epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Літаратура і НТР

1
2
3
4


1

 

Калі мы сёння гаворым пра героя сучаснасці, духоўны воблік якога яшчэ толькі складваецца, знаходзіцца ў руху, у дынаміцы, паўстаючы перад намі паасобнымі рысамі, праявамі, то мы маем на ўвазе перш за ўсё новы сацыяльны тып, які найбольш поўна ўвасабляе ў сабе тэндэнцыі нашага сучаснага развіцця. Формы гарадскога жыцця, індустрыяльнай працы распаўсюджваюцца і на вёску, захопліваючы ў сваю арбіту новыя і новыя абсягі.

Вядома, сучаснасць — вельмі складаная тэма, у ёй як бы сканцэнтраваны яшчэ не зведаныя, не асэнсаваныя аб’екты, канфлікты, калізіі, характары. Наша літаратура хоць і марудна — марудней, чым гэта хацелася б бачыць,— але даволі паслядоўна імкнецца выявіць багацце, разнастайнасць сацыяльна-псіхалагічных, маральна-этычных працэсаў, якія вызначаюць сённяшні дзень і перспектыву развіцця дня заўтрашняга. Цяжкасць у тым і заключаецца, што формы жыцця надзвычай зменлівыя, рухомыя, яны з кожным годам усё больш ускладняюцца, пісьменніку нялёгка ўгнацца за «днём бегущим», даць назву, мастацкую «прапіску» новым з’явам, працэсам, асэнсаваць тое, што мы называем духоўным кліматам грамадства. Рытм, дынаміка нашага часу якраз і вызначаецца праблемамі навукова-тэхнічнага прагрэсу, які ў канчатковым выніку прыводзіць да новых сацыяльных зрухаў, абумоўлівае сабой маральна-псіхалагічныя змены. Узнік новы змест працы, яна чым далей, тым больш падмацоўваецца магутнасцю тэхнікі, робіцца больш складанай, набываючы рысы большай калектыўнасці, сацыяльнасці. Можна паставіць пытанні: колькі земляробаў замяняе, скажам, трактар ДТ-54 і колькі землякопаў — самаходны экскаватар? Як і што адчувае чалавек, які кіруе гэтай тэхнікай? Можна без нацяжкі сказаць, што трактарыст і экскаватаршчык выраслі як асобы ў параўнанні з тым даўнім земляробам, што хадзіў за плугам, падганяючы коніка, і землякопам, адзінай тэхнікай якога была рыдлёўка.

Эпоха навукова-тэхнічнай рэвалюцыі ва ўсім свеце ўзмацніла попыт на веды, адукаванасць, дзелавітасць. Ва ўмовах сацыялістычнага жыцця ў дадатак да гэтага ўзрастаюць і палітычныя, маральна-этычныя патрабаванні да чалавека, якога мы называем сучаснікам. Мы ўсё больш і больш пачынаем разумець, што адукаванасць, нават дзелавітасць аказваюцца паняццямі даволі нейтральнымі, калі яны не апіраюцца на камуністычную свядомасць і пераконанасць, калі асабістыя клопаты не спалучаюцца з грамадскімі, агульнанароднымі, агульнадзяржаўнымі. На этапе сённяшняга развіцця сацыялістычнага грамадства з яго ўсясіллем навукі, тэхнікі ўсё больш высвятляецца, што камуністычная мараль, якая ўбірае ў сябе і лепшыя агульначалавечыя маральныя нормы, вызначаецца грамадзянскай актыўнасцю, грамадскай свядомасцю асобы, робіцца магутным стымулам не толькі сацыяльнага, а і эканамічнага і навукова-тэхнічнага прагрэсу.

Гадоў дзесяць назад украінскі пісьменнік А. Лявада напісаў фантастычны твор — трагедыю «Фаўст і смерць» — аб двух вучоных, якія канструююць найскладанейшыя міжпланетныя караблі. І вось у часе касмічнага палёту, калі астранаўт быў за мільёны кіламетраў ад Зямлі, несучыся ў міжзорны сусвет, раптам высвятляецца, што ахоўнае прыстасаванне карабля як трэба не спрацавала. Памылка паслужыла прычынай пагібелі астранаўта-першапраходца і як бы непасрэдна перайшла са свядомасці вучонага, эгаіста, сябелюбца, які ніколі не ўмеў шырока мысліць, клапаціцца пра іншых, у канструкцыю.

Вядома, толькі ў фантастычным творы можна так катэгарычна гаварыць пра сувязь маральна-этычных пачаткаў і навукова-тэхнічнага прагрэсу. Але сувязь такая ёсць. Іншая справа, што яна вельмі складаная, дыялектычная, і сучасная літаратура яшчэ толькі прыглядаецца, толькі намацвае надзвычай тонкія ніці гэтай сувязі.

Сучасная беларуская літаратура ў яе лепшых здабытках вельмі наблізілася да чалавека працы, паглядзела на свет яго вачамі, і такі пагляд даў надзвычай вялікі плён. Можна, аказваецца, з пляцоўкі, якая ў раманах Івана Мележа «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» называецца палескай вёскай Курані, убачыць увесь свет з яго радасцямі і трывогамі, прыкметы таго, што толькі нараджаецца, можна высветліць сувязі, якія яднаюць дзень сённяшні з днём учарашнім і заўтрашнім. Сучаснасць у такім разуменні — не голая надзённасць, пазбаўленая шырыні гістарычнага пагляду і адчування перспектывы.

Як пісаў некалі Кузьма Чорны, сучаснасць убірае ў сябе гісторыю, бо гісторыя знаходзіць увасабленне ў норавах, звычках, характарах сучаснікаў. Уключае яна і будучыню, бо тое, што шырока запануе заўтра, нараджаецца сёння. Сучаснасць у добрым мастацкім творы не можа не асэнсоўвацца на фоне гістарычнага, сацыяльнага вопыту народа, пройдзеных ім дарог, ажыццёўленых ідэалаў і здзяйсненняў.

Як літаратар, я задаю сабе пытанне: ці здолела наша сучасная мастацкая творчасць адлюстраваць працэс сацыяльнага пераўтварэння жыцця, росту асобы, пачынаючы хаця б з таго, вядома, умоўнага пункту адліку, на якім у 30—40-я гады, калі можна так сказаць, спыніліся класікі беларускай літаратуры Янка Купала, Якуб Колас, Кузьма Чорны? Думаю, здолела. Толькі за апошнія дзесяць — дванаццаць гадоў нарадзілася некалькі твораў, прысвечаных вузлавым, пераломным этапам у сацыяльным жыцці нашага грамадства, якія ў канчатковым выніку абумовілі перамены псіхалагічныя. Я маю на ўвазе раманы «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» Івана Мележа, «Плач перапёлкі» Івана Чыгрынава і «Мсціжы» Івана Пташнікава. Напісаныя ў рознай манеры, з розным узроўнем майстэрства, творы гэтыя як бы пераварочваюць вялікія жыццёвыя пласты ў даволі паслядоўным гістарычным разрэзе. Раманы Івана Мележа — аб вёсцы сярэдзіны і канца 20-х гадоў, кніга Івана Чыгрынава расказвае пра сельскі люд у першыя, самыя цяжкія месяцы Вялікай Айчыннай вайны, раман Івана Пташнікава прысвечаны сучаснай вёсцы.

Васіль Дзяцел, герой мележаўскай «Палескай хронікі», не ўяўляе сабе жыцця без кавалка ўласнай зямлі, якім надзяліла яго Савецкая ўлада. Усе думкі, імкненні, усе сілы сваёй даволі багатай натуры аддае ён, па сутнасці, дзеля таго, каб надзейна забяспечыць уласны дабрабыт, і іншага шляху, як толькі валоданне асабістай палоскай тлустай зямлі «каля цагельні», не бачыць.

Іван Чыгрынаў пачынае свой раман з паказу вёскі, што па меншай меры гадоў дзесяць пражыла калгасным жыццём. Якія дзівосныя перамены адбыліся за гэты вельмі кароткі час з вясковымі людзьмі, у іх адносінах да жыцця, пераконаннях, поглядах, у тым маральным мікраклімаце, што запанаваў у вёсцы. Тут і паміну няма пра чалавека, які б хоць аддалена нагадваў Васіля Дзятла з мележаўскай хронікі. Не пра асабістую зямлю і ўласнасць дбаюць верамейкаўцы перад варожай навалай. Псіхалагічнага аднаасобніка ў рамане Чыгрынава няма, ён знік, кануў у нябыт, і гэта самае галоўнае ў творы.

Герой рамана Івана Пташнікава «Мсціжы» леспрамгасаўскі конюх Андрэй Вялічка, які пакуль што жыве і працуе ў вёсцы, з тым жа поспехам мог жыць і працаваць у горадзе, на прадпрыемстве. І калі ён не едзе з леспрамгасам на новае месца, «пад Полацк», то толькі таму, што ўтрымліваюць яго родныя партызанскія зямлянкі, магіла любімай жонкі, карацей кажучы, памяць сэрца.

Вось тая асноўная лінія сацыяльных, псіхалагічных перамен, якой не ўпусціла з поля свайго зроку беларуская літаратура. У сваю чаргу гэта сведчыць пра яе мастацкую сталасць, здольнасць вырашаць новыя творчыя задачы.

 

2

Калі гаварыць пра мастацкае мысленне, то нельга сказаць, што ў адным творы яно гарадское, у другім — сельскае і г. д. Мастацкаму бачанню свету ўласцівая універсальнасць, і ў першую чаргу яно залежыць ад сацыяльных, грамадскіх умоў жыцця, маральных, этычных, эстэтычных каштоўнасцей, характэрных для дадзенай гістарычнай рэчаіснасці. Зноў жа маральна-этычныя катэгорыі, эстэтычныя ідэалы характарызуюцца адноснай устойлівасцю, нязменнасцю, таму, скажам, мы можам зразумець літаратуру старажытных грэкаў, узнікненне якой адмежавана ад нашага часу двума і нават трыма тысячагоддзямі.

Такім чынам, прагрэс у галіне жыцця духоўнага не зусім супадае з прагрэсам тэхнічным. Найбольш кансерватыўнай сферай аказваюцца маральна-этычныя катэгорыі. Вядома, са зменай грамадскіх фармацый, абставін сацыяльнага жыцця змяняюцца і яны. У сацыялістычным грамадстве выступаюць як анахранізм некаторыя маральныя нормы, прывітыя працоўнаму чалавеку вякамі рабскага, паднявольнага існавання. У той жа час многія маральна-этычныя катэгорыі, апрабаваныя чалавекам яшчэ на заранку яго грамадскага, сацыяльнага бытавання, так званыя агульначалавечыя маральныя нормы, арганічна ўваходзяць у маральны кодэкс будаўнікоў камунізма.

Устойлівасцю вызначаюцца і эстэтычныя нормы. З далёкіх дзён сівой мінуўшчыны, калі чалавек, па нашых сённяшніх мерках, быў тэхнічна бездапаможны, бо валодаў толькі сакрэтамі рычага, ведаў кола, карыстаўся лукам, катапультай, і да нашага часу, калі сталі магчымымі касмічныя караблі і іншыя цуды тэхнічнага прагрэсу, здзяйсненне подзвігу патрабуе мабілізацыі ўсіх духоўных сіл чалавека. І ў антычныя часы, і сёння пад подзвігам разумеюцца такія паводзіны чалавека, калі ў імя пазаасабістых мэт, дзеля шчасця іншых людзей ён здольны ахвяраваць уласным жыццём.

Адным словам, нельга чакаць, што навукова-тэхнічная рэвалюцыя істотна зменіць прыроду мастацтва. Такое не здарыцца. Тэхнічная рэвалюцыя мае вынікі сацыяльныя, маральна-этычныя і потым ужо закранае сферу эстэтычную.

І ўсё ж магутныя тэхнічныя зрухі ўплываюць на мастацтва. «Камунізм ёсць Савецкая ўлада плюс электрыфікацыя ўсёй краіны»,— пісаў Ленін. Захапленне тэхнікай і ў сувязі з гэтым творчымі магчымасцямі савецкага чалавека спадарожнічала развіццю беларускай паэзіі, асабліва ў 20-я і 30-я гады. На першым часе гэтае захапленне было пафасным, услаўленне ўзброенага тэхнікай рабочага і селяніна выступала як першаадкрыццё, але паступова тое, што мы называем тэхнічным прагрэсам, стала звычайнасцю. З якім трыумфам, напрыклад, уваходзілі ў літаратуру трактар, сама прафесія трактарыста! Нездарма ў 30-я гады Аркадзь Куляшоў звяртаўся да трактарыста як да нейкай гістарычнай асобы, напісаўшы «Першую гутарку з трактарыстам Анісам», затым «Другую гутарку». Сёння літаратура, паказваючы вёску, не абмінае, вядома, ні трактара, ні трактарыста, але ўжо ў іншым кантэксце. Усё гэта стала жыццёвай рэальнасцю, дастаткова зведанай, асэнсаванай, і служыць для выяўлення сацыяльных і маральна-этычных праблем, характэрных для сённяшняга вясковага жыцця.

Што да касманаўтаў, то ў паэзіі найбольш пашанцавала першаадкрывальніку — Юрыю Гагарыну. Пра астатніх жа, хоць іх подзвігі былі не менш бліскучымі, не толькі паэм, нават пранікнёных вершаў не ўзнікала, калі не лічыць вершаванай публіцыстыкі на тэму дня.

Факты навуковага, тэхнічнага прагрэсу паступова ўваходзяць у сферу мастацкай свядомасці, замацоўваюцца ў ёй, выклікаюць пэўныя зрухі, не мяняючы, аднак, асноўнага — прызначэння мастацтва служыць выяўленню духоўнага клімату грамадства, духоўнага патэнцыялу чалавека. Літаратура, мастацтва — вельмі чуйныя рэгістры, яны здольны ўлоўліваць самыя тонкія зрухі ў сацыяльных, маральна-этычных аспектах грамадскай і індывідуальнай псіхалогіі.

Можна сказаць, што ні адна больш-менш прыкметная з’ява сучаснага духоўнага жыцця не застаецца па-за ўвагай літаратуры і мастацтва. Раней ці пазней яна становіцца аб’ектам мастацкага асэнсавання, увасабляючыся ў характарах і канфліктах апавядання, п’есы, рамана. І ў той жа час для нас, скажам, відавочна, што беларуская літаратура адстае ў мастацкім асваенні рэчаіснасці, народжанай імклівым індустрыяльным развіццём; мы не маем значных твораў пра фабрычныя, заводскія калектывы і г. д. Ці стасуецца гэта з вышэйсказаным аб мабільнай здольнасці мастацтва адгукацца на вострыя, надзённыя праблемы сучаснасці?

Справа, відаць, вось у чым. Тое, што мы звычайна называем духоўным кліматам, індывідуальнай, грамадскай псіхалогіяй, нагадвае па структуры вядомыя з фізікі злучаныя сасуды, узровень вадкасці ў якіх заўсёды аднолькавы. Пісьменнік, мастак можа адкрыць новую тэму, не асветлены, не апісаны яшчэ жыццёвы востраў. Але гэта не азначае, што праблемы, якія ён будзе вырашаць на новым матэрыяле, будуць насіць цалкам аўтаномны характар і не паўторацца ў другіх па-мастацку асвоеных пластах жыцця. Гутарка ідзе пра тое, што вострыя сацыяльныя і маральна-этычныя праблемы, якія наспелі ў грамадстве і, так сказаць, самім жыццём пастаўлены на парадак дня, так ці іначай выяўляюцца літаратурай, незалежна ад таго, вясковую, грамадскую ці нават гістарычную тэму пісьменнік распрацоўвае. Менавіта так можна праецыраваць на мастацтва закон аб злучаных сасудах. Калі Іван Мележ напісаў «Палескую хроніку», паставіўшы ў цэнтр увагі праблему сацыялістычнага гуманізму, намаляваўшы ў процівагу такім кіраўнікам, як сакратар райкома Башлыкоў, як арганізатар калгаса ў Куранях Міканор, вобраз старшыні райвыканкома Апейкі, кіраўніка ленінскага тыпу, удумлівага і чалавечнага, то праблема гэтая знаходзілася ў сілавым полі пошукаў усёй савецкай літаратуры 60-х гадоў. Ад таго, што Мележ вырашаў праблему на матэрыяле жыцця палескай вёскі 20 — пачатку 30-х гадоў, а другія пісьменнікі на іншым матэрыяле, справа істотна не мянялася.

Вядома, кожны адрэзак сацыяльнай, гістарычнай рэчаіснасці вылучае свае ўласныя праблемы. Сённяшняя творчая практыка паказвае, што вытворчы канфлікт зноў набывае ў савецкай літаратуры правы грамадзянства, робячыся канфліктам сацыяльным, маральным, які ўвасабляе ў сабе тэндэнцыі і супярэчнасці грамадскага развіцця. А яшчэ нядаўна чалавек, апрануты ў робу, чалавек ля станка ці ля доменнай печы, не надта красамоўны ў выяўленні пачуццяў, вуснамі некаторых крытыкаў быў як бы абвешчаны персонай нон грата ў літаратуры. Паступова складвалася перакананне, нібыта размова аб працоўных справах чалавека — аб’ект сацыялогіі, статыстыкі, газеты ці, у горшым выпадку, мясцкома і ніякім чынам не літаратуры. Усталяванню такой думкі спрыялі так званыя вытворчыя раманы, што цэлым касяком прайшлі па паверхні літаратурнай плыні 40—50-х гадоў, не пакінуўшы ў свядомасці чытача прыкметнага следу, творы неглыбокія, кан’юнктурныя, у якіх даследаванне сацыяльных, маральна-псіхалагічных канфліктаў падмянялася слізганнем па чыста вытворчых калізіях.

Стыль жыцця, які намеціўся ў краіне, асабліва пасля XXIV і XXV з’ездаў партыі, вызначаецца дзелавым, размераным рытмам, грунтуецца на прадуманым падыходзе да задач сусветна-гістарычнага значэння, на гуманістычным клопаце аб шчасці кожнага члена сацыялістычнага грамадства. Радасць адчування паўнаты жыцця, яго перспектыў, гарызонтаў немагчыма без усведамлення чалавекам асабістага ўкладу, які ён уносіць у агульную справу і які называецца працай, дзейнасцю.

 

3

Ёсць усе падставы гаварыць аб глыбокай перабудове грамадскай свядомасці, якая адбылася на працягу 50—60-х гадоў і якая азначае новую ступень духоўнай сталасці народа. «Калі правільна зразуметы інтарэс складае прынцып усёй маралі,— пісаў Карл Маркс у «Святым сямействе»,— то патрэбна, значыць, імкнуцца да таго, каб прыватны інтарэс асобнага чалавека супадаў з агульначалавечымі інтарэсамі».

За апошнія гады савецкая літаратура, тэматычна звязаная з жыццём горада, прамысловасці, навукі, як бы зноў прайшла шлях адкрыцця вытворчасці, эканомікі, навуковай дзейнасці з іх складанай сістэмай адносін, падпарадкаванняў, дзе сутыкаюцца не адсталы дырэктар з майстрам-наватарам, як нярэдка малявалася раней, а паказваецца лесвіца залежнасцей са значна большай колькасцю ступенек. У ліку такіх твораў варта назваць раман У. Папова «Здабудзеш у баі», п’есы А. Салынскага «Марыя», І. Дварэцкага «Чалавек з боку», Г. Бокарава «Сталявары» і іншыя. Раманы І. Шамякіна «Атланты і карыятыды» і мінскага інжынера А. Каштанава «Заводскі раён» насычаныя праблемамі, якія паказваюць сучаснасць, імклівае развіццё навукова-тэхнічнага прагрэсу, таксама належаць да гэтай плыні.

Відаць, не выпадкова адносіны, канфлікты, характары людзей ва ўмовах НТР прыцягнулі перш за ўсё ўвагу драматургаў, якія апярэдзілі прозу. Па прыродзе сваёй тэатр заўсёды чуйна адгукаецца на патрэбы часу, а названыя п’есы, з’яўляючыся, па сутнасці, творамі публіцыстычнымі, нагадваюць першую прыстрэлку, разведку боем. Вытворчы канфлікт у пералічаных п’есах замест выпадковага непаразумення адносна якой-небудзь тэхнічнай навацыі напоўніўся сацыяльным зместам, увасабляе істотныя прыкметы духоўнага, грамадскага жыцця.

У п’есах І. Дварэцкага «Чалавек з боку» і Г. Бокарава «Сталявары» гаворка ідзе аб новай якасці, патрабавальнасці, новым узроўні працы, неабходнасці паскараць навукова-тэхнічны прагрэс, удасканальваць стыль кіравання. У больш шырокім, сацыяльна-эстэтычным плане тут пастаўлена праблема фарміравання героя нашых дзён, які ўвасабляў бы ідэйна-маральныя пошукі і імкненні грамадства. У цэнтры ўвагі абодвух твораў людзі справы: у п'есе «Чалавек з боку» — інжынер Чашкоў, у «Сталяварах» — сталявар Лагуцін.

Чашкоў, малады, але ўжо вопытны інжынер, запрошаны «з боку», каб вывесці з прарыву буйнейшы, абсталяваны найноўшай тэхнікай ліцейны цэх. Чалавек яркага тэмпераменту, ён не толькі выдатны спецыяліст, Чашкоў упарта адстойвае свае грамадскія, грамадзянскія пазіцыі ў разуменні рабочага абавязку, працоўнай дысцыпліны, адносін да даручанай справы. З упартасцю, нават жорсткасцю выступае ён супраць фальшывай дабраты, усёдаравання, прымірэнчых адносін да недахопаў, руціны, расхлябанасці. Чашкоў — за навуку кіраваць разумна, дзейсна, з поўнай аддачай. Рабочыя, гаворыць ён, «колькі разоў паказвалі энтузіязм. Ці не час нам навучыцца кіраваць імі? Чаму кіраваць павінны тыя, хто не ўмее кіраваць?»

Па сутнасці, такая ж максімалісцкая праграма і ў Віктара Лагуціна, героя п’есы «Сталявары». Ён супраць абывацельшчыны, самасупакоенасці, халтуры, ён лічыць, што вырашаць тэхнічныя праблемы здольны толькі людзі з высакаразвітым грамадзянскім пачуццём, «харошыя людзі». («Добра варыць сталь толькі добры чалавек»). Ворагі Лагуціна — прымірэнства, нізкая патрабавальнасць да сябе, занядбанне сапраўдных грамадскіх інтарэсаў, і яму з гэтымі ворагамі «добрым... быць абрыдзела».

П’еса «Чалавек з боку» абышла сцэны многіх тэатраў, карысталася нязменным поспехам у гледача, але яе галоўны вобраз, інжынер Чашкоў, выклікаў вострую палеміку.

У часопісе «Литературное обозрение» (1973, № ІІ) прыведзена выказванне Героя Сацыялістычнай Працы В. М. Кавуна, які доўгі час узначальваў славуты на Украіне калгас імя XXII з’езда КПСС. «...Цяперашні, сучасны кіраўнік,— піша Кавун,— не павінен быць «чалавекам з боку». І калі ў ім разам з цвёрдасцю характару няма душэўнай дабраты, калі ён толькі чуў ад кагосьці аб чуласці і добразычлівасці, то ці варта за яго падымаць руку?»

У літаратуры палеміка выяўляецца не толькі праз спрэчку кампетэнтных у той ці іншай жыццёвай галіне людзей. Кожны новы твор можа быць палемічным у адносінах да папярэдняга, які закранае падобную ці блізкую тэму.

Новы раман Івана Шамякіна «Атланты і карыятыды» таксама прасякнуты подыхам часу — з аднаго боку імкненнем пісьменніка намаляваць ахопленага творчым энтузіязмам сучасніка, з другога — паказаць актыўнага, «дзелавога» кіраўніка. У шамякінскім рамане мы якраз маем справу з выпадкам, калі праблемы ў такой галіне, як горадабудаўніцтва, паўстаюць ва ўсёй складанасці. Справу аб размяшчэнні хімічнага комплексу вырашаюць гарком, абком, міністэрства, многія іншыя гарадскія і рэспубліканскія арганізацыі. Правамерна ці памылкова будаваць комплекс у прыгарадным, як бы падораным гораду самой прыродай зялёным масіве — пры вырашэнні гэтага пытання сутыкаюцца дзесяткі людзей. Раман Шамякіна «урбаністычны» ў лепшым сэнсе гэтага слова, ён дае матэрыял для роздуму над самымі надзённымі пытаннямі нашага сённяшняга — я хацеў бы падкрэсліць — пераважна гарадскога жыцця.

Сапраўды, хіба не паставіў імклівы поступ тэхнічнага прагрэсу на парадак дня праблему, калі ўсеўладдзе тэхнікі, тэхнічнае вырашэнне архітэктурных задач прыходзяць у супярэчнасць з развіццём гарадской архітэктуры як мастацтва.

Ніхто не стане адмаўляць, што з усіх відаў мастацтва архітэктура найбольш залежыць ад узроўню развіцця тэхнікі. Архітэктурны воблік будынкаў у значнай меры дэтэрмінаваны тэхнічным і тэхналагічным развіццём матэрыяльнай вытворчасці. І ўсё ж тэхніка адно, а мастацтва — другое. Паняцце «прагрэс» цяжка дапасаваць да мастацтва. Мастацкі твор кожнай эпохі ўяўляе сабой каштоўнасць, якую нельга пераўзысці, закрэсліць наступным выдатным творам. Хіба можна сцвярджаць, што мастакі эпохі Рэнесанса пераўзышлі мастакоў старажытнай Грэцыі ці што Кёльнскі сабор лепшы за рымскі Пантэон? Можна толькі сказаць, што Кёльнскі сабор нарадзіўся як вынік свайго часу, асяроддзя, яго можна і ацаніць, зыходзячы з умоў матэрыяльнай і духоўнай культуры сярэдневякоўя, якія ўвасобіліся ў ім.

Розніцу паміж тэхнікай і мастацтвам можна бачыць у тым, што рэнесансная фрэска не адмяняе егіпецкай, у той час як чалавека, які навучыўся карыстацца электрычнасцю, нават сілай нельга прымусіць вярнуцца да лучыны.

Усё гэта добра ведае і адчувае герой рамана Івана Шамякіна Шугачоў, здольны, нават таленавіты архітэктар, але, будучы чалавекам слабавольным, слабахарактарным, ён даволі пакорліва займаецца «дызайнам», г. зн. індустрыяльнай архітэктурай, у якой, вядома ж, не могуць праявіцца яго асоба, індывідуальнасць, талент.

Такім чынам, Шамякін у сваім рамане гаворыць аб выдатках НТР, аб тым, што некаторыя яе працэсы, такія, як тэхнізацыя мыслення, пашырэнне рацыяналістычнага погляду на свет, вузкі, абмежаваны практыцызм, здольныя прывесці і да нівеліроўкі асобы, страты ёю творчай арыгінальнасці, непаўторнасці. У рамане недвухсэнсоўна сцвярджаецца думка, што сацыялізм стварае намнога больш спрыяльныя ўмовы для развіцця навукова-тэхнічнага прагрэсу, чым якая-небудзь іншая грамадская фармацыя, але пісьменнік акцэнтуе ўвагу і на тым яшчэ, што ўмовы гэтыя трэба рэалізаваць, што на шляху паўсядзённага прагрэсу, практычнай дзейнасці нямала цяжкасцей, перашкод і што, зрэшты, многае залежыць ад чалавека, ад яго ўмення адстойваць сваю пераконанасць, свае грамадзянскія, партыйныя пазіцыі.

Навукова-тэхнічны прагрэс у яго ўзаемаадносінах з сацыяльнымі, маральнымі працэсамі — вельмі складаная тэма, да якой літаратура толькі прыступае, толькі намячае пункцірныя лініі. Неасэнсаваных канфліктаў, калізій, нават характараў тут яшчэ шмат. Тым часам, як ужо гаварылася, перамены ў жыцці наступаюць імкліва, у сферы эканомікі, у галіне матэрыяльнай вытворчасці зрухі вынікаюць рэальныя і вельмі істотныя. Узнік новы быт фабрык, буйнейшых заводаў з іх шматтысячнымі калектывамі, своеасаблівым рытмам працы, не знанымі раней праблемамі. У сваю чаргу быт гэты сваім дзелавым ладам, маральным кліматам уплывае на ўчынкі, паводзіны, нарэшце, на псіхалогію рабочых, інжынераў, камандзіраў вытворчасці.

НТР пакуль не нарадзіла прыкметных з’яў у мастацкай літаратуры, але ёсць падставы спадзявацца, што народзіць. Чалавек па сваёй сутнасці больш стабільны, чым тэхніка, НТР — толькі частка жыцця; зыходзячы з гэтага, мастак павінен паказваць не рэвалюцыю ў свеце машын, а жыццё чалавека з яго духоўным светам, імкненнямі, пачуццямі. І ў той жа час усё сённяшняе жыццё складваецца пад непасрэдным уплывам НТР.

Гэты ўплыў літаратура адчула. Ён датычыць перш за ўсё яе светаадчування, прыёмаў, характару яе мастацкага мыслення. Яшчэ ў 20-я гады лірычны герой з фантастычнай паэмы Міхася Чарота «Чырванакрылы вяшчун» аблятаў планету, назіраючы, як шырыцца ў розных краінах, на розных кантынентах справа, пачатая Кастрычніцкай рэвалюцыяй. То быў твор, непасрэдна народжаны Кастрычнікам, прадчуваннем агромністых сацыяльных, творчых магчымасцей чалавека, якія дасць яму разняволеная, падпарадкаваная яму тэхніка.

Сёння такі, па сутнасці, усеабдымны, «касмічны» пункт гледжання стаў у пэўнай меры ўласцівым для ўсёй савецкай і ў тым ліку беларускай паэзіі. Асабліва выразна ён выступае ў творчасці рускага паэта Андрэя Вазнясенскага. Гэта нібы позірк з арбіты касмічнага карабля, якім у адно імгненне аглядаюцца чалавечыя дзеянні на прасцягу вякоў, кантынентаў у сацыяльным і гістарычным разрэзе. Пашырэнне паэтычнага дыяпазону бачання, якое адчуваецца ў «Новай кнізе» А. Куляшова, у яго паэмах «Далёка да акіяна», «Цунамі», «Варшаўскі шлях», у вершах М. Танка, П. Панчанкі, Р. Барадуліна і многіх іншых беларускіх паэтаў, бясспрэчна, звязана з уплывам працэсаў НТР на жыццё, на светаадчуванне сучасніка, незалежна ад таго з’яўляецца гэта свядомым творчым прыёмам ці прадыктавана падсвядомымі імпульсамі. Мысленне, светаадчуванне сённяшняга чалавека пад уплывам НТР (а яна працягваецца, як лічаць сацыёлагі, ужо два дзесяцігоддзі) сталі больш сінтэтычнымі, яны, так сказаць, уключаюць у сябе не толькі магутны паток інфармацыі, а і вызначаюцца здольнасцю спалучаць самыя розныя, падчас далёкія па прыродзе сваёй пласты інфармацыі ў адно арганічнае цэлае. Назіраецца як бы своеасаблівы «мысленны» аксюмарон, г. зн. суіснаванне побач процілеглых, вельмі розных па якасці пачаткаў.

Эпоха НТР, асабліва ва ўмовах сацыялістычнай сістэмы, у абставінах развітага сацыялізма, ставіць зусім новыя акцэнты ў адносінах чалавек — машына. Чалавек робіцца сапраўдным гаспадаром над машынай, перадаручаючы ёй не толькі аднастайныя чыста механічныя функцыі, а і складаныя, якія характарызуюцца адваротнай сувяззю, аперацыі.

Як пераканаўча даводзіць чэхаславацкі даследчык Ф. Кута («Человек. Труд. Техника». Москва, «Прогресс», 1970), фабрычныя машыны ў сваім развіцці прайшлі тры асноўныя перыяды. На першым часе яны прыбаўлялі кваліфікаванаму рабочаму сілы, павышалі яго выпрацоўку, але істотна не змянялі характар яго працы. На працягу другога перыяду яны размежавалі вытворчы працэс на шэраг элементаў, выцесніўшы спецыяліста высокага класа: цяпер некваліфікаваны або малакваліфікаваны рабочы падае ў машыну загатоўку, здымае гатовы выраб, выконваючы некалькі механічных рухаў. Гэта стадыя робата, чалавека-аўтамата. Нарэшце, у трэці перыяд машына выцясняе ўжо некваліфікаванага рабочага, для яе абслугоўвання зноў патрэбен майстар, бо машына сама бярэ матэрыял, выконвае літаральна ўсе аперацыі. Такім чынам, кваліфікаваны рабочы зноў нагадвае былога майстра на ўсе рукі, умельца, хоць ён цяпер называецца «рамонтнік», «наглядчык», «наладчык». Ён, вядома, не рамеснік у ранейшым значэнні слова і ў той жа час адказвае не за адну якую-небудзь чыста механічную аперацыю, якая атупляе, агрубляе яго, цяпер ён ведае ўсе вузлы, скажам, аўтаматычнай лініі, ён маг, чараўнік, работа яго становіцца цікавай і змястоўнай.

НТР, такім чынам, як бы вяртае рабочаму чалавеку духоўнасць, яна патрабуе высокай адукацыі і сапраўды сцірае грані паміж працай разумовай і фізічнай. Ад наглядчыкаў, наладчыкаў патрабуюцца кваліфікаванасць, інтэлектуальна-тэхнічная здольнасць аналізаваць назіранні для ліквідацыі дэфектаў у ходзе работы, уменне спалучаць сваю дзейнасць з дзейнасцю другіх людзей і ўсяго прадпрыемства ў цэлым.

Абслугоўванне машын у выніку НТР ідзе ў напрамку ад панавання машыны над чалавекам да панавання чалавека над машынай. Найбольш прагрэсіўны напрамак развіцця сённяшняй тэхнікі — укараненне аўтаматычных сістэм з праграмным кіраваннем. Яны цалкам замяняюць усе механічныя функцыі чалавека ў ходзе вытворчасці.

Магчыма, у літаратуразнаўчых назіраннях можна было і не прыводзіць усіх гэтых прыкладаў. Але яны яскрава сведчаць аб сацыяльных зрухах сучаснага жыцця, якімі не можа не зацікавіцца літаратура. Для мастацтва зліццё раздзеленай працы ў працу творчую азначае многае. Ліквідацыя пажыццёвай прыкаванасці да вузкай прафесіі, свабодны выбар жыццёвай дзейнасці — усё гэта арганічна звязана з глыбокімі маральна-этычнымі, эстэтычнымі пераменамі ў змесце працы, якія найбольш цікавяць мастацтва.

Аўтаматызацыя, як бачым, не абмяжоўвае рацыяналізатарскія, вынаходніцкія магчымасці рабочага, а наадварот, ліквідуючы тэхнічны бок «адчужанасці» працы, дае шырокі прастор яго творчай актыўнасці. Аўтаматызацыя выклікае паварот ад дэкваліфікацыі да росту кваліфікацыі.

Вернемся, аднак, да літаратуры, да беларускай драматургіі, якая першая прарэагавала на перамены ў жыцці.

 

4

Сучаснымі, як па матэрыяле, так і па філасофскім, мастацкім асэнсаванні рэчаіснасці, з’яўляюцца п’есы Кандрата Крапівы «Брама неўміручасці», Андрэя Макаёнка «Зацюканы апостал» і «Таблетку пад язык».

Другі раз у творчай практыцы К. Крапівы сфера навуковай дзейнасці дае яму выразны камедыйны канфлікт. Толькі ў новым творы «рухавіком» гэтага канфлікту (у адрозненне ад прайдзісвета Гарлахвацкага з камедыі «Хто смяецца апошнім») з’яўляецца чалавек высакародны, разумны, гуманны — акадэмік-герантолаг Барыс Пятровіч Дабрыян. Праводзячы свае доследы над пацукамі, ён нарэшце адкрыў сакрэт, які забяспечыць неўміручасць усяму, што мае гарачую кроў, дыхае, здольнае рухацца ў прасторы і часе.

З вострым здзеклівым смехам камедыёграф адмаўляе ў будучыні марнатраўцам і захрыбетнікам, даставалам і прайдзісветам. Такі ідэйны сэнс камедыі. Але ёсць яшчэ адна думка ў гэтым яркім мастацкім творы, роўная мастацкаму адкрыццю: наша савецкае, сацыялістычнае жыццё нарадзілася як саюз вольных, роўных людзей, і гэтую вялікую заваёву трэба няўхільна абараняць ад прайдзісветаў і захоўваць у чысціні.

Неўміручасць, бяссмерце чалавека — не ў бясконцым фізічным існаванні, а ў вялікіх справах дзеля шчасця сучасных і наступных пакаленняў — такое філасофскае рэзюме гэтага выдатнага мастацкага твора.

За апошнія гады былі ў беларускай прозе спробы абраць аб’ектамі мастацкага паказу працоўныя справы буйных заводаў, прадпрыемстваў, так сказаць, сюжэтна, кампазіцыйна засяродзіцца на вытворчай праблематыцы. Гэтую задачу ставілі ў сваіх раманах, аповесцях, нарысах Уладзімір Карпаў, Алесь Савіцкі, Валянцін Мыслівец. Сам прынцып «зліцця» вытворчых канфліктаў з праблемамі сацыяльнымі, маральнымі, які праглядвае ў творах названых пісьменнікаў, заслугоўвае ўсялякай увагі, хоць у мастацкіх адносінах творы гэтыя яшчэ не вызначаюцца высокай дасканаласцю.

Бліжэйшая па часе напісання да нашых дзён аповесць Аляксея Кулакоўскага «Расце мята пад акном» і зусім нядаўні раман Тараса Хадкевіча «Песня Дзвіны» з’явіліся хутчэй як паэтычныя водгукі на дзівосныя перамены, што адбыліся ў іх родных, звязаных з маленствам, юнацтвам мясцінах — у Салігорску і Наваполацку. Ёсць у гэтых кнігах добрая ідэалізацыя, адухоўленасць убачанага, хоць аналітычнага стаўлення да супярэчнасцей жыцця ім, магчыма, бракуе.

Мы даўно марылі, што рабочае, заводскае асяроддзе вылучыць пісьменніка, які дасканала ведае ўмовы, абставіны працоўнага жыцця. Пісьменнік такі з’явіўся — мінскі інжынер А. Каштанаў, раман якога «Заводскі раён» быў надрукаваны ў «Новом мире». У творы маладога пісьменніка выразна чуецца шматгалоссе густа заселенага Заводскага раёна. Жыццё паказана тут з усімі сённяшнімі рэаліямі — вытворчымі, бытавымі, сямейнымі. Большасць герояў абмалявана з дастатковай псіхалагічнай глыбінёй, у іх існаванне верыш. Яшчэ раз пераконваешся, што на заводзе, у цэхах, працуюць звычайныя людзі. Найбольш удалы ў рамане вобраз начальніка стрыжнёвага ўчастка ліцейнага цэха Антаніны Брагінай. На яе долю найбольш, бадай, выпадае розных згрызот — паўсядзённых вытворчых і сямейных. Але пры ўсёй мітусні пачуццяў, асабістай неўладкаванасці адно пачуццё гераіні надзвычай устойлівае і выразнае: Антаніна, трыццаціпяцігадовая жанчына, ліцейны цэх пакінуць не можа. Прырасла, як кажуць, да яго душой.

Праблемы НТР раман А. Каштанава закранае не глыбока, але добра і тое, што вытворчыя канфлікты ў ім арганічна звязваюцца з побытам, з шырокім светам сённяшняга сацыяльнага і духоўнага жыцця рабочага.

Зварот літаратуры да сучаснага героя — рабочага, інжынера, вучонага — з’ява арганічна заканамерная. Справы, думкі, псіхалогія гэтых людзей увасабляюць істотныя праявы сучаснасці, і першачарговая задача пісьменнікаў — адлюстраваць іх, зрабіць набыткам літаратуры.

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 149-164
Крыніца: скан