epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Малады вырай

У трох сёлетніх нумарах часопіса досыць багата прадстаўлена проза, паэзія, нарыс і публіцыстыка. У юбілейны год Савецкай улады рэдакцыя «Маладосці» прыйшла, трэба сказаць, з прадуманай праграмай. Гэта, перш за ўсё, датычыць публіцыстычных матэрыялаў — разнастайных па тэматыцы, цікавых па зместу,— якія ўзнаўляюць слаўныя старонкі народнай барацьбы за ідэі Кастрычніка. Такія матэрыялы шчодра, з нумара ў нумар, друкаваліся і ў мінулым годзе, і ў папярэднія гады, адкрылі маладому чытачу дзесяткі, калі не сотні імён герояў і ўдзельнікаў грамадзянскай вайны, многія з якіх з’яўляюцца нашымі землякамі, расказалі аб слаўным пакаленні камсамольцаў дваццатых і трыццатых гадоў, аб найбольш важных рэвалюцыйных падзеях краіны і рэспублікі.

З публікацыяй трох апошніх нумароў хочацца адзначыць артыкул П. Селіванава «Заслона на Заходнім рубяжы» («Маладосць», № 1), напісаны з добрым мастацкім густам нарыс М. Караля «Праз вогненны шквал», тэмай якога з’яўляюцца рэвалюцыйныя падзеі на Случчыне, рэпартаж Янкі Кучара «Чапаеўцы», які расказвае аб беларусах, байцах Чапаеўскай дывізіі, матэрыялы пра камкора Гая («Маладосць», № 2), артыкул М. Камінскага «Усебеларускі стараста», прысвечаны дзейнасці А. Чарвякова). Добра тое, што часопіс суправаджае публіцыстычныя матэрыялы вялікай колькасцю здымкаў, большасць з якіх — рэдкія і друкуюцца ўпершыню.

Увогуле, «Маладосць», здаецца, знайшла свой арыгінальны твар, воблік як часопіса маладзёжнага, юнацкага, для якога арганічна патрэбны выдумка, займальнасць, добрая фантазія ў афармленні, у падачы матэрыялаў.

Відаць, зусім натуральна для маладзёжнага часопіса і тое, што вялікая ўдзельная вага прыпадае ў ім на публіцыстычныя матэрыялы. Пра «Маладосць» можна сказаць, што сваёй публіцыстыкай не ў меншай ступені, чым мастацкімі творамі часопіс вядзе размову з чытачом пра самае галоўнае, важнае ў жыцці. Усялякай падтрымкі, напрыклад, заслугоўваюць шматлікія дыскусіі, якія вядуцца на старонках часопіса.

Аднак, варта сказаць, што і публіцыстычныя гарызонты ў «Маладосці» таксама не заўсёды бясхмарныя. Досыць слабое месца — нарыс. Цікавыя, мастацкія нарысы ў часопісе з’яўляюцца не так ўжо і часта, пішуцца пераважна работнікамі рэдакцыі. Для значнай часткі тых матэрыялаў, якія падаюцца пад рубрыкай нарыса, уласцівы рэпартажная эскізнасць, саладжавасць, адналінейнасць у падачы жыццёвых фактаў. Відаць, рэдакцыі трэба больш настойліва звязвацца з маладымі празаікамі, паэтамі, здольнымі журналістамі, арыентаваць іх на публіцыстычныя выступленні.

Як гаварылася, з «Маладосцю» звязана нямала пісьменніцкіх імён, што свецяць сёння пэўнымі мастацкімі здабыткамі. Тут друкавалі і друкуюць свае творы Васіль Быкаў, Алесь Асіпенка, Аляксей Карпюк, Іван Пташнікаў, Уладзіслаў Нядзведскі, Еўдакія Лось, Барыс Сачанка, Рыгор Барадулін, Міхась Стральцоў, Вера Вярба, Уладзімір Караткевіч, Ніл Гілевіч, Анатоль Вярцінскі, Сцяпан Гаўрусёў, Алег Лойка, Генадзь Бураўкін, Вячаслаў Адамчык, Іван Чыгрынаў і інш. Падымаецца наступная, досыць шматлікая плеяда паэтаў і празаікаў.

Але год на год не прыходзіцца. Нягледзячы на вялікую колькасць сталых аўтараў, леташні год, скажам, быў не асабліва ўраджайны ў «Маладосці» на добрую мастацкую прозу. З надрукаванага ў мінулым годзе найбольшай увагі, на маю думку, заслугоўваюць першая аповесць Уладзіміра Паўлава «Яжэліха» і невялікая аповесць Міхася Стральцова «Адзін лапаць, адзін чунь».

Поспех Уладзіміра Паўлава, які выступаў да гэтага часу, як паэт, па-сапраўднаму радуе. Аповесць прысвечана нялёгкаму дзяцінству ў вёсцы, што зведала ліхалецце вайны, акупацыі і нягоды пасляваеннага жыцця. Напісаная стрымана, мужна, з добрай увагай да вясковага побыту, аповесць вызначаецца сапраўднай паэтычнасцю, нявыдуманымі глыбокімі пачуццямі герояў.

Даволі рэдка, але няўхільна павышаючы майстэрства, выступае ў сённяшняй прозе Міхась Стральцоў. У аповесці Стральцова таксама кавалачак вясковага пасляваеннага жыцця, сагрэтага пачуццямі дзяцінства. На невялікай плошчы твора аўтару ўдалося намаляваць запамінальныя характары, асабліва дзеда Трахіма, чалавека, у душы якога жыве шчымлівае шкадаванне, спагада да ўсяго жывога.

З прозы сёлетняга года хацелася б больш уважліва спыніцца на аповесці Уладзіміра Караткевіча «Чазенія» (№ 2 і 3).

Чытач ведае У. Караткевіча як празаіка рамантычнага складу, які працаваў пераважна на гістарычным матэрыяле. «Чазенія» — пра сённяшні дзень. Свайму стылю аўтар не здрадзіў і ў новым творы, названым ім паэмай. Само па сабе рамантычнае асяроддзе, у якім дзейнічаюць героі гэтай паэмы-аповесці фізік-атамнік Севярын Будрыс і біёлаг Гражына Арсайла,— далёкаўсходні, заціснуты ў цясніне запаведнік, дзе ледзь не першабытная флора і фауна, дзе расце жэнь-шэнь і рэліктавае дрэва чазенія, што захавалася з даледніковага перыяду.

У нас бытуе падчас іранічнае стаўленне да твораў рамантычных. Маўляў, у тэхнічны, цвярозы, дваццаты век не да рамантыкі, не да сантыментаў. У аповесці ж Караткевіча рамантычная выключнасць сітуацый, герояў якраз і дапамагае ставіць пытанне буйна, у «агульначалавечым» маштабе: аб адказнасці людзей за лёс планеты, аб проста такі вострай патрэбе жыць вялікімі, глыбокімі пачуццямі.

Аповесць У. Караткевіча ў сваім жанры напісана цікава, займальна, з добрым прафесіянальным майстэрствам. Ёсць у ёй і гумар, і лірызм, і зайздросная назіральнасць аўтара, які востра бачыць, чуе багацце гукаў, пахаў, фарбаў у свеце, які нас акружае. Бадай, толькі адзін мае аповесць пралік: псіхалагічна, лагічна не матывавана, чаму Гражына, якая горача, шчыра пакахала Будрыса і якая хутка стане маці, уцякае ад свайго абранніка. «Высока трагічны» матыў нявер’я дзяўчыны ў «вечнае» каханне ўведзены, на маю думку, аўтарам штучна, ён пярэчыць светлай, мажорнай танальнасці твора, які ўсім сваім эмацыянальна-вобразным ладам сцвярджае ідэю перамогі святла над цемрай.

Добрымі мастацкімі якасцямі вызначаецца апавяданне Анатоля Кудраўца «На балоце скрыпелі драчы». У аснову яго пакладзены вельмі звычайны, здавалася б нават непрыкметны, факт: сустрэліся два маладыя хлопцы — экскаватаршчык Максім, які асушае балота, і калгасны брыгадзір, трохі выпілі ў брыгадзіравай хаце, а потым (час летні) пайшлі на вясковую пагулянку. Там, на пагулянцы, Максім запрасіў патанцаваць дзяўчыну, а потым прасядзеў з ёй на лавачцы кароткую летнюю ноч... Вось і ўсё. Але на гэтым няхітрым сюжэце малады пісьменнік здолеў даць жыццё ўсім сваім героям, нават эпізадычным, якія з’яўляюцца на адно толькі імгненне. Добрая мова, трапнасць дэталей, дакладны псіхалагізм робяць апавяданне А. Кудраўца запамінальным і цікавым.

На жаль, такіх твораў у пісьменнікаў, якія толькі пачынаюць выступаць у прозе, пакуль што не шмат. За апошнія гады ўдалыя творчыя заяўкі зрабілі ў «Маладосці» М. Вышынскі, А. Пінчук, І. Крэнь, Н. Маеўская, М. Гіль і інш. Але нават улічваючы лепшае, што надрукавана гэтымі і другімі аўтарамі, нельга сказаць пэўна аб напрамку мастацкіх пошукаў маладой прозы. Пераважае апавяданне-замалёўка, апавяданне-эпізод. Нездарма, відаць, самі маладыя пісьменнікі іранізуюць над сабой. Герой апавядання-маналога М. Гіля «Як маецеся, хлопцы?» («Маладосць», № 3) так ацэньвае творчасць сяброў: «...Часопісы выпісваю і больш-менш сачу, што паяўляецца ў іх. Асабліва пільна цікаўлюся маладымі. Дзіўная, браце, рэч: катораму хлопцу дваццаць — дваццаць пяць гадоў, а так густа кладзе слова за словам, што іншаму старому варта пазайздросціць. Тэхніка пісьма вырасла незвычайна. Дзіўнага, канешне, тут нічога няма, хлопцы ідуць у літаратуру пісьменныя. А вось зместу, як кажуць крытыкі, бракуе. Яно, падумаўшы, дык і адкуль будзе той змест? Школа, інстытут альбо універсітэт — вось і ўся біяграфія такога пісьменніка. І не разумее, дзівак, што зусім не трэба старацца ўсімі сіламі прыстроіцца ў горадзе...»

Але не будзем спяшацца. Па трапнаму выказванню Кузьмы Чорнага, добры празаік пачынаецца пасля трыццаці гадоў. «Прывязанасць» да асабістай біяграфіі пісьменніка з’яўляецца асаблівасцю не толькі маладой прозы, а і ў значнай меры творчасці празаікаў сярэдняга пакалення.

У гэтым сіла і пэўная слабасць нашай прозы. Пісьменнікі, якія прыйшлі ў літаратуру з вопытам вайны і нават маладзейшыя таварышы, тыя, чыё дзяцінства абпаліла вайна, нават расказваючы пра сябе, пра сваіх аднагодкаў, расказвалі і аб часе. Не прыходзіцца спрачацца, што творчасць такіх нашых пісьменнікаў, як Карпюк, Пташнікаў, Сачанка, Стральцоў, Адамчык, Чыгрынаў, вырастае ў значнай меры з іх асабістай біяграфіі і за межы гэтай біяграфіі яшчэ асабліва далёка не сягнула. Самыя маладыя такой «перавагі» не маюць. Але біяграфія, як кажуць,— справа нажыўная.

У адрозненне ад прозы сённяшнюю маладую паэзію вызначае прыкметна больш актыўны творчы пульс. Кожны новы нумар «Маладосці» дае тры-чатыры паэтычныя падборкі. Сярод паэтычнай моладзі значна больш імён, якія акрэслілі за сабой пэўныя дасягненні. Маладая паэзія вызначаецца даволі высокай культурай тэхнікі вершаскладання, жаданнем аўтараў паглыбіцца ў інтымны свет перажыванняў, пачуццяў. Аднак больш слабыя грамадзянскія пазіцыі гэтай паэзіі, узаемадачыненні лірычнага «я» і навакольнага свету. Тым прыемней убачыць прыкметы сталення, больш глыбокі роздум над жыццём — якасці, якія ўсё часцей прабіваюцца ў творчасці маладых. Не могуць не ўзрадаваць у сувязі са сказаным радкі з верша Марыі Шаўчонак, паэтэсы, якая працуе настаўніцай на Гродзеншчыне.

 

Недарэмна гавораць —

                        мудрасць

Заключаецца ў прастаце...

Мы ўскладненні любім

                            мучыць

І сябе, і сваіх дзяцей.

Сярод ніў і лясоў узросшы,

Я прымаю такую быль.

Зноў і зноў прастаце

                        зайздрошчу,

Простай гэтак не проста

                                быць...

 

Кідаецца ў вочы жаданне некаторых маладых паэтаў гаварыць нават аб простых, звычайных рэчах мовай ускладненых метафар, асацыяцый, ламаць, «узвіхрываць» радок там, дзе сэнс гэтага зусім не патрабуе.

Наўрад ці трэба даказваць, што паэзія павінна кранаць, узрушаць пачуцці, хваляваць чытача. Чаго няма, як кажуць, у душы паэта, таго не будзе ў яго творы.

Хоць і не часта, але трапляюцца ў «Маладосці» вершы, напісаныя, відаць, без дастатковых на тое падстаў. Узяць хоць бы наступныя радкі:

 

Дзяўчына, дзяўчына

                  чорных панчохах

Ты лепш не хадзі каля

                вокан маіх,

Бо з гэтага, мусіць,

                не выйдзе нічога

Ні ў студзені лютым,

                ні ў цёплым маі. (?!)

 

З мінулагодніх вершаў пачынаючых паэтаў радуе падборка Яўгеніі Кавалюк («Маладосць», № 6). Вызначае творы паэтэсы лірычная цеплыня, шчырасць, добрая ўсмешка. Прыкметна вырас як паэт даўно вядомы чытачу Алег Лойка. Яго лірычны цыкл («Маладосць», № 10) вабіць шчырай чалавечнасцю, роздумам, арганічнай зрошчанасцю думкі і пачуцця.

Лірычнае наступленне на старонках «Маладосці», бадай, яшчэ з большай інтэнсіўнасцю працягваецца сёлета. У трох нумарах — семнаццаць падборак, дзевяць з іх належаць моладзі, якая толькі ўступае на літаратурны шлях.

Роздумам, добрай творчай культурай, грамадзянскай зацікаўленасцю жыццём вызначаюцца цыклы вершаў Рамана Тармолы, Яўгена Вераб’я («Маладосць», № 2), Петруся Макаля, Васіля Зуёнка («Маладосць», № 3). Радуе поспех маладых паэтаў, якія, на маю думку, вельмі ўдала выступілі ў навагоднім нумары, вызначылі яго твар, настрой — Івана Арабейкі, Валянціны Коўтун, Алеся Разанава, Яўгеніі Янішчыц.

У заключэнне некалькі слоў пра крытычны і бібліяграфічны раздзелы «Маладосці». Самае значнае, спелае ў творчасці маладых часопіс заўважае, рэцэнзуе, прычым пераважна сіламі маладых пісьменікаў і крытыкаў. Мала з’яўляецца артыкулаў, якія б падводзілі пэўныя вынікі творчаму працэсу, вызначалі яго тэндэнцыі, узнімалі пытанні майстэрства. У мінулым годзе такіх артыкулаў было змешчана толькі тры — Алеся Яскевіча — аб лірычнай прозе, Алега Лойкі — аб сучаснай паэзіі, Васіля Быкава — аб перспектывах развіцця сучаснай прозы. Вельмі пажадана, каб з аналізам творчасці выступалі старэйшыя, заслужаныя майстры мастацкага слова.

1967


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 204-210
Крыніца: скан