epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Герой, які вучыцца і вучыць

Дваццатыя гады — адзін з самых плённых перыядаў у творчасці Якуба Коласа. У гэты час ім была завершана работа над паэмамі «Новая зямля» і «Сымон-музыка», напісаны так званыя «Палескія аповесці» («У палескай глушы», 1922 і «У глыбі Палесся», 1927), шматлікія апавяданні, творы для дзяцей, вершы, алегарычныя навелы, аповесці «На прасторах жыцця» (1926) і «Адшчапенец» (1931), п’еса «Забастоўшчыкі» (1925), распачата работа над паэмай «На шляхах волі», над п’есай «Вайна вайне» і г. д. Як вядома, у гады рэвалюцый, грамадзянскай вайны Якуб Колас быў адарваны ад Беларусі. У 1918 годзе па дэкрэту Савецкай улады яго дэмабілізавалі як настаўніка. Працаваў школьным інструктарам, настаўнікам у Курскай губерні. Тут застала дзянікінскае нашэсце, ад якога пісьменніку прыйшлося хавацца: будучы беспартыйным, ён з’яўляўся тэхнічным сакратаром валасной партыйнай ячэйкі, ды і як настаўнік шырока прапагандаваў сярод сялян ідэі Савецкай улады1.

Якуб Колас вярнуўся ў Мінск на сталае жыхарства ў 1921 годзе. У снежні 1922 года выйшаў першы нумар беларускага грамадска-палітычнага і літаратурна-мастацкага часопіса «Полымя». У першых нумарах новаўтворанага часопіса былі надрукаваны апавяданні Коласа «Сяргей Карага» (Полымя, № 3—4, 1923), «Дачакаўся» (Полымя, № 5—6, 1923), «Крывавы вір» (Полымя, № 7—8, 1923) і інш.

У гэтых творах Колас імкнецца ацэньваць падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. Адным з першых у беларускай літаратуры ён стварае вобраз свядомага ўдзельніка рэвалюцыі, бальшавіка Сяргея Карагі.

Цікава адзначыць, што апавяданню пра бальшавіка папярэднічала аповесць «У палескай глушы». Магчыма, абедзве рэчы пісаліся адначасна, бо датуецца апавяданне годам апублікавання, а яго рукапіс не захаваўся. Бясспрэчна, ва ўсякім выпадку, тое, што аповесцю «У палескай глушы» і апавяданнем «Сяргей Карага» Колас пачаў распрацоўку характару актыўна-дзейснага грамадскага героя.

Ужо гаварылася, што характар удзельніка рэвалюцыі, грамадзянскай вайны бачыўся ў беларускай паэзіі першага дзесяцігоддзя Савецкай улады авеяным рамантыкай барацьбы. Герой паўставаў волатам, «цвёрдакаменнай» асобай «без страху і сумнення», падчас нават звышчалавекам. Такое бачанне героя вынікала з разумення рэвалюцыі, грамадзянскай вайны як разгневанай стыхіі, што не мае межаў і берагоў, як буры-навальніцы, што «ломіць дубы і бярозы-сталеткі» (М. Чарот).

Паслякастрычніцкая ява выклікала сярод моладзі незвычайны выбух энергіі, энтузіязму. На вачах пакаленняў, дзяцінства, юнацтва і сталенне якіх прыпала на савецкі час, адбываліся велізарныя перамены. Дэкрэтам Савецкай улады ўпершыню ў гісторыі беларускага народа ў 1921 годзе быў створаны Беларускі дзяржаўны універсітэт, які носіць зараз імя У. І Леніна. Адразу ж пасля выгнання белапольскіх акупантаў адкрыўся першы драматычны тэатр, у 1922 — інстытут беларускай культуры, на базе якога ў 1929 годзе была ўтворана Беларуская акадэмія навук. Упершыню ў гісторыі Беларусі пачалі работу многія навуковыя ўстановы, рэспубліка пакрылася густой сеткай школ.

У Мінску і ў гарадах рэспублікі пачалі выходзіць на беларускай мове газеты, часопісы, альманахі, вакол якіх групавалася літаратурная моладзь. У 1923 годзе па ініцыятыве ЦК камсамола рэспублікі было створана літаратурнае аб’яднанне «Маладняк», якое мела свой часопіс пад такой жа назвай. Філіі «Маладняка», што ўзніклі ў многіх гарадах Беларусі, мелі адпаведныя друкаваныя органы і выданні. На вачах моладзі, як, дарэчы, і старэйшых пакаленняў, адбывалася сапраўдная культурная рэвалюцыя.

Карані і вытокі таго найвялікшага сацыяльнага аптымізму, які ў маладой беларускай прозе выяўляўся ў формах эмацыянальна ўзвіхраных прыгодніцкіх і рамантычных твораў, безумоўна, таіліся ў самой рэвалюцыйнай савецкай яве, у прадчуванні велічных перспектыў яе далейшага сацыялістычнага развіцця. Рамантычная, эмацыянальна-ўзвіхраная і арнаментальная проза ў вопыце беларускай літаратуры так ці іначай прыводзіла да прозы рэалістычна-псіхалагічнай, бо даніну захаплення яркім эмацыянальным колерам, музычным рытмам, а падчас і незвычайным, выключным героям аддалі пісьменнікі, што пазней стваралі глыбокія псіхалагічныя творы — Кузьма Чорны, Змітрок Бядуля, Міхась Зарэцкі, Міхась Лынькоў.

Перад савецкай літаратурай як неадкладнае патрабаванне часу стаяла задача мастацкага асэнсавання вопыту рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. Літаратура не магла паспяхова развівацца, не даўшы адказу на пытанне, якім па сваіх духоўных, маральных якасцях з’яўляецца ўдзельнік рэвалюцыйных баёў, салдат, а таксама кіраўнік-арганізатар рэвалюцыйнага змагання. Цікава адзначыць, што пошукі героя, якія ішлі ў маладой беларускай літаратуры, па сваёй сутнасці не адрозніваліся ад імкнення намаляваць у поўны рост удзельніка барацьбы за новы свет у літаратуры рускай, што мела непараўнальна большыя мастацкія здабыткі.

Ужо ў 20-я гады ў рускай літаратуры паявіўся «Разгром» А. Фадзеева з яркімі характарамі Левінсона, Марозкі, Мяцеліцы; «Чапаеў» Дз. Фурманава з вобразамі Чапаева і Клычкова; «Любоў Яравая» К. Транёва, дзе ў цэнтры — цудоўная руская жанчына; «Браняпоезд 14—69» У. Іванава з яго вобразам Мікіты Вяршыніна. Разам з гэтымі творамі ў літаратуру прыйшоў паўнакроўны вобраз арганізатара мас, бальшавіка, камуніста. Стала відавочным, што герой эпохі, гэты рыцар рэвалюцыі, будучы смелым, цвёрдым, як граніт, перакананым у праваце сваёй справы падчас да фанатызму,— у той жа час вельмі гуманны чалавек, для якога, як кажуць, усё чалавечае не чужое.

Якуб Колас, Цішка Гартны, паказваючы падзеі рэвалюцыі, малюючы ўдзельніка рэвалюцыйнага змагання, памнажалі здабыткі рэалістычна-псіхалагічнай прозы. Пошукі героя, свядомага ўдзельніка рэвалюцыйнай барацьбы, з’явіліся для беларускай прозы адначасна і пошукам формы рамана. Беларускі раман, сацыяльна-бытавы і сацыяльна-псіхалагічны, з яго нязменнай дылемай — чалавек і грамадства, чалавек і сацыяльныя абставіны,— узнікаў як эпас рэвалюцыі, эпас савецкай эпохі, у якім адлюстраваны лёсы чалавечай асобы, сацыяльных груп, класаў у бурным і складаным кругавароце вялікіх падзей.

У апавяданні Коласа «Сяргей Карага» яго герой, свядомы чырвонаармеец, камуніст характарызуецца такімі словамі: «І яму незвычайна моцна хацелася жыць, хацелася быць сведкам тых вынікаў жыцця, якія прынясуць з сабою камуністы, і тых форм новага будаўніцтва, у якія выльецца гэтае жыццё. Дый само па сабе гэтае жыццё такое цікавае. А ён, па праўдзе сказаць, яшчэ і не жыў. То бадзянне па астрогах у царскія часы, то работа ў падполлі, то гэтая вайна...» (5, 65)

Характарыстыка героя, як бачым, дадзена агульна, хутчэй публіцыстычнымі, чым мастацкімі, сродкамі. Але звернем увагу на тое, што пісьменнік адносіць вытокі рэвалюцыйнай свядомасці Сяргея Карагі да падзей, якія папярэднічалі грамадзянскай вайне (бадзянне па астрогах у царскія часы, работа ў падполлі).

Раман Ц. Гартнага «Сокі цаліны», аповесці Коласа «У палескай глушы», «У глыбі Палесся» як бы пачалі паглыбленую распрацоўку тэмы рэвалюцыі. Пошукі героя высокай грамадскай свядомасці, актыўнага дзеяння вяліся з паказу эпохі першай рускай рэвалюцыі. Да названых твораў прымыкае раман Р. Мурашкі «Сын», нават аповесць З. Бядулі «Салавей», што пераносіць падзеі яшчэ глыбей, у часы паншчыны, прыгону.

Справа, відаць, у тым, што ўзнікненне беларускага рамана і аповесці трэба разглядаць і як з’яву нацыянальную. Бясспрэчна, што толькі Кастрычнік даў Коласу, Гартнаму, Бядулю вядучую сацыяльную ідэю, якая аб’яднала ўсё тое, што раней у вопыце пісьменнікаў магло бачыцца як разрозненыя факты і з’явы. Але, відаць, раман і аповесць не маглі ўзнікнуць, не крануўшы глыбінных пластоў народнага побыту, жыцця, псіхалогіі2. Побыт беларускай вёскі, яшчэ ў меншай ступені мястэчка, горада, прозай, што разлівалася пераважна як апавяданне, быў закрануты слаба, традыцый амаль не існавала. Нездарма першая кніга рамана Ц. Гартнага «Бацькава воля», якая пісалася яшчэ да рэвалюцыі (1914—1916), такую вялікую ўвагу засяроджвае на побыце звычайнага беларускага мястэчка Сілцы, заштатнага гарадка Смагіна, нарэшце рабочай Рыгі і Пецярбурга.

Цішка Гартны ў «Соках цаліны», кнізе, што была фактычна першым беларускім раманам, намаляваў нам свядомага барацьбіта, рэвалюцыянера Рыгора Нязвычнага. Нязвычны — цэнтральная і найбольш поўна выпісаная фігура ў рамане. Зноў жа пры ўсіх недахопах абмалёўкі гэтага характару (крыху наіўных, напрыклад, прыёмах гераізацыі) пісьменніку ўдалося стварыць цэласны, па-мастацку пераканаўчы тып.

Няма сумнення, што першыя кнігі «Палескіх аповесцей» Коласа ствараліся не без ідэйнага ўздзеяння «Сокаў цаліны» Ц. Гартнага. Падзеі ў Коласавай дылогіі (трэцяя частка цыкла завершана ў 1954 годзе) як бы папярэднічаюць падзеям, абмаляваным у рамане Ц. Гартнага. Але ў той час як Рыгор Нязвычны паўстае перад чытачом чалавекам, характар якога больш-менш склаўся (абставіны фарміравання гэтага характару, г. зн. падзеі першай рускай рэвалюцыі, адносяцца да перыферыі рамана), станаўленне духоўнага вобліку Лабановіча, героя «Палескіх аповесцей» адбываецца на вачах чытача.

Малады настаўнік Андрэй Лабановіч прыязджае ў закінуты і глухі куток Беларусі — на Палессе, у лясное паселішча Цельшына, вучыць грамаце вясковых дзяцей. Па паходжанню Лабановіч — селянін, які толькі-толькі скончыў настаўніцкую семінарыю.

Першае знаёмства з героем выяўляе ў ім чалавека неспакойнага, дапытлівага, які настойліва шукае адказу на спрадвечныя «праклятыя» пытанні жыцця. Ад таго, што мужыцкі сын скончыў семінарыю і ў вачах школьнай старожкі бабкі Мар’і стаў «панічом», фанабэрыі яму, здаецца, не прыбавілася. Як да роўнай, а можа, і мудрэйшай, звяртаецца ён да старожкі Мар’і з запытаннем: «...скажы ты мне, бабка, чаго мы на свеце жывём?»

У семінарыі будучы настаўнік чытаў не толькі казёныя падручнікі, катэхізіс Філарэта, але і кнігі Бокля, Дарвіна, Спенсера, Дрэпера, вучоных, чые творы пашыралі ў колах тагачаснай інтэлігенцыі навукова-матэрыялістычную думку.

Лабановіч прыязджае на Палессе з цвёрдым намерам быць карысным народу. Яго не можа задаволіць толькі работа ў школе, хоць яна і нялёгкая і паглынае час ад раніцы да позняга вечара, дый адносіцца малады настаўнік да сваіх абавязкаў з выключнай добрасумленнасцю.

Лабановіч хоча шырэйшага поля для сваёй дзейнасці. Якога? «Не,— думаў ён,— гэтак далей жыць нельга. Апрача школы і чыста асабістых інтарэсаў ёсць яшчэ і другія — чыста грамадзянскія абавязкі. Трэба бліжэй стаць да народа, прыгледзецца, як ён жыве і чым ён жыве. Трэба пашырыць рамкі свае работы, трэба вынесці гэту работу за межы чыста школьных пытанняў». (9, 103)

Можа ўзнікнуць пытанне, чаму Лабановіч, мужыцкі сын, раптам збіраецца «бліжэй стаць да народа». Ці няма тут супярэчнасці? Тым болей што настаўнік пачатковай школы не такі ўжо вялікі інтэлігент. Семінарыя, якую ён скончыў, не давала нават закончанай сярэдняй адукацыі, бо, каб, скажам, Лабановіч захацеў паступіць ва універсітэт ці якую-небудзь іншую вышэйшую навучальную ўстанову, яму б спярша прыйшлося трымаць экзамен на атэстат сталасці, г. зн. за курс гімназіі ці рэальнага вучылішча. Дый ці так ужо адарваўся Лабановіч ад народа, правучыўшыся чатыры гады ў семінарыі, што яму трэба шукаць шляхоў да яго?

Аднак супярэчнасцей у імкненні героя няма. Беларускае жыццё-быццё ў пачатку стагоддзя з яго «пераднавальнічнай» атмасферай менавіта так ставіла пытанне перад кожнай сумленнай душой. Беларуская вёска пакутавала ад беззямелля, яна выштурхоўвала са свайго асяроддзя людзей, што папаўнялі шэрагі гарадскога пралетарыяту і інтэлігенцыі — самай шырокай, дэмакратычнай яе часткі — настаўніцтва. Зыходныя пазіцыі ў Рыгора Нязвычнага і Лабановіча, такім чынам, аднолькавыя — іх абодвух як бы выправіла ў жыццёвую дарогу вёска.

Папрацаваўшы ў Рызе два гады, Рыгор Нязвычны адчувае, што ён ужо не мужык, хоць яшчэ і не рабочы («напаўмужык — напаўрабочы»).

Гэтак жа пасля сканчэння семінарыі ўжо не селянін Андрэй Лабановіч.

Працэс нараджэння новай псіхалогіі ў людзей, што толькі-толькі адкалоліся ад сялянскага класа, увогуле заўважыла беларуская літаратура. Тэма гэта, напрыклад, вельмі вострая ў дарэвалюцыйнай творчасці Максіма Гарэцкага («У лазні», «У чым яго крыўда»). Вясковы хлопец з беднай сям’і, што стаў студэнтам, у вачах сялян робіцца чужым («запанеў»), і калі ён сумленны, калі душой блізкі да асяроддзя, якое яго нарадзіла, то нават у роднай сям’і яму нялёгка.

Вось гэты хлопец разам з бацькам прыйшоў у вясковую лазню, але, не надта моцны здароўем, ён не можа доўга вытрымаць пары: «— Запанеў наш каморнік, пышан надта Клім Раманавіч, духу баіцца... А мне, мужыку, любата,— крычаў Мікіта.

— Які тут чорт «запанеў»,— злаваў Клім.— Свінні, а не людзі,— думаў ён, злосны на ўсё бадай Мордалысава.— Я вёз дамоў кніжкі, каб чытаць ім, а яны кожны вечар, кожнае свята гуляюць у карты ў Мікітавай хаце, а на кніжкі не звярнулі ніякай увагі...

...А грэх мне казаць «дурацкае», дзе толькі цемната,— гваздом сядзела ў галаве яго непазбытная думка. Скуль жа ведаць гэтаму старому вяскоўцу, прыгонніку Мікіце, што ён, Клім, вучыўся не дзеля таго, каб «заграбаць» грошы, што ён іншы, што ён жа не чураецца вёскі, любіць яе і шануе, як родны сын, што ён хоча кіравацца ўсімі сіламі, каб бачыць яе цвярозай, светлай, здаволенай жыццём ды сумленнай, што ён «запанеў», але зусім не так, як думае Мікіта...»3

Варта сказаць, што Максім Гарэцкі, пісьменнік таленавіты, удумлівы, тэмай «прымака ў панстве і пасынка вёскі» ў чымсьці нават папярэдзіў «Палескія аповесці» Коласа, дзе гэтак жа востра стаіць пытанне аб пошуках маладым настаўнікам шляхоў да народа.

Колас у сваёй трылогіі, як і Купала ў драматызаванай паэме «Сон на кургане», у шэрагу лірычных твораў, як і Цішка Гартны ў «Соках цаліны», вырашае тую ж тэму яднання асобы і масы, правадыра і народа. Карціна пошукаў, роздуму, нават блукання («ростаняў») Лабановіча намалявана з нязнанай раней у беларускай прозе эмацыянальна-псіхалагічнай паўнатой, біяграфічны, дакладна вывераны на ўласным жыццёвым вопыце матэрыял, як і ў «Новай зямлі», саслужыў пісьменніку надзвычай карысную службу.

Лабановіч, якім ён паўстае перад намі ў аповесці «У палескай глушы», здаецца, нічога асаблівага не робіць. Прыехаў у палескую вёсачку, пазнаёміўся з мясцовымі сялянамі, з хатовіцкім валасным «вобчаствам» — настаўнікам Саханюком, які сам нядаўна працаваў у цельшынскай школе, айцом Кірылам, памочнікам пісара Дубейкам, а таксама з дочкамі пісара, крыху пазней з дзяўчатамі-прыгажунямі паннай Марынай і паннай Людмілай, памочнікам начальніка раз’езда Сухаваравым, арцельным чыгуначным старастам Бабінічам, будачнікам Курульчуком, з’ездзіў да даўняга сябра Турсевіча, закахаўся ў дачку падлоўчага Баранкевіча Ядвісю і, зрэшты, у немалой долі таму што каханне гэта сталася нешчаслівым, пакінуў Цельшына.

Лабановіч — натура шчырая, дзейсная, хоць у першай кнізе ён, бадай, больш прыглядаецца да жыцця, чым дзейнічае, больш вучыцца, чым вучыць.

Першая частка трылогіі захапляе шматграннай прывабнасцю свету, які бачыць навакол сябе Лабановіч, паэтычнай мяккасцю, лірычнай цеплынёй мастацкіх фарбаў. Гэту мяккасць, цеплыню як бы выпраменьвае душа самога Лабановіча, бо аповесць «У палескай глушы» і прысвечана маральна-этычным, філасофска-эстэтычным пошукам героя.

Думаецца, што Лабановіч у сваім духоўным развіцці праходзіць той жа этап, што і Сымон-музыка. Спачатку перад мысленным позіркам маладога настаўніка паўстае шырокі, неабдымны свет са сваімі бясконцымі загадкамі-таямніцамі. Што азначаюць гэтыя мірыяды зорных светаў, планета Зямля і, нарэшце, чалавек, якому так мала дадзена ўбачыць? Хто ён, чалавек, і навошта ён у жыцці, якое здаецца такой мізэрнасцю ў параўнанні з бясконцасцю свету ў часе і прасторы?

«Для чаго чалавек на свеце жыве?» — запытае Лабановіч у свайго сябра Турсевіча, і гэта пытанне як нельга лепш характарызуе стан разумовых пошукаў маладога настаўніка. Яму хочацца пазнаць абсалютныя ісціны, знайсці адказы на спрадвечныя, «праклятыя» пытанні.

« — Чалавек жыве дзеля дабра, дзеля служэння праўдзе, каб стварыць нейкія вартасці жыцця і каб быць карысным для другіх»,— гаворыць Турсевіч, самы блізкі Лабановічу ў цельшынскі перыяд жыцця чалавек.

Лабановіч не можа адразу пагадзіцца з такой думкай. У яго даўно абудзіўся «крытычны розум», настаўнік нічога не бярэ на веру з самых, здавалася б, шчырых выказванняў людзей аб саміх сабе. Настаўнік мяркуе аб людзях не па іх словах, а па іх справах, учынках. Навакольнае ж жыццё, якое акружае Лабановіча, не давала яму прыкладаў самаадданых дзеячаў. Шляхі, задачы рэвалюцыйнай барацьбы яму пакуль незнаёмы. Таму зусім зразумела, што і ў словах свайго сябра Лабановіч бачыць прыгожую фальш.

Лабановіч як бы ў процівагу Турсевічу гаворыць аб тым, што чалавек жыве, «каб у гэтым самым жыцці як можна болей вывудзіць карыснага і прыемнага для сябе».

Лабановіч, як мы ведаем, чалавек даволі начытаны. Кнігі Дарвіна, Бокля, Дрэпера, Спенсера (герой іх чытаў, вядома, звыш семінарскай праграмы) якраз і абудзілі яго крытычную думку. У спрэчцы з Турсевічам аб сэнсе чалавечага жыцця Лабановіч выказвае думкі, яўна запазычаныя з этычнага вучэння англійскага філосафа, псіхолага і сацыёлага Герберта Спенсера (1820—1903). Паводле Спенсера прыемнае («насалода») выступае як неабходнасць «маральнай інтуіцыі», чалавек натуральна, у адпаведнасці са сваёй прыродай, імкнецца да максімуму шчасця асабістага і грамадскага.

Спенсер у сваёй этычнай канцэпцыі імкнуўся паяднаць погляды прыхільнікаў этыкі шчасця («насалоды») і этыкі абавязку («служэння дабру»). Ён, напрыклад, сцвярджаў, што настойлівае выкананне абавязку, адмаўленне ад асабістага шчасця дзеля шчасця другіх само робіцца крыніцай «насалоды». Іменна такая «насалода» (яна ляжыць у аснове альтруізму) шляхам спадчыннай перадачы будзе паступова рабіцца сутнасцю чалавечай натуры, замяняючы эгаістычныя імкненні альтруістычнымі.

Ролі ў спрэчцы сяброў-настаўнікаў размеркаваны так, што Лабановіч нібы абараняе этыку шчасця («насалоды»), Турсевіч — этыку абавязку «служэння дабру»), Але, як убачым далей, у практычным жыцці Лабановіч і Турсевіч нібы памяняюцца месцамі, і кожны з іх будзе рабіць штосьці зусім супрацьлеглае таму, што гаварыў.

Жыццёвымі пошукамі, імкненнямі, нарэшце, асабістым удзелам у рэвалюцыйным змаганні Лабановіч выявіць у сабе перш за ўсё натуру грамадскую, для якой аснова шчасця ў «дзейнасці для ўсіх». Супярэчнасць паміж тым, што гаварыў цельшынскі настаўнік, і тым, што ён збіраецца рабіць, вынікае адразу ж пасля спрэчкі.

«— Што я табе хацеў сказаць,— прамовіў Лабановіч,— давай вясною, як скончацца заняткі ў школах, паходзім па Беларусі, азнаёмімся з ёю бліжэй... Мы б абышлі шмат школ, бліжэй пазнаёміліся б з настаўніцтвам, абудзілі б цікавасць да свайго краю. А самае важнае — мы раскатурхалі б соннае балота нашага настаўніцтва, бо жыць так, як жывём мы, адарваныя адзін ад аднаго, жыць без жывой ідэі, ведаць адну толькі цесную школу і траціць час на карты і папойкі, што звычайна робіць наш брат, так жыць нельга, бо для гэтага трэба наўперад задушыць у сабе голас сумлення, голас доўгу перад народам». (9,84)

Лабановіч з самага пачатку жыццёвай дарогі адмаўляе соннае балота абывацельскага існавання. Вось хатовіцкае валасное «вобчаства», найбольш прыкметныя фігуры якога настаўнік Саханюк, пісар, памочнік пісара Дубейка, сын фельчара Максім Гарошка, памочнік начальніка раз’езда Сухавараў. Усе яны далёкія ад якіх-небудзь грамадскіх інтарэсаў, жывуць, калі карыстацца словамі самога Лабановіча, каб «як можна болей вывудзіць карыснага і прыемнага для сябе». Лабановіч не можа сысціся ні з адным з гэтых людзей. Яны, іх жыццё, імкненні для яго нецікавыя.

Саханюк хоча разбагацець, выгадна ажаніцца. Дзеля гэтай мэты не грэбуе ён ні салам, якое ў якасці ганарару за напісаны ліст прыносяць жанчыны-салдаткі, ні нават «ссыпкай» (натуральнай сялянскай платай за работу настаўніка) са школы, у якой ён не працуе. Хатовіцкі пісар мільгане перад намі як эпізадычная, другарадная фігура, але вобраз яго ўсё ж запомніцца: « ...на ўзвышшы, адгароджаным балясамі, стаяў вялізны стол, абіты зялёным сукном, а за сталом на шырокім крэсле засядаў сам пісар. Гэта быў ужо стары чалавек, з шырокай барадой, напалавіну сівою. Міна яго была незвычайна важная. Пазіраў ён крыху прыжмурыўшыся, як бы ён толькі што занюхаў табакі і збіраўся чхнуць. Нягледзечы на тое, што ў канцылярыі было цёпла, пісар сядзеў у валёнках, бо меў у нагах раматус, і на твары яго адбіваліся адзнакі хваравітасці і сляды калісь вясёлага жыцця і п’янства, у якім пісар не меў сабе роўных у воласці. З гарэлкай ён ніколі не разлучаўся. У канцылярыі, у шафе сярод «гражданских и уголовных дел», стаяла бутэлька з «царскімі слязьмі», як называлі тады гарэлку, да якой часта прыкладаўся Пятро Восіпавіч і ў часы сваіх заняткаў у воласці». (9, 24—25)

Запынім увагу на прыкметнай асаблівасці, якая характарызуе коласаўскую манеру апавядання. Прыведзены ўрывак нясе на сабе выразны адбітак аўтарскай іроніі. Вытокі іроніі ў яўным несупадзенні звычайнага ўяўлення пра нормы чалавечых паводзін і тыя адхіленні ад гэтых нормаў, пра якія пісьменнік расказвае як пра штосьці ўсталяванае, пастаяннае. У іранічным кантэксце ўспрымаюцца намі першыя эмацыянальна адцененыя выразы: «засядаў сам пісар», «міна яго была незвычайна важная». Імі пісар малюецца нібы ў ролі мясцовага, «валаснога» цара. Далейшыя падрабязнасці яшчэ больш усталёўваюць у такой думцы («пазіраў ён крыху прыжмурыўшыся, як бы ён толькі што занюхаў табакі і збіраўся чхнуць»). Але наступныя фразы рашуча зніжаюць паказную, уяўную веліч пісара («...у шафе сярод «гражданских и уголовных дел» стаяла бутэлька... да якой часта прыкладаўся Пятро Восіпавіч...»).

Гумарыстычны эфект дасягаецца яшчэ і тым, што інтанацыйны лад фразы (спакойная, апавядальная інтанацыя) не супадае з прадметам, аб’ектам (смешным, мізэрным па сваёй сутнасці), пра які расказваецца.

Астатнія персанажы з кола хатовіцкай «інтэлігенцыі» ярка, выразна паўстаюць перад позіркам чытача з гэтакіх жа сціслых, сінтэтычных характарыстык, іранічна адцененых. Вось памочнік пісара Дубейка: «...Дубейка нёс сябе высока, насіў манішку і манкеты і лічыў сябе найпершым кавалерам»; «...Дубейка выказаў многа ўвагі і адзнак шляхетнага тону, знаёмячыся з Лабановічам.— О! — казаў ён. Нашага палку прыбывае. Вельмі прыемна, што круг інтэлігенцыі павялічваецца.— Але разам з гэтым Дубейка запытаўся: — А гэта ўжываеце? — Адначасна з запытаннем ён ускінуў галаву і пстрыкнуў пальцам па сківіцы». (9, 25)

У трылогіі «На ростанях» Колас намаляваў вялікую галерэю такіх вось, як Дубейка, людзей, што паходзяць з народных нізоў, не вельмі высока сягнулі ў службовай кар’еры,— усіх гэтых пісараў, іх памочнікаў, валасных старшынь, фельчараў, настаўнікаў-абывацеляў, якіх яднаюць вузкаэгаістычныя імкненні, пагарда да народа, занядбанне яго кроўных інтарэсаў.

Лабановіч — прамая процілегласць усім гэтым дзеячам «зялёнага поля» і бутэлькі. Калі валасныя, вясковыя панкі і падпанкі радуюцца, што падняліся на ступеньку-дзве вышэй над жыццём «мужыка», гатовы апляваць народны побыт, на іх думку, цёмны, дзікі, беспрасветна адсталы, то Лабановіча характарызуе неадольная цяга да народных вытокаў жыцця, жаданне змяніць, палепшыць вясковае бытаванне. Вось што гаворыць ён айцу Кірылу, хатовіцкаму «бацюшку», чалавеку вельмі неблагому, з добрым сэрцам, але ў чымсьці, як і ўся валасная вярхушка, закаснеламу: «На мужыка прывыклі пазіраць, як на пчалу або на нейкую машыну, якая павінна ўсё вырабляць, усім даваць і яшчэ пры гэтым казаць і кланяцца: «Дзякую, што бераце». І ўсе так ці іначай бяруць ад мужыка: бяруць сілаю, бяруць хітрыкамі, бяруць ашуканствам. А мужыку многа далі? Паважаюць мужыка? Хто вінават, што мужык неачэсаны, што мужык цёмны і жыве па-свінску. У святым пісанні напісана: «Якою мераю мерыце вы, такою адмерыцца і вам». (9, 31)

Такім чынам, Лабановіч з першых крокаў выяўляе сябе чалавекам з шырокімі грамадскімі імкненнямі. Ён, па сутнасці, блізкая радня купалаўскім героям, з той, вядома, розніцай, што лірычна-рамантычныя персанажы Купалы пазбаўлены сферы рэальна-бытавой, канкрэтна-пачуццёвай. Купала, звяртаючыся да ўсіх тых, хто пагардліва ставіўся да ідэалаў нацыянальна-вызваленчай барацьбы беларускага народа, напісаў прасякнутыя гневам і болем радкі:

 

Чаго вам хочацца, панове,

Які вас выклікаў прымус

Забіць трывогу аб тым слове,

Якім азваўся беларус?..

 

Тое ж, па сутнасці, скажа ў размове з Турсевічам і Лабановіч, але яго маналог звязаны з канкрэтнымі абставінамі, месцам, асяроддзем, часам і ўспрымаецца намі не так востра: «А мы, беларусы, не адважваемся прызнацца ў тым, што мы — беларусы. Бо на галаву беларускага народа, як вядома, многа выліта памыяў, годнасць яго прыніжана, і мова яго асмеяна, у яго няма імя, няма твару. А з гэтага вынікае тое, што беларус-інтэлігент адмяжоўваецца не толькі ад свайго народа, але і ад бацькоў сваіх». (9, 82)

Лабановічу, як бачым, з самага пачатку не дае спакою імкненне да грамадскай дзейнасці, яго думка сягае як да пытанняў сацыяльных, так і нацыянальных. Але другая справа, што герой на першым часе не бачыць рэальных шляхоў змянення існуючага становішча. У першай кнізе трылогіі ёсць толькі адзін эпізод, дзе герой робіць нейкі практычны крок у напрамку здзяйснення сваіх ідэалаў. Настаўнік вырашае пагаварыць з цельшынцамі наконт неўладкаванасці іх побыту, старанна рыхтуецца да гэтай гутаркі.

Лабановіч бачыць дужых людзей, ад рук якіх, здаецца, залежыць прывесці ў належны парадак і вуліцу, і свае двары, і іншыя мясціны грамадскага карыстання. Разумее настаўнік, што сялянам бракуе грамадскай арганізацыі, спайкі. Пра ўсё гэта і гаворыць Лабановіч вяскоўцам, сабраўшы іх на сходку ў школе. Аднак яго гарачыя словы, трапныя прыклады, прыведзеныя з мясцовага жыцця, не ўзварушылі мужыцкіх сэрцаў («Старыя палешукі хоць і слухалі, але то той, то другі шырока расчынялі сківіцы і пазяхалі»).

Добры намер героя не здзейсніўся.

Увогуле, у характары Лабановіча ёсць адна паказальная рыса. Ён не церпіць беспарадку, абыякавасці, і калі што-небудзь робіць, то аддаючыся справе ўсім сэрцам, укладваючы ў яе, як кажуць, душу. Добрасумленна, з глыбокай асабістай зацікаўленасцю адносіцца ён да настаўніцкіх абавязкаў. А вясковаму настаўніку прыходзілася нялёгка. У адным пакоі сядзелі чатыры класы, заняткі вяліся круглы дзень — з раніцы да вечара, а вечарам была свая работа — правяраць сшыткі, рыхтавацца да наступных урокаў. Варта дадаць яшчэ што Лабановічу ледзь не сілай даводзілася зацягваць вучняў у школу.

«Цэлыя дні, з ранку да вечара, аддаваў Лабановіч школе. Ён адчуваў вялікае маральнае задаволенне: вучні займаліся дружна, старанна і рабілі значныя поспехі. Асабліва шмат увагі адводзіў ён чатырнаццаці вучням, падрыхтоўваючы іх да экзаменаў. Калі дні значна пабольшалі і пасвятлела, ён склікаў выпускнікоў пасля класных заняткаў і займаўся з імі асобна. Гэта былі самыя лепшыя часіны школьнага навучання і для настаўніка, і для яго вучняў. Тады ўжо не захоўваўся той строгі распарадак, які быў абавязковым, калі ўсе дзеці былі ў поўным зборы. Тут Лабановіч выходзіў часта за рамкі праграмы. Яму хацелася як мага болей абудзіць дапытлівы розум сваіх выхаванцаў, шырэй расчыніць ім вочы на свет і навучыць іх крытычна ставіцца да жыцця, да сваіх абавязкаў у адносінах да людзей». (9, 414)

Лабановіч — прыроджаны педагог. Ён любіць дзяцей. У яго адносінах з вучнямі няма нічога казённага, афіцыйнага, ён бачыць у сваіх выхаванцах перш за ўсё людзей, імкнецца абудзіць іх «дапытлівы розум», скіраваць думку на загадкі прыроды, добра разумеючы, што час школьнага навучання — час адкрыцця свету, яго багацця. У той жа час вучні для яго — маленькія грамадзяне. Пройдзе час, і зоймуць яны сваё месца ў жыцці. Таму важна выхаваць у іх крытычнае стаўленне да жыцця, абудзіць грамадзянскія пачуцці, абавязкі.

«Разумнае, добрае, вечнае» для Лабановіча не пустыя словы. Ён верыць, што ёсць у жыцці каштоўнасці, якія маюць вечнае значэнне. Напрыклад, праца, адносіны чалавека да свае справы павінны быць сумленнымі. Чалавек абавязкова павінен рабіць штосьці карыснае для другіх людзей, ніхто не мусіць есці дармовы хлеб. Гэта першая ўмова існавання грамадства.

Тое, што Лабановіч хоча бачыць вакол сябе разумны парадак, ідзе ад гарманічнай зладжанасці яго ўласнай натуры. Разумнае — гэта найбольш мэтазгоднае, карыснае для ўсіх. На жаль, у жыцці часта назіраецца адваротнае. У сваёй роднай вёсцы настаўнік бачыць малюнак не лепшы, чым у Цельшыне: «Вось хоць бы і тутэйшы народ: бедны, ледзь-ледзь зводзіць канцы з канцамі, таўчэцца, кідаецца ў розныя бакі, шукаючы аддушыны, і мала хто знаходзіць яе. Зямлі мала, зямля неўраджайная, голы пясок. Усе ж лепшыя землі належаць да скарбу. Адчуваецца вострая патрэба ў зямлі, а народ множыцца. Чым жа можна палепшыць яго дабрабыт? Каб людзі грамадою пасталі на работу, яны асушылі б балоты, пазносілі б пяскі з палёў, а балотны гной і яго ўраджайны грунт перанеслі б на пясчанае поле — хапіла б і хлеба і сенажаці». (9, 245)

Другая спроба героя ажыццявіць сваю мару аб калектыўнай працы носіць ужо больш практычны, дзейсны характар. Гэта спроба датычыла мікуціцкай грэблі:

«Дзіўным здавалася Лабановічу, што такое вялікае сяло, як Мікуцічы, не можа справіцца з грэбляю. Ну, што б значыла сялянам адвесці, ну, тыдзень-два часу і збыць гэтую злыбяду? Няўжо так цяжка грамадою выкапаць абапал грэблі канавы, падвезці пяску і камення, падняць яе, насыпаць, зараўняць, утрамбаваць. Пяску ж, куды ні павярніся, цэлыя горы. Каменнем завалены межы. Цэлыя рэчкі каменняў, паскіданых з поля, цягнуцца побач дарогі. І рабочых рук стае, і матэрыял пад рукамі, няма толькі такой рукі, што паставіла б сяло на грамадскую работу». (9, 254)

Такой «рукой» захацеў стаць сам настаўнік. Ён паспрабаваў узняць гэта пытанне сярод сваіх калег (Мікуцічы далі вельмі многа настаўнікаў). Вынікі зноў нярадасныя («— Не мяшайся ў жыццё,— заўважыў з бярлогу Іванок,— няхай яно ідзе, як ідзе. Плюй на ўсё і шануй сваё здароўе»).

Сяляне-мікуцічане выслухалі прапанову Лабановіча больш уважліва. Яны ахвотна згаджаліся з яго довадамі. Але на гэтым усё і скончылася.

Зрабіўшы адзін, затым другі няўдалы крок у напрамку ажыццяўлення сваіх грамадскіх імкненняў, Лабановіч задумваецца. Ён пераконваецца нарэшце, што прычына яго няўдач не ў нежаданні сялян далучыцца да грамадскай работы, а ў чымсьці іншым, больш сур'ёзным. Селянін прыніжаны, энергія яго не знаходзіць патрэбнага ўжытку, бо ён адзіночка, індывідуаліст. Цікава, што вочы на праўду адкрыў настаўніку родны дзядзька Марцін, у вобразе якога можна знайсці штосьці агульнае з Антосем з «Новай зямлі».

Апатыю сялян да грамадскай работы дзядзька Марцін тлумачыць тым, што просты чалавек не адчувае сябе гаспадаром у жыцці. «Жаліўся дзядзька Марцін, што ўсюды ўціск пачаўся. Куды ні кінься, усё ў панскія рукі пападзеш. Свет яны ўвесь загарадзілі, а за простага чалавека ніхто не заступіцца». (9, 247)

Лабановіч у першай частцы трылогіі паўстае пераважна як чалавек думкі, падчас нават рэфлексіі, выяўляючы маральныя, інтэлектуальныя сілы сваёй багата адоранай душы. Пісьменнік ставіць свайго героя ў самыя разнастайныя дачыненні як да людзей, якія яго акружаюць, так і да маральна-этычных, сацыяльных і філасофскіх праблем. Лабановіч, скажам, настойліва і ўпарта раздумвае аб сэнсе жыцця, ніяк не можа прымірыцца з тым, што кожнага чалавека, які б ні быў ён выдатны, так ці іначай напаткае смерць.

Чытач не ведае дакладна, колькі гадоў Лабановічу. Па тым, што герой толькі прыступае да настаўніцкай работы, што яго вобраз нясе пэўныя аўтабіяграфічныя рысы, можна меркаваць, што Лабановічу гадоў дваццаць ці трошкі болей.

Можа быць, Лабановіч і залішне сур’ёзны для сваіх дваццаці гадоў, але маладосць — пара кахання, гарачых парыванняў, і ўсё гэта, зрэшты, не абмінае і нашага героя. Як ні заняты настаўнік філасофскім роздумам, школьнай працай, грамадскімі інтарэсамі, як ні суцяшае сябе тым, што яму падабаюцца тры дзяўчыны — панна Марына, панна Людміла і, нарэшце, Ядвіся (на яго думку, гэта зарука, што ён не закахаецца ні ў адну), але ўсё ж такі ён закахаўся, і каханне да Ядвісі, можа быць, самы істотны момант жыцця Лабановіча ў Цельшыне.

Узаемаадносіны Лабановіча і Ядвісі, дачкі падлоўчага Баранкевіча, адносяцца да ліку лепшых любоўных старонак беларускай прозы. Наша проза (раман, аповесць, апавяданне — усе жанры разам) у 20-я гады настойліва вучылася паглыбляцца ва ўнутраны, інтымны свет асобы, бо без гэтага паглыблення, без умення выяўляць супярэчлівыя, патайныя зрухі чалавечай душы яна не магла развівацца як проза.

Можна сказаць, што, прыехаўшы настаўнічаць, Лабановіч жыве прадчуваннем кахання. Прыгажосць, і ў тым ліку прыгажосць жаночая, не пакідае яго раўнадушным. Вось настаўнік сустракае на дарозе за вёскай незнаёмую дзяўчыну: «Дзяўчына здалёк колькі разоў бачліва акідвала поглядам незнаёмага маладога хлопца, а падышоўшы бліжэй, апусціла вочы. Лабановіч таксама не лічыў далікатным разглядаць яе. Але як толькі яны параўняліся, дык зірнулі адно на аднаго, і погляды іх спаткаліся. Незнаёмая дзяўчына, як бы спалохаўшыся, зноў борздзенька апусціла свае чорныя, як смоль, вочы. Лабановіч, зблізку ўбачыўшы яе твар з бліскучымі прадаўгаватымі вачамі, злёгку здрыгануўся: дзяўчына была надзвычай прыгожая». (9, 42)

У Лабановіча высока развіта адчуванне прыгажосці, якой бы гэта прыгажосць па сваёй прыродзе ні была. Не меншае, чым сустрэча з дзяўчынай, уражанне робіць на яго музыка: «Мяккія, ласкавыя гукі стройным сугалоссем паліліся па пакоі, напаўняючы яго прыемным звонам і навяваючы якіясь добрыя, ціхія чары. Няясныя вобразы ўсплывалі самі сабою, аб чымсьці казалі і клікалі невядома куды, а на сэрцы аставалася пачуванне ўтраты чагось далёкага, чаго ўжо не вернеш ніколі і аб чым можна толькі ўспамінаць. Усе ж дробязі жыцця, увесь будзённы клопат, мут душы,— усё гэта знікала, адступала перад чарамі хараства. Скуль жа гэты смутак? Аб чым ён? Ці не ёсць гэта тое няяснае адчуванне хараства жыцця, якое так бязлітасна, так груба папіхаецца нагамі, таго хараства, што падымае чалавека над балотам людское сумятні?» (9, 46)

Каханне Лабановіча да Ядвісі пачынаецца калі не з першага позірку, то, бадай, з першага знаёмства. Ядвіся не такая прыгожая, як панна Марына ці Людміла, але затое — настаўнік адчуў гэта адразу — багацей душой, праявамі ўнутранага жыцця: «Габрыня зараз жа выйшла і хутка вярнулася з сястрой, стройнаю чарняваю дзяўчынаю, гадоў шаснаццаці, з тонкімі, прыгожа абрысаванымі брывамі. Выраз яе цёмных акруглых вачэй часта змяняўся: то ў іх іскрыўся вясёлы смех і нахіл да жартлівасці, то адбівалася нейкае засмучэнне і тая сталасць, што рабіла ўражанне, быццам дзяўчына многа перадумала і перажыла». (9, 46)

Лабановіч і Ядвіся толькі ўступаюць у жыццё, таму іх каханне — першае, нясмелае, юнацкае. І ён, і яна — натуры дастаткова гордыя, каб паступіцца сваім гонарам нават у імя кахання. Калі ж гаварыць пра Ядвісю, то на яе псіхіку моцна падзейнічала жорсткае абыходжанне, здзекі, якія чыніў бацька над маці, з-за чаго тая маладой сышла ў магілу. Таму ў кожным мужчыне Ядвіся схільна бачыць тырана, «гэрада».

Так, доўгі час ні Лабановіч, ні Ядвіся не могуць паступіцца ўласным «я», іх сустрэчы ператвараюцца ў бясконцыя ўзаемныя «падколванні», кпіны, насмешкі. І ўсё ж гэта ўжо каханне, няхай сабе стоенае, схаванае, у якім ён і яна пакуль яшчэ не хочуць да канца прызнацца нават самім сабе.

Лабановіч закахаўся ў Ядвісю. «І як ні хітрыў ён сам з сабою, як ні тлумачыў гэты факт, але аднаго не мог пабароць у сабе — не думаць аб панне Ядвісі. І што б ён ні рабіў, аб чым бы ён ні думаў, не-не дый устане перад ім Ядвіся. І чым бліжэй быў ён да яе, тым больш адчувалася ўлада гэтай дзяўчыны над ім. Калі ён быў у гасцях і бачыў перад сабою другую дзяўчыну, ён ні разу не ўспомніў аб сваёй суседцы. А цяпер, як бы ў помсту за гэта, вобраз панны Ядвісі стаяў неадступна ў вачах, дражніў яго, кудысь зваў і смяяўся». (9, 65)

Робіць Лабановіч нейкія нават спробы, каб вызваліцца ад чараў Ядвісі, ды толькі не мае сіл ад іх вызваліцца.

Прывядзём яшчэ раз цытату, каб пераканацца, што ў Лабановіча ёсць сумненні, што яго палохае думка «завязаць» сабе і Ядвісі дарогу ў вольныя прасторы жыцця, ды зноў жа поўнай улады гэтыя сумненні над ім не маюць: «Калі ж гэта яшчэ не зусім расцвіўшая краска палюбіць яго з усёю сілай першага кахання і даверыць яму сваё сэрца і маладосць, і ўсё сваё жыццё, тады што? І перад ім пачалі вырысоўвацца іншыя вобразы, і думкі яго пайшлі ў другім кірунку. Няўжо ж у яго хопіць адвагі звязаць яе долю з доляю малапрыметнага настаўніка ў гэтай глушы і тым самым адсеч сабе дарогі да далейшага дасягнення тых мэт, якія ён меў на ўвазе? Яго цягнула вольная праца ў невядомых прасторах людскога жыцця, яму хацелася пашырыць свой кругагляд, набыць тыя веды, якіх яму так бракавала. Яго, наогул, захапляла і вабіла жыццё з прынаднымі малюнкамі і таемнымі чарамі. І вось на гэтай дарозе ўжо стала адна перашкода... Але ці так гэта? Чаму перашкода? Ці не ёсць гэта адна з тых жыццёвых прыгод, якія аздабляюць жыццё? Не ўсе з'явы жыцця вымагаюць такога падыходу, бо тады яны страчваюць сваё хараство, сваю цэльнасць і вартасць. Да іх трэба падыходзіць проста, беспасрэдна. (9, 91—92)

Уся супярэчлівая драматычная калізія ўзаемаадносін Лабановіча і Ядвісі, зрэшты, зводзіцца да таго, што ён усёй душой прагне кахання дзяўчыны, хоча іменна таго, каб яна даверыла яму «сваё сэрца і маладосць».

Лабановіч узрушыў Ядвісіна сэрца, пачуццё ў гэтым сэрцы нарадзілася. Ядвіся — шырокая, багатая, няўрымслівая натура, адна з тых дзяўчат, якія самі не баяцца зрабіць першы крок у каханні. Раўнуе яна настаўніка да паннаў Людмілы ці Марыны, па вясне заносіць у яго пакой букецік кветак, прыладжвае ў кнігу запіску са шматзначнымі словамі «мілы... дурань» (а потым выкрадвае яе), першая цалуе настаўніка, не дазволіўшы пацалаваць сябе.

Назва ўсяму гэтаму адна — каханне. І ўсё ж не разгарэлася яно ў страсць, не стала сілай, якая б прадыктавала дзяўчыне жыццёвае рашэнне. Інтуітыўна Лабановіч адчувае душэўную Ядвісіну няўстойлівасць, мітусню супярэчлівых пачуццяў, таму, баючыся абразы, надае сваім прызнанням жартаўлівую форму. І яшчэ характэрная дэталь — Ядвіся, ад'язджаючы, зламала вяршок грушкі, якую на школьным двары пасадзіў у яе гонар настаўнік. Навошта яна так зрабіла? Каб не пакінуць памяці аб сабе, каб канчаткова рассекчы той вузельчык інтымнасці, які завязаўся?

Лабановіч пакінуў Цельшынскую школу. Жыць у мясцінах, дзе ўсё нагадвала Ядвісю, першае, захліснуўшае ўсю істоту, але няўдалае каханне, ён не здолеў бы. Нават ад’ехаўшы, чакае ліста ад Ядвісі, піша ў Хатовіцкую воласць знаёмаму памочніку пісара Дубейку. Ліста няма. Так закончылася першая і, скажам, вельмі значная старонка душэўнай біяграфіі героя. Закончылася, як бачым, расчараваннем, але гэта далёка не апошняе расчараванне, якое напаткае Лабановіча на жыццёвых дарогах.

Ядвіся таксама пакутуе, што ёй не суджана з’яднаць сваё жыццё з жыццём Лабановіча. Толькі яна глыбей і недзе нават практычней, чым ён, адчувае, што іх сцежкі не сыдуцца. Таму так рашуча і, трэба сказаць, бязлітасна рассякае яна ўсе ніці, што звязваюць ці могуць звязаць яе з Лабановічам.

Хто ж вінаваты, што двое прыгожых, блізкіх духоўнымі імкненнямі людзей не могуць сысціся, абараніць сваё шчасце? Абставіны жыцця — толькі такі можа быць адказ. Адна з прычын гэтаму: цяжкія, пакутлівыя ўмовы Ядвісінага жыцця ў бацькавай сям’і, яе маладосць, жыццёвая нявопытнасць.

Падобную калізію можна назіраць у рамане Цішкі Гартнага «Сокі цаліны». Як Лабановіч Ядвісі, так Рыгор Нязвычны Зосі Прыдатнай, якая шчыра яго кахае, не можа прапанаваць што-небудзь канкрэтнае, ва ўсякім выпадку, у абсягу бліжэйшых гадоў. Галоўнае,— ён не можа ўзяць Зосю замуж. Працуе Рыгор на заводзе ў Рызе, з галавой увайшоў у рэвалюцыйныя справы. Рэвалюцыйная дзейнасць для яго вышэй за асабістыя пачуцці, у імя яе Рыгор пераступае праз сваё і Зосіна шчасце. Дзяўчыне ён раіць паехаць, як і ён, у горад, паступіць на завод, пачаць новае жыццё. Але адважыцца на такі крок у Зосі не хапае мужнасці. Над ёй вісіць бацькава воля, якая ўсё ўзмацняецца, бо да Зосі сватаецца багаты, «відны» ў Сілцах Васіль Бераг.

Становішча Лабановіча і Рыгора Нязвычнага падобнае, але ў іх паводзінах адчуваецца істотная розніца. Справа ў тым, што каб Рыгор прапанаваў Зосі стаць яго жонкай, то яна, як кажуць, пайшла б за ім на край свету. Але Нязвычны адступаецца ад Зосі. Лабановіч, адчуваем мы, гэтак бы не зрабіў, каб Ядвіся пажадала падтрымліваць з ім хоць якія-небудзь зносіны, няхай сабе ў выглядзе перапіскі. У аналагічнай сітуацыі, захоплены рэвалюцыйнай дзейнасцю і рызыкуючы ўласным жыццём, ён не змог бы прычыніць пакуты, боль блізкаму чалавеку.

Вобраз Рыгора Нязвычнага па гэтай прычыне штосьці траціць у параўнанні з вобразам Лабановіча. Этычныя пазіцыі вясковага настаўніка (асабліва ў дачыненні да жанчын), трэба сказаць, больш грунтоўныя, чым у рыжскага, а затым пецярбургскага рабочага, якім яго намаляваў Цішка Гартны.

Увогуле, вобраз Лабановіча палемічны ў адносінах, бадай, да ўсёй беларускай прозы 20-х гадоў, якая спрабавала намаляваць станоўчага героя, чалавека, звязанага з рэвалюцыяй,— дзейсным, валявым, рашучым. Колас як бы са скептычнай усмешкай глядзеў на такога героя, бо не бачыў у яго духоўным узбраенні ўвасаблення этычных нормаў, правераных шматвяковай народнай практыкай, яе ідэалам дабра. Вопытнага, глыбока зведаўшага дух народнага этычнага ідэалу пісьменніка не маглі прывабіць героі, што з асаблівай лёгкасцю завязвалі любоўныя інтрыгі, пераступалі нібыта ў імя «агульнай» справы нават праз асабістае чалавечае шчасце. Паводле Коласа, этыка рэвалюцыйная не магла не грунтавацца на этыцы народнай. Відаць, па гэтай жа прычыне крытыка 20-х гадоў не зразумела і не ацаніла належным чынам вобраз Лабановіча, бачачы ў жыццёвых паводзінах героя штосьці месіянскае.

Па-чалавечаму добрых спраў робіць Лабановіч нямала, і, зрэшты, яны, як і многія іншыя ўчынкі героя, раскрываюць душу добрую, мяккую, спагадлівую да чужога гора. Вось настаўнік дае сярэбраны рубель цельшынцу Лявону Скурату, каб прыпыніць яго сварку з суседам Куксай (за гэты рубель Кукса пазней ледзь не забіў Лявона). Прыехаўшы ў Выганаўскую школу, Лабановіч застае там старожкай надзвычай брыдкую, нехлямяжую жанчыну, якая зацяжарала ад папярэдняга настаўніка. Вяскоўцы, валасныя чыны і нават а. Мікалай, выганаўскі поп, лічаць, што новы настаўнік такую жанчыну пры школе не пакіне. Ён жа пакінуў, хоць для карысці школьнай справы было б лепш узяць другую старожку.

Высокія маральныя, душэўныя якасці пакажа Лабановіч і тады, калі стане перад царскім судом. Яго абвінавачваюць за напісанне лістоўкі, аўтарам якой з’яўляецца другі настаўнік. Лабановіч ведае прозвішча гэтага настаўніка, сядзе сам на тры гады ў турму, а таварыша па рэвалюцыйнай справе не выдасць.

Не паддаўся Колас і той шырока распаўсюджанай ў 20-я і 30-я гады творчай практыцы, калі станоўчае ці адмоўнае ў духоўным вобліку героя прама, непасрэдна звязвалася з яго сацыяльна-класавым становішчам. Няцяжка ўбачыць, што ў трылогіі падзел маральна-этычных дабрачыннасцей ідзе далёка не па гэтай лініі. Добрыя, сапраўды чалавечыя рысы пісьменнік можа ўбачыць і ў людзей, якія, скажам, служаць папамі, казённымі ляснічымі, нават царскімі ўраднікамі, і, наадварот, якасці этычна непрымальныя — у свайго «брата настаўніка», што самім становішчам сваім закліканы сеяць «разумнае, добрае, вечнае».

Аповесць «У палескай глушы» найбольш поўна раскрывае духоўны патэнцыял інтэлігента «першага пакалення» Лабановіча. Герой тут яшчэ мала дзейсны. Але затое якія багатыя, шматабяцаючыя яго зыходныя пазіцыі! Лабановічу да ўсяго ёсць справа: да таго, як пабудаваны сусвет, якое месца займае ў ім чалавек, што такое смерць і чаму палешукоў, а падчас і яго, адукаванага настаўніка, апаноўвае страх перад «нячыстай сілай». Узнікаюць у свядомасці настаўніка пытанні сацыяльныя і нацыянальныя, настойліва шукае ён прымянення сваіх сіл для агульнай, грамадскай справы.

У той жа час Лабановіч — не вобраз абсалютна ідэальнага чалавека. У яго ёсць свае хібы і сумненні, у душы яго ўвесь час ідзе супярэчлівая, пакутлівая барацьба. Вось да настаўніка паспрабавала заляцацца незнаёмая кабета, ён груба, абразліва адштурхнуў яе, а сам раскайваецца: ці правільна зрабіў? Дый са знаёмымі дзяўчатамі герой любіць гуляць «у жмуркі»: выдае сябе асобай загадкавай, ад прамых адказаў на пытанні ўхіляецца. А справа простая: Лабановіч хацеў бы бліжэй пазнаёміцца і з паннай Марынай, і з паннай Людмілай, ды толькі перашкаджае прыроджаная сарамяжлівасць, далікатнасць. І яшчэ гордасць. Больш за ўсё баіцца Лабановіч быць асмеяным, зняважаным.

Другая частка трылогіі пераносіць нас у атмасферу непасрэднай грамадскай дзейнасці героя. Лабановіч перавёўся ў школу, размешчаную паблізу ад правінцыяльнага Пінска. Першая руская рэвалюцыя, якая страсянула самыя асновы царскага самадзяржаўя, адгукнулася і ў такім мядзведжым кутку, якім было дарэвалюцыйнае Палессе. Рэвалюцыі папярэднічала руска-японская вайна, і менавіта яна была тым канчатковым пераломным момантам у свядомасці настаўніка, які прымусіў перагледзець ранейшыя грамадскія пазіцыі і па-новаму зірнуць на свет. На першым часе Лабановіч глядзеў на далёкаўсходнія падзеі як «ісцінна рускі» патрыёт, ні хвіліны не сумняваючыся ў тым, «што Японія ў гэтай вайне будзе пабіта...».

Гэта можа здацца крыху дзіўным, бо яшчэ да пачатку руска-японскай вайны і рэвалюцыі трапіла на школьны ганак да Лабановіча брашурка, якая перавярнула ўверх дном яго ранейшыя грамадска-палітычныя погляды: «Усе тыя ўяўленні аб цару, як аб памазанніку божым, як аб персоне справядлівай, бесстаронняй, для якой інтарэсы самага апошняга бедака і інтарэсы вяльможы — зусім аднакія,— словам, увесь той златабляск, якім агортвалася асоба цара, і тое ўвасабленне ўсяго найлепшага, што толькі можа быць у чалавеку,— усё гэта развейвалася тут самым бязлітасным чынам, развейвалася ў прах». (9, 296)

Рэвалюцыйная праўда, якая так нечакана раскрылася перад настаўнікам, мела на яго вельмі моцнае ўздзеянне: «Першае, што адчуў Лабановіч, прачытаўшы кніжачку, быў страх, як бы пад нагамі захістаўся грунт і перад ім расчынялася нейкае бяздонне. Гэтая бяздонніца і палохала і цягнула да сябе з такою сілаю, што ад яе нельга было адысціся». (9, 297)

Але здарыцца яшчэ многае, перад вачамі Лабановіча пройдзе цэлы шэраг падзей, пакуль словы, напісаныя ў рэвалюцыйнай брашуры, стануць яго ўнутраным асабістым перакананнем. Будуць доўгія гутаркі з вясковым праўдашукальнікам Аксёнам Калем, якога настаўнік вучыць грамаце, сустрэчы з рэвалюцыйна настроенай настаўніцай-суседкай Вольгай Андросавай і з іншымі людзьмі, удзел у патайных сходках рэвалюцыйнай арганізацыі ў Пінску; паражэннем скончыцца руска-японская вайна, пачнецца рэвалюцыя — і ўсе гэтыя малыя і вялікія падзеі жыцця будуць вучыць Лабановіча і, зрэшты, прывядуць яго ў лагер тых, хто «заступаецца за народ».

Ад часу, калі ў рукі Лабановіча трапіла «крамольная» брашурка, думка настаўніка працуе, так сказаць, у «рэвалюцыйным» напрамку. Ён вучыць дзяцей, «праводзіць у жыццё казённыя ідэі». Але цяпер ён сам траціць веру ў парадак, які мусіць ухваляць на школьных уроках. Лабановіч судзіць самога сябе нават залішне жорстка. «З другога ж боку, выконваючы сваю ролю, ён свядома пераходзіць у рады ворагаў народа. Ён станецца лгаром і проста нячэсным чалавекам, калі будзе ўбіваць праз школу ў дзіцячыя галовы гэтыя казённыя ідэі». (9, 318)

Лабановіч — надзвычай цэласная натура. Думаць адно, а гаварыць вучням другое ён не можа. Ніякага ханжаства, крывадушша не дапусціць. Але тады дзе выйсце? Яно ў тым, каб далучыцца да справы, якая ўсё болей яго захоплівае, падпарадкоўвае сабе ўсе астатнія жаданні. Лабановіч становіцца зацятым ворагам самадзяржаўя, збіраецца весці ў гэтым напрамку работу. Першая яго спроба — Аксён Каль, вясковы праўдашукальнік, які ненавідзіць альбрэхтаўскага памешчыка Скірмунта і верыць у цара.

Чалавеку, які стаў на дарогу рэвалюцыйнага змагання, трэба рашыць яшчэ адно пытанне, і рашыць у першую чаргу для самога сябе. Наперадзе магчымы арышт, зняволенне, суд. Высокія чалавечыя і грамадзянскія якасці герой праяўляе і тут: «Але патрошку ён прывык да мыслі, што можа папасціся, што яго заарыштуюць, і перастаў гэтага баяцца. Наадварот, яму часамі арышт здаваўся прынадным, не пазбаўленым своеасаблівай прыемнасці. Чаму ж і не пацярпець за праўду? Чаму не паспрабаваць лёсу «крамольніка»? Чаму не зазнаць астрожнага жыцця? Астрог таксама ёсць школа, дзе жыццё пазнаецца больш глыбока і востра. Апроч усяго гэтага тут ёсць і пэўная рызыка, ёсць асалода змагання». (9, 361)

Лабановіч пачынае сеяць сярод сялянскай масы зерні так цяжка ім здабытай рэвалюцыйнай праўды. Цяпер ён добра бачыць ісціну, якой раней не ведаў: народ не сам вінаваты ў сваёй цемнаце, забітасці, адсталасці. Такім яго зрабіў несправядлівы царска-памешчыцкі рэжым, пры якім народу нічога не дае ні памешчык, ні цар, ні пан, а ўсе разам яны неміласэрна рабуюць яго матэрыяльна і духоўна. Цяпер ужо словы настаўніка не сустракаюць абыякавасці з боку сялян. Са слоў Лабановіча яны робяць практычныя вывады.

Падрыхтаваныя настаўнікам жыхары вёскі Выганы выступяць супраць памешчыка Скірмунта, які незаконна карыстаецца затокамі на рацэ Піне, сенажацямі і сервітутнымі ўчасткамі. Сяляне дружна ставяць свае подпісы пад петыцыяй, складзенай Лабановічам і накіраванай пану Скірмунту:

«Несправядлівасць, што чынілі вякамі сялянству паны і чыноўнікі, той цяжкі стан, у якім апынулася яно ў выніку гэтай несправядлівасці, змусіла сялян саміх узяцца за справу скасавання гэтай несправядлівасці. Усюды па Расіі ўзняўся рух сялян на грунце зямельных адносін з памешчыкамі. Гэты рух, як вам напэўна вядома, часта прымае грозную, для вас непажаданую форму, бо даведзенае да крайнасці сялянства змушана ўжываць такія формы». (9, 379)

Вось якой мовай пачынаюць размаўляць мужыкі-палешукі з памешчыкамі і з царскай адміністрацыяй.

Тое, што Лабановіч быў аўтарам петыцыі да пана Скірмунта, у нейкай меры выбавіла яго ад паліцэйска-судовай кары. Казённы ляснічы з Выганаў Іван Пракопавіч Бяляўскі, чалавек чарнасоценных, манархічных поглядаў, які крытыкаваў царскую адміністрацыю «справа» за мяккацеласць і нерашучасць, перад пінскім маршалкам і паліцмайстрам прадставіў справу так, што сваім умяшаннем Лабановіч захаваў ад разгрому маёнтак Скірмунта.

Апошняя частка трылогіі, напісаная праз чвэрць веку пасля першых дзвюх, паказвае Лабановіча на новых рэвалюцыйных дарогах жыцця.

Папярэджанне, зробленае настаўніку ўладамі, а менавіта перавод у новую школу, не запалохала і не прымірыла яго з існуючым парадкам. Асяроддзе, у якое трапляе Лабановіч, такое ж, бадай, як і ў Выганах: недалёка ад школы жыве ліберальны поп айцец Уладзімір, блізкім суседам з’яўляецца пісар Васількевіч, як дзве кроплі вады падобны да выганаўскага пісара Дулебы. Чымсьці блізкі да Саханюка з Хатовіцкай школы настаўнік Анцыпік. Тыя ж карты, п’янкі, плёткі...

За Лабановічам цяпер наглядаюць. Пісар каму трэба і не трэба нашэптвае, што ў вачах у настаўніка «рэвалюцыя гарыць». Але апускаць рук Лабановіч не збіраецца. З глыбокай асабістай зацікаўленасцю прыглядаецца ён да падзей грамадскага жыцця: да адкрыцця першай Дзяржаўнай думы, палітычнай барацьбы розных партый.

Перакананы дэмакрат, вораг царскага самадзяржаўя, Лабановіч проста не можа сядзець склаўшы рукі. І вось ужо землякі-настаўнікі збіраюцца на нелегальны настаўніцкі з’езд, які адбываецца ў Мікуцічах, і Лабановіч прымае ў ім самы актыўны ўдзел.

З’езд раскрыла паліцыя. Вынікі не прымусілі доўга чакаць. Настаўнікаў пазвальнялі з пасад, на іх заведзена крымінальная справа.

Для Лабановіча пачынаецца паласа цяжкіх жыццёвых выпрабаванняў.

Пазбаўлены заработку, акружаны атмасферай зласлівага мяшчанскага «спачування», былы настаўнік не толькі не страціць веры ў справядлівасць рэвалюцыйных ідэалаў, але не дасць разгубіцца і бліжэйшым сябрам сваім, такім, як Янка Тукала. У дні і месяцы цяжкіх нягод пакажа Лабановіч стойкасць духу, цвёрдасць характару, нязломную волю. Выявяцца новыя грані і якасці гэтай па-народнаму шырокай і багатай натуры. Мы ведалі Лабановіча чалавекам разумным, дасціпным, але гэта яшчэ не ўвесь яго душэўны патэнцыял. Калі трэба, то ён можа быць і кемлівым, і вынаходлівым, можа іграць розныя жыццёвыя ролі.

Заключны этап «ростаняў» Лабановіча — Мінская турма, «крэпасць», у якой сядзець яму тры гады. Але чаму не толькі блуканні і пошукі героя, яго сумненні, расчараванні, але і свядомая барацьба супраць царска-памешчыцкага рэжыму як бы зведзены пісьменнікам да агульнай назвы — «ростані»?

Няцяжка ўбачыць, што ў другой і асабліва ў трэцяй кнізе прыкметна вырастае грамадска-палітычная тэма твора. Пісьменнік малюе шырокую панараму грамадска-палітычнай барацьбы, якая ішла ў Расіі ў 1905—1908 гадах, малюе ўзлёты і спады рэвалюцыйнай хвалі, гаворыць аб палітычных маніфестах, дэкларацыях розных партый. У гэтым моры палітычных спрэчак, кірункаў Лабановіч арыентуецца даволі слаба, і калі ён не збіўся з правільнага тропу, то толькі дзякуючы свайму «мужыцкаму» паходжанню і сумленнай, здольнай адгуквацца на народнае гора натуры.

Лабановіч — беспартыйны дэмакрат. «Ростані» — пошукі той грамадскай сілы, партыі, якая найлепш, найпаўней увасабляе ў сваёй дзейнасці інтарэсы працоўнага народа,— не скончыліся для яго і ў турме. Пераломны момант у гэтым сэнсе — сустрэча, доўгія гутаркі з бальшавіком Галубовічам, яго запавет уступіць «у цесную сувязь з марксістамі, бальшавікамі».

Так канчаюцца для Лабановіча пакутлівыя шляхі, якімі ішлі інтэлігенты з народа, каб авалодаць праўдай веку. Канчаюцца «ростані» і адкрываюцца «прасторы жыцця».

Коласава трылогія сваёй праблематыкай змыкаецца з шэрагам выдатных твораў рускай савецкай літаратуры, прысвечанай паказу цяжкіх шляхоў інтэлігенцыі ў рэвалюцыю. У ліку такіх твораў «Хаджэнне па пакутах» А. Талстога, «Севастопаль» А. Малышкіна, «Скутарэўскі» Л. Лявонава, «Гарады і гады*» і «Браты» К. Федзіна і інш. Вядома, названыя кнігі напісаны на непадобным жыццёвым матэрыяле, але ў кожнай з іх ёсць фігура інтэлігента-дэмакрата, перад якім паўстае дылема аб неабходнасці выбару. Не толькі такія інтэлігенты-разначынцы, інтэлігенты-дэмакраты, як Лабановіч, а і людзі, далёкія ад рэвалюцыйных ідэалаў, мусілі рабіць выбар, станавіцца або на бок рэвалюцыі, або «па той бок барыкад».

У трылогіі «На ростанях», апрача асноўнага грамадска-сацыяльнага канфлікту, які вызначае сутыкненне Лабановіча з царска-памешчыцкім ладам, ёсць яшчэ адзін, на першы погляд «лакальны», але не меней значны. Лабановіч і яго аднадумцы, такія, як Садовіч, Янка Тукала, пададзены побач з другімі людзьмі больш-менш інтэлігентных прафесій. Гэта пісары, іх памочнікі, папы, фельчары, ляснічыя і іншы чыноўны «служылы» люд валаснога маштабу.

Разам з настаўнікамі — накшталт Саханюка, Анцыпіка, Тараса Іванавіча Шырокага, Базыля Трайчанскага — яны складаюць даволі ўстойлівае норавамі, звычаямі, псіхалогіяй абывацельскае кола з яго надзвычай абмежаванымі грамадскімі імкненнямі. П’янкі, карты, любоўныя інтрыжкі — за такім заняткам мы бачылі і хатовіцкую, і панямонскую, і выганаўскую «інтэлігенцыю». Сярод гэтых людзей трапляюцца і па-свойму яркія фігуры, такія, напрыклад, як казённы ляснічы Іван Пракопавіч Бяляўскі з яго выразна чарнасоценнымі перакананнямі, дзівакаваты «рэдактар» Бухберг з Панямоні, што выпускае рукапісную газету. Але агульную карціну «валаснога» жыцця гэтыя людзі змяніць не могуць.

Лабановіч і яго аднадумцы — прамая процілегласць такой «інтэлігенцыі». І калі, скажам, Лабановіч падтрымлівае знешне прыязныя адносіны з пісарамі і настаўнікамі-абывацелямі, то ўнутрана ён не прымае іх лінію жыцця, бачыць у такім жыцці сваю «грамадзянскую смерць». Гэта другі — і вельмі значны — канфлікт, якім абумоўлена логіка развіцця характару Лабановіча, яго духоўная эвалюцыя.

Лабановіч паўстае перад намі сапраўдным інтэлігентам-дэмакратам. Па сваіх ведах, разумоваму развіццю ён узвышаецца над акаляючым асяроддзем. Сваю інтэлектуальную перавагу герой не выкарыстоўвае для таго, каб адгарадзіцца ад простых людзей. Наадварот, усімі сваімі думкамі, імкненнямі Лабановіч звязаны з жыццём народа. Гэта сувязь дае Лабановічу цвёрды грунт, аптымізм, з якім ён падыходзіць да кожнай праявы як у грамадскім жыцці, так і ў прыродзе.

У трылогіі «На ростанях» пісьменнік недвухсэнсоўна выказвае свае адносіны да рэлігіі. Вобразамі служак рэлігійнага культу — айцоў Кірыла, Мікалая, Уладзіміра — пісьменнік вельмі выразна паказвае, што яны больш дбаюць аб сваіх зямных інтарэсах, чым аб выратаванні душы. Будучы строгім рэалістам, пісьменнік не адмаўляе станоўчых рыс, уласцівых і некаторым служкам царквы. Так, у асобе айца Кірыла, хатовіцкага папа, нягледзячы на яго знешнія пагардлівыя адносіны да сялян, адчуваецца ўсё ж гуманны чалавек. Айцец Уладзімір наогул бязбожнік. Але справа не ў асобных прадстаўніках культу, сярод іх могуць трапляцца і зусім нядрэнныя людзі,— хоча сказаць пісьменнік. Справа ў тым рэлігійным дурмане, якім ап'яняюць, засланяюць простаму чалавеку вочы царква і яе служкі.

Пісьменнік паказвае, што народ, і ў прыватнасці палешукі, усім сваім жыццём адмаўлялі пасіўна-сузіральную сутнасць рэлігіі. Жыхары Люсіна, напрыклад, ідуць у сваю капліцу на споведзь зусім не па закліку душы, пачуцця, а таму, што так было раней, па прывычцы, па традыцыі.

Трылогія «На ростанях» — твор з незвычайна вялікім ахопам жыццёвых з'яў. Перад намі вобразы з розных сацыяльных пластоў дарэвалюцыйнай Беларусі: сялян, настаўнікаў, чыноўнікаў, служачых культу, інтэлігентаў, дзеячаў палітычных партый. Трылогія сапраўды з'яўляецца «люстрам, пранесеным па вялікіх дарогах жыцця». Яна дае нам вобразнае ўяўленне аб глыбінных працэсах жыцця на Беларусі ў часы нарастання і спаду першай рускай рэвалюцыі. Пісьменнік малюе дарэвалюцыйны Мінск, Вільню, вядзе нас у асяроддзе чыноўнікаў, шчырых абаронцаў царскага рэжыму, знаёміць з рэвалюцыйнымі і прагрэсіўнымі дзеячамі. Ні адно больш-менш значнае і вострае пытанне тагачаснага жыцця не абыдзена ў трылогіі.

Якуб Колас рэзка, з’едліва асуджае сацыяльную шкоднасць абывацельшчыны, мяшчанства.

Супрацьпастаўляючы Лабановіча свету абывацеляў, пісьменнік паказвае маральную перавагу інтэлігента, цесна звязанага сваёй дзейнасцю з народам. Лабановіч — не «лішні» чалавек, расчараваны ў жыцці і ў людзях, не той герой, якога паказалі пісьменнікі-народнікі Засадзімскі і Златаўрацкі.

Дарэвалюцыйная вёска вылучыла са свайго асяроддзя новага героя — інтэлігента, які актыўна змагаецца за народную справу і які знаходзіць поўную падтрымку і разуменне народа. Лабановіч не адзінокі ў сваіх думках і барацьбе. Апрача Лабановіча, у трылогіі выступаюць настаўнікі Садовіч, Тукала, Райскі і інш. Кожны з іх змагаўся за тое, каб яго не зацягнула балота абывацельшчыны, дзе была б яго «грамадзянская смерць». Усе яны актыўныя, дзейсныя, сэнс іх жыцця ў барацьбе, пошуках.

Але дзейнасць, якая не асветлена вялікай мэтаю,— хоча сказаць пісьменнік,— перараджаецца ў вузкі практыцызм. Такім вельмі рухавым, неспакойным, але па сутнасці недалёкім, абмежаваным чалавекам паўстае Тарас Іванавіч Шырокі.

Лабановіч выйшаў пераможцам з многіх жыццёвых перашкод, вытрымаў сур’ёзную ўнутраную барацьбу дзякуючы сваёй незгасальнай веры ў лепшую будучыню народа, у тое, што ён пазбавіцца сацыяльных ланцугоў і выйдзе на шырокі прастор стварэння новых форм жыцця.

Завяршаючы размову аб трылогіі, звернем увагу на адну асаблівасць таленту Я. Коласа. У творы перад намі — дзесяткі вобразаў. Адны з іх намаляваны выпукла і ярка, другія — менш паўнакроўныя, трэція — проста эпізадычныя. Да такіх герояў, як Саханюк, Дубейка, Сухавараў, «Кашчэй», дзеячаў «зялёнага поля», і многіх іншых аўтар ставіцца адмоўна. Але ў кожным з герояў пісьменнік умее падмеціць нешта добрае, чалавечае і паказаць гэта. Няхай гэта добрае ляжыць пад напластаваннямі рознага друзу і бруду, але пісьменнік усё адно яго заўважыць. Вельмі чалавечны талент у Якуба Коласа!

Трылогія «На ростанях» — самы вялікі празаічны твор Якуба Коласа. У ім пісьменнік выявіў сябе буйным майстрам мастацкай прозы.

Перагарнуўшы апошнюю старонку кнігі, мы адчуваем сябе намнога ўзбагачанымі і нібы пасталеўшымі. Перад нашым мысленным позіркам прайшло цікавае жыццё, поўнае напружання, драматызму, барацьбы. І калі мы паспрабуем прааналізаваць свае пачуцці, выкліканыя кнігай, то першым будзе радасць. Радасць ад таго, што ёсць на свеце такія людзі, як Лабановіч, людзі з багатай і чулай душой. Святлом сваіх імкненняў герой сагравае ўсё, што трапляецца на яго шляху.

Разам з героем мы павандравалі па вялікіх дарогах жыцця. Мы пабывалі ў палескіх вёсках, у беларускіх мястэчках, у дарэвалюцыйным Мінску і Вільні. Пазнаёміліся мы з многімі людзьмі і шмат каго з іх запомнілі назаўсёды. Цяпер мы нават зрокава можам уявіць сабе карціны вясковых сходак, размоў аб зямлі і волі.

Мы надыхаліся водарам палёў і сенажацей, наслухаліся песняў лесу, налюбаваліся прыходам вясны і восені, усходам і захадам сонца. Уяўленне наша пра Беларусь, пра ціхую паэзію яе прыроды вельмі расшырылася пасля таго, як мы прачыталі трылогію «На ростанях».

«Палескія аповесці», якія затым перараслі ў трылогію, былі задуманы як жыццяпіс аднаго героя — Лабановіча. Самі па сабе, без сустрэч з Лабановічам героі трылогіі не жывуць. Яны паяўляюцца перад намі, калі сутыкаюцца на адной сцежцы з галоўным героем, і знікаюць, калі ён ідзе далей. Праўда, сябры Лабановіча — Садовіч, Тукала — не рвуць з ім сувязі доўгі час, і пра іх мы ведаем больш.

Пазнейшыя кнігі Я. Коласа — «Дрыгва», «Рыбакова хата» — пабудаваны па другому кампазіцыйнаму прынцыпу. Там сюжэт рухае ўжо не адзін герой, там паралельна прасочваюцца — ад пачатку да канца — лёсы многіх людзей.

Аднак трылогія здзіўляе нас нейкім унутраным адзінствам. Адбываецца гэта, можа, па той прычыне, што пісьменнік вельмі клапатліва і ўважліва адбіраў матэрыял для твора, не паўтараючы карцін і малюнкаў, аддаючы на суд чытача толькі тое, што запала яму ў душу і ацэнена яго сэрцам. Выключна цэласны вобраз Лабановіча. Логіка яго развіцця ні адным сваім малюнкам не парушае жыццёвай праўды, стварае тую атмасферу шчырасці і даверу да кнігі, якая з’яўляецца найпершай умовай мастацкасці.

Трылогія «На ростанях» захоплівае нас сваёй драматычнасцю. Складаны і супярэчлівы вобраз Андрэя Лабановіча. Эвалюцыя духоўнага, унутранага развіцця, самаўдасканалення героя — не прамы і не лёгкі шлях. На працягу некалькіх год у душы Лабановіча пануе пякельны разлад. З аднаго боку, герой хацеў бы бачыць жыццё пабудаваным згодна з тымі ідэаламі, якія выпеставаў у сваёй душы. З другога боку, навакольная рэчаіснасць ніяк не ўкладваецца ў рамкі гэтых ідэалаў, і ўсе яго спробы перайначыць узаемаадносіны людзей канчаюцца поўным паражэннем. Што ж застаецца рабіць герою? Адмежавацца ад навакольнага жыцця, замкнуцца толькі ва ўласным свеце?

Верны праўдзе жыцця, Я. Колас вывеў свайго героя на сапраўдны прастор. Лабановіч пераадольвае супярэчнасці паміж сваімі першапачатковымі поглядамі на жыццё і сапраўдным жыццём. Сын працоўнага народа, ён знаходзіць сваю жыццёвую дарогу ў рэвалюцыйнай барацьбе за вызваленне народа. Гэта ўнутраная, псіхалагічная лінія. Пісьменнік увесь час сочыць за духоўным ростам Лабановіча.

З другога боку, пісьменнік сутыкае свайго героя з рознымі прадстаўнікамі мясцовай інтэлігенцыі, улады, з сялянамі. Гэтыя сутычкі вельмі часта носяць драматычны характар. Вось Лабановіч сустрэўся з настаўнікам Анцыпікам. «Сябрамі мы ніколі не будзем»,— у думках зазначае герой. Такі вывад невыпадковы. Лабановіч і Анцыпік — людзі з рознымі поглядамі на жыццё. Анцыпік не ідзе далей інтарэсаў уласнай асобы, адпаведна свайму ідэалу ён разглядвае, ацэньвае акружаючых яго людзей і жыццё. Для Лабановіча ж жыццё без грамадскай работы і барацьбы пазбаўлена ўсякага сэнсу.

Галоўная думка, якая пранізвае трылогію Якуба Коласа, надаючы ёй ідэйны сэнс, стройнасць, суладнасць сюжэту, абумоўліваючы адбор жыццёвага матэрыялу,— гэта думка аб рэвалюцыі, аб яе немінучасці. З першых крокаў грамадскай дзейнасці Лабановіч адчувае, што жыць так далей нельга, як жыве працоўны народ, у прыватнасці сялянства,— забітае, зняважанае, прыгнечанае. Як змяніць жыццё, яго напрамак, характар, герой на першым часе не ведае. Але, далучыўшыся да рэвалюцыйнай ідэі, ён болей не саступіць з дарогі барацьбы. Лабановіч стане непахісным, цвёрдым, як маналіт, у сваім унутраным перакананні: царскае самадзяржаўе павінна быць знішчана.

Сур’ёзнае папярэджанне ад царскіх улад Лабановіч атрымлівае яшчэ ў Выганах, калі піша ад імя сялян петыцыю памешчыку Скірмунту. Настаўніка за рэвалюцыйную дзейнасць пераводзяць на новае месца работы — у Верхмань, бліжэй да губернскага Мінска. Але і на новым месцы малады арол не складае крылаў: жыве думкай аб рэвалюцыі, змагаецца ў імя яе перамогі.

Гэта, бадай, вядучая ідэя трылогіі: чалавека, які прысвяціў сваё жыццё рэвалюцыі, не запалохаюць ніякія папярэджанні, пагрозы, пакаранні. Рэвалюцыя як бы сама праводзіць суровы адбор чалавечага матэрыялу, залічваючы ў свае шэрагі толькі самых стойкіх, загартаваных, моцных духам. Далёка не ўсе настаўнікі, вобразы якіх намаляваны ў трылогіі, аказаліся на ўзроўні патрабаванняў рэвалюцыйнай барацьбы. Многія настаўнікі, нават такія, як Янка Тукала, што плячо ў плячо доўгі час ішлі з Лабановічам, пасля перанесеных нягод у сувязі са звальненнем з пасад удзельнікаў тайнага настаўніцкага з’езда, адыходзяць ад рэвалюцыйнай барацьбы.

«На ростанях» Якуба Коласа — выдатны твор, які малюе Беларусь, розныя слаі яе насельніцтва, прадстаўнікоў дзеючых тут палітычных партый ва ўмовах першай рускай рэвалюцыі. У гэтым сэнсе Коласаву трылогію можна параўнаць з эпапеяй Максіма Горкага «Жыццё Кліма Самгіна».

Разам з тым «На ростанях» — першы буйны празаічны твор беларускай літаратуры, дзе ва ўсім сваім багацці і бляску заззяла беларуская мова. Беларуская літаратура аж да самага Кастрычніка развівалася галоўным чынам у рэчышчы паэзіі і драматычных жанраў. Проза была прадстаўлена толькі апавяданнем. Зусім зразумела, што стыль лірычнага, гумарыстычнага апавядання або імпрэсіі моцна адрозніваецца, скажам, ад стылю аповесці, рамана. Тут заўсёды шырэйшая моўна-стылявая плынь, якая ўбірае ў сябе «высокую» і «нізкую» лексіку, складаныя сінтаксічныя канструкцыі, элементы стылю газетнага, навуковага, тэхнічнага і г. д.

Беларуская ж мова была пераважна мовай вёскі, хоць і пэўным чынам літаратурна апрацаванай. Стыляў публіцыстычнага, навуковага наогул не існавала, адсутнічалі многія беларускія словы для выражэння абстрактных паняццяў. Аповесць, раман, як шырокія эпічныя палотны, дзе, акрамя сялян, павінны былі дзейнічаць прадстаўнікі другіх сацыяльных груп і класаў, патрабавалі моўнай характарыстыкі кожнага героя, а па гэтай прычыне дакладна распрацаванага стылю прозы.

Усяго гэтага яшчэ не было, калі Колас прыступіў да працы над «Палескімі аповесцямі», дзе гавораць і дзейнічаюць не толькі сяляне, а ў першую чаргу інтэлігенты, чыноўнікі, служкі культу. Можна ўявіць, якую вялікую работу прыйшлося выканаць пісьменніку. Ён першы «ўздымаў дзірваны, карчаваў пні, зносіў з будучай нівы каменне» пад засеў беларускай прозы. Тым, хто прыйшоў у прозу пасля Коласа, было ўжо лягчэй, яны мелі ўзор, прыклад.

З незлічонага моўнага багацця, створанага народам, пісьменнік адбіраў самыя яркія, важкія, дакладныя словы, зразумелыя не толькі ў Стоўбцах або Слуцку. І ў прозе Колас працаваў як паэт, ён імкнуўся знайсці слова выразнае, ёмістае, адным штрыхом, дэталлю замяніць расцягнутае апісанне.

«Сокі цаліны» Цішкі Гартнага пачалі пісацца раней за «Палескія аповесці». Моўная фактура гэтага твора наглядна паказвае стан распрацаванасці стылю прозы ў той час. У рамане безліч дыялектызмаў, вульгарызмаў і проста малазразумелых слоў, выразаў. Вядома, нельга вінаваціць за ўсё гэта Гартнага. Ён таксама быў пачынальнікам беларускай прозы, гатовых узораў перад сабой не меў.

Значэнне «Палескіх аповесцей» для маладой беларускай прозы цяжка пераацаніць. Якуб Колас вучыў бачыць жыццё ў шматгранных сувязях, у яго паверхневым і падводным цячэннях, у яго суме і радасці адначасова, дэманстраваў выдатнае валоданне псіхалагічным аналізам.

 

* * *

Савецкая паслякастрычніцкая ява захапіла Якуба Коласа размахам тварэння, будаўніцтва. На яго вачах адбываюцца велізарныя змены. Пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі беларускі народ за вельмі кароткі час дасягнуў выдатных вынікаў ва ўсіх галінах гаспадаркі і культуры.

Якуб Колас прымаў самы непасрэдны ўдзел у будаўніцтве новага, сацыялістычнага жыцця, новай культуры. Ён быў адным з першых дацэнтаў Беларускага дзяржаўнага універсітэта, выкладчыкам Белпедтэхкікума. Затым звязаў свой лёс з Акадэміяй навук БССР, працуючы да канца жыцця яе віцэ-прэзідэнтам.

Аповесць Я. Коласа «На прасторах жыцця» (1926) — першы буйны твор пісьменніка на матэрыяле савецкай рэчаіснасці. Аповесці папярэднічаў цэлы шэраг іншых, як вершаваных, так і празаічных твораў, прадметам адлюстравання якіх з’яўляліся грамадзянская вайна, гады аднаўленчага перыяду і нэпа: «Сяргей Карага» (1923), «Хаім Рыбс» (1921), «Курская анамалія» (1924), «З боку ад жыцця» (1926), «Калектыў пана Тарбецкага» (1926), «Хатка над балотцам» (1926). Героямі большасці названых твораў з'яўляліся людзі, якія не зразумелі яшчэ пафасу новага, савецкага жыцця і жылі старымі, прынесенымі з дакастрычніцкага буржуазнага свету, уяўленнямі. Такія творы займалі значнае месца ў творчасці пісьменніка, і больш мэтазгодна сказаць пра іх асобна.

У адрозненне ад гэтых твораў аповесць «На прасторах жыцця» вылучаецца сваім пазітыўным пафасам, сцвярджэннем тых форм і вынікаў жыцця, якія прынесла Савецкая ўлада.

Да часу яе напісання сацыялістычнае будаўніцтва ў краіне дало ўжо рэальныя, адчувальныя вынікі.

Праніклівым позіркам пісьменнік імкнецца ацаніць усе праявы жыцця, убачыць тое новае, што нараджаецца ў ім, што расце, развіваецца. Як і раней, у цэнтры ўвагі пісьменніка просты чалавек. Якія новыя рысы ў яго характары народжаны савецкім жыццём, чым узбагаціўся яго ўнутраны, духоўны свет, як ён адносіцца да другіх людзей, да грамадства, да прыроды? — вось далёка не поўнае кола пытанняў, мастацкаму вырашэнню якіх прысвечана аповесць «На прасторах жыцця».

Тэма аповесці — станаўленне, фарміраванне характару новага савецкага чалавека ў працы, у барацьбе за новы лад жыцця. У гэтым сэнсе «На прасторах жыцця» — своеасаблівы працяг «Палескіх аповесцей». Там мы бачылі карціну нараджэння новай народнай інтэлігенцыі. Герой трылогіі Лабановіч, чалавек дапытлівага розуму, шукае адказу на пытанне: што з’яўляецца асноўнай вартасцю жыцця? Ён знаходзіць адказ на гэта пытанне ў плённай грамадскай дзейнасці, у рэвалюцыйнай барацьбе.

Сцяпан Барута, герой аповесці «На прасторах жыцця», таксама шукае шляхоў для вызначэння свайго месца ў жыцці і знаходзіць гэты шлях «у шырокіх размахах грамадскай работы».

Імкненні абодвух герояў аднолькавыя, сацыяльныя абставіны розныя. Таму і розныя вынікі дзейнасці Лабановіча і Сцяпана Баруты. Лабановіч некалі марыў наладзіць грэблю, асушыць балота. Яго намеры не здзейсніліся, бо сяляне, да якіх звяртаўся настаўнік, не адчувалі сябе сапраўднымі гаспадарамі жыцця.

Дзейнасць Сцяпана Баруты разгортваецца ва ўмовах, калі памешчыцкае засілле знішчана, калі ўлада ў краіне належыць народу. Але хоць стары свет адышоў назаўсёды, старыя ўяўленні і норавы яшчэ даволі моцныя, яны не хочуць саступаць дарогі новаму, ім трэба даць бой. Бой гэты — не кавалерыйская атака, а марудна-зацятая, напружаная, доўгая барацьба, праца па ўкараненню новых форм жыцця і ў першую чаргу рэальных вынікаў гэтага жыцця.

«Пасля звяржэння цароў, памешчыкаў і капіталістаў,— пісаў Ленін,— упершыню толькі ачышчаецца поле для сапраўднай будоўлі сацыялізма, для выпрацоўкі новай грамадскай сувязі, новай дысцыпліны агульнай працы... Гэта справа пераробкі саміх нораваў, надоўга спаганеных, сапсаваных праклятай прыватнай уласнасцю на сродкі вытворчасці, а разам з ёй усёй той атмасферай грызні, недавер’я, варожасці, раздробненасці, узаемных падкопаў, якая немінуча параджаецца — і заўсёды адраджаецца зноў — дробнай адасобленай гаспадаркай...»4

Вызначальнай тэмай аповесці Я. Коласа і з’яўляецца агульная, калектыўная праца, якая заклікана перарабіць самую прыроду чалавека, прыроду нораваў, «спаганеных, сапсаваных праклятай прыватнай уласнасцю», характар узаемаадносін людзей у працы, у супольным жыцці, у каханні і г. д.

Цікава, што за напісанне твора, героем якога з’яўляецца савецкая моладзь, узяўся не хто іншы, а Якуб Колас, і пасля таго, як некаторыя крытыкі-верхагляды абвясцілі яго творчасць устарэлай, непатрэбнай, якія пісалі аб тым, што паэт можа спяваць толькі «старыя, недапетыя песні».

Аповесць «На прасторах жыцця» палемічная па сваёй ідэйнай накіраванасці. Сваім разуменнем працы, грамадскай дзейнасці як асноўнай вартасці жыцця Я. Колас палемізаваў з тымі прадстаўнікамі «Маладняка», якія па-ранейшаму шукалі вытокаў чалавечага шчасця ў нейкіх бясконцых «узрывах», у «агністых палётах» да невядомага і г. д.

Павярхоўны падыход да адлюстравання жыцця, зняважлівае стаўленне да літаратуры мінулага, нежаданне сур’ёзна працаваць над літаратурнымі творамі, што мела месца сярод некаторай часткі маладнякоўцаў,— усё гэта было з’едліва высмеяна пісьменнікам у апавяданнях-памфлетах «Трыумф» і «Драматург і лірычны паэт». Герой апошняга апавядання, напаўпісьменны вясковы хлопец Амелька Шчыт, збіраецца стаць пісьменнікам па той прычыне, што пісьменніцкая работа, на яго думку, прыносіць лёгкую славу, цёплае месца ў жыцці. Звычайная, будзённая праца не вабіць Амельку. Хоць ён пакуль і сядзіць на шыі бацькоў дармаедам, але з пагардай адносіцца да іх працы: «Капаюцца, як чэрві, у зямлі і ў брудзе і яго туды ж цягнуць. Не, брат, дудкі! Амелька ж не дурань, каб не ведаць, што дабро і што блага».

Яўна цэлячы ў залішняе захапленне некаторых маладнякоўцаў гучнымі, беззмястоўнымі вершамі, Колас малюе ў апавяданні і партрэт «паэта» — Арцёма Гучнага. Вось узор паэтычнай дзейнасці Арцёма Гучнага, у творах якога «нават звычайныя нуда і ліха выступалі весела, бадзёра, радасна»:

 

Я хачу смяяцца

У радасці кудлатай,

Каб чырвоным смехам

Ачырвоніць хаты.

Я хачу смяяцца

І без дай прычыны...

 

Пафас сцвярджэння калектыўнай працы, «шырокіх размахаў грамадскай работы» ляжыць у аснове аповесці Коласа «На прасторах жыцця». Гэты твор з’яўляецца самым істотным водгукам пісьменніка на праявы новай, савецкай рэчаіснасці. Той факт, што пісьменнік накіраваў сваю ўвагу на савецкую моладзь, як на сілу, закліканую перабудаваць стары свет, з’яўляецца ў многіх адносінах паказальным. Моладзь нясе ў сабе найменшы груз уяўленняў, звычак, схільнасцей старога, аджыўшага свету, моладзь — будучае краіны.

Асноўнай у аповесці з’яўляецца праблема выхавання новых адносін да працы, да жыцця, праблема выхавання характару, светапогляду маладога савецкага чалавека, будаўніка новага, камуністычнага грамадства. Пісьменнік вырашае яе ў поўнай адпаведнасці з тымі задачамі, якія ставіла перад моладдзю Камуністычная партыя.

«Мы павінны ўсякую працу,— пісаў У. І. Ленін,— якой бы яна ні была бруднай і цяжкай, пабудаваць так, каб кожны рабочы і селянін глядзеў на сябе так: я — частка вялікай арміі свабоднай працы, і здолею сам пабудаваць сваё жыццё без памешчыкаў і капіталістаў, здолею ўстанавіць камуністычны парадак»5.

Сцёпка Барута — сын працоўнай вёскі, і ён хоча будаваць новае жыццё. Пісьменнік малюе яго вобраз з асаблівай цеплынёй. Наогул вобразы герояў аповесці як бы ўзмацняюцца эмацыянальнымі адносінамі да іх самога пісьменніка. Мастацкі прыём, выкарыстаны Я. Коласам у аповесці «На прасторах жыцця», цікавы і своеасаблівы. Пісьменнік у адносінах да сваіх герояў нібы становіцца ў позу старэйшага таварыша, настаўніка, які сочыць за кожным іх крокам у жыцці, радуецца іх поспехам і нават крыху зайздросціць іх невычэрпнай энергіі, маладосці.

Пластычнасці апісання пісьменнік дасягае праз эмацыянальную ацэнку падзей і з’яў. Падобны прыём шырока выкарыстаны Я. Коласам і ў аповесці «Дрыгва», і ў іншых творах.

Вобразам Сцёпкі пісьменнік сцвярджае маладыя, здаровыя сілы, народжаныя Кастрычнікам і Савецкай уладай. Бадзёраму, моцнаму духам хлопцу не па душы тое жыццё, якое пануе ў яго вёсцы. На свеце адбылася рэвалюцыя, няма больш пана-прыгнятальніка, а жыццё цячэ нібы па старым рэчышчы. Праўда, зрухі ёсць, але яны пакуль яшчэ не закранулі самой асновы старога парадку — сяляне сядзяць кожны на сваёй палосцы зямлі, якая хоць і павялічылася ў параўнанні з ранейшай, але ўсё ж не можа даць поўнага дабрабыту. Ёсць і пачатковая школа, якую з поспехам скончыў Сцёпка Барута. Куды ісці далей? — такое пытанне з усёй вастрынёй паўстае перад ім.

У вёсцы ёсць камсамольская ячэйка, якую ўзначальвае Кандрат Гуга. Сцёпку Баруту няма іншай дарогі, як да камсамольцаў — вестуноў і будаўнікоў новага жыцця. Першым актам грамадскай дзейнасці вясковых камсамольцаў было зруйнаванне «святога калодзежа». Ініцыятарам гэтага ўчынку выступіў якраз Барута, за што родны бацька выганяе яго з дому. Ці не зрабіў юнак і яго сябры-камсамольцы якой-небудзь памылкі?

Так, памылка была зроблена, як пазней усведамляе сам герой. Пісьменнік сцвярджае, што нельга знішчыць старыя ўяўленні аб жыцці, не перабудаваўшы самога жыцця на новых пачатках. Дзякуючы поспехам савецкага будаўніцтва, вера сялян у бога значна пахіснулася, людзі сталі менш хадзіць у царкву.

Так было і ў Сцёпкавай вёсцы Заборцы. Прыхільнікамі царквы тут заставаліся пераважна людзі старэйшага ўзросту. Насільнае ж, тайнае зруйнаванне «святога калодзежа», па-першае, павялічыла сімпатыі да царкоўнікаў як да людзей пацярпеўшых, а па-другое, на месцы напаўгнілога крыжа быў пастаўлены крыж новы.

Ужо гаварылася, што аповесць прасякнута духам палемікі ў адносінах да выказванняў некаторых членаў «Маладняка». Я. Колас поўнасцю прымаў той баявы задор, з якім маладнякоўцы браліся за літаратурную работу. Але ён быў не згодны з імі тады, калі яны бяздоказна адмаўлялі здабыткі культуры былых пакаленняў, прапагандавалі паспешлівую рэвалюцыйную перабудову ва ўсіх галінах жыцця. Падобныя лявацкія заскокі наносілі шкоду справе сацыялістычнага будаўніцтва. Адзін з такіх, праўда невялікіх, нязначных «заскокаў» і апісаны ў сцэне зруйнавання «святога калодзежа».

«Нелады з богам» пайшлі Сцёпку на карысць. Ён ідзе вучыцца ў Мінск. Горад адкрывае маладому герою вочы на многія рэчы, аб якіх ён раней нават і не чуў.

Аповесць «На прасторах жыцця» выйшла ў свет, калі савецкія людзі ажыццяўлялі велічную праграму рэканструкцыі народнай гаспадаркі. У нашай краіне адсутнічалі такія галіны, як трактарабудаванне, аўтамабілебудаванне. Многія заводы і фабрыкі былі выведзены са строю імперыялістычнай і грамадзянскай вайной. Колькасць машын у сельскагаспадарчай вытворчасці была мізэрнай. Перыяд рэканструкцыі меў велізарнае значэнне не толькі для горада, але і для вёскі. Узмацнялася сувязь горада з вёскай, расла эканамічная і культурная дапамога горада вёсцы.

Я. Колас быў першым пісьменнікам у беларускай літаратуры, які па-мастацку праўдзіва паказаў нараджэнне новых адносін паміж горадам і вёскай. Тысячы і тысячы юнакоў і дзяўчат прыязджаюць у горад. І ён усім дае прытулак, корміць, апранае, вучыць... Сталіца Беларусі сустракае і Сцёпку Баруту як роднага сына. Горад дапамагае герою выпрацаваць характар, непамерна пашырае яго кругагляд, адным словам, робіць з яго паўнацэннага, карыснага для Радзімы чалавека. У горадзе Сцяпан Барута атрымаў першыя ўрокі калектывізму, пазнаў, што такое таварыская спайка, што такое плячо суседа ў працы і ў барацьбе. Пазней набытыя ў горадзе веды і навыкі герой павязе ў вёску, каб і там перабудоўваць жыццё на новы лад.

У вобразе Сцяпана Баруты Колас намаляваў новага савецкага чалавека, настойлівага і ўпартага ў дасягненні пастаўленай мэты. Сваім творам пісьменнік нібы папярэджваў моладзь, што, нягледзячы на наяўнасць Савецкай улады, нельга разлічваць на лёгкі поспех у жыцці, трэба ўсімі сіламі дамагацца яго.

Сцяпан Барута — чалавек з новым светапоглядам, са сваім уласным светам пачуццяў, думак, імкненняў. Ён паважае сябе, паважае навакольных людзей. Не церпіць маны і фальшу. Сцяпан Барута свядома рыхтуе сябе да карыснай грамадскай працы «агранома ці будаўніка». «Я цяпер ведаю ролю пралетарыяту ў рэвалюцыі і яе ролю ў тым, каб завесці новыя парадкі і новае жыццё. Для мяне цяпер усё больш і больш праясняецца погляд і на сябе самога як на адзінку грамадскага калектыву»,— піша Сцёпка ў лісце да каханай дзяўчыны Алены Гарнашкі.

Сёння гэтыя словы гучаць крыху напышліва, але не трэба забываць, што яны былі сказаны ў гады, авеяныя жывым, усеабдымным подыхам рэвалюцыі.

Асноўнай рысай характару Сцяпана Баруты з’яўляецца тое, што ён чалавек грамадскіх імкненняў, калектывіст.

«Я хачу вучыцца, каб з мяне карысць дзяржаве была»,— заяўляе ён пры паступленні на рабфак. Найбольшую ўвагу ён аддае набыццю тых ведаў, якія спатрэбяцца ў жыцці. І разам з тым Сцяпан — чалавек жыццярадасны, любіць сапраўдную паэзію, літаратуру.

Сцёпка рашыў «будаваць новы зруб пад новы калодзеж», ён асудзіў паспешлівасць, непатрэбнасць той «вайны» з богам, у якой удзельнічаў калісь сам разам з вясковымі камсамольцамі. Новае жыццё герой аповесці не ўяўляе без калектыўнай працы. Калектыўную працу ён мысліць не толькі на заводзе, фабрыцы, але і ў сельскай гаспадарцы, якая вялася дагэтуль сіламі сялян-аднаасобнікаў: «Па Сцёпкавай думцы, рост эканамічнай моцы краіны толькі тады пойдзе належным ходам, калі мерапрыемствы дзяржавы не толькі сустрэнуць поўнае падтрыманне самога сялянства, але калі само сялянства пойдзе на дапамогу дзяржаве. А для гэтага трэба выхаваць у ім грамадскую дысцыпліну, уласны пачын і прывычку вясці работу калектывам».

У родную вёску юнак ужо едзе пасланцом горада, каб распачаць там выхаванне «прывычкі вясці работу калектывам».

Сцяпану Баруту ўдалося тое, чаго не змог ажыццявіць у дарэвалюцыйныя гады Лабановіч. Ён падняў сялян на калектыўную працу, на асушку Гнілога балота. Гэта быў першы сур’ёзны ўрок сумеснай работы, які атрымала вёска.

Я. Колас першы ў беларускай літаратуры ўзяўся за ганаровую задачу раскрыць у мастацкіх вобразах значэнне працы свабоднага савецкага чалавека, паказаць, як творчая калектыўная праца і «арганізаваны» ёю чалавек пераўтвараюць воблік краіны і разам з тым сваю ўласную «прыроду». Пісьменнік не шукаў нейкіх «новых» людзей, ён паказаў людзей звычайных, якія пад уздзеяннем сацыялістычнай працы вытраўлялі са сваёй душы перажыткі старога.

Я. Колас у ліку іншых савецкіх пісьменнікаў паказваў нараджэнне новых людзей. Жывая савецкая рэчаіснасць пацвердзіла прадбачанне генія рэвалюцыі. Ленін глыбока верыў у тое, што мы здолеем пабудаваць сацыялізм з тым чалавечым матэрыялам, які атрымалі ад ранейшага свету, не чакаючы паяўлення «чысценькіх», ідэальных людзей.

Тэму выхавання новага чалавека ў гарніле сацыялістычнай працы ўслед за Якубам Коласам добра ўвасобілі Кузьма Чорны («Трэцяя пакаленне», «Люба Лук’янская»), Міхась Лынькоў («Баян», «На вялікай хвалі»), Эдуард Самуйлёнак («Паляўнічае шчасце»). Мастацкае ўвасабленне знаходзіць гэта тэма ў творчасці Петруся Броўкі, Пятра Глебкі, Аркадзя Куляшова і іншых пісьменнікаў.

Пафасам, вобразамі аповесці «На прасторах жыцця» пісьменнік паказвае, што калектыўная праца — аснова, на якой вырастае новая, сацыялістычная мараль. У адносінах Сцяпана Баруты да людзей няма варожасці, наадварот, ён прасякнуты пачуццём адказнасці за іх лёс, за іх справы. Прыгожыя ў Сцёпкі адносіны і да сваёй каханай Алены Гарнашкі. Ён бачыць у дзяўчыне перш за ўсё таварыша, друга ў працы, у будаўніцтве новага жыцця. Чытач адчувае, што Сцёпка і Алена пабудуюць прыгожую сям’ю, што гэта сям’я будзе моцнай ячэйкай працоўнага калектыву краіны.

Сцяпану Баруце супрацьпастаўлены ў аповесці Шулевіч, пустазвон, аматар лёгкага кахання. Шулевіч умее гаварыць рэвалюцыйныя прамовы, але ніколі не падмацоўвае іх канкрэтнай справай. Пад маскай актыўнага грамадскага работніка ў Шулевічу хаваецца ўласнік, эгаіст, які з незвычайнай лёгкасцю заглушае дакоры сумлення. Для Шулевіча ўсё ў жыцці лёгка, бо для дасягнення мэты, па яго разуменню, дазволены любыя сродкі. Гэта таму, што ў цэнтр усіх падзей Шулевіч ставіць самога сябе, а ў сваёй асобе бачыць дзеяча вялікага маштабу.

Ёсць у аповесці і другі вобраз — паэта Сымона Галызы, тыповага маладнякоўца. Пісьменнік яўна сімпатызуе гэтаму пачынаючаму паэту, шчыра сочыць за яго ростам, за развіццём яго духоўнага свету. З Сымона Галызы, нібы хоча сказаць пісьменнік, атрымаецца добры паэт, трэба толькі яму больш працаваць, больш удумліва ставіцца да творчай работы.

Аповесць «На прасторах жыцця» — той твор, якім пісьменнік канчаткова ўвайшоў у літаратуру сацыялістычнага рэалізму, літаратуру сцвярджэння новых адносін паміж людзьмі.

1967—1981

1 Падлоў В. Якуб Колас у Курскай губерні.— У зб.: Жыццё для народа. Мн., 1962, с. 72—79.

2 Адамовіч А. Беларускі раман.— Мн., 1961, с. 21.

3 Гарэцкі М. Рунь.— Вільня, 1914, с. 25—26.

4 Ленін У. І. Творы, т. 31, с. 100.

5 Ленін У. І. Творы, т. 31, с. 272.


1967; 1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 437-477
Крыніца: скан