epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Эх, махорачка...

Бывае ў жыцці так, што самая позняя восень вясной здасца. Усё залежыць ад таго, які настрой у чалавека і чаго чалавек ад жыцця чакае. Мы з сябрам Цішкам Драздом ад жыцця чакалі шмат чаго, і таму нам было вельмі весела. Па-першае, мы чакалі нашых. Нашы былі ўжо на Дняпры, і ў ясныя асеннія вечары да партызанскага лагера на косетаўскіх балотах даносілася артылерыйская кананада. У такія хвіліны ўсе, хто быў у лагеры, вылазілі з шалашоў і прагна лавілі прыглушаны гул далёкай страляніны.

— Рады, дразды, бач, дзюбы раскрылі!.. — падыходзіў да нас дзядзька Апанас Мядзведзька. У сваім зялёным нямецкім шынялі і авечай кучомцы з чырвонай стужкай ён, гэты дзядзька, быў вельмі смешны. Але мы не смяяліся з яго ўбору, бо ў нас з Апанасам Мядзведзькам была асаблівая дружба.

Апанас Мядзведзька быў не абы-які дзядзька, — ён быў чалавек геройскі. Пра свае баявыя справы дзядзька Апанас расказваў не надта часта. Ведалі мы, што да вайны ездзіў ён машыністам, вадзіў хуткія кур’ерскія паязды. Неяк так здарылася, што разбамбілі яго поезд, і застаўся Мядзведзька на захопленай немцамі зямлі. Спрабавалі фашысты пасадзіць дзядзьку на паравоз. Але не вельмі пакаталіся, як кажуць: дзе селі, там і злезлі. У адну паездку стукнуў ён вартавога немца шуфлем у каршэнь, а сам сігануў з прыступак у цёмную ноч. Вядома, ад нямецкага поезда засталіся адны ўспаміны. Так Мядзведзька трапіў у наш партызанскі атрад «Смерць фашызму».

Як спецыяліста чыгуначнай справы накіравалі дзядзьку ў падрыўную групу. Падрыўніком ён, мусіць, быў адменным, бо заўсёды перад заданнем сам камандзір атрада выклікаў дзядзьку да сябе ў шалаш і доўга з ім раіўся. Адным словам, дзядзьку Апанаса паважалі і любілі ў нашым атрадзе ўсе. Мы ж пазнаёміліся з Апанасам Мядзведзькам на грунце махоркі, і гэта асаблівая гісторыя.

Справа ў тым, што дзядзька Апанас быў заядлым курцом, нездарма ў яго аж вусы былі жоўтыя. А тытуню ж, вядома, у партызанах не садзілі. Ад недахопу курэння дзядзька проста хварэў. У такія дні, калі ў яго капшуку не было ні каліва, дзядзька хадзіў страшэнна злосны і на чым свет стаіць лаяў немцаў. Ды і не адзін толькі дзядзька Апанас цярпеў голад на махорку. Смешна было глядзець, як да якога-небудзь партызана, які разжыўся тытуню на закрутку, прыстройвалася цэлая чарга. Гаспадару цыгаркі жаласліва пазіралі ў вочы і прагна чакалі, калі ўжо тая цыгарка пойдзе па кругу. Няхай бы тады паспрабаваў хто лішні раз зацягнуцца!

Мы з Цішкам Драздом прыйшлі ў атрад з раённага гарадка, а да гэтага былі сувязнымі. Там, у гарадку, засталіся нашы сябры-падпольшчыкі, і да іх па розныя звесткі пра немцаў амаль кожны тыдзень пасылаў нас камандзір атрада. Вось пра гэта і даведаўся нейкім чынам Апанас Мядзведзька.

— Хадзіце, хлопчыкі, да мяне, — паклікаў ён нас аднойчы ў свой шалаш.

У дзядзькавым шалашы ляжалі розныя прычындалы падрыўной справы: жаўтаватыя шашкі толу, скруткі бікфордавага шнура, мяшочкі сухога пяску, узятага з чыгуначнага насыпу. Але дзядзька запрасіў нас не для таго, каб хваліцца сваёй гаспадаркай. Ён дастаў з кутка цынкавую каробку ад запалаў, але ў той каробцы ніякіх запалаў не было. Там быў чысты сотавы мёд. Мёду нам з Цішкам Апанас Мядзведзька тады не пашкадаваў. І мы доўга не маглі ўцяміць, з якой ласкі стаў ён да нас такі добры. Але хутка ўсё праяснілася.

У той дзень, як камандзір атрада зноў паслаў нас з Цішкам у гарадок да падпольшчыкаў, у ляску, ужо за лагерам, дагнаў нас дзядзька Апанас. Ён так бег, што на лбе ў яго аж раса выступіла. Мы спыніліся і не ведалі, што рабіць. Пра тое, што мы ходзім да падпольшчыкаў і прыносім розныя звесткі, не павінен быў ведаць ніхто, акрамя камандзіра. Адно неасцярожнае слова — і загубіш шмат людзей, тых, што ваююць без зброі ў падполлі. Таму слова «канспірацыя» мы з Цішкам цвёрда памяталі. Але Апанас Мядзведзька нездарма быў стрэлянай птушкай, ён ведаў, з якога боку падысці.

— Чуў я, хлопчыкі, што вы ў Зазыбы ідзяце, — не маргнуўшы вокам, прагаварыў ён. — Зайдзіце, будзьце ласкавы, да Фёдара Пінчука, ён з самага ўскрайку жыве, дзічка ў яго пад вокнамі. Няхай дасць махоркі. Скажыце, Мядзведзька прасіў. Ён мне ніколі не адмовіць...

Хітры быў чалавек Апанас Мядзведзька! Зазыбы былі нашай, партызанскай вёскай, і ісці туды нам было нечага.

Мы з Цішкам кіўнулі ў знак згоды. А па дарозе наважылі, што прынясём Мядзведзьку махоркі, хоць і не пойдзем у Зазыбы. Нашы падпольшчыкі не тое што махоркі, птушынага малака дастануць, калі трэба для справы. А дзядзька Апанас варты таго, каб пачаставаць яго тытунём. Ну, а калі ведае крыху, куды мы ходзім, бяда невялікая, чалавек свой...

Мы з Цішкам не курылі і не ведалі смаку гэтай справы, хоць разумелі ўжо, што тытунь у партызанскім жыцці — рэч немалаважная.

У лагер мы вярнуліся не толькі са звесткамі для камандзіра, але і з некалькімі пачкамі тытуню для дзядзькі Апанаса. Тытунь мы прынеслі нямецкі, хоць акцыянерная кампанія Фрыца Вольфа і К°, як было напісана на пачках, мусіць, і не здагадвалася, што яе прадукцыяй забяспечваецца самы непрымірымы вораг Германскай імперыі — дзядзька Апанас. Дзядзька ж Апанас ледзь не палез да нас цалавацца, калі мы аддалі яму тытунь. Зразумела, яму тлумачыць не трэба было, што махорка гэтая не той маркі, якую вырабляў Фёдар Пінчук з Зазыбаў.

Але варта было пабачыць дзядзьку Апанаса пасля таго, як ён зацягнуўся нямецкай махоркай.

— Смердзюхі, увесь свет захацелі заваяваць, а махоркі людскай зрабіць не ўмеюць, — лаяўся дзядзька, але цыгаркі не кідаў. — Гэта ж не махорка, а пацяруха нейкая. Ні табе крэпасці, ні смаку, як салома. Вось да вайны махорка была, дразды! Купіш пачак за пяцьдзесят капеек, а яна што твой чай. Ядраная, моцная, ліха яе матары! Зацягнешся — і адразу чорцікі з рожкамі ў вачах заскачуць. Эх, хутчэй бы закурыць нашай махорачкі...

Сказаць, каб дзядзька лішне грэбаваў нямецкай махоркай, усё ж нельга было. Курыў ён яе зацята, і калі мы адпраўляліся на сувязь, хітравата падміргваў нам: прынясіце, моў, яшчэ. І мы прыносілі, хоць кожны раз ад дзядзькі моцна пападала і Гітлеру, і ўсёй яго радні за нізкую якасць тытунёвай прадукцыі.

І вось загрымела на Дняпры. Днём грымоты былі далёкімі, прыглушанымі, а вечарам зямля гула безупынна, нібы хтосьці біў па ёй вялізнымі молатамі. Гэты гул мы слухалі як найпрыгажэйшую музыку. Слухалі і не маглі наслухацца. Часам нават не верылася, што праз які-небудзь тыдзень-два мы ўбачымся з нашымі, з тымі, хто ідзе ад самай Масквы і Сталінграда, што зноў можна будзе хадзіць па зямлі, не баючыся напаткаць варожую кулю.

Дзядзька Апанас проста памаладзеў. Ён ужо зусім не здаваўся нам смешным у сваім даўгаполым нямецкім шынялі. Адзін раз мы засталі дзядзьку за незвычайным заняткам: ён галіўся. Дрымучая дзядзькава шчэць не хацела паддавацца пераломленай брытве, але Апанас Мядзведзька быў не з такіх, каб адступаць.

— У войску павінен быць парадак, — растлумачыў ён нам. — Асабліва, калі войскі сустрэнуцца, — рэгулярнае і партызанскае...

Вечарамі, калі здаралася быць у лагеры, мы сыходзіліся ўтрох, лажыліся на сена і слухалі далёкія гарматныя грымоты. Любілі мы пазіраць і ў зорнае неба. У ім цяпер часта мільгалі агеньчыкі нашых самалётаў. Яны ішлі на захад. Любілі мы слухаць таксама дзядзькавы размовы.

— Прыйдуць нашы, — развіваў планы на будучае дзядзька, — дык я першай справай на газеты накінуся. Кожную газетку за гэтыя два гады, што без мяне выходзіла, прачытаю. А пасля сяду на паравоз — і даёш Берлін! Я, дразды, яшчэ палятаю па чыгунках...

Назаўтра мы зноў накіраваліся да сваіх сувязных у гарадок. Звесткі былі важнымі — уся станцыя была забіта эшалонамі. Немцы збіраліся ўцякаць. У лагер мы неслі гэтыя радасныя звесткі і некалькі пачак нямецкай махоркі для дзядзькі Апанаса. Мы лічылі, што гэтая махорка будзе апошняй і насіць яе нам больш не прыйдзецца.

Апанаса Мядзведзькі ў лагеры не было, ён пайшоў з групай на чыгунку. Нас жа камандзір атрада, не даўшы ні хвіліны адпачыць, паслаў на новае заданне. Але мы і не адчувалі стомы, бо такое заданне, якое цяпер выпала на нашу долю, можна было выканаць толькі адзін раз у жыцці. Фронт быў блізка, і камандзір пасылаў нас для сувязі з наступаючымі часцямі нашай арміі.

Мы ішлі ўсю доўгую асеннюю ноч, а назаўтра раніцай, у саўгасе, паблізу ад гарадка, убачылі нашых. Трое хлопцаў-разведчыкаў, крыху старэйшых за нас, былі першымі воінамі, каго мы ўбачылі. Мы прывіталіся, як салдаты, як даўно знаёмыя. Разведчыкі, пагаварыўшы з намі, папрасілі нас крыху пачакаць і адышліся ў лес. Там, пэўна, была рацыя, бо праз гадзіну ў саўгас уступілі часці.

Двое разведчыкаў з дазволу камандавання пайшлі з намі ў партызанскі лагер, каб устанавіць сувязь. Дарогай яны папрасілі ў нас закурыць, і мы аддалі ім апошнюю нямецкую махорку, якую не паспелі аддаць дзядзьку Апанасу. Мы думалі, што яны будуць лаяць тытунь таксама, як і дзядзька Апанас, але яны курылі і не казалі нічога.

Мы зноў лёгка прайшлі ўсю дарогу да лагера, і першым, каго мы ўбачылі, быў дзядзька Апанас. Ён подбегам шыбаваў да нас, падбіраючы полы свайго нямецкага шыняля, і на вачах у яго, здаецца, былі слёзы. Ён нічога не змог сказаць пры сустрэчы, толькі паціснуў разведчыкам рукі і пайшоў поруч з намі.

— Дайце, хлопцы, закурыць, — нарэшце прамовіў дзядзька, і яго голас задрыжаў. — Сыгралі мы ўжо немцам на чыгунцы развітальны марш...

Разведчыкі пераглянуліся, зірнулі на нас і працягнулі Мядзведзьку свае кісеты. Ён таропка скруціў цыгарку, прыкурыў і глыбока зацягнуўся.

— Ну, дзякуй вам, хлопчыкі, адразу пачуў сапраўдны смак. Вы не ведаеце, якую мы дрэнь курылі цэлыя два гады...

Мы з Цішкам таксама закурылі тады за кампанію. І мы зразумелі яшчэ, што позняя восень можа быць на дзіва падобнай да сонечнай вясны. Эх, махорачка!..

 

1955


1955

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 1. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1981. - с. 200-204
Крыніца: скан