epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Энцыклапедыя сялянскага жыцця

Паэма «Новая зямля» — адзін з выдатнейшых твораў беларускай літаратуры — пісалася на працягу дванаццаці гадоў. Яна была задумана ў Мінскім астрозе як вершаваная аповесць аб жыцці і клопатах лесніковай сям’і, некаторыя раздзелы былі тады ж напісаны (апавяданне вершам «Як дзядзька ездзіў у Вільню і што ён там бачыў» — ІІІ—IV, 1911, «Раніца ў нядзельку» — 7/VI, 1911, «Леснікова пасада» — 22/VI—3/VII, 1911, «Смерць ляснічага» — І—10/VIII, 1911, «Каля зямлянкі» — 15/VIII, 1911, «Дзядзька-кухар» — 26/VIII, 1911, а таксама раздзелы «Пярэбары», «На першай гаспадарцы», часткова «Начаткі»).

«Турэмныя» раздзелы сведчаць, што пісьменнік задумаў шырокі твор аб жыцці простага чалавека, звычайнага лесніка, маючы на мэце ўзвялічыць, апаэтызаваць свайго героя, паказаць яго ва ўсіх умовах, праявах жыццядзейнасці, у тыповых абставінах яго бытавання. Тое, што Колас наважыў выкарыстаць «біяграфічны» матэрыял, паказаць сям’ю бацькі, што служыў стражнікам у лясных уладаннях князя Радзівіла, таксама сведчыць аб сур’ёзнасці задумы. Пісьменнік браўся за жыццёвы матэрыял, які ведаў дасканала, глыбока, які адстаяўся ў яго свядомасці дзякуючы дыстанцыі ў часе (падзеі, апісаныя ў пачатковых раздзелах, адносяцца да 90-х гадоў мінулага стагоддзя), з уражанняў мастака адсеялася ўсё другараднае, неістотнае.

Дзіцячыя, юнацкія ўражанні — самыя моцныя ў чалавечым жыцці. Колас-мастак, вядома, адчуваў гэта, свядома наважыўшы зрабіць «падарожжа» ў «краіну» свайго дзяцінства, якое прайшло, дарэчы, у маляўнічых, выдатных мясцінах Беларусі — у Наднямонні.

Ёсць усе падставы гаварыць, што паэма «Новая зямля» — заканамерны крок у творчасці Коласа. Усе яго папярэднія творы былі своеасаблівай падрыхтоўкай да стварэння гэтага шырокага і багатага эпічнага палатна. У паэме той жа герой, з якім мы знаёмы па лірыцы і прозе,— селянін-бядняк. Толькі тут яго фігура намалявана ва ўсёй псіхалагічнай паўнаце. Пісьменнік паказаў у «Новай зямлі» беларускага селяніна ў поўны рост, намаляваў усё яго жыццё з буднямі і святамі, радасцямі і нягодамі, паказаў сілу і слабасць свайго героя.

І ў той жа час «Новая зямля» непадобна ні на адзін з папярэдніх коласаўскіх твораў, калі мець на ўвазе тую ідэйную «звышзадачу», якая ставіцца і вырашаецца менавіта тут і якая абумоўлена перш за ўсё імкненнем паказаць селяніна як увасабленне этычнага і эстэтычнага ідэалу. Сяляне, намаляваныя Коласам, перш за ўсё героі станоўчыя.

Мы можам лічыць паэму «Новая зямля», як і другую выдатную паэму «Сымон-музыка», творамі савецкага часу. І не толькі таму, што большасць раздзелаў «Новай зямлі» напісана пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, а «Сымона-музыку» ў савецкі час паэт істотна перапрацаваў і дапоўніў. Галоўнае — у абодвух творах прысутнічае новая канцэпцыя жыцця, падказаная Якубу Коласу новай рэвалюцыйнай явай.

У савецкі час Коласам напісаны 19 раздзелаў «Новай зямлі» (1919—1923), перагледжаны і дапоўнены раздзелы 1911—1913 гг.: «Раніца ў нядзельку», «Леснікова пасада», «На першай гаспадарцы», «Пярэбары», «За сталом», «Смерць ляснічага», «Каля зямлянкі», «Дзядзька-кухар», а таксама вершаванае апавяданне «Як дзядзька ездзіў у Вільню і што ён там бачыў», якое стала фактычным пачаткам работы над творам.

Час стварэння паэм «Новая зямля» і «Сымон-музыка» супаў з падзеямі сусветна-гістарычнага значэння. Імперыялістычная вайна, Лютаўская рэвалюцыя, нарэшце, Кастрычніцкая рэвалюцыя, грамадзянская вайна і барацьба супраць замежнай інтэрвенцыі — усё гэта так ці інакш уплывала на напісанне твораў. Ідэйная сутнасць паэм стане зразумелай толькі з улікам усіх гэтых падзей. Сацыялістычная рэвалюцыя, савецкая рэчаіснасць абвастрылі сацыяльную думку паэта, дапамаглі яму глыбей зразумець змест гістарычнай барацьбы за зямлю і волю, непрымірымасць класавых інтарэсаў пана і селяніна, адчуць марнасць ілюзій жыцця сялянства наконт здабыцця «волі» ва ўмовах капіталістычнага грамадства.

«Новая зямля» ў сваіх вобразах і карцінах раскрывае таксама духоўныя набыткі народа, яго этычны, эстэтычны свет, філасофію яго шматвяковага бытавання. Паэт, вядома, адчуваў, што рэвалюцыя не толькі клала канец уладзе памешчыкаў, капіталістаў, а і азначала прынцыпова новы паварот народнага жыцця, у прыватнасці жыцця сялянства. Аб тым, якія маральныя, этычныя законы будуць кіраваць гэтым новым жыццём, паэт мог толькі здагадвацца, але бясспрэчна, што перамога рэвалюцыі азначала для яго перамогу народаўладдзя. А калі так, то духоўны набытак народа, яго мараль, яго этыка павінны служыць новаму жыццю, новаму часу. У гэтым сэнс той дыялектычнай сутнасці ідэйнага зместу «Новай зямлі», калі паэт, разумеючы марнасць намаганняў сваіх герояў здабыць шчасце ва ўмовах эксплуататарскага грамадства, разам з тым сцвярджае іх актыўныя адносіны да жыцця, іх духоўны свет, народную этыку і мараль.

Спакваля, паступова разгортваецца дзеянне ў «Новай зямлі». Цячэ яно рачулкай паўсядзённасці, працы, бытавых клопатаў, займаючы не надта вялікія абсягі ў прасторы і часе, засяроджваючы ўвагу чытача на звычайнасці, тыповасці абставін сялянскага жыцця. Тое, што дзеянне адбываецца не ў вёсцы, а на лясным хутары, што героі, фактычна ўчарашнія сяляне, якія збіраюцца стаць імі зноў, песцяць у гэтым напрамку мары свае і спадзяванні, істотна справы не мяняе. «Новая зямля» — кніга сялянскага, народнага жыцця. Інтанацыйна-настраёвы ключ паэт знайшоў з першых радкоў:

 

Мой родны кут, як ты мне мілы!..

Забыць цябе не маю сілы!

Не раз, утомлены дарогай,

Жыццём вясны мае убогай,

К табе я ў думках залятаю

І там душою спачываю. (6, 7)

 

Трошкі мінорны настрой, якім прасякнуты пачатковыя радкі лірычнага адступлення (лірычным адступленнем паэма пачынаецца і заканчваецца), не зніжае прамой, непасрэднай іх устаноўкі на паэтызацыю, «узвышэнне» таго, пра што пойдзе гаворка:

 

К табе я ў думках залятаю

І там душою спачываю.

 

Два гэтыя радкі раскрываюць нам вельмі многае. У іх паэт як бы прызнаецца, як бы дэкларуе, што ў сваіх жыццёвых вандроўках, пошуках («не раз, утомлены дарогай») ён не знайшоў нічога лепшага, вартага апявання, чым «родны кут» з яго краявідамі, людзьмі, з няпісанымі законамі, на якіх заснавана іх існаванне. Мы маглі б падумаць, што паэт проста вядзе нас у краіну свайго дзяцінства, юнацтва, любую, мілую яму, як і кожнаму чалавечаму сэрцу, каб не «высокае», філасофскае гучанне наступных радкоў:

 

Ніхто з граніц сваіх не выйдзе,

З законаў, жыццем напісаных... (6, 7)

 

Праз некалькі раздзелаў паэт выразней «прыадчыніць» характар сваёй задумы, як бы «ад сябе» прадстаўляючы чытачу герояў, якіх ён «узвышае»:

 

Жыццё іх, праўда, нецікава,

Пра іх нідзе не ходзіць слава,

Аб іх гісторый не складаюць,

Пра іх і песень не спяваюць. <...>

Каротка памятка аб людзе,

Аб простым людзе. І такая

Усім бедным доля выпадае:

Прайсці свой круг, памарнавацца

І невядомымі астацца... (6, 46)

 

Якуб Колас пісаў твор, дзе ўсё ўбачана, ацэнена вачамі, розумам, пачуццямі селяніна, паэт не спускаўся да свайго героя з іншага сацыяльнага асяроддзя, а стаяў упоравень з ім, гаварыў ад яго імя, сцвярджаў яго этычны, эстэтычны і духоўны свет. Гэта ідэалагічная ўстаноўка ў сваю чаргу абумовіла стылістыку паэмы, адбор мастацкіх сродкаў, рытміка-інтанацыйнае гучанне радка.

Не спяшаючыся, ёмістымі паэтычнымі дэталямі малюе паэт «леснікову пасаду», і, на што б ён ні кінуў пагляд, адчуваецца адметнасць, першароднасць убачанага, сувязь з народнай традыцыяй, занатаванай калі, скажам, не ў песні, то ў самім спосабе народнага мыслення, светабачання. «І елка ў пары з хваіною, абняўшысь цесна над вадою, як маладыя ў час кахання» — гэты вобраз навеян, вядома, традыцыяй лірычнай песні. А вось другі вобраз той жа елкі і хвоі, які ідзе хутчэй ад зрокава-пачуццёвага народнага бачання, прычым бачання надзвычай дакладнага, за якім стаіць доўгі, шматвяковы вопыт, веданне характару лесу («А елкі хмурымі крыжамі высока ў небе выдзялялісь, таемна з хвоямі шапталісь. Заўсёды смутныя, бы ўдовы, яны найбольш адны стаялі, і так маркотна пазіралі іх задуменныя галовы»).

Міхал і Антось — героі «Новай зямлі» — вобразы, якіх да Коласа яшчэ не ведала беларуская літаратура. Селянін, намаляваны беларускім паэтам, паўстае ва ўсёй сваёй духоўнай велічы і прыгажосці, ён не раб, не «забіты канчаткова», паводле выказвання Дабралюбава, а чалавек, у душы якога жывуць усе «прыгоствы свету» (Купала), усе найвялікшыя маральныя дабрачыннасці.

Міхал, «як толькі ажаніўся, тады ж ад бацькі аддзяліўся», бо не было з чаго жыць, не было зямлі, «стала цесна». Колас, як бачым, паказвае селяніна паслярэформеннай паласы жыцця з усімі яе супярэчнасцямі: паўперызацыяй вёскі, беззямеллем, рэшткамі прыгонніцка-феадальных адносін і г. д. Герой Коласавай паэмы — чалавек, насільна вырваны з тыповага для яго сялянскага асяроддзя, выгнаннік. У пошуках кавалка хлеба ён «разоў са два хадзіў у прусы», г. зн. ганяў плыты па Нёмане, і зрэшты «пайшоў на службу таўкануцца, бо дома недзе развярнуцца», гаворыцца пра Міхала.

Паступіць на службу да вядомага магната і землеўласніка князя Радзівіла Міхала змусілі нястача і беднасць. З першых крокаў служба ў пана — справа для ўчарашняга селяніна надта непрыемная:

 

Стары ляснічы па-сваему

Цаніў Міхала як служаку:

Ганяў усюды небараку,

Як бы скаціну тую нему. (6, 32)

 

Міхал, яго брат Антось, жонка Ганна, дзеці з таго часу, як гаспадар упрогся ў панскую службу, болей не належаць самім сабе («Наняўся, кажуць, як прадаўся»). Міхал, не толькі ахоўвае лес, на ім яшчэ цэлы шэраг дадатковых абавязкаў. Ён «правіў» панскія сенакосы, «догляд меў за панскім статкам». Але горш за гэтыя, усё ж «службовыя», абавязкі патураць панскім капрызам. «Марцін з каморы» — гэты нястомны пасланец панскай волі — можа прыйсці да Міхала і з такім загадам: «Злавіўшы рыбы, каб тады жа сам васпан вёз і да Нясвіжа».

«Глухі пратэст нездавальнення»,— можна сказаць, пастаянны настрой героя, бо панская служба заснавана на прыніжэнні чалавечай годнасці лесніка, на зневажанні панамі і падпанкамі яго асобы. Па вясне Міхалу, як правіла, «наказ з кватэры» сачыць глушцоў, каб яснавяльможныя «пан ляснічы» Ракоўскі, «з Нясвіжа глаўны кіраўнічы маёнткаў княжацкіх пан Свіда», «равізовы» пан Кржывіцкі маглі задаволіць свой паляўнічы імпэт.

Міхал, селянін па натуры, па выхаванню, пры гэтых, няхай сабе нячастых, наездах паноў «на глушцовыя токі» найбольш яскрава выступае ў ролі халуя, папіхача, і такая роля для яго глыбока абразлівая:

 

А ты, як Каін, валачыся,

У будане па тыднях гніся,

Ды часам пану не ўнаровіш

І «пся крэў», «дурня» часта зловіш,

З апошніх слоў цябе аблае,

А то і горш яшчэ трапляе. (6, 184)

 

Ленін пісаў, што развіццё паслярэформеннай Расіі суправаджалася няўхільным ростам «пачуцця асобы» ў асяроддзі працоўнага сялянства. У гэтым сэнсе «Новая зямля» — вельмі яскравы мастацкі дакумент часу. Зняважаная чалавечая годнасць Міхала з’яўляецца вельмі адчувальнай псіхалагічнай калізіяй, якая набывае ў творы ідэйнае значэнне, рухае сюжэт, групуе вакол сябе астатнія пачуцці героя.

У Міхале абудзіўся чалавечы гонар, пачуццё ўласнай годнасці. Ён ужо не можа, не мае сілы служыць за кавалак хлеба, зносячы штодзённую абразу, лаянку, кпіны. Ён не раб, а свабодны чалавек, і гэта самае галоўнае для разумення намаляванага Коласам характару. Зрэшты, калі ўдумацца, пасада лесніка давала дастаткова матэрыяльных сродкаў, каб Міхал мог пракарміць вялікую сям’ю, не ведаючы асаблівай беднасці. Але ў тым і справа, што гаворка ў паэме ідзе не толькі аб хлебе надзённым, але і аб катэгорыях духоўных, такіх, у прыватнасці, як пачуццё свабоды, незалежнасці, якой усім сэрцам прагне герой.

Прыгону няма, ён адменены, але ў вёсцы, дзе селянін сядзіць «вольным гаспадаром на вольнай зямлі», пан не можа гэтак зняважыць простага чалавека, як зневажае падначаленых яму леснікоў. Усё ж у паноў па-ранейшаму магутная ўлада. Князю Радзівілу належаць многія тысячы дзесяцін зямлі, лесу, гэта яго ўласнасць, і на абсягах сваіх уладанняў князь падтрымлівае той парадак, які яму найбольш даспадобы. Норавы, псіхалогія прыгону, бадай, цалкам захаваліся ў княжацкім лясніцтве, дзе паны і падпанкі, самі з’яўляючыся службоўцамі, «маюць права» да мужыцкай «спіны» (Багушэвіч). Вось тая, як бачым, псіхалагічная першапрычына, якая робіць службу для Міхала невыноснай. Яшчэ раз агаворымся, што прычына гэта не матэрыяльнага, а хутчэй духоўнага парадку:

 

Яно б чаму? служыць бы можна,

Каб не валяўся так нязбожна

У вочы гэты Рак-вар’ят.

Ці ж чалавек ён? азіят,

Душа зацятая, ліхая,

Такіх паноў і свет не знае.

Ды хоць бы пан, а то — зараза,

Так, шалахтун, байструк, пралаза,

Няшчасны вырадак, пастух...

А колькі гонару і мух!

Дык як тут жыць? Няма ахвоты,

І марны ўсе твае турботы.

Жывеш, ліпіш, як на калу ты,

І ногі й рукі ўдзеты ў путы. (6, 28)

 

Служба ў лясніцтве заснавана на падколах, даносах, на знявазе чалавечага ў чалавеку. Паны лічаць, што такое абыходжанне з падначаленымі зусім правамернае, нармальнае, бо ўсе гэтыя леснікі, падлоўчыя, аб’ездчыкі так ці іначай з панскай службы кормяцца, маюць матэрыяльны дастатак. Міхал, які разам з другімі леснікамі чакае паноў, што мусяць прыехаць на глушцовыя токі, так імітуе размову-лаянку пана:

 

Цо повеш, галган? Цо потшэба?

Я далэм тобе, дурню, хлеба!

Ідзь до д’ябла... (6,192)

 

«Я далэм тобе, дурню, хлеба» — вось тая сапраўдная прычына і акалічнасць, што змушае Міхала зносіць абразу, знявагу, жыць у няволі, тоячы нянавісць да паноў у душы. Колас, праўдзівы мастак-рэаліст, разгортвае перад намі драму чалавека, у якой жыццёвыя абставіны мацней за свабодалюбівыя імкненні героя. «Варона з куста, а пяць на куст, бо хлеба луста нялёгка ўсім, брат, дастаецца»,— нявесела разважае герой.

Горш за ўсё, што служба на пана не мае правіл, законаў, ляснік можа стаць «без віны вінаватым», бо вельмі многае, зрэшты, залежыць ад настрою, капрызу, скажам, таго самага ляснічага.

Для Міхала яго паднявольнае становішча, неабходнасць здымаць шапку перад панамі — прадмет штодзённай душэўнай пакуты. Ён прагне, шукае свабоды, гэта не толькі псіхалагічны матыў, а і лінія яго сацыяльных паводзін. «Новая зямля» — той твор, дзе ставіцца і ў рэалістычным плане вырашаецца праблема паднявольнага жыцця простага чалавека, які не хоча далей мірыцца са сваім залежным становішчам.

Вернемся зноў да той калізіі, якая, па сутнасці, абумоўлівае вядучую тэму «Новай зямлі». Міхал прагне ўласнай зямлі, у набыцці якой яму бачацца воля, незалежнасць:

 

Даўно ўжо бацька жыў думою

Разжыцца ўласнаю зямлёю

І не належаць ні да кога,

Не знаць начальства ніякога. (6, 25)

 

Міхал — натура па-сялянску цэльная, здаровая. Ён як бы створаны жыць «правільна». Ён умее і любіць працаваць, шануе сям’ю, хоча, каб і дзеці яго былі сумленнымі і працавітымі. «Простыя нормы маралі і справядлівасці» (К. Маркс) арганічна ўласцівы яго натуры. Але Міхал не можа жыць так, як хоча. Асоба яго як бы раздвойваецца на жыццё прыватнае, у сям’і, і жыццё службовае. З аднаго боку, ляснік не любіць паноў, чыноўнікаў з лясніцтва, але вымушан цярпліва, прыніжана ім падпарадкоўвацца. З другога боку, ён не мае нічога супроць аднавяскоўцаў, якія час ад часу «завітваюць» у лес па сваёй гаспадарчай патрэбе, але вымушан іх лавіць, аддаваць у панскія рукі.

Міхал выхаваны ў асяроддзі, дзе праца — неабходнасць жыцця. Ён проста не можа працаваць абы-як. Таму з выключнай добрасумленнасцю ён ставіцца і да сваёй «сабачай» службы. Не маючы ніякага намеру выслужыцца, не сквапны на панскія падачкі, Міхал павінен «пад дудку панскую скакаць». Паўторымся, ён не мае злосці на навакольных сялян («народ жадзён, бо жыве ў сціску»), але калі ён ляснік, то не прапускае ніводнай самаўпраўнай парубкі («Патрава здарыцца, пакража,— як бачыш вызнае, дакажа і дойдзе ўжо да галубочка, як бы па нітцы да клубочка»).

Селянін па натуры, па сваіх перакананнях, звычках, Міхал імкнецца да ўласнай зямлі як да збавення:

 

Купіць зямлю, прыдбаць свой кут,

Каб з панскіх выпутацца пут.

 

Калі Міхалу і надалей сумленна, шчыра служыць пану, то ён будзе вымушан усё болей адракацца ад самога сябе. Гэтага герой якраз і не хоча. Ён імкнецца да свабоды, а зарукай таго, што стане вольным, не будзе ведаць «начальства ніякога», выступае ў марах кавалак уласнай зямлі:

 

Адно, брат, тут: старацца трэба

Прыдбаць сваю скарынку хлеба,

Бо людзі кажуць: «Хлеб служачы —

Не надта добры хлеб — сабачы!» (6, 79)

 

Міхал прагна, настойліва шукае вызвалення з-пад панскай улады, іменна таму зямля і паўстае перад ім у такім прывабным выглядзе. Ён чалавек працы, яна для яго сэнс жыцця, але ён сам хоча карыстацца здабыткамі сваіх рук. Мара Міхала аб зямлі — гэта не мара кулака, ліхвяра, які гатовы скруціць у бараноў рог суседзяў, вяскоўцаў, абы толькі пабудаваць уласны дабрабыт. Ён, вядома, мог бы выкарыстаць сваё становішча лесніка для нажывы, але такая думка нават не прыходзіць яму ў галаву. Міхал — увасабленне розуму, дасціпнасці, сумлення чалавека працы.

Вернемся да вобразаў леснікоў, намаляваных пісьменнікам у апавяданнях. Сумленным, духоўна здаровым чалавекам выступае перад намі ляснік Максім Заруба («Малады дубок»). Нечым ён нагадвае Міхала. Ёсць агульнае паміж героем «Новай зямлі» і Васілём Чурылам («Васіль Чурыла»), які люта ненавідзіць паноў, прагне помсціць ім, носіць у душы агіду да злыдняў, што жывуць з чужога мазаля. У вышэйшай ступені падобныя пачуцці ўласцівы і Міхалу.

Нязломнасць, цэласнасць народнай натуры якраз і дапамагае такім, як Міхал, выстаяць супроць сіл «адчужэння», якія нясе ў сабе капіталістычнае грамадства. Міхал ніколі не стане панскім слугой да канца, службовы абавязак не перасіліць у ім чалавека. Хоць герой і «прымушан да няволі», аднак у яго сям’і вельмі частыя размовы накшталт наступнай:

 

Чаго ж так надта выдыгацца?

За што так падаць? так старацца?

Затым, каб больш цябе ганяць?

Часцей ў аглоблі запрагаць?

І будуць ездзіць, і не знайся,

А ты маўчы, а ты старайся!.. (6, 83)

 

Сацыяльны пратэст, які абудзіўся ў душы лесніка, якраз і дапамагае яму выстаяць у нягодах «панскай службы», не страціць чалавечага аблічча, усведамлення ўласнай годнасці. На норавы, што бытуюць у асяроддзі паноў, герой глядзіць скептычна, з насмешкай, асуджаючы іх фальш, хцівасць. Ён верыць, што такі парадак не вечны:

 

«Будуй ты ўсюды ім харомы,

Завошта ж ім, спытаць, пашана?

Навошта бог трымае пана?

Дзеля таго, каб панавалі

І нашым братам папіхалі?

Ці ласку ў бога заслужылі,

Каб іх тут песцілі, тулілі?..

Эх, брат! усё то — ашуканства!

Калі-нібудзь ім згіне панства.» (6, 190—191)

 

«Службовае» ў Міхале не знішчае, не падпарадкоўвае сабе чалавечае. І гэта таму, паўтараем, што ў героя моцны пункт апоры — яго класавая пазіцыя і здаровая народная мараль. Цікавы ў гэтым сэнсе раздзел «Сесія». Ляснік ідзе на зборышча панскіх службоўцаў з невясёлымі думкамі. «Сесія» — якраз тое самае месца, дзе пануюць «падкусванне і насміханне», дзе зневажаецца чалавечы гонар такіх, як Міхал:

 

Цяпер у думках пан-злачынец.

І не хацелася б з ім знацца,

Ні справы мець, ні спавядацца,

Ні слухаць лаянкі-пагрозы;

Але ні злосць твая, ні слёзы,

Ні моцна шчэмлены кулак

Не зменяць справы аніяк —

Цярпі! чаму? дакуль цярпенне?

Калі канец яму, рушэнне?

Няўжо ўвесь век жыць з панскай ласкі

І перад ім чуць абавязкі?

І слугаваць яму, старацца,

І ў тры пагібелі згінацца? (6, 95—96)

 

Чалавек, у якога ўзнікаюць такія думкі, нараджаюцца такія пачуцці,— ужо не раб. Гатоўнасць да пратэсту, нязгода са сваім сацыяльным становішчам — пастаянны настрой Міхала. Колас бліскуча малюе тую пераднавальнічную атмасферу ў асяроддзі беларускага сялянства, якая пазней выбухнула грымотамі першай рускай рэвалюцыі. Пакуль паміж панамі і тымі, што ім «слугуюць», ідзе бяскроўная вайна. У пачуццях, думках, настроях, у размовах, якія вядуць між сабой леснікі, усё панскае адмятаецца нашчэнт, высмейваецца («То часам смехам, а то ў злосці перамывалі панам косці»). На пагарду з боку паноў, чыноўнікаў службоўцы адказваюць такой жа пагардай. Грунту для кампрамісу, згоды паміж двума варожымі станамі няма.

Многа разоў, літаральна ў дзесятках варыяцый, паэт падкрэслівае думку, што пачуццё асобы, уласнай годнасці ў простым чалавеку абудзілася, што, нават атрымліваючы за сваю працу «скарынку хлеба» з панскіх рук, чалавек гэты болей не можа, не мае сіл цярпець ранейшы здзек і абразу. Паны лічаць сябе «дабрачыннікамі» ў адносінах да простага чалавека, але ён так не лічыць.

З якой з’едлівай іроніяй напісана сцэна ў раздзеле «Сесія», дзе аб’ездчык, празваны «Памдзеем», паводзіць сябе перад ляснічым прыніжана, па-рабску, забыўшыся пра свой чалавечы гонар. І як бліскуча ў той жа сцэне намаляван «Рачок», ляснічы, што адчувае сябе «звышчалавекам»:

 

Убег, нізютка пакланіўся.

Стаіць пакорна і рахмана,

На крыж гатовы йсці за пана,

Старыя костачкі злажыць

І верай-праўдаю служыць...

І так зніжацца! цьфу, агіда!

Не мець ні вобраза, ні віда,

Ні нават цені чалавека;

Стаяць, бы куль, бы лялька нейка,

Глядзець на пана, як той Лыска...

Эх, так упасці, і так нізка!

Затое ж пан той! паглядзеце:

Хто з ім зраўняецца на свеце?

Які ён важны, панаваты,

Выдатны, «мондры», зухаваты!

Які ён гога! які дока!

Як ён нясе сябе высока!

Пабачце гэту яго міну:

Ён — цар, ён — бог напалавіну,

Злучэнне бляску, ззяння, цені,

Сагні прад ім свае калені!..

І прад такім вось галамоўзай

Не смей стаць роўна ты, а поўзай! (6, 100)

 

Колас, выдатны паэт-рэаліст, маляваў селяніна, які не перажыў яшчэ ўрокаў рэвалюцыі. І тым не менш у сваёй паэме ён глыбока раскрыў новыя сацыяльныя якасці селяніна, абуджэнне ў ім пачуцця асобы, усведамленне ім сваёй ролі ў жыцці, вытокі той «адчайнай рашучасці, нянавісці да пана і памешчыка» (Ленін), якія пазней, у дні першай рускай рэвалюцыі, выліліся выбухам усенароднага гневу.

Міхал прагна, з тытанічнай настойлівасцю, цярпеннем шукае вызвалення з-пад панскай улады. І ў той час шлях яго барацьбы за шчасце ілюзорны. Уявім сабе на хвіліну, што Міхал дамогся свайго, стаў уладальнікам некалькіх дзесяцін зямлі. Нават калі б паэт увёў такі ход у паэму, яе ідэйны змест мала чым змяніўся б. У адпаведнасці з жыццёвай праўдай паэт быў бы вымушаны паказаць, што Міхал не знайшоў шчасця на ўласнай зямлі. Зрэшты, справа ў тым, што жыццё, шчасце, лёс чалавека ў свеце, які раздзіраецца сацыяльнымі антаганістычнымі супярэчнасцямі, не можа быць лёсам, шчасцем «лакальным». Трагедыя Міхала — трагедыя ўсяго беларускага сялянства.

Калі кіравацца фактамі біяграфіі Коласа, то можна ўбачыць, што яго бацьку Міхаілу Казіміравічу Міцкевічу ўдалося купіць кавалак зямлі яшчэ да сваёй смерці. Але паэт, пішучы мастацкі твор, ігнаруе гэты факт, бо яго задача значна шырэйшая — паказаць трагедыю паднявольнага працоўнага народа. Таму гармонія аказваецца недасяжнай, яна дзесьці наперадзе, яна ў поўным трывожнага смутку запытанні паэта:

 

Прасторны шлях! Калі ж, калі

Ты закрасуеш на зямлі

І злучыш нашы ўсе дарогі? (6, 280)

 

У «Новай зямлі», як бачым,— радасць працы, дзеяння, паэзія, хараство прыроды суседнічаюць з сумнай гісторыяй трагічных пошукаў Міхала і яго сям’і. Але так ці інакш Колас паэтызуе «дабрачыннасці» простага чалавека, пастаўленага ў неспрыяльныя жыццёвыя абставіны. У хісткім, супярэчлівым, сацыяльна дысгарманічным свеце, нібы хоча сказаць паэт, ёсць свая гармонія, сталыя этычныя, эстэтычныя, духоўныя каштоўнасці, якія трэба шанаваць.

У самой натуры Міхала мы адчуваем вялікія, стоеныя сілы. І найбольшая з іх — мужнасць цярпення, тая спрадвечная цягавітасць, што абумоўлівае вытокі гістарычнага народнага аптымізму, жыццесцвярджальныя адносіны да жыцця. Паэт малюе вобраз Міхала з выключнай удумлівасцю, асцярожна і паступова. Перад намі паўстае чалавек разважлівы, спакойны, крыху замкнуты ў самім сабе. Ім рэдка апаноўвае гнеў, хоць у гневе ён нястрыманы (варта ўспомніць сцэну з «Начаткамі»). Ён «гаспадар» і таму даволі сурова ставіцца да дзяцей, не даруючы ім ніякіх правіннасцей, ляноты, нядбайства. Сам ён не надта пісьменны, але дзяцей да навукі заахвочвае, выяўляючы гэтым самым пэўнае разуменне новых павеваў у жыцці. Ён і марыць умее, гэты пануры з выгляду чалавек, хоць мары яго і не сягаюць далей карцін заможнага сялянскага дабрабыту:

 

Міхал прыкідвае на вока

Рахункі гэтай важнай справы.

Ў яго ваччу ўставалі лавы

Жытоў, што ўласнаю рукою

Засее восенню другою

На ўласнай гэтай на зямельцы... (6, 233)

 

Жыве ў душы спрадвечнага хлебароба, селяніна, які воляй абставін зрабіўся «службоўцам», чалавечая пяшчота, замілаванасць, цеплыня. Праяўляецца яна, праўда, скупа, не на людзях і нават не да людзей. Вось Міхал вяртаецца «з абходу», любуецца «ярыною і жытамі», вельмі выразна выяўляючы схаваную, стоеную мяккасць сваёй натуры.

 

Ды возьме ў пальцы асцярожна

Яшчэ няспелы і парожны

Ён колас жытні і паглядзіць,

Рукою лёгенькай пагладзіць,

Нібы сынка свайго малога,

І ў сэрцы дзякаваў ён бога. (6, 34—35)

 

Паэт імкнецца засяродзіць нашу ўвагу якраз на душэўнай дабраце свайго героя, на ўласцівым яму пачуцці справядлівасці, дзе Міхал і Антось як бы спаборнічаюць у выяўленні братэрскіх, сапраўды альтруістычных пачуццяў:

 

А пападалася там скварка,

Была між імі чуць не сварка:

— Бяры, Антось! — Я намакаўся,

Бяры, брат, ты: ты больш цягаўся.—

І спрэчку тым яны канчалі,

Што гэту скварку разразалі. (6, 24)

 

Паэт у той жа час зусім не прыхарошвае героя. Добрае ён шукае ў звычайнасці чалавечага характару. І гэта датычыць не толькі Міхала і Антося, а з’яўляецца мастацкім прынцыпам.

Дабрата — норма чалавечага характару, паводзін, іншая справа, што ўмовы выхавання, асяроддзе, сацыяльныя абставіны не даюць магчымасці выявіцца чалавечаму ў чалавеку.

Мастацкая адметнасць вобраза Міхала ў тым, што паэт буйным планам малюе звычайнага, ні ў якой ступені не выключнага чалавека. Мы нават не можам сказаць, што паэт любуецца сваім героем, як гэта бывае па традыцыі ў жанры паэмы. Устаноўка на «звычайнасць» ахоплівае літаральна ўсе праявы жыццядзейнасці героя.

Мы ведаем Міхала разважлівым, стрыманым, панурым з выгляду чалавекам. На гэтым, бадай, і канчаецца індывідуальная характарыстыка героя. Але з якой упартай настойлівасцю песціць ляснік думку аб набыцці ўласнай зямлі, аб вызваленні з-пад панскага прымусу.

У сям’і, сярод другіх леснікоў, на адзіноце ў час стражніцкіх вандровак тэма размоў, роздуму Міхала фактычна адна — няволя. Думкі, размовы Міхала аб сваім паднявольным становішчы, аб зняважанай чалавечай годнасці, аб немагчымасці жыць далей так, як ён жыве, вар’іруюцца дзесяткі разоў, вырастаючы ў стрыжнёвую, асноўную тэму «Новай зямлі». Менавіта гэта ідэя-страсць робіць вобраз Міхала манументальным, сацыяльна значным.

Сапраўды ўсё ў Міхале падпарадкавана імкненню набыць зямлю, вырвацца з-пад панскай залежнасці. Зваблівая ідэя-мара становіцца сэнсам яго жыцця. Дзеля сваёй жыццёвай задачы герой гатовы цярпець часовае прыніжэнне, зносіць насмешкі, кпіны. Бо наперадзе яму свеціць зямля — «наймацнейшая аснова і жыцця першая ўмова». Доўга, настойліва, упарта ідзе Міхал да мэты, што «свяціла зоркай яснай», давала сілы пераносіць нягоды:

 

Ён паскупеў, і нават значна.

Што ж? лепей з’есці не так смачна,

Загнаць запас на хлеб, на сала,

Абы капейка перапала,

І лішні выгадаць рубель... (6, 223)

 

Здаецца, і мэта блізка. Ужо апытана, агледжана зямля, ужо дзядзька Антось з’ездзіў у Вільню, у зямельны банк, каб аформіць пазыку,— і раптам нечаканая хвароба, а за ёй бязлітасная смерць Міхала.

Паэт паступова, крок за крокам, падводзіць нас да думкі аб марнасці намаганняў героя. Ужо ў самім ходзе змагання за сваё шчасце Міхал перажывае нямала сумненняў. Вырвацца з зачарованага кола панскіх парадкаў вельмі цяжка. Да ўласнай зямлі далёка, без службы не пражывеш, а яна колам у горле. Час ад часу ў Міхала ўзнікаюць невясёлыя думкі:

 

А над уласнай гаспадаркай

Варонай чорнаю закаркай

І цяжкі крыж пастаў над ёю,

Як мусім ставіць над сабою. (6, 73)

 

Нястача, бясконцыя клопаты, выкліканыя жаданнем «купіць зямлю», прывялі героя да такога душэўнага стану, што для яго пачарнеў белы свет:

 

І адпадала ўся ахвота

Зямлю купляць і нават жыць.

 

Смерць Міхала невыпадковая ў паэме. Яна абумоўлена законамі мастацкай праўды. Ілюзорнасць пошукаў героя, як бачым, прадчуваецца ў шэрагу папярэдніх раздзелаў. Але найбольш істотнае значэнне мае ў гэтым сэнсе раздзел пад характэрнай назвай «Воўк».

Зімовым днём ішоў ляснік Міхал у свой звычайны абход («Міхал ідзе адзін, пануры, і сам ён хмур, і думкі хмуры»). Лесніку родныя, блізкія занесеныя снегам абшары, тут усё знаёма яму да дробязей. Можна сказаць, што ён зросся душой з навакольнымі краявідамі. Раптам проста на Міхала з сёл бяжыць воўк. Ён не можа абмінуць Міхала. Але праходзіць хвіліна, другая — ваўка няма. Герой не знаходзіць адказу для вытлумачэння гэтай праявы, ён у разгубленасці. Адказ такі ж страшны, як і нечаканы: воўк папаў у палонку на рацэ, яму адтуль не выбрацца...

Сцэна гэта мае сімвалічны падтэкст.

Міхал не знайшоў шчасця. Яго шлях трагічны. Па закону кантрасту ў свядомасці чытача павінна ўзнікнуць пытанне: а дзе ж тое новае, іншае шчасце, дзе той ідэал, да якога трэба імкнуцца ў жыцці? У гэтай сувязі патрэбна вытлумачваць і самую назву паэмы «Новая зямля». Адмаўляючы ўласніцкія ілюзіі, індывідуалістычны шлях барацьбы за шчасце, пісьменнік нібы хоча сказаць: ёсць новая зямля, ёсць сапраўднае шчасце для працоўнага чалавека. У чым гэта шчасце? Пісьменнік дасць адказ на гэта ў сваіх пазнейшых творах: аповесцях «На прасторах жыцця», «Адшчапенец», «Дрыгва» і інш.

Мастацкія творы выклікаюць у нас пачуццё прыгожага дзякуючы сваёй маляўнічасці, выразнасці, канкрэтнасці. Сілай свайго ўяўлення пісьменнік нібы пераносіць нас у само жыццё, дае сутыкнуцца з тым, што мы лічым за ідэал. А ідэалам, прыгожым будзе тое, што адпавядае нашым найлепшым уяўленням аб жыцці, што выклікае ў нас пачуцці радасці, захаплення, шчасця.

Але тут жа ўзнікае думка, што прызначэнне мастацтва шырэй аднаго толькі выяўлення прыгожага, якое ёсць у жыцці, бо ў жыцці ёсць і брыдкае, і смешнае, і трагічнае. Такім чынам, мастацкі твор можа непасрэдна і не выклікаць пачуцця прыгожага. Але мастак усё ж можа даць уяўленне аб ім чытачу, паказваючы тое, што супярэчыць, перашкаджае нараджэнню прыгожага. Прадметам мастака ў такім выпадку будзе ўжо не прыгожае, але мэта яго застанецца той жа самай: ён прымусіць чытача палымяна жадаць прыгожага, асудзіць усё злое, несправядлівае, што губіць, не дае здзейсніцца ідэалу ў жыцці.

У камедыях Гогаля станоўчым героем быў смех, г. зн. асуджэнне ўсяго таго непатрэбнага, што перашкаджала сцвярджэнню ідэалу.

Дзядзька Антось — другі, надзвычай абаяльны вобраз паэмы, які як бы дапаўняе, а ў асобных момантах нават паглыбляе яе мастацкую задуму. Вобраз Міхала пададзены паэтам больш з унутранага, псіхалагічнага боку, вобраз Антося — са знешняга, «дзейснага». Духоўнаму жыццю Міхала ўласціва большая дынаміка, дыялектыка пачуццяў. Унутранае жыццё Антося як бы больш статычнае, яно не ведае вялікіх парыванняў, выбухаў.

Вобраз Міхала як бы ўвасабляе дух пратэсту, які наспеў у асяроддзі беззямельнага сялянства. Гэтым вобразам паэт як бы адмаўляе невыносныя ўмовы жыцця. Вобраз Антося пададзены больш з боку сцвярджэння жыцця і працы, няхай сабе паднявольнай, цяжкай. Антось цягне «ярэмца хлебароба» ад вясны і да зімы, яго характар праяўляецца пераважна ў штодзённай сялянскай працы.

Антось — яркая, таленавітая душа. Ён як бы жыве ў добрай згодзе з усім светам і асабліва з прыродай. Дзядзька — майстар на ўсе рукі: ён і рыбак, і пчаляр, і зацяты грыбнік.

 

Антось наш дбалы, акуратны,

А пры рабоце які здатны!

Што ні замысліць, то ўсё зробіць,

І так прыгоніць, так аздобіць.

Што і для вока нават міла.

І ўсё выразна гаварыла,

Што ён не толькі гаспадар,

Але й прыроджаны штукар,

Якіх на свеце не так многа.

За дзядзьку людзі просяць бога:

Каму ён толькі не спрыяе,

Каго з бяды не вызваляе! (6, 137—138)

 

Усёпаглынальная дабрата — вызначальная рыса натуры дзядзькі Антося.

Успомнім, як лёгка сыходзіцца з людзьмі дзядзька Антось. Сяброўства Антося з «вакзальным сторажам» са Стоўбцаў Донісам Дракай мімалётнае («У цёткі Гені выпівалі і разам восі яны кралі»). Але тым не меней Доніс шчыра спрыяе таму, каб пасадзіць Антося «зайцам» у пасажырскі цягнік і ўвогуле выказвае ўсе адзнакі шчырай прыхільнасці. Гэтак жа лёгка збліжаецца ў Вільні Антось з Грышкам Верасам, які, як і дзядзька, аказваецца перш за ўсё чалавекам добрым, што гатовы паспрыяць у бядзе нават незнаёмаму.

Асабістае жыццё ў Антося склалася няўдала — «на свеце не знайшлося ні ўдоўкі-любкі, ні дзяўчыны, каб палучыць дзве палавіны». Некалі ў маладосці «была вясна, было імкненне», але лёс не зычыў Антосю пабудаваць сям’ю, зведаць радасць бацькоўскага пачуцця:

 

Ды толькі доля не судзіла,

І любка-Наста, яго міла,

Што так клялася, цалавала

І к сэрцу з жарам прыхіляла,—

Што так суліла шчасця многа,—

Яго змяняла на другога! (6, І39)

 

Тым болей дзіўна, што Антось душой не ачарсцвеў. Альтруізм Антося праяўляецца перш за ўсё ў тым, што ён робіцца найлепшым другам братавых дзяцей. Малыя адчуваюць дабрату, шчырасць, чысціню дзядзькавай душы, цягнуцца да Антося з усёй непасрэднасцю дзяцінства. Дзядзька іх дарадчык, суддзя, ён раскрывае перад імі вялікую, поўную загадак і таямніц кнігу прыроды. У самой натуры Антося ёсць штосьці дзіцячае, наіўна-непасрэднае:

 

Яшчэ замецьце, што з малымі

Ён размаўляў, як са старымі,

І з імі радзіўся, спрачаўся —

Як роўны з роўнымі трымаўся! (6, 54)

 

Антось жыве ў братавай сям’і, працуе на яе (уся гаспадарка фактычна ляжыць на яго плячах), але нават ценю незадаволенасці сваім становішчам не выказвае. Ён умее ахвяраваць сабой, жыць дзеля іншых, і не толькі дзеля блізкіх, якімі з’яўляюцца брат, яго жонка і дзеці, а і дзеля тых жа, скажам, вяскоўцаў-мікалаеўцаў.

Старонкі, прысвечаныя Антосю, як і раздзелы, дзе навакольны свет паўстае ўбачаным вачамі дзяцей, самыя прачулыя, чалавечныя па зместу.

«Новая зямля» не толькі твор аб сацыяльных шляхах-дарогах беларускага селяніна, а і кніга аб бясхмарным дзяцінстве, аб адкрыцці дзяцінствам свету, такога цудоўнага, загадкавага і таямнічага. Нават чыста «дзіцячыя» раздзелы займаюць у паэме немалое месца («Дзядзька-кухар», «Дарэктар», «Начаткі», «Вечарамі», «Зіма ў Парэччы», «На рэчцы», «Таемныя гукі»).

Дзве тэмы «Новай зямлі» як бы сутыкаюцца ў адкрыцці прыгажосці навакольнага свету — лірычна-філасофская тэма паэта і тэма дзяцінства.

Абедзве гэтыя тэматычныя плыні маюць тэндэнцыю да зліцця ў вобразе Костуся, які сваімі надзвычай чулымі адносінамі да прыроды нагадвае Сымона-музыку з аднайменнай паэмы. Тэма паэта найбольш разгорнута ў лірычна-філасофскіх адступленнях, але прысутнічае яна і ў «апавядальных» частках, як, напрыклад, у радках з раздзела «Дзядзька-кухар» :

 

Я помню дзень той. Вечарэла.

Зайшло ўжо сонейка, цямнела,

Агоньчык дзеці раскладалі...

 

Аднак вернемся да дзядзькі Антося. Трапіўшы ў Вільню, ён адчувае сябе бездапаможным. Горад з яго тлумам, мітуснёй, мноствам людзей на вуліцах выклікае ў дзядзькі нават нейкае варожае пачуццё. Яму, чалавеку працы, што не згуляў у жыцці ні хвіліны, гарадская мітусня здаецца непатрэбнай. У «паны» дзядзька залічвае ўсіх увогуле нядрэнна апранутых людзей:

 

А ўзяць паненак — ажно ззяюць

І ходзяць — долу не чапаюць:

Так лёгка, плытка, далікатна,

Як бы матыль той, акуратна,

Ды што рабіць дачушкам бруку?

У гэтым іх уся навука.

Растуць, як краскі, ў добрай долі,

Не трэба йсці з сярпом на поле,

Дзе праца ўсю красу знімае,

А ржышча ногі прабівае. (6, 248)

 

Так, дзядзька Антось не мог зблудзіць «у пушчах, у барах», у прывольным, шырокім свеце, а тут, сярод гарадскіх муроў, камяніц, глухіх завулкаў ён зусім разгубіўся. Але справа не толькі ў глухіх завулках, мурах, а і ў людзях, сярод якіх ніводнага «рахманага» твару. Няхітрым, простым сэрцам Антось адразу адчуў індывідуалізм, раз’яднанасць жыцця буржуазнага горада, дзе кожны толькі «сам за сябе», дзе сярод людзей «няма ў... вачах прывету, як бы не рады сонцу, свету». І менавіта такі горад выклікае ў дзядзькі Антося выбух помслівай злосці («Падшыбла злосць яго такая, што, каб прымеў бы, ўзяў саломы ды падпаліў усе харомы»).

Бязглуздай, варожай уяўляецца Антосю і чыноўніцкая, бюракратычная іерархія ў зямельным банку, дзе без знявагі, прыніжэння простаму чалавеку кроку не ступіць. На чыноўніцкую пагарду дзядзька, няхай сабе ў думках, у пачуццях, адказвае сваёй, мужыцкай да іх, паноў, пагардай:

 

„Ось дзе выжыга! ось бізун,

Бадай цябе забіў пярун!

Чакай дабра ты ад хамулы,

Няхай табе дасць бог тры скулы!

Няхай цябе водзяць сляпога,

Як водзіш ты за нос другога!” (6, 257)

 

Парадкі, якія пануюць у зямельным банку, успрымаюцца Антосем як рэчаіснасць непрывабная («Сядзяць пісцы, як гною кучкі», «Чыноўнік буркнуў штось сярдзіта, як той япрук каля карыта»).

Зрэшты, той жа дзядзька Антось аддае даніну прыгажосці гораду, калі, узабраўшыся на «замкаву гару», любуецца разам са сваім новым прыяцелем Грышкам Верасам яго забудовай, лабірынтам зялёных вуліц, завулкаў, рэчкамі Віліяй і Вілейкай, а найбольш узгоркамі «ў сіняй далі», раздоллем «палёў, задумаю спавітых», што нагадваюць пра сваё, «мужыцкае».

З вобразам дзядзькі Антося звязана паэзія земляробчай працы, штодзённага сялянскага побыту. Да «Новай зямлі» не было ў беларускай літаратуры твора, дзе б з такой мастацкай сілай былі апаэтызаваны будні селяніна, тая звычайная, «нізкая» рэчаіснасць, якая ўвогуле выключалася ідэалістычнай эстэтыкай са сферы прыгожага, паэтычнага.

У «Новай зямлі» перад намі паўстае сялянская праца ў яе каляндарным цыкле, ад вясны да зімы, і ніводная больш-менш значная праява жыццядзейнасці селяніна ў творы не абыдзена. Ворыва, сяўба, касавіца, жніво, малацьба — усё гэта стала прачулымі, узнёслымі, паэтычнымі карцінамі. Калі ранейшая і нават сучасная Коласу дэмакратычная літаратура акцэнтавала ўвагу на момантах фізічнага знясілення, стомленасці, г. зн. на пакутлівых адчуваннях селяніна, які працуе, то ў малюнках ворыва, жніва, касавіцы, што паўстаюць перад намі ў «Новай зямлі», бачым штосьці адваротнае. Тут праца — перш за ўсё паэтычная стыхія, яна прыносіць радасць, задавальненне чалавеку. Яна — тыя тыповыя абставіны, у якіх праяўляюцца характары герояў, неад’емная якасць гэтых характараў. Сам працэс працы, дзейнасці, тварэння становіцца ў творы крыніцай паэзіі. Дзесяткі такіх высокаадухоўленых, поўных паэзіі, хараства малюнкаў знойдзем мы ў «Новай зямлі». Паэт паказвае, што праца можа стаць галоўнай радасцю жыцця.

Паэту проста не ўдалося б намаляваць паўнакроўны, жывы характар Антося, каб ён не паказаў свайго героя ў няспыннай сялянскай дзейнасці. Тое, што робіць селянін, паказваецца сродкамі «высокай», калі хочаце, нават рамантычнай паэтыкі:

 

І ажывіліся амшары,

Запахла свежаю раллёю,

Як бы сам бог тут над зямлёю

Прайшоў і глянуў міласціва.

Антось заложна і цярпліва

Ў зямлю укладваў свае сілы. (6, 33—34)

 

Сялянская праца — працэс узаемадзеяння чалавека з прыродай. Менавіта ў працэсе чалавечай дзейнасці прырода напаўняецца гуманістычным зместам, ажыццяўляецца «гуманізм прыроды», як пісаў К. Маркс. Дзядзька Антось носіць у душы любасць, замілаванасць да лесу, поля, рэчкі перш за ўсё таму, што гэта асяроддзе яго жыццядзейнасці. Толькі сялянская праца, падчас цяжкая, знясільваючая, можа нарадзіць, напрыклад, такую любасць чалавека да каня:

 

Калі ўжо сонейка прыгрэла,

Антось на полі кончыў дзела

І выпраг коніка сівога,

Свайго памочніка старога.

Сівак з вялікім здаваленнем

Прайшоўся вольна загуменнем

І, баючыся ашукацца,

Раллю панюхаў, стаў качацца

З такім засосам і ахвотай,

Бакі намуляўшы работай.

Антось глядзеў і пацяшаўся

І ціха сам сабе смяяўся. (6, 71)

 

Высокім паэтычным пафасам прасякнуты малюнкі гуртавой працы. Касьба, жніво, малацьба — вось тыя асяродкі аднаасобнага сялянскага жыцця, якія далі паэту магчымасць убачыць вынік дзейнасці аб’яднаных чалавечых намаганняў, апаэтызаваць у шчырых, рамантычна-ўзнёслых карцінах:

 

Ідуць касцы, звіняць іх косы,

Вітаюць іх буйныя росы,

А краскі ніжай гнуць галовы,

Пачуўшы косак звон сталёвы.

Касцы ідуць то грамадою,

То шнурам цягнуць, чарадою,

То паасобку, то па пары;

Ідуць касцы, ідуць, як хмары,

І льецца смех іх разудалы,

Як веснавыя перавалы. (6, 209)

 

Можна дапусціць, што касавіца, жніво самім сваім характарам, людскім шматгалоссем, рухам тояць у сабе паэзію. Але якая, скажам, магла быць паэзія ў такой рабоце, як падмазванне калёс. Але Колас знаходзіў яе і тут:

 

Антось агледзеў тут прылады,

Калёсам добра даў «памады» —

Густога дзёгцю і варволю,

Каб меней крыўдзілісь на долю.

 

Колас паэтызуе звычайную, будзённую, чорную работу, узводзячы яе на ступень прыгожага, паэтычнага. Такім чынам, прыгожае, паэтычнае і практычнае, утылітарнае выступаюць у цесным адзінстве. Увасабляючы гэта адзінства, паэт бліскуча абвяргае сцвярджэнне ідэалістычнай эстэтыкі, што пачуццё прыгожага ўласціва нібыта толькі людзям духоўнай інтэлектуальнай дзейнасці і зусім чужое людзям фізічнай працы.

Бачанне прыгожага і утылітарнага ў адзінстве, непарыўнай сувязі мела для эстэтыкі савецкай літаратуры надзвычай вялікае значэнне. Утылітарнае, практычнае, мэтазгоднае паэт узводзіў у катэгорыю эстэтычнага, закладваючы гэтым самым першыя камяні ў сацыялістычную эстэтыку маладой савецкай беларускай літаратуры.

М. Горкі ў вядомым артыкуле «Аб сацыялістычным рэалізме» пісаў: «Пад прыгажосцю разумеецца такое спалучэнне разнастайных матэрыялаў, а таксама гукаў, фарбаў, слоў, якое надае створанаму — зробленаму чалавекам-майстрам — форму, што дзейнічае на пачуцці і розум як сіла, якая выклікае ў людзей здзіўленне, гонар і радасць перад іх здольнасцю да творчасці»1.

У «Новай зямлі» авеяна паэзіяй не толькі сама праца, а і яе шматлікія прылады, рэчы, створаныя чалавечымі рукамі. Вось, скажам, карціна, дзе дзядзька Антось выбірае сабе на рынку касу:

 

Другі лягчэй знаходзіць жонку —

Свой вечны лёс, сваю красу,

Чым дзядзька добрую касу.

І паглядзець было цікава,

Як дзядзька шчыра і ласкава

Касу на рынку выбірае!

Якіх ён спроб там не ўжывае!.. (6, 207—208)

 

Паэзіяй становіцца побыт, яго прадметы, рэчы штодзённага, практычнага ўжытку. Усяму гэтаму паэт імкнецца надаць паэтычны вобраз. Так нараджаецца мноства мастацкіх дэталей, якія, як паветрам, запаўняюць прастору паэмы:

 

У дзядзькі цэлы спрат запасаў —

Не любіць дзядзька пустаплясаў.

Вось вы зірніце ў хлеў на вышкі!

Там многа яблынін на лыжкі,

Там ёсць ігруша і кляніна,

Якая хочаш дравяніна:

Грабільны, коссі, клёпкі, восі...

Няма трайні — йдзі да Антося. (6, 138)

 

У паэме рассыпаны сотні такіх мастацкіх рэчавых дэталей. Рамонт старога дзедавага чаўна, выхад на лоўлю тхара з усімі гэтымі бляхамі, юшкамі, бразджоткамі, падгляд пчол з паказам усіх рэчавых атрыбутаў справы, варыва бульбяных клёцак, дзе «чыгунок, бы пан пузаты, кіпіць, пыхціць, шуміць заўзята», дзе зноў жа цалкам, з улікам усіх матэрыяльных падрабязнасцей паказан сам ход падзеі, калі і значнай, то толькі ў вачах дзяцей,— усё гэта менавіта дзякуючы мастацкай дэталізацыі паўстае ў паэме запамінальнымі, паэтычнымі карцінамі.

Колас надае паэтычны вобраз звычайным рэчам («сярпок крывенькі просіць дзела», «цапы віселі, бы заснулі», «як той п’яны, ляжаў навой, стары, драўляны», «гвазды то тут, то там тырчалі па ўсіх сцянах, як бы шчаціна» і г. д.).

Паэт надзвычай часта глядзіць на навакольны свет вачамі селяніна. Гэтым вызначаецца ў пэўнай меры і характар вобразнасці, па-сялянску канкрэтны, звязаны з колам уяўленняў людзей вёскі. Толькі абапіраючыся на народнае, сялянскае светаўспрыманне, можна сказаць: «Ў парканах шулы, як салдаты, стаяць у струнку, зухаваты». Разам з народнай, вобразнай, трапнай у сваёй аснове фразеалогіяй («Расквасіць кірпу не збаюся», «Гулу падсуну ў табакерку», «Чорт кожны вяжацца слатою» і г. д.) гэта стварае непаўторны паэтычны свет «Новай зямлі».

У паэме намалявана сялянскае жыццё ва ўсіх яго тыповых праявах. Тут будні і святы селяніна, яго радасці і нягоды. Мы гаварылі аб тым, што Колас умее паэтызаваць будзённую, «чорную» работу, звычайны сялянскі побыт. Але не ў меншай ступені запыняецца паэт і на святочных, «ідэальных» момантах сялянскага жыцця, на паэзіі самога абраду, рытуалу свята селяніна, на той у першую чаргу пачуццёвай радасці, якую атрымлівае селянін ад жыцця,

«Радасць жыцця як існавання» — гэтай эпікурэйскай паэзіяй наскрозь прасякнута «Новая зямля». Паэт не раз напіша, як снедалі, абедалі, частаваліся яго героі ў святы.

Кожны, хто чытаў «Новую зямлю», відаць, памятае славутыя радкі:

 

Дзень быў святы. Яшчэ ад рання

Блінцы пякліся на сняданне.

 

Менавіта з гэтых радкоў як бы пачынаецца паэтызацыя яды, сялянскага банкетавання. Пра тое, як селянін святкуе, пра яго радасці, уцехі «за сталом» паэт скажа не раз і не два, а намалюе цэлы шэраг зноў жа вельмі падрабязных карцін, кожнай з іх знойдзе адпаведны настрой, колер, ці то жартоўна-іранічны, ці сагрэты іскрамётнай весялосцю, ці нават святочна-ўрачысты.

З той жа грунтоўнасцю, з якой паказвалася праца, яе прылады, прадметы, паэт пакажа яду, яе парадак, чаргаванне страў. Вось, так сказаць, звычайнае, нядзельнае застолле. Падаецца верашчака. Малюнак вытрыман у жартоўна-іранічных фарбах:

 

Чуць міска ткнулася сюды,

Дык у яе, як па прыказу,

Відэльцаў з восем лезе зразу,

Гаворка моўкне, смех сціхае:

Цяпер мінуціна другая,

Бо ўсіх займае міска стравы;

Другія моманты, праявы,—

Усе пафукваюць ды студзяць

І верашчаку тую вудзяць

І толькі чаўкаюць губамі

Ды зрэдку скрыгаюць зубамі,

Як бы на бераг тыя хвалі

У часе ветру наступалі, (6, 22—23)

 

У раздзеле «Падгляд пчол» паэт разгорне больш шырокую карціну сялянскага свята з яго рытуалам, шчодрым пачастункам, шматгалоссем, песнямі і скокамі.

Такія застоллі-бяседы — ідэальныя моманты сялянскага жыцця, «крыніцы бурнага натхнення». У гэтых супольных пачастунках раскрываецца лепшае, што ёсць у душы простага чалавека — дабрата, жаданне зрабіць прыемнае суседу, шчодрасць. Нездарма карціну сялянскага свята паэт як бы перапыняе лірычным зваротам да свайго сабрата па пяру:

 

Мой мілы Янка, мой Купала!

Ў агульны вір нас доля ўгнала.

Чаму ж, чаму часінай тою

Мы не спаткаліся з табою,

Каб стол сялянскага банкету

Развесяліў душу паэту? (6, 112)

 

Ад застолля напярэдадні каляд, калі спраўлялася куцця, патыхае старой язычаскай сімвалічнасцю. Страў, прысмакаў безліч. Гэтым як бы кідаецца выклік новаму году — няхай будзе ён не горшы за год мінулы, «дабра, прыбытку прыспарае». Рэчавасць, дакладнасць і тут вызначаюць характар паэтычнага малюнка:

 

Спыніцца мушу я на квасе:

Ён колер меў чырванаваты;

Тут быў таран, мянёк пузаты,

Шчупак, лінок, акунь, карась,

Кялбок і ялец, плотка, язь.

Яшчэ засушаныя з лета.

Але не ўсё яшчэ і гэта:

Аздоблен квас быў і грыбамі,

Выключна ўсё баравічкамі,

Цыбуля, перчык, ліст бабковы —

Ну, не ўясісь, каб я здаровы! (6, 174)

 

Дабрабыт селяніна вельмі цесна звязан з прыродай — з сонцам, багаццем снегу зімой, шчодрымі дажджамі летам. Таму пейзажныя малюнкі маюць як бы свой, утылітарны сэнс, бо «прырода... жыве з людзьмі супольна, згодна».

На куццю — перад зімой — дэманструецца «посны» зажытак селяніна, на вялікдзень, свята вясны,— «скаромны»:

 

А на стале тым — рай, ды годзе,

Што рэдка трапіцца ў народзе,

Ляжала шынка, як кадушка,

Румяна-белая пампушка,

Чырвона зверху, сакаўная,

Як бы агонь у ёй палае,

А ніз бялюткі, паркалёвы;

Кілбасы-скруткі, як падковы,

Між сцёган, сала і грудзінак

Красуе ўсмажаны падсвінак,

Чысцюткі, свежы і румяны...

Як бы паніч той надзіманы. <...>

Са смакам елі і багата —

На тое ж даў бог людзям свята. (6, 205)

 

Так, паэт шчодра паказвае матэрыяльнасць «радасцей жыцця», калі хочаце, паэзію «гастранамічных» адчуванняў, далёка не чужую народнаму асяроддзю. Але не ў меншай меры Колас — паэт «духоўнасці», паэт тонкіх пачуццяў, у вышэйшай ступені ўласцівых простым людзям. Крыніцай, што нараджае гэтыя пачуцці і адчуванні, з’яўляецца прырода, на ўлонні якой просты чалавек жыве, дарамі якой карыстаецца.

Цудоўным, шматфарбным святлом ззяе намаляваная ў «Новай зямлі» беларуская прырода. Па сіле майстэрства пейзажнага жывапісу няма ў беларускай літаратуры паэта, роўнага Коласу. Яго адухоўленыя, то ўзнёсла-філасофскія, рамантычныя, то па-чалавечы пранікнёна-мяккія пейзажныя карціны і малюнкі чаруюць нас сваім багаццем, дакладнасцю, высокай паэтычнай гармоніяй.

Прырода ў паэме паўстае ў розных ідэйна-эстэтычных функцыях. Яна, па-першае, тыповыя абставіны, у якіх жывуць, дзейнічаюць героі. Лес, поле, луг, рэчка (зімой, вясной, летам і восенню) — гэта не проста малюнкі, а тое звычайнае асяроддзе, без якога мы не можам сабе ўявіць Міхала, Антося і астатніх герояў «Новай зямлі». Прырода ўздзейнічае на іх характары, паводзіны, фарміруе іх светаадчуванне.

З другога боку, прырода ў «Новай зямлі» як бы выконвае ідэйна-мастацкую, патрыятычную задачу. Пра Беларусь, яе клімат, прыроду, краявіды склалася думка як пра край убогі, бедны прыгажосцю, славуты хіба толькі гнілымі балотамі ды туманамі. Паэт нашчэнт разбівае такі пагляд.

Багацце, шматфарбнасць беларускай прыроды з’яўляецца таксама як бы антытэзай да асноўнай сацыяльнай тэмы твора. Паглядзіце, які цудоўны, багаты наш край, нібы гаворыць паэт, і як цяжка жывуць у ім людзі, якія раздольныя лясы, палі, сенажаці і як не хапае ўсяго гэтага чалавеку зямлі, селяніну.

Паэт малюе лес, тыповае асяроддзе жыцця і працы лесніка («А знізу гэты лес кашлаты меў зелянюсенькія шаты лазы, чаромхі ці крушыны, алешын ліпкіх, верабіны»; «Дубы дзе дружнай чарадою стаяць, як вежы, над вадою»). Гэткі ж дакладны вобраз будзе дадзен лугу, полю, рэчцы, самой сядзібе лесніка, прычым малюнак будзе мяняцца ў залежнасці ад змены пораў года, бо, скажам, лес зімой зусім не такі, як вясной і восенню, ён мае адметны настрой і характар.

Вынікла б, на нашу думку, вельмі цікавая карціна, каб хто нават проста пералічыў тыя прадметы, з’явы прыроды, расліны, дрэвы, рэчы бытавога ўжытку, прылады працы, птушак, жывёл, з якімі чалавек сялянскага асяроддзя сутыкаецца з дзён свайго маленства і якім паэт даў вобраз, «прапіску» ў паэзіі. Такіх прадметаў многія сотні, і яны пад пяром мастака, які ўмее глядзець на свет з дасціпнай народнай зацікаўленасцю, сталі ёмістымі дэталямі, паўнацэннымі вобразамі ў паэтычнай кнізе сялянскага жыцця-быцця («Расла тут грушка з тонкім станам», «Салома кудламі вісела», «Стаяў прыгрэбнік адзінока, пахілым горкім сіратою», «У глыбі двара стаяла хата і выглядала зухавата паміж запушчанай будовы, як бы шляхцянка засцянкова», «А кругаверхія асіны разносяць нейкія навіны», «А гэты ветрык дураслівы траве зялёнай чэша грывы», «А збоку чэша бык Мікіта, хвастом матляючы сярдзіта», «А матылькі сваім убраннем касуюць тут усіх дазвання і не лятаюць — танцы правяць, ну каго хочаш зацікавяць», «Свіння, як хворая, стагнала, ...а парасяткі, яе дзеці, ўсяму дзівілісь несканчона» і г. д.).

Коласаўскі герой, які жыве пад вечным небам, калі не ў думках, то пачуццём часта звяртаецца да гэтай глыбокай, бязмежнай высі. Свет паўстае перад ім поўны загадкавасці, таямнічасці. Філасофская тэма жыцця і смерці развіваецца пераважна ў лірычна-філасофскіх адступленнях. Але тым не меней яна, як і карціны прыроды, пададзеныя ў рамантычна-філасофскім ключы, стварае цэльную, высокую плынь паэмы, якая як бы аблямоўвае тое сацыяльнае, будзённае і бытавое, што з’яўляецца асноўным прадметам мастацкага паказу. Менавіта гэта сутыкненне «хуткаплыннай» гістарычнай, нават штодзённай явы з вечнасцю, яе праекцыя на вечнасць надае твору мастацка-філасофскую вышыню, высокае гучанне.

Карціны прыроды нярэдка намаляваны яркімі рамантычнымі фарбамі. Іх паэтыка прыкметна адрозніваецца ад вобразна-стылявых сродкаў «бытавых» раздзелаў. «Зварот пары, знікненне лета... то — водгулле душы паэта, то — смутны вобраз развітання, то — струн дрыгучых заміранне» — у гэтых радках, як бачым, няма ўласцівай паэтыцы «Новай зямлі», у цэлым прадметнай, рэчавай пластыкі, контуры вобраза тут хутчэй рамантычна неакрэсленыя, размытыя.

Рамантычны жывапіс у пэўнай меры ўласцівы пейзажным малюнкам, у якіх прысутнічае лірычная тэма паэта:

 

Малюнкі родныя і з’явы!

Як вы мне любы, як цікавы!

Як часта мілай чарадою

Вы ўстаяце перада мною!

І так панадна смеяцеся

Жывою баграю па лесе,

І златаблескімі снапамі

Праменняў-стрэлаў над палямі,

І брыльянцістаю расою,

Калі гарачаю касою

Скрозь лісцяў сетачкі-аконцы

На ёй заззяе ціха сонца,

Яе так песціць, так кахае,

Па ёй вясёлкі рассыпае! (6, 134)

 

А вось яшчэ яркі рамантычны малюнак схілу лета, стылістыка якога вызначаецца вобразнасцю, істотна аддаленай ад стыхіі чыста сялянскага жыцця, светабачання. Тут ужо зусім іншая прырода вобразна-асацыятыўнага рада, бліжэйшая хутчэй да ўспрымання чалавека інтэлігенцкага, чым сялянскага асяроддзя:

 

Зварот пары, знікненне лета...

То — водгулле душы паэта,

То — смутны вобраз развітання,

То — струн дрыгучых заміранне,

Натхненнай песні жаль сардэчны,

Жыцця і смерці — сымбаль вечны!

І люб і смуцен час прыгоды,

Калі душа ўсяе прыроды

З тваёю злучыцца душою

Ў адным суладдзі і настроі!

І ты маўчыш, маўчаць і далі,

Як бы ў адной агульнай хвалі,

Ў адной асветленай часіне

Жыццё злучыла свае плыні

І бег свой вечны прыпыніла,

І неба твар свой адчыніла.

На залаты парог паўдзення

Скрозь бела-руннае адзенне

У багне неба ясна-сіняй

Ступае сонца, як багіня,

І стрэлы-косы раскідае,

Як чараўніца маладая. (6, 119)

 

Зіма, вясна, лета, восень прадстаўлены ў паэме яркімі, незабыўнымі карцінамі. Поры года нібы жывыя істоты («Гуляй, зіма, твая часіна!»). Коласаўскі антрапамарфізм блізкі да фальклорнай традыцыі з яе персаніфікацыяй прыродных з’яў, якія акружаюць чалавека ў жыцці. Зрэшты, гэта невычэрпная крыніца мастацкага вобразнага бачання свету, бо, скажам, дзякуючы такому пагляду на прыроду рэчка, поле, лес, луг могуць поўніцца радасцю, смуткаваць, гаварыць, смяяцца, г. зн. жыць такім жа, як і чалавек, жыццём. Гэта пэўная даніна зжытаму, міфалагічнаму светаўспрыманню, рэшткі якога, як бачым, захаваліся ў беларусаў да ХХ стагоддзя.

Калі ў пушкінскіх радках «Буря мглою небо кроет, вихри снежные крутя: то, как зверь, она завоет, то заплачет, как дитя» з’ява прыроды ўпадабляецца звярынаму ці чалавечаму голасу, то паэтыка «Новай зямлі» дазваляе не толькі такое ўпадабленне, а і прамое, непасрэднае надзяленне прыроды чалавечымі якасцямі. Абапіраючыся на фальклорную традыцыю, Колас можа напісаць:

 

Ідзі, зіма, ідзі ў дарогу:

Прайшоў твой час, дзякаваць богу!

Пабач, старая: там, у полі,

Чарнеюць леташнія ролі!

А ўзгоркі, вунь, паразумнелі,

Бо вельмі значна палыселі.

А лес, глядзі, які вясёлы!

І дуб смяецца, хоць і голы. (6, 182—183)

 

Высокі ў «Новай зямлі» паэтычны культ сонца, вясны, лета як сіл жыватворных, якія даюць пачатак усяму жывому.

Паэма наскрозь прасякнута здзіўленнем, захапленнем паэта гарманічнай зладжанасцю навакольнай прыроды. Дрэва, жывёліна, расліна — гэта, як і чалавек, таксама асобны свет, са сваімі адметнымі, цікавымі законамі жыцця («Ніхто з граніц сваіх не выйдзе, з законаў, жыццем напісаных»).

І не толькі жывым здзіўляецца, захапляецца паэт, а і нежывым, бо граніцы між імі не такія строгія, канчаткова не выяўлены, таксама выклікаюць паэтычнае пачуццё. Над зямлёй грымяць навальніцы, шумяць вятры, плюскочуць хвалямі ручай, рэчка. Музыка нежывой прыроды вельмі многа гаворыць чалавечаму сэрцу. У гэтай стыхіі дзівосных гукаў, фарбаў, колераў, бясконцых праяў жывой і нежывой прыроды фарміруецца духоўны свет Костуся, надзвычай дапытлівага хлапчука, надзеленага чулай, уражлівай душой.

Крыніцамі паэтычнага пачуцця ў «Новай зямлі» нярэдка з'яўляюцца дзве як бы з’яднаныя стыхіі — «буянне» жыцця і яго таемнасць, неразгаданасць:

 

На божы свет, як бы з магілы,

З зямлі травінкай далікатнай,

Густою шчотачкаю здатна

Выходзяць дробныя зярняткі.

Як у калысачцы дзіцятка,

Калі ўжо трошкі акрыяе,

Сваю галоўку падымае

І навакол глядзіць здзіўлёна,—

Так гэта збожжайка зялёна

Да сонца цягнецца лісткамі,

Бы к матцы дзіцятка рукамі, (6, 34)

 

Адчуванне велічнасці, загадкавасці жыцця, «божага свету» абумоўлівае, у рэшце рэшт, стылістыку пейзажных карцін, малюнкаў, якія нярэдка вызначаюцца «маштабнымі», рамантычнымі фарбамі. У той жа час коласаўскі жывапіс, як відаць з прыведзенага ўрыўка, нярэдка па-сялянску чуллівы, «сентыментальны», стылістыка яго характарызуецца частым ужываннем назоўнікаў і прыметнікаў з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі.

Філасофскае дыханне паэмы, калі думка паэта сягае далёка за межы звычайнасці, будзённасці, калі, нарэшце, адчуванне багацця жыцця, з’яў прыроды вынікае з падтэксту, са стылістыкі, скажам, пейзажных карцін і малюнкаў, вызначае мастацкую своеасаблівасць, непаўторнасць твора.

«Новую зямлю» справядліва называюць энцыклапедыяй жыцця беларускага селяніна канца XIX — пачатку ХХ стагоддзя. Тут сапраўды сказана ўсё пра селяніна. Перад намі свет сялянскага жыцця з яго побытам, працай, духоўнымі і матэрыяльнымі інтарэсамі. Селянін у паэме паўстае як грамадзянін і чалавек у яго дачыненнях да прошласці, сучаснасці і будучыні.

Калі гаварыць аб усходнеславянскіх літаратурах, то твор такога энцыклапедычнага ахопу сялянскага, народнага жыцця заканамерна ўзнік у беларускай літаратуры, якая станавілася літаратурай нацыянальнай. Нацыянальны паэт проста мусіў паказаць матэрыяльныя і духоўныя асяродкі жыццядзейнасці народа, тыя адметныя, непаўторныя маральна-этычныя каштоўнасці, якія ён вынес са свайго гістарычнага бытавання і якія дапамаглі яму выжыць, захавацца як народу.

«Новая зямля» вызначаецца цэласным, стройным сюжэтам і кампазіцыяй. У аснову кампазіцыі паэмы пакладзен прынцып сямейна-бытавога рамана. Вонкава павольным і ціхім здавалася жыццё сялянскай сям’і, ды яшчэ наводшыбе, на закінутым лясным хутары. Яно было запоўнена штодзённай працай, зацятай і нялёгкай, дробязямі побыту. Вялікімі падзеямі гэтага жыцця былі пярэбары на новае месца — яшчэ ў большую, чым раней, глуш, рамонт старога дзедавага чаўна, падгляд пчол і выпіўка з гэтай прычыны, спроба дзядзькі Антося прыгатаваць клёцкі з бярозавым сокам, прыезд «дарэктара» — крыху пісьменнага хлапчука — для навучання грамаце лесніковых дзяцей, знішчэнне Алесем ненавісных «Начаткаў», нядзельнае сняданне, раскоша велікоднага стала і г. д.

Знешняе жыццё лесніковай сям’і мае ў сабе вельмі мала драматызму, напружанасці, дынамічнасці. Яно цячэ павольнай рачулкай паўсядзённай працы, бытавых клопатаў, дзе маюць сваё значэнне самыя непрыкметныя на першы погляд дробязі. Кампазіцыя паэмы разгортваецца, па сутнасці, як каляндарны гадавы цыкл сялянскага жыцця і працы: вясна, лета, восень, зіма. У замкнёнае кола гэтага жыцця ўдала ўпісана «перадгісторыя» Міхалавай сям’і, а таксама розныя гісторыі, якія датычаць мінулага, пашыраюць прасторавыя рамкі паэмы (раздзелы «Смерць ляснічага», «Сесія», «Воўк», «На глушцовых токах», «Панская пацеха», «Агляд зямлі», «Дзядзька ў Вільні», «На замкавай гары» і г. д.).

«Каляндарная» цыклічнасць кампазіцыі выклікана ідэйна-творчай задумай «Новай зямлі». Праца, побыт непарыўна звязаны з надвор’ем, з порамі года — тыповымі абставінамі сялянскага жыцця, і, не намаляваўшы іх, паэт не здолеў бы стварыць паўнакроўныя, псіхалагічна-пераканаўчыя характары Міхала, Антося, дзяцей і г. д.

Павольнае і ціхае знешняе жыццё лесніковай сям’і поўна ўнутранага драматызму, глыбокай псіхалагічнай напружанасці. Гэты драматызм ідзе па лініі сацыяльных пошукаў Міхала — галоўнай сюжэтнай лініі твора. Яна развіваецца на аснове вострага сацыяльнага канфлікту, аб’ядноўвае ў адно цэлае ўсе раздзелы паэмы, дзе малюецца сялянская праца, побыт, цудоўная беларуская прырода.

«Новая зямля», як ужо гаварылася,— аповесць пра шчаслівую пару дзяцінства, калі ўпершыню адкрываецца прыгажосць навакольнага свету, радасць, бясконцыя далі жыцця. Няхай б’ецца як рыба аб лёд Міхал, няхай не мае вольнай ад клопатаў хвіліны маці, але для дзяцей кожны новы дзень прыносіць новыя радасці. Многія старонкі «кнігі прыроды», якую шырока разгортвае паэт, прачытаны менавіта дзецьмі, дапытлівым і цікаўным хлопчыкам Костусем. Гэта надае асаблівую цеплыню, шчырасць многім мясцінам паэмы.

Багатая, шматколерная прырода — паўторым выказаную думку — выступае ў творы як своеасаблівы кантраст у адносінах да жыцця і нягод Міхала. Паглядзіце, які багаты і прыгожы свет, нібы гаворыць аўтар, і як бедна і цёмна жывуць у ім людзі. Шырока разлегліся лясы, палі, сенажаці, але Міхалу з усяго гэтага навакольнага багацця не належыць нічога.

Кампазіцыя «Новай зямлі» вызначаецца яшчэ некалькімі цікавымі асаблівасцямі. Паэт, вядома, адчуваў, што мала праўдзіва, ва ўсіх дэталях, падрабязнасцях паказаць сялянскую працу, побыт, жыццё, трэба яшчэ, каб намаляваныя карціны былі займальныя, будзілі цікавасць чытача. Займальных і нават смешных гісторый у творы нямала, некаторыя з іх маюць адносную мастацкую самастойнасць, ім прысвячаюцца асобныя раздзелы («Дзядзька-кухар», «Дзедаў човен», «Начаткі», «Воўк», «Дзядзька ў Вільні» і г. д.).

Гэтыя раздзелы-навелы пабудаваны на матэрыяле выключным, калі параўноўваць яго з будзённай плынню жыцця. Нямала цікавых здарэнняў, эпізодаў «упісана» ў многія раздзелы. Як правіла, эпізоды-ўстаўкі таксама кампазіцыйна завершаны і нагадваюць па форме мініяцюрныя навелы (гісторыя з глухаватым аб’ездчыкам «Памдзеем» у часе «Сесіі» ў лясніцтве, прыгоды Сёмкі, за якім гналася «нячыстая сіла», і г. д.).

Увогуле, усе сродкі паэтычнай стылістыкі нацэлены ў «Новай зямлі» на тое, каб паказаць сялянскае жыццё значным, поўным глыбокага зместу.

Ёсць у паэме адна важная стылявая асаблівасць, да апошняга часу амаль не заўважаная даследчыкамі творчасці Коласа. Сам характар сумежнай рыфмоўкі як бы патрабаваў ад паэта скандэнсаваных, ёмістых думак, якія па свайму значэнню часта ўздымаюцца да афарызмаў (нешта падобнае можна назіраць у камедыі Грыбаедава «Гора ад розуму»). Менавіта скандэнсаванасцю, значнасцю, а іншы раз і шматзначнасцю зместу вызначаюцца двухрадкоўі паэмы, што набываюць значэнне афарызмаў, «цвёрдых ісцін» («Ну, словам, шум тут быў вялікі, і танцавалі без музыкі»; «Ці надта выслужышся ў пана? Усё роўна знойдзецца загана»; «Гукае дзядзька з ноткай злосці: ідуць, як тыя шляхты ў госці»; «Ну што паробіш, як такая ужо нам доля выпадае»; «І бацьку скора сын забудзе — каротка памятка аб людзе»; «Узброй надзеямі нам грудзі, бо мы твае, зямелька, людзі»; «Жылі па-свінску, кацьмакамі і ў добрай згодзе з прусакамі»; «Ну, дзядзька, як на смак, прызнайся? — Паскудства, брат, і не пытайся!»; «А ў торбе хлеб і, пэўна, сала, і весялей шмат хлопцам стала»; «Сядзець не будзем тут без хлеба, а пацярпець, вядома, трэба»; «Забілі зайца, не забілі, але ж, брат, гуку нарабілі» і г. д.).

Часта такімі сентэнцыямі-афарызмамі заканчваюцца карціны, эпізоды паэмы, як бы падагульняючы, акумуліруючы іх сэнс, але і ў іншых месцах іх многа, яны — асяроддзе глыбокага, сталага роздуму мастака аб жыцці. Разам з фразеалагізмамі, ідыёмамі двухрадкоўі-афарызмы складаюць прыкметную асаблівасць апавядальнага стылю «Новай зямлі».

У стылі «Новай зямлі» вельмі цесна пераплятаюцца інтанацыі апавядальныя з іншымі — паэтычна-ўзнёслымі, элегічна-журботнымі, гумарыстычнымі, іранічнымі і г. д. Сама па сабе апавядальная коласаўская інтанацыя не з’яўляецца нейтральнай у адносінах да ідэйнага зместу фразы, ніколі не выконвае чыста інфармацыйнай ролі. Грунтуючыся на народнасці этычных ацэнак той ці іншай з’явы, нават самая спакойная інтанацыя нясе пэўны эмацыянальны зарад.

Народнасць адчування жыцця — вось вызначальная стыхія стылю «Новай зямлі», дзе пачуцці, эмоцыі падаюцца ў складанай гаме, дзе смех суседнічае са смуткам, патэтыка з афарбаванымі элегічнасцю радкамі. Таму ў такім ёмістым, эмацыянальна насычаным апавядальным стылі вельмі да месца «скандэнсаваныя» моўна-вобразныя адзінкі — фразеалагізмы, ідыёмы, дыялектызмы і г. д.

У аснову стварэння вобраза, паэтычнай асацыяцыі Колас часта кладзе прыкмету, якасць, асаблівасць прадмета ці з’явы вельмі істотную, якая можа назірацца, бачыцца ўсімі і якая, карацей кажучы, мае пэўную апору ў народнай традыцыі. Менавіта па гэтай прычыне паэтычная тканіна «Новай зямлі», якая складаецца з вобразаў такога характару, выклікае ў чытача, які ведае народны, вясковы побыт, радасны эфект пазнавання, бо ён, чытач, зрэшты, усё гэта таксама ведаў, бачыў, толькі не змог даць знаёмым прадметам і з’явам той назвы, якую знайшоў паэт.

Колас тварыў новае, пільна дбаючы пра народную думку, традыцыю, эмацыянальна-псіхалагічную, этычную і эстэтычную ацэнку той ці іншай з’явы, прадмета. Бо ў народнай памяці, зрэшты, дакладна занатавана, дадзена сталая ацэнка кожнай з’яве і прадмету, уключаючы і пераносныя, паэтычныя значэнні. Аўтар «Сборника белорусских пословиц» І. І. Насовіч у прадмове да гэтага зборніка піша, што народныя афарызмы «складаюць для простага народа маральна-практычную філасофію». Традыцыя гэта вядзе ў далёкую, дагістарычную даўнасць, калі тварыліся міфы, панавала стыхія анімізму, антрапамарфізму, г. зн. калі ўсё, што акружала чалавека, надзялялася чалавечымі якасцямі. Вось на гэтай, амаль не кранутай кніжнай культурай цаліне Колас і творыць свае вобразы-асацыяцыі, і паэтычнага «дыхання» яму хапае, бо народная думка, паўтараем, кранулася ўсяго, што можна бачыць, чуць і адчуваць.

Апора на народную традыцыю не азначае, што паэт абмяжоўвае ўласную, індывідуальную творчую фантазію. Не, абмежавання тут няма, палёт думкі практычна неабсяжны. Можна сказаць толькі, што думка паэта лунае не ў беспаветранай прасторы, а так ці інакш бярэ пад увагу прадметы, якія трапляюць на яе шляху, і тыя іх агульныя назвы, якія ўжо занатаваны на карце народнай памяці.

Устойлівыя фразеалагічныя і дыялектныя выразы іншы раз «кладуцца» паэтам настолькі густа, шчыльна, што як бы складаюць суцэльную паэтычную тканіну, стыль якой менавіта імі і вызначаецца:

 

А авадні, як рой пчаліны,

Сляпіцай лезуць да скаціны,

Гудуць драпежна, тнуць балюча,

Бы крапіва тая пякуча,

Дыхнуць каровам не даюць.

Каровы злосныя бягуць,

Адна другую б’юць рагамі

І толькі тухкаюць нагамі;

І сам пастух бяжыць, гукае

І гэту заедзь праклінае;

Няма за поганню парадку,

Сярдуе сам і злуе статка,

Барзджэй, як можа, ў хлеў пражэцца

І горш у весніцах таўчэцца... (6, 16)

 

Фразеалагічная і «дыялектная» вобразнасць становіцца прыкметай паэтыкі твора тады, калі паказваецца побыт лесніковай сям’і, характарызуецца жыццёвы шлях герояў, іх звычайныя заняткі, і яна прыкметна змяншаецца, нават зводзіцца на нішто, калі, скажам, малююцца пейзажы, карціны прыроды.

Да Коласа не было ў беларускай літаратуры пісьменніка, які б так востра адчуў, што скарбы народнай мовы маюць першаступеннае эстэтычнае значэнне, што ў нявыкарыстаных літаратурай пластах народнай фразеалогіі, ідыяматыкі, сінанімікі — цэлы паэтычны свет.

У свой час з крыніц народнай фразеалогіі шчодра чэрпаў аўтар паэмы «Тарас на Парнасе», карыстаўся ўстойлівымі выразамі Багушэвіч. І ўсё ж толькі ў «Новай зямлі» як бы сабраныя ў вянок дыяменты народнай мудрасці складаюць цэласную мастацкую сістэму. У іх — бачанне чалавекам з народа свету, яго жыццёвая філасофія. Фразеалагічныя «акамянеласці» як бы акумуліруюць раствораную ў вяках народную практыку і думку, нясуць у сабе разам з тым і мастацкае бачанне свету, бо ў іх абавязкова прысутнічае эмацыянальна-вобразная ацэнка той ці іншай жыццёвай з’явы.

Многія мясціны паэмы як бы нагадваюць каралі, у якіх літаральна адна на адну нанізаны жамчужыны ідыём, фразеалагічных выразаў, вобразаў, узятых або створаных у адпаведнасці з традыцыяй народнай моватворчасці:

 

Ўжо снедаць час, і поўдзень скора,

Ды з гэтым бацькам адно гора!

Як пойдзе ён ў лес той зрання,

Як цукар у вадзе растане:

Няма й няма, чакаць абрыдне.

Якога выхадзіш там злыдня?

Ці надта выслужышся ў пана?

Ўсё роўна знойдзецца загана;

Як ты ні падай, ні гайсай,

Не пападзеш да пана ў рай

З сваёй патрэбай, інтарэсам.

А лес, як быў, то й будзе лесам,

Дык і дарэмна ўся турбота —

Бяда з ім проста і згрызота!

Няма яму нядзелькі, свята —

Ідзе ды йдзе ён, як закляты;

У шчэпку высах з той хады,

Ад сну адбіўся, ад яды. (6, 19)

 

Ідыёмная, устойліва-фразеалагічная вобразнасць — характэрная асаблівасць стылю «Новай зямлі». Якуба Коласа ў адрозненне ад Янкі Купалы мала цікавяць фальклорная паэтыка, інтанацыя, мелодыка, вобразнасць, скажам, лірычнай песні ці легенды. Яго ўвага ў першую чаргу скіравана на скарбы бытавой народнай фразеалогіі, гаворкі, на яе вобразна-эмацыянальныя сродкі. У адпаведнасці з фразеалагічнай гутарковай традыцыяй Колас будуе і ўласны вобраз, асабліва там, дзе імкнецца паказаць будзённую, звычайную плынь жыцця («Памалу, мерна, крок за крокам ў сваім раздум’і адзінокім дадыбаў бацька скора к дому. Зачуўшы татаў ход знаёмы, малыя з хаты высыпалі...»).

Увогуле, апора на народную ідыяматыку, фразеалогію дапаможа Коласу стварыць уласную вельмі ёмістую, заўсёды эмацыянальна адцененую фразу, з яе выключнай насычанасцю настраёвым падтэкстам. І не толькі ў паэзіі, а і ў прозе. Коласаўская фраза — няхай гэта паэтычны радок ці празаічны, граматычна завершаны сказ — нясе не толькі пэўную інфармацыю, а і абавязкова эмацыянальную ацэнку гэтай інфармацыі.

Мастацкая коласаўская фраза — непаўторная. Ёй не ўласцівы кідкія эмацыянальныя колеры, няма ў ёй асаблівай вобразнай экспрэсіі. Па мелодыцы, гучанню яна «ціхая», беларуская, апавядальная, але ў яе апавядальнай інтанацыі не знойдзеш эмацыянальнай нейтральнасці, незацікаўленасці.

«Новая зямля» напісана чатырохстопным ямбам, пераважная рыфма — сумежная. Вялікае месца займаюць дзеяслоўныя рыфмы. Цікава адзначыць, што аднастайнасць рытмічнага малюнка, аднолькавая схема рыфмоўкі (у паэме каля адзінаццаці тысяч радкоў) ні ў якой меры не нараджаюць аднастайнасці паэтычнага стылю.

Колас бліскуча даказаў шматграннасць апавядальных магчымасцей чатырохстопнага ямба, які тоіць у сабе практычна невычэрпнае багацце самых разнастайных інтанацый. Менавіта зменлівасць інтанацыі, абумоўленая сэнсам таго, аб чым расказваецца, і надае апавяданню ў «Новай зямлі» рухомую, дынамічную сілу, тую пераліўна-зіхатлівую плынь, што іграе ўсімі колерамі эстэтычнага спектра. Строгая рытмічная метрыка зусім не перашкаджае таму, што ў стылі паэмы суседнічаюць, скажам, апавядальныя, лірычныя, паэтычна-ўзнёслыя, элегічна-журботныя, гутарковыя, пытальныя і іншыя інтанацыі.

З нейкай ціхай радасцю перагортваем мы апошнюю старонку «Новай зямлі». Вялікі паэт далучыў нас да агромністага, шматфарбнага свету народнага жыцця. У шмат якіх варунках жыццё гэта кардынальна перамянілася. Няма больш прыватнай уласнасці на зямлю, як і на іншыя агульнанародныя багацці, не сустрэнеш у наш час чалавека, апанаванага, як Міхал, прагай здабыць шчасце на кавалку ўласнай зямлі.

І ўсё ж і сёння шмат гаворыць «Новая зямля» нашаму сэрцу і розуму. Яна раскрывае перад намі шчодра адораную духоўнымі скарбамі народную натуру, узвялічвае людзей працы, спрадвечных гаспадароў жыцця; паэтызуе прыроду, наогул той асяродак жыцця, які дастаўся нам ад нашых продкаў і які мы мусім перадаць нашчадкам.

Вялікі, шматзначны змест «Новай зямлі». Паэма Якуба Коласа ўзвышаецца ў нашай літаратуры як бліскучая мастацкая вяршыня, якая будзе свяціць, прывабліваць да сябе многія пакаленні чытачоў.

1967—1981

1 Горький М. О литературе.— М., 1953, с. 608.


1967; 1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 400-437
Крыніца: скан