epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Каштоўнасці, што не паддаюцца часу

Як неадольная патрэба нашага жыцця, прагучала на XXIV з’ездзе слова партыі аб выключнай ролі літаратуры і мастацтва ў барацьбе за розумы і сэрцы людзей, за ідэалы камунізма. У вялікім паходзе да светлай камуністычнай явы трэба дбаць пра чысціню нашай ідэйнай зброі, закліканай гартаваць светапогляд і характар савецкага чалавека, яго маральнае аблічча і адносіны да жыцця.

Вялікія перамогі і здзяйсненні на рахунку савецкага чалавека. Ён першы ў сусветнай гісторыі ажыццявіў найвялікшую сацыяльную рэвалюцыю, знішчыў свет эксплуатацыі і прыгнёту, паказаўшы сваім гераічным прыкладам дарогу іншым народам. На недасягальную вышыню ва ўсіх галінах гаспадаркі і культуры ўзняліся мы за гады Савецкай улады. Новы, сацыялістычны свет, пра які марылі, нараджэнне якога прадбачылі, навукова прадказалі геніі чалавецтва Маркс і Энгельс, свет, ля калыскі якога стаяў вялікі Ленін, стаў рэальнасцю ў нашай краіне. У горне велізарных пераўтварэнняў у бітвах за свабоду і незалежнасць сваёй Радзімы фарміраваўся новы савецкі чалавек, калектывіст па духу, патрыёт і інтэрнацыяналіст. Ён па-новаму думае і адчувае, па-новаму працуе і адносіцца да жыцця. Не вузкія эгаістычныя інтарэсы кіруюць яго паводзінамі і ўчынкамі, а шчырая, свядомая зацікаўленасць грамадскай справай, усім тым, што дзеецца ў вялікім свеце.

Літаратура — магутная зброя ў справе фарміравання характару савецкага чалавека, яго духоўнага аблічча, яго адносін да жыцця. Савецкая шматнацыянальная літаратура народжана сацыялістычнай рэвалюцыяй, савецкім, сацыялістычным ладам жыцця. Ленінізм узброіў літаратуру новага свету навуковымі рэвалюцыйнымі прынцыпамі партыйнасці і народнасці, ператварыў яе ў вялікую грамадскую сілу ў будаўніцтве сацыялізма. Кіруючыся метадам сацыялістычнага рэалізму, прынцыпамі партыйнасці і народнасці, пісьменнікі дапамагаюць партыі і народу ажыццяўляць гістарычныя задачы будаўніцтва камуністычнага грамадства.

Багацце сацыялістычнага рэалізму — метаду савецкай літаратуры і мастацтва — робіць яго самым перспектыўным мастацкім напрамкам сучаснасці, з’явай інтэрнацыянальнай. Не гаворачы ўжо аб краінах сацыялізма, дзе сацыялістычны рэалізм грунтоўна ўсталяваўся ў мастацтве, ён уплывае і на творчасць прагрэсіўных дзеячаў культуры капіталістычных краін.

Самыя выдатныя розумы мастацтва дваццатага стагоддзя: і тыя, каго Ленін называў «сацыялістамі пачуццяў», і тыя, хто пачынаў усведамляць, што Кастрычніцкая рэвалюцыя не з’яўляецца нейкім «бальшавіцкім эксперыментам», што яна вынік глыбінных гістарычных заканамернасцей і адкрывае перспектыву сацыялістычнага развіцця чалавецтва — Бернард Шоў і Генрых Ман, Герберт Уэлс і Рамэн Ралан,— з велізарнай увагай сачылі за ходам сацыялістычнага будаўніцтва ў Краіне Саветаў, неаднаразова выступалі ў яе абарону ад наскокаў і паклёпу міжнароднай рэакцыі.

Сёння мы з асаблівай увагай павінны падумаць аб тым, як і наколькі дзейсна служыць наша літаратура і мастацтва справе партыі, наколькі актыўная іх роля ў выхаванні новага чалавека, у сучаснай бітве ідэй. Мы не павінны забываць, што эстэтычная пазіцыя пісьменніка, мастака, кампазітара — гэта перш за ўсё яго партыйная, ідэйна-палітычная, класавая пазіцыя. Ленінскі тэзіс аб тым, што беспартыйнасць — гэта буржуазная ідэя, партыйнасць — ідэя сацыялістычная, не страціў свайго значэння і ў нашы дні. Абстаноўка абвостранай ідэалагічнай барацьбы, якая ідзе ў сучасным свеце, патрабуе павышэння адказнасці кожнага з нас за ідэйную чысціню і мэтанакіраванасць мастацтва.

Расшырэнне міжнародных культурных сувязей становіцца ў сённяшнім жыцці ўсё больш важным фактарам, які ўмацоўвае тэндэнцыю да мірнага суіснавання дзяржаў з розным грамадскім ладам. У той жа час гэта не азначае і не можа азначаць спынення або нават часовага прыпынку ў вострай ідэалагічнай барацьбе паміж сіламі сацыялізма і капіталізму.

Наша сацыялістычная культура, інтэрнацыянальная па сваёй сутнасці, няўхільна ўзбагачаецца прагрэсіўнымі, паводле выказвання У. І. Леніна, «дэмакратычнымі» і «сацыялістычнымі элементамі», уласцівымі кожнай нацыянальнай культуры. Па колькасці перакладаў з замежных моў Савецкая краіна займае адно з першых месц у свеце. Хіба гэта не з’яўляецца яркім сведчаннем нашай пільнай увагі да ўсяго лепшага, прагрэсіўнага ў сусветнай літаратуры?

Але мы ніколі не станем захапляцца абесчалавечаным, містыфікаваным буржуазным мастацтвам, якое, па сутнасці, служыць духоўнаму раззбраенню працоўных мас. Дэкадэнцкае, абстракцыянісцкае мастацтва як бы зыходзіць з ідэі марнасці чалавечых намаганняў, бяссэнсавасці чалавечага жыцця, нібыта поўнай адзіноты людзей, якая існуе спрадвеку.

Аб дэгуманізацыі сучаснай буржуазнай літаратуры з трывогай гавораць тыя пісьменнікі Захаду, для якіх дарагія традыцыі гуманізму, якіх хвалюе лёс чалавека на планеце.

Не прымаючы цалкам сацыялістычны рэалізм, некаторыя з заходніх пісьменнікаў выказваюць удзячнасць нашай літаратуры, нашым пісьменнікам за тое, як было сказана на ленінградскай сустрэчы пісьменнікаў адным з яе ўдзельнікаў, што яны «здолелі захаваць і абараніць ад разбурэння штосьці святое. Перш за ўсё высокае значэнне чалавека, святое з пункту гледжання этыкі, а не рэлігіі».

Тыя, хто адмаўляецца бачыць у простым чалавеку творцу гісторыі, тыя, хто лічыць, што ў тэрмаядзернай вайне можна ахвяраваць жыццём мільёнаў людзей — якія б гнеўныя словы ні гаварылі яны аб буржуазным мастацтве,— па сутнасці яднаюцца з гэтым мастацтвам у высакамернай знявазе да людзей працы.

Сёння мастацкае жыццё на Захадзе надзвычай складанае, супярэчлівае. Вельмі часта рэакцыйныя, цемрашальскія ідэі выступаюць пад сцягам духоўнага абнаўлення свету. Буржуазнае мастацтва сёння ўзвышае ўсё — секс, паталогію, самыя нізкія інстынкты. Паэтызуецца асоба рэфлексіўная, расслабленая, раздвоеная. Мадэрнісцкія пісакі сцвярджаюць, што няма ніякай аб’ектыўнай ісціны, што ўсе эпохі і стылі аднолькава добрыя, што пачварнае, агіднае мае нават перавагі перад прыгожым і высокім.

Як відаць з гэтага, нашаму рэалістычнаму, сацыялістычнаму мастацтву трэба абараняць духоўныя каштоўнасці чалавека ад наскокаў сучасных варвараў. Такім чынам, словы Максіма Горкага, звернутыя ў 30-я гады да творчай інтэлігенцыі свету: «З кім вы, майстры культуры?» — маюць сёння асабліва актуальнае значэнне.

Праціўнікі нашай літаратуры папракаюць нас у тым, што сацыялістычны рэалізм нібыта не лічыць праўду неабходнай умовай мастацкага адлюстравання жыцця, што служэнне сацыялістычнаму ідэалу нібыта прадугледжвае непазбежную дэфармацыю праўды, штурхае пісьменніка на тое, каб паказаць жыццё не такім, якое яно ёсць, а якім яго хацелася б бачыць. Беспадстаўнасць такіх папрокаў відавочная. Увесь вопыт савецкай літаратуры сведчыць, што для яе не існуе «забароненых зон», што крытыка недахопаў, адмоўных тэндэнцый у нашым жыцці ў ёй моцная і пастаянная.

Тут уся справа ў тым, якая партыйная пазіцыя пісьменніка, які ідэал асвятляе пісьменніку шляхі да праўды, куды пісьменнік заклікае чалавека, да якіх вывадаў прыводзіць чытача. У разуменні праўды мастацтва зліваюцца факт і яго ідэйна-эстэтычная ацэнка. Што-небудзь сцвярджаць ці адмаўляць можна па-рознаму, усё залежыць ад светапогляду, партыйнай пазіцыі пісьменніка, ідэалу, які яго натхняе.

У. І. Ленін у артыкуле «Партыйная арганізацыя і партыйная літаратура» з выключнай глыбінёй і яснасцю вызначыў характэрныя рысы літаратуры будучага сацыялістычнага грамадства як літаратуры свабоднай, сапраўды народнай, ідэйна звязанай з сацыялізмам, са служэннем найвялікшай справе — рэвалюцыйнаму пераўтварэнню свету.

«Гэта будзе свабодная літаратура,— пісаў У. І. Ленін,— таму што не карысць і не кар’ера, а ідэя сацыялізма і спачуванне працоўным будуць вербаваць новыя і новыя сілы ў яе рады. Гэта будзе свабодная літаратура, таму што яна будзе служыць не перанасычанай гераіні, не «верхнім дзесяці тысячам», якія сумуюць і пакутуюць ад ажырэння, а мільёнам і дзесяткам мільёнаў працоўных, якія складаюць цвет краіны, яе сілу, яе будучыню. Гэта будзе свабодная літаратура, якая апладняе апошняе слова рэвалюцыйнай думкі чалавецтва вопытам і жывой работай сацыялістычнага пралетарыяту...»

У нашы дні па-ранейшаму востра стаіць задача барацьбы за горкаўскую гуманістычную спадчыну, за гуманістычны сэнс класічнай літаратуры. Паводле ультрамодных, мадэрнісцкіх канцэпцый, наш час разглядаецца як «эра індывідуальнага самапаглыблення, уцёкаў мастака ад усяго сацыяльнага, калектыўнага». Як сцвярджае Д. Прыстлі, асоба сучаснага чалавека ў вышэйшай ступені «антыгуманістычная, бязлітасная». Гэтыя яе якасці, паводле Д. Прыстлі, выкліканы, з аднаго боку, уладай «падсвядомых індывідуалістычных імпульсаў», з другога — панаваннем «велізарных палітычных і сацыяльных калектываў, якія адбіраюць у чалавека рэшткі незалежнасці і свабоды».

Супярэчнасць паміж чалавекам і грамадствам ва ўмовах капіталізму буржуазныя ідэолагі імкнуцца паказаць, як нешта вечнае і непарушнае, бо, згодна з іх тэорыяй, гісторыя, як і прырода, унутрана нязменная, непахісная, нягледзячы на знешнюю рухомасць і чаргаванне падзей. Яны сцвярджаюць, што нібыта і камунізм стварае непазбежны канфлікт паміж чалавекам і грамадствам, у выніку якога асоба не можа быць свабоднай.

Ворагі сацыялізма імкнуцца вызначыць шлях духоўнай незалежнасці асобы ў ізаляцыі ад грамадскага асяроддзя, ад калектыву.

Буржуазныя, мадэрнісцкія плыні нашых дзён у тых ці іншых варыянтах распрацоўваюць пераважна эгацэнтрычную канцэпцыю чалавека. Рэальным і істотным у ёй з’яўляецца быццё асобнага чалавека, які, паводле такіх поглядаў, не можа адказваць за лёс калектыву, грамадства, ні ў якім выпадку не павінен ахвяраваць жыццём у імя неасабістых мэт.

Паслядоўнікі экзістэнцыялізму ў мастацтве лічаць, што каштоўнымі для чалавека могуць быць толькі яго перажыванні, пачуцці, эмоцыі. Але цікавіць іх не ўся ўнутраная, эмацыянальная сфера чалавечага жыцця, а толькі тыя пачуцці, якія маюць адносіны да так званай пагранічнай сітуацыі і экзістэнцыі — страх, адчай, адзінота, сум і г. д. Гэтыя пачуцці, як і паводзіны асобы ў вострыя, адказныя моманты жыцця, адрываюцца ад сацыяльных, гістарычных і іншых умоў выхавання чалавека, выдаюцца за нейкія апрыёрныя спосабы чалавечага існавання.

У 1962 годзе адбылася дыскусія «Праблемы гуманізму і сучасная літаратура», якая ў значнай меры садзейнічала далейшаму развіццю канцэпцыі сацыялістычнага гуманізму, яго горкаўскага разумення, згуртавала сілы для адпору фальсіфікатарскім тэорыям гуманізму, што вельмі пашыраны на Захадзе.

Адным з праяўленняў псеўдагуманізму з’яўляецца ідэалізацыя так званага маленькага чалавека, засяроджанага на дробных будзённых клопатах, адарванага ад грамадскага жыцця, яго вядучых плыняў. Ігнараванне гераічнага, народнага пачатку, сацыяльнай і грамадзянскай псіхалогіі народа, выхаванай на сацыялістычных маральных асновах, вядзе ў канчатковым выніку да здробненага паказу духоўнага свету асобы.

Вядома, што шлях савецкай літаратуры не быў лёгкім і простым, былі на гэтым шляху не толькі поспехі, здзяйсненні, а і памылкі, няўдачы. Але, бясспрэчна, напрамак руху літаратуры не мяняўся: яна ўсё больш, усё глыбей даследавала разнастайныя сувязі асобы і грамадства, адлюстроўвала зрухі ў грамадскай, сацыяльнай псіхалогіі асобы. Лепшыя творы нашай літаратуры ніколі не аддзялялі асобу, індывідуальнасць ад чалавека як істоты грамадскай.

Савецкая літаратура з першых крокаў свайго станаўлення была літаратурай рэвалюцыйнага гуманізму. Калі асаблівасцю гуманізму папярэдняй эпохі было спачуванне, спагада да прыгнечанага, абяздоленага народа, жаданне палепшыць яго лёс, то рэвалюцыйны, сацыялістычны, «актыўны», паводле выказвання Горкага, гуманізм у першую чаргу звязаны з «актыўным непрыняццем усякай пакуты, асабліва пакуты, выкліканай сацыяльна-эканамічнымі прычынамі».

Змест, які мы сёння ўкладваем у паняцце гуманізму, не можа не вынікаць з гістарычнага вопыту рэвалюцыйнай барацьбы народных мас за сваё сацыяльнае і нацыянальнае разняволенне. У рухомай, гістарычнай катэгорыі гуманізму сацыяльнае і маральна-этычнае заўсёды знаходзілася ў складаных, узаемна актыўных узаемаадносінах. Сацыялістычны гуманізм, які складае маральную аснову дзейнасці будаўнікоў камуністычнага грамадства, зыходзіць з таго, што не спачуванне, не жаль, не спагада да чалавечай асобы можа прывесці яе да рэальнага шчасця, а толькі дзейнасць народных мас, якія ўсведамляюць сябе гаспадарамі, творцамі гісторыі, а значыць, і будаўнікамі ўласнага шчасця. Сацыялістычны гуманізм усёчалавечны ў самым сапраўдным сэнсе слова, бо звернуты да працоўных мас усяго свету, да ўсіх людзей добрай волі. Ва ўмовах савецкага жыцця не можа быць шчасця асобнага чалавека без агульных здабыткаў калектыву, грамадства. Таму для савецкага гуманізму характэрна сувымярэнне лёсаў асобы і грамадства, свету, імкненняў чалавечай індывідуальнасці з паступальным рухам гісторыі.

Асновы рэвалюцыйнага, сацыялістычнага гуманізму закладваў Максім Горкі. Горкаўскі погляд на чалавека вызначаецца тым, што ўяўнаму гуманізму, які прапаведвае ўсеагульнае прымірэнне, усеагульную любоў, гуманізму, што апелюе толькі да такіх пачуццяў, як жаль, спачуванне, супрацьстаўлены гуманізм дзейсны, актыўны, на сцягу якога — заклік да бязлітаснай барацьбы супраць усяго, што прыніжае чалавека як у ім самім, так і ў сацыяльным жыцці. Вуснамі машыніста Ніла з драмы «Мяшчане» была выразна выказана думка аб прызначэнні чалавека дзейсна пераўтвараць жыццё ў адпаведнасці з высокімі гуманістычнымі ідэаламі.

Ва ўмовах вострай ідэалагічнай барацьбы, якая адбываецца ў сённяшнім свеце, праблема чалавека стаіць на першым плане. Здольны чалавек уплываць на развіццё гістарычных падзей, сусветнага працэсу ці ён толькі непрыкметная пылінка, раб стоеных у ім самім неадольных страсцей, цацка ў руках сляпых сіл лёсу? Гэта пытанне не абстрактнае, адказ на яго абумоўлівае напрамак развіцця літаратуры, яе грамадскае значэнне, роль і ступень яе ўплыву на ход развіцця гістарычных падзей. Таму, паўторымся, пытанне М. Горкага: «З кім вы, майстры культуры?» — і сёння мае першараднае палітычнае значэнне.

Палітычны прынцып М. Горкага вытрымаў выпрабаванне часам, бо эстэтычныя, літаратурныя праблемы ў рэшце рэшт вядуць да вызначальнай праблемы эпохі — адносін да сацыялістычнай перспектывы развіцця свету. Развіццё чалавека, яго няўхільны духоўны рост магчымы толькі ў імя людзей, але і развіццё грамадства магчыма толькі праз чалавека, у імя ўзбагачэння духоўнага патэнцыялу асобы — у гэтай дыялектыцы чалавека і чалавецтва найвышэйшыя гуманістычныя прынцыпы і эстэтычныя ідэалы камунізма, ідэал нашай савецкай літаратуры.

1969


1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 113-120
Крыніца: скан