epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Кніга адкрывае свет

Дзяцінства... Яно, здаецца, пачынаецца з той пары, калі чалавек становіцца нагамі на зямлю і робіць па ёй свае першыя крокі. І хоць гэты маленькі грамадзянін ведае пакуль яшчэ нямнога слоў, вымаўляючы іх на свой манер, але ён ужо адкрывае для сябе свет.

У кожнага, каму пяць, шэсць, восем, дзесяць гадоў, паяўляюцца тысячы сваіх «чаму?». На гэтыя «чаму?» адказваюць тата, мама, школа і, нават у дашкольным узросце, кніга. Неяк у вядомага савецкага педагога-наватара Антона Сямёнавіча Макаранкі маладая маці запытала, з якога часу патрэбна пачынаць выхаванне яе сына.

— А колькі вашаму сыну? — у сваю чаргу спытаў Макаранка.

— Два тыдні.

— У такім выпадку, грамадзяначка, вы спазніліся з выхаваннем свайго сына роўна на два тыдні.

Гэта, вядома, жарт. Але ў ім ёсць свая логіка і свая праўда. Калі мы гаворым, што чалавек перш за ўсё сацыяльная адзінка, прадукт грамадскіх адносін, то павінны прызнаць і тое, што фарміраванне яго характару, свядомасці пачынаецца з самых ранніх гадоў.

Дзяцінства — цэлая эпоха ў жыцці чалавека, прычым незабыўная, непаўторная эпоха. Тое, што мы называем дзяцінствам, канчаецца недзе на рубяжы пятнаццаці-шаснаццаці гадоў. Але які багаты набыткамі гэты перыяд жыцця! Дружба, таварыскасць, любоў да Радзімы, да працы, да ўсяго жывога на зямлі, погляды на сябе як на адзінку калектыву, пэўныя этычныя і эстэтычныя погляды, асновы навукі і ў пэўным сэнсе светапогляд, нарэшце, бясконцыя летуценні, мары, якія пазней выльюцца ў выбар жыццёвага занятку,— усё гэта прыходзіць яшчэ ў дзяцінстве і падхопліваецца, працягваецца крылатым юнацтвам. Самая паэтычная, самая багатая на набыткі, на ўражанні і вельмі важная ў сэнсе выхавання будучага грамадзяніна — гэта пара дзяцінства.

Дзеці — наша жывая будучыня. Праз пятнаццаць, дваццаць, дваццаць пяць гадоў тыя, хто сёння гаманлівай талакой ідзе ў школу, хто дзярэ штаны, гайсаючы па дахах за галубамі, хто садзіць дрэўцы і хто іх іншы раз яшчэ ломіць, хто страляе і не страляе з рагатак,— адным словам, усе дзеці з добрымі і не зусім добрымі паводзінамі прыйдуць у жыццё гаспадарамі. Гэта наша змена. Яна, кажучы словамі вядомага паэта, будзе «службу галоўную несці».

Не прыходзіцца спрачацца, што ад таго, як будзе выхавана гэтая змена, гэтыя новыя пакаленні будаўнікоў камунізма, залежыць нямала.

Мы з’яўляемся ўдзельнікамі, сведкамі тытанічнай стваральнай работы, якая адбываецца ў нашай краіне. Камуністычная партыя, Савецкі ўрад аддаюць велізарную ўвагу пытанням выхавання падрастаючай змены. Гэтыя пытанні асабліва востра паўстаюць сёння, калі адбываецца перабудова школы, калі яна рашуча паварочваецца тварам да жыцця, да яго запатрабаванняў. Сёння школа становіцца той асноўнай кузняй кадраў, адкуль ідзе папаўненне рабочага класа і калгаснага сялянства.

У гэтых новых умовах паўстаюць новыя задачы перад дзіцячай літаратурай. Перад ёй адкрываюцца новыя далягляды, новыя неасвоеныя паэтычныя мацерыкі. Мы закліканы выхоўваць бадзёрую, жыццястойкую моладзь, якая ўсім сэрцам будзе любіць сваю Радзіму, свой народ, усё вольналюбівае чалавецтва. Нашы дзеці, выходзячы ў жыццё, не павінны баяцца ніякай працы, мы хочам іх бачыць праўдзівымі, культурнымі, высакароднымі людзьмі, надзеленымі глыбокай верай у будучыню, людзьмі з моцнай воляй і цвёрдым характарам. Мы хочам, каб у нашых дзяцей былі ясны розум і чулае, гарачае сэрца, здольнае захапіцца крылатай марай. Чалавек камуністычнага грамадства ўяўляецца нам гарманічнай, усебакова развітай асобай. Ён фарміруецца ўжо сёння, ён сярод ударнікаў брыгад камуністычнай працы, сярод перадавых людзей сённяшняга жыцця. Такімі мы жадаем бачыць сваіх дзяцей. Такімі іх павінны выхоўваць сям’я, школа, піянерская і камсамольская арганізацыі і, нарэшце, дзіцячая літаратура.

Пачынаючы размову аб беларускіх кнігах прозы для дзяцей, якія выйшлі за апошнія два-тры гады, хочацца перш за ўсё спыніцца на тым, як гэтыя кнігі выконваюць сваю вялікую выхаваўчую місію, наколькі паўнакроўна адлюстроўваюць яны подых нашага жыцця, сучаснасці, як глыбока здольны яны ўзрушыць розум і сэрца свайго шматлікага чытача.

Дзіцячая літаратура — неад’емная частка вялікай літаратуры, скідак на «малады» ўзрост ёй не дадзена, яна грунтуецца на ўсіх тых законах, што і ўся мастацкая літаратура. Ёсць, вядома, у дзіцячай кнігі свая спецыфіка, свае адметныя асаблівасці. В. Р. Бялінскі пісаў: «Для дзяцей прадметы тыя ж, што і для дарослых, толькі выкладзеныя адпаведна з іх разуменнем, а ў гэтым і хаваецца адзін з важнейшых бакоў гэтай справы».

Дзіцячы пісьменнік мае справу з чытачом, перад якім толькі пачынае раскрывацца свет і жыццё, яго веды абмежаваны. Пісьменнік нібы бярэ свайго малога чытача за руку і вядзе яго па складаных жыццёвых дарогах і пуцявінах. Размаўляе ён з ім сур’ёзна, стала, не імкнучыся ўсё да канца разжаваць, бо ў яго апанента дапытлівы розум, жывая фантазія, ён умее сам многае дадумаць. Чытач гэты даверлівы, крыху просталінейны, у яго шчырая, непасрэдная душа, але ён не пацерпіць маны, фальшу, прытворства і адразу закрывае кнігу, калі знойдзе ў ёй такія якасці.

Спецыфіка дзіцячай кнігі, такім чынам, вынікае з узросту чытача, з патрабаванняў дзяцей. Дзіцячая літаратура разам з гэтым павінна быць педагагічнай. Але педагагічнасць, выхаваўчасць усякага, і ў тым ліку дзіцячага, твора павінна спалучацца з мастацкасцю. Напісаць дзіцячую кнігу — зусім не азначае прыстасаваць, прывязаць тыя ці іншыя педагагічныя задачы да злепленых на скорую руку вобразаў, прымірыць дыдактыку, голае павучанне з мастацтвам. Такога суседства ў сапраўдным творы быць не можа. Менавіта пра «рахітычныя», поўныя голага дыдактызму кнігі пісаў Д. І. Пісараў: «Спецыяльная дзіцячая літаратура заўсёды і ўсюды складае і будзе складаць адну з самых мізэрных, самых фальшывых і самых непатрэбных галін агульнай літаратуры».

Д. І. Пісараў меў перад сабой галоўным чынам літаратуру «другога гатунку». Вопыт класікаў, якія пісалі для дзяцей, створаная савецкімі літаратарамі «вялікая літаратура для маленькіх» даўно абвергнулі думку, што дзіцячая кніга — гэта кніга ніжэйшага гатунку. Нашай дзіцячай класікай сталі творы С. Маршака, А. Гайдара, В. Катаева, М. Ільіна, Б. Жыткова, М. Прышвіна, К. Чукоўскага, В. Біянкі і інш.

Значныя здабыткі, традыцыі мае беларуская дзіцячая літаратура. Для ўдзячнага маладога чытача пісалі Янка Купала, Якуб Колас, Цётка, Змітрок Бядуля, Кузьма Чорны, Міхась Лынькоў. У нас ёсць «спецыяльныя», прызнаныя і любімыя чытачом дзіцячыя пісьменнікі. На творах Янкі Маўра, напрыклад, выхоўвалася не адно пакаленне нашых школьнікаў.

Вопыт нашай, калі можна так сказаць, дзіцячай класікі наглядна сведчыць, што пісьменнік павінен валодаць цудоўным і рэдкім дарам, глядзець на навакольны свет вачамі дзіцяці, быць шчыра зацікаўленым усім тым, што цікавіць дзяцей, быць непасрэдным у сваіх пачуццях, у сваім хваляванні. Менавіта так напісаны «Палескія рабінзоны» Янкі Маўра, «Міколка-паравоз» Міхася Лынькова, «Міхасёвы прыгоды» і «Страшнае спатканне» Якуба Коласа, «Мурашка-палашка» і «Сярэбраная табакерка» Змітрака Бядулі, многія дзіцячыя творы Івана Шамякіна, Янкі Брыля, Андрэя Александровіча, Алеся Якімовіча, Паўла Кавалёва, Усевалада Краўчанкі, Аркадзя Чарнышэвіча, Івана Грамовіча, Міколы Лупсякова і многіх іншых нашых пісьменнікаў, у творчасці якіх ёсць «дзіцячая» паласа.

Не трэба забываць і таго, што дзесяткі добрых кніг, якія спецыяльна для дзяцей не пісаліся, увайшлі ў бібліятэку дзіцячага чытання. Асабліва ў выгодным становішчы старэйшы ўзрост. «Дрыгву» Я. Коласа ахвотна чытаюць, напрыклад, і дзеці сярэдняга ўзросту і ўсё разумеюць, бо ўсё ў гэтым творы празрыста, ярка, вобразна. Нездарма некалі К. Станіслаўскі гаварыў: «Пісаць для дзяцей трэба гэтак жа, як і для дарослых, толькі лепш».

Большасць беларускіх апавяданняў і аповесцей для дзяцей, напісаных або выдадзеных за апошнія два-тры гады, выразна прыгодніцкага характару. У іх аснову пакладзены незвычайныя падзеі, выключныя абставіны, у якія трапляюць героі, і наогул розныя цікавыя здарэнні. Сам па сабе займальны, напружаны сюжэт, калі ён дастаткова псіхалагічна і жыццёва матываваны, вельмі падыходзіць для дзіцячай кнігі. Для яе амаль абавязковае дынамічнае, напружанае развіццё дзеяння. Дзеці любяць усё яркае, выключнае, незвычайнае. Незвычайнае, новае ім бліжэй да сэрца, чым тое, з чым яны сутыкаюцца кожны дзень. І гэта зразумела. Чалавек па прыродзе сваёй шукальнік, а на дзіцячы ўзрост прыпадае найбольшая колькасць «адкрыццяў».

Не дзіўна таму, што ў свае творы з самай разнастайнай тэматыкай пісьменнікі імкнуцца ўнесці элементы прыгодніцтва, незвычайнасці, займальнасці. І нічога страшнага тут няма, калі выключнае, яркае вынікае з самой логікі развіцця падзей і характараў, калі яно не прывязваецца сілком да звычайнага, «сумнага» матэрыялу. Але ў нас вельмі часта здараецца так, што пошукі прыгод, незвычайнага становяцца самамэтай, што аўтары дзіцячых кніг ледзь не ў кожным ляску знаходзяць нейкія таямнічыя пячоры, у якіх хаваюцца шпіёны, дыверсанты ці, у лепшым выпадку, крымінальнікі, зладзеі, якіх нарэшце і выводзяць на чыстую ваду маладыя, праніклівыя героі.

Так нараджаецца звычайны дэтэктыў, разбаўлены ружовай вадзіцай маралізатарскіх разважанняў, укладзеных у вусны не па гадах мудрых герояў. Кніг з яўным нахілам да дэтэктыву ў нас проста зашмат. Без ніякай шкоды для высакароднай справы выхавання падрастаючага пакалення іх колькасць можна грунтоўна скараціць.

Вядома, дзіцячая кніга павінна выхоўваць пільнасць, нянавісць да ўсялякіх прайдзісветаў і шкоднікаў. Але, глытаючы адну за адной кнігі, дзе пільныя героі выкрываюць цёмных асоб, неспакушаны малады чытач можа прыйсці да сумнага вываду, што наша жыццё перапоўнена рознымі зладзеямі, жулікамі, прайдзісветамі.

Пра мастацкія вартасці падобнай літаратуры не прыходзіцца гаварыць. Найчасцей гэта танная падробка пад белетрыстыку, дзе на кожным кроку кожны герой можа зрабіць вокамгненнае сальтамартале, дзе з сюжэтам аўтар паступае, як пастух з доўгай пугай: хоча — лясне, каб аж пошчак пайшоў, хоча — проста так цягне на плячы. Усё ў яго ўладзе.

Ужо гаварылася, што прыгодніцкі жанр можа ўвабраць у сябе самы разнастайны жыццёвы матэрыял. У «Палескіх рабінзонах», напрыклад, Янка Маўр адкрывае для ўдзячнага чытача невядомы дагэтуль дзівосны свет нашага Палесся, з яго багацейшай флорай і фаунай, з яго загадкамі, «белымі плямамі». Пісьменнік малюе глыбока чалавечыя, сімпатычныя вобразы двух савецкіх юнакоў, якія, надзейна ўзброіўшыся ведамі звычайнай сямігодкі, выстаялі ў барацьбе адзін на адзін з прыродай. Дэтэктыўны ход паяўляецца ў гэтай аповесці ў самым канцы, але ён тут заканамерны, не прыцягнуты, як кажуць, за вушы.

Не парушаюць, як нам здаецца, жыццёвай праўды незвычайныя прыгоды маладога мінчаніна Андрэйкі і яго пабраціма карэйца Кана з аповесці Юрыя Багушэвіча «Дерево дружбы». Пісьменнік расказвае аб барацьбе карэйскага народа за сваю свабоду і незалежнасць, аб вайне, у якой магчымы самыя неверагодныя сітуацыі. Маючы на мэце расказаць свайму чытачу пра далёкую Карэю, абудзіць пачуцці дружбы да яе народа, пісьменнік дае многа цікавых, карысных звестак аб побыце і звычаях карэйцаў, аб геаграфіі, гісторыі краіны.

Не ўсё, вядома, у аднолькавай ступені ўдалося пісьменніку. Шмат у аповесці саладжавасці, сентыментальнасці, скорагаворкі, невыразная падчас мова, але ўсё ж юны чытач прачытае гэтую кнігу з карысцю для сябе.

Добрую службу служыць школьніку першая кніга Уладзіміра Мехава «Сцяг над рэўкомам». У нас яшчэ вельмі мала дзіцячых твораў, якія б раскрывалі рамантыку і героіку рэвалюцыі, расказвалі падрастаючаму пакаленню аб тых, хто сваёй барацьбой заваяваў сённяшняе шчаслівае жыццё.

У кнізе У. Мехава расказваецца пра дзейнасць вядомых бальшавікоў Берсана і Мяснікова, якія працавалі ў гады рэвалюцыі і грамадзянскай вайны ў Мінску, пра іншых, радавых байцоў рэвалюцыі. Гістарычныя факты перамешаны ў кнізе з вымыслам, які, аднак, не супярэчыць жыццёвай, гістарычнай праўдзе. Мы верым пісьменніку, бо ўсё тое, што ён расказаў нам пра Берсана, аб яго падпольнай барацьбе, аб прошуках варожых агентаў, што палявалі за рэвалюцыянерам-бальшавіком, магло быць. Учынкі, паводзіны героя тут матываваны, асяроддзе, у якім ён дзейнічае, мае ў сабе многія рысы жывой, гістарычнай рэальнасці.

Па іншым, не зусім правільным шляху, думаецца, пайшоў У. Мехаў у сваёй другой кнізе «Апошняя яўка». Пісьменнік меў намер расказаць пра слаўнага чэкіста, аднаго з рыцараў рэвалюцыі Апанскага, які таксама працаваў у Мінску і імем якога, як Мяснікова і Берсана, названа адна з вуліц горада. Калі гаварыць аб мове і іншых стылёвых сродках аповесці, то варта прызнаць пэўны рост маладога пісьменніка. Мова яго стала больш празрыстая, маляўнічая, манера расказваць — больш лаканічная, стрыманая.

Але для раскрыцця вобраза Апанскага пісьменнік абраў найкарацейшы, найлягчэйшы шлях. Падзеі, пададзеныя ў аповесці, адбываюцца ў першыя гады Савецкай улады на Беларусі. Чэкісты, і ў тым ліку Апанскі, вядуць зацятую барацьбу з рэшткамі белагвардзейскіх і нацыяналістычных банд, якія час ад часу пранікаюць на савецкую зямлю, каб шкодзіць, парушаць мірнае жыццё, што толькі-толькі пачало ўсталёўвацца. Апанскі (ён намеснік паўнамоцнага прадстаўніка ўпраўлення АДПУ па Заходняму краю) даведваецца аб тым, што мяжу збіраецца перайсці закляты вораг рэвалюцыі, вопытны авантурыст і прайдзісвет Смалян. Чэкістам вядома, куды прыйдзе Смалян, калі толькі прыйдзе. Яны пільна стаяць на варце заваёў рэвалюцыі. Здавалася б, вораг трапіць у жалезнае кальцо, у пастку, адкуль яму не выбрацца.

Але тут і пачынаецца незразумелае. Апанскі наважваецца сам пайсці на хутар, куды мусіць з’явіцца вораг. Навошта гэта? Можа, чэкіст хоча выведаць нейкія тайныя намеры ворага, планы тых, хто яго паслаў? Але гэтага не адбываецца: нічога новага, чаго б ён не ведаў раней, Апанскі, пераўвасоблены ў Казарынава, не даведваецца. На вачах у чытача адбываецца меладраматычны паядынак паміж Казарынавым і Смалянам. Паводзіны чэкіста не матываваны неабходнасцю. Ясна, што Смаляна можна было арыштаваць і без гэтага паядынку: хутар акружаны, яўка ворага ў Мінску вядома.

Пісьменнік пайшоў услед за пампезнай эфектыўнасцю, паставіў свайго героя ў позу, надзяліў яго рысамі непатрэбнага ўхарства.

Нядаўна выйшла ў свет аповесць Міколы Ваданосава «Пабярэжцы». Першыя старонкі давалі падставу спадзявацца, што пісьменнік узяўся за цікавую тэму аб школьніках, аб іх адпачынку і вучобе, аб станаўленні маладых характараў. У першых раздзелах нямала паэтычных, цёплых малюнкаў, добрых псіхалагічных знаходак, якія раскрываюць прывабны свет дзяцей. Але, як кажуць, чым далей у лес, тым болей дроў.

Героі аповесці — Федзя, Алесь, Валодзя, Галя — ідуць у лес шукаць лася, якога нехта запёр у забытай цэркаўцы і якога яны ненарокам выпусцілі. І тут пачынаюцца іх неверагодныя прыгоды. Па волі аўтара дзеці становяцца дасціпнымі Шарлок Холмсамі, яны выкрываюць паліцая Паўла. Справа ў тым, што набытак шпіёна ў жалезнай скрынцы таксама знаходзіцца на дне возера і на яго паквапіўся прагавіты Павел, таму ён і забіў шпіёна.

У аповесці нічога не змянілася б, каб Павел забіў яшчэ некалькіх шпіёнаў, а дзеці пайшлі ў наступныя паходы, бо аўтар меў выразны намер паказытаць юнаму чытачу нервы, уразіць яго каскадам незвычайных прыгод.

Добрая задума пакладзена ў аснову аповесці Хв. Жычкі «Каштанавы «Масквіч». Аўтар меўся расказаць пра жыццё сённяшняй школы, у цэнтры яго ўвагі пытанні маральныя, выхаваўчыя. У аповесці ёсць свой драматызм, свой канфлікт. Героі яе перажываюць і радасць і гора. Адным словам, многія старонкі, эпізоды напісаны цікава, яны займальныя і ў той жа час псіхалагічна праўдзівыя. Але і Жычка пагнаўся за незвычайнымі прыгодамі, і гэта вельмі шмат нашкодзіла аповесці.

Школьнік Валя перабег вуліцу ў забароненым месцы, і праз гэта каштанавы «Масквіч» рэзка затармазіў і сутыкнуўся з аўтобусам. Валя ведае, што аварыя адбылася па яго віне, і пакутуе. Але ў хлопчыка не стае мужнасці прызнацца ў школе ці дома ў сваёй віне. Больш таго, ён уцякае ад адказнасці, калі даведваецца, што праз яго пацярпеў чалавек, шафёр. Вельмі добры, праўдзівы пачатак.

На жаль, далей усё закруцілася, як у шалёным танцы. Аўтар павёў свайго героя па шляху незвычайных прыгод. Раптам паяўляюцца двое зладзеяў-рэцыдывістаў, і абодва са шрамамі на твары. Яны заблыталі ў свае сеткі Валевага сябра Пецю, Валя за яго заступіўся, хлопчыка парнулі нажом у бок, і вось літаральна праз два дні пасля аварыі з «Масквічом» Валя трапляе ў тую самую палату, дзе ляжыць шафёр (хоць дзеці, здаецца, разам з дарослымі і не ляжаць).

І яшчэ не ўсё. Шафёр з «Масквіча», аказваецца, найлепшы сябар Валевага бацькі, яны разам уцякалі на самалёце з нямецкага палону, разам партызанілі. Адным словам, у невялікай аповесці памерам у 2,5 друкаваных аркушы столькі прыгод, столькі нечаканых сустрэч і сутыкненняў, што іх хапіла б на тоўсты авантурны раман. Падзеі развіваюцца імкліва, аж шуміць увушшу.

Некалі Чэхаў жартаваў, што калі ў першым акце на сцяне вісіць ружжо, то ў апошнім яно павінна стрэліць. У аповесці такіх стрэльбаў не менш як пяць, і ўсе яны к канцу бабахнулі, проста аглушыўшы маленькага чытача. Верагоднасці, праўдзівасці ва ўсіх прыгодах Валі Азарчыка мала, а без праўды жыцця няма і праўды мастацкай.

З першай аповесцю для дзяцей «Вальс Грыбаедава» выступіў Барыс Бур’ян. Кнігу гэтую, бадай, нельга назваць цалкам прыгодніцкай. У яе аснове маральны паядынак паміж савецкім хлопчыкам Сярожам, дзяўчынкай-полькай Эвай і фашысцкім афіцэрам П’ерам Дыстэлем, у мінулым французскім грамадзянінам. П’ер Дыстэль лічыць, што галоўнае ў жыцці — своечасова прыстасавацца, што можна служыць хоць самому д’яблу, абы дабіцца поспеху.

Маленькія героі Сярожа і Эва глядзяць на свет чыстымі вачамі, у іх шчырыя сэрцы, якія належаць толькі іх Радзіме. І яны перамагаюць. Чытаецца аповесць з цікавасцю і пакідае ў цэлым добрае ўражанне. Бракуе ёй, бадай, толькі празрыстасці, яснасці задумы. Юны чытач, якому адрасавана кніга, бадай, не заўсёды разбярэцца ў даволі складаных, а падчас і цьмяных этычных паралелях, намёках, якія трапляюцца ў аповесці.

Прыемна адзначыць тую акалічнасць, што ў апошнія гады стала больш паяўляцца дзіцячых кніг аб нашай сучаснасці, аб працы ў калгасе і на заводзе, аб удзеле школьнікаў у працы. Такіх кніг патрабуе ад нас само жыццё.

Мне здаецца, што пісаць аб звычайным, будзённым значна цяжэй, чым аб прыгодах якога-небудзь Пеці або Шуры, якія разам з піянерскім атрадам накіраваліся ў падарожжа па цікавых мясцінах і заначавалі адны ў цёмным лесе, ненарокам адбіўшыся ад сяброў. Аўтар прыгодніцкай кнігі можа разлічваць на пэўную цікавасць да яе, бо нават калі твор у мастацкіх адносінах недасканалы, ён можа прыцягнуць увагу юнага чытача навізной матэрыялу, новымі ўражаннямі.

Убачыць паэзію ў звычайным і данесці яе да чытача нялёгка. Трэба мець вялікі жыццёвы вопыт і немалы талент, каб юны чытач захапіўся апавяданнем ці аповесцю пра МТС, паляводчую брыгаду, панчошна-трыкатажны цэх. Падлетак сярэдняга ўзросту марыць пра палёт на Марс, захапляецца Жуль Вернам, а яму прапануюць апавяданне пра тое, як звеннявая Каця дамаглася высокага ўраджаю льну. Справа тут у саміх уяўленнях падлеткаў, у іх псіхалогіі. Падлеткі сярэдняга ўзросту, гэтыя юныя Чапаевы і Матросавы, прызнаюць пераважна толькі той подзвіг, які здзейснены славутымі людзьмі. Поспех, дасягнуты без рызыкі для жыцця, без рамантычных і таямнічых абставін, пры якіх ён здзейсніўся, не поспех для дванаццацігадовага рамантыка.

І ўсё ж добрыя, цудоўныя дзіцячыя кнігі пра звычайнае былі, ёсць і будуць. Трэба дамагацца, каб іх станавілася ўсё больш і больш. А ўвесь творчы сакрэт такіх кніг, мабыць, ва ўменні пра звычайнае расказаць незвычайна, разгледзець цудоўнае, прывабнае за знешнім абліччам будзённага. Тут ужо толькі займальны сюжэт не выратуе.

У аповесці Алеся Рылько «Мядовыя краскі» няма нічога незвычайнага. Падзеі, апісаныя ў ёй, адбываюцца ў ціхай, нічым асабліва не прыкметнай вёсцы. Героі аповесці — хлопчык Міхаська, яго сябры, іх дарадчык і найлепшы сябар дзед Нупрэй. Вось гаманлівая талака пайшла з дзедам у лес рабіць мянташкі для кос, напаткала вожыка, бачыла нару крата. Потым рабіла грабелькі, касіла, ладзіла домікі для пчол, памагала сваім бацькам-калгаснікам. Такая знешняя інтрыга, якая дала магчымасць пісьменніку напісаць паэтычную, захапляючую аповесць.

Але колькі ва ўсім гэтым глыбіні, жыццёвай праўды, паэтычнай прывабнасці! Пісьменнік разумее, што характар чалавека, яго ўнутраны свет, адносіны да жыцця пачынаюць складвацца з самай ранняй пары. Маленькія героі аповесці глядзяць на жыццё сур’ёзна, і мы верым, што іх не прывабіць лёгкі поспех. Яны ведаюць, як расце хлеб, колькі працы трэба прыкласці, пакуль белай квеценню аздобіцца яблыня, ведаюць, што салодкі мёд паяўляецца ў вуллі не проста так.

Чытач бачыць, як растуць маленькія савецкія грамадзяне, людзі, што з першых гадоў сваіх пачынаюць разумець добрае і благое. Гэта ўвойдзе ў іх душы назаўсёды, стане іх натурай.

Пісьменнік не хавае ад сваіх герояў супярэчнасцей, складанасці жыцця, прымушае іх задумвацца над сур’ёзнымі пытаннямі.

Алесь Рылько здолеў намаляваць у сваёй аповесці рамантыку будняў. Ён знайшоў паэзію ў паўсядзённым жыцці, працы. Аповесць «Мядовыя краскі» — сур’ёзнае дасягненне нашай дзіцячай літаратуры.

Па-сапраўднаму радуе і хвалюе тоненькая кніжачка апавяданняў Васіля Хомчанкі «Наша вячэра». Усё тут празрыста, проста, шчыра, без надакучлівай дыдактыкі і рэзанёрства. Усе змешчаныя ў зборніку апавяданні выклікаюць светлыя, чалавечыя пачуцці. Творы Васіля Хомчанкі вельмі кароценькія, кожны сказ, слова ў іх нібы ўзважаны, апрабаваны на ёмістасць, трываласць, паэтычнасць. Ніводнай фразай не ўмешваецца пісьменнік у ход развіцця падзей, нічога не падказвае і не навязвае свайму чытачу. Усё ясна і без гэтага.

Вось апавяданне «Дарагі падарунак». У ім шчыра і проста расказваецца, як маленькі хлопчык Сяргейка спаткаўся з Леніным. Сяргейка збіраецца ў школу і сур’ёзна заклапочан тым, што ў яго няма кніжкі, буквара. З дзіцячай наіўнасцю і непасрэднасцю ён расказвае аб усім гэтым Леніну, спаткаўшы яго ў парку. Пры наступнай сустрэчы з вясковай дзятвой Ленін дае Сяргейку буквар.

Вось і ўся нескладаная гісторыя. Але перададзена яна так, што надоўга запомніцца кожнаму, хто яе прачытае.

Яшчэ адно апавяданне «Наша вячэра». Напісана яно ад першай асобы. Маці купіла дзецям, брату і сястры, двух замёрзлых карасікаў і, адыходзячы на працу, загадала іх засмажыць на вячэру. Рыбы адагрэліся ў хатняй вадзе і пачалі плаваць у талерцы. Дзецям вельмі хацелася есці, але карасікаў яны не кранулі. Карасікі ж жывыя. Павячэралі яны сухім хлебам, але хлеб гэты здаўся ім надзвычай смачным. Як тут усё праўдзіва, шчыра, непасрэдна!

Яшчэ некалькі слоў пра абразок «Яблык», які б мог стаць пранікнёным лірычным вершам. Ішоў дзед, купіў яблык, хацеў было з’есці, але перадумаў і прынёс яго ўнучцы Ніне. Унучка ўзрадавалася, наважыла паласавацца яблыкам, але ўспомніла, што вечарам прыйдзе з работы маці, стомленая, маўклівая. Дачка аддала яблык маці, а маці — самаму меншанькаму, Міхаську. Скончылася ўсё тым, што вечарам яблык падзялілі на чатыры часткі і з’елі ўсёй сям’ёй.

Васіль Хомчанка вельмі добра ведае псіхалогію дзяцей, любіць іх, умее іх вачамі глядзець на свет. Дзякуючы гэтай якасці ў яго апавяданнях прысутнічае атмасфера шчырасці, дзіцячай наіўнасці. Цікава, што кніжачка Хомчанкі, адрасаваная самым маленькім, з жывой цікавасцю чытаецца і дарослымі. Прывяду адно маленькае апавяданне В. Хомчанкі цалкам. Яно называецца «Хованкі».

«Мацейка і Ніна гулялі ў хованкі. Ніна залезла ў пасцель пад коўдру, і Мацейка доўга не мог яе знайсці.

— Ніна, дзе ты? — пачаў клікаць брат.

Але Ніна маўчала.

— Ніна! — зноў паклікаў Мацейка.— Ведаеш што?.. На цукерку.

— Давай! — крыкнула Ніна і выскачыла з-пад коўдры.

Тут яе Мацейка і застукаў.

Потым схаваўся Мацейка. Ніна нават і не шукала яго. Яна падышла да Мацейкавага трохколавага веласіпеда.

— Паехалі! — крыкнула Ніна і дзынкнула званком.

— Не чапай, гэта мой веласіпед,— не вытрымаў Мацейка і вылез з шафы. Ніна і застукала яго».

Я не думаю, што Хомчанку можна тут абвінаваціць у нейкай ідэалізацыі ўласніцкіх інстынктаў. Ён малюе дзіцячую псіхалогію такой, якая яна ёсць на самай справе. Магчыма, некаторым крытыкам не спадабаецца гэты абразок. Крытыкавалі ж Станіслава Шушкевіча за тое, што ён нібыта паказвае жаб індывідуалістамі! У адным з яго вершаў былі радкі:

 

Ква-ква-квок, ква-ква-квок!

Гэта мая купіна, мой грудок!

Хораша наўкола — мох і твань,

Тут маё балотца — дзе ні глянь.

 

Вось за гэтыя радкі і крытыкавалі, хоць ніхто не асмеліцца сцвярджаць, што сярод жаб патрэбна выхоўваць пачуцці калектывізму.

У асобе Васіля Хомчанкі мы, бясспрэчна, маем таленавітага дзіцячага пісьменніка.

Прывабны, цікавы свет паўстае перад намі з кніжкі Аркадзя Чарнышэвіча «Апавяданні старога Арцёма». Пісьменнік расказвае пра вялікія пераўтварэнні, якія прыйшлі ў далёкую Комі-Пярмяцкую нацыянальную акругу, пра тое, як тэхніка, электрычнасць, навука выгналі з наседжаных, пракаветных месцаў розных духаў, лесавікоў, чарцей.

Апавяданні Аркадзя Чарнышэвіча вызначаюцца багатай, маляўнічай, поўнай гумару мовай, дасканалым веданнем жыццёвага матэрыялу.

Шэраг удалых апавяданняў можна знайсці ў зборніках Лідзіі Арабей «Калібры», Алеся Пальчэўскага «Беражанкі», Алены Васілевіч «Сябры». З’яўляліся ў друку цікавыя творы Паўла Кавалёва, Усевалада Краўчанкі, Пятра Рунца, ёсць асобныя ўдачы ў зборніках Ядвігі Бяганскай «Жэнеў галубок», Міколы Ваданосава «Аднагодкі». Цыкл цёплых, задушэўных апавяданняў пра дзяцінства напісаў Іван Грамовіч, змясціўшы яго, на жаль, у сваім зборніку для дарослых. Увогуле цікавую «калектыўную» кніжку «Лясныя страхі» пра будні школьнікаў стварылі П. Беразняк і Хв. Жычка.

Нельга не сказаць аб тым, што нават у вопытных нашых пісьменнікаў, якія даўно пішуць для дзяцей, нямала твораў, наскрозь прасякнутых сумнай дыдактыкай, дробязных па сваёй тэматыцы. Асабліва гэта датычыць школьнага і піянерскага жыцця. Вельмі падчас аднастайным, збедненым, нецікавым паўстае яно са старонак нашых кніг. Нуднае маралізатарства праглядае ў такіх творах з кожнага радка, а героі ўяўляюцца нейкімі бесцялеснымі носьбітамі дабра і зла.

Вось апавяданне «Знаходка» з увогуле добрага зборніка Алеся Пальчэўскага «Беражанкі». Героі апавядання Сеня і Толя знайшлі ў чарзе пяць рублёў і не аддалі бабульцы, якая іх згубіла. Купілі сабе марожанага, селі ў аўтобус. Але зло трэба пакараць, і аўтар робіць гэта неадкладна. Кара адбываецца тут жа, у аўтобусе: Сеня і Толя самі згубілі рубель, і цяпер ім не хопіць на білеты ў кіно. Для яўных педагагічных мэт аўтар пасадзіў у аўтобус дзядка, які, аказваецца, бачыў усё з самага пачатку, але з незразумелай зацятасцю маўчаў. Зрэшты, дзядок гаворыць юным зламыснікам павучальныя словы, хлапчукі пасаромлены, і чытач павінен здагадацца, што ў наступны раз яны болей не паквапяцца на згубленыя некім грошы.

Гэтак жа імгненна перавыхоўваюцца і героі апавядання Я. Бяганскай «На лыжнай прагулцы». У Аліка якраз напярэдадні спаборніцтваў, зламалася лыжа. Сябар Юрка сваіх лыж не даў. А прасіць лыжы ў дзяўчынкі Веры Аліку не дазволіў гонар. Зрэшты, усё ўладзілася. Лыжы дастала сястра; Алік абагнаў Юрку і заняў першае месца. Юрку сорамна перад Алікам. Усё к поўнаму задавальненню аўтара і чытача, канчаецца мірам і ладам.

З’явіліся дзве аповесці, прысвечаныя школьнаму жыццю, марам і справам сённяшніх вучняў. Гэта «Девятый «Б» Яніны Барычэўскай і і «Если хочешь быть волшебником» Н. Палянскага.

Я. Барычэўская шукае матэрыял для свайго твора ў справах дзевяцікласнікаў, у буднях школьнага жыцця. Задума цікавая. У нас жа пакуль няма яшчэ — трэба сказаць шчыра — добрай аповесці пра школу, пра складаны, поўны сваёй паэзіі і прывабнасці свет падлеткаў і юнакоў, якія заўтра прыйдуць у жыццё яго паўнапраўнымі грамадзянамі.

На жаль, прагал гэты ні ў якой меры не запаўняецца і названай аповесцю. Прачытаеш кнігу Я. Барычэўскай і ловіш сябе на прыкрым адчуванні, што нічога новага яна табе не дала, што пра падзеі і людзей, апісаных у ёй, ты ўжо даўно чытаў у газетах, што твор гэты нічым не ўзбагаціў твае думкі і пачуцці.

Аповесць пабудавана, здавалася б, на аснове вострага канфлікту. Маладая настаўніца Іна Сяргееўна прыходзіць у клас. Вопыту ў яе мала. Клас трапляецца нялёгкі. Ёсць у ім абсалютна добрыя вучні, такія, як Валерый Серадок, і ёсць «цяжкія», як Грыша Гузаеў. Многа даводзіцца папрацаваць настаўніцы, класным актывістам, камсамольскай арганізацыі, пакуль такія, як Гузаеў, не становяцца прыкладнымі вучнямі, а клас — адзіным, згуртаваным калектывам.

Я. Барычэўскай нельга адмовіць у веданні школьнага жыцця, педагогікі, але аповесць напісана суха, рацыяналістычна, штампаванай газетнай мовай. Не знойдзеш у творы ні ўзнёслых паэтычных малюнкаў, ні глыбокага пранікнення ў гарачую юнацкую душу, ні аўтарскай усмешкі. Я. Барычэўская вядзе размову, нахмурыўшы чало, у нейкім суровым, зацятым тоне. У кожнай яе рэпліцы чуваць павучанне, мараль, дыдактыка: гэта добра, а гэта дрэнна. У прэснай вадзе рэзанёрства патоплены нават асобныя астраўкі жыццёвай праўды, убачаныя аўтарам.

Няма ні кропелькі рамантыкі, узнёсласці ў гэтай аповесці пра юнацтва, кніга цалкам «разумовая», бяскрылая.

Вось як апісвае, напрыклад, Я. Барычэўская душэўны стан настаўніцы, якая прыйшла на першы свой урок. У класе нехта свіснуў. «Инна Сергеевна почувствовала, как кровь сильными толчками приливает к голове (?!). С лихорадочной торопливостью она стала перебирать в памяти разные случаи, про которые читала в книгах. Как поступить? Вспомнился давно виденный кинофильм: там ученики тоже засвистели на уроке, учительница продолжала объяснять, а потом, в конце урока, предложила виноватым признаться, и они признались...

«Главное не теряться»,— сказала себе Инна Сергеевна. Она заставила себя успокоиться и начала рассказывать об эпохе 30—40-х годов».

Мова аповесці сухая, пратакольная, часам не зусім пісьменная: «Вызывая по списку того или другого из ребят, она медлит, стараясь сразу связать в памяти фамилию с обликом ее носителя»; «Когда Инночке Мельниковой было 13—14 лет, стоило ей выйти во двор, как со всех сторон сбегались и облепляли её малыши»; «Настроение сразу упало, стало невозможно сосредоточиться на переживаниях Катерины... »

Удзячную задачу паставіў перад сабой Н. Палянскі ў аповесці «Если хочешь быть волшебником». Калі Я. Барычэўскай нельга адмовіць у веданні педагогікі, то Н. Палянскаму — у грунтоўным знаёмстве з матацыклам. Тэма «матацыкла» праходзіць праз усю кнігу, абумоўлівае яе сюжэт, канфлікт, станаўленне характараў. Школьнікі збіраюць матацыкл, сумесная праца, аднолькавыя інтарэсы нараджаюць пачуцці дружбы, таварыскасці, павагу да «чорнай», звычайнай работы — такая задума аповесці. Але гэтая цікавая задума па-мастацку не рэалізавана. Ведання матацыкла і наогул тэхнікі аказалася мала, каб напісаць добрую кнігу, бо Н. Палянскаму бракуе пакуль што самага галоўнага — паэтычнага бачання жыцця, глыбокага пранікнення ва ўнутраны свет сваіх герояў. Аповесць вельмі натуралістычная, прыземленая, многія эпізоды, сцэны ў ёй зусім не абавязковыя.

Няма ў аповесці і сапраўднага захаплення працай, тэхнікай. Матацыкл, які збіраюць хлопчыкі, хутчэй прадмет іх чыста спартыўнага інтарэсу, чым будучага жыццёвага прызвання.

Напісана кніга надзіва невыразнай, шэрай, малапісьменнай мовай, не без уплыву «блатнога» жаргону: «Двадцать семь лет! Николай даже вздрогнул — до того невероятным показался ему возраст кастрюли»; «Взгляд Нины Васильевны был неумолимо требователен, и Лева стал одеваться»; «Он убеждал Леву в реальности того, что ему самому казалось вполне выполнимым, посильным для них, но Лева, проникшись уже недоверием к высказываниям товарища, не давал себе сейчас труда вникнуть в логику его рассуждений... Наконец, ему показалось, что он обнаружил несуразность в рассказах Николая»... Такіх прыкладаў можна прывесці многа.

Хачу адзначыць, што бездапаможныя, напісаныя яўна ніжэй сярэдняга ўзроўню аповесці Я. Барычэўскай і Н. Палянскага былі выдадзены 20—40-тысячным тыражом, а таленавітыя, яркія кнігі Алеся Рылько, Васіля Хомчанкі і іншыя — толькі 10-тысячным.

Наша дзіцячая літаратура, якая распрацоўвае тэмы сучаснасці, шукае паэзіі ў звычайным, будзённым, у працы завода, калгаса, школы, мае свае поспехі і свае пралікі. Справа нават не ў тым, чаго больш — дасягненняў ці няўдач. Гэты напрамак літаратуры — галоўны, магістральны, і на ім мы павінны ў першую чаргу засяродзіць увагу пісьменнікаў.

Калі мы хочам бачыць будучую змену жыццястойкай, упэўненай у сваіх сілах, бадзёрай духам і целам, мы павінны перш за ўсё раскрыць перад юнымі чытачамі цудоўны свет працы, выразна і пераканаўча расказаць аб тым, што ўсё самае прыгожае на зямлі: гарады, чыгункі, самалёты, ракеты, усе незвычайныя адкрыцці — здзейснена чалавечым розумам і рукамі. Чалавек — гаспадар над прыродай, яна штогод, штотыдзень раскрывае перад ім свае загадкі і таямніцы — хіба ж гэтая тэма менш удзячная, чым бясконцая пераніцоўка абрыдлай меладрамы пра лоўлю зладзеяў, жулікаў і розных іншых прайдзісветаў?!

Да кнігі пра завод, калгас вельмі блізка прымыкае навукова-мастацкая кніга. На нашых вачах адбываюцца здзіўляючыя адкрыцці: становіцца рэальнасцю палёт на бліжэйшыя ад зямлі планеты, вучоныя ўсё больш пранікліва раскрываюць загадку атама, блізка да здзяйснення тое, аб чым яшчэ зусім нядаўна не маглі нават марыць самыя смелыя фантасты. Які вялікі прастор для пісьменніка, якому трэба, вядома, стаць бліжэй да навукі, каб расказаць аб яе цудоўных адкрыццях мовай вобразаў. Задача гэтая па плячы і многім вучоным, якія ўмеюць валодаць пяром. Але ў гэтым цікавым напрамку ў нас за апошнія два гады амаль нічога не зроблена. Пасля ўдалай калектыўнай кнігі нарысаў «Над краем спяваюць гудкі» і навукова-папулярнай кнігі «Ад рычага да атамнай энергіі» В. Прахарэнкі выдавецтва пакуль што абмяжоўваецца перакладамі з рускай мовы кніг навукова-мастацкага жанру. А ў гэтай галіне многае можна зрабіць уласнымі сіламі. Беларускія вучоныя ўмеюць рабіць многія карысныя рэчы з торфу, ім жа належаць шматлікія разгадкі таямніцы зялёнага ліста, яны выступаюць на сусветных кангрэсах з дакладамі аб прымяненні паўправаднікоў. Варта аб усім гэтым расказаць юнаму чытачу.

У навукова-фантастычным жанры актыўна працуе Мікола Гамолка. Пра яго «Шосты акіян» дастаткова пісала крытыка, і няма патрэбы паўтарацца. Кніга мае свае вартасці і недахопы. Юным чытачом яна сустрэта прыхільна. Варта толькі сказаць, што ў сваёй ёмістай кнізе аўтар упаўне мог абысціся без шпіёнаў і іншых не зусім блізкіх да навуковай фантастыкі рэчаў.

Цікавай старонкай беларускай дзіцячай кнігі з’яўляюцца апавяданні пра жывую прыроду. Творы на гэтую тэму ніколі не страцяць ні сваёй карыснасці, ні актуальнасці. Імі, гэтак жа як і кнігамі аб подзвігах герояў, выхоўваецца вялікае пачуццё патрыятызму.

«Трэба часцей вандраваць па роднай краіне, трэба больш яе вывучаць! Мы яшчэ недастаткова ведаем прыроду і жывёльны свет айчыны, мы яшчэ мала любуемся цудоўнай красой яе краявідаў». Словы гэтыя належаць пісьменніку Віталію Вольскаму, які напісаў некалькі цікавых кніг аб беларускай прыродзе.

Рэдакцыя дзіцячай літаратуры ў апошні час пачала выдаваць кнігі, якія расказваюць аб прыгодах паляўнічых. Кнігі гэтыя, безумоўна, прыносяць карысць, калі з іх старонак паўстае перад намі багацце роднай прыроды, калі яны сагрэты добрым, чалавечым пачуццём да ўсяго жывога. Калі ж у іх усхваляецца ненасытны паляўнічы азарт, прага знішчэння, то за такімі творамі цяжка прызнаць выхаваўчую ролю.

Супярэчлівыя пачуцці выклікае невялікі зборнік «паляўнічых» апавяданняў «Адкрыццё сезона» Ул. Ляўданскага. Пачынаецца ён добрым па свайму духу апавяданнем «Канец дружбы», у якім асуджаецца браканьерства. Далей падаюцца цікавыя пазнаваўчыя выпадкі з практыкі паляўнічага і рыбалова-аматара. Але непрыкметна для сябе аўтар пачынае захапляцца. Паляўнічы бярэ ў ім верх над пісьменнікам. Вядома, што паляўнічыя — вялікія хвалькі і манюкі, іх, як кажуць, хлебам не кармі, а дай расказаць аб сваіх незвычайных прыгодах. Нешта падобнае праступае і ў асобных апавяданнях Ляўданскага.

У апавяданні «Люська», напрыклад, герой сцябае шэрага воўка пугай-дратаванкай, і той уцякае як падсмалены; герой апавядання «Крылаты язь» дзед Мацей амаль гэтак жа, як некалі славуты барон Мюнхаузен, ловіць дзікіх качак вудачкай.

У апавяданні «Адкрыццё сезона» Ул. Ляўданскі піша наступнае:

«Калі ўжо былі запрэжаны коні, да мяне падбег цыганёнак.

— Дзядзька, дай закурыць,— папрасіў ён.

Я моўчкі выхапіў партсігар, выбраў з яго ўсе папяросы і аддаў яму. Ён ад радасці падскочыў і пабег за возам». Каментарыі, як кажуць, лішнія. Шчодрасць, праяўленая апавядальнікам, яўна антыпедагагічная.

Наша дзіцячая проза мае значныя творчыя сілы, і ёй па плячы тыя новыя адказныя задачы, якія паўстаюць сёння перад дзіцячай літаратурай. Трэба ўзяць рашучы курс на тэмы сучаснасці, гаварыць з юным чытачом аб самым галоўным, істотным, важным, гаварыць па-мастацку, пераканаўча. Малады грамадзянін павінен уступіць у жыццё паўнапраўным гаспадаром, будаўніком камунізма. А наша кніга няхай стане найлепшым яго настаўнікам і дарадчыкам у гэтай велічнай, пачэснай справе.

1960


1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 30-48
Крыніца: скан