epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Гняды

Дзяцінства ў мяне было звычайнае, вясковае. Паўз наша вялікае сяло, якое называлі нават мястэчкам, пралягала чыгунка, а яна ўносіла нешта сваё ў захапленні хлапечай талакі. Бадай што аднолькава нас, басоту, вабілі імклівыя паязды і птушыныя гнёзды, якіх мы прагнулі разведаць як мага больш.

Мае дачыненні да чыгункі на першым часе былі проста сузіральныя. Пасвячы свінню, затым карову, якая не магла хадзіць у чарадзе, бо ў яе быў прабіты, а таму адвіслы бок, я любіў глядзець, як набліжаюцца да станцыі паязды — поўныя, гружаныя і паражнякі — апошнія вызначаліся нейкім паспешліва-вясёлым ляскатам колаў.

Паражнякі мы прапускалі. Зачуўшы гружаны ці пасажырскі, клалі іншы раз на рэйку, пад колы поезда, пятак, а калі апошні вагон, злёгку пагойдваючыся, мінаў месца, на якім ляжала манета, падымалі яе, цеплаватую, расплюшчаную, падобную на медаль, які атрымаў мой прадзед на турэцкай вайне.

Мой бацька працаваў на чыгунцы. І хоць ён лічыўся рабочым, чысціў стрэлкі, ішоў і прыходзіў са службы з казённым ліхтаром, у якім былі чырвоныя і зялёныя шкельцы, аднак сялянскага звычаю да канца не выракаўся. У сяле арганізаваўся калгас, туды завялі цягло, завезлі калёсы, плугі нашы суседзі, якія на чыгунцы не працавалі, а мы, рабочая сям’я, трымалі каня.

У гэтым далікатным становішчы догляд каня быў даручаны мне, а свінню і карову сталі пасвіць меншыя браты.

Каня звалі проста — Гняды. Сапраўды ён быў гнедай масці, ніякіх асаблівых прыкмет не меў, але я пазнаў бы яго сярод сотні другіх коней.

З раніцы я садзіўся на Гнядога і ехаў на ляда. Там, у пнёўі, путаў яго і пускаў на пашу. Ляда ад нашай хаты — вярсты паўтары, але мне нічога не каштавала два, а то і тры разы на дзень збегаць у пнёўе і паглядзець, як пасвіцца мой конь. Каб лепей падкарміць Гнядога, я рваў яму на межах дзятлавіну, кожнага вечара выдзіраў са шкуры кляшчоў, якія паўпіваліся за дзень, расчэсваў грыву.

Конь адказваў удзячнай дружбай. На зайздрасць сябрам-таварышам, ён не ўцякаў ад мяне, калі нават часам сам распутваўся, браў з рук траву, а вечарам, калі я садзіўся на яго, каб прывесці дамоў, ляцеў наўскач, варта было толькі злёгку паддаць яму пяткамі пад бок.

Я ўжо скончыў першы клас і вельмі ганарыўся тым, што магу нібы вецер імчаць на кані. Мне здавалася, што ўсе, каго я ведаю, у гэты час зайздросцяць і захапляюцца мной.

Конь і ў возе быў такі ж ціхмяны і паслухмяны. Калі мы везлі снапы ці сена, вёў за лейцы каня я, а бацька ішоў побач. Ён пабойваўся, каб сельсавет не наклаў лішняга падатку, таму рабіў выгляд, што конь быццам бы не ягоны.

Нечакана дружбацкія адносіны з Гнядым парушыліся. За лета конь стаў круглы, як булка, ад’еўся, поўсць на ім ільснілася і блішчала. Мы ж яго ў воз запрагалі рэдка, а падачкамі, ласкамі я, мабыць, зняверыў каня. Гняды стаў мной пагарджаць. Убачыўшы мяне з аброццю, ён скакаў прэч, травы з рук не браў, у рукі не даваўся. Цяпер для мяне стала вялікай пакутай прывесці каня з пашы дамоў.

Аднойчы, паганяўшыся за Гнядым цэлую гадзіну і нарэшце злавіўшы, я не вытрымаў, ударыў яго па храпе, а ён, калі я садзіўся верхам, укусіў мяне за нагу.

Хутка бацька адвёў каня ў суседні калгас. У свой аддаваць не захацеў, бо балюча было яму бачыць Гнядога кожны дзень.

Я пайшоў у другі клас. Неяк позняй восенню, калі мы пачалі патроху каня забываць, каля хаты пачулася ціхае ржанне. Я выскачыў на вуліцу. Перад варотамі стаяў Гняды. Убачыўшы мяне, ён нібы ўстрапянуўся, задрыжаў і стаў церціся пысаю аб маё плячо. Зноў мы былі з Гнядым дружбакамі...

Але абменьвацца, як раней, пяшчотамі і ласкамі не выпала. Вечарам вярнуўся са службы бацька і адвёў каня да новых гаспадароў.


1974?

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 2. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1982. - с. 522-524
Крыніца: скан