epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Ганьба «святога» Лукі

Сакратар райкома камсамола Марат Стальмашонак не ведаў, што рабіць. Сёння, можа, у дзесяты раз да яго забягала Марыля Паліваная з Белай Крыніцы і, канешне, зноў патрабавала лектара. Тры месяцы за сакратара Марат Стальмашонак, і ўвесь гэты час Марыля не дае яму спакою. Па-першае, не вельмі ёй дагодзіш гэтымі лектарамі. Марыля патрабуе такога лектара, які б ушчэнт разбіў «святога» Луку, што ўжо трэці год жыве на лёгкім хлебе ў Белай Крыніцы. Гэты Лука, мабыць, дужа хітры чалавек, нездарма ён выславіўся за святога. Расказваюць, што калі Лука ідзе вуліцай, то ён увесь час пазірае на неба і нешта шэпча, а дома заўсёды чытае тоўстую кнігу ў чорнай вокладцы. Адным словам, у Белай Крыніцы ёсць людзі, якія вераць, што Лука сапраўды святы, і ходзяць да яго лячыцца і варажыць. Лечыць Лука «святою» вадой, а варожыць на чорнай кнізе.

Марыля Паліваная, сакратар белакрыніцкіх камсамольцаў, патрабуе такога лектара, які б разбіў усе хітрыкі «святога» Лукі. Пасылалі ў Белую Крыніцу і ўрача, і выкладчыка астраноміі з раёна, але Лука ўсё роўна трымаецца моцна. Марыля гаворыць, што трэба прыслаць лектара, які б ведаў свяшчэннае пісанне і разбіраўся ў чорных кнігах, бо без гэтага ваяваць з Лукой цяжка. Але паспрабуй, дастань такога лектара! Яго, мабыць, і з Масквы не выпішаш...

Настрой у Марата быў не дужа важны. Ён, мусіць, разважаў над тым, што на чарговым пленуме Марыля зноў будзе яго распякаць.

Раптам Марат падхапіўся і выскачыў на вуліцу. У яго галаве нарадзілася шчаслівая ідэя. «Гешка, напэўна, ведае свяшчэннае пісанне,— разважаў Марат.— Ён жа сам расказваў, як некалі поп паставіў яго ў вугал на грэчку за тое, што ён на ўроку закону божага гуляў у «цот і лішку». Як толькі знайсці гэтага Гешку?»

Але Гешку — такім было прозвішча адваката мясцовага нарсуда — доўга шукаць не давялося. З прычыны таго, што ў гэты гарачы час касавіцы спраў у судзе не было ніякіх, Гешка хадзіў па скверы і расказваў нешта вясёлае двум сваім знаёмым хлопцам. Тыя аж за жываты браліся з рогату. Чалавек Гешка быў вясёлы і дасціпны, гэта ведалі ўсе.

Стальмашонак адвёў Гешку ўбок і, надаўшы твару сур’ёзнасці, запытаў:

— Вы свяшчэннае пісанне ведаеце?

— А як жа,— ніколечкі не здзівіўся запытанню Гешка.— Я ж яшчэ ў шаснаццатым годзе закончыў цэпэша.

— Якое цэпэша? — не зразумеў Стальмашонак.

— Ну, царкоўнапрыходскую школу, скарочана.

— А з лекцыямі вы калі-небудзь выступалі?

— Я, брат, яшчэ ў дваццатым годзе адменным лектарам быў, калі на рабфаку вучыўся,— ажывіўся Гешка.— Мая прафесія, можна сказаць...

Гэта было якраз тое, што і трэба. Стальмашонак расказаў усё, што ведаў пра «святога» Луку, і яны лёгка дамовіліся, што Гешка пойдзе чытаць лекцыю ў Белую Крыніцу.

Стальмашонак быў задаволены. Адно, што яго крыху засмучала, дык гэта Гешкаў выгляд. Гешка быў маленькі, шчупленькі і знешне нагадваў старога абскубанага вераб’я. Такога, бадай, яшчэ і слухаць не будуць. Але выбіраць не прыходзілася...

А далей падзеі развіваліся такім парадкам. На другі дзень пасля размовы Гешка паявіўся ў Белай Крыніцы. Надвор’е стаяла спякотнае, сонечнае, і вясковая вуліца была бязлюднай. Гешка паспрабаваў адшукаць Марылю Паліваную, каб дамовіцца наконт лекцыі, але яму сказалі, што яна на сенажаці. Тады лектар прайшоўся разы са два па вуліцы, спыняючыся каля бабулек, што сядзелі з малымі на прызбах. Пра што з імі гаварыў Гешка, гэта засталося невядомым. Але раптам твар у лектара прасвятлеў, і ён, борздзенька падхапіўшыся, пашыбаваў уздоўж вуліцы. Гешка ўжо ведаў, дзе жыве «святы» Лука, і адважна пераступіў парог яго хаты. «Святы» сядзеў за сталом і, плямкаючы губамі, чытаў чорную кнігу. У яго былі хітрыя шэрыя вочкі і калматая барада.

— Зубы баляць,— заенчыў Гешка, хапіўшыся за шчаку.— Дапамажы, святы чалавек. У дактароў веру страціў, дваццаць вёрст да цябе ішоў.

— Маё слова і за сто вёрст чутно,— задаволена прамовіў «святы».— А як тваё імя?

— Хвёдар,— прапішчаў жалобным голасам Гешка.

— Дык вось, раб божы Хвёдар, святое таінства на зубы нельга тварыць пад дахам. Пойдзем пад чыстае неба.

«Святы» адліў у медную конаўку вады з нейкай чорнай бутлі і разам з Гешкам выйшаў на двор. Ён пасадзіў лектара на лавачку і загугнявіў над яго галавой.

— Месяц на небі, мядзведзь у лесі, рыба на моры... Як ім у кучу не схадзіцца, за адным сталом не садзіцца, з аднае чары віна не піць, з адной чашы стравы не есць, так Хвёдаравым зубам не балець...

«Святы» загадаў Гешку глынуць тры разы загаворанай вады, патрымаць яе ў зубах, а пасля гэтай вадой умыцца. Але Гешка сядзеў і ўсміхаўся.

— Цябе пакарае нячыстая сіла,— ускіпеў «святы».— Ты што, смяяцца з мяне прыйшоў?

— Слабы ты загавар ад зубоў ведаеш,— сумным голасам прамовіў Гешка.— Ён мала дапамагае. Як цябе тут і церпяць? Вось паслухай мой загавар, ён прыгодны і зімой, і летам.

І Гешка, падняўшы вочы к небу, пачаў:

— Маладзік маладой, у цябе рог залатой, на моры купаўся, нам паказаўся. Табе на цёмныя ночы, а нам на светлыя вочы, вам на стаянне, а нам на здароўе, вам на вісату, а нам на красату. Первы цар — ясен месяц на небі, другі цар — зелен дуб у полі, трэці цар — белы камень у моры. Сколькі тром царом у кучы не схадзіцца, столькі раба Лукі зубкам не балець, і косці не шчымець, і крыві не псаваць...

«Святы» Лука стаяў, вырачыўшы вочы.

— Ты хто такі? — цяжка дыхаючы, спытаў « святы ».

— Такі, як і ты,— адказаў Гешка.— Думаю пасяліцца ў тваёй вёсцы. Лячыць людзей буду і варажыць. Ты ж загавараў усіх не ведаеш, лечыш дрэнна.

— А хто табе дазволіць тут жыць? — кіпяціўся Лука.

— А табе хто дазволіў?

— Ану, скажы загавар ад прыстрэку,— ухапіўся, нарэшце, за апошні паратунак Лука.

— Хадзілі-гулялі ўрокі-парокі па чыстым полі, па сінім моры,— затараторыў Гешка.— На сінім моры белы камень, з-пад белага камня выйшлі тры дзявіцы, тры сястрыцы, яны разносілі ўрокі-парокі — шэры глаз, зялёны глаз, чорны глаз...

— А які ад звіха загавар? — яшчэ спадзяваўся на Гешкава няведанне «святы».

— На моры, на лукамор’і хадзілі тры дзявіцы і рвалі тры травіцы; первая — зелле жоўтае, другая — зелле краснае, трэцяя — зелле састаўляла і звіх замаўляла...

«Святы» Лука здаўся. Ён стаяў са збялелым тварам і цяжка дыхаў.

— Не жыві тут,— папрасіў ён Гешку слабым голасам.— Хіба мала табе месца...

— Тут прырода мне падабаецца,— з сур’ёзным выглядам заявіў Гешка.— І, кажуць, зарабляеш ты добра.

— Я табе адступнога дам,— запрапанаваў «святы».— Колькі ты просіш?

Гешка зрабіў выгляд, што задумаўся. Тады Лука пацягнуў яго ў хату і спрытна паставіў на стол гарлач з самагонкай. Гешка пацікавіўся яшчэ чорнай кнігай. «Рокамболь или роковая любовь»,— стаяла на тытульным лісце.

— Цябе ж засмяюць, калі ўбачаць, па якой кнізе ты варожыш,— сказаў ён «святому».

— А я нікому яе не паказваю. На ёй вокладка добрая, чорная. Цяпер такіх не робяць.

За сталом Гешка сам амаль не піў, паболей падліваў «святому» і абяцаў перабрацца з Белай Крыніцы ў другое месца. Лука ад радасці перакульваў карэц за карцом.

А надвячоркам бабулькі, што сядзелі з дзецьмі на прызбах, убачылі цікавы малюнак. Па вуліцы, граючы на балалайцы, крочыў Гешка, а перад ім скакаў упрысядкі Лука.

 

Гоп-чак! Каля броду

Замуцілі качкі воду,

Бо ўбачылі качура.

Гоп-чак-чыра, гоп-чура! —

 

на ўсю вуліцу запяваў «святы», а Гешка ў такт яго песні дрынкаў на балалайцы. За «святым» цугам ішла дзетвара, а бабулькі адварочваліся ад Лукі.

Вечарам, калі п’яны, як цэп, Лука хроп каля сваіх жа веснічак, Гешка чытаў у Белай Крыніцы лекцыю. Людзей сабралася столькі, што аж клуб трашчаў. Гешка ўмеў гаварыць! Ён расказаў пра сваю бабулю, якая ведала ўсе загавары, але калі звіхнула нагу, то яе прыйшлося везці ў бальніцу. Гэтым загаварам лектар і навучыўся, калі скакаў яшчэ верхам на бярозавым кійку. Але больш за ўсё пацяшаліся ў Белай Крыніцы з чорнай кнігі, якую Лука падараваў Гешку...

Пасля Гешкавай лекцыі Марыля Паліваная больш не турбавала Марата Стальмашонка.

1956


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 2. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1982. - с. 367-371
Крыніца: скан