epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Героя сучаснасці — на поўны рост

Сем гадоў, якія мінулі з часу IV з’езда пісьменнікаў Беларусі,— перыяд, багаты літаратурным жыццём. Па мастацкай вазе кніг, якія выйшлі да чытача, па яркасці творчых пісьменніцкіх індывідуальнасцей, якія разгарнуліся ў гэты час, нарэшце, па тым рэзанансе, які атрымала наша проза не толькі ў рэспубліцы, а і за яе межамі — у чытача ўсесаюзнага, апошняе сямігоддзе надзвычай плённае ў развіцці беларускай савецкай літаратуры.

Асаблівасцю твораў апошніх гадоў з’яўляецца тое, што іх аўтары імкнуцца да мастацкага даследавання жыцця ў яго самых разнастайных сувязях, не пазбягаюць пытанняў складаных, супярэчлівых. Проза стала больш уважлівая да пытанняў маральных, этычных. Гэта цалкам адпавядае асноўным тэндэнцыям нашага сучаснага жыцця. Сёння, як ніколі раней, паўстае пытанне аб духоўным, маральным вобліку будаўніка камунізма.

За амаль пяцьдзесят гадоў савецкага жыцця непараўнана вырасла чалавечая асоба. Выраслі яе матэрыяльныя, духоўныя запатрабаванні, адносіны да жыцця, этычныя, эстэтычныя ўяўленні. Высокаадукаваны чытач, на якога мы павінны раўняцца, кнігу павярхоўную, прымітыўную па думцы, па мастацкаму ўвасабленню тэмы чытаць не будзе.

Змены ў жыцці, якія адбыліся пасля ХХ з’езда партыі, глыбінныя працэсы далейшай дэмакратызацыі асноў савецкага жыцця не маглі не знайсці адпаведнага адлюстравання ў літаратуры. Выраслі самі крытэрыі ідэйна-мастацкай вартасці твораў, узбагацілася ідэйна-мастацкая канцэпцыя жыцця і літаратурнага героя.

Шырокі поспех рамана Івана Шамякіна «Сэрца на далоні» пераканаўча пацвярджае гэту думку. З нашых празаікаў Шамякін, бадай, найбольш чулы да вострых пытанняў надзённасці, ён валодае шчаслівай здольнасцю ўлавіць, увасобіць у мастацкі вобраз тое, што яшчэ толькі носіцца ў паветры, наспявае ў жыцці. Верны жыццёвай праўдзе, пісьменнік паказвае, як сама наша рэчаіснасць, усё тое новае, што наспявае ў жыцці, развенчвае кар’ерыстаў, прыстасаванцаў, людзей, якія вышэй за ўсё ставяць асабісты дабрабыт.

Найбольш значнае дасягненне беларускай прозы апошняга часу — раманы Івана Мележа «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы». Прысвечаныя жыццю беларускай вёскі далёкіх дваццатых і пачатку трыццатых гадоў, творы гэтыя тым не менш гучаць вельмі сучасна, бо яны закранаюць інтарэсы, думкі, пачуцці сучаснікаў, актыўна, па лініі галоўных пытанняў жыцця, перагукаюцца з нашымі днямі. Раманы Івана Мележа, бадай, найлепш выражаюць тэндэнцыю, якая намецілася ў нашай прозе, тэндэнцыю да глыбіннага вывучэння жыцця з улікам яго складанай плыні, цеснага спалучэння грамадскага і асабістага, сацыяльнага і псіхалагічнага аналізу. Думаецца, што вобразы Васіля і Ганны належаць да ліку манументальных, запамінальных вобразаў нашай літаратуры.

Добрых кніг, якія па-мастацку ўзнаўляюць свой час, малююць яго непаўторны вобраз, паявілася нямала. Гэта раманы Янкі Брыля «Птушкі і гнёзды», Піліпа Пестрака «Серадзібор», Алеся Адамовіча «Партызаны», Міколы Лобана «На парозе будучыні», Аркадзя Чарнышэвіча «Засценак Малінаўка», Алеся Кулакоўскага «Сустрэчы на ростанях», апавяданні і аповесці Міхася Лынькова, Міколы Лупсякова, Алены Васілевіч, Янкі Скрыгана, Рамана Сабаленкі, Алеся Асіпенкі, Івана Пташнікава, Алеся Бажко, Міхася Стральцова, Уладзіміра Караткевіча, Вячаслава Адамчыка, Івана Чыгрынава і некаторых іншых. Вострыя, надзённыя пытанні жыцця калгаснай вёскі ўзнімае ў сваіх нарысах «Зямныя вузлы» Ігнат Дуброўскі. Цікавыя аповесці, прысвечаныя жыццю вёскі,— Івана Шамякіна «Мост», Алеся Асіпенкі «Абжыты кут», Івана Пташнікава «Лонва».

Існуе прамая сувязь паміж здольнасцю мастака ствараць тыповыя характары і глыбінёй яго думкі, адчуваннем навакольнага свету. Інтэлектуальная, эмацыянальная, маральная ўзброенасць героя пры ўмове, што герой гэты жывы, не выдуманы чалавек, і ёсць галоўная адзнака ідэйна-мастацкай вартасці твора.

Наша літаратура ўсё часцей пачынае пісаць пра горад, і гэта добра. Ад таго, як наша літаратура, сялянская па светаадчуванню ў мінулым, справіцца з новымі эстэтычнымі пластамі, якія вылучае жыццё сучаснае, індустрыяльнае, у многім залежыць перспектыва яе далейшага развіцця.

Жыццю Мінска, які расце на нашых вачах, прысвячае сваю творчасць Уладзімір Карпаў. Ім напісаны раманы «За годам год» і «Вясеннія ліўні». Тэма горада — не абавязкова завод, рабочы калектыў. Сёння, бадай, кожная кніга, якую мы напісалі ці пішам, не можа абмінуць тых вялікіх перамен, што ў рэшце рэшт звязаны з масай тэхнікі, якая ёсць усюды, з прафесіямі ўрача, настаўніка, інжынера, механізатара, студэнта і да т. п.

Возьмем трылогію Рамана Сабаленкі «Іду ў жыццё», яго аповесць «Незамужняя ўдава», аповесць Яўгена Васілёнка «Таццяна Ларына», Алеся Адамовіча «Вікторыя», раман Алеся Савіцкага «Жанчына» і яго аповесць «Пасля паводкі», аповесці «З табою побач» М. Паслядовіча і «Над намі мільён вышыні» А. Алешкі, аповесці Лідзіі Арабей «Экзамен» і «Ларыса», «Салігорскія эцюды» і «Расце мята пад акном» А. Кулакоўскага, каб пераканацца ў тым, што наша проза пайшла ў шырокае наступленне за эстэтычнае асваенне новых пластоў жыцця.

Праўда, побач з дасягненнямі ёсць істотныя пралікі. Вельмі часта герой мастацкага твора залішне прыземлены, бедны духоўна. У імкненні намаляваць яркі вобраз, характар мы на літаратурны п’едэстал падымаем іншы раз героя вельмі сярэдняга, ардынарнага, «нашпігоўваем» яго ўсялякімі дабрачыннасцямі, а потым здзіўляемся, чаму герой не цягне «на станоўчага». Другая крайнасць датычыць няздольнасці некаторых нашых таварышаў вывесці свайго героя з нуднага кола будзённасці, бытавізму, прыземленага апісальніцтва.

У беларускай прозе харошы, моцны атрад апавядальнікаў. Ёсць майстры апавядання лірычнага, псіхалагічнага, бытавога, майстры навелы, эцюда. Новымі, цікавымі апавяданнямі парадаваў Янка Брыль, які апрача зборніка «Размова па шчырасці» выдаў кніжку літаратурных эцюдаў — «Жменя сонечных промняў». Са зборнікам «За акіянам» выступіў Міхась Лынькоў. Новыя цікавыя творы на рахунку іншых выпрабаваных майстроў апавядання. Зборнікі апавяданняў выпусцілі Яўген Васілёнак, Мікола Ракітны, Мікола Ткачоў, Піліп Пестрак, Павел Кавалёў, Алесь Пальчэўскі, Міхась Даніленка, Тарас Хадкевіч, Алесь Савіцкі. Праблематыка апавяданняў — пераважна маральна-этычная.

Пісаць пра вайну азначае маляваць не толькі чалавечыя характары, якія вельмі выразна праяўляюцца ў абставінах смяротнага бою, але — і гэта, мабыць, не менш важна — ствараць непаўторны вобраз часу. Вайна, а тым больш вайна Айчынная,— падзея, у якой прымаў удзел увесь народ, яна падпарадкавала сабе ўсе адчуванні, думкі савецкіх людзей, прайшла праз дзяцінства, юнацтва, сталасць — праз усе пакаленні. У Айчынную вайну сутыкнуліся не толькі краіны, арміі, а два светы, дзве ідэалогіі. І сёння ваенная тэма — не толькі гісторыя.

Невычэрпная для нашай прозы паласа жыцця, пройдзеная народам у Вялікую Айчынную вайну. Раманам «Сустрэчы на ростанях» Аляксей Кулакоўскі закончыў ваенную дылогію. Дылогію «Партызаны» напісаў Алесь Адамовіч. Да падзей акупацыі, народнага змагання з ворагам вярнуўся Уладзімір Карпаў у рамане «Нямігі крывавыя берагі». З цікавым раманам «Птушкі і гнёзды», які нясе новы, не асвоены яшчэ літаратурай матэрыял, выступіў Янка Брыль. Пяць ваенных аповесцей напісана Васілём Быкавым. «Пушчанскую адысею» надрукаваў Аляксей Карпюк. З цікавым раманам «Испытание» выступіў Мікалай Аляксееў. Ваеннай аповесцю «Былое застаецца ў сэрцы» завяршаецца трылогія Рамана Сабаленкі. Цікавым партызанскім раманам «Вогненны азімут» дэбютаваў Алесь Асіпенка. Аповесць «Сарочы лес» напісаў Рыгор Няхай, раман «Дубовая града» — Уладзімір Федасеенка. Дакументальныя аповесці «Руіны страляюць ва ўпор» і «Дарогі скрыжаваліся ў Мінску» напісаў Іван Новікаў.

Пільная цікавасць аўтараў ваенных твораў апошняга часу да лёсу звычайных радавых людзей не азначае, што творы гэтыя выракаюцца тэмы высокага, гераічнага. Толькі тая героіка сапраўды глыбокая, усенародная, калі яна ўзнімае на барацьбу народныя масы, закранае іх думкі, пачуцці. Праўда, не заўсёды пісьменнікам удаецца вырашыць гэту тэму лепшым чынам. Акцэнты ў апошняй аповесці «Мёртвым не баліць» В. Быкава, напрыклад, расстаўлены так, што страчваецца адчуванне часу — цяжка ўявіць, што гутарка ідзе пра перамаганосны сорак чацвёрты год. Атрымалася, што асноўны канфлікт у мінулай вайне пададзен як сутыкненне сапраўдных мужных воінаў, якім з’яўляецца Васілевіч, з прыстасаванцамі і шкурнікамі накшталт капітана Сахно. Слабым месцам у аповесці з’яўляюцца карціны сённяшняга жыцця.

Адзначаючы недахопы апошняга твора Васіля Быкава, хочацца разам з тым падкрэсліць, што ў асобе гэтага пісьменніка мы маем таленавітага мастака, які яшчэ парадуе нас новымі добрымі творамі.

Рашэнні XXIII з’езда партыі, набліжэнне 50-годдзя Кастрычніка натхняюць кожнага пісьменніка сказаць сваё важкае слова «аб часе і аб сабе». Чытач чакае ад нас, савецкіх пісьменнікаў, кніг, якія на поўную мастацкую сілу адлюстравалі б веліч гераічнай эпохі будаўніцтва камунізма, на поўны рост паказалі героя нашай сучаснасці.

1966


1966

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 101-106
Крыніца: скан