epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Як купіць аўтамашыну?

Фелікс мусіў прыехаць з Крыма ў дзесяць вечара, і я на сваім драндулеце падкаціў да вакзала за паўгадзіны да прыбыцця цягніка. Месяц назад, калі Фелікс выбіў бясплатную пуцёўку на курорт, мяне трохі калола зайздрасць. Але цяпер зласлівыя пачуцці зніклі.

Пакуль Фелікс ляжаў уверх жыватом на марскім пляжы, я сабраў свой драндулет.

— У цесця машыну ўзяў? — спытаў Фелікс. Ён быў задаволены, што я прыехаў яго сустракаць.

— Свая,— адказаў я.

Ён вытрашчыў ад здзіўлення вочы.

Па дарозе я расказаў, як набыў машыну. У лясах ад Груцка да Бруцка наўзбоч ажыўленай шашы, якая грыміць днём і ноччу, валяецца колькі хочаш розных запасных частак. Вось з іх сабраў свой драндулет. Задні мост, пакрышкі, каленчаты вал, цыліндры, масляныя фільтры знайсці было прасцей простага. Трохі больш часу патраціў на пошукі матора. Матор я выдраў з сямітоннага самазвала, пакінутага без нагляду на глухой дарозе. Затое з такім маторам мой драндулет можа імчаць звыш усялякай дазволенай хуткасці. Каб прыладзіў крыллі, відаць, паляцеў бы.

Фелікс адразу загарэўся.

— Давай і мне сабяром на машыну.

— Сабяром, а што? — пагадзіўся я.

Праўда, у маёй душы былі сумненні. Убачыўшы, што ў мяне справы ідуць паспяхова, мантажом уласных машын заняліся яшчэ дзесяткі два самадзейных аўтааматараў. Відаць, падабралі, чэрці, запасныя часткі наўзбоч шашы ад Груцка да Бруцка.

Назаўтра мы з Феліксам выехалі ў лес. Мае прадчуванні спраўдзіліся. За дзве гадзіны пошукаў мы знайшлі толькі з дзесятак каленчатых валаў, некалькі пакрышак, масляных фільтраў, а найбольш дэфіцытных запчастак не было ніводнай. Усё выграблі прагныя аўтааматары.

— Трапло ты! — сказаў Фелікс.

Мне было сорамна. Але зараз жа ў мяне выбліснула выратавальная ідэя.

— Ведаеш што,— сказаў я.— Не зайздросць, што я сабраў драндулет. Мне на ім самому брыдка ездзіць. Давай купім сапраўдныя аўтамашыны.

— За што я куплю? —паныла прамовіў Фелікс.— На тым Поўдні вычхаўся дарэшты. Яшчэ восемдзесят рублёў пазычаных грошай трэба аддаваць. Тайна ад жонкі...

— За бутэлькі,— сказаў я.— Сам бачыш — у лесе іх процьма.

Фелікс павесялеў. Бутэлькі трапляліся, бадай, на кожным кроку. Іх было намнога больш, чым грыбоў, якія слабавата раслі ў гэтае засушлівае лета.

У першы дзень мы сабралі семсот бутэлек. Добра, што я на сваім драндулеце замест багажніка прыладзіў кузаў ад пяцітонкі. Знойдзеныя бутэлькі занялі ў ім нязначнае месца.

Справа пайшла. З раніцы мы хадзілі з Феліксам на службу, а пасля шасці гадзін выбіраліся ў лес. За лічаныя гадзіны, што заставаліся да цемені, збіралі па дзве, а іншы раз і па тры сотні бутэлек. Іх было колькі хочаш, у якім напрамку ні паедзь.

Найбольш, вядома, на палянах вакол вогнішчаў. Некаторыя бутэлькі віселі нават на дрэвах, надзеты рыльцамі на сукі. Можна было падумаць, што іх для сваіх гаспадарчых патрэб зацягнулі на дрэва вавёркі.

Некаторыя запчасткі мы куплялі ў аўтамагазіне, а найбольш дэфіцытныя — з левых рук. Грошай у нас хапала, за цаной не стаялі. На бутэльках мы зараблялі моцна.

Праз месяц у мяне і ў Фелікса стаялі новенькія «Масквічы».

Едучы на новай, чэсна запрацаванай аўтамашыне па вуліцы, я наткнуўся позіркам на плакат. На ім быў намаляваны малады, прыгожы мужчына, які ўзнімаў у руцэ ашчадную кніжку. Унізе стаяў вершаваны подпіс: «Грошы на ашчадную кніжку палажыў — машыну нажыў».

«Няма табе, браце, чым выхваляцца,— падумаў я, пазіраючы на прычэсанага, прылізанага плакатнага дзядзьку.— Ты колькі гадоў збіраў грошы, працэнты? Пяць або і ўсе дзесяць. А я за месяц купіў. Без адрыву ад асноўнай работы.»

1980


1980

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 5. Сорак трэці: Раман ; Птушкі між маланак : Драма у трох актах ; Апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 443-445
Крыніца: скан