epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Лісткі з кнігі жыцця (Прадмова да зборніка беларускіх апавяданняў на французскай мове).

Беларусь — краіна, размешчаная паміж Бугам, Нёманам і Дняпром, Заходняй Дзвіной і Прыпяццю. Гэта краіна лясоў і шырокіх раўнін, азёр і павольных рэк здаўна была населена ўсходнеславянскімі плямёнамі. Беларусы — адзінакроўныя браты рускіх і ўкраінцаў, з імі іх звязвае еднасць паходжання, гістарычнага лёсу, блізкасць мовы і культуры.

Сваімі карэннямі беларуская літаратура сягае ў сівую даўніну. Агульны для рускіх, украінцаў і беларусаў літаратурны помнік — эпас «Слова аб палку Ігаравым» узнік яшчэ ў XII стагоддзі. Моцнай была літаратурная традыцыя на беларускай зямлі ў сярэднія вякі — ужо тады побач з рэлігійнай літаратурай пачынае развівацца свецкая. Беларускі першадрукар, асветнік і гуманіст Францыск Скарына надрукаваў кнігі «Бібліі» больш як 450 год назад.

Нараджэнне новай беларускай літаратуры датуецца пачаткам XIX стагоддзя і звязана з выразнай гістарычнай вехай — уз’яднаннем Беларусі з Расіяй. Народ, які на працягу стагоддзяў быў адарваны ад вялікага ўсходняга брата, вярнуўся ў роднае ўлонне, узбагачаны шматпакутнымі шляхамі сваёй гісторыі.

Беларускі народ захаваў уласную мову. На ёй былі створаны невычэрпныя скарбы вуснай творчасці, што выяўлялі непаўторны духоўны воблік народа; казачны беларускі эпас быў адным з найбагацейшых ва ўсім славянскім свеце.

У XIX стагоддзі ў беларускую літаратуру прыходзяць буйныя прафесіянальныя пісьменнікі — В. Дунін-Марцінкевіч і Ф. Багушэвіч.

Неспакойны дваццаты век пачаўся на прасторах Расіі грымотамі першай рускай рэвалюцыі. Захісталіся асновы самаўладдзя, да актыўнага палітычнага жыцця абудзіліся ўскраіны царскай імперыі.

Першая руская рэвалюцыя выклікала да мастацкай творчасці новую плеяду таленавітых беларускіх пісьменнікаў, і сярод іх зоркі не знанай раней велічыні — Янку Купалу і Якуба Коласа. Вуснамі Янкі Купалы і Якуба Коласа на ўвесь голас загаварыла сама Беларусь — таленавітая і прыніжаная, багатая духоўна і непрызнаная як нацыя, Беларусь, якая ў рэвалюцыі, у знішчэнні царска-памешчыцкага ўціску, у барацьбе за права «людзьмі звацца» бачыла свой светлы заўтрашні дзень.

Трэба ўлічваць, што беларускі народ быў пазбаўлены магчымасці карыстацца здабыткамі сваёй шматвяковай культуры, над яго мовай вісела знявага забароны, кнігі яго нешматлікіх пісьменнікаў не маглі дайсці да чытача.

Канец усяму гэтаму паклаў Вялікі Кастрычнік. Сёння не так лёгка ўявіць той велізарны, нечуванай сілы псіхалагічны выбух, які спадарожнічаў рэвалюцыйнай яве ў чалавечых сэрцах і душах. «Хто быў нічым, той стане ўсім» — гэтыя радкі з «Інтэрнацыянала», перакладзеныя Купалам з французскай на беларускую мову, можна было б паставіць эпіграфам да вялікай кнігі беларускай паэзіі, прозы, драматургіі, якую пісалі абуджаныя да творчай дзейнасці Кастрычнікам маладыя сілы.

Малады пісьменнік і яго чытач, перад якімі Савецкая ўлада адкрыла шырокія прасторы жыцця, калі не свядомасцю, то пачуццём успрымалі вялікую праўду рэвалюцыі, яе класавы, сацыяльны сэнс. На вачах пакаленняў, дзяцінства, юнацтва, сталенне якіх прыпала на савецкі час, як, дарэчы, і старэйшых пакаленняў, адбываліся грандыёзныя перамены. Упершыню ў сваёй гісторыі Беларусь атрымала дзяржаўнасць і як роўная сярод роўных увайшла ў Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Упершыню ў гісторыі пачалі работу многія навуковыя і вышэйшыя навучальныя ўстановы, тэатры, выдавецтвы, пачалі выходзіць на беларускай мове шматлікія газеты, часопісы, рэспубліка пакрылася густой сеткай школ. Перад моладдзю адкрыліся шырокія дзверы ў жыццё — вучыся, выбірай якую хочаш прафесію, працуй, дзе табе падабаецца.

Апавяданні, якія прадстаўлены ўвазе французскага чытача, ствараліся як старэйшымі, так і маладзейшымі беларускімі пісьменнікамі. Беларуская літаратура, як, відаць, і кожная літаратура, амаль не мае чыстых навелістаў, якія б не працавалі ў сумежных жанрах. Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Максім Гарэцкі — пісьменнікі старэйшага пакалення, яны пачалі сваю творчасць яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі і шырока вядомы вершамі, паэмамі, аповесцямі, раманамі.

Кандрат Крапіва, Кузьма Чорны, Міхась Лынькоў, Пятрусь Броўка нарадзіліся яшчэ ў старой Расіі, але як пісьменнікі сфарміраваліся ў савецкі час. Апавяданне ў іх творчасці таксама не мае дамінуючай ролі, бо Кандрат Крапіва — буйнейшы байкапісец і драматург, Кузьма Чорны — раманіст, Пятрусь Броўка — паэт, лаўрэат Ленінскай прэміі.

Тое ж можна сказаць бадай пра ўсіх пісьменнікаў, якія прадстаўлены ў кнізе, выключаючы хіба двух-трох самых маладых, што прыйшлі ў літаратуру ў апошнія гады і проста не паспелі яшчэ напісаць буйнейшых твораў.

Але ў той жа час апавяданне з’яўляецца самастойным і прыметным жанрам у беларускай літаратуры. Яно даказала сваю здольнасць адкрываць, даваць мастацкую «прапіску» значным з’явам сацыяльнага, духоўнага жыцця, маляваць яркія, самабытныя характары, вызначаць істотныя грамадскія настроі.

Якуб Колас сваімі дарэвалюцыйнымі апавяданнямі адкрыў цэлы свет беларускага вясковага жыцця, а ў сваіх алегарычных навелах, адна з якіх змяшчаецца ў гэтым зборніку, уздымаў вялікія філасофскія і маральна-этычныя праблемы.

Такім жа паказальным уяўляецца творчы вопыт Кузьмы Чорнага, шматлікія апавяданні якога паказваюць абуджаную рэвалюцыяй вёску ва ўсім кіпенні яе сацыяльных і чалавечых страсцей, яе духоўных, маральна-этычных пошукаў.

У сваіх апавяданнях Кузьма Чорны вельмі многа эксперыментаваў, пранікаючы ў глыбіні свядомасці і падсвядомасці, выяўляючы сувязь думкі і пачуцця, нават самага мімалётнага, даследуючы сам працэс нарастання пачуцця, настрою, думкі. Адзін з такіх яго эксперыментаў — навела «Начлег у вёсцы Сінегах», што ўзнаўляе часы грамадзянскай вайны. У аснову яе пакладзен бытавы эпізод, насычаны, аднак, глыбокім філасофскім падтэкстам.

Міхась Лынькоў напісаў незабыўныя, што даўно ўжо зрабіліся хрэстаматыйнымі, апавяданні аб выпрамленні «маленькага» чалавека ва ўмовах сацыялістычнай рэвалюцыі. Яркія, поўныя драматычнага пафасу, гумару, лірыкі, з музыкальным, напеўным ладам фразы, гэтыя апавяданні (адно з іх «Андрэй Лятун» прадстаўлена ў зборніку) па-чалавечы душэўна і тонка перадаюць атмасферу рэвалюцыйнай маладосці рэспублікі, малююць духоўны воблік пакалення, якое сёння ўжо з’яўляецца старэйшым.

Жыццё не стаіць на месцы. Кожнае новае пакаленне прыносіць у яго сваё адчуванне свету, свае пытанні і праблемы. У моманты змены грамадскай псіхалогіі, зрухаў, якія адбываюцца ў грамадскай свядомасці, заўсёды нараджаюцца духоўныя каштоўнасці, якія здольны ў першую чаргу ўвасобіцца ў апавяданні. Шэраг пісьменнікаў, творы якіх змешчаны на старонках зборніка, уліліся ў літаратуру з вопытам удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, па цяжкіх дарогах якой яны прайшлі як салдаты або партызаны. Гэта Іван Шамякін, Іван Мележ, Васіль Быкаў, Янка Брыль, Аляксей Кулакоўскі, Мікола Ткачоў, Мікола Лупсякоў, Алена Васілевіч, Аркадзь Марціновіч, Мікола Ракітны.

І яшчэ адно пакаленне расказвае «аб часе і аб сабе», пакаленне, якое непасрэднага ўдзелу ў вайне не прымала, але тым не меней пра вайну або пасляваенныя нягоды ў сваёй творчасці не забывае. Іначай, відаць, і не можа быць у літаратуры народа, кожны чацвёрты якога згарэў у пажары другой сусветнай вайны.

Іван Пташнікаў, Вячаслаў Адамчык, Барыс Сачанка, Міхась Стральцоў, Іван Чыгрынаў, Анатоль Кудравец, Павел Місько, Алесь Жук, Уладзімір Караткевіч, Уладзімір Дамашэвіч — плеяда пісьменнікаў, якія ўліліся ў літаратуру ў пасляваенныя дзесяцігоддзі.

Можна сказаць, што апавяданням старэйшых і маладзейшых пісьменнікаў уласціва шырыня пошукаў сацыяльных і маральна-этычных каштоўнасцей. Яны па-рознаму, але ўвогуле таленавіта расказалі аб рэвалюцыі, сацыялістычных пераўтварэннях, аб вайне, дзяцінстве, абпаленым вайной. У аснове іх твораў сацыяльныя і маральныя з’явы і роздум мастакоў аб гэтых з’явах.

У апавяданнях беларускіх пісьменнікаў — канкрэтнасць побыту, шчырасць пачуцця, перажывання. Некаторыя са змешчаных твораў у добрым сэнсе біяграфічныя, яны абапіраюцца на бачанае, перажытае, нават на канкрэтны факт, выпадак. Нічога кепскага ад гэтага не здарылася. Набрыняўшы жывымі сокамі побыту, рэаліямі жыцця, апавяданне стала па-мастацку больш праўдзівым, пераканаўчым.

Супярэчнасці, канфлікты інтымнага жыцця займаюць у сённяшнім апавяданні прыкметнае месца. Думаецца — гэта натуральна. Беларусь імкліва развіваецца ў індустрыяльным напрамку. Карэнным чынам змяніўся класавы, дэмаграфічны склад насельніцтва. Выраслі дзесяткі буйных заводаў, электрастанцый, фабрык, розных іншых прамысловых прадпрыемстваў. Прафесія настаўніка, урача, інжынера, механізатара стала самай звычайнай прафесіяй. Кожны выпуск дзесяцігодкі, вышэйшай навучальнай установы прыбаўляе колькасць людзей, светаўспрыманне, светаадчуванне якіх істотна адрозніваецца, скажам, ад адчуванняў і запатрабаванняў селяніна-аднаасобніка. У савецкім грамадстве ідзе няўхільны працэс росту асобы, пашыраецца яе духоўны дыяпазон.

Дарэвалюцыйнае беларускае апавяданне амаль не выдзеліла любоўнай тэмы. Такая тэма ўпершыню паяўляецца ў апавяданнях савецкага часу. Герой сучасных твораў (у параўнанні, напрыклад, з творамі 30—40-х гадоў) стаў яшчэ больш «далікатны», інтэлігентны ў сваіх пачуццях. Гэта зноў жа сведчыць, што вырас свет асобы, кола яе этычных запатрабаванняў. У лепшых апавяданнях аб каханні прысутнічае атмасфера маральна-этычных пошукаў грамадства, яго духоўныя ідэалы.

Багаты духоўна чалавек бачыць вакол сябе багаты разнаколерны свет, з якім ён цесна і непарыўна звязан. Ён гуманіст, любіць усё жывое, як і наогул усё тое, што мы называем прыродай. Менавіта такі герой намаляваны ў апавяданнях М. Лупсякова «Дняпроўская Чайка», Івана Чыгрынава «Дзівак з Ганчарнай вуліцы», У. Караткевіча «Былі ў мяне мядзведзі».

Сфера маральна-этычнага жыцця нясе ў сабе прыкметы сацыяльнасці. Зварот навелістаў да тэмы дзяцінства, падарожжы ў маладосць, розныя сямейныя гісторыі, выпадкі, убачаныя ў часе паездак, нясуць у сабе асэнсаванне працэсаў і тэндэнцый сучаснасці, новых павеваў і зрухаў у грамадскім жыцці. Так ці іначай у такіх творах ёсць пэўнае параўнанне таго, што было ў жыцці дваццаць, дзесяць гадоў назад, з тым, што ёсць цяпер.

У апавяданні свой мастацкі «мікрасвет», свае адметныя стылявыя сродкі. Яны непаўторныя, разнастайныя, залежаць ад асобы пісьменніка і таго жыццёвага матэрыялу, які кладзецца ў аснову твора. Для сучаснага беларускага апавядання не прайшла дарма «школа» Чэхава — яно імкнецца да сцісласці, лаканічнасці, да павышэння ўдзельнай вагі кожнай фразы.

Беларускія апавядальнікі многа расказалі пра свой край, народ, пра яго нялёгкую, падчас крывавую барацьбу за грамадскае і чалавечае шчасце, не абмінулі складаных праблем, што паўстаюць перад сучаснікамі. Апавяданне мусіць шукаць і надалей: раскрываць новыя жыццёвыя з’явы, адкрываць новых герояў, расказваць сучаснікам і нашчадкам пра чалавека, які жыве, змагаецца, каб бачыць лепшым і прыгажэйшым свой заўтрашні дзень.

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 194-199
Крыніца: скан