкамі. Гароху наважылі выдаваць па два кілаграмы.

Дзень быў асенні, цёплы, сонечны, немцаў адагналі парадкам, так што нават раскаты гарматных выбухаў у мястэчка ледзь-ледзь даляталі, і, здаецца, нішто не прадказвала, што хутка каля пагрузачнай канторы разгуляецца сапраўдная бура. Але яна ўсчалася. Прычынай выбуху жаночага гневу паслужыла тэлеграфістка Ліпская, чарнявая, задуменная, яшчэ досыць маладая жанчына, якая з’явілася на станцыі пры немцах і якую, зрэшты, мала хто ведаў. Магчыма, жанчыны знелюбілі Ліпскую за тое, што яна хораша апраналася, ні з кім знацца не хацела і, здаецца, пагарджала ўсім светам. Як толькі тэлеграфістка падышла да акна, дзе крамнік Болбат разважваў гарох, жаночы натоўп не вытрымаў:

— Шлюндра!

— Верціхвостка!

— Подсцілка нямецкая!

— Гароху захацела... Смалы ёй, а не гароху!..

— Хай бяжыць за сваімі немцамі...

Асабліва лютавала станцыйная прыбіральшчыца Грачаніха, сухая, як жардзіна, і страшэнна языкатая кабеціна, якая і ў даваенныя часы неаднойчы ўсчынала лямант і вэрхал у крамах.

— Дзе ж тая праўда? — галасіла яна, выскачыўшы з чаргі, распатлаўшы пасівелыя валасы, крывячы танкагубы, запалы, нібы яміна, рот.— Пры немцах раскашавала і цяпер хоча. Не ўдасца!.. Знойдзем законы... Мой сын, можа, галаву палажыў, а яна будзе гарох палучаць. Хваробы табе, а не гароху. Помніце, бабы, як яна нашых свіней і курэй перапісвала?.. Каб табе шкуру спісала, гадаўка нямецкая!..

Крамнік Болбат не ведаў, што рабіць. Прозвішча Ліпскай у спісах стаяла, і не было законнай падставы адмовіць ёй у атрыманні гэтага праклятага гароху, тым болей што тэлеграфістка была жанчынай адзінокай, гадавала хлопчыка, а гаспадаркі ніякай не мела.

Болбат глядзеў на Кухарыка, Кухарык на Болбата, і абодва стаялі ў разгубленасці і нерашучасці. Гэта яшчэ болей падагрэла разгневаны жаночы натоўп.

— Чаго вушы развесілі — свінней жа яна праўда перапісвала...

— Немцам старалася дагадзіць!

— Цалуйцеся цяпер з ёю. Немцы, уцякаючы, на яе проста забылі...

Лямант узняўся яшчэ большы. Здаецца, увесь боль, пакута няпэўнасці часу, ліхалецця вайны вылілася ў адчайны жаночы крык, у нечаканы прыліў злосці, якая шукала якога-небудзь выйсця...

Ліпская нават слова не прамовіла. Стаяла маўклівая, прыбітая, са спалатнелым тварам. Нарэшце, неяк нечакана выпрамілася і, ні на кога не гледзячы, рушыла да станцыі.

Вельмі хутка, хвілін праз дзесяць, пачалі прабівацца зусім іншыя настроі ў дачыненні да Ліпскай. Пенсіянер Ёдка, які атрымаў свае два кілаграмы і ў пэўнай меры лічыў сябе пакрыўджаным (ён такі праўда паявіўся на станцыі раней за ўсіх), першы выказаў нездавальненне паводзінамі Грачаніхі.

— Ну чаго на чалавека накінуліся? — загаварыў ён, звяртаючыся позіркам то да Кухарыка, які стаў насуплены і змрочны, то да Болбата, які рабіў выгляд, што нічога не чуе.— Што табе гэтая Ліпская, ваду замуціла? Я лічу, што яна харошы чалавек. Свінней перапісвала — ну дык што? Загадаў камендант, дык і перапісвала. Табе б загадаў — рабіла б тое самае. Ды і што, хіба свінню ад цябе адабралі пасля той перапіскі? Ты лепей скажы, колькі насабірала марак, прадаючы свае картапляныя піражкі? Мабыць, поўную панчоху...

— Я на сахарыну прадавала! — нейкім вісклявым голасам выгукнула Грачаніха.

— Многа ж табе той сахарыны трэба было...

Грачаніха атрымала свой гарох і шуснула з чаргі.

Прыкусілі языкі і тыя з кабет, што толькі што адчайней за ўсіх крычалі.

А яшчэ праз некаторы час здарылася зусім нечаканае. Ужо ля акна, на якім Болбат разважваў апошні гарох, засталося не болей дзесяці чалавек, калі да чаргі падышоў Вася Чарноў, качагар вадакачкі, круглатвары, плячысты хлапчына гадоў дваццаці. На Васевай шапцы красавалася чырвоная пасачка, за плячамі была вінтоўка, а за шырокім рэменем тарчала нямецкая граната з доўгай драўлянай ручкай. Яшчэ напрадвесні знік Вася са станцыі, і ўжо тады хадзілі чуткі, што ён падаўся ў партызаны. Цяпер усе ўбачылі, што гэта сапраўды так.

— Завошта Ліпскую пакрыўдзілі? — спытаў Чарноў, звяртаючыся да Кухарыка.

— Ды вось знайшліся крыкуны... Асабліва Грачаніха гэтая... Рота не дала раскрыць...

Чарноў не стаў асабліва слухаць. Некуды спяшаўся.

— Каб у далейшым такое не паўтаралася,— нахмурыўшы бровы, сказаў ён.— Ліпская — гераічны чалавек. Спецыяльна прысланы. Франтавое заданне выконвала. Зразумела?..

— Я занясу ёй гарох дадому,— азваўся Болбат з акна.— Я адразу адважыў, але пакінуў тут, у куточку...

Асенні дзень дагараў апошнімі промнямі позняга сонца. Пачуўся аддалены, глухі гарматны выбух. Дзесьці за агародамі, у хлявах-катушках чыгуначнага люду бляялі някормленыя козы.

1969


1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 2. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1982. - с. 449-452
Крыніца: скан