epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Касцюм старэйшага брата

Мне было дваццаць гадоў, але я канчаў толькі сёмы клас вячэрняй школы. Так ужо здарылася, што парадкам запазніўся з навукай.

Той дзень, калі я ішоў здаваць пісьмовую матэматыку — самы адказны экзамен,— быў сонечны. Шапацелі маладой лістотай бярозы і таполі на школьным двары. Па двары гэтым хадзіў некалі мой старэйшы брат Вадзім. Даўно, болей як дзесяць гадоў назад. Тады тут была школа-дзесяцігодка. Цяпер жа — сямігодка, ды і то вячэрняя — для такіх недавучак, як я. Дзесяцігодку пабудавалі новую — у гарадку вырас каменны гмах на тры паверхі.

Ноч перад экзаменамі я спаў кепска. Лезлі ў галаву ўраўненні — з адным і двума невядомымі. Хутчэй за ўсё, задача будзе з імі. Адзін поезд выйшаў са станцыі А, другі, насустрач яму,— са станцыі Б. Будзе пару якіх-небудзь лічбін наконт хуткасці, часу ці адлегласці паміж станцыямі, і, калі ласка, рашы, калі паязды сустрэнуцца. Задачы, як галаваломкі, але настаўнік на кансультацыі намякаў, што дадуць, па ўсёй верагоднасці, іменна такія. Прынясуць з райана канверт з сургучнай пячаткай і перад класам зломяць сургуч... Настаўнік, вядома, рэшыць задачу...

Балела галава, апетыту не было. Але маці прымусіла мяне выпіць шклянку чаю і з’есці намазаную маслам скібку хлеба. На спінцы крэсла вісела адпрасаваная белая кашуля. У такіх кашулях заўсёды хадзіў здаваць экзамены брат Вадзім. Шчоўкаў іх, як арэшкі, нязменна прыносячы адны пяцёркі. У мяне ж пяцёркі ніколі не было. Праўдзівей, перад самай вайной адна была, але наконт яе нават брыдка прызнавацца. У пасведчанні за чацвёрты клас, якое я хацеў утаіць ад маці, бо мяне пакінулі другагоднікам, па ўсіх дзевяці прадметах стаяла «дрэнна». «Добра» было па фізкультуры і «выдатна» — па спевах. Не ведаю, чаму настаўніца, якая ні ў грош мяне не ставіла, раптам так высока ацаніла мой голас. Можа таму, што я гучней за ўсіх галёкаў на перапынках, а можа, проста хацела падбадзёрыць...

І цяпер у мяне адзнакі не зусім бліскучыя. Пераважна выратавальныя тройкі. «Добра» толькі па геаграфіі і гісторыі. Але мне іншы раз здаецца, што настаўнік перабольшыў мае веды па гэтых прадметах з-за страху: вечарам мы ідзём дамоў па адной вуліцы, а я ўдвая вышэй за яго ростам...

— Хоць бы на тройку, — прамовіла маці, калі я пачаў рассоўваць па кішэнях нарыхтаваныя малодшымі братамі і сястрой шпаргалкі па алгебры.

Яны перарашалі для мяне, мабыць, увесь задачнік. Брату шаснаццаць гадоў, але ён канчае дзевяты клас. Валя, сястра, з выгляду недарослая піскуха, але ходзіць, як і я, у сёмы. Вучыцца, вядома, не так, як Вадзім, але ўвогуле прыстойна.

Са сцяны пакоя на мяне пазірае Вадзім. Вочы злёгку прыплюшчаны і як бы пасміхаюцца. Маці зрабіла Вадзіму партрэт са звычайнай фотакарткі толькі сёлетняй вясной, хоць з таго дня, як прыйшло першае аб ім паведамленне, мінула нямала гадоў. Калі наш гарадок вызвалілі ад немцаў, мы доўга, можа, цэлага паўгода, чакалі ад Вадзіма лістоў. Потым пачалі пісаць самі. Нарэшце ў канцы вайны прыйшла надрукаваная на машынцы паперка, дзе паведамлялася, што Вадзім прапаў без вестак.

Я ўвесь гэты час амаль не вучыўся. Быў старэйшым у сям’і і пасля сканчэння вайны працаваў аглядчыкам вагонаў на вялікай станцыі, за сорак вёрст ад гарадка. Толькі пазалетась вярнуўся дадому. Сям’і не памагаў, бо сам ледзь зводзіў канцы з канцамі.

— Ты не спяшайся, а думай, думай,— зноў сказала маці.

Я хацеў агрызнуцца, але стрымаўся. Маці зла не жадае. Даўно ведае, што мне хочацца паступіць у школу памочнікаў паравозных машыністаў. Мае таварышы, з якімі разам хадзіў з доўгім малатком, абстукваючы вагонныя колы і бандажы вагонаў, ужо на паравозах. Але ў іх за плячамі адукацыя, сямігодка.

Увесь час, як дакор над маім сумленнем, стаіць прыклад старэйшага брата Вадзіма. У шаснаццаць гадоў ён скончыў дзесяцігодку з атэстатам выдатніка. З-за маладосці яго не хацелі браць у інстытут, а ён свайго дамогся. Хутка ўвялі плату за навучанне, стыпендыю плацілі толькі тым, хто займаўся добра. Многія, хто паехаў вучыцца разам з Вадзімам, вярнуліся дадому. А ён не вярнуўся, бо вучыўся бліскуча. З дому не браў ні капейкі і нават прывозіў сякія-такія падарункі маці.

Часта я нават злаваўся на Вадзіма. Ну няхай у яго прафесарская галава, але не ўсім жа быць такімі. Трэба каму-небудзь і аглядчыкам вагонаў укалваць. На адных беларучках свет не стаіць!.. Але чым далей, тым болей пачынаў я разумець, што мая злосць недарэчная.

Перавёўшыся на сваю станцыю, я паступіў у шосты клас. Пяты прапусціў — сорамна ў дваццаць гадоў хадзіць у пяты. Чытаў кожную вольную хвіліну, выракся пагулянак, за два гады ні разу не схадзіў у кіно. Але ў галаве ўсё адно страшэнная мешаніна.

— Здасі,— сказала маці, калі я выходзіў з дому.— Толькі не хвалюйся. Вадзім заўсёды ішоў на экзамен спакойны. Ён многа займаўся. Але ж і ты столькі сядзеў... Я нават дзівілася...

Не ведаю чаму, але па дарозе ў школу я думаў пра Вадзіма. Увогуле, я мала аб ім думаў, адразу паверыўшы, што ён загінуў. Маці, наадварот, не верыла. Колькі яна папісала ў розныя вайсковыя інстанцыі, жадаючы даведацца хоць што-небудзь пра старэйшага сына. Колькі папахадзіла, распытваючы тых, хто вярнуўся з арміі, з палону, каго рэпатрыіравалі з чужых краін. І ўсё марна. Ніхто пра Вадзіма нічога не ведаў.

Толькі з’ездзіўшы ў той горад, у інстытут, дзе Вадзім вучыўся, маці прывезла сякія-такія звесткі. Вадзім быў залічаны ў студэнцкі батальён і загінуў, хутчэй за ўсё, на пачатку вайны, у цяжкім сорак першым годзе...

Я прыйшоў у клас і сеў за парту. Зірнуў на сваіх таварышаў. Такіх, як я, пераросткаў было двое ці трое, астатнія — зялёныя хлапчукі, якіх вытурылі з дзённай школы за гультайства, курэнне і іншыя непрывабныя ўчынкі. Чамусьці я перастаў хвалявацца...

Задача была тая ж, якую прарочылі на кансультацыі: пра два паязды. Толькі яны выйшлі не насустрач адзін другому, а ўслед. У другога хуткасць была большая, ён мусіў дагнаць першы.

Для нагляднасці я намаляваў нават схему руху гэтых уяўных паяздоў. Склаў ураўненне. Падышоў настаўнік, зірнуў на мае практыкаванні і, усміхнуўшыся, адышоў. Ля другіх ён стаяў даўжэй, хмурыўся, нават маўкліва тыцкаў пальцам у лісткі.

Адным словам, спачатку я адчуў, што рашу задачу, а потым рашыў. Першы з усяго класа. Паклаў лісткі на стол. Асістэнт, маладая жанчына, прабегла маё рашэнне вачамі, і, мабыць парушаючы ўсе інструкцыі, уголас сказала: «Усё ў парадку». Клас — усе дваццаць вячэрнікаў адарваліся ад папер і глядзелі на мяне. Упершыню ў жыцці піў я вялікую слодыч пачуцця, якое, мабыць, добра ведаў мой брат Вадзім: радасць, задавальненне ад таго, што ты перамог...

Дадому я адразу не пайшоў. Блукаў па вуліцах, чамусьці рушыў на могілкі. Там магіла бацькі. Ён рана, калі мне было ўсяго гадоў восем, памёр ад сухотаў. Але думаў я не пра бацьку, а зноў пра Вадзіма. Я ўсё-такі быў вінаваты перад ім. Калі пачалася вайна, ён прыехаў да нас. Прывёз два вялікія чамаданы кніг і новы шавіётавы касцюм. Пакінуў на захаванне.

Кнігі, цішком выцягваючы з шафы, я прадаў у першы год пасля вайны. Цяжка было з харчаваннем. А калі падрос, некалькі разоў патрабаваў у маці братаў касцюм. Ён, як мне здавалася, вісеў без карысці. Але маці ні разу не дазволіла яго надзець. Нават слухаць не хацела...

Праз тры дні быў назначаны выпускны вечар. Нам мусілі выдаць на ім пасведчанні аб сканчэнні сямігодкі.

Калі я прыйшоў са станцыі дадому, каб апошні раз сабрацца ў школу, на спінцы крэсла вісеў сіні Вадзімаў касцюм.

— Надзень, сынок,— ціха сказала маці.— Насі яго. Ты ў нас старэйшы...

1970


1970

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 2. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1982. - с. 485-488
Крыніца: скан