epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Мяшок белага наліву

— Заўтра, сынок, паедзем у мястэчка, прададзім яблыкі,— сказала Васю маці, прыбегшы са жніва.— Пазычым у Амелькі драбіны, а мяшок возьмем у Насты. Я ў яе папрасіла...

— Не трэба мне драбіны,— адказаў Вася.— Я і так залезу.

— Голле паломіш. Яблынька маладая. Не будзь неслухам.

Маці зноў пайшла. Яна жне жыта, якое сеялі яшчэ пры немцах. Праўдзівей кажучы, немцы ў Бывальках, дзе жыве Вася і дзе ўсяго толькі трыццаць двароў, за ўсю вайну былі толькі адзін раз. Мінулым летам прыехалі на танкетках і спалілі вёску.

Вася зрабіў так, як сказала маці. Драбіны, збітыя з неачэсаных бярэзін, прынёс ад крывога Амелькі, а крапіўны мех яму дала Наста. Яна заўсёды дома, сядзіць або ляжыць на посцілцы ля зямлянкі. У Насты адняліся ногі, і яна нічога рабіць не можа. Толькі поле грады ці рве пер’е.

Яблынька танклявая, і прыставіць да яе лесвіцу не так проста. Але Вася знайшоў выйсце. Паставіў драбіны амаль строма, а збоку, каб лішне не ціснуць на дрэва, падпёр іх жардзінай з рагулькай на канцы. З ніжніх галін можна было абіраць аблыкі наогул без лесвіцы. Хораша ў Бывальках летам. Асабліва калі глядзець на ваколіцы зверху. Жаўцеюць, як залатыя, палоскі жыта. Клін ярыны, бульбы нагадвае вялікі зялёны дыван. Поле нібы падковай акружана лесам. А там, дзе лес адступае, цягнуцца сенажаці з круглымі, як надзьмутыя шары, кустамі лазнякоў. Над полем, лугамі трымціць-пераліваецца сіняватая смуга. Толькі сама вёска выгляд мае непрывабны. Зверху зямлянкі падобны на гурбачкі зямлі, якую натачылі краты. Вызначае вуліцу пакуль што вялізная хата, якую паставіў Кузьма Ахрэмчык. Ён робіць у леспрамгасе і дрэва вывез на машыне. Васевай маці Кузьма таксама памог прывезці бярвенне.

Яблыкі Вася абірае спачатку з верхніх галін. Можна было б іх проста атрэсці, але тады яны паб’юцца аб дол. А так, тручыся адно аб другое ў Васі за пазухай, яны рыпяць, нібы новыя хромавыя боты.

Калі Вася насыпаў палавіну мяшка, у двор зайшоў сусед Пятро Рабец. Цяпер у Пятра часу мала, бо ён пасвіць жывёлу — калгасную і аднаасобную разам. Мабыць, прыгнаў на абед.

— На базар павезяце яблыкі? — спытаў Пятро.

— На базар.

— Хату будзеце ставіць?

— Хату.

— Цяпер добра можна ўзяць. Анэля гуркі насіла, то брала па трыццаць капеек за штуку. А яблыкі ж даражэй.

— Даражэй,— пацвердзіў Вася.

— На тысячу рублёў тут будзе,— сказаў Пятро.— Бярвенне пачасаць хопіць. Дзе на зруб грошы возьмеце?

— Не ведаю,— адказаў Вася.— Прыдумаем што-небудзь. Пазыкі папросім. Маці хадзіла ў ваенкамат, узяла паперу.

— Вам павінны даць. Ёсць закон — у каго хто на фронце, даваць у першую чаргу...

Пятро стаяў і глядзеў на яблыню. Ён хацеў яблыка. Васю было шкада сябра. У Пятра да вайны было аж дзве аблыні. Але яны згарэлі — стаялі блізка ля хаты. І бацька ў яго не на фронце — проста памёр. Пазыкі ім у першую чаргу, мабыць, не дадуць.

— Пашукай у бульбе,— сказаў Вася.— Калі знойдзеш паданку, то вазьмі. Бяры колькі знойдзеш. Я сам ніводнага яблыка не з’еў. Толькі паданку. Маці кажа, да спаса нельга есці.

Пятро адразу шуснуў у бульбоўнік. Учора лазіў там сам Вася, адшукаў два чарвівыя яблычкі. Можа, за гэтую ноч яшчэ трохі нападала. Але Пятро нічога не знайшоў.

— Няма,— сказаў ён.— Я пайду, мне трэба кароў выганяць.

Вася страсянуў верхнюю галіну, і на дол, абрываючы лісце, паляцелі два ці тры яблыкі.

— Вазьмі,— сказаў ён.— Усё адно на хату не хопіць. Толькі на вуліцы не еш. А то калі ўбачаць, то набягуць. Казік, Юрка. Дзе я ўсім набяруся?..

— Я не буду есці,— паабяцаў Пятро, хаваючы яблыкі за пазуху.— Я табе жаваранкава гняздо пакажу. Выводзіцца за лета другі раз...

Мяшок быў поўны — як завязаць. Вася зайшоў у зямлянку, знайшоў іголку, суравую нітку і зашыў яго. Такі ход прыдумаў ён сам, каб болей нікому не раздаваць яблыкаў. Ахвотнікі знойдуцца. Хай толькі дачуюцца.

Назаўтра быў нядзельны дзень, сухарукі Кузьма Ахрэмчык, леспрамгасаўскі шафёр, разам з іншымі вясковымі кабетамі, якія везлі сёе-тое на рынак, пасадзіў у кузаў Васеву маці і яго самога.

— Што Іван піша? — спытаў ён пра бацьку.

— Ваюе, два тыдні пісьма няма. Можа, дзе галаву злажыў,— маці заплакала.

— У Польшчы бацька,— сказаў Вася.— У артылерыі.

— А ты адкуль ведаеш?

— Ён так хітра запісаў: «За віслу шлём падарункі». Віслу з малой літары напісаў. Каб не выкраслілі. Бо ёсць радкі скрозь павыкрасленыя, нічога не разбярэш.

— Ты разбярэш! — сказаў Кузьма і палез у кабіну.

Кабет шафёр высадзіў на местачковым рынку, а маці параіў там не злазіць — яблыкаў хапала. Паехалі на станцыю. Там таксама стаялі драўляныя рады, на іх бітоны з малаком, кучкі салёных агуркоў, нейкія піражкі.

Яблыкі, каб доўга не стаяць, маці наважыла прадаць танна — два на рубель. Паспелі прадаць толькі адну невялікую кучку. На станцыі, якраз насупраць драўляных радоў, раптам спыніўся эшалон, і ў тую ж хвіліну з зялёных пасажырскіх вагонаў з завешанымі вокнамі пачалі выскокваць салдаты. Усе, хто вылазіў з вагонаў, былі параненыя. Хто нёс руку на марлевай перавязі, у каго забінтавана галава, у некаторых бінты праглядвалі з расхлістаных варатнікоў гімнасцёрак.

— Почём яблоки, мамаша? — спытаў малады чарнявы салдацік, у якога на галаве, паверх бінтоў, праступалі рудыя, крывавыя плямы.

Маці маўчала...

Між тым збіралася чарга. Падбягалі новыя параненыя.

— А ў вас жа і такія ёсць, што хадзіць не могуць? — раптам спытала маці.

— Есть, мамаша. Есть всякие — сидящие, лежащие и даже висящие...

Матчын твар прасвятлеў.

— То бярыце на здароўе. І тым, што ў вагоне, занясіце...

Салдаты ўсё зразумелі. Смех, жарты раптам спыніліся. Бралі па два-тры яблыкі і маўкліва адыходзілі...

Салдат было многа. Мяшок хутка апусцеў...

Ужо на станцыі трэці раз прагучаў званок, як з вагона выскачыў першы, чарнявы салдат з забінтаванай галавой.

— Ты в какой класс ходишь? — спытаў ён Васю.

— У пяты.

Вася сказаў амаль праўду. Да вайны ён скончыў толькі два класы, а цяпер пайшоў адразу ў чацвёрты. І хоць вучыўся мала, толькі два месяцы, настаўніца абяцала перавесці ў пяты клас...

— Так вот тебе наш подарок. Извини, брат, что бедный...

Салдат даў хлопцу ў рукі тоўсты, з цвёрдай вокладкай сшытак...

Вася зірнуў на маці: яе вочы неяк незвычайна свяціліся. Ён сам быў рады, што не прадавалі гэтых яблыкаў.

1970


1970

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 2. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1982. - с. 481-484
Крыніца: скан