epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Яць

Свой першы пашпарт мне прыйшлося атрымаць як злачынцу.

Раённая ўправа часоў нямецкай акупацыі. Усе, хто топча зямлю ў пасёлку, павінны мець дакумент — пасведчанне асобы, дзе замест фотакарткі адбіткі двух вялікіх пальцаў. Фотакартка — рэч ненадзейная, ёй цяжка засведчыць асобу. Іншая справа дзве чарнільныя плямы, адціснутыя ўласнымі пальцамі на ўласным пасведчанні. Пальцы сабе не адсячэш, а ўсе тыя рысачкі і звіліны, якія праляглі на скуры, ёсць і на паперы. Кажуць, што такім манерам раней лавілі зладзеяў...

Атрымаць дакумент не так проста. Трэба прыйсці разоў дзесяць. Парадкі ва ўправе пастаўлены па ўсіх правілах першакласнай бюракратыі.

За першым сталом, дзе выдаюць гэтыя самыя пасведчанні асобы, схіліўся згорблены стары з вялікай бліскучай лысінай і вялізным носам, атрыманым у спадчыну ад радавітых, відаць, бацькоў. Ён шамаціць паперамі і раз-пораз акідвае наведвальнікаў хуткім, насцярожаным позіркам з-пад пракаветных, перавязаных ніткамі акуляраў, якія, здаецца, і трымаюцца на носе дзякуючы такому ёмістаму яго памеру. На старым форменны выцвілы сурдут, які насілі бог ведае хто і калі. Трымаецца важна, як сапраўдны пан.

Чарга перад сталом стаіць, чакае. Нават каб проста што-небудзь запытаць у старога, трэба выстаяць у чарзе. Пакутліва цягнуцца хвіліны. І раптам — нечаканае. У пакой улятае высокі, перахлябісты нямецкі афіцэр, кідае на стол перад старым нейкія паперы, тыцкае ў іх пальцам, злосна, пырскаючы слінай, гаворыць штосьці па-нямецку, а потым лупіць старога чорным стэкам па плячах, па лысіне, па твары. Наведвальнікі з усіх ног кідаюцца да дзвярэй...

Праз гадзіну сёй-той зноў заходзіць у пакой. Стары сядзіць за сталом без акуляраў, з заклеенымі жоўтым пластырам кровападцёкамі на лысіне і твары, выгляд у яго спакойны, дзелавы.

— Строгі афіцэр,— павучальна гаворыць ён пра немца, які толькі што яго адлупцаваў.— На тое і ўлада, каб быць строгай...

Падслепавата нахіліўшыся над самым сталом, ён шуршыць паперамі, нешта піша, акуратна выводзячы старадаўнім, прыгожым почыркам кожную літару.

Я ведаю старога не з гэтага дня, калі прыйшоў за дакументам, які будзе пацвярджаць пасялковым паліцаям і немцам законнае існаванне маёй шаснаццацігадовай асобы. Знаёмства з ім пачалося раней...

У той час, калі ў нас, звычайных шкаляроў, дзівосным, ненасытным полымем успыхнула прага да кнігі, у пасялковай краме на паліцы, у блізкім суседстве з хамутамі, мылам, бочкай рудога кіслага варэння з буракоў ляжалі толькі шэрыя, сумныя брашуркі пра спосабы торфаздабычы і пра вялікую шкоду, якую прыносіць насельніцтву малярыйны камар. Крама ні ў якой ступені не магла задаволіць наш попыт на кнігу. Бібліятэка рабіла больш. Але і там было вельмі мала таго, чаго так прагнула сэрца...

Мы даставалі кнігі як умелі.

У нашым пасёлку жылі пенсіянеры-чыгуначнікі і іншы чыноўны люд, выгнаны імперыялістычнай вайной з заходніх раёнаў і іншых далёкіх мясцін. У нас яны аселі.

Магнатам сярод іх здаваўся Зыгмунд Мацыеўскі, уладальнік поўнага камплекту дадаткаў да старой «Нявы» за некалькі год.

Кнігі Мацыеўскі прадаваў. І асабліва заядла пачаў таргавацца, калі зразумеў, што без іх нам няма жыцця.

— Гэта ж Луі Бусенар! — гаварыў ён, узводзячы вочы да неба і самотна ўздыхаючы.— Цяпер такіх пісьменнікаў няма. Не шкадуйце за такую кнігу пяцёркі, малайцы. Што сёння за пяць рублёў купіш?..

Мы вельмі добра ведалі, што можна купіць за пяцёрку. Па даваенным часе за такія грошы любы прадавец крамы мог адважыць болей за кілаграм цукерак-падушачак або салодкіх вяземскіх пернікаў. Каб зарабіць пяцёрку, трэба было занесці на станцыю і прадаць дзесяць бярозавых венікаў або збіць для базы «Плодагародніна» дванаццаць скрынак пад памідоры. Але мы з выдаткамі не лічыліся, Луі Бусенар і іншыя, хто прыносіў непараўнальна большую слодыч, чым цукеркі і пернікі, былі варты грошай.

«Мёртвыя душы» Гогаля каштавалі дванаццаць звязаных і аднесеных на станцыю венікаў. «Князь Сярэбраны» А. К. Талстога — дваццаць скрынак пад памідоры. «Саламбо» Флабера была куплена нават цаною крыві. Кнігу набывалі зімой, грошы зараблялі, колючы дровы на пошце. Мой сябар Кузьма рассек сабе сякерай чаравік, а разам з ім і вялікі палец.

Мы паважалі Зыгмунда Мацыеўскага. Ён драў з нас немалую капейку за кнігі, але мы яго паважалі. Не кожны чалавек мог захаваць столькі старых, добрых кніг.

Іншы раз, праўда, набягала сумненне. Некалькі кніг стары прадаў нам з парудзелымі, але неразрэзанымі старонкамі. А перад гэтым ён усхваляў іх як толькі мог. Былі падставы думаць, што ён сам іх ніколі не чытаў.

Але, зрэшты, гэта не мела значэння. Я і сёння ўдзячны лёсу за тое, што ў нашым пасёлку жыў пенсіянер Зыгмунд Мацыеўскі...

Поўная непавага да нашага мецэната пачалася з таго дня, калі ў пачатку вайны з пасёлка падалася апошняя чырвонаармейская рота. Вось-вось павінны былі з’явіцца немцы. Пасёлак замёр у трывожным чаканні бяды.

У гэты, на дзіва сонечны і ясны дзень і паказваў сябе зусім з новага боку наш знаёмы. Ён жыў на зялёнай ціхай вуліцы, у маленькім уласным доміку, схаваным пад навіссю таполяў. Раней ён асабліва нідзе не вытыркаў носа, а ў гэты дзень лятаў па пасёлку як апантаны. Ён апрануў свой выцвілы сурдут, шапку з какардай і, хапаючы знаёмых за рукаў, тлумачыў ледзь не кожнаму, што пры цару ён служыў па ведамству поштаў і тэлеграфаў.

Нам з Кузьмой таксама давялося сустрэцца ў той дзень з Мацыеўскім. На нас ён пазіраў цяпер звысоку і, як здалося, зняважліва.

— Канец бальшавікам,— заявіў ён рашуча,— я ўсе гэтыя гады ведаў, што так будзе. Навыдумлялі Саветаў, камітэтаў. Народу бізун патрэбен, а яны сходы сабіралі: як сеяць, як цялят даглядаць...

Гаварыць з Мацыеўскім не хацелася, спрачацца таксама, і мы рушылі прэч.

— Пачакайце! — затрымаў ён нас.— Не задзірайце насы. Вы ж цяпер проста непісьменныя.

— Чаму гэта непісьменныя? — абурыліся мы.— А школа?

— Напляваць і забыць. Савецкая ўлада ўсё спрасціць хацела, каб стала ўсё лёгкім. Думаеце, сапраўдная грамата такая лёгкая. Не, ты спачатку папацей, патлумі сабе галаву, каб у яе ўвайшло, дзе трэба «яць» паставіць, дзе «фіту». А «еры» таксама — мяккі і цвёрды!

— На чорта тыя «еры»?

— Пачакайце, вы яшчэ іх зубрыць будзеце, немцы прымусяць. Гэта ўлада цвёрдая. А ваша грамата цяпер сабаку пад хвост. Я скончыў поўны курс рэальнага вучылішча, каб запомніць, дзе «яць» паставіць, а дзе звычайнае «е». Навука вялікая, не раўня вашай сямігодцы...

Яго твар свяціўся ад задавальнення.

З таго дня Мацыеўскі стаў для нас Яцем. Ранейшыя адносіны былі з ім парваны.

Яць, паміж іншым, памыліўся. Перавучвацца нам не прыйшлося. Назаўтра мы чыталі першы загад, які вывесілі ў пасёлку фашысты. Усе словы былі ў ім з літарай «е» — смерць, расстрэл, павесіць,— «яця» мы не знайшлі ніводнага...

Жывога Яця памылка адносна правапісу, здаецца, не асабліва збянтэжыла. Хутка ён ужо сядзеў справаводам ва ўправе. Ён недачуваў, недабачваў, і хлеб яго пры «цвёрдай» уладзе быў нялёгкі. Але на лёс ён не наракаў.

Таго, што фашыстаў гоняць назад, Яць перанесці ўжо не здолеў. Тыдні за два да прыходу нашых ён памёр. Зрэшты, мы цвёрда пераканаліся, што ўсіх тых кніг, якія Яць нам прадаваў, сам ён ніколі не чытаў.

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 2. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1982. - с. 421-424
Крыніца: скан