epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

«Кукурузька»

Вёска называлася Лес, а калгас — «Чырвоны Лес»...

Нічога чырвонага ў навакольных бярэзніках, нізкарослых балотных сасняках з багуном і камарыным раем, вядома, не было. Назву далі ў той памятны год, калі ўсе навакольныя вёскі нібы нараджаліся нанава, атрымліваючы гучныя, урачыстыя імёны.

У той жа год у Анікея Моркаўкі нарадзіўся першы сын, і ён назваў яго Трактар. Суседзі нямала тады парагаталі, павыскалялі зубы, гадаючы, як Анікей назаве наступных дзяцей. Ледзь не ў адзін голас парашылі, што калі народзіцца дачка, то будзе звацца няйначай як Камуна.

Анікея ў вёсцы ўсур’ёз не прымаў ніхто. Быў ён вераб’інага росту, трапяткі, непаседлівы. На вузкім тварыку глыбока сядзелі мітуслівыя вочкі-проразкі, носік чырванеў пры самым невялікім холадзе і раз-пораз, нібы сам сабой, шморгаў. І толькі голасам — пісклявым, прарэзлівым і незвычайна зычным — выдзяляўся Анікей. Ад гэтага голасу, асабліва калі Анікей крычаў на сходах, бліжэйшыя суседзі на лаўках затыкалі пальцамі вушы.

Да вайны «Чырвоны Лес» ішоў ніштавата: пяскі і падзол, раскіданыя астраўкамі па лясных прагалах, ураблялі як трэба, на гной не скупіліся, і хлеб елі. Наогул вёску заснаваў народ жвавы, напорысты: парабкі, што селі на зямлю толькі ў дваццатым годзе, сяляне з навакольных старых сёл, чые надзелы да таго звузіліся, што суседу з суседам стала цяжка размінацца плугамі.

Анікей з першага ж года быў на нажах з калгасным кіраўніцтвам. Козыры ў яго меліся заўсёды. Ён такі сёе-тое ведаў: цэнтральную газету выпісваў адзін з усяе вёскі яшчэ задоўга да таго, як арганізаваўся калгас, і прачытваў яе ўсю, якая б пільная работа ні чакала яго ў гаспадарцы. Пошту ў тыя гады прывозіў дзікаваты, чорны як грак балагол Беня, дзеля гэтага ён даваў круку, зварочваючы з пясчанага гасцінца, які вёў ад станцыі да мястэчка, і грукаючы на сваёй рэсорнай таратайцы па пнях і карэнні да вёскі.

Зімой і ў непагодлівыя асеннія дні Беня не паяўляўся па тыдню, і тады Анікей, накінуўшы на плечы шэрую, прапаленую на правым крысе світку, подбегам трухаў у мястэчка, за дванаццаць вёрст, каб атрымаць свае газеты.

Была газа — ён вечарамі чытаў пры лямпе, становячыся нагамі на спецыяльна выразаны для такой патрэбы бярозавы чурбак, каб дацягнуцца да бляклага святла вісячага васьмерыка. Жонка даўно спала, а ён чытаў. Хлопцы, якія апоўначы вярталіся з пагулянкі, запрыкмеціўшы ў акне шчуплую Анікееву постаць, што нібы вісела пад самай столлю ў паветры, заходзіліся дзікім рогатам, свісталі, галёкалі. Але ён не зварачаў на гэта ніякай увагі, і яны з цягам часу аціхалі.

Газы найчасцей не было, і Анікей — да дамашняй работы не вельмі кідкі і рупны — з самага ранку гахаў на дрывотні, секучы сасновыя смалякі і карчы. У яго двары магло не быць дроў, але лучыны заўсёды хапала. Камінок да поўначы так і палаў: Анікей чытаў газету.

Першым старшынёй у «Чырвоным Лесе» ледзь не да самай вайны быў Гаўрыла Корбут, гаспадар па сутнасці някепскі ў межах таго абсягу, які належаў калгасу з сарака двароў. Але ніводны сход не абыходзіўся без таго, каб Анікей не выступіў супраць Корбута з самай бязлітаснай крытыкай.

— Ты куды гэта нас, Гаўрыла, вядзес, я ў цябе пытаюсса? — крычаў Анікей, размахваючы рукамі і падступаючы да самага стала, за якім сядзеў старшыня, вялізны, плячысты — волат супраць Моркаўкі. — Разві правіцельства і парція так прызывае, як робіцца ў нас тутака? Хто на працыстую тры дні гуляў, я пытаюсса? Увесь калгас гуляў стараразымны, рэлігійны празнік, а ты дзе быў, прадсядацель? Заместа канкрэтнага рукаводства ты к брату ў Лемяхі ездзіў. Авёс мысы тоцаць, два кані вікі аб’еліся, не падохлі чуць, а ты к брату паехаў піць самагонку. Разві ета правільна, я пытаюсса?.. Разві такоя рукаводства моза прывесці нас да культурнай і зазытацнай зызні?..

Моркаўка ведаў усе пастановы, усе законы, і крыць супраць яго было нечым. Корбут проста прапускаў яго словы міма вушэй, пазіраючы ў час Анікеевай прамовы некуды ў столь, думаючы сваё, і толькі калі на сходзе прысутнічаў хто-небудзь з раёна, асабліва калі свежы чалавек, старшыня неспакойна ёрзаў, хмурыўся, і яго шырокі круглы твар наліваўся яшчэ большай барвовасцю.

З Анікеем зладу не было. Ён не прапускаў ніводнага промаху, нядбайства ў гаспадарцы, каб не абрушыцца на вінаватых, не прыпомніць ім усе іх мінулыя, даўно забытыя грахі.

Ён не баяўся выступіць хоць супраць усяе вёскі, і калі ў час прамовы на яго ззаду гыркалі, падколвалі кепікамі, ён паварочваўся тварам да сходу і шарсціў усіх па парадку.

— Вот ты, Змітро, брыгадзір называесса, — крычаў Анікей. — А сказы, хто Бураковай Ганні трудадні паставіў за юнь месяц? Бацыў яе хто на полі ці не, я ў цябе пытаюсса? Зонкі табе мала, да ўдавы бегаес і калхозным дабром за ета рассцытваесса... А ты не барані яго, Мікіта, лепс успомні, як ты скінуў сабе ў двор мясок калхознага зыта...

Брыгадзір Зміцер Палуян роў, як павярэджаны бык, і тут жа, на сходзе, лез да Анікея з кулакамі, крычаў, аж захліпаўся Мікіта, так, што прыходзілася ўмешвацца мужчынам, каб развесці крыкуноў. Але Моркаўку гэта не бянтэжыла. Ён гнуў сваё.

Мог Анікей ні з таго ні з сяго проста пасярод вуліцы спыніць каго ён хацеў і выказаць яму ў вочы ўсё, што аб ім думае. Мужчыны — тыя проста адмахваліся і, мацюкнуўшыся, ішлі прэч. Але ён не мінаў і жанок, хоць з імі было б лепш не звязвацца.

— Абцэственнай сазнацельнасці ў цябе мала, Таццяна, — выгаворваў Анікей дзябёлай жанчыне, сваёй суседцы, якая адразу з чатырма вёдрамі крочыла паўз яго двор па ваду. — Адных вутак сорак стук імеес, а на гасударственны заём ты на сколькі падпісаласса? На дзесяць рублей падпісаласса. Магла падпісацца, як мінімум, на сто. Ты разві не ведаес, якое ў насай стране ідзе страіцельства? Днепрагрэс, ведаес, сколькі стоіць?..

— Чаго ён, людцы, да мяне чэ-э-піцца, чаго ён вя-а-жацца? — лямантавала на ўсю вуліцу Таццяна. — Чаго ён усё віж-у-уе, чаго ён со-о-чыць?..

Але літанняў Таццяне хапала ненадоўга, праз хвіліну яе апаноўваў гнеў, той безразважны жаночы гнеў, калі аб прыстойнасці гаварыць не прыходзіцца.

— Што ты поп, што мяне спавядаеш? — Таццяна ставіла на зямлю вёдры, брала рукі ў бокі і, як хмара, насоўвалася на Анікея. — Смурод няшчасны! Ты лепей за сваёй жонкай прасачы, папытайся, каму яна яешню скварыць і хто яе водзіць у каноплі!..

Жонкай вясковыя жанкі ўпікалі Анікея часта, але ўсё, што яму гаварылі, ён таптаў пад ногі. А гаварылі благое: нібыта і брыгадзір Зміцер гасцяваў у яе, калі Анікей ездзіў на лесанарыхтоўкі, і нейкі міліцыянер з мястэчка быццам не мінае двара, калі наязджае ў вёску. На сямейным жыцці Анікея гэтыя гаворкі не адбіваліся ніяк. Жонка яго — увішная, старэйшая за Анікея гадоў на пяць кабета — пастаяць за сябе ўмела. Дома да мужа яна адносілася ласкава, як да малога дзіцяці, сварак між імі ніколі не было. Анікей не піў, не курыў, не гуляў у карты, а на чытанне газет жонка глядзела як на забаву.

Моркаўку ні разу не вылучылі кладаўшчыком, рахункаводам ці нават у рэвізійную камісію, хоць ён жыў сумленна, рукі ў калгаснае не запускаў, а ў сэнсе адданасці грамадскай справе стаяў вышэй і за брыгадзіра, і за старшыню. Проста Анікея лічылі дзіваком, злосць на яго калі хто і меў, то толькі пад гарачую руку, і ўспаміналі аб ім, калі хацелася парагатаць, расказаць што-небудзь смешнае. Зрэшты, сам ён быў чалавекам бяскрыўдным, пасад не дамагаўся, а калі крычаў на сходзе, на вуліцы, то на гэтым усё і канчалася.

Ніхто не цікавіўся Анікеем, таму і не здагадваўся, што гэты слабы, хваравіты і, зрэшты, не надта пісьменны чалавек мерае жыццё і людзей вельмі высокімі меркамі, судзіць іх, не даруючы ніякіх дробязей, слабасцей, з вышыні той новай, блізкай яго душы праўды, у якую ён паверыў, адмовіцца ад якой не мог.

Моркаўка быў адзінокі. У кампаніі, калі, патаемна ад жонак, дзе-небудзь на загуменні сходзіліся мужчыны, таропка выцягвалі з-пад палы запацелыя паўлітроўкі і закусвалі чым прыйдзецца, ён не хадзіў, на бяседы ў святы, на нярэдкія ў вёсцы хрэсьбіны, вяселлі яго не запрашалі. Жонка — тая хадзіла сама, звалі яе ці не звалі. А ён, нават у тыя гадзіны, калі ўся вёска заходзілася ад песень, музыкі, скокаў, ад нястрымнай, п’янай весялосці, мог сядзець адзін у хаце, ціха варушачы тонкімі сінімі губамі, чытаць газету або думаць штосьці сваё, незразумелае гэтым вясёлым, бесклапотным людзям.

Зрэшты, з адным чалавекам ён усё-такі неяк сышоўся, зблізіўся — з самім старшынёй калгаса Корбутам, праўда, у той час ужо, калі Гаўрылу са старшынства знялі. Гэта здарылася ледзь не перад самай вайной. Летняй ноччу аўчарнік, які стаяў наводдаль ад вёскі ў хмызняку, запаліла маланкай, і пакуль хапіліся — згарэў і будынак, і авечкі. Корбуту пагражаў суд, следчы, які прыехаў з раённай пракуратуры, завёў на яго цэлую папку — усё хадзіў, выпытваў, запісваў. Канчаткова Корбутаву справу павінен быў вырашыць агульны сход. Следчы і прадстаўнік з раёна, які прыехаў здымаць Корбута, самыя вялікія надзеі на гэтым сходзе ўскладалі на Моркаўку — яго слава нястомнага крытыкана была вядома.

Бліжэйшае старшынёва акружэнне — брыгадзір, рахункавод, кладаўшчык — пашыліся ў куткі і сядзелі там як рудыя мышы, нават слова не пасмелі прамовіць у абарону свайго старшыні. Яны ўжо загадзя парашылі, што Гаўрыле — капцы. Пералом у настроі сходу зрабіў Анікей.

— Хочаце сказаць, сто вінават адзін Корбут, — закрычаў Анікей. — Паліціцаская блізарукасць, і больс ніцога не выйдзе з етага. Калгас есць дабравольнае абцесцвенае хазяйства, і за абцесцвенае дабро далзны ўсе атвяцаць, а не адзін Гаўрыла. А сто грамаадводаў нет — райвон вінават, які не прыслусваецца да ўказанняў парціі і правіцельства. Нігдзе па калгасах нет громаадводаў, хоць наса навука даўно дайсла да етага. Мозат ясцэ дваццаць аўцарнікаў згарэць. Мозат сам пракурор згарэць, бо і ў райвоне нет громаадводаў...

Анікеева прамова на гэты раз была выслухана з вялікай увагай і адабрэннем. Пасля яго загаварылі другія. Зняць Корбута з пасады знялі, але хоць і згарэла сто дваццаць авечак, пад суд не аддалі.

Корбут, які цяпер, як і ўсе, стаў хадзіць з касой і граблямі, часцяком загаварваў з Анікеем, а іншы раз нават заглядваў да яго ў хату.

— Дзіўны ты нейкі чалавек, незразумелы, — гаварыў ён Анікею. — Па шчырасці табе скажу: ні ў грош я цябе не ставіў, як быў старшынёй. Думаў — балаболка недавучаная, пляткар. А ты ўсё ж чалавек. Толькі ўсё адно нейкі ты такі... Ну, як бы з неба зваліўся. Хочаш, каб па закону ўсё было, па інструкцыі. А курыца і тая ж па закону не жыве. Сёння тут яйка кіне, заўтра — там...

— Курыца моза, а цалавек не моза. Долзан за цалавек імець цэль, — гарачыўся Анікей. — Парція і правіцельства прызываюць нас к правільнай зызні. Ты з газеты цытаес...

— Ды зразумей жа ты, галава садовая. Хіба ж я супраць чаго-небудзь такога? Мы цяпер лепей жывём, як даўней жылі, гэта правільна. І яшчэ лепей жыць хочам, хоча кожны. Але ж людзей так проста адным хапам не зраўняеш. Адзін — туды, другі — сюды, гэта ж людзі табе, а не што. Ты коней запражы ў воз — адзін цягне, другі падвільвае, бесславесная скаціна і тая, бачыш, хітруе. А ты ад чалавека хацеў. Кожны стараецца, каб яму першаму лепей было. Праз гэта і закон абходзім маўчком, цішком, адзін гэтым бокам, другі — тым...

— Знацыць, несазнацельна зывём. Не далзно так быць, — стаяў на сваім Анікей.

Пераканаць яго было нельга...

На вайне ён прабыў усе чатыры гады, не на фронце, праўда, а ў дарожна-будаўнічым батальёне і ў пантоннай часці. Прынёс чатыры медалі, у выцвілым рэчавым мяшку — банку кансерваў і буханку хлеба, дарожны свой паёк. Старэйшага сына ледзь пазнаў, перад ім стаяў дужы шыракаплечы хлапец, вышэйшы за бацьку. Зваўся ён цяпер ужо не Трактар, а Тарас: маці перахрысціла, з папом нават, у першы год акупацыі.

Справы ў «Чырвоным Лесе» пайшлі — горш не прыдумаеш. Ледзь не палавіна мужчын не вярнулася з вайны, а многія з тых, што вярнуліся, кінуліся ў адыход, на жывую капейку — хто ў леспрамгас, хто на чыгунку.

Анікей астаўся ў калгасе: араў, касіў, два ці тры гады быў конюхам. Усе заўважылі: вайна яго неяк перамяніла, перайначыла. Не тое каб ён стаў цішэйшы, не, спакойна гаварыць ён не ўмеў і цяпер, лямантаваў па-ранейшаму, але ва ўсім тым, што ён даводзіў сходу ці каму-небудзь паасобку, паявілася больш развагі, нейкі роздум, пошукі.

Недзе яшчэ ў тыя далёкія цяжкія гады на кожным сходзе Анікей пачаў крычаць пра кукурузу.

— Ета з цорт ведае сто палуцаецца. Зацараваны круг палуцаецца. Уразай добры не палуцыс без гною, а зыватнаводства не падымес без уразаю. Сто насы каровы ядзяць? Асаку ядзяць. Так зыватнаводства не падымес, а без зыватнаводства ўразаю не падымес. Я прайсоў тры страны — Украіну, Румынію і Балгарыю. Усюды кукурузу сеюць, і каровы ад етага там сытыя, мясныя і малоцныя. Ета з настаясцая багацтва — кукурузя. Разві яна ў нас не расце? А цаму мы не сеем?

Кукуруза ў «Чырвоным Лесе» расла. Яе тут называлі кіяхамі і садзілі яшчэ Анікеевы дзяды і прадзеды. Садзілі ў агародзе каліў сто ці трохі болей для невялікай патрэбы — на кашу. Ніхто, вядома, не думаў аб тым, што кукурузай трэба карміць кароў і свіней.

Да Анікея цяпер прыслухоўваліся болей, чым раней, але, мабыць, і аграному не прыйшло б у галаву падымаць такім шляхам гаспадарку.

Пра кукурузу Анікей крычаў упарта — год, два, тры... Але яго трыумф менш за ўсё быў звязан з ім самім. Пачалося з узвышэння яго сына — Трактара-Тараса. Бацькі нібы ў ваду глядзелі, даючы яму такое імя. Тарас, калі вучыўся яшчэ ў сямігодцы, сядзеў на плугах за прычэпшчыка. У армію пайшоў трактарыстам, вярнуўся механікам. Працаваў у МТС, скончыў курсы, завочна паступіў у тэхнікум. Калі МТС ліквідавалі, яго запрасілі механікам у вялікі, узбуйнены калгас, у які цяпер на правах звычайнай брыгады ўваходзіла вёска Лес.

Сын не падобен быў на бацьку ні знешнасцю, ні характарам: рослы, дужы, стрыманы ў словах і пачуццях. Тэхніку ведаў, і яго запрашалі на працу ў другія, багацейшыя калгасы. Але ён пайшоў у свой.

Пры сыне — начальніку над усёй калгаснай тэхнікай — першую ў жыцці кіруючую пасаду заняў і Анікей. Яго прызначылі звеннявым па кукурузе.

Моркаўка, праўда, выхваляўся, даказваючы, што заўсёды ён стаяў за кукурузу, але ў той час, калі яе пачалі сеяць, ніхто пра гэта асабліва не ўспамінаў. Тым болей што ў Анікея на першым годзе яго кіравання звяном выйшаў поўны правал.

Звеннявых склікалі ў раён, тры дні чыталі ім аграномы лекцыі, як сеяць, даглядаць кукурузу, і дамоў вярнуўся Анікей з сшыткам, спісаным вялікімі, крывымі літарамі. Са свайго боку ён не пашкадаваў старання, каб прылучыць да навукі, зведанай ім самім, бабуль і жанок, запісаных у яго кукурузнае звяно. Ён пабываў у кожнай хаце, крычаў там, даказваў, бо жанчыны не вельмі яго слухалі. Як садзіць кіяхі і калі, яны ведалі, таму Анікееву навуку лічылі непатрэбнай.

Пры сяўбе вынікнуў канфлікт. Тэрмін сяўбы Анікею прызначыла праўленне, праўленню — раён. Жанчыны ж — усё звяно — у адзін голас заявілі, што кукуруза не ўзыдзе, бо зямля халодная. Самі яны для агародаў яшчэ толькі прарошчвалі насенне ў цёплых пячурках. Але Анікей паставіў на сваім.

Кукуруза не ўзышла. Усе чатыры гектары. Сям-там прабіліся кволыя раслінкі і адразу пачалі жаўцець. На поле немаведама адкуль зляцелася процьма гракоў, якія бязлітасна выдзёўбвалі гэтыя безнадзейныя ўсходы.

Анікей той вясной цяжка занядужаў і праляжаў два месяцы.

Усё ж ён ад свайго не адступіў. Не мог ён пагадзіцца, што звычайныя, даўно знаёмыя яму бабулі, якія ніякай навукі не ведалі, разумнейшыя за вучоных аграномаў. З пасады Анікея не знялі, у астатніх калгасах з кукурузай было мала чым лепей, і на другую вясну ён зрабіў па-другому.

За год ён наведаў раённую сельгасінспекцыю не меней чым сорак разоў. Так паспеў абрыдзець усім яе работнікам, што яны ад яго ўцякалі, але затое вясной дамогся, што ў калгас, у дадатак да мясцовага агранома — маладой ружовашчокай дзяўчыны — прыехаў сам галоўны аграном раёна. З Анікея, яго няўрымслівасці, гэты хваравіты, апрануты ў зімовае паліто чалавек пасмейваўся, але за нешта ён і паважаў Анікея, бо праседзеў у брыгадзе, зрэдку адлучаючыся, тры тыдні — увесь час, калі рыхтавалі насенне, глебу і сеялі кукурузу.

Кукуруза ўзышла і вырасла...

Трэба было бачыць Моркаўку: ён штодня шастаў высокім бадыллем, хаваючыся ў ім, як малады заяц у трысці, выскакваючы то на адным, то на процілеглым беразе зялёнага вострава.

— Во, кукурузька! — крычаў ён кожнаму, хто ішоў ці ехаў паўз поле.

Можа, упершыню дзікаваты чалавек гэты дзяліўся з другімі сваёй радасцю і згодай...

 

1961


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 1. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1981. - с. 434-442
Крыніца: скан