epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Дзень апошні і першы

Дык нарэшце вось яна, ужо ўтаймаваная Германія! Звычайны горад, у якім многа дамоў з вастраверхімі, пакрытымі чырвонай чарапіцай дахамі, многа вузкіх — ледзь-ледзь размінуцца двум сустрэчным грузавікам — вуліц і завулкаў, а ў астатнім усё такое самае, як і ў іншых нямецкіх гарадах, якіх за вайну Віктар Галенчык пабачыў ужо нямала. Ды зрэшты і вастраверхія дахі не толькі ў немцаў. Такія ж Віктар сустракаў у старадаўнім Выбаргу, што стаіць над сінім марскім залівам, і ў ціхіх эстонскіх гарадках і паселішчах, размешчаных на пясчаных, атуленых зялёнымі саснякамі пагорках.

Там была поўнач, а тут сярэдзіна Еўропы, можна лічыць, поўдзень, а сосны аднакія. Горад стаіць ля падножжа пакатай гары, схілы якой густа параслі сасной — здалёк здаецца, што яны засланы суцэльным зялёным абрусам.

У людны, зусім не пашкоджаны вайной горад яны прыехалі ўчора вечарам, ірвануўшыся болей як на сотню кіламетраў: немцы адступалі. Апошнія паўгода, пасля Усходняй Прусіі, Віктар служыў у групе бліжняй разведкі. Група вызначалася тым, што яе лейтэнанты, а таксама некаторыя старшыны і сержанты больш-менш валодалі нямецкай мовай, а радысты і тэлефаністы маглі лёгка, на слых, запісаць нямецкі тэкст, калі ён перадаваўся азбукай Морзе. Па гэтай прычыне ўсе, хто служыў у групе, ведалі пра ход вайны трошкі болей, чым астатнія байцы і камандзіры палка сувязі.

Усю ноч Віктар прасядзеў ля «віражу» — вайсковага прыёмніка, які працаваў у дыяпазоне кароткіх хваль. Эфір, запоўнены яшчэ дзень назад сотнямі нямецкіх галасоў, маўчаў. Затое ў ім пры самым нязначным павароце рычажка гучала, як на кірмашы, густа пераплятаючыся, руская, англійская і французская гаворка.

Віктару і малодшаму лейтэнанту Блюмкіну, які ў гэтую ноч дзяжурыў разам з ім, удалося перахапіць незвычайную навіну: саюзнікі адзначалі перамогу. Гэта вынікала з перадачы англійскай радыёстанцыі, якая зрэдку пераключалася на нямецкую мову. Разведчыкі пападхопліваліся з падлогі, сон з іх як рукой зняло, і шчыльнай сцяной акружылі стол, за якім сядзелі дзяжурныя.

З другой паловы ночы загаварыла па-нямецку наша франтавая радыёстанцыя. Дывізіям і палкам немцаў, якія стаялі перад фронтам, прапаноўвалася здацца ў палон. Называліся нумары вайсковых часцей, прозвішчы камандзіраў, а таксама населеныя пункты, дзе трэба складваць зброю. Праз кожныя дзесяць хвілін перадача паўтаралася. Нямецкая мова, якая на гэты раз гучала з «віражу», была добра зразумелая: на ёй гаварыў рускі чалавек. Разведчыкі стаялі, затаіўшы дыханне...

Калі ў вокнах ледзь-ледзь зашарэла світанне, у пакоік ускочыў узрушаны старшы лейтэнант Пятакоў, камандзір групы.

— Галенчык! — коратка загадаў ён.— У штаб!

Віктар не ведаў, дзе знаходзіцца штаб палка, і Пятакоў павёў яго туды сам. Усю дарогу маўчаў. Нарэшце яны падышлі да нізенькага мураванага дамка, перад ганкам якога стаяў ваенны «газік» з апушчаным брызентавым верхам. У вузкім, як яма, пакоіку за сталом сядзеў начальнік штаба, пасівелы, з прадаўгаватым інтэлігентным тварам маёр Круташынскі, а ўзбоч стала — незнаёмы камлюкаваты палкоўнік з зялёнымі пагонамі пагранічніка. На стале ляжала склеенае прасцірадла двухкіламетроўкі і стаяла запаленая, зусім цывільная лямпа. Маёр узняў на Галенчыка вочы з чырвонымі ад бяссонніцы вейкамі.

— Паедзеце з палкоўнікам. На сустрэчу з немцамі,— маёр дзюбнуў пальцам у нейкі пунк карты.— Немцы будуць на машыне. Скажаце: «Следуйце за намі». Болей ніякіх слоў. Зразумела?

Палкоўнік-пагранічнік абыякава пацвердзіў:

— Толькі тры словы: «Следуйце за намі».

— Калі ехаць? — спытаў Віктар, зірнуўшы на сваю засаленую, даўно не мытую гімнасцёрку, на змятыя, яшчэ, мабыць, горшыя брыджы, якія тапырыліся на каленях вялікімі пухірамі. Знешні яго выгляд быў зусім не парламенцёрскі.

— Паедзем зараз,— сказаў палкоўнік.— У шэсць ноль-ноль павінны быць у Нойхаўзе.

Пятакоў стаяў ля дзвярэй, глядзеў на Віктара, як бы вінавата ўсміхаўся.

Палкоўнік сеў побач з шафёрам, а Віктар ззаду.

Сонца не ўзышло, але было ўжо зусім светла. Лісце, учора яшчэ кволае, малапрыкметнае, за гэтую ноч шчодра зазелянела. Зацята ціўкалі вераб’і. Яны хоць і нямецкія, але сваім характарам, паводзінамі ніколечкі не адрозніваліся ад тых, якіх Віктар ведаў змалку.

«Газік» імчыць, мінаючы паселішча за паселішчам, якія тут, у Германіі, бадай што зліваюцца. Тыя ж вастраверхія дахі, у вёсках — замкнутыя на манер падковы двары, сям-там мільгне востры шпіль кірхі. Віктар ступіў на нямецкую зямлю яшчэ мінулай восенню, ва Усходняй Прусіі, а ў пачатку зімы іх часць перакінулі сюды, на Першы Украінскі фронт. Але да апошняга дня ён бачыў зямлю, на якой ішла вайна, бачыў амаль пустыя гарады і вёскі — немцы насельніцтва выганялі. Тут жа ўсё цэлае, не разбуранае, хоць жыхары і не вытыркаюць носа з памяшканняў.

Палкоўнік маўчыць. Паглыбіўся ва ўласныя думкі, і ў яго такі выгляд, нібы ні шафёра, ні Віктара ў машыне няма. Чымсьці непрыемна гэта маўчанне. Варта было б парай слоў абазвацца. Едуць не ў госці.

Віктар сядзіць і думае аб тым, як скажа патрэбныя словы: «Следуйце за намі». Кожнае з гэтых слоў па-нямецку ён ведае, але ў правільным гучанні ўсёй фразы не ўпэўнен. Вучыў мову несамавіта, службовай ролі артыкляў, прыназоўнікаў, якія кіруюць ладам слоў, да канца не ўсвядоміў, таму хоць і някепска разумее друкаваны тэкст, вусную гаворку, але добрага і пісьменнага сказа не складзе. Таму і ў дадзеным выпадку толкам не ведае, ці пераходны дзеяслоў «следуйце» і ці варта пасля яго ставіць зваротны займеннік.

Зрэшты, выйсце знойдзена. Віктар скажа не «следуйце за намі», а «едзьце за намі». Гэты дзеяслоў непераходны. Сэнс будзе той самы, і ў правільнасці сказа ён перакананы. Зваротны займеннік тут не патрэбен...

Пры выездзе з малой — толькі некалькі двароў — вёсачкі машыну раптам прыпынілі. Аднекуль з кювета на вільготную ад ранішняга туману стужку заасфальтаванай шашы выскачылі тры байцы ў плямістых плашч-накідках. Наставіўшы аўтаматы, перагарадзілі дарогу. Палкоўнік выйшаў з машыны, выняў з нагруднай кішэні паперку, перадаў аднаму з байцоў. У гэты час вылез і шафёр, прымацаваў на радыятары вялікі белы сцяг...

Калі машына зноў кранулася, трое байцоў з перавешанымі праз шыю аўтаматамі, пастаўшы ў рад, узялі на каравул. Віктар паспеў заўважыць, што твары іх былі сур’ёзныя, насупленыя...

Далей была зямля, на якую савецкі салдат яшчэ не ступаў. Зялёныя, як і там, на далёкай радзіме, палі жытнёвай руні, бярозавыя і дубовыя гайкі, густая навісь ляшчынніку ўзбоч дарогі. Шаша ўзышла на ўзгорак і стала пятляць па лесе. Можна было думаць, што там пад дубамі, бярозамі, хвоямі прытаіліся салдаты нямецкіх палкоў, дывізій, якія мусілі, адпаведна франтавому ультыматуму, здацца ў палон. Але лес злавесна маўчаў. Толькі ва ўсю рознагалоса шчабяталі абуджаныя раніцай птушкі.

Праехалі яшчэ дзве-тры вёскі. Усюды панавала стоеная цішыня. Ні зыку, ні чалавечага руху. Як бы ўсё вымерла навокал. Ад нямога бязлюддзя Віктару стала ніякавата. Стараўся забыць пра небяспеку, але трывожныя думкі ўспыхвалі міжволі. За вайну некалькі разоў паведамлялася пра забойства парламенцёраў. Апошні раз — у Будапешце. Можа, стаяла такая ж, як цяпер, цішыня? А ў іх нават аўтамата няма. Калі сустрэнуць кулямі, то хутчэй бы. Абы не мёртвае маўчанне...

Наперадзе, за зялёным полем азіміны, паказаліся будынкі горада. Палкоўнік выняў з планшэта карту. Калі пад’ехалі да шлагбаума з паднятай уверх перакладзінай, ён махнуў рукой, загадаўшы спыніцца. Віктар зірнуў на гадзіннік. Было без дзесяці хвілін шэсць. Іх ніхто не сустракаў...

Стаўшы каля машыны ў адзін рад — памочнік пасярэдзіне, Віктар з шафёрам па баках,— дачакаліся шасці гадзін і на ўсялякі выпадак хвілін дзесяць перастаялі.

Нікога не было. Немцы ад сустрэчы ўхіліліся. Можа, яны кінуліся здавацца ў палон саюзнікам?

Бліснулі першыя промні сонца, зайчыкамі зайгралі на пазалочаным шпілі нейкага гарадскога будынка. Палкоўнік падаў знак садзіцца ў машыну. За ўсю дарогу ён так і не прамовіў ніводнага слова.

У вёсцы, якую толькі што праязджалі, парламенцёры пачулі гул матораў. Па шашы ішлі савецкія танкі. І дзіўная рэч: паселішча, якое паўгадзіны назад здавалася мёртвым, раптам ажыло — над варотамі двароў, з акон дамоў, з адтулін франтонаў высоўваліся белыя сцягі...

Яшчэ раз вестку пра перамогу Віктар пачуў, калі яны ўжо вярнуліся ў горад, дзе размяшчаўся штаб палка. Яе выгукнуў шчаслівы, вайсковы рэгуліроўшчык, малады чырванашчокі сержант, які стаяў на скрыжаванні вуліц. Але і без яго ўсё можна было зразумець: салдаты, што сядзелі ў кузавах грузавікоў, махалі пілоткамі, рукамі, крычалі, смяяліся...

Палкоўнік выняў белую хусцінку, выцер слязіну. Горад быў увесь у белых сцягах. Яны звісалі з акон, балконаў...

Віктар, як і ўсе, размахваў рукамі, крычаў — не толькі сваім, а і калоне палонных немцаў, якую вялі па вуліцы. Тады, калі пачалася вайна, яму было толькі шаснаццаць, а цяпер дваццаць, і за гэтыя чатыры гады ён таксама многа пабачыў і пераважыў — быў падпольшчыкам і партызанам, і вось ужо амаль два гады на фронце. У сорак першым яму прыйшлося быць сведкай таго, як фашысты займалі іхняе ціхае мястэчка на Палессі, і ён удзячны лёсу, што дажыў да гэтага светлага майскага дня, што пераможцам ступіў на зямлю, якая нарадзіла столькі чалавечага няшчасця.

1970


1970

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 2. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1982. - с. 489-493
Крыніца: скан