epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Як мы лавілі шпіёна

Яшчэ з тых незапомных часоў, калі чалавек пачынае засвойваць назвы навакольных прадметаў і рэчаў, у мяне быў сябрук Адам, можна сказаць, падораны самой прыродай. Адам быў найбліжэйшым суседам, даводзіўся мне стрыечным братам, і нашы двары раздзяляў толькі рэдзенькі штыкетнік, праз які лёгка пралазілі не толькі куры, але і мой сябрук. Не дзіва, што Адам ведаў усё пра мяне, а я пра яго. Мы былі добрымі дружбакамі і шчыра спачувалі адзін другому ў тыя хвіліны, калі прыходзілася мець справу з бацькавай папругай.

Адам быў дужэйшы і лаўчэйшы за мяне. Ён далей кідаў каменем, мог ускарабкацца на самы высокі слуп, добра свістаў у два пальцы. У астатнім мы мала чым адрозніваліся адзін ад другога. Я любіў хадзіць да Адама: зімой у іх старой хаце было цяплей і на сцяне вісеў гадзіннік з намаляваным на цыферблаце трактарам. Адам быў на год старэйшы за мяне, таму ў школу пайшоў раней. Але ў той год бацька купіў яму фабрычныя канькі, і таму Адам асабліва на буквар не налягаў. У першым класе ён астаўся на другі год. Мне гэта было якраз на руку, бо недзе ў глыбіні душы мяне ўсё-такі тачыла зайздрасць: Адам меў і канькі, і кніжкі, а я сядзеў дома і няньчыў меншых братоў.

Такім чынам, у першы клас мы з Адамам пайшлі разам. Ён на правах старэйшага па дарозе ў школу растлумачыў мне, як трымацца перад настаўніцай, і наогул расказаў пра школьныя парадкі і звычаі.

У трэцім класе нас з Адамам аставілі на другі год ужо ўдваіх. У Адама была прычына: ён хварэў жаўтухай, у мяне ж прычыны не было, але я, як ні біўся, ніяк не мог засвоіць табліцы множання. Яна здавалася мне сухой і непатрэбнай. З-за гэтай табліцы мяне і не перавялі ў чацвёрты клас.

Як ні дзіўна, але, пачынаючы са свайго другагодніцтва (Адам — з другога па ліку, я — з першага), мы з сябруком сталі вучыцца надта добра і ўжо ў чацвёртым класе лічыліся першымі вучнямі. Мы рашалі самыя цяжкія задачы, завучвалі на памяць самыя доўгія вершы, на нямой карце беспамылкова паказвалі ўсе рэкі і азёры. Падахвоціла нас да навукі наша настаўніца Зося Юр’еўна. Якая гэта была выдатная настаўніца і як цікава яна ўмела расказваць! Пра самыя сумныя рэчы, напрыклад, пра каменне, якога колькі хочаш валяецца на полі, яна расказвала так, што дух зацінала. Яна ўсё ведала, усё ўмела, вясёлая Зося Юр’еўна: добра спявала, малявала, дый сама была надзвычай прыгожая — чарнявая ластаўка-шчабятуха.

Цэлы год Зося Юр’еўна выкарыстоўвала апошні ўрок для чытання кніг і розных гісторый з газет. Якія гэта былі выдатныя кнігі і гісторыі! Мы сядзелі за партамі, баючыся паварушыцца, і ніякай дысцыпліны не трэба было наводзіць, бо ўсе забывалі нават, дзе яны знаходзяцца. Асабліва хвалявалі нас кнігі пра вайну і розныя апавяданні пра шпіёнаў. Тады, як мы вучыліся, нават піянерскія газеты вельмі многа пісалі пра тое, як школьнікі затрымліваюць усялякіх дыверсантаў і парушальнікаў граніцы, і Зося Юр’еўна не прапускала ніводнай такой заметкі, каб не прачытаць яе нам.

Мы — і хлопцы і дзяўчаты — былі закаханы ў Зосю Юр’еўну, і нам было надзвычай сумна развітвацца з чацвёртым класам, у якім у той год не засталося ніводнага другагодніка. Мы ведалі, што ў пятым класе Зося Юр’еўна не вучыць.

Летам, у час канікулаў, мы з Адамам купілі падручнікі за пяты клас і рабілі частыя вандроўкі ў лес. Нам падабалася цішыня і насцярожанасць лесу, і, мабыць, у глыбіні душы жыла надзея, што і на нашу долю выпадзе шчасце натрапіць на якога-небудзь шпіёна ці дыверсанта. І вось нарэшце здарылася. Аднойчы мы пайшлі збіраць яловыя шышкі. Калі вярталіся дамоў, убачылі вельмі падазронага чалавека, які раз-пораз збочваў з дарогі і хаваўся ў жыце. Сумненняў не магло быць — шпіён! З якой іншай прычыны стаў бы гэты добра апрануты чалавек праз кожныя сто метраў завітваць у збажыну, тоячыся там па некалькі хвілін. Ясна, нешта выглядваў, а потым там, у жыце, запісваў ці наносіў на карту. Мы з Адамам жылі ў раённым мястэчку, размешчаным не так далёка ад граніцы, і ведалі, што ў нас ёсць што вынюхваць. Праз мястэчка праходзіла чыгунка, былі ў нас таксама цагельны завод, мылаварня, парня, то хіба ўсё гэта не магло быць цікавым для замежнага шпіёна?

Мы рашылі дзейнічаць. Шкада толькі, што ў мястэчку не было ні пагранзаставы, ні нават вайсковай часці, куды б можна было здаць гэтага небяспечнага тыпа. Ідучы за чалавекам назіркам, мы давялі яго да местачковай вуліцы і ўжо не адставалі ні на крок. Не ведалі мы толькі, куды трэба перш-наперш заявіць.

Чалавек між тым не пайшоў галоўнай вуліцай, а завярнуў у глухі правулак, і гэта яшчэ больш умацавала нас з Адамам у думцы, што мы маем справу з асцярожным і хітрым ворагам. Пятляючы правулкамі, зазіраючы ў падваротні, невядомы нарэшце зноў выбіўся на вуліцу, але трымаўся бліжэй да парканаў, як бы хаваючыся ў цяні таполяў і ліп. А вуліца была пустая — ні чалавека, як гэта бывае толькі ў летнюю жніўную спёку. Мы з Адамам аж гарэлі ад узбуджэння. Што скажа Зося Юр’еўна, калі даведаецца пра наш подзвіг? Як будуць глядзець на нас знаёмыя хлопцы пасля таго, як усё мястэчка загаворыць пра шпіёна?

Першай установай, якая трапілася на нашым шляху, быў народны суд. Якраз тое, што трэба! Я махнуў Адаму, каб ён не адставаў ад незнаёмага, а сам куляй узляцеў на ганак.

У прыёмнай суда, у разамлелай летняй цішыні, сядзела за сталом сакратарка з завязаным хустачкай вокам і корпалася ў паперах.

— Шпіён! — крыкнуў я з парога.

Дзяўчына недаўменна зірнула на мяне сваім адзіным вокам, не прамовіўшы ў адказ ні слова.

— Мы злавілі шпіёна! — яшчэ мацней выгукнуў я.— Ён там на вуліцы!..

Зацікаўленая сакратарка выйшла са мной на ганак. Але на вуліцы ўжо не было ні Адама, ні незнаёмага. Толькі ля паркана, паўз які хвіліну назад прайшоў шпіён, грэбліся куры.

— Смаркачы вытры! — злосна сказала сакратарка і рушыла назад у пакой.

Адама я напаткаў на рагу вуліцы ля аптэкі. Ён стаяў з сумным, панылым выглядам.

— Гэта, відаць, нейкі доктар,— прамовіў Адам.— У аптэцы сядзіць. Назбіраў жучкоў і разглядае праз лупу. Жучкі кузькамі называюцца. Іх многа ў жыце.

Гэтак падкузьміў нас незнаёмец!

Мы доўга, да самага паўналецця, саромеліся ўспамінаць гэтую прыкрую гісторыю. Потым, успамінаючы, смяяліся.

У вайну Адам загінуў на фронце. Загінула ў партызанах і вясёлая Зося Юр’еўна — першая настаўніца, якая здолела пераканаць нас, што свет такі вялікі і прыгожы і што ў ім заўсёды знойдзецца месца для подзвігу.

1964


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 2. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1982. - с. 403-406
Крыніца: скан