epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Леў Талстой і беларуская літаратура

Агромністы ўплыў Льва Талстога на рускую, на нацыянальныя літаратуры народаў СССР, на сусветную літаратуру. У. І. Ленін пісаў пра творчасць вялікага рускага пісьменніка як пра «крок наперад у мастацкім развіцці ўсяго чалавецтва». Усеабдымная сіла талстоўскага рэалізму, гранічная жыццёвая праўда, вастрыня раскрыцця супярэчнасцей сучаснай яму рэчаіснасці, пастаноўка «вялікіх пытанняў», вышыня маральнага ўзроўню патрабаванняў да чалавека, да грамадства, майстэрства геніяльнага мастака — усё гэта сапраўды вылучае Талстога ў шэрагі найвялікшых тытанаў духу, якіх калі-небудзь ведала чалавецтва.

Талстому, як выдатнаму пісьменніку, прынеслі прызнанне першыя надрукаваныя творы. Вельмі прыхільна былі сустрэты чытачамі, літаратурнай грамадскасцю аповесці «Дзяцінства», «Гады падлетка».

У 1855 годзе ў часопісе «Современник» пачалося друкаванне «Севастопальскіх апавяданняў». Яны зрабілі выключнае ўздзеянне на самую шырокую чытацкую аўдыторыю. Руская літаратура мела ўжо Пушкіна, Гогаля, Лермантава, бліскучую плеяду сучасных Талстому пісьменнікаў, аднак тое, з якой суровай, бязлітаснай праўдай паказваў малады пісьменнік, непасрэдны ўдзельнік севастопальскай абароны, вайну, з якой глыбінёй, сілай мастацкай пранікнёнасці маляваў чалавечыя характары, абставіны вайны, было новым словам і ў магутнай рускай літаратуры.

Мастацкая эпапея «Вайна і мір», што стваралася з 1863 па 1869 год, стала буйнейшай падзеяй не толькі творчасці Талстога, а рускай і сусветнай літаратур. Пачынаючы з гэтага вялікага шэдэўра, Талстой становіцца сусветна вядомым пісьменнікам. За кожным новым яго творам з неаслабнай увагай сочаць у самых розных краінах.

Леў Талстой жыў і тварыў у складаную эпоху. Ён быў прызнаным пісьменнікам, калі было адменена прыгоннае права, быў сведкам няўхільнага разарэння сялянства, нарастання грамадскіх канфліктаў, якія набывалі ўсё большую сілу ў сацыяльным жыцці Расіі другой паловы XIX і пачатку ХХ стагоддзя.

Талстой выдатна ведаў сялянскую Расію, народнае жыццё. Па нараджэнню, выхаванню ён належаў да вярхушкі памешчыцкай знаці, але рашуча парваў з поглядамі свайго асяроддзя, бязлітасна крытыкаваў сучасныя яму дзяржаўныя, рэлігійныя, грамадскія парадкі, заснаваныя на прынявольванні працоўных мас, на іх беднасці, галечы, на прымусе, крывадушнасці, якім з верху да нізу было прасякнута сучаснае яму жыццё.

Талстой з велізарнай сілай, палымянасцю, шчырасцю бічаваў пануючыя класы, выкрываў унутраную лжывасць, фальш усіх тых устаноў, на якіх трымаецца буржуазнае грамадства: царкву, суд, буржуазную навуку.

Як пісаў У. І. Ленін, эпоха, да якой належыць Л. Талстой і якая з выдатнай рэльефнасцю адлюстравалася як у яго геніяльных мастацкіх творах, так і ў яго вучэнні, гэта эпоха 1861 —1905 гадоў, у якую падрыхтоўвалася і выбухнула буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя ў Расіі.

У творах Талстога знайшлі адлюстраванне сіла і слабасць, магутнасць і абмежаванасць іменна сялянскага масавага руху. «Усё мінулае жыццё сялянства навучыла яго ненавідзець пана і чыноўніка, але не навучыла і не магло навучыць, дзе шукаць адказу на ўсе гэтыя пытанні»,— пісаў У. І. Ленін.

Леў Талстой быў сучаснікам Янкі Купалы і Якуба Коласа, маладых песняроў абуджанай першай рускай рэвалюцыяй беларускай вёскі. Тое, што Леў Талстой быў непераўзыдзеным мастаком слова, пісаў аб працоўным народзе, узвышаўся сваёй магутнай фігурай не толькі ў літаратурным, але і ў грамадскім жыцці, не магло не прыцягнуць да яго ўважлівага, зацікаўленага позірку беларускіх пісьменнікаў.

Янка Купала і Якуб Колас менш за ўсё падзялялі філасофскія погляды вялікага пісьменніка, яго вучэнне аб непраціўленні злу насіллем. Вуснамі беларускіх паэтаў гаварыла тая вёска, якая патрабавала зямлі і волі, актыўна супраціўлялася грамадскаму злу, бунтавала супраць памешчыка і казны, ухілялася ад падаткаў, падпускала «чырвонага пеўня» пад панскія маёнткі.

Сімпатыі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага, Змітрака Бядулі, усіх пісьменнікаў дэмакратычнага напрамку былі на баку таго Талстога, які ў сваіх творах кляйміў цара, памешчыцка-капіталістычную дзяржаву, прыгнёт працоўнага народа. З бязлітаснай праўдзівасцю, вастрынёй выяўляў вялікі пісьменнік балячкі грамадскага жыцця, называў тых, хто ў іх вінен, не схіляючы галавы перад самымі высокімі, шаноўнымі асобамі.

Гэты Талстой быў блізкі беларускім пісьменнікам. Гэта была тая духоўная блізкасць, якая яднала вялікага мастака з усёй дэмакратычнай Расіяй.

Адыход Талстога з Яснай Паляны, яго разрыў з сям’ёй, нечаканая смерць — усё гэта гулкім, жалобным рэхам адгукнулася ў самых глухіх кутках Беларусі. Сярод шматлікіх хадакоў, шукальнікаў праўды, якія ішлі да Талстога з набалелымі пытаннямі, бядой, горам, сярод людзей, якія з ім перапісваліся, было нямала беларусаў — сялян і інтэлігентаў.

Якуб Колас пачуў пра смерць вялікага пісьменніка ў час зняволення ў мінскім астрозе. Прачулымі сардэчнымі радкамі адазваўся ён на трагічную вестку.

 

...Ты сышоў з жыцця дарогі,—

І ноч больш цямнее,

Тое царства цьмы, няпраўды,

Што пад намі вее...

Ты сышоў з жыцця дарогі,

Але ўсёй душою

З намі будзеш, вечна будзеш

Зваць на бой нас з цьмою.

 

Верш Якуба Коласа «Памяці Л. М. Талстога» быў перасланы з турмы і надрукаваны ў «Нашай ніве» 3 снежня 1910 года.

Традыцыі, ілюзіі патрыярхальнай вёскі, якую так глыбока ведаў вялікі рускі пісьменнік, не абмінулі ў сваіх творах беларускія песняры. Адзін з лепшых вобразаў нашай літаратуры — вобраз Міхала з паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» — класічны тып таго селяніна, якога жыццё навучыла ненавідзець пана і памешчыка, але не навучыла і не магло навучыць, як змагацца за сваё шчасце. Бунт Міхала — яшчэ ў многіх адносінах бунт у душы. Міхал — актыўная натура, але шляхі-дарогі, па якіх ён ідзе, не могуць яго прывесці да жаданай мэты.

Не здольны адкрыта змагацца са сваімі ворагамі, крыўдзіцелямі герой драмы Янкі Купалы «Раскіданае гняздо» Лявон Зяблік. Ён увесь у палоне векавых патрыярхальных запаветаў, верыць у спрадвечную справядлівасць, пакорна схіляючы галаву перад лёсам.

Вельмі значнае, практычна неагляднае ўздзеянне Льва Талстога — геніяльнага мастака слова — на шляхі развіцця беларускай прозы. У пачатку веку беларуская проза толькі-толькі пачала авалодваць сакрэтамі майстэрства, а нараджэнне такіх яе жанраў, як аповесць, раман, было яшчэ наперадзе. У пошуках прыкладаў, узораў для вучобы беларускія пісьменнікі ў першую чаргу звярталіся да вопыту рускай літаратуры. Школа Талстога для многіх з іх была школай сапраўднага майстэрства.

Мастацкая творчасць Талстога здзіўляе незвычайнай эпічнай шырынёй, выключна глыбокім пранікненнем ва ўнутраны свет чалавека, высакароднасцю, вышынёй маральных патрабаванняў, як асновай жыцця чалавечага грамадства. Здзіўляючае разуменне глыбінь народнага жыцця, народнай душы, мовы народа, прастата, яснасць мыслення — усе гэтыя якасці не маглі не прыцягнуць да Талстога-мастака беларускіх пісьменнікаў.

Сёння мы нават не можам сабе ўявіць узнікнення трылогіі Якуба Коласа «На ростанях» — аднаго з першых шырокіх эпічных твораў — без плённай вучобы яе аўтара ў Талстога. Пластычнасць, рэльефнасць вобразаў, глыбокая народнасць, маральная чысціня як асноўны крытэрый учынкаў і паводзін герояў, празрыстасць, мяккасць, аптымістычны погляд на свет, на жыццё — такому майстэрству, разуменню сутнасці мастацтва Якуб Колас вучыўся ў свайго вялікага сабрата.

Яшчэ больш непасрэдныя, адчувальныя вынікі творчай вучобы ў Талстога знаходзім у другога буйнога беларускага эпіка — Кузьмы Чорнага. Ён успрыняў многія мастацкія запаветы Талстога і творча рэалізаваў іх на нацыянальнай глебе. Кожнаму, хто цікавіцца творамі гэтага самабытнага, рана памёршага мастака, кінецца ў вочы яго па-талстоўскі глыбіннае пранікненне ў душу героя, уменне прасачыць плынь псіхалагічнай з’явы ад пачатку да канца ў яе самых тонкіх адценнях і нюансах. Па-талстоўскі адносіўся Кузьма Чорны да мовы народа, глыбока вывучаючы яе, выкарыстоўваючы яе фразеалагічнае, лексічнае, сінтаксічнае багацце, індывідуалізуючы, як сцвярджаў пісьменнік, «мову па героях».

Уздзеянне генія Талстога на лёс сусветнай і кожнай нацыянальнай літаратуры бясспрэчнае, сувязі, уплывы ў гэтай дыялектычна складанай галіне далёка не вывучаны, не выяўлены. Кожнае пакаленне пісьменнікаў вучыцца ў Талстога, знаходзячы ў яго надзвычай багатай скарбніцы штосьці блізкае для сябе, не адкрытае, не заўважанае папярэднікамі. Такі лёс генія, які творыць для ўсяго чалавецтва.

Прыклады актыўнай творчай вучобы ў Талстога можна знайсці сярод сучасных беларускіх пісьменнікаў, прычым пісьменнікаў самых розных, не падобных па творчых індывідуальнасцях. Вельмі прыкметным, хоць і апасродкаваным, было ўздзеянне Талстога на творчасць Івана Мележа; больш выразна і непасрэдна адчуваецца яно ў творчасці Васіля Быкава. Вучыўся ў Талстога Янка Брыль, лірык па складу таленту, але адначасна і глыбокі псіхолаг, тонкі назіральнік. Талстоўскія ўрокі — бачыць жыццё ў складаных, мнагалучных сувязях, разумець высокія маральныя патрабаванні як аснову жыцця — успрыняў Іван Шамякін, Іван Пташнікаў, Іван Чыгрынаў, Алесь Адамовіч, Вячаслаў Адамчык, Аляксей Кулакоўскі, Аляксей Карпюк, Барыс Сачанка, Анатоль Кудравец, Уладзімір Дамашэвіч, Мікола Лобан, Алена Васілевіч,— кожны па-свойму чэрпаюць са скарбніцы, назва якой — свет Талстога.

Вялікі Ленін яшчэ ў пачатку веку прадбачыў той час, калі Талстой — геній рускага народа — будзе адкрыт для народа, даступны народу. Час гэты наступіў з перамогай Кастрычніка і сацыялізма. Талстога чытаюць мільёны савецкіх людзей усіх нацыянальнасцей: у арыгінале і ў любоўна зробленых майстрамі літаратуры перакладах ягоных бессмяротных твораў.

1978


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 19-23
Крыніца: скан