epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Яго галоўная любоў

Так здарылася, што мне не прыйшлося слухаць лекцыі Міхася Рыгоравіча Ларчанкі, хоць вучыўся я ва універсітэце ў пасляваенныя гады, у той якраз час, калі ледзь не ўсе курсы беларускай літаратуры — ад старажытнай да сучаснай — чытаў менавіта ён.

Першая сустрэча і размова адбылася на выпускным вечары. Да гэтага я, вядома, чуў пра Міхася Рыгоравіча. У пасляваенныя гады ён быў вельмі актыўным крытыкам, пісаў і пра сучасныя творы, і пра даўно мінулыя, гістарычныя старонкі нашай літаратуры. Рэдкі нумар часопісаў «Полымя», «Беларусь», газеты «Літаратура і мастацтва» абыходзіўся ў тыя гады без артыкулаў Ларчанкі. Пісалі і пра яго — крытыкавалі за грахі паблажлівай ацэнкі некаторых літаратурных з’яў.

Быў канец чэрвеня пяцідзесятага года. Студэнцкі Мінск на нейкі час угаманіўся, уціхамірыўся. Стацыянарнікі раз’ехаліся на канікулы, завочнікі на заняткі яшчэ не прыехалі. Мы, завочнікі-выпускнікі першага пасляваеннага набору, што толькі-толькі атрымалі дыпломы, наважылі наладзіць таварыскую вячэру. За час двухмесячных экзаменаў мы парадкам выдаткаваліся, грашовыя рэсурсы былі на зыходзе, таму на сціплы пачастунак у залу дыетычнай сталовай запрасілі толькі найбольш паважаных выкладчыкаў. Сярод запрошаных быў і Міхась Рыгоравіч.

Кажуць, што першыя ўражанні найболей моцныя, доўга трымаюцца. Міхася Рыгоравіча такім, як ён ёсць, я ўбачыў, запомніў менавіта тады, на тым вечары, і першае ўражанне аказалася вельмі трывалым, яго не пахіснулі ледзь не два дзесяткі наступных гадоў.

У залу зайшоў мажны, але рухавы чалавек з маладой чорнай шавялюрай, прынёс з сабой весялосць, таварыскую добразычлівасць да ўсіх, хто там быў, здзівіў непадробленай, натуральнай прастатой абыходжання. Ён быў добры да нас усіх, зычыў усім нам поспехаў на жыццёвых сцяжынках — пра гэта сведчылі выраз яго твару, бляск вачэй, словы, якія ён гаварыў, уся яго моцная, поўная здароўя і жыцця постаць.

Праз многія гады я нязменна заўважаў у ім гэтую рысу — быць добрым, уважлівым да людзей, рысу, што ні ў якой меры не нагадвала абыходлівую выкшталцаванасць дыпламата, а была прыроджанай якасцю душы, ішла ад натуры. Ён займаў і займае адміністрацыйныя пасады — доўгі час быў дэканам філалагічнага факультэта, загадвае кафедрай беларускай літаратуры, і мне хочацца сказаць, што з ім лёгка, добра працаваць. Ён валодае шчаслівай здольнасцю не паказваць нават намёку адміністрацыйнай улады над тымі, хто службова яму падначальваецца. Я бачыў яго ўзбуджаным, нават злосным, але ніколі не чуў, каб ён зняважыў, пакрыўдзіў каго-небудзь неасцярожным, несправядлівым словам. Выдатная якасць прыроджанага разумнага педагога, якой нам падчас так не хапае...

Хутка сорак гадоў ён чытае студэнтам лекцыі, прымае экзамены, піша кнігі, падручнікі, артыкулы, выступае з дакладамі, кіруе дысертацыйнымі работамі.

Многія пакаленні сённяшніх настаўнікаў, журналістаў, савецкіх, партыйных работнікаў ва ўсіх кутках Беларусі мелі сваім настаўнікам Ларчанку, у мінулым сялянскага хлопца з магілёўскай вёскі, які сам у канцы дваццатых гадоў прыехаў у Мінск па навуку, маючы ў зрэбнай торбе за плячамі бохан хлеба, а ў кішэні — тры рублі грошай. Сённяшні прафесар, доктар філалагічных навук, вядомы літаратар выйшаў з самых нізоў беларускага жыцця-быцця, з беднай, мнагадзетнай сялянскай сям’і, і, можа, таму ён такі спагадлівы, уважлівы да ўсіх тых, хто цягнецца да навукі.

Наўрад ці я перабольшу, калі скажу, што добрая палавіна цяперашніх беларускіх вучоных-літаратуразнаўцаў у той ці іншай меры абавязана Ларчанку, бо ён або кіраваў іх навуковай работай, або вучыў іх ва універсітэце, або падтрымаў як апанент. Здольных да навукі ці літаратурнай творчасці людзей ён заўважаў нязменна, горача іх падтрымліваў. У яго, як кажуць, зоркае вока на людзей апанаваных прагай уласнай творчасці. А як гэта важна — падбадзёрыць на пачатку дарогі маладога паэта ці крытыка, які яшчэ не адважыцца несці свой першы твор у рэдакцыю і асмеліўся паказаць яго адзінаму ў свеце чалавеку — свайму настаўніку!

За дваццаць з лішкам гадоў пасляваеннага мірнага жыцця філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта імя Леніна даў буйны засеў у беларускай літаратуры. Ніякая другая вышэйшая навучальная ўстанова рэспублікі не можа з ім у гэтым сэнсе параўнацца. Можна нават сказаць, што філфак БДУ — наш беларускі літаратурны інстытут, кузня творчых літаратурных кадраў. І калі ўжо гаварыць такімі высокімі словамі, то трэба сказаць, што галоўным кавалём у гэтай кузні з’яўляецца Міхась Рыгоравіч Ларчанка.

Літаратура — галоўная любоў яго жыцця. Нямала сіл, намаганняў прыклаў ён, каб аднавіць несправядліва забытыя імёны, старонкі гісторыі беларускай літаратуры. І не заўсёды яго захады сустракалі разуменне, удзячнасць. Нярэдка здаралася якраз наадварот.

Яму споўнілася шэсцьдзесят гадоў. Век сталасці, мудрасці. Па-ранейшаму ў студэнцкія аўдыторыі прыносіць ён добразычлівасць, упэўнены спакой, сее ў маладых душах разумнае, вечнае. Здадзена ў выдавецтва новая кніга, пішацца новы артыкул, на філалагічным факультэце намячаецца навуковая канферэнцыя, і можна быць пэўным: Ларчанка на ёй выступіць.

1967


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 95-97
Крыніца: скан