epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Какава для папраўкі здароўя

Свабода — гэта калі можаш рабіць, што хочаш, і тое, што робіш, не шкодзіць другім. Васіль па начах чытае. Другая палавіна іхняй хаты, чыстая і большая, здадзена пад кантору «Плодагародніна». Днём тут ляскаюць на лічыльніках бухгалтары, рахункаводы, вісіць густы тытунёвы дым, а вечарам Васілёва царства. Пабраўшы пад пахі папкі, бухгалтары ў палавіне шостай знікаюць, маці мые падлогу, дым вылятае праз фортачку, якую спецыяльна дзеля гэтага прарэзалі ў раме акна, і кантору займае Васіль. Тут ён нікому не замінае. Тром малодшым братам і сястры, якая пакуль што ляжыць у калысцы, кантора не патрэбна. Спаць на сталах не будзеш, і сям’я туліцца ў пярэднім пакойчыку.

Колькі сябе Васіль памятае, у іхняй хаце заўсёды жылі кватаранты, адчыняліся, зачыняліся дзверы, і жыццё сям’і было навідавоку. Ужо гады два, з таго часу як мястэчка стала цэнтрам раёна, у іхняй хаце кантора. Так, можа, нават лепш. Кліенты валам валяць у «Плодагародніну» толькі ў канцы лета і восенню, калі калгасы здаюць нарыхтоўку, — гуркі, памідоры, капусту, бульбу. Сезон канчаецца, і настае цішыня. Бухгалтары падбіваюць балансы, і толькі зрэдку які-небудзь рахункавод з калгаса завітае ў кантору, каб атрымаць квіток.

Кантора і грыбы нарыхтоўвае. Дзеля гэтага ў лясных вёсках у канцы лета пачынаюць дыміць грыбаварныя пункты. Наконт грыбоў кантора не надта мудрагеліць: увішным дзядзькам, якія згаджаюцца закупляць і варыць грыбы, выдаецца пад распіску пачак грошай, жалезны кацёл, па мяшку лаўровага лісту, чорнага, у гарошынках, перцу, вялікая бутля воцату і воз дубовых бочак. Восенню дзядзькі разлічваюцца з канторай гатовай прадукцыяй, прывозяць бочкі з грыбамі.

Але ад грыбоў неспакой. Бочачку ці дзве марынаваных, крамяных баравічкоў начальнікі «Плодагародніны» ў вагон не грузяць, пакідаюць сабе на закусь, і пасля рабочага дня ў канторы наладжваюцца застоллі. Тады Васілю сюды ходу няма. Але пачастункі бываюць не так часта, і з гэтым, зрэшты, можна змірыцца.

Добра вечарам у канторы. Сям’я ўгаманілася, браты, наеўшыся бульбы, паляглі спаць, і толькі зрэдку падае голас з лазовай калыскі маленькая сястра. У канторы чатыры сталы, на кожным з іх добра запраўленая газай лямпа, і адну з гэтых лямп Васіль запальвае. За акном ноч, шастае цёмнымі галінамі яблыня ў палісадніку, па кутках паміж шафамі, у якіх стаяць састаўленыя ў рад канцылярскія папкі, згушчаюцца цені.

Васіль напачатку чытае газеты. Кантора іх выпісвае шмат. Восенню пачался вялікая вайна: Германія напала на Польшчу, Англія і Францыя аб’явілі вайну Германіі, але тым часам на еўрапейскіх франтах зацішша. Затое ў нас неспакой. Ужо месяц, як на Карэльскім перашыйку ідуць баявыя дзеянні, але відавочнага поспеху не відаць.

Васіль вучыцца ў сёмым класе, ён прачытаў многа кніг і цяпер начамі глытае адну за другою. У мястэчку тры бібліятэкі, у кожнай з іх Васіль запісаны, і яшчэ ёсць кнігі, якія ходзяць па руках — такія ён таксама стараецца перахапіць.

Кнігі — цуд. Каб у Васіля спыталі, што з’яўляецца найбольшай радасцю ў жыцці, то, нават не задумваючыся, ён адказаў бы — кнігі. Увесь свой вольны час ён разрахоўвае так, каб хутчэй застацца сам-насам са старым, патропаным томікам ці кнігай, якая пахне яшчэ друкарскай фарбай. Няма большага шчасця, як неўпрыкмет перагортваць старонкі, поўніцца слодыччу ці горам бясконцых чалавечых гісторый, пра якія на іх апавядаецца. За свае пятнаццаць гадоў Васіль адзін раз быў у Маскве — бацька працуе стрэлачнікам, і яму даюць бясплатны чыгуначны білет, і яшчэ раз у Мінску — туды, як выдатніка, пасылала на экскурсію школа. Але каб прыйшлося, ён расказаў бы пра многія гарады, краіны і не толькі пра іх клімат, горы, рэкі, а яшчэ і пра многае іншае. Васілю часам здаецца, што ён нават быў у Парыжы: столькі пра гэты горад напісана, што ён нібы ўвачавідкі бачыць, як гараць ліхтары на зацемненых вулачках, як стукаюць па бруку колы фіакраў і як на хаду, высунуўшы з-за фіранкі руку, таямнічая незнаёмка адважна кідае запіску свайму кавалеру.

Пакуль што яго Парыж пад грубкай. Перакінуўшы газеты, Васіль сцеле на падлозе бацькаву фуфайку — яна прыемна пахне газай, мазутам, — кладзе падушку, ставіць на маснічыну лямпу. Падлога трохі няроўная, у адным месцы гарбом уздыбілася дошка, яе рог муляе бок, але на такую дробязь Васіль не зважае. Ад таго, што лямпа стаіць на падлозе, у пакоі дзіўнае асвятленне: светла ўнізе, вялікі светлы кружок на столі і паўзмрок на астатнім прасцягу.

Прыхінуўшыся спіной да цёплай грубкі, Васіль чытае. Гадзінніка ў канторы няма, і ён звычайна прыпыняе свой занятак пасля таго, як прапяюць пеўні. Калі захопіцца, нават іх не чуе. Пяці-шасці гадзін, якія застаюцца для сну, яму дастаткова.

Час ад часу Васіль адкладвае кнігу ўбок, задумваецца. Думае пра рознае, у залежнасці ад таго, пра што расказваецца ў кнізе. Там часта гаворыцца пра каханне, таму і гэтай тэмы ён у развагах сваіх не мінае.

Васілю толькі пятнаццаць гадоў, у канцы зімы пойдзе шаснаццаты, але ён ужо два разы быў нават закаханы. Ён ведае, якое гэта магутнае пачуццё, як цалкам, без астатку захоплівае яно, можна нават сказаць, паглынае чалавечую істоту. Цяпер Васіль вольны ад заляцанняў, усе дзяўчаты ў класе для яго аднолькавыя, а раней было не так.

Першы раз ён закахаўся ў пятым класе. Яго абранніцай стала Маня Сокал, вясёлая, гнуткая, як рабіна, з ледзь прыкметнымі вяснушкамі на прадаўгаватым твары. Цэлае лета Васіль трызніў ёй. Маня жыла ў другім канцы мястэчка, ён ні разу за час канікул яе не сустрэў, але не было дня, можа, нават гадзіны не было, каб ён пра яе не ўспомніў. Але ў пачатку новага навучальнага года Васіль убачыў, як адзін з аднакласнікаў падхапіў Маню на рукі, пасадзіў сабе на плечы і насіў па класе, а яна ў гэты час звонка, залівіста смяялася і нават нагамі ў паветры дрыгала. Зачараванасць як рукой зняло, Васіль наважыў, што з такой легкадумнай асобай звязвацца не варта, і з таго часу ніводнага прыязнага позірку ў Манін бок не кінуў.

У шостым класе ён захапіўся Аняй Ракіцкай. Ён сядзеў за самай пярэдняй партай, яна за наступнай, была ціхмяная, маўклівая і, можа, нават яшчэ прыгажэйшая за Маню — круглы тварык, шчокі з ямачкамі, зграбная, трохі паўнаватая пастава. Ён раз-пораз паварочваўся, кідаў якое-небудзь слова, і Аня чырванела. Вельмі прыгожа прабівалася чырвань на яе шчоках з ямачкамі. Ён яшчэ і як бы супернічаў з Аняй, бо яна таксама добра вучылася. Але аднойчы закрыла рукой чарнільніцу, у якую ён хацеў памачыць пяро, і пачуццё пачало мізарнець. Які дурань стане захапляцца скнарай!..

Васіль цяпер пра дзяўчат не думае, пра сваё каханне ён ні Мані, ні Ані, вядома, не гаварыў, таму трохі звысоку глядзіць на любоўныя гісторыі, пра якія расказваецца ў кнігах. І ўсё-такі нечым яны хвалююць. Ён як бы прадчувае, што хутка сам уступіць у складаны, супярэчлівы, трывожны свет, які называецца жыццём.

На дварэ тым часам патрэсквае. Бярэцца на мароз. Грубка цёплая, Васіль шчыльней прыхінаецца да яе боку, яшчэ гадзіны дзве чытае, але пасля першых пеўняў адкладае кнігу, тушыць і адсоўвае трохі ўбок лямпу, каб у сне ненарокам не зачапіць.

Назаўтра ўсё было, як дагэтуль. Толькі ўсчаўся вялікі мароз. Сухі, бязветраны, ён усё адно зацінае дыханне, і каб Васіль, бегучы ў школу, не паціраў час ад часу нос і шчокі, дык напэўна б іх адмарозіў. Васіль вучыцца лёгка, добра і нават любіць хадзіць у школу. Пачынаючы з першага класа, яго нязменна выбіраюць старастам, а з таго часу, як усе пасталі піянерамі, яшчэ і старшынёй савета атрада. Ні на адной з гэтых пасад Васіль нічога асаблівага не робіць, не выкрывае гультаёў, лайдакоў, наадварот, калі яго просяць, ахвотна дае перапісаць са свайго сшытка гатовае рашэнне. Было два ці тры выпадкі, калі ўвесь клас не рашыў задачы. Прыйшоўшы ў школу, Васіль не стаў зацінацца, а яшчэ да пачатку ўрокаў вывеў рашэнне на дошцы. Можа, яго таму і старастам выбіраюць.

Выпрабаванні пачынаюцца пасля школы. У сям’і Васіль старэйшы, на яго плечы кладзецца большы клопат. З братоў яшчэ Міхась ходзіць у школу, у чацвёрты клас, астатнія — седуны, але ўсе разам ядуць дай божа. Іншы раз трох буханак на дзень не хапае.

Як помніць сябе Васіль, ён пасля ўрокаў носіць з крамы хлеб і цішком цягае з дрывянога складу, са станцыі, плашкі. Гэта яго асноўныя абавязкі. Без хлеба і без дроў не пражывеш.

Прыйшоўшы з урокаў Васіль сёрбае капусту, бярэ ў маці тры рублі і кіруе купляць хлеб. Раней ён нават любіў гэтыя вандроўкі. Колькі ўсяго перадумаеш, пакуль абыдзеш крамы, завітаеш па дарозе ў якую-небудзь з бібліятэк, каб абмяняць кнігу! Але пачалася вайна, спачатку вызваленне заходніх беларусаў і ўкраінцаў, затым фінская, і з хлебам стала тугавата. У кожнай краме натрапіш на чаргу.

Чэргаў Васіль не баіцца, яны прайшлі праз усё яго дзяцінства, усё, што ён на сабе носіць — паліто, чаравікі, штаны, — даставалася ў чарзе. Але на хлеб, цукар, селядцы чэргаў не было даўно, бадай, з таго далёкага часу, калі ён толькі падаўся ў школу. Цяпер за ўсім трэба выстаяць.

У цэнтральнай краме, вялізнай, як стадола, чарга не стаяла, але і хлеб, нават белы, па рубель семдзесят кілаграм, даўно прадалі. Васіль пашыбаваў у леспрамгасаўскі магазін. А мароз тым часам падціскае. Пранізліва рыпіць пад нагамі прамёрзлы, прыбіты, утоптаны снег. У левым чаравіку падэшва трохі адстала, і швы разышліся. Васіль, як умеў, прымацаваў падэшву дротам, швы сцягнуў суровымі ніткамі, а каб не было прыкметна, ніткі пафарбаваў чарнілам. Але нага ўсё адно мерзне. Ды і палітончык, перашыты з чорнага чыгуначнага шыняля, не надта грэе.

Можна было прыйсці ў адчай — у леспрамгасаўскім магазіне хлеб таксама прадалі. Не вельмі чакалі Васіля, пакуль ён адсядзіць шэсць урокаў. Вось жа гора. Лягчэй за ўсё вярнуцца з пустымі рукамі, сказаўшы, што хлеба няма. А што есці будуць? Маці, вядома, можа наварыць бульбы, як-небудзь павячэраюць. А як заўтра? З чым ён і Міхась пойдуць у школу?

Між тым хлеба няма і ў чыгуначнай краме, і ў сельпоўскім буданчыку, у якім стаіць за прылаўкам раскормленая, дзябёлая Ліда Чайкоўская. Буданчык гэты так і называюць — «Лідзін», — так доўга Чайкоўская ў ім гандлюе.

Усюды, куды Васіль ні паткнуўся, прадаўцы ў адзін голас балабоняць: хлеба не будзе. На сённяшні дзень, маўляў, ліміт з’елі.

Ён не ведаў, што рабіць. Другіх крам у мястэчку няма, ісці болей некуды. Жанчыны лаюцца з прадаўцамі, але толк з гэтага невялікі.

Раптам Васілю цюкнула, што ёсць яшчэ станцыйны буфет і сталоўка. Хлеб там не прадаюць, але, можа, як-небудзь ён выклянчыць. Не проста ж будзе прасіць — за грошы.

У станцыйным буфеце густа вісіць махорачны дым. Стаіць чарга, тым, хто бярэ віно, гарэлку, буфетчыца дае па кавалачку дарагой каўбасы і не болей чым па дзвесце грамаў хлеба. Васілю ж трэба тры кілаграмы, спадзявацца, што злосная, нахмураная буфетчыца адпусціць яму паўтары буханкі, не прыходзіцца.

Васіль ідзе ў сталоўку. Нават ногі перасталі мерзнуць. Усе сілы душы цяпер скіраваны на тое, каб як-небудзь дастаць хлеба. Разлік у Васіля просты: сталоўка размешчана на ўскраіне, цісне мароз і наўрад хто з местачкоўцаў пойдзе туды сёрбаць боршч. А хлеб тым часам застанецца.

Разлік не падвёў. Наведвальнікаў у сталоўцы няма, ёсць хлеб, бяры хоць тры буханкі, але не вельмі возьмеш, бо каштуе па два восемдзесят за кілаграм. Ён белы, пульхны, мяккі, як вата, і толькі аднойчы на Першага мая бацька прынёс булку такога хлеба.

Васіль вагаўся з паўгадзіны. Замест трох ён за свае грошы прынясе толькі кілаграм, дома яго праглынуць як муху і ніхто не наесца. Але падыходзілі ўзгарачаныя жанкі, якія ўведалі, што ў сталоўцы ёсць хлеб, бралі па буханцы, па дзве, і Васіль нарэшце наважыўся.

Пакуль Васіль дабег дамоў, хлеб зашэрх, змёрзся як лядзяшык. Маці не дакарала Васіля, але ён сам адчуваў сябе вінаватым.

Калі дзень пачнецца няўдала, то няўдала і скончыцца. На дрывяным складзе ёсць вартаўнікі, але Васіль пра іх не вельмі думае. Прыцемкам ён падыходзіць да штабеля дроў, выбірае сярэднюю плашку, каб льга было панесці, і, не надта асцерагаючыся, шыбуе ўзбоч чыгункі дадому. Ідзе чалавек, нясе на плячы палку дроў. Ну і што? Увесь канец іхняй вуліцы вось такім манерам паліць у печах. Коней ні ў кога няма, машыну не ноймеш — дарагая, а казна тым часам не збяднее. Можа, дваццаць ці трыццаць грузавікоў тралююць дровы з лесу, штодня некалькі вагонаў адпраўляюць у гарады, то неяк жа павінна жыць і мястэчка.

Пабойваецца Васіль аднаго Бозі. Гэты худы выпетраны стары пільнуе склады, склепы, забуртованую бульбу «Плодагародніны», кантора якой размяшчаецца ў Васілёвай хаце. Але, відаць, леспрамгас яму таксама нешта прыплачвае, бо Бозя пільна сочыць за тымі, хто надвячоркам валачэ на плячы плашку. Дарослым яшчэ спускае, а падлеткам праходу няма.

У гэты надвячорак Васіль якраз і нарваўся на Бозю. Стары вынырнуў аднекуль з цемры і стаў перад Васілём як укопаны.

— Я табе вушы паабрываю, калі яшчэ раз злаўлю, — паабяцаў ён прарэзлівым, пісклівым голасам, усклаўшы Васілёву плашку на свой худы плячук. — Развялося паганцаў, бозя, мой бозя. Прадыху няма...

Бозя павалок плашку ў курэнь. Зімой і летам жыве ён у гэтым абкладзеным дзёрнам курані, у якім пастаянна гарыць агонь і віецца з вузкай гарлавіны дым. Бозя варыць сабе страву ў закураным кацялку, ходзіць у даматканых штанах, кашулі, толькі накідваючы на плечы кажушок. Вартаўнік ён адменны.

Дрэнна страціць веру ў сябе. У наступныя дні мароз не спадаў, нават яшчэ больш узмацніўся, але колькі ні шастаў Васіль каля станцыйных штабялёў, мёрзнучы ў сваім палітончыку, яму не ўдалося прынесці ніводнай плашкі. Усюды мроіўся Бозя. Між тым тры метры дроў, выпісаныя канторай для апалу грубкі, зніклі на вачах. Дзіва няма: гэтымі дрывамі маці паліла і ва ўласнай печы.

З хлебам наладзілася: бачачы, што яго не хапае, чыгуначнікі свайго дамагліся. У іх уласная пякарня, і хлеб ім цяпер завозяць у кандуктарскую, дзе і прадаюць. Пастаяўшы якую гадзіну ў чарзе, Васіль штодня шыбуе дадому з дзвюма буханкамі пад пахай.

З дрывамі ж — катастрофа. Усё драўлянае, без чаго можна абысціся — дошкі, якімі адгароджваўся закутак для цяляці, падпоркі з-пад яблынь, нават арэхавыя кійкі, наношаныя ім летам пад фасолю, — Васіль папілаваў, пакалоў, пасек, і цяпер, каб ён нават захацеў, няма за што зачапіць рукі. Не будзеш жа расцягваць на дровы хлеў ці хату?..

Адзін з тых марозных дзён выдаўся асабліва брыдкі. Зябнучы, дрыжучы, Васіль гадзіны тры дрыгляваў каля штабялёў, але Бозя пільна стаяў на варце. Плашку сцягнуць не ўдалося.

Васіль быў проста ў адчаі. Наступае вечар, барвавее заходні край неба — прыкмета, што ноччу мароз затрашчыць яшчэ большы, — а паліць у печы няма чым.

Васіль нарэшце ўспомніў: на ўзмежку суседняга агарода ляжыць выварацень — таполю паваліла ветрам, яе парэзалі на кавалкі, а корань застаўся. Узяўшы пілу, паклікаўшы Міхася, Васіль рушыў на агарод. Яны адпілавалі рагі ад вываратня, і атрымалася печыва дроў. Але што гэта былі за дровы! Успыхнулі як салома, не даўшы ніякага цяпла, і ледзь-ледзь удалося зварыць на вячэру бульбы.

Добра, што добра канчаецца. Бозя, відаць, збрыдзеў не аднаму Васілю. Вуліца, населеная чыгуначнікамі, адчула, што праз Бозю заціскаецца яе інтарэс, і на ўвішнага вартаўніка нехта напісаў заяву. Прыбыла камісія, факты пацвердзіліся. Бозя сапраўды паліў казённыя дровы, не шкадуючы. Пад бульбоўнікам, за куранём, у яго знайшлі аж два метры плашак. Мабыць, і Васілёва ляжала ў той незаконнай паляніцы.

Вартаўніка звольнілі, усё стала на месца. Васіль цягаў плашкі, пілаваў, сек, а начамі, прыхінуўшыся да цёплай грубкі, чытаў. Хутка і дрывяны клопат паменшаў, бо кантора, зважаючы на вялікія марозы, выпісала яшчэ тры метры дроў.

Мінула вайна з белафінамі, надыходзіла вясна. З харчам па-ранейшаму тугавата, і Васіль за зіму парадкам падупаў. Можа, таму, што занадта пераборлівы ў ядзе. Зусім не есць паранай бульбы, кіслых буракоў, ячменнага крупніку. Калі такія стравы маці ставіць на стол, абыходзіцца шклянкай малака і кавалкам хлеба. Затое меншыя браты сякуць без разбору. Міхась нават печаную бульбу кладзе ў сумку, калі збіраецца ў школу.

Скончылася трэцяя, самая доўгая, надакучлівая чвэрць. Васіль прынёс у дзённіку адны пяцёркі, а ў Міхася «добра» толькі па трох прадметах: па фізкультуры, спевах і маляванню. Па астатніх — «дрэнна». Дзіўны Міхась: давучыўся да чацвёртага класа, а не ведае, што ёсць расклад заняткаў. Калі збіраецца ў школу, кладзе ў сумку ўсе падручнікі.

Бацьку і маці выклікалі на бацькоўскі сход. Яны ніколі на такія сходы не хадзілі, а цяпер раптам загарэліся. Можа, таму, што Васіль канчае сёмы клас, а гэта значыць, будзе мець няпоўную сярэднюю адукацыю.

Усё з-за сходу і пачалося. На ім вельмі ўжо ўзносіў Васіля сам дырэктар школы. Называў лепшым вучнем, гордасцю школы. Пахвала на ўсё мястэчка. Бацьку дырэктар прысароміў: маеш, маўляў, такога сына, а худы ён у цябе, змарнелы, кепска апрануты.

Справіць Васілю абновы бацькі не маглі, гэта было адкладзена на восень. А папраўляць здароўе ўзяліся адразу. Назаўтра бацька спецыяльна схадзіў у краму і прынёс бляшанку какавы з наклееным на яе бліскучым ярлыком. Бляшанка была наканавана аднаму Васілю. У меншых шчокі і ад бульбы трашчаць. Калі Васіль раніцай збіраўся ў школу, маці зварыла і падала яму поўны кубак цудадзейнага напітку, які мусіў адразу ўзняць яго здароўе. Але з якой зайздрасцю глядзелі на гэты кубак меншыя браты! Васілю аж няёмка было піць пад іх прагнымі позіркамі.

Але ў той жа дзень папраўка Васілёвага здароўя і скончылася. Міхась прыходзіў са школы раней Васіля. Выкарыстаўшы хвіліну, калі маці выйшла з хаты, ён дастаў бляшанку з бліскучым ярлыком з верхняй палічкі, падгаварыў меншых братоў і ўтраіх лыжкамі выбралі бляшанку амаль да дна. Нават вадой не запівалі — з’елі какаву сухую.

Зрэшты, прыгрэла сонца, надышла сапраўдная вясна, маці пачала варыць шчаўе. Можна было паправіцца і без какавы.

Калі пачалі зацвітаць яблыні, стала відаць, што палавіна іх памерзла. Так і стаялі яны голыя, чорныя сярод суцэльнай зеляніны, пакуль іх не ссеклі, знішчыўшы памятку аб халоднай суровай зіме.

 

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 1. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1981. - с. 512-520
Крыніца: скан