epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Лістоўкі сорак першага года

Расцягнутым ланцужком разведчыкі сталі выходзіць на ўскраек сасонніку, маўкліва спыняючыся і аглядаючы раўніну, якая рассцілалася перад позіркам. Раніца ўбіралася ў сілу, наперабой шчабяталі птушкі, і было чуваць яшчэ, як пазвякваюць у рэчавых мяшках хлопцаў, што ідуць ззаду, запасныя аўтаматныя дыскі. Наперадзе ляжала вёска, справа, ахутанае туманам, віднелася люстэрка азярка, з левага боку, крыху наўзбоч, узвышаўся парослы сасоннікам пагорак. На пагорку, на самай седлавіне, стаяў аздоблены надбудоўкамі палац ці замак — такіх многа траплялася і ва Усходняй Прусіі і тут, у Памераніі.

— Драпанулі фрыцы, — сказаў малодшы лейтэнант Сінічкін, камандзір узвода пешай разведкі, разглядваючы карту. — Гэта хутчэй за ўсё Грунвальд. Пройдзем вёску і ўзбяромся на курган. Адтуль добры кругагляд.

Грунвальд нічым асаблівым не вызначаўся: крытыя чырвонай чарапіцай дамкі, замкнутыя на манер падковы двары з мураванымі хлявамі і стадоламі. Паўсюдна ў вёсках жыхароў амаль не заставалася: спецыяльныя воінскія каманды гналі перад сабой старых і малых.

На ўсялякі выпадак разведчыкі завіталі ў некалькі двароў. Малюнак знаёмы: рэзрух, расчыненыя насцеж дзверы жылых памяшканняў, вароты хлявоў, напакаваныя рознымі бэбахамі скрынкі, што не ўмясціліся на фуры. Ёсць многа іншага дабра, якое бежанцы не здолелі прыхапіць: у кладоўках і склепах шкляныя банкі са смажанай свінінай, курыным мясам, з рознымі ягадамі і нават цурубуллем лопуху, які немцы марынуюць; у ацэментаваных сховішчах-падвалах засталася бульба, а ў дамах, на верхніх паверхах насыпанае проста на падлогу ляжыць збожжа. Разведчыкам, што пастаянна адрываюцца ад кухні, асабліва клапаціцца пра харч у гэтым краі не выпадае. Усе ходзяць сытыя.

Разведчыкі прайшлі вёску наўсцяж, вярнуліся назад і сталі ўзбірацца на пагорак. Сям-там сярод соснаў стаяць бярэзнікі — покаўкі на іх пачынаюць праклёўвацца першай зелянінай. З таго боку, дзе азярко, даносіцца водгулле глухіх выбухаў.

З пагорка сапраўды выдатны кругагляд. Парослая лесам раўніна перарываецца прагаламі палёў, вёсачкамі, невялічкімі азёрамі, удалечыні відаць буйнейшае паселішча са стромкімі вежамі кірхі.

Да ўзвода прымацаваны сувязіст. Прысеўшы на кукішкі ля каробкі рацыі, ён пачынае звычайную малітву :

— «Рамашка», «Рамашка», я — «Фіялка». Як чуеш? Прыём...

Сінічкін тым часам падзывае да сябе памкамузвода Смірнова і старшага сержанта Ульянку.

— Аглядзіце дом. Дый снедаць пара. Тут, мабыць, жыў нейкі памешчык.

Прозвішча Сінічкіна як нельга лепш пасуе да яго асобы. Ён нізкарослы, шчуплы і вельмі рухавы. Па характару абыходлівы, з разведчыкамі, у якіх часта мяняюцца камандзіры, сышоўся хутка, але ўсё адно надта любіць камандаваць. Нават там, дзе ясна ўсё без ніякага загаду.

Смірноў паблажліва ўсміхнуўся. Ён, як старажыл узвода, носіць на гімнасцёрцы дзве чырвоныя і жоўтую нашыўкі — за лёгкія і цяжкае раненні — у перапынках, калі раніла ці забівала камандзіра, сам камандаваў узводам, але заўсёды яму на змену прысылаюць малодшых лейтэнантаў і часцей за ўсё, як вось гэтага Сінічкіна, адразу з вучылішча.

Ульянка ва ўзводзе выконвае ролю перакладчыка. Ён ніштавата ведае нямецкую мову і з мінулай восені, калі ступілі на нямецкую зямлю, увогуле незаменны чалавек.

— Тут не памешчык жыў, — гаворыць Ульянка, як толькі разведчыкі наблізіліся да пафарбаванага ў жоўты колер будынка з рознымі мезанінчыкамі, што здаля нагадваў палац. — Вунь шыльда — гэта лясніцтва...

Лясніцтва, між тым, мае шырокі забрукаваны двор, стайню, гараж, іншыя гаспадарчыя службы. Дзверы ўсіх іх, як і ў вёсцы, расчынены насцеж. У гаражы, відаць, стаяла легкавая машына: на макраватым пяску між каменнямі бруку выразна праглядвае след гумавых шын.

— Ляснічы паехаў дакладваць Гітлеру абстаноўку, — жартуе Смірноў. — А мы паглядзім, як ён жыў. Можа, часам галадаў, небарака?

У ніжнім пакоі размяшчалася кантора лясніцтва. Тут стаяць тры сталы, на падлозе ў беспарадку валяюцца паперы, на сцяне пад партрэтам Герынга вісіць старамодны тэлефон з нікеляванымі званочкамі.

— Чаму ў ляснічага Герынг? — пытае Смірноў.

Ульянка ведае чаму: у лясах Усходняй Прусіі яны аднойчы наткнуліся на агароджаны запаведнік, які асабіста належаў Герынгу.

— Герынг у фашыстаў не толькі камандуе авіяцыяй. Ён яшчэ і галоўны ляснічы...

Смірноў прысвіснуў.

Па вузкай вінтавой лесвічцы разведчыкі падняліся на другі паверх. Тут асабістыя пакоі ляснічага: сталовая, гасціная, спальня. Усё некранутае, зіхаціць адмысловай чысцінёй. Мэбля дарагая, мабыць, з арэхавага дрэва і моранага дуба.

Раптам Смірноў усклікнуў:

— Ты паглядзі, якая птушка! Няйначай гітлераўскі ас!..

У гасцінай уся сцяна завешана павялічанымі фотаздымкамі, пастаўленымі пад шкло ў чорныя асадкі: высокі з вітымі пагонамі ваенны чын прышпільвае танкляваму, з вузкім тварам маёру жалезны крыж, гэты ж маёр у рамянях, шлёме стаіць перад самалётам, сядзіць у кабіне, назіраючы за прыборамі; ён разам з такімі, як сам, зняты на ўзлеску, перад замаскаванымі самалётамі. Нарэшце апошні здымак: маёр з жалезным крыжам між пятліцамі, з некалькімі іншымі крыжамі, рэгаліямі на мундзіры стаіць з пустым падцягнутым рукавом фрэнча.

— Бамбіў нашы гарады, сволач! — вылаяўся Смірноў, пагардліва азіраючы астатняе ўбранне пакоя. — Але дайграўся, руку адкусілі...

— Мабыць, гэта сам гаспадар, — выказаў здагадку Ульянка. — Без рукі не наваюеш, і Герынг даў яму месца ляснічага.

— Зараз праверым, — Смірноў падышоў да шафы, ірвануў дзверцы.

Здагадка адразу пацвердзілася. У шафе побач з касцюмам, паліто вісіць мундзір, той самы, што і на здымку, — з падшытым правым рукавом. І ўвогуле ні жаночай, ні дзіцячай вопраткі няма, акрамя цывільнага касцюма, паліто, скроеных, мабыць, на адну мерку. Яшчэ капялюш з жураўліным пяром ляжыць — такія носяць ляснічыя. Маёр, відаць, халасцяк ці, можа, сям’я жыве ў якім-небудзь іншым месцы.

Смірноў адразу страціў цікавасць да пакояў ляснічага.

— Пашуруй тут, можа, дакументы знойдзеш, — сказаў ён. — Я спушчуся ніжэй. Не можа быць, каб у аса не было далікатных трункаў.

Ульянка перайшоў у гасціную, высунуў шуфлядку стала. На вочы яму трапілася кардонная скрыначка, ён адчыніў яе і ўбачыў кучку сярэбраных манет — савецкіх рублёў і паўрублёвікаў чаканкі тысяча дзевяцьсот дваццаць чацвёртага года. Адзін толькі раз бацька падараваў Ульянку паўрублёвік, і ён панасіў яго ў кішэні дзень ці два, а далей трымаць не хапіла цярпення — купіў за грошы на кірмашы тры яблыкі. А рубля ніколі нават не бачыў — яны былі выпушчаны ў той год, калі ён толькі нарадзіўся, і да таго часу, як падрос, разышліся. Фашыст, аднак, недзе на іх напароўся. Збіраў, відаць, серабро, каштоўныя рэчы, разбагацець разлічваў.

Ульянка стаў уважліва разглядаць рубель. На пярэднім баку герб, надпіс «Пролетарии всех стран, соединяйтесь!». На другім баку малюнак: стаяць, абняўшыся, селянін і рабочы, удалечыні вымалёўваюцца абрысы нейкага завода з высокімі трубамі, а над усім гэтым узыходзіць сонца. Па каёмцы яшчэ выгравіраваны словы і лічбы: «Чистого серебра 12 грамм».

Пагаліўся фашыст на серабро. Нават не спалохаўся надпісу — закліку да пралетарыяў аб’яднацца.

Спусціўшыся ўніз, выбраўшыся з памяшкання на двор, Смірнова Ульянка не знайшоў — той, відаць, рушыў да разведчыкаў. З лесу даносіліся галасы і смех — сябры снедалі. Есці Ульянка не хацеў, адышоўшыся ад двара лясніцтва, прылёг між соснамі на верас.

І адразу перад вачамі ўзнікла на дзіва выразнае відовішча: ён ляжыць не ў нямецкім лесе, а ў сваім — беларускім, палескім — там такія ж, як тут, гонкія сосны, гэтак жа цвіце верас, застаючыся зялёным, некранутым, з крапінкамі леташняга цвету, да самай вясны.

Восенню сорак першага года, калі фашысты асталяваліся ў яго гарадку, Ульянка ад суму сыходзіў у лес і аднойчы на верасе ўбачыў чырвоныя лісткі. Іх савецкі лётчык кінуў для нямецкіх салдат. Ульянка і тады трохі ведаў нямецкую мову, з дапамогай слоўніка пераклаў тэкст.

У лістоўцы гаварылася, што нямецкія рабочыя і сяляне галадаюць, а ў самой Германіі нястача бензіну, вугалю, дні яе злічаны.

Ульянка нават усміхнуўся, успомніўшы пра тую даўнюю лістоўку. Чатыры гады спатрэбілася, рэкі крыві праліліся — перш чым савецкае войска дайшло да Германіі і ўбачыла, як тут усё ёсць. Не, з голаду фашысты, відаць, не памерлі б, склепы іхніх будынкаў і цяпер не такія пустыя.

Тады, калі савецкі лётчык кідаў лістоўкі, немцы стаялі пад Масквой, цяпер нашы акружаюць Берлін. Вайна, па ўсім відаць, хутка скончыцца, і калі ён, Ульянка, застанецца жывы, болей за ўсё на свеце ён жадае пахадзіць па родным лесе, паслухаць пошум соснаў, спевы птушак.

 

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 1. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1981. - с. 534-538
Крыніца: скан