epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Магутны талент эпіка

Нядаўна мне прыйшлося пабыць у Юравічах, у тых самых Юравічах, якія пад уласнаю назвай апісаны ў раманах Івана Мележа «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы». Канчаўся імглісты асенні дзень, церусіў дождж. Даволі разлеглае мястэчка, як бы заціснутае паміж двума высокімі зялёнымі пагоркамі, было ва ўладзе звычайнага клопату: па вуліцы, натужна равучы маторамі, плылі нагружаныя бульбай грузавікі, вяртаўся з пашы, з таго боку, дзе зелянелі сасоннікі, статак, ля чарады магазінаў і крам згружалі з машыны рагожныя цюкі і скрынкі.

Мой знаёмы, завуч адной калінкавіцкай школы, раптам спыніўся, паказаў на някідкі, з абшарпаным тынкам мураваны дамок, што стаяў у глыбіні двара, бліжэй да пагорка.

— Вось там, у каталажцы, сядзеў Васіль Дзяцел.

Я не стаў пярэчыць. Двума тыднямі раней настаўнік быў у Юравічах разам з вучнямі, з так званымі следапытамі, якіх цяпер усюды нямала, і ім пра Васіля Дзятла ён расказваў, відаць, болей і падрабязней, чым мне. Вобраз, створаны талентам, фантазіяй пісьменніка, зрабіўся такім чынам рэальным, жывым чалавекам, больш таго, ён стаў як бы часцінкай гэтых самых Юравіч, нават іх гордасцю.

Мне ўспомнілася з прачытанага, што ў гарадок, апісаны Гюставам Флаберам у рамане «Мадам Бавары», вось ужо цэлае стагоддзе прыязджаюць падарожнікі, турысты, шукаюць аптэку, якая калісьці належала Амэ, а таксама іншыя будынкі і мясціны, звязаныя з героямі твора, што жывуць, не старэюць у памяці пакаленняў і як бы яднаюць век дзевятнаццаты з векам дваццатым.

Я злавіў сябе на думцы, што і сам гляджу на Юравічы зусім не так, як глядзеў на іх гадоў дзесяць назад, калі раманы Мележа яшчэ былі не напісаны.

— Каб зразумець паэта, трэба прыйсці ў яго краіну,— сказаў некалі славуты паэт. Краіна Івана Мележа — Надпрыпяцкае Палессе, ва ўсякім выпадку тая яго частка, якая сёння знаходзіцца ў межах Хойніцкага і Калінкавіцкага раёнаў. У палескіх раманах даволі дакладна захавана геаграфія родных мясцін пісьменніка, прычым назвы некаторых паселішчаў пададзены без змен — Глінішча, Ламачы, Тульгавічы, Юравічы, другія крыху перайначаны — Курані, Алешнікі, Хвойнае.

Дык з чаго пачынаецца пісьменнік, калі, каб зразумець яго талент, трэба наведаць зямлю, што яго ўзгадавала? Мабыць, з любві, з паэтычнага захаплення роднай зямлёй.

Беларускай літаратуры ў гэтым сэнсе пашанцавала. Іван Мележ нарадзіўся ў сапраўды цікавым, непаўторным сваімі кантрастамі кутку. Гэта поўдзень Беларускага Палесся, дзе спакойная паўнаводная Прыпяць як бы спяшаецца ў абдымкі да прыгажуна Дняпра. Нібы спаткаліся тут стэпавая, пшанічная Украіна з лясной, балотнай, бульбяной Беларуссю.

Кантрасты, рэзкія пераходы ў малюнку, настроі адной і той жа мясцовасці, думаецца, не прайшлі міма ўвагі ўражлівага дзіцяці, юнака, які ўжо тады, у тыя далёкія гады, фарміраваўся як пісьменнік. У раўніннай, стэпавай частцы Хойніцкага раёна зусім не так узыходзіць сонца, не так шумяць вятры, не такое неба, як у балотных надпрыпяцкіх мясцінах, якія акаляюць вёску Глінішча, што дала першыя паэтычныя ўражанні будучаму пісьменніку. Але прайдзіце некалькі вёрст у напрамку Хойнікаў ці Юравіч — і зусім іншы свет: палявы прастор, пікі пірамідальных таполяў ці абсаджаная бярозавымі прысадамі дарога, што весела бяжыць па шырокай раўніне. Ці не з гэтага кантрасту вырас пафас рамана «Людзі на балоце», дзе, як няцяжка заўважыць, чорная дрыгвяністая зямля зусім не паэтызуецца, а хутчэй паказваецца як спрадвечнае няшчасце, пракляцце тутэйшых жыхароў?

Але паглядзім і на другі бок справы. Калі мы гаварылі, што Мележ вырас у цікавейшым кутку Беларусі, то гэта ніякім чынам не нацяжка. Менавіта ў Юравічах было знойдзена першае ў абсягу рэспублікі паселішча старажытнага чалавека. У музеі мясцовай дзесяцігодкі дэманструюцца не толькі косці маманта, усе гэтыя гіганцкія біўні, шчэлепы, зубы, але і прылады сівога каменнага веку — дробныя сякеркі, наканечнікі стрэл, прымітыўныя жорны. Яны не прывезены адкуль-небудзь, а знойдзены тут, ля падножжа Юравіцкай гары, той самай, якой не раз любаваўся і Васіль Дзяцел, і разумны старшыня мясцовага выканкома Апейка — героі мележаўскіх раманаў.

Тут, на старажытнай надпрыпяцкай зямлі, сярод зараснікаў і балот, здаўна жылі людзі, і гэта былі надзвычай мужныя, працавітыя, цягавітыя людзі, калі пры дапамозе такіх прымітыўных сродкаў, як вось гэтыя каменныя сякеркі, наканечнікі стрэл, яны палявалі на мамантаў, выстаялі супраць нягод лёсу праз многія тысячагоддзі.

Дзяцінства, юнацтва, маладыя гады Івана Мележа супалі з падзеямі сусветна-гістарычнага значэння. Нарадзіўся ён у сялянскай сям’і, змалку зведаў цану кавалку чорнага, напалам з бульбай, хлеба, які гэтак нялёгка здабываўся на тутэйшым пяску і балацянках. Але якраз тады, калі будучы пісьменнік са зрэбнай торбачкай за плячамі пашыбаваў у школу, у свой першы клас, спрадвечная палеская вёска зашумела зборышчамі, сходамі, выбіраючы свой новы, заўтрашні дзень і адначасна яго страшачыся. Рушыўся спрадвечны сялянскі свет жыцця, які праглядваўся на многія стагоддзі назад, і паўставаў свет новы, няясны, няпэўны для недаверлівага мужыцкага розуму нават у сваіх знешніх абрысах.

На такім гістарычным разрыве, найвялікшым драматычным і нават трагічным жыццёвым матэрыяле заўсёды было магчыма паяўленне значнага, вялікага мастацкага твора і значнага пісьменніка. Палескія раманы нарадзіліся іменна на такім матэрыяле.

Знаёмства з Іванам Мележам адбылося пасля яго другога зборніка апавяданняў «Гарачы жнівень». Гэта былі першыя пасляваенныя гады. У той час нам падабаліся кнігі ўзнёслыя, з яўнай тэндэнцыяй гераізацыі, ідэалізацыі навакольнага жыцця. Мележаўскі зборнік, здаецца, нічога такога не меў. У аповесці «Гарачы жнівень», апавяданнях «Павел прыехаў», «Перад навальніцай» і іншых расказвалася пра будні пасляваеннай вёскі, пра звычайную, стрыманую, але ў той жа час такую агромністую радасць тых, хто вярнуўся з вайны і прылучыўся да мірнай працы. Першыя прачытаныя апавяданні Мележа назаўсёды засталіся для мяне творамі высокапаэтычнымі, нават лірычнымі, толькі лірычнае пачуццё ў іх струменіла з жыццёвых глыбінь, з умела, па-майстэрску намаляваных карцін побыту, працы, з дакладнага выяўлення псіхалогіі герояў.

Зборнік «У завіруху» ўсталяваў думку, што ў асобе Мележа ў беларускую літаратуру прыйшоў пісьменнік самабытны, арыгінальны, з выразна акрэсленым колам мастацкіх ацэнак і ўяўленняў, непаўторным поглядам на жыццё.

Іван Мележ далёка не адразу атрымаў шырокае і ўсеагульнае літаратурнае прызнанне. Яно прыйшло пасля рамана «Людзі на балоце». Крытыкі, даследчыкі як бы нанова зірнулі на пісьменніка, убачылі тое, чаго раней як быццам не заўважалі — глыбокі псіхалагізм, дакладнасць і адначасна паэтычнасць малюнка, тонкую назіральнасць. А між тым творчы шлях Мележа ўяўляецца прамым і роўным, і ніводны твор не выбіваецца з выразна акрэсленага кірунку развіцця пісьменніка.

У першым рамане «Мінскі напрамак», над якім пісьменнік многа і ўпарта працаваў і да мастацкага ўдасканалення якога вяртаўся не раз, выказаны, па сутнасці, той пагляд на Айчынную вайну, які даў асаблівы плён у прозе апошняга дзесяцігоддзя. Ужо тады, у першыя пасляваенныя гады, Мележ зірнуў на вайну не толькі як на справу найвялікшай мужнасці, подзвігу народа, а і як на цяжкую, паўсядзённую працу, дзе праявіліся такія якасці савецкіх людзей, як цягавітасць, вытрымка, уменне пераносіць, пераадольваць пакутлівыя нягоды і выпрабаванні жыцця. Магчыма, першаму мележаўскаму раману ў пэўнай меры не хапала эмацыянальных фарбаў, белетрыстычнай займальнасці, той рамантычнасці, выключнасці паводзін герояў, якія на вайне проста непазбежны, але менавіта сённяшні пагляд на эпапею народнага змагання з ворагам, які знайшоў месца яшчэ ў «Мінскім напрамку», бясспрэчны.

Іван Мележ як пісьменнік належыць да сярэдняга пакалення, і яго жыццёвы творчы шлях у гэтым сэнсе вельмі тыповы. Перад вайной скончыў дзесяцігодку, некаторы час працаваў у Хойніцкім райкоме камсамола, друкаваў у газетах заметкі і вершы. Відаць, зусім не выпадкова паступіў у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі, літаратуры (ИФЛИ), адкуль пасля першага, курса быў мабілізаваны ў армію. З першых дзён вайны ўдзельнічаў у баях у складзе артылерыйскага палка, адступаў, быў у акружэннях, восенню сорак першага года ўдзельнічаў у наступленні на Растоў, а першай ваеннай зімой — на Лазавую і Барвенкава.

Летам сорак другога года яго цяжка параніла. Потым было нялёгкае, вандроўнае жыццё — лячэнне ў шпіталях, вучоба, работа, безліч сустрэч з людзьмі ўздыбленай вайной краіны. Першае апавяданне напісана ў Тбілісі, у шпіталі, левай рукой (правая вісела як нежывая). Яго пазней, праз паўтара года, у Маскве прачытаў Кузьма Чорны, прыхільна, добразычліва адазваўся. Так пачаўся шлях у літаратуру.

Можна з поўнай падставай гаварыць аб тым, што палеская хроніка Мележа ляжыць на магістральным шляху развіцця беларускай літаратуры, судакранаючыся з такімі творамі, як «Новая зямля» Якуба Коласа і «Трэцяе пакаленне» Кузьмы Чорнага. У таленце Мележа як бы прысутнічае штосьці ад Чорнага і штосьці ад Коласа. Але ў той жа час гэта зусім арыгінальны, своеасаблівы пісьменнік. У яго стылі, творчай манеры, кажучы фігуральна, як бы паядналіся коласаўская паэтычнасць, мяккасць, лірычная цеплыня з аналітызмам Чорнага, з яго дакладным, «прадметным» малюнкам, багаццем бытавой народнай фразеалогіі.

Сапраўды, калі чытаеш і перачытваеш «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы», на памяць прыходзіць славутая коласаўская «Новая зямля». Пасля Коласа, бадай, не было ў беларускай літаратуры другой кнігі, чым мележаўская хроніка, дзе б з такім грунтоўным веданнем справы паўстаў быт, сама паэзія і драматызм жыцця беларускай вёскі. І хоць пісьменнік не робіць асаблівых экскурсаў у гісторыю мясцін, людзей, якіх ён паказвае, адчуваеш, што за ўсім стаіць векавечная традыцыя, жыццё, што складвалася на працягу многіх стагоддзяў. У рамане «Подых навальніцы» дзеянне сягае ўжо за межы балотных Куранёў, разгортваючыся і ў раённых па тым часе Юравічах, і ў сталічным Мінску. Пачынаеш разумець сапраўдныя размахі творчай задумы пісьменніка. Яна, відаць, у тым, каб намаляваць не толькі рушэнне старога, прыватна-ўласніцкага свету жыцця, а і паказаць станаўленне жыцця новага, савецкага з яго новымі духоўнымі і маральнымі каштоўнасцямі.

Пра герояў мележаўскіх раманаў многа і справядліва пісалі крытыкі, літаратуразнаўцы, і, відаць, не варта паўтарацца: прысвечаныя жыццю беларускай вёскі далёкіх 20-х і пачатку 30-х гадоў, кнігі гэтыя тым не меней гучаць вельмі сучасна, бо яны, калі можна так сказаць, закранаюць інтарэсы, думкі, пачуцці сучаснікаў, па галоўных пытаннях жыцця перагукваюцца з нашымі днямі. Звычайнасць буйнога твора вызначаецца перш за ўсё адкрыццём тыпу, характару, бо толькі аб’ёмны, пададзены ў адзінстве асабістага і грамадскага характар нясе ў сабе вобраз часу, з’яўляецца сапраўдным мастацкім адкрыццём.

Думаецца, суджана доўгае жыццё мележаўскім палескім раманам. А значным дасягненнем беларускай прозы яны сталі таму, што ў іх буйныя, ёмістыя характары, роўныя вялікаму мастацкаму адкрыццю. Нездарма эпічна спакойныя раманы «Хронікі» ўстойліва перавандравалі на сцэну тэатра з яе своеасаблівымі жанравымі патрабаваннямі. Але калі ёсць пластычныя вобразы і значныя канфлікты, то астатняе — справа акцёрскага майстэрства.

У раманах Мележа ва ўвесь свой сацыяльны, чалавечы рост паўсталі Васіль Дзяцел, Ганна, Яўхім, стары Глушак, Міканор, Апейка і іншыя героі. А колькі там вобразаў так званага другога і трэцяга планаў, якія, тым не менш, глыбока запамінаюцца, бо роля іх далёка не дзяжурная. Пісьменнік прадэманстраваў зайздроснае майстэрства як пластычнай, псіхалагічнай лепкі характараў, так і валодання мастацкімі дэталямі, калі якая-небудзь выхапленая з жыцця падрабязнасць гаворыць вельмі пра многае. Звернем увагу на тое, што пісьменнік вельмі дбайна сочыць, як і ў што апрануты яго героі, у якой хаце яны жывуць, як ходзяць, гавораць, смяюцца, як і што ядуць, якое надвор’е тым часам стаіць.

Героі мележаўскай эпапеі — людзі простага, вясковага жыцця. Але якое ў іх багацце думак, пачуццяў, настрояў, імкненняў. Яны пададзены буйным планам і ў грамадскім, сацыяльным і ў чалавечым абліччы, і чытач — хто б ён ні быў па сваёй прафесіі ці адукацыйным узроўні — штосьці возьме для сябе пасля знаёмства з імі.

Раманы Мележа — творы шматпланавыя, у іх пастаўлена многа праблем. Пісьменнік удумліва даследуе сувязі сваіх герояў з шматвяковай вясковай традыцыяй, з калектыўнай гаспадаркай, якая нараджаецца ў закінутых сярод балот і лясоў Куранях, выяўляе сацыяльныя асновы жыцця, духоўны рост чалавека з народа, які паступова вызваляецца ад путаў мінуўшчыны. Іван Мележ не толькі не парывае з традыцыяй беларускага сацыяльна-бытавога і сацыяльна-псіхалагічнага рамана, асновы якога закладвалі Якуб Колас і Кузьма Чорны, але і паспяхова працягвае, узбагачае яе.

Іван Мележ — пісьменнік, які выпрацаваў свой уласны стыль, адметную манеру весці апавяданне. Яго фраза — ёмістая, як бы ахоплівае матэрыяльнае, рэчавае багацце навакольнага свету, дае яго пластычны вобраз. Але ў той жа час гэтая фраза і музыкальная, яна вызначаецца багаццем інтанацый, адценняў, у ёй суседнічаюць, пераплятаюцца ўсе гамы эмацыянальнага спектра: гумар з лірыкай, спакойная апавядальнасць з паэтыкай. Шырокае выкарыстанне «палескіх» дыялектызмаў у апошніх творах пісьменніка, думаецца, цалкам апраўдана, яно дапамагае больш рэльефна і адчувальна намаляваць і герояў, і іх жыццё.

Беларуская проза вызначаецца сёння многімі таленавітымі імёнамі. Іван Шамякін, Янка Брыль, Мікола Лобан, Піліп Пестрак, Аляксей Кулакоўскі, Васіль Быкаў, Іван Пташнікаў — гэтыя і іншыя празаікі паспяхова расказваюць «аб часе і аб сабе», увасабляюць у сваіх творах духоўную гісторыю станаўлення савецкага грамадства. І ўсё ж на фоне гэтай, скажам без пераўвелічэння, вельмі добрай літаратуры раманы І. Мележа выдзяляюцца, яны сталі падзеяй у літаратурным жыцці.

1969


1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 263-270
Крыніца: скан