epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Эпас народнага подзвігу

Беларускі раман малады па ўзросту, ён нават маладзейшы за Кастрычніцкую рэвалюцыю, якая дала яму жыццё. Але за пяцьдзесят з невялікім год ён перажыў даволі бурны ўзлёт, стаў прыкметнай з’явай у савецкай літаратуры, заняў належнае месца ў шэрагу літаратур з больш багатымі і развітымі традыцыямі. Крытыкі і літаратуразнаўцы знайшлі тэрмін для тлумачэння гэтага феномена — працэс паскоранага развіцця. Тэрмін правільны. Але для паскоранага развіцця былі адпаведныя ўмовы. Іх стваралі Савецкая ўлада, Камуністычная партыя сваёй культурнай палітыкай.

Беларускі ваенны раман у асноўным узнік як раман партызанскі. Для гэтага былі таксама свае прычыны. З самых даўніх часоў праз лясы і палі Беларусі замежныя полчышчы ішлі заваёўваць Расію. Ішлі шведы, польскія войскі Лжэдзімітрыя, французы. І сустракалі іх тут, на спрадвечна славянскай зямлі, сялянскія косы, сякеры і рагаціны. Народная памяць, паданні ўсё гэта неяк захавалі.

У гады грамадзянскай вайны Беларусь бачыла дзве акупацыі — спачатку кайзераўскую, нямецкую, затым белапольскую.

Вогненны вал франтоў Айчыннай вайны двойчы — з захаду на ўсход і з усходу на захад, пракаціўся па дарогах, гарадах і вёсках Беларусі. Напэўна, няма патрэбы даказваць, які дагэтуль не бачаны размах атрымаў партызанскі рух у гады Айчыннай вайны — факты агульнавядомыя. У ваеннае чатырохгоддзе з новай незвычайнай сілай пацвердзілася вернасць беларускага народа ідэям Кастрычніка, ідэалам камунізма і савецкага патрыятызму. Думаецца, як ніколі раней, у гады Айчыннай вайны беларускі народ раскрыў гордую душу, паказаў здольнасць да гістарычнага дзеяння, праявіў імкненне да адзінства з іншымі савецкімі народамі, да таго, што мы звычайна называем дружбай народаў. На палях жа бітваў, вызваляючы Беларусь, у шматлікіх партызанскіх атрадах ваявалі сыны і дочкі іншых народаў.

«Да вайны,— пісаў І. Эрэнбург у адным са сваіх ваенных артыкулаў,— свет дрэнна ведаў Беларусь. Я памятаю, як французскія газетчыкі блыталі словы «беларусы» і «белыя рускія». У той жа Францыі праз некалькі гадоў падпольныя газеты пісалі: «Мы павінны натхняцца геройствам беларусаў» — свет нарэшце даведаўся, што такое Беларусь.

Яна была мірнай зялёнай краінай, і, здаецца, нідзе не было такога спакою, такой цішыні, такой сардэчнай сціпласці, як у яе вёсках, але калі прыйшоў на беларускую зямлю вораг, знайшліся для яго і самаробныя гранаты, і ружжы, і агонь, і страсць».

У гады Айчыннай вайны вельмі адчувальна калі можна так сказаць, рэльефна, праявілася адзінства асабістага і грамадскага ў чалавеку. Падпарадкаваўшы ўсе свае сілы адзінай патрыятычнай ідэі, чалавечая асоба робіцца яшчэ больш значнай і цэльнай.

Усё гэта не магло не паўплываць на пошукі беларускіх пісьменнікаў, у прыватнасці на лёсы рамана. Беларускі раман і звязаныя з ім жанры нараджаліся як эпас рэвалюцыі, барацьбы, параметрамі яго было сувымярэнне лёсу асобы з лёсам народа, грамадства, можна сказаць, што ў ім нават не мыслілася аўтаномная, незалежная ад вятроў і павеваў часу існаванне асобы. «Раман-лёс і раман-падзея» ў вопыце беларускай прозы, бадай, зліваліся ў адзінае.

У гады вайны і першае пасляваеннае дзесяцігоддзе, як я лічу, наша літаратура пераважна паказвала ідэальны бок вайны, калі да месца ўжыць у адносінах вайны такі выраз. Вялікая ўвага звярталася на нашы перамогі. Напэўна, гэта было натуральна: у вогненныя, крывавыя гады мы не менш, чым у хлебе надзённым, мелі патрэбу ў мастацкім слове, якое павялічыла б нашу моц і выкрывала ворага. Літаратура якраз і гаварыла аб тым, што мы самі прагнулі пачуць.

Пасля вайны, калі адгрымелі пераможныя салюты і ўсе жылі перамогай, пасляваенныя цяжкасці, жыццёвыя недахопы здаваліся мізэрнымі ў параўнанні з тым, што перажыў народ у вайну. Калі выйграна велізарная, крывавая, небывалая ў гісторыі вайна, то з мірнымі справамі як-небудзь управімся — такім быў усеагульны настрой.

У беларускай прозе подзвіг народа, стойкасць, мужнасць савецкага чалавека ўвасоблены ў ваенных раманах К. Чорнага і раманах, напісаных пасля вайны,— «Глыбокая плынь» І. Шамякіна, «Мінскі напрамак» І. Мележа, «Векапомныя дні» М. Лынькова, «Расстаёмся ненадоўга» А. Кулакоўскага, «Згуртаванасць» М. Ткачова і інш. Магутным стымулятарам у гэтым сэнсе была і агульнасаюзная проза, у якой ужо з’явіліся такія творы, як «Яны змагаліся за Радзіму» М. Шолахава, «Васілій Цёркін» А. Твардоўскага, «Дні і ночы» К. Сіманава, «Сакавік — красавік» В. Кажэўнікава, «Фронт» А. Карнейчука, «Маладая гвардыя» Фадзеева, «Нашэсце» Л. Ляонава, «Спадарожнікі» В. Пановай, «Зорка» Э. Казакевіча, «Сцяганосцы» А. Ганчара і інш. Мяне асабіста ўсхвалявала аповесць В. Авечкіна «З франтавым прывітаннем».

Але галоўнае, мабыць, было ў тым, што Айчынная вайна, якая вылучыла таленавітых военачальнікаў, палкаводцаў, партызанскіх камандзіраў, павінна была вылучыць і сваіх песняроў, сваіх, так сказаць, летапісцаў, пісьменнікаў. Адны з іх прыйшлі ў літаратуру раней, другія — пазней.

У канцы 50 — пачатку 60-х гадоў беларуская проза атрымала значнае папаўненне: амаль адразу былі заўважаны ваенныя аповесці В. Быкава, партызанская дылогія А. Адамовіча, раман Я. Брыля «Птушкі і гнёзды», апавяданні і аповесці І. Пташнікава, Б. Сачанкі, В. Адамчыка, М. Стральцова, І. Чыгрынава і інш. Новы перыяд творчасці надыходзіць і ў пісьменнікаў, якія ўжо паспрабавалі сваё пяро на ваеннай тэме. Скажам, паэтыка, бачанне свету ў аповесці І. Шамякіна «Агонь і снег» істотна адрозніваюцца ад ідэйна-мастацкіх прынцыпаў, якія ляглі ў аснову першага шамякінскага рамана «Глыбокая плынь».

Але так ці інакш, калі мы пішам аб вайне, то павінны раскрываць героіку яе ўдзельнікаў, бо народ у Айчыннай вайне здзейсніў найвышэйшы подзвіг. Творы, якія з’явіліся ў апошнія два дзесяцігоддзі, звяртаюць вялікую ўвагу на паводзіны, духоўны свет радавога ўдзельніка вайны, на той, часам непрыкметны бок вайны, без якога самая гераічная армія не выйграе ні адзінай баталіі. Але справа не толькі ў гэтым. Беларуская проза — і ў прыватнасці раман — развівалася ў гэтыя гады ў рэчышчы агульнасаюзнай прозы, і для нас на гэтым этапе ўласцівы тыя ж рысы і асаблівасці, што і для ўсёй савецкай літаратуры. Пільная ўвага да народнага жыцця, да яго вытокаў, імкненне да самастойных адкрыццяў, адмоўная рэакцыя на творы схематычныя, ілюстрацыйныя — гэтыя працэсы праявіліся не толькі ў нас, але і ў прозе рускай, украінскай, літоўскай, латышскай і г. д. Існуе паміж імі пераклічка матываў, праблема самога падыходу да жыццёвага матэрыялу.

Узросшы гуманістычны пафас, імкненне да ўсебаковага раскрыцця характару, маральна-этычных вытокаў гераічнага, невычарпальнага, закладзенага ў сутнасці чалавека духоўнага патэнцыялу, які дазваляе яму вытрымаць звышчалавечыя нагрузкі, выпрабаванні, жахі і застацца чалавекам,— вось што дазваляе нам паставіць у адзіны рад многія творы розных літаратур і аўтараў. Адным словам, савецкая літаратура аб вайне як была, так і засталася літаратурай подзвігу, толькі гэты подзвіг не крыклівы і шумны, ён здзяйсняецца ва ўмовах, якія толькі бываюць на вайне, у абставінах драматычных і трагічных.

У творах Ю. Бондарава, В. Быкава, Г. Бакланава, А. Ананьева мы бачым савецкага чалавека твар у твар з армадамі танкаў, самалётаў, знішчальнага артылерыйскага і мінамётнага агню. Гарыць зямля, усё навокал ператвараецца ў расплаўленую плазму, але чалавек не здаецца, знаходзіць у сабе сілу заставацца чалавекам.

У беларускай літаратуры няма, бадай, пісьменніка, які не пісаў бы аб партызанскай барацьбе. У меру сваіх сіл і магчымасцей гэтую тэму распрацоўвалі І. Гурскі, Ул. Карпаў, Т. Хадкевіч, М. Паслядовіч, Р. Няхай, У. Краўчанка, І. Новікаў, М. Даніленка, Л. Арабей, А. Асіпенка, М. Аляксееў, М. Кругавых, А. Савіцкі, Ул. Федасеенка, А. Васілевіч, Ул. Паўлаў, А. Кудравец, Ул. Дамашэвіч, П. Місько, С. Грахоўскі, П. Кавалёў, А. Стаховіч, Р. Сабаленка і многія іншыя. Літаратура проста не магла далей развівацца, не адказаўшы на пытанне, што такое фашызм, таму што фашызм замахнуўся на самое існаванне беларускага народа, на тыя духоўныя каштоўнасці, без якіх літаратуру нельга ўявіць. Паказальна, што пішуць аб вайне і самыя маладыя пісьменнікі, якія нарадзіліся ў канцы 40-х, у 50-я гады і вайны не бачылі нават дзіцячымі вачамі.

Моцная ў нашай літаратуры тэма пакалення, якое ў юнацкім, нават дзіцячым узросце сустрэла Айчынную вайну. Я лічу, што літаратуры аб вайне, калі гутарка ідзе аб моладзі, аб трывожным каханні, шчасці ў час ліхалецця, не супрацьпаказаны рамантычныя фарбы. Тут вельмі хораша гаварыў аб рамантыцы ў сваім дакладзе Пётр Міронавіч Машэраў. Даваенная моладзь, з асяроддзя якой выйшла столькі вядомых лётчыкаў і лётчыц, снайпераў, разведчыкаў, танкістаў, партызан-падрыўнікоў, падпольшчыкаў, вылучалася абвостранай увагай да рамантыкі подзвігу, яна як бы прадчувала, што неўзабаве і на яе плечы ляжа груз цяжкіх выпрабаванняў. Моладзь гэтая рана ўступіла ў жыццё, ірвалася да практычных спраў.

Я лічу вернымі словы, якія сказаны ў адным з пасляваенных партыйных дакументаў, словы аб тым, што мы не выйгралі б Вялікай Айчыннай вайны, калі б не выхавалі моладзь у духу адданасці ідэалам Савецкай улады. З малаком маці ўспрыняла даваенная моладзь гэтыя высокія ідэалы, усю савецкую атмасферу, калі перад кожным адкрываліся шляхі-дарогі ў вялікае жыццё.

Усё гэта юнакі і дзяўчаты апошняй вайны гатовы былі абараняць цаной уласнага жыцця. Менавіта тут вытокі таго бяспрыкладнага ў гісторыі гераізму, які паказалі савецкія пакаленні ў Вялікай Айчыннай вайне.

Нядаўна адзін мой знаёмы расказваў, што чырвоныя следапыты школы, у якой ён да вайны вучыўся, зрабілі павялічаны здымак даваеннага выпускнога 10 класа. На гэтым здымку 32 юнакі і дзяўчаты. Але ў вайну ўцалелі толькі 8. У класе, дзе я вучыўся, таксама такая ж статыстыка. Пайшло на вайну 16 хлопцаў, вярнулася чатыры.

Панёсшы вялізныя страты, ахвяраваўшы мільёнамі жыццяў, пераадолеўшы пасляваенныя цяжкасці, савецкая моладзь мінулай вайны ў сваім светаўспрыманні нават аддалена не нагадвала «страчанае пакаленне» першай сусветнай вайны, апетае Рэмаркам, Хемінгуэем і іншымі пісьменнікамі Захаду.

У гэтай сувязі мне хочацца сказаць некалькі слоў аб праблеме выбару. Тэрмін гэты асабліва часта ўжываюць у экзістэнцыялісцкай эстэтыцы і літаратуры, і ён азначае, што ў крытычнай, так званай пагранічнай, сітуацыі кожны чалавек паступае ў адпаведнасці з патрабаваннямі свайго сумлення, і яго сумленне — адзіны ў гэтай справе суддзя.

У нас, безумоўна, паняцце «выбар» напаўняецца зусім іншым зместам. Але гэтым словам, здаецца, пачалі карыстацца, ужываючы яго дзе трэба і дзе не трэба, асабліва ў крытыцы. Але ж у салдата асаблівага выбару не было. Не мог баец ісці або не ісці ў атаку, ухіляцца ад выканання баявога загаду або выбраць сабе на вайне больш бяспечную пасаду. Безумоўна, ва ўмовах палону, акружэння, акупацыі, ды і ва ўмовах бою, былі крытычныя сітуацыі, было тое, што называецца «выбар». Былі і трусы, падлюгі, дэзерціры, а на акупіраванай зямлі былі паліцэйскія, уласаўцы, здраднікі. Але гэта ж не азначае, што кожны акт мужнасці, гераізму недзе побач суправаджаўся здрадніцтвам.

Ёсць, мабыць, «святыя» галіны жыцця, дзе паняцце «выбар» проста не да месца. Не ўжывеш яго ў дачыненні да сотняў беларускіх Хатыняў, хоць асобныя жыхары іх і ўцалелі; да панфілаўцаў, сярод якіх таксама аказаліся жывыя. Мабыць, было б кашчунствам ужываць падобнае слова ў адносінах да жыхароў Хірасімы. Ды і паняцце «гераічнае» не нешта імгненнае, інстынктыўнае, біялагічнае, не духоўная адналінейнасць, як гэта намагаюцца паказаць нашы ідэйныя праціўнікі. За гераічным стаяць ідэйны, маральны вопыт чалавека і народа, хоць фактары біялагічныя, псіхалагічныя таксама адыгрываюць вялікую ролю.

У кнізе аднаго чэшскага сацыёлага я знайшоў цікавыя лічбы, якія вельмі многа гавораць аб нашай і фашысцкай арміі. Аказваецца, нават царская Расія мела больш студэнтаў, чым кайзераўская Германія,— 112 тысяч і 104 тысячы адпаведна ў 1914 годзе. У савецкі час лічбы гэтыя наогул сталі непараўнальнымі — 601 тысяча студэнтаў у нас у 1938 — 1939 гадах і 73 тысячы ў гітлераўскай Германіі. Такая ж карціна і па колькасці навучэнцаў сярэдніх навучальных устаноў: амаль 34 мільёны ў нас у 1938—1939 гадах і каля 8 мільёнаў у гітлераўскай Германіі. Гітлер пасля прыходу да ўлады рэзка скараціў колькасць навучэнцаў і студэнтаў.

Савецкая Армія несла ў сабе водбліск рэвалюцыі. Гэта была адукаваная, культурная, гуманістычная армія. Мне давялося ваяваць у двух палках, і я прыгадваю, што палавіна ці нават больш афіцэрскага саставу былі з учарашніх цывільных — з настаўнікаў, аграномаў, інжынераў, са студэнтаў і дзесяцікласнікаў.

Храбрая была і руская армія. Салдаты, афіцэры ўцякалі з палону і ў 1916—1917 гадах, але такога, як у Айчынную вайну, здаецца, не было. Гутарка ідзе аб тым, што савецкія людзі, якія вырваліся з фашысцкага палону, не адседжваліся, не хаваліся, а ў кожнай краіне, куды занёс іх горкі лёс ваеннага ліхалецця, уключаліся ў барацьбу — у Францыі ішлі ў макі, падымалі паўстанне ў Італіі, прабіраліся праз горы да югаслаўскіх партызан. Такіх праслаўленых у чужых краінах імёнаў шмат: Васілій Порык — у Францыі, Палятаеў — у Італіі, ёсць яны ў Польшчы, Чэхаславакіі, Нарвегіі.

У апошнія гады прыкметна ўзбагачаецца дакументальны жанр аб подзвігу народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Працэс гэты, думаецца, натуральны, заканамерны. Вялікая Айчынная вайна была агромністай эпахальнай падзеяй, і ўсю праўду пра яе ведае народ, тысячы і тысячы яе ўдзельнікаў, якія яшчэ жывуць сярод нас. Чым больш яны раскажуць, чым больш будзе надрукавана іх успамінаў, тым трывалей, упэўненей будуць адчуваць сябе пісьменнікі, якія пішуць аб вайне.

Аб Айчыннай вайне мы яшчэ будзем пісаць і пісаць. Мне здаецца, што надыходзіць час нейкага сінтэзу, панарамнасці, «шматгалоснасці» ў адлюстраванні падзей вайны, хоць і нельга выключыць з’яўлення лакальных або вельмі «прыватных» твораў. Мірнае жыццё, працэсы, якія ў ім адбываюцца, праблемы, якія ўзнікаюць — жадаем мы гэтага ці не жадаем — праецыруюцца, уздзейнічаюць на адлюстраванне ваеннай тэмы. У той жа час яны як бы абвастраюць той зрок, які захаваўся яшчэ з ваенных дзён, адчуванне ўдзельнікаў вайны, хоць яны і прыкметна пастарэлі.

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 164-171
Крыніца: скан